100 – 40 тыс. гг. да н.э. - з’яўленне першых людзей на тэрыторыі Беларусі.
Канец 3 – пачатак 2 тыс. да н.э. – засяленне тэрыторыі Беларусі індаеўрапейцамі.
5 – 10 ст. н.э. – засяленне тэрыторыі Беларусі славянскімі плямёнамі.
862 г. – першая ўзгадка ў летапісе аб Полацку.
980 г. – першая ўзгадка ў летапісе аб Тураве.
Каля 988 г. – увядзенне хрысціянства ва Ўсходняй Еўропе.
992 г. – заснаванне Полацкай епархіі.
1003 – 1044 гг. – княжанне ў Полацку Брачыслава Ізяслававіча.
1021 г. – разрабаванне палачанамі Ноўгарада, бітва на р. Судамір, далучэнне да Полацкага княства Віцебска, Усвятаў і волакаў паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной.
1044 – 1101 гг. – княжанне ў Полацку Усяслава Брачыслававіча “Чарадзея”.
Сярэдзіна 11 ст. – пабудова ў Полацку Сафійскага сабору.
1066 г. – разрабаванне палачанамі Ноўгарада.
3 сакавіка 1067 г. – бітва на р. Няміга, першая ўзгадка аб Менску.
1101 г. – падзел тэрыторыі Полацкага княства на ўдзельныя княствы: Віцебскае, Менскае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Друцкае, Лукомскае. Пачатак перыяду феадальнай раздробленасці.
1127 г. – сумесны паход кааліцыі рускіх князёў супраць Полацкай зямлі.
1151 – 1161 гг. – полацка-менская міжусобная вайна.
1158 – 1162 гг. – пачатак самастойнасці Тураўскага княства.
1161 г. – зроблены крыж Лазарам Богшам па замове Еўфрасінні Полацкай.
1203 і 1206 гг. – паходы палачан на крыжацкія замкі Ікскуль і Гольм.
1223 г. – мір Полацка і Смаленска з крыжакамі, страта Полацкам сваіх уладанняў у Ніжнім Падзвінні, замацаванне свабоды гандлю па Зах. Дзвіне.
1239 – 1242 гг. – падчас паходаў мангола-татар на Кіеў і Польшчу спалены Гомель, Тураў, Мазыр, Пінск, Берасце.
Каля 1246 – 1263 гг. – княжанне Міндоўга у Новагародку, стварэнне ВКЛ.
1260 г. – разгром крыжакоў каля возера Дурбэ войскамі Міндоўга, палачан і жамойтаў.
1264 – 1267 гг. – княжанне Войшалак а у ВКЛ, далучэнне да ВКЛ дайновы, нальшанаў і гальшанаў.
1270–1282 гг. – княжанне ў ВКЛ Тройдзеня. Пазбаўленне ВКЛ ад васальнай залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства, далучэнне Гародні і Слоніма.
Каля 1293 – 1316 гг. – княжанне ў ВКЛ Віценя.
1307 г. – далучэнне Полацка да ВКЛ паводле дагавора (рада).
1316 – 1341 гг. – княжанне ў ВКЛ Гедыміна. Уключэнне ў склад ВКЛ Віцебскага, Менскага, Турава-Пінскага, Берасцейскага княстваў, Падляшша. Перанос сталіцы ВКЛ у Вільню (1323 г.).
1345 – 1377 гг. – княжанне ў ВКЛ Альгерда.
1358 – 1359 гг. – далучэнне да ВКЛ тэрыторый сярэдняга Падняпроўя, Мсціслаўскага і Бранскага княстваў.
1362 г. – бітва войскаў ВКЛ супраць Залатой арды пад Сінімі водамі, далучэнне да ВКЛ Кіеўскай, Чарнігаўскай землі, Падолля, Валыні.
1368, 1370, 1372 гг. – паходы войска ВКЛ на Маскву.
1377 – 1392 гг. – княжанне ў ВКЛ Ягайлы. Барацьба за ўладу паміж Ягайлам, Андрэем Полацкім, Кейстутам, Вітаўтам.
15 жніўня 1385 г. – Крэўская унія.
1387 г. – наданне магдэбурскага права Вільні.
1387 г. – хрышчэнне ў каталіцкую веру балцкага насельніцтва Літвы; прывілей Ягайлы каталіцкай шляхце.
1390 г. – наданне магдэбурскага права Берасцю.
1391 г. – наданне магдэбурскага права Гародні.
1392–1430 гг. – княжанне ў ВКЛ Вітаўта.
1399 г. – разгром войска ВКЛ войскамі Залатой Арды на р. Ворскла.
1409 – 1411 гг. – “Вялікая вайна” паміж ВКЛ і Польшчай і Ордэнам.
15 ліпеня 1410 г. – Грунвальдская бітва.
1413 г. – Гарадзельская унія, устанаўленне манаполіі католікаў на займанне вышэйшых дзяржаўных пасад у ВКЛ.
1424 – 1427 гг. – далучэнне Таўрыды да ВКЛ, прызнанне васальнай залежнасці ад ВКЛ Маскоўскага, Разанскага, Пераяслаўскага княстваў.
1430 – 1432 гг. – княжанне ў ВКЛ Свідрыгайлы.
1432 – 1340 гг. – княжанне ў ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча.
1432 – 1439 гг. – грамадзянская вайна ў ВКЛ.
1440–1492 гг. – княжанне Казіміра Ягайлавіча.
1447 г. – выданне “прывілея Казіміра”.
1492–1506 гг. – княжанне ў ВКЛ Аляксандра Казіміравіча.
1492–1494 гг. і 1500–1503 гг. – паражэнні ВКЛ у войнах з Маскоўскай дзяржавай, страта Чарнігаўскай, Ноўгарад-Северскай, Бранскай і Гомельскай землі на карысць Масковіі.
1498 г. – наданне магдэбурскага права Полацку.
1499 г. – наданне магдэбурскага права Менску.
1506 г. – перамога войска ВКЛ над татарамі пад Клецкам.
1506–1548 гг. – княжанне ў ВКЛ Жыгімонта Старога.
1507–1508, 1512–1522, 1534–1537 гг. – войны ВКЛ з Масковіяй, страта Смаленска, Себежа, вяртанне Гомеля.
8 верасня 1514 г. – перамога ВКЛ над маскоўскім войскам пад Оршай.
1517 г. – выданне ў Празе Ф. Скарынам першай кнігі на старабеларускай мове.
1522 г. – выданне Ф. Скарынам першых кніг на тэрыторыі ВКЛ у ўласнай друкарні ў Вільні.
1523 г. – выданне М. Гусоўскім паэмы “Песня пра зубра”.
1529 г. – выдадзены І статут ВКЛ.
1548–1572 гг. – княжанне ў ВКЛ і Польшчы Жыгімонта Аўгуста.
1553 г. – выданне пратэстанцкай Бібліі ў Берасці на грошы М. Радзівіла Чорнага.
1557 г. – “Валочная памера” ў ВКЛ.
1558 – 1582 гг. – Інфлянцкая і Полацкая вайна ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай.
1563 г. – Віленскі прывілей: ураўнаванне ў палітычных правах шляхты ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў.
1564 г. – Бельскі прывілей:стварэнне выбарных шляхецкіх земскіх судоў, абвяшчэнне роўнасці ўсёй шляхты перад законам.
1566 г. – зацверджаны ІІ статут ВКЛ.
1 ліпеня 1569 г. – Люблінская унія. Стварэнне Рэчы Паспалітай.
1573 г. – выданне “Генрыкавых артыкулаў”, абмежаванне ўлады караля.
1576–1586 гг. – караляванне ў Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя.
1579 г. – заснаванне Віленскай езуіцкай акадэміі.
1581 г. – заснаванне Полацкага езуіцкага калегума.
1588 г. – зацверджаны ІІІ статут ВКЛ.
1588–1532 гг. – караляванне ў Рэчы Паспалітай Жыгімонта Вазы.
1594-1596 гг. – казацкае паўстанне С. Налівайкі 1594-1596 г.
1596 г. – Берасцейская царкоўная унія.
1600 – 1611 гг. і 1617 – 1629 гг. – войны Рэчы Паспалітай са Швецыяй, страта ВКЛ Рыгі.
1605 г. – перамога войска ВКЛ над шведскім войскам пад Кірхольмам
1606 – 1609 гг. – рокаш М. Зэбджыдоўскага – Я. Радзівіла.
1609-1618 гг. – вайна з Маскоўскай дзяржавай; вяртанне Смаленска, Чарнігава, Ноўгарад-Северскай зямлі Рэчы Паспалітай.
1621 г. – Хоцімская вайна з Турцыяй.
1623 г. – забойства праваслаўнымі ў Віцебску полацкага ўніяцкага арцыбіскупа Іасафата Кунцэвіча.
1632 – 1648 гг. – кіраванне ў ВКЛ і Польшчы Ўладыслава Вазы.
1632 г. – аднаўленне правоў праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай.
1648 – 1668 гг. – кіраванне Яна Казіміра Вазы ў ВКЛ і Польшчы.
1648 – 1651 гг. – казацка-сялянская вайна на тэрыторыі Беларусі.
1654-1667 гг. – войны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, Швецыяй, Трансільваніяй.
1655 г. –Кейданская унія паміж ВКЛ і Швецыяй.
1660-1661 гг. – перамогі войска ВКЛ і Польшчы над маскоўскімі войскамі каля р. Палонкай, р. Басяй, пад Кушлікамі.
