Дубіны, булавы, перначы, кісцяні (баявыя цапы)

Самым старажытным i найбольш прымітыўным відам абуховай зброі з’яўлялася дубіна. Найпрасцейшая дубіна ўяўляла сабой драўляную палку з патаўшчэннем на канцы. Павысіць эфектыўнасць дубіны можна было шляхам убівання ў гэтае патаўшчэнне жалезных шыпоў ці цвікоў. Часам шыпы ці крамянёвыя асколкі ўбіваліся ў жывое дрэва. Пасля ўрастання ix у ствол ён ссякаўся i апрацоўваўся да атрымання неабходнай формы. Узоры такіх дубін з аформленым у выглядзе рукаяці тонкім канцом i ўманціраванымі ў патоўшчаны канец шыпамі маюцца ў зборах Гісторыка-этнаграфічнага музея Літвы ў Вільні (мал. 17: 2). Яны звязваюцца з літоўскімі землямі i датуюцца XIV ст.
Неаднаразова фіксуюцца дубіны мініяцюрамі Радзівілаўскага летапісу. Яны паказаны тут у руках як пешых ваяроў, так i кавалерыстаў i маюць выгляд простай сукаватай палкі (іл. XXXII), палкі з гузападобнымі выступамі на канцы альбо посаха з загнутым патоўшчаным канцом.
У пісьмовых крыніцах XVI ст. дубіны фігуруюць, пэўна, з назвай «посах» ці «кій». Попіс 1567 г. узгадвае падобную зброю як атрыбут бедных апалчэнцаў, што не мелі нават каня. Так, у харугве Навагрудскага павета называецца «Стась Неверович Моствилович з Своротвы, человек велми убоги, пеш с посохом». У харугве Дарагіцкага павета папісаліся Ян Завадзік i Юзэф Юрэвіч, у дачыненні да якіх маецца запіс «пеш с кием», а таксама Войцэх Рафаловіч, які таксама з’явіўся без каня, але апроч кія меў яшчэ i сякерку. На плебейскі характар кіёў у XVI ст. указвае i той факт, што яны не сустракаюцца ў рэестрах феадальных арсеналаў.
Разам з тым кій у руках дужага i спрытнага чалавека быў надзвычай эфектыўнай зброяй, ад якой магло не ўратаваць нават пласцінавае засцерагальнае ўзбраенне. Сведчаннем таму служыць адзначаная ў забітага ў 1561 г. Дзмітра Янавіча Сапегі «у голове рана шкодлива, вдарен кием... и яко вдарено, аж прилбица пробита».
Высокія баявыя якасці дубіны абумовілі імкненне яшчэ больш павысіць яе эфектыўнасць шляхам вырабу ўдарнай часткі, альбо навершша, са шчыльнейшага матэрыялу. Пра цесную генетычную сувязь такой зброі са звычайнымі дубінамі сведчыць i тое, што ў старажытнай Русі яны, на думку A.M. ірпічнікава, таксама называліся кіямі. Але ў XVI ст. яны ўжо выступаюць пад назван «булава». Пад уласна булавой трэба разумець зброю з акруглым ці шматгранным навершшам, выкананым з металу i забяспечаным адтулінай пасярэдзіне для насаджвання на драўляную ці радзей металічную рукаяць. У XVI ст. булавы ў адрозненне ад дубін даволі часта фіксуюцца ў спісах баявога рыштунку. «Булава великая, медяная, работы старосветское» мелася ў 1552 г. у Канёўскім замку. Па адной булаве фігуруе ў рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, а таксама ў спісах маёмасці нябожчыкаў Андрэя Бабраўніцкага i Марціна Вольскага за 1582 г. (адпаведна маёнткі Жэймяны ў Жамойцкай зямлі i Карсаковічы ў Менскім павеце). «Bulawa zeliazna prosta» i «bulawa zeliazna oprawna» натуюцца ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г.
Скласці ўяўленне аб формах булаў, ужываных у Вялікім Княстве Літоўскім у разглядаемы перыяд, даволі складана. Двойчы паказаны яны на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, прычым булавы тут выразна адрозніваюцца ад больш шматлікіх дубін выразна выдзеленымі (у тым ліку i па колеры) навершшамі. Па форме навершшы набліжаюцца да шара i нагадваюць булавы тыпу V паводле класіфікацыі А.М. Кірпічнікава. Адна з булаў мае вертыкальнае долепадобнае чляненне, чым нагадвае хоць i роднасны булавам, але самастойны від абуховай зброі, а менавіта пярнач.
А.М. Кірпічнікаў даводзіць верхнюю мяжу бытавання шарападобных булаў да XIII ст. Зыходзячы з гэтага, адлюстраванне такой зброі ў Радзівілаўскім летапісе можна было б растлумачыць капіяваннем мініяцюрыстам канца XV ст. больш ранняга арыгінала. Разам з тым булавы шарападобнай формы былі добра вядомыя, між іншым, як сімвал вышэйшых вайсковых чыноў Рэчы Паспалітай яшчэ ў XVI ст. i нават пазней. Не лішнім будзе адзначыць, што булавы на радзівілаўскіх мініяцюрах таксама паказаны ў руках князёў як знак дыпламатычнага прадстаўніцтва ці вайсковай улады. Не выключана, што для баявых патрэб маглі выкарыстоўвацца шарападобныя булавы, забяспечаныя шыпамі. Узоры такой зброі, датаваныя XIV - XVI ст., маюцца ў зборах Гісторыка-этнаграфічнага музея Літвы, хоць сувязь ix з тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага невыразная.
