Д з е ю ч ы я а с о б ы: авечкi -- грамада дзяцей; пастушок i воўк.
Усе авечкi (дзецi) стаяць у кутку. Ваўка не бачаць. Пастушок ходзiць з кiем каля авечак. Размахвае кiем i пяе:
Пасу, пасу авечкi
Я за гарою,
Воўк -- за другою.
А я ваўка не баюся,
Кiем баранюся.
А я ваўка не баюся,
Кiем баранюся!
У час пастушковага спеву воўк падкацiўся, схапiў авечку i павёў, а пастушок не заўважыў. Потым пастушок агледзеўся, што няма ягонай адной авечкi:
-- Або! Гэта ж няма маёй беленькай авечачкi. Пайду яе шукаць.
Пастушок прыглядаецца на дол, паказвае, стукаючы кiёчкам па падлозе, i прамаўляе:
-- Воўчы след, авечы след! Воўчы след, авечы след...
Ды гэтак стукаючы кiёчкам аб падлогу, стукае ваўка i пытае яго:
-- Кумок, кумок! Цi не бачыў ты маёй беленькай авечачкi?
-- А пабегла беленькай дарожкай! -- адказвае воўк.
Пастушок варочаецца да сваiх авечак ды, махаючы кiем, зноў пяе сваю песню. А ў гэты час воўк падкрадаецца ды крадзе чорненькага баранчыка, а пастушок не заўважае. А нарэшце агледзеўся:
-- Або! Гэта ж няма майго чорненькага баранчыка. Пайду яго шукаць.
|
|
Пастушок, стукаючы кiем па падлозе, паказваючы сляды, iдзе ў той бок, куды воўк павёў барана, i прамаўляе:
-- Воўчы след, бараннi след, воўчы след, бараннi след...
-- Кумок, кумок, цi не бачыў ты майго чорненькага баранчыка?
-- А пабег чорненькай дарожкай, -- адказвае воўк.
Пастушок варочаецца да сваiх авечак ды пяе сваю песню, а воўк iдзе красцi трэцюю авечку. Гэтак працягваецца, пакуль воўк не перакрадзе ўсiх авечак.
Калi воўк украдзе апошнюю авечку ды калi пастушок папытаецца ў ваўка: "Кумок, кумок! Цi не бачыў ты маёй сiвенькай авечачкi?", а воўк адкажа: "А пабегла сiвенькай дарожкай", тады ўсе крадзеныя авечкi, якiя стаяць у ваўковым кутку, раптам забляюць:
-- Бя! Бя! Бя! Бя!..
Пастушок намяраецца на ваўка кiем. Воўк уцякае. Пастушок займае свае авечкi ды гонiць дамоў, пеючы сваю песню. Гульня канчаецца.
Увага: пры гульнi дзяўчат завуць -- авечка, а хлопца -- баран. Колеры надаюць або па колеры вопраткi, або па колеры валасоў.
(Зап. беларус-эмiгрант з Амерыкi. Зборнiк "Для малых дзетак".)