1669-1673 гг. – кіраванне ў РП Міхаіла Карыбута Вішнявецкага.
1674 – 1696 гг. – кіраванне ў РП Яна Сабескага.
1686 г. –“Вечны мір” паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Замацаванне ў складзе Масковіі Смаленскай зямлі.
1697 – 1733 гг. – кіраванне ў РП Аўгуста ІІ Моцнага.
1697-1704 гг. – грамадзянская вайна ў ВКЛ паміж “сапежынцамі” і “рэспубліканцамі”.
1700 – 1721 гг. – Паўночная вайна.
1705-1708 гг. – вайна паміж шведскімі і расійскімі войскамі на тэрыторыі ВКЛ.
1710 г. – выхад РП з Паўночнай вайны, вывад расійскіх войскаў.
1717 г. – рашэннямі “нямога” сойму абмяжоўвалася ўлада вышэйшых дзяржаўных асоб, пацверджана права лібэрум вета; скарочана войска ВКЛ (да 6 тыс. чал.) і Польшчы (да 18 тыс. чал.).
1720- гг. – з’яўленне першых мануфактур у ВКЛ.
1733 – 1763 гг. – кіраванне ў РП Аўгуста ІІІ Саса.
1764 – 1795 гг. – кіраванне ў РП Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
1764-1766 гг. – спроба дзяржаўных рэформ у РП.
1767 – 1768 гг. – стварэнне Радамскай, Торунскай і Слуцкай канфедэрацый.
1768-1772 гг. – вайна Барскіх канфедэратаў з расійскімі войскамі ў ВКЛ.
5 жніўня 1772 г. – І падзел Рэчы Паспалітай.
1773 – 1775 і 1788-1792 гг. – працяг рэформаў на вальных соймах РП.
1773 г. – стварэнне Адукацыйнай камісіі.
1783 г. – пераўтварэнне Віленскай езуіцкай акадэміі ў Галоўную школу ВКЛ.
3 мая 1791 г. – абвяшчэнне Канстытуцыі Рэчы Паспалітай.
1793 г. – ІІ падзел Рэчы Паспалітай і адмена канстытуцыі 3 мая 1791 г.
1794 г. – нацыянальна-вызваленчае паўстанне на чале з Т. Касцюшкам.
1794 г. – увядзенне яўрэйскай мяжы аселасці, забарона яўрэям займацца земляробствам і высяленне іх у гарады.
25 лістапада 1795 г. – ІІІ падзел і ліквідацыя Рэчы Паспалітай.
1812 г. – вайна паміж Расіяй і Францыяй на тэрыторыі Беларусі.
1812 г. – заснаванне Полацкай езуіцкай акадэміі на базе калегіума.
1817-1823 гг. – дзейнасць тайных таварыстваў філаматаў, філарэтаў, прамяністых і іх філіялаў у Вільні, Полацку, Менску, Свіслачы.
1820 г. – закрыццё Полацкай езуіцкай акадэміі. Забарона моладзі вучыцца за межамі Расійскай імперыі.
1820-я гг. – заснаванне першых фабрык у Беларусі.
Снежань 1825 г. – спроба дзекабрыстаў узняць антыцарскае паўстанне ў Бабруйскай крэпасці.
1830-1831 г. – шляхецкае паўстанне ў Беларусі.
1832 г. – закрыццё Віленскага ўніверсітэта.
1837-1841 гг. – рэформа П. Кісялёва ў дзяржаўнай вёсцы.
1839 г. – Полацкі царкоўны сабор, скасаванне уніі і далучэнне грэка-каталіцкай царквы да Рускай праваслаўнай царквы.
1840 г. – скасаванне дзеяння Статута 1588 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі, забарона ужывання назваў “Беларусь” і “Літва”.
1840 г. – стварэнне Горы-Горацкай земляробчай школы, з 1848 г. інстытута (дзейнічаў да 1864 г.).
1858 г. – стварэнне губернскіх камітэтаў і пачатак падрыхтоўкі да адмены прыгоннага права.
19 лютага 1861 г. – аграрная рэформа – адмена прыгоннага права.
1863 – 1864 гг. – нацыянальна-рэвалюцыйнае паўстанне ў Беларусі пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.
1863 – 1864 гг. – адмена часоваабавязанага становішча і змяншэнне выкупных плацяжоў на тэрыторыі Беларусі на 20%.
1864 г. – адукацыйная рэформа; стварэнне агульнасаслоўнай адукайнай сістэмы.
1864 г. – (у Беларусі 1872 – 1882 гг.) – судовая рэформа; стварэнне агульнасаслоўных судоў.
1870 г. – (у Беларусі 1875 г.) – гарадская рэформа; увядзенне сістэмы гарадскога самакіравання.
1874 г. – ваенная рэформа; увядзенне ўсеагульнай вайсковай павіннасці ў залежнасці ад ступені адукацыі замест рэкрутчыны.
Другая палова 1870-х – пачатак 1880-х гг. – фарміраванне народніцкага руху. Раскол “Зямлі і волі” на “Народную волю” і “Чорны перадзел”.
1881 г. – забойства Аляксандра ІІ народавольцам І. Грынявіцкім.
1884 г. – стварэнне ў Пецярбурзе Беларускай сацыял-рэвалюцыйнай групы “Гоман”.
1886 г. – заснаванне першай легальнай незалежнай газеты ў Беларусі “Минский листок”.
1887 – 1892 гг. – контррэформы Аляксандра ІІІ.
1897 г. – стварэнне Бунда.
1898 г. – запуск першага трамвая ў Віцебску.
1898 г. – першы з’езд РСДРП у Мінску.
1902 г. – стварэнне Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэры).
1903 г. – заснаванне Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ).
1905 – 1907 гг. – першая рэвалюцыя ў Расіі.
17 кастрычніка 1905 г. – Маніфест цара Мікалая ІІ аб увядзенні грамадзянскіх правоў у Расіі і заканадаўчай Думы.
1 верасня 1906 – люты 1907 гг. – дзейнасць першай легальнай беларускамоўнай газеты “Наша доля”.
Лістапад 1906 – жнівень 1915 гг. – выданне беларускамоўнай газеты “Наша ніва”.
Лістапад 1906 г. – пачатак сталыпінскай аграрнай рэформы.
1911 г. – земская рэформа.
1 жніўня 1914 г. – пачатак Першай сусветнай вайны.
Верасень-кастрычнік 1915 г. – Свянцянскі прарыў германскага войска і стабілізацыя фронта па лініі Браслаў-Паставы-Карэлічы-Баранавічы-Пінск.
23 лютага – 2 сакавіка 1917 г. – Лютаўская рэвалюцыя ў Расіі, звяржэнне самаўладдзя, стварэнне Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў і Часовага ўраду.
25-26 кастрычніка 1917 г. – Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Петраградзе.
2 лістапада 1917 г. – усталяванне Савецкай улады ў Мінску.
14-18 снежня 1917 г. – правядзенне І Усебеларускага з’езду. Стварэнне Рады Ўсебеларускага з’езду.
21 лютага 1918 г. – І устаўная грамата БНР. Абвяшчэнне Рады Ўсебеларускага з’езду і Народнага сакратарыяту вышэйшай уладай у Беларусі.
3 сакавіка 1918 г. – Брэсцкі мір; падзел тэрыторыі Беларусі паміж РСФСР і Германіяй.
9 сакавіка 1918 г. – ІІ устаўная грамата БНР. Абвяшчэнне суверэнітэта беларускай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.
25 сакавіка 1918 г. – ІІІ устаўная грамата БНР. Абвяшчэнне незалежнасці БНР.
Лістапад 1918 – люты 1919 гг. – дэнансацыя РСФСР Брэсцкага міру; вывад германскіх войскаў і заняцце тэрыторыі Беларусі Чырвонай арміяй.
1 студзеня 1919 г. – першае абвяшчэнне БССР.
16 студзеня 1919 г. – рашэнне ЦК РКП(б) аб перадачы РСФСР Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губерняў. Урадавы крызіс у БССР.
1919 – 1921 гг. – правядзенне палітыкі “ваеннага камунізму”.
Люты 1919 – ліпень 1920 гг. – Літоўска-Беларуская ССР.
Люты 1919 – кастрычнік 1920 гг. – савецка-польская вайна.
31 ліпеня 1920 г. – ІІ абвяшчэнне БССР.
Лістапад 1920 г. – рэйд атрадаў С.Булак-Балаховіча на Палессі.
27 лістапада - 28 снежня 1920 гг. – Слуцкае ўзброенае паўстанне.
1921 – 1924 гг. – устанаўленне аднапартыйнай сістэмы ў БССР.
18 сакавіка 1921 г. – падпісанне Рыжскага міру паміж РСФСР і Польшчай.
1921 г. – адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску.
1921 г. – прыняцце першай Канстытуцыі Польскай Рэспублікі.
1922 г. – адкрыццё Інбелкульта (1929 – Акадэмія навук БССР) ў Мінску.
1922 – 1926 гг.– дзейнасць Беларускага пасольскага клубу ў польскім парламенце.
1921 – 1927 гг. – правядзенне новай эканамічнай палітыкі ў БССР.
30 снежня 1922 г. – удзел дэлегацыі БССР у стварэнні СССР.
Сакавік 1924 г. – першае ўзбуйненне БССР; далучэнне 15 паветаў Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў.