Што тычыцца іншых формаў булаў, то магчымасць ix бытавання ў Вялікім Княстве ў другой палове XIV - XVI ст. выглядае чыста гіпатэтычнай. Перш за ўсё маюцца на ўвазе навершшы ў выглядзе куба са зрэзанымі вугламі (тып II, паводле А.М. Кірпічнікава). Булавы гэтага тыпу шырока прадстаўлены ў матэрыяле дамангольскага часу з тэрыторыі ўкраіны. На верагоднасць ix выкарыстання ў больш позні час ускосна ўказвае тое, што ў Польшчы яны ўжываліся яшчэ ў XV ст., а ў Маскоўскай дзяржаве - да сярэдзіны XVII ст.
Мадыфікацыяй булаў з’яўляюцца экземпляры з навершшамі, падзеленымі на некалькі вертыкальна размешчаных лопасцяў («пер’яў»), якія радыяльна разыходзяцца ад цэнтра. Як ужо адзначалася, булава блізкай формы фіксуецца на адной з мініяцюраў Радзівілаўскага летапісу. Узоры з лопасцевымі навершшамі паказаны на гравюры «Бітва пад Оршай» з брашуры Андрэя Крыцкага 1515 г., у тым ліку ў руках даводцы ліцвінскага атрада (іл. XXXVII), а таксама на гравюры М. Цунта, прысвечанай сустрэчы маскоўскага пасла ў Гродне ў 1567 г.
Зброя падобнага кшталту была вядомая яшчэ ў «далітоўскай» Русі. A.M. Кірпічнікаў не аддзяляе яе ў прынцыпе ад булаў i вылучае ў тып VI. Аднак падаецца мэтазгодным выдзеліць экземпляры з лопасцевымі навершшамі ў асобную групу, паколькі ў пісьмовых крыніцах яны ўжо на пачатку XVI ст. не атаесамляліся з булавамі i акрэсліваліся самастойным тэрмінам «пярнач». «Пернач железный позолочиван другий пернач железный не позолочиван» узгадваюцца, напрыклад, у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. У польскай літаратуры большае распаўсюджанне атрымала вызначэнне «буздыган» (buzdygan), у той час як расійскія даследчыкі аддаюць перавагу назве «шастапёр», якая тым не менш не з’яўляецца дакладнай, бо колькасць лопасцяў у перначоў магла быць i большай. Прыкладам такіх перначоў можа служыць экземпляр, знойдзены ў Хабултаве былога Уладзімірскага павета (мал. 17: 1). Ён цалкам сталёвы, даўжынёй 67,5 см. Васьмігранная рукаяць мае абмежаванае шайбамі месца для ўтрымання рукой, даўжыня якога складае 12 см. Навершша даўжынёй 11,8 см, якое вянчаецца гузам, мае восем лопасцяў; тры з ix абламаныя. Лопасці забяспечаны выразнымі спічастымі выступамі, што надае перначу рысы гатычнага стылю. Блізкі па канструкцыі пярнач, таксама з васьмю лопасцямі, верагодна паўночнаітальянскі, фігуруе ў каталогу распродажу нясвіжскай збраёўні за 14.VI. 1927 г. (пазіцыя № 7).
Спецыфічную канструкцыю меў такі від абуховай зброі, як кісцень, у якога ўдарная частка ў выглядзе гіркі не насаджвалася на рукаяць, а мацавалася да яе пры дапамозе рэмяня, вяроўкі ці ланцуга. Такія кісцяні ўваходзяць у больш шырокую группу баявых цапоў. У шэрагу выпадкаў рукаяць, пэўна, магла адсутнічаць i рэмень ці вяроўка проста намотваліся на руку. З’явіўшыся ва ўсходняй Еўропе ўжо ў раннім сярэднявеччы, кісцяні ўжываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў XV i XVI ст., хоць звесткі аб ix выключна скупыя. Кісцень з рукаяццю фіксуецца на адной з мініяцюр Радзівілаўскага летапісу (іл. XXXVI). «Кестень» быў зрабаваны ў 1540 г. у гродзенскага асочніка Цімоха. Што да рэчавага матэрыялу, то кісцянёў, якія можка было б звязваць з землямі Вялікага Княства і датаваць другой паловай XIV - XVI ст., таксама вельмі мала. Досыць шырока, XIII - XIV ст., датуецца касцяная шарападобная гірка дыяметрам 4 см з вушкам, знойдзеная на Гродзенскім замку (мал. 17: 4). A.M. Кірпічнікаў залічыў яе да тыпу I. Прыцягваюць таксама ўвагу дзве бронзавыя гіркі з пяццю вялікімі i васьмю маленькімі шыпамі, што былі выпадкова знойдзены на Украіне, у Рамашках былой Кіеўскай губерні i ў былым Оўручскім павеце Валынскай губерні. А.М. Кірпічнікаў выдзеліў іx у тып V i выключна па аналогіях з булавамі тыпу IV датаваў прыблізна XII — XIII ст. Разам з тым на тэрыторыі Рacii, у Арэшку, быў выяўлены дзіцячы кісцень аналагічнай формы, які датуецца канцом XV - першай паловай XVI ст. Гэта ўносіць істотныя карэктывы ў храналогію бытавання кісцянёў тыпу V i робіць магчымасць ix выкарыстання ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XIV — XVI ст. цалкам верагоднай. У зборах Гісторыка-этнаграфічнага музея Літвы маюцца кісцяні з гіркамі ў выглядзе шыпастага шара альбо выцягнутай пірамідкі, злучаных з рукаяццю пры дапамозе ланцуга. Кісцяні датаваны XIV - XV ст., аднак сувязь ix з землямі Вялікага Княства не высветлена.