Ліпень 1924 г. – абвяшчэнне палітыкі беларусізацыі ў БССР.
Май 1926 г. – устанаўленне “санацыйнага” рэжыму ў Польшчы.
Снежань 1926 г. – другое ўзбуйненне БССР; далучэнне Гомельскага і Рэчыцкага паветаў.
Студзень 1927 г. – разгром польскімі ўладамі БСРГ.
1928 – 1932 гг. – І пяцігодка; пачатак індустрыялізацыі ў БССР. Стварэнне планавай эканомікі.
Зіма 1929-1930 гг. – пачатак масавай калектывізацыі ў БССР.
1930-я гг. – фарміраванне таталітарнага рэжыму ў СССР.
1930 г. – справа “Саюзу вызвалення Беларусі”; пачатак масавых рэпрэсій ў БССР.
1937-1938 гг. – пік масавых рэпрэсій у БССР.
23 жніўня 1939 г. – “пакт Молатава-Рыбентропа”.
1 верасня 1939 г. – пачатак Другой сусветнай вайны.
17 верасня 1939 г. – уваход савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Белаарусі.
28-30 кастрычніка 1939 г. – Народны сход Заходняй Беларусі ў Беластоку. Абвяшчэнне аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР.
10 кастрычніка 1940 г. – перадача Вільні Літве.
1940-1941 гг. – масавыя дэпартацыі насельніцтва (“варожых элементаў”) з Заходняй Беларусі.
22 чэрвеня 1941 г. – пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
28 чэрвеня 1941 г. – захоп нямецка-фашысцкімі войскамі Мінска.
3-27 ліпеня 1941 г. – абарона Чырвонай арміяй Магілёва.
Канец жніўня 1941 г. – усталяванне нямецкай акупацыі над усёй тэрыторыяй БССР.
Май 1942 г. – пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкам.
Верасень 1942 г. – створаны Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР), які ўзначаліў другі сакратар ЦК КП(б)Б П. Калінін.
Жнівень-верасень 1943 г. – І этап “Рэйкавай вайны”.
Другая палова верасня – кастрычнік 1943 г. – ІІ этап “Рэйкавай вайны” (“Канцэрт”).
Верасень 1943 г. – вызваленне савецкімі войскамі Камарына і Крычава.
Лістапад 1943 г. – вызваленне савецкімі войскамі Гомеля і Рэчыцы.
Снежань 1943 г. – стварэнне Беларускай цэнтральнай рады (БЦР).
Чэрвень-ліпень 1944 г. – ІІІ этап “Рэйкавай вайны”
23 чэрвеня –1944 г. – пачатак аперацыі “Баграціён” і вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
3 ліпеня 1944 г. – вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
28 ліпеня 1944 г. – вызваленне Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; завяршэнне аперацыі “Баграціён”.
8-9 мая 1945 г. – капітуляцыя нацысцкай Германіі; канец Вялікай Айчыннай вайны.
1945 – 1950 гг. – пятая пяцігодка ўзнаўлення эканомікі БССР. Знішчэнне антысавецкага падполля ў БССР.
1949 – 1952 гг. –калектывізацыя ў Заходняй Беларусі.
Люты 1956 г. – ХХ з’езд КПСС; асуджэнне сталінізму, пачатак “адлігі” ў грамадскім жыцці СССР.
1956 – 1965 гг. – беларусК. Мазураў быў першым сакратаром ЦК КПБ.
1956 г. – адкрыццё тэлевізійнага цэнтру ў Мінску.
1962 г. – адміністрацыйная рэформа ў БССР, стварэнне 6 сучасных абласцей.
1963 г. – “год вялікай хіміі”; запуск вытворчасцяў хімічных прадпрыемстваў: Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод, “Беларуськалій” у Салігорску, азотна-тукавы завод “Азот” у Гродне.
1965 – 1980 гг. – кіраўніцтва ў ЦК КПБ П. Машэрава.
1965 г. – “касыгінская” эканамічная рэформа.
1969 г. – замацаванне правоў калгаснікаў на гарантаваную аплату працы і пенсіі па старасці.
1972 г. – пісьмо І.Мележа ў ЦК КПБ. Стварэнне выдавецтва “Мастацкая літаратура” для выдання кніг на беларускай мове.
1974 г. – разгром на XXVI з’ездзе КПСС “нацыяналістаў”? у т.л. у БССР.
1978 г. – чацвёртая Канстытуцыя БССР.
1985-1991 гг. – перабудова ў СССР.
26 красавіка 1986 г. – аварыя на Чарнобыльскай АЭС.
1988 г. – абвяшчэнне палітыкі галоснасці ў СССР.
Чэрвень 1989 г. – стварэнне Беларускага народнага фронту; пачатак фарміравання шматпартыйнай сістэмы ў Беларусі.
Сакавік – красавік 1990 г. – першыя альтэрнатыўныя выбары ў Вярхоўны Савет БССР.
27 ліпеня 1990 г. – прыняцце Вярхоўным саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.
25 жніўня 1991 г. – наданне статуса закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.
19 верасня 1991 г. – перайменаванне БССР у Рэспубліку Беларусь.
8 снежня 1991 г. – стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
25 снежня 1991 г. – спыненне існавання СССР.
15 сакавіка 1994 г. – прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
10 ліпеня 1994 г. – абранне першым прэзідэнтам Беларусі А. Лукашэнкі.
14 мая 1995 г. – выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі ХІІІ склікання і першы рэферэндум. Змена дзяржаўнай сімволікі, увядзенне рускай мовы у якасці другой дзяржаўнай, дазвол прэзідэнту на роспуск парламента.
24 лістапада 1996 г. – другі рэспубліканскі рэферэндум; пераход палітычнай сістэмы Беларусі да прэзідэнцкай рэспублікі.
2 красавіка 1997 г. – дагавор аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі.
9 верасня 2001 г. – пераабранне А. Лукашэнкі на другі прэзідэнцкі тэрмін.
17 кастрычніка 2004 г. – трэці рэспубліканскі рэферэндум; зняцце абмежаванняў па колькасці абранняў для аднаго чалавека на пасаду прэзідэнта.
19 сакавіка 2006 г. – пераабранне А. Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін.
19 снежня 2010 г. – пераабранне А. Лукашэнкі на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін.
ТЭРМІНАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК
Аблвыканкамзах (Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту) – вышэйшы орган Савецкай улады на тэрыторыі Заходняга фронту і Заходняй вобласці (Мінская, частка Віленскай, Магілёўкая, Віцебская, з красавіка 1918 г. Смаленская губерні); дзейнічаў з 26 лістапада 1917 г. да 2 студзеня 1919 г.
Адраджэнне (Рэнесанс) – агульнаеўрапейскі культурны рух 14-16 стст., фармальна накіраваны на ўзнаўленне антычнай культурнай спадчыны, у межах яго сцвярджаліся прынцыпы гуманізму, годнасці чалавечай асобы.
Адукацыйная камісія – дзяржаўная ўстанова па кіраванні і арганізацыі сістэмы адукацыі ў Рэчы Паспалітай у 1773 – 1795 гг.
Акруговыя суды – усесаслоўныя органы судовай улады ў губернях Расійскай імперыі, створаныя паводле судовай рэформы 1864 г. (у беларускіх губернях у 1882 г.).
Акцыянерныя кампаніі – фінансава-прамысловыя групы, у межах якіх аб’ядноўваліся капіталы некалькіх асобных уласнікаў.
Анімізм – вера ў існаванне душы, духаў у прыродзе і чалавеку.
Антыклерыкалізм – ідэйная плынь, накіраваная супраць прывілеяванага статусу царквы і традыцыйнага рэлігійнага светапогляду.
Антытрынітарызм – рэлігіны накірунак у хрысціянстве, прадстаўнікі якога адмаўляюць дагмат аб Тройцы (адзінстве Бога ў трох асобах) і сцвярджаюць наяўнасць адной асобы Бога і чалавечую прыроду Ісуса Хрыста; быў распаўсюджаны ў ВКЛ у другой палове 16 – першай палове 17 стст.
Асадніцтва – сістэма перадачы надзелаў зямлі былым польскім вайскоўцам у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне ў 1920-1930-я гг. бясплатна, альбо з дапамогай невялікіх ільготных крэдытаў з мэтай умацавання сацыяльнай базы дзяржаўнай ўлады і правядзення паланізацыі на гэтых тэрыторыях.
Асветніцтва – агульнаеўрапейскі грамадскі і культурны рух 18 ст., накіраваны на перабудову ўсіх сфер сацыяльнага жыцця на аснове прынцыпаў розуму і навукі.
Аўтарытарызм – тып палітычнага рэжыму, заснаваны на поўным кантролі дзяржавы ў палітычнай сферы жыцця грамадства пры захаванні адноснай свабоды ў сацыяльнай, эканамічнай і духоўнай сферах.
Базыльяне – прадстаўнікі ўніяцкага манаскага ордэна (1617-1839 гг.).
Барока – стыль у еўрапейскай мастацкай культуры ў канцы 16 – першай палове 18 стст., для якога характэрныя дынамічнасць і пышнасць твораў, эмацыйнае і інтэлектуальнае напружанне кампазіцый.
Батлейка – лялечны тэатр у народнай беларускай культуры.
Баяры – ваеннаслужылыя людзі ў раннефеадальных княствах і ВКЛ ў 13 – 16 стст. (з сярэдзіны 16 ст. часткова ўліліся ў саслоўе шляхты).
Беларусізацыя – афіцыйная палітыка ў БССР у 1924–1929 гг., якая прадугледжвала перавод дзяржаўнага справаводства, грамадскіх і адукацыйных устаноў на беларускую мову, вылучэнне на кіруючыя пасады ў дзяржаўных і мясцовых органах улады мясцовых ураджэнцаў, падтрымку развіцця беларускай культуры і г.д.
Брацкія школы – навучальныя ўстановы сярэдняга тыпу, якія дзейнічалі пры праваслаўных і уніяцкіх брацтвах Рэчы Паспалітай у канцы 16 – 18 стст.
Бронзавы век – перыяд у гісторыі чалавецтва, які характарызуецца выкарыстаннем бронзы ў якасці асноўнага матэрыялу для вырабу прылад працы; у гісторыі Беларусі ахоплівае перыяд 2 – пачатку 1 тыс. да н.э.
Буржуазія – грамадскі клас уласнікаў капітала, які атрымлівае даходы ў выніку прамысловай, гандлёвай, крэдытна-фінансавай і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Бурмістр – вышэйшая адміністрацыйная пасада ў радзе гарадоў з магдэбургскім правам.
“Ваенная дэмакратыя” – форма палітычнай арганізацыі грамадства ва ўмовах разлажэння першабытнаабшчыннага ладу і фарміравання дзяржаўнасці; сутнасць яе праяўляецца ва ўзмацненні ўлады ваенных племянных правадыроў, якія выбіраюцца і кантралююцца ў сваёй дзейнасці свабоднымі воінамі – супляменнікамі.
“Ваенны камунізм” – назва ўнутранай палітыкі Савецкай дзяржавы ў 1918–1921 гг., накіраванай на мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў з дапамогай жорсткіх адміністрацыйных метадаў дзеля патрэб забеспячэння войска ва ўмовах войнаў, якія праводзіла Савецкая дзяржава ў гэты перыяд.
Валока – надзел зямлі памерам 21,3 га.
Валочная памера – аграрная рэформа ў дзяржаўных уладаннях ВКЛ у 1557 г., сутнасць якой палягала ў падзеле ўсёй зямельнай уласнасці на фіксаваныя адзінкі плошчы (валокі) і вызначэнні дакладнай колькасці павіннасцяў з боку сялян за карыстанне зямельнымі надзеламі.
Ваяводства – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў ВКЛ у 15 – 18 стст.
Ваявода – кіраўнік адміністрацыйных, гаспадарчых, ваенных і часткі судовых органаў на тэрыторыі ваяводства ў ВКЛ.
Веча – агульны сход усіх свабодных дарослых мужчын княства ў Сярэднявеччы. Яго функцыямі з’яўляліся запрашэнне на трон і выгнанне князёў, заключэнне міжнародных дагавораў, абвяшчэнне вайны і заключэнне міру, ажыццяўленне вышэйшага суду.
Водруб – зямельны надзел, які выдзяляўся адным кавалкам з абшчыннай зямлі ў індывідуальную сялянскую ўласнасць, без пераносу сядзібы, паводле сталыпінскай аграрнай рэформы ў пачатку 20 ст.
Войт – кіраўнік гарадской адміністрацыі і суда ў гарадах з магдэбургскім правам у ВКЛ.
Воласць – 1) адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў раннефеадальных княствах і ВКЛ, на якой пражывала насельніцтва, што выплочвала даніну; 2) дробная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расійскай імперыі.
Вотчына – феадальнае ўладанне з правам поўнага распараджэння і перадачы па спадчыне.
Выкупныя плацяжы – дзяржаўныя плацяжы, якія выплочвала сялянства Расійскай імперыі ў 1861 – 1906 гг. у якасці пагашэння грашовай сумы, выдаткаванай царскім урадам на выкуп сялянскіх надзелаў, падчас аграрнай рэформы 1861 г.
Вялікі князь – кіраўнік дзяржавы ў ВКЛ, у кампетэнцыю якога ўваходзілі абарона дзяржавы, кіраванне ўнутранай і знешняй палітыкай і адміністрацыйным апаратам дзяржавы, замацаванне заканадаўчых актаў.
Вярхоўны Савет – вышэйшы орган заканадаўчай улады ў БССР і Рэспубліцы Беларусь у 1938 – 1996 гг.
Галоснасць – палітыка, абвешчаная ў СССР падчас перабудовы ў 1988 г., якая азначала працэс дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця.
Галоўны соймік ВКЛ (генеральны з’езд) – з’езд абраных на сойм Рэчы Паспалітай паслоў ад ВКЛ напярэдадні агульнадзяржаўнага вальнага сойму.
Гарадзішчы – умацаваныя паселішчы ў жалезным веку; рэзідэнцыі племянных правадыроў.
Гарадская дума – органі гарадскога самакіравання ў Расійскай імперыі.
Генерал-губернатарства – ваенна-палітычная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расійскай імперыі, якая ўключала ў сябе тэрыторыі некалькіх губерняў.
Генеральная акруга – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на тэрыторыях СССР, акупіраваных нацысцкай Германіяй у 1941-1944 гг.
“ Генрыкавы артыкулы ” 1573 г. – акт, які ўтрымліваў палажэнні, якія абмяжоўвалі каралеўскую ўладу ў Рэчы Паспалітай; пацвярджаўся каралямі напярэдадні каранацыі.
Гетман найвышэйшы – кіраўнік узброенымі сіламі ВКЛ.
Гільдыі (брацтвы) – аб’яднанні купцоў у Сярэднявеччы і раннім Новым часе.
Гістарызм – метадалагічны прынцып, які прадугледжвае разгляд грамадства як складанай дынамічнай сістэмы, што знаходзіцца ў працэсе пастаяннага змянення і развіцця.
Гісторыя – навука аб заканамернасцях функцыянавання грамадстваў на розных этапах іх развіцця.
Глабалізацыя – працэс фарміравання адзінай глабальнай сусветнай эканамічнай, палітычнай, інфармацыйнай, культурнай прасторы ў апошняй трэці 20 – пачатку 21 стст.
Готыка – мастацкі стыль у еўрапейскіх краінах у 12 – 16 стст., заснаваны на рэлігійна-філасофскіх ідэях Сярэднявечча. Характарызавалася кананічнасцю і ўзнёслымі, спічастымі формамі ў архітэктуры, дэкоры, мастацтве.
Грамада (абшчына) – устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі сялянства ў традыцыйным грамадстве, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльнага жыцця.
Грамадска-эканамічная фармацыя – устойлівы тып грамадства, у аснове якога знаходзіцца пэўны спосаб вытворчасці з уласцівымі яму прадукцыйнымі сіламі і вытворчымі адносінамі.
Грамадскія камітэты парадку – часовыя органы мясцовай выканаўчай улады, падначаленыя Часоваму ўраду пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.
Гродскі (замкавы) суд – павятовы суд у ВКЛ, падначалены мясцовай адміністрацыі, у якім разглядаліся найбольш важныя крымінальныя і грамадзянскія справы.
Губерня – адзінка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў Расійскай імперыі.
ГУЛАГ (Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення) – падраздзяленне сістэмы карных органаў СССР у 1934–1960 гг., якое ажыццяўляла кіраўніцтва ўсімі папраўча-працоўнымі лагерамі ў СССР; важнейшы інструмент сталінскіх рэпрэсій.
Даніна – натуральны падатак з залежнага насельніцтва ў эпоху Сярэднявечча.
Дваранскія сходы – органы саслоўнага самакіравання дваранства Расійскай імперыі ў 1785–1917 гг.
Дваяверства – культурна-рэлігійны феномен, які заключаецца ў паралельным суіснаванні элементаў хрысціянскіх і язычніцкіх вераванняў у традыцыйнай культуры еўрапейскіх народаў.
Дзекабрысты – рух ліберальнага дваранства ў Расійскай імперыі ў канцы 1810 – першай палове 1820-х гг., накіраваны на ліквідацыю самадзяржаўя і правядзенне ў грамадстве рэформ; разгромлены пасля няўдалага паўстання ў Пецярбургу 14 снежня 1825 г.
Дзяржаўная дума – вышэйшы заканадаўчы орган улады ў Расійскай імперыі ў 1906 – 1917 гг.
Дружына – пастаянныя прафесійныя ўзброеныя сілы пры князях у Сярэднявеччы; яе прадстаўнікі з’яўляліся дарадцамі князя ў ажыццяўленні адміністрацыйнага кіравання, суда, зборы даніны.
Дым – асобная сялянская гаспадарка,адзінка падаткаабкладання ў ВКЛ.
Дысідэнты – назва для прадстаўнікоў некаталіцкіх хрысціянскіх вызнанняў у Рэчы Паспалітай у 17 – 18 стст.
Дыярыюш – тып літаратурнага твору ў ВКЛ у 16 – 18 стст., які ўяўляе з сябе збор успамінаў непасрэдных відавочцаў аб пэўных падзеях.
Дэпартацыя – прымусовае высяленне насельніцтва з месцаў пражывання.
Езуіты – дзеячы каталіцкага манаскага ордэна, створанага ў 1534 г., які адыграў галоўную ролю ў барацьбе супраць Рэфармацыі ў межах контррэфармацыйнага руху, а таксама ва ўмацаванні сацыяльна-палітычных пазіцый папства ў другой палове 16 – першай палове 18 стст.
Жалезны век – перыяд у гісторыі чалавецтва, які характарызуецца выкарыстаннем жалеза ў якасці асноўнага матэрыялу для вырабу прылад працы; у гісторыі Беларусі ахоплівае перыяд 8 – 7 стст. да н.э. – 8 ст. н.э.
Жамойць – гістарычная балцкая вобласць на паўночным захадзе сучаснай Літвы; уяўляла з сябе асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку ў складзе ВКЛ.
Закупы – феадальна залежныя сяляне, якія выконвалі павіннасці на карысць землеўладальніка на пэўны час за пазыку (“купу”) прадуктамі або грашыма да моманту разліку.
Запарожская Сеч – ваенна-палітычная арганізацыя ўкраінскага казацтва ў 16 – 18 стст.
Заходнерусізм – гісторыка-ідэалагічны накірунак у грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі ў другой палове 19 – пачатку 20 стст., асновай якога з’яўляецца пастулат аб тым, што Беларусь з’яўляецца часткай Расіі, а беларусы – галіной рускага народу.
Земскі начальнік – асобы чыноўнік у Расійскай імперыі ў 1889 – 1917 гг., які спалучаў на пэўнай тэрыторыі адміністрацыйную ўладу ў дачыненні сялян і абмежаваную судовую ўладу ў дачыненні ўсяго насельніцтва.
Земскі павятовы суд – выбарны шляхецкі суд у ВКЛ у 16 – 18 стст., які разглядаў большасць крымінальных і грамадзянскіх спраў шляхты.
Земствы – выбарныя органы мясцовага самакіравання ў Расійскай імперыі ў 1864 – 1918 гг. (у Віцебскай, мінскай і Магілёўскай губернях у 1911 – 1918 гг.).
Інвентары – апісанні феадальных уладанняў у ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў 16 – першай палове 19 стст.
Індустрыялізацыя – працэс сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, у выніку якога прамысловая вытворчасць пераўтвараецца ў вядучую галіну эканомікі.
Індустрыяльнае грамадства – тып грамадства, ва ўмовах якога важнейшай галіной эканомікі з’яўляецца прамысловасць; яго характэрныя рысы: разгалінаваны падзел працы, развіццё сродкаў масавай камунікацыі, высокі ўзровень ўрбанізацыі.
Інфлянты (Лівонія) – гістарычная назва зямель сучасных Латвіі і Эстоніі.
Казакі – ваенізаваная сацыяльная супольнасць, якая склалася ў 15–18 стст. у стэпавай зоне паміж татарскімі ханствамі Прычарнамор’я і Прыкаспія і ўладаннямі ВКЛ, Польскага каралеўства і Маскоўскай дзяржавы.
Калабарацыя – супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі.
Калегіумы – навучальныя ўстановы сярэдняга тыпу ў ВКЛ у 16–18 стст.; найбольшая колькасць калегіумаў належала езуітам.
Калектывізацыя – працэс прымусовага аб’яднання дробных аднаасобных сялянскіх гаспадарак у дзяржаўныя калектыўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (калгасы) у СССР у 1930-1950-я гг.
Камандна-адміністрацыйная сістэма – від эканамічнай сістэмы і спосаб арганізацыі грамадскіх адносін для якога характэрныя жорсткі цэнтралізм гаспадарчага жыцця на базе манапольнай дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, наяўнасць шматлікага бюракратычнага апарату, выкарыстанне прымусовых форм працы.
Камасацыя – ліквідацыя цераспалосіцы сялянскіх зямель, што суправаджалася, як правіла, перасяленнем сялянскіх двароў на хутары ў Польскай рэспубліцы ў 1920 – 1930-я гг.
Канвакацыйны сойм – від сойма ў Рэчы Паспалітай у 16 – 18 стст., які склікаўся падчас бескаралеўя; на ім падводзіліся вынікі папярэдняга праўлення і прызначалася дата выбараў (элекцыі) новага караля.
Кансерватызм – сацыяльна-палітычная ідэалогія, якая сцвярджае прыярытэт у грамадстве традыцыйных каштоўнасцяў, сацыяльных, палітычных або рэлігійных устояў; адмоўна ацэньвае хуткія змены і новаўвядзенні ў грамадстве.
Канстытуцыя (ухвала) – рашэнне, зацверджанае вальным соймам Рэчы Паспалітай, якое мела заканадаўчую сілу.
Канфедэрацыя – часовы палітычны саюз шляхты ў Рэчы Паспалітай, арганізаваны для дасягнення пэўнай мэты.
Канцлер – кіраўнік канцылярыі ВКЛ – ведамства, якое ажыццяўляла дзяржаўнае справаводства, захавальнік дзяржаўнай пячаткі ВКЛ.
Капіталізм – эканамічная сістэма, якая заснавана на таварна-грашовых рыначных адносінах і кантралюецца капіталам, г.зн. сукупнасцю тавараў, маёмасці, актываў, што выкарыстоўваюцца для атрымання прыбытку.
“Карэнізацыя” – элемент палітыкі беларусізацыі ў БССР у 1924–1929 гг., сутнасць якога палягала ў вылучэнні на кіруючыя пасады ў дзяржаўных і мясцовых органах улады мясцовых жыхароў.
Касінеры – сяляне ў паўстанцкіх атрадах падчас паўстанняў 1794, 1830 – 1831 і 1863 – 1864 гг., узброеныя пераважна сякерамі і перакаванымі косамі.
Кашталян – камандуючы ўзброенымі сіламі ваяводскага замка і апалчэння ваеннаабавязаных пэўнага ваяводства ў ВКЛ.
Кіеўская Русь – прынятая ў гістарычнай навуцы назва дзяржавы, якая ўтварылася ва Ўсходняй Еўропе ў 10 – 12 стст. пад кіраўніцтвам кіеўскай княскай дынастыі.
Класіцызм – накірунак у еўрапейскай мастацкай культуры другой паловы 17 – пачатку 19 стст., сутнасць якога палягала ў кананізацыі антычнай культуры як дасканалага ўзору і пераносу яе элементаў у сучаснасць (ордэры ў архітэктуры, сюжэты ў літаратуры і гд.).
Контррэфармацыя – агульнаеўрапейскі рух другой паловы 16 – першай паловы 18 стст., накіраваны на аднаўленне пазіцый каталіцкай царквы ў рэлігійным і грамадскім жыцці пасля Рэфармацыі.
Контррэформы – назва мерапрыемстваў, якія праводзіў царскі ўрад Расійскай імперыі ў 1880 – 1890-я гг., былі накіраваны на ўмацаванне абсалютысцкай дзяржаўнай улады і прывілеяванага становішча дваранства.
Крыжакі – прадстаўнікі ваенна-манаскіх каталіцкіх ордэнаў, галоўнай мэтай дзейнасці якіх з’яўлялася распаўсюджанне хрысціянства паводле каталіцкага ўзору шляхам прымусу.
Крытычны рэалізм – накірунак у мастацкай культуры 19 – 20 стст., для якога характэрнае крытычнае і рэалістычнае адлюстраванне з’яў сацыяльнай рэчаіснасці.
Лібералізм – сацыяльна-філасофская і палітычная ідэалогія 19 – 20 стст., зыходным пастулатам якой з’яўляецца сцвярджэнне індывідуальнай свабоды чалавека ў якасці галоўнай сацыяльнай, палітычнай і культурнай каштоўнасці.
Ліберальнае народніцтва – накірунак у межах агульнарасійскага народніцкага руху ў канцы 19 – пачатку 20 стст., для якога былі характэрныя ідэя мірнага эвалюцыйнага пераўладкавання грамадства ў дэмакратычным накірунку, абвяшчэнне інтэлігенцыі галоўнай рухаючай сілай і каталізатарм грамадскага прагрэсу.
Лібэрум вета – права на выказванне пратэсту і адзінагалоссе прыняцця рашэнняў, якое мелі соймавыя паслы ў Рэчы Паспалітай у другой палове 16 – 18 стст. Выкарыстанне яго вяло да спынення пасяджэння сойма і адмены ўсіх прынятых на ім пастаноў.
Лінейны (стадыяльна-паступовы) падыход да вывучэння гісторыі – навуковы падыход, сутнасць якога палягае ў поглядзе на гісторыю як адзіны працэс паступовага, узыходзячага развіцця чалавецтва, у адпаведнасці з якім вылучаюцца стадыі ў гісторыі (напр., марксізм).
Людзі лёзныя – дэкласіраваныя элементы ў часы ВКЛ; асобы, пазбаўленыя сродкаў для існавання і пастаяннага занятку.
Людзі непахожыя – сяляне ў ВКЛ, якія выконвалі павіннасці і былі асабіста залежнымі ад землеўладальніка; без яго дазволу яны не мелі права змяняць месца жыхарства.
Людзі пахожыя – сяляне ў ВКЛ, якія з’яўляліся асабіста свабоднымі, выконвалі павіннасці на карысць уладальніка зямлі, але мелі права змены месца жыхарства.
Магдэбургскае права – права на самакіраванне гарадоў і мястэчак у ВКЛ.
Магістрат – орган гарадскога самакіравання ў гарадах з магдэбургскім правам у ВКЛ, які складаўся з рады (гарадская адміністрацыя) і лавы (гарадскі суд).
Магія – вера ў магчымасць уздзеяння на прыродныя аб’екты і людзей з дапамогай асаблівых дзеянняў.
Магнацкая алігархія – грамадска-палітычная сістэма ў Рэчы Паспалітай у 17 – 18 стст., ва ўмовах якой вырашальная роля ў ажыццяўленні палітычных працэсаў належала буйной шляхце (магнатам).
Мадэрнізацыя – комплексны сацыяльны працэс пераходу ад традыцыйнага да індустрыяльнага “сучаснага” грамадства.
Манаполіі – аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў пэўнай галіны вытворчасці для дасягнення кантролю над рынкамі сыравіны, збыту і цэнамі на прадукцыю.
Мануфактура – тып прамысловага прадпрыемства, якое заснавана на падзеле працы пры захаванні ручной тэхнікі.
Марксізм – накірунак еўрапейскай філасофіі другой паловы 19 – 20 стст., у межах якога галоўная ўвага надаецца крытычнаму аналізу сацыяльнай рэальнасці праз прызму эканамічных працэсаў, пошуку перспектыў яе пераўладкавання на пачатках сацыялізму.
Марксізм-ленінізм – афіцыйная ідэалогія ў СССР у 1920-1980-я гг., у аснове якой знаходзілася адаптаванае да патрэб савецкага рэжыму філасофскае вучэнне марксізму.
Маршалак земскі – старшыня на пасяджэннях Паноў Рады і сойма ВКЛ, кіраўнік вялікакняскай адміністрацыі.
Маршалак дворны – загадчык гаспадарчымі справамі вялікакняскага двара ў ВКЛ.
Маршалак соймавы – старшыня на пасяджэннях вальнага сойма Рэчы Паспалітай; выбіраўся пасламі.
Масонства – элітарны рэлігійна-філасофскі рух, які ўзнікае ў краінах Еўропы і Амерыкі ў 18 ст.; у 18 – пачатку 20 стст. нярэдка станавіўся формай дзейнасці ліберальных грамадскіх рухаў.
Мезаліт – сярэдні каменны век; ахоплівае ў гісторыі Беларусі перыяд 10 – 5 тыс. да н.э.
Мяжа яўрэйскай аседласці – вызначаная тэрыторыя ў межах Расійскай імперыі, на якой дазвалялася пасяленне яўрэйскага насельніцтва; ахоплівала беларускія, літоўскія, латышскія, польскія і часткова ўкраінскія губерні.
Мяшчанства – саслоўе гарадскіх жыхароў у ВКЛ і Расійскай імперыі.
Навейшы час – перыяд сусветнай гісторыі другой чвэрці 20 – пачатку 21 стст., які характарызуецца працэсамі глабалізацыі, навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, фарміраваннем постіндустрыяльнага грамадства.
Навукова-тэхнічная рэвалюцыя – працэс карэннай якаснай перабудовы вытворчых сіл на аснове пераўтварэння навукі ў вядучы фактар развіцця вытворчасці ў сусветнай эканоміцы ў другой палове 20 – пачатку 21 стст.
Наменклатура – кіруючая бюракратычная эліта ў СССР.
Народнасць – аб’яднанне людзей на пэўнай тэрыторыі, з агульнай гісторыяй, мовай і культурай, умовамі жыцця, але пры гэтым адсутнічала моцная агульная самасвядомасць.
Настаўніцкія семінарыі – навучальныя ўстановы ў Расійскай імперыі, якія давалі сярэднюю спецыяльную педагагічную адукацыю.
Нацызм (нацыянал-сацыялізм) – палітычная сістэма і афіцыйная ідэалогія ў Германіі ў 1933 – 1945 гг.; уяўляла з сябе разнавіднасць таталітарнага рэжыму.
Нацыя – сацыяльная супольнасць, для якой характэрныя агульная тэрыторыя пражывання, агульная літаратурная мова, наяўнасць трывалых эканамічных і культурных сувязяў, развітая нацыянальная самасвядомасць.
Нацыяналізацыя – перадача ва ўласнасць дзяржавы маёмасці прыватных асоб або калектываў.
Неаліт – позні каменны век; ахоплівае ў гісторыі Беларусі перыяд 5 – 3 тыс. да н.э.
Неалітычная рэвалюцыя – працэс пераходу ад прысвойваючай (паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва) да вытворчай (земляробства, жывёлагадоўля) гаспадаркі.
Нелінейны падыход да вывучэння гісторыі – навуковы падыход, сутнасць якога палягае ў поглядзе на гісторыю як працэс фарміравання і развіцця некалькіх самастойных грамадскіх супольнасцяў (цывілізацый), кожная з якіх мела сваю самастойную гісторыю.
Новая эканамічная палітыка (нэп) – эканамічная палітыка ў СССР у 1920-я гг., для якой характэрныя спалучэнне панавання дзяржаўнай уласнасці і элементаў рыначнай шматукладнай эканомікі.
Новы час – перыяд у сусветнай гісторыі 16 – пачатку 20 стст., які характарызуецца працэсамі фарміравання цэнтралізаваных дзяржаў і каланіяльных імперый, індустрыялізацыі, развіцця капіталістычных адносін, урбанізацыі, фарміраваннем свецкіх культурных каштоўнасцяў.
Павет – адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў ВКЛ у 15 – 18 стст. і Расійскай імперыі ў 18 – пачатку 20 стст.
Падкаморскі суд – судовы орган у ВКЛ у 16 – 18 стст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак шляхты.
Падскарбі земскі – захавальнік дзяржаўнай казны (скарба) ў ВКЛ.
Падушны падатак – падатак у Расійскай імперыі ў 18 – 19 стст., абкладанню якім падлягалі ўсе асобы мужчынскага полу, што належалі да падатковых саслоўяў.
“ Пакта канвента ” – акт, у якім замацоўваліся гарантыі прывілеяў і вольнасцяў Рэчы Паспалітай, выдадзеных ранейшымі каралямі і вялікімі князямі; пацвярджаўся каралямі Рэчы Паспалітай перад каранацыяй.
Палеаліт – ранні каменны век; ахоплівае ў гісторыі Беларусі перыяд 100-40 – 10 тыс. да н.э.
Палітычны народ, палітычная нацыя – катэгорыя, якая пазначае пэўную супольнасць людзей, аб’яднаных прыналежнасцю да пэўнай дзяржавы, а таксама адпаведнай самасвядомасцю; у Рэчы Паспалітай 16 – 18 стст. дадзеная катэгорыя абазначала шляхецкую супольнасць у якасці прывілеяванага дзяржаўнага саслоўя, прадстаўнікі якога мелі выключнае права на ўдзел у палітычным жыцці.
Паншчына – павіннасць феадальна залежнага сялянства, якая выяўлялася ў дармавой прымусовай працы з уласнымі прыладамі працы ў гаспадарцы феадала.
Паны Рада – вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВКЛ у другой палове 15 – першай палове 16 стст.; складаўся з саноўнікаў-магнатаў.
Парламенцкая рэспубліка – форма дзяржаўнага праўлення, пры якой галоўная роля ў сістэме органаў дзяржаўнага кіравання належыць заканадаўчай уладзе (парламенту).
Парцэляцыя – працэс продажу з дапамогай зямельнага банка невялікімі надзеламі, ад 2 да 20 га, часткі памешчыцкіх, дзяржаўных і царкоўных зямель у Польскай рэспубліцы згодна з аграрнай рэформай 1925 г.
Пасаднік –кіраўнік дзяржаўнай адміністрацыі ў Тураўскім княстве ў 11 – 14 стст., намеснік князя.
Пасольская Ізба – ніжэйшая палата сойма Рэчы Паспалітай; утваралася з выбраных на шляхецкіх павятовых сойміках паслоў.
Пастаянная рада – пастаянна дзеючы паміж пасяджэннямі соймаў вышэйшы орган выканаўчай улады ў Рэчы Паспалітай у 1773 – 1789 гг.
Патрыярхат – тып сацыяльнай арганізацыі грамадства, які прадугледжвае галоўную ролю мужчын у кіраванні грамадскімі працэсамі.
Партызанскія зоны – тэрыторыі СССР, на якіх ва ўмовах германскага акупацыйнага рэжыму падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гг. была ўстаноўлена ўлада партызанскіх брыгад і злучэнняў.
Паўночна-заходні край – афіцыйная назва Беларусі і Літвы ў Расійскай імперыі ў 1840 – 1917 гг.
“Паўночна-усходнія крэсы” – афіцыйная назва тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Польскай Рэспубліцы ў 1920-1930-я гг.
Перабудова – перыяд у гісторыі СССР 1985 – 1991 гг., звязаны з істотнымі пераўтварэннямі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, што ў выніку прывяло да ліквідацыі аўтарытарна-бюракратычнага рэжыму і развалу СССР.
Першабытнае грамадства – перыяд у гісторыі чалавецтва, які характарызуецца панаваннем абшчыннага тыпу грамадскага ўладкавання, выкарыстаннем прымітыўных тэхналогій ў гаспадарцы, панаваннем традыцый ў сацыяльным жыцці.
Перыядызацыя гісторыі – падзел усяго гістарычнага працэсу на пэўныя кавалкі часу згодна з вызначанымі крытэрыямі.
Піяры – прадстаўнікі каталіцкага манаскага ордэна, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі ў 17 – першай палове 19 стст.; вызначыліся стварэннем найбольш прагрэсіўнай сістэмы сярэдняй адукацыі ў Рэчы Паспалітай у другой палове 18 ст.
Політэізм – рэлігія, заснаваная на веры ў шматлікіх багоў.
Постіндустрыяльнае грамадства – тып грамадства, у эканоміцы якога ў выніку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі і росту масавага спажывання асноўнай галіной становіцца сфера паслуг; вядучым вытворчым рэсурсам выступаюць інфармацыя і веды; навуковыя распрацоўкі становяцца вядучым фактарам развіцця прадукцыйных сіл грамадства.
Пралетарыят – сацыяльны клас, які пазбаўлены ўласнасці на сродкі вытворчасці і асноўнай крыніцай існавання якога з’яўляецца продаж уласнай працоўнай сілы.
Прамысловая рэвалюцыя – працэс пераходу ад працы, заснаванай на ручной тэхніцы, да машыннай індустрыі, у выніку якога прамысловасць пераўтвараецца ў галоўную галіну грамадскай вытворчасці.
Пратэстантызм – абагуленая назва, якая пазначае сукупнасць веравызнанняў, якія ўтварыліся ў выніку Рэфармацыі (лютэранства, кальвінізм, баптызм і г.д.).
Прывілей – заканадаўчы акт у ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паводле якога вялікія князі ці каралі надавалі або пацвярджалі асаблівыя правы пэўных сацыяльных або рэлігійных груп ці асоб.
Прыгоннае права – сукупнасць юрыдычных норм, якія замацоўвалі асабістую феадальную залежнасць сялян, што ўключае ў сябе забарону для сялян пакідаць сваё месца жыхарства, спадчыннае падпарадкаванне судова-адміністрацыйнай уладзе пэўнага феадала, пазбаўленне сялян грамадзянскіх правоў, часам права феадала прадаваць і купляць сялян без зямлі.
“Прышчэпаўшчына” – аграрная палітыка ў БССР у 1920-я гг., праводзімая паводле ініцыятывы наркома земляробства Д.Ф. Прышчэпава, якая заключалася ў свабодзе выбару сялянамі формаў землекарыстання, заахвочванні сялян да перасялення на хутары і невялікія пасёлкі.
Прэзідэнцкая рэспубліка – форма дзяржаўнага праўлення, пры якой галоўная роля ў сістэме органаў дзяржаўнага кіравання належыць выканаўчай уладзе (прэзідэнту і ўраду).
Рабочы кантроль – кантроль, які ажыццяўляўся працоўнымі над вытворчасцю і размеркаваннем прадукцыі і звязанымі з гэтым працэсамі праз дзейнасць фабрычна-заводскіх камітэтаў на шэрагу прамысловых прадпрыемстваў былой Расійскай імперыі ў 1917 – 1918 гг.
“Разбор шляхты” – палітыка ўладаў Расійскай імперыі ў канцы 18 – 19 стст. адносна шляхты былога ВКЛ, якая заключалася ў скарачэнні яе колькасці і наданні правоў расійскага дваранства толькі тым асобам, якія здолелі дакументальна засведчыць сваё шляхецкае паходжанне.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – вышэйшы орган улады ў абвешчанай у сакавіку 1918 г. Беларускай Народнай Рэспубліцы; утвораны на аснове Рады Усебеларускага з’езда, які адбыўся ў снежні 1917 г.; у 1919 – 1925 гг. дзейнічае ў эміграцыі; самараспусцілася паводле рашэння Берлінскай канферэнцыі 1925 г.; аднавіла дзейнасць у эміграцыі ў 1947 г.
Радовічы – феадальна залежныя сяляне, якія заключалі дамову з землеўладальнікамі (“рад”) на пэўны час з фіксацыяй павіннасцяў.
Ракако – мастацкі стыль у еўрапейскай культуры 18 ст., які характарызаваўся падкрэсленай пампезнасцю, вытанчанасцю форм, надзвычайнай дэкаратыўнасцю.
Рамантызм – ідэйны і мастацкі накірунак ў еўрапейскай і амерыканскай духоўнай культуры канца 18 – першай паловы 19 стст., які ўяўляе з сябе крытычную рэакцыю на ідэі Асветніцтва і вызначаецца сцвярджэннем самакаштоўнасці духоўна-творчай аўтаноміі асобы, увагай да асабістых пачуццяў, народнай культуры і мінулага.
“Раскулачванне” – прымусовая канфіскацыя маёмасці сялян, якіх улады адносілі да ліку заможных і называлі “кулакамі”, падчас калектывізацыі ў СССР у 1930 – 1950-я гг.
Родавая абшчына – тып сацыяльнай арганізацыі ў першабытным грамадстве, які ўяўляў з сябе калектыў, заснаваны на кроўнароднасных сувязях, у межах якога існуе агульная ўласнасць.
Рокаш – назва “законнага” ўзброенага выступлення шляхты ў Рэчы Паспалітай супраць каралеўскай улады ў абарону сваіх правоў і прывілеяў.
Русіфікацыя – палітыка, якая праводзілася ўладамі Расійскай імперыі і СССР, накіраваная на ўзмацненне ўплыву палітычнага, эканамічнага і культурнага ўплыву расійскай нацыянальнасці на тэрыторях з перавагай нярускага насельніцтва.
Русь – шматзначны тэрмін; пад ім абазначалася: 1) у 9 – 10 стст. княская дынастыя скандынаўскага паходжання, якая атрымала ўладу ў Кіеўскай дзяржаве; 2) у 11 – 14 стст. землі, на якія распаўсюджвалася ўлада князёў з Рускай дынастыі; 3) у 11 – 19 стст. праваслаўнае насельніцтва і заселеныя імі тэрыторыі ва Ўсходняй Еўропе.
Рэвалюцыйнае народніцтва – накірунак у межах агульнарасійскага народніцкага руху ў канцы 19 – пачатку 20 стст., для якога была характэрная ідэя станаўлення сацыялістычнага грамадства шляхам дэмакратычнай палітычнай рэвалюцыі.
“Рэйкавая вайна” – назва шэрагу аперацый, праводзімых партызанамі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў 1943 – 1944 гг., сутнасць якіх заключалася ў правядзенні адначасовага масавага разбурэння чыгуначных камунікацый у розных рэгіёнах Беларусі.
Рэкруцкая павіннасць – павіннасць для прадстаўнікоў сялянскага і мяшчанскага саслоўяў у Расійскай імперыі, якая заключалася ў абавязку пастаўляць пэўную колькасць асоб для вайсковай службы, якая ў той час працягвалася 25 год (скасавана паводле ваеннай рэформы 1874 г.).
Рэфармацыя – агульнаеўрапейскі рэлігійны рух 16 ст., накіраваны на радыкальную трансфармацыю каталіцкай царквы і яе вучэння згодна з прынцыпамі першапачатковага хрысціянства. Вынікам Рэфармацыі стала ўзнікненне шэрагу новых канфесій: лютэранства, кальвінізму і г.д.
Саветы дэпутатаў працоўных – органы самакіравання працоўных (рабочых, сялян, салдат) падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг., Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г.; пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. пераўтварыліся ў вышэйшыя органы ўлады ў Расійскай рэспубліцы; паступова на працягу 1918 – 1921 гг. былі пераўтвораны ў інструмент дыктатуры бальшавіцкай партыі.
“Санацыя” – назва аўтарытарнага палітычнага рэжыму, які ўсталяваўся ў Польскай рэспубліцы ў 1926 – 1939 гг.
Сарматызм – сацыяльна-палітычная і культурная ідэалогія, што склалася ў грамадска-палітычнай думцы Рэчы Паспалітай 16 – 18 стст., згодна з якой асаблівы статус шляхты як пануючага саслоўя ў грамадскай сістэме тлумачыўся яе паходжаннем ад старажытнага племені сарматаў, якія нібыта захапілі мясцовае насельніцтва.
Саслоўна-прадстаўнічая манархія – форма дзяржаўнага праўлення, паводле якой дзейнічае прынцып сумеснага кіравання дзяржавай манарха і саслоўных прадстаўнікоў, найперш прадстаўнікоў шляхты.
Сацыялізм – тэарэтычная мадэль грамадскага ўладкавання, якая прадугледжвае калектыўныя валоданне, распараджэнне і кіраванне сродкамі вытворчасці.
“Сацыялістычны рэалізм” – афіцыйны мастацкі стыль у СССР у 1930 –1980-я гг., сутнасць якога заключалася ў ідэалізацыі існуючага ў СССР грамадскага ладу, усхваленні дзейнасці бальшавіцкай партыі і яе кіраўнікоў.
Сацыяльная рэвалюцыя – форма змяненняў у грамадстве, якая прадугледжвае хуткія, якасныя пераўтварэнні асноўных сацыяльных падсістэм і структур у палітыцы, эканоміцы, культуры.
Сенат – верхняя палата Сойма Рэчы Паспалітай у 1569 – 1795 гг., якая складалася з ліку вышэйшых чыноўнікаў цэнтральнага і мясцовага дзяржаўнага апарату ВКЛ і Польскага каралеўства.
Сістэмнасць – прынцып, які патрабуе вывучэння гістарычных з’яў у межах пэўнай грамадскай сістэмы, з улікам усёй сукупнасці ўзаемасувязяў і механізмаў іх фунцыянавання.
Сіянізм – сусветны рух яўрэяў з канца 19 ст., галоўнай мэтай якога выступае вяртанне яўрэйскага насельніцтва ў Палесціну і ўтварэнне там яўрэйскай дзяржавы.
Смерды – свабодныя сяляне–абшчыннікі ў сярэднія вякі.
Сойм – вышэйшы заканадаўчы саслоўна-прадстаўнічы орган улады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 16 – 18 стст.; складаўся з дзвюх палат – Сената і Пасольскай ізбы.
Соймік – орган шляхецкага самакіравання, які ўяўляў з сябе сход шляхты пэўнага павета ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Сталінізм – палітычная сістэма, якая склалася ў СССР у 1930 – першай палове 1950-х гг.; уяўляла з сябе разнавіднасць таталітарнага рэжыму.
Староства – дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 16 – 18 стст., які вялікі князь (кароль) даваў шляхце ў часовае карыстанне за службу.
Статуты ВКЛ – зборнікі норм розных галін права, дзейнасць якога распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю ВКЛ; выдадзены тры Статуты ВКЛ: 1529, 1566 і 1588 гг.
Стража правоў – вышэйшы орган выканаўчай улады ў Рэчы Паспалітай у 1789 – 1792 гг.
Стачка – калектыўнае спыненне працы на прадпрыемстве або ў арганізацыі з мэтай дамагчыся ад наймальніка больш выгадных умоў працы.
Суверэнітэт – права пэўнай дзяржавы ці ўладара ажыццяўляць ўладу і кантраляваць насельніцтва на пэўнай тэрыторыі.
Судзебнік 1468 г. – зборнік норм крымінальнага права ў ВКЛ, выдадзены па ініцыятыве вялікага князя Казіміра Ягайлавіча.
Суседская (тэрытарыяльная) абшчына – тып сацыяльнай арганізацыі грамадства, для якога характэрныя ўладанне зямлёй калектывам, заснаваным на тэрытарыяльных сувязях, пры індывідуальным карыстанні зямлёй і прыладамі працы асобных сем’яў.
Сярэднія вякі – перыяд у гісторыі Еўропы 5–15 стст., які характарызуецца фарміраваннем феадальнай сістэмы, карпаратыўнасцю сацыяльнага жыцця, перавагай сельскай гаспадаркі ў эканоміцы, панаваннем рэлігіі і традыцый у духоўнай сферы жыцця грамадства.
Талеранцыя – сістэма міжасабістых адносін, якая прадугледжвае цярпімасць да іншых думак, перакананняў, паводзін і г.д.
Таталітарызм – тып палітычнага рэжыму, які характарызуецца поўным кантролем або імкненнем да поўнага кантролю з боку дзяржавы над усімі сферамі жыцця грамадства.
Татэмізм – вера ў звышнатуральную сувязь паміж чалавекам і прадстаўнікамі жывёльнага і расліннага свету, паходжанне роду ад гэтых прадстаўнікоў.
Трыбунал ВКЛ – вышэйшы орган судовай улады ў ВКЛ у 1582 – 1795 гг., які складаўся з выбраных шляхтай на павятовых сойміках суддзяў.
Тысяцкі – кіраўнік ваеннага апалчэння ў Тураўскім княстве ў 11–14 стст.
Уніяцтва – хрысціянская канфесія, у межах якой прызнаецца дагматыка каталіцкай царквы і кананічнае вяршэнства рымскага папы пры захаванні абраднасці і культу праваслаўнай царквы; на тэрыторыі Беларусі існавала ў 1596 – 1839 гг., аднавілася з 1990 г.
Урбанізацыя – працэс перасялення асноўнай часткі насельніцтва з сельскай мясцовасці ў гарады.
Усебеларускі з’езд – сход прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 14 – 17 снежня 1917 г., на якім было выстаўлена патрабаванне стварэння аўтаномнай беларускай дзяржаўнасці; разагнаны Аблвыканкамзахам.
Устаўныя граматы БНР – дакументы, выдадзеныя Радай Усебеларускага з’езда (потым Рады БНР) 21 лютага, 9 сакавіка і 25 сакавіка 1918 г., у якіх дэклараваліся нацыянальны суверэнітэт, незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, вызначаліся асновы яе грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ладу.
Фальварак – шматгаліновая таварная гаспадарка феадала ў 16 – 19 стст. арыентаваная на продаж прадукцыі, у якой вядучае месца належала вытворчасці збожжа.
Феадалізм – сістэма грамадскіх адносін, у аснове якой знаходзіцца прынцып перадачы зямельных уладанняў (феода) вышэйшым уласнікам зямлі ў дзяржаве (князем, каралём) сваім васалам на пэўны час або назаўсёды за пэўныя заслугі; асноўнымі сацыяльнымі класамі феадальнага грамадства з’яўляюцца феадалы (буйныя уладальнікі зямлі) і залежныя ад іх сяляне.
Феадальная патрыярхальна-вотчынная манархія – форма дзяржаўнага праўлення, паводле якой дзейнічае неабмежаваная ўлада манарха згодна з замацаванымі звыячаямі на тэрыторыі, якая з’яўляецца яго спадчыннай вотчынай; падданыя манарха не маюць акрэсленых палітычных правоў.
Феадальная раздробленасць – перыяд дэцэнтралізацыі ўлады ў сярэднявечных дзяржавах, абумоўлены палітычным і эканамічным ўмацаваннем буйных феадалаў і асобных рэгіёнаў ва ўмовах васальнай залежнасці ад цэнтральнай улады.
Фетышызм – вера ў звышнатуральныя якасці прыродных аб’ектаў (напр., пакланенне камяням, дрэвам), а таксама ў сувязь чалавека і прадмета.
Філаматы, філарэты, прамяністыя – тайныя студэнцкія таварыствы прыхільнікаў польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якія дзейнічалі ў Віленскім ўніверсітэце ў 1817 – 1823 гг.
Халакост – масавае вынішчэнне яўрэйскага насельніцтва, якое ажыццяўлялася ўладамі нацысцкай Германіі падчас Другой сусветнай вайны.
“Хрушчоўская адліга” – перыяд у гісторыі СССР, звязаны з праўленнем М. Хрушчова ў 1953 – 1964 гг., які характарызаваўся паступовым паслабленнем рэпрэсіўнага характару ўстаноўленага ў дзяржаве палітычнага рэжыму.
Хутар – адасобленная ад вёскі сялянская сядзіба з прылеглымі да яе сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.
Цывілізацыя – устойлівая культурна-гістарычная супольнасць людзей, якая адрозніваецца агульнасцю эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага, духоўнага жыцця, наяўнасцю агульных геаграфічных межаў.
Цэхі (брацтвы) – карпаратыўныя аб’яднанні ў гарадах Сярэднявечча і ранняга Новага часу, якія аб’ядноўвалі гарадскіх рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў і абаранялі іх ад канкурэнцыі.
Часовая ўрадавая камісія ВКЛ – грамадзянская адміністрацыя, якая была створана на тэрыторыі заходняй Беларусі і Літвы падчас французкай акупацыі 1812 г.; складалася з прадстаўнікоў мясцовай шляхты.
Чынш – павіннасць феадальна залежнага сялянства, якая выяўлялася ў выплаце пэўнай грашовай сумы на карысць феадала.
Чэлядзь нявольная, халопы – рабы або кабальныя даўжнікі ў эпоху Сярэднявечча.
Шлях “з вараг у грэкі” – міжнародны гандлёвы шлях, які звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам па рэках Зах.Дзвіна і Днепр у Сярэднія вякі.
Шляхецкая дэмакратыя – грамадска-палітычная сістэма ў Рэчы Паспалітай 16 – 18 стст., у межах якой шляхта валодала поўным спектрам грамадзянскіх і палітычных правоў у якасці саслоўнага прывілею (дэкларавалася прававая роўнасць у межах шляхецкага саслоўя), а таксама з’яўлялася крыніцай дзяржаўнай улады.
Шляхецкі рэвалюцыянарызм – грамадска-палітычны рух на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у першай палове – сярэдзіне 19 ст., галоўнай мэтай якога з’яўлялася аднаўленне Рэчы Паспалітай шляхам правядзення палітычнай і нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі, асноўнай рухаючай сілай якой павінна выступаць шляхта.
Шляхта – прывілеяванае саслоўе ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 14–18 стст., якое валодала выключным правам валодання зямлёй, займання дзяржаўных пасад і ўдзелу ў палітычным жыцці, вызвалялася ад абавязковых падаткаў; пасля падзелаў Рэчы Паспалітай асноўная яе частка ўлілася ў склад дваранства Расійскай імперыі.
Шышы – назва ўдзельнікаў партызанскага руху на тэрыторыі ВКЛ, занятай маскоўкімі войскамі падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654 – 1667 гг.
Эканоміі – дзяржаўныя зямельныя уладанні ў ВКЛ у 16 – 18 стст., прызначаныя для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу
Элекцыйная манархія – форма дзяржаўнага праўлення, пры якой кіраўнік дзяржавы (манарх) атрымлівае ўладу ў выніку выбараў.
Элекцыйны сойм – від сойма Рэчы Паспалітай у 16 – 18 стст., які склікаўся для правядзення выбараў новага караля падчас бескаралеўя; удзел у выбарах мог прымаць кожны шляхціц Рэчы Паспалітай.
“Эпоха застою” – умоўная назва перыяду ў гісторыі СССР другой паловы 1970-х – першай паловы 1980-х гг., які характарызаваўся замаруджваннем тэмпаў эканамічнага росту, нарастаннем крызісных з’яў у сацыяльна-эканамічным і сацыяльна-палітычным жыцці грамадства.
Юрыдыкі – асобныя кварталы ў магдэбургскіх гарадах ВКЛ, якія знаходзіліся пад уладай прыватных асоб ці царквы і не падлягалі ўладзе магістрата.