Зброя далёкага бою

Да зброі далёкага бою варта залічыць такую, якая служыць для паражэння праціўніка на адлегласці, недасягальнай для сродкаў нападзення, што знаходзяцца непасрэдна ў руках ваяра. Для атрымання падобнага эфекту пераважная большасць відаў вузка-функцыянальнай зброі далёкага бою складаецца з паражальнага снарада i прыстасавання для яго выкідання; тым самым яна адрозніваеца ад некаторых тыпаў зброі, якая выкідалася рукой (на-прыклад, лёгкія коп’і-суліцы) i былі прыстасаваны ў роўнай меры як для рукапашнага, так i для далёкага бою.
Як i іншыя віды ўзбраення, зброя далёкага бою зазнала ў другой палове XIV - XVI ст. значнае развіццё, аднак новаўвядзенні мелі тут яшчэ больш фундаментальны характар. Перш за ўсё гэта было звязана з пашырэннем зброі, у якой снарад выкідаўся не пры дапамозе механічнай энергіі, а праз выкарыстанне энергіі газаў, што атрымліваюцца пры спальванні пораху. 3 гэтага часу можна гаварыць аб суіснаванні кідальнай i агняпальнай зброі далёкага бою, прычым апошняя азнаменавала сабой сапраўдны пераварот у вайсковай справе. Разам з тым, калі агнёвая артылерыя дастаткова хутка выцесніла механічныя артылерыйскія прыстасаванні, то ў якасці індывідуальнай ці ручной зброі, якую насіла i абслугоўвала адна асоба, традыцыйныя даагнёвыя віды дамінавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім да канца разглядаемага перыяду.

Кидальная зброя

Пры даследаванні сродкаў паражэння праціўніка на адлегласці Найбольшую складанасць уяўляе аналіз кідальнай зброі. Гэта абумоўліваецца шэрагам прычын:

1) прыярытэтнае бытаванне большасці відаў кідальнай зброі да канца XV ст., г. зн. у перыяд, слаба прадстаўлены пісьмовымі крыніцамі;

2) большая сувязь развіцця агняпальнай зброі з заходнімі ўплывамі, а значыць, i шырэйшае выкарыстанне ў дачыненні да яе больш распрацаванай заходняй тэрміналогіі; 3) слабая прадстаўленасць кідальнай зброі XV - XVI ст. рэчавымі крыніцамі.
Што да рэчавых крыніц, то досыць частымі знаходкамі пры раскопках гарадоў i замкаў Вялікага Княства Літоўскага з’яўляюцца наканечнікі стрэл i арбалетных балтоў, якія належаць да элементаў узбраення, што найбольш часта сустракаюцца падчас археалагічных даследаванняў. Тым не менш спецыфіка стрэл i балтоў як снарадаў кідальнай зброі прымушае разглядаць ix у большай ступені, чым у выпадку з іншай зброяй, у якасці магчымых баявых сродкаў не ваяроў Вялікага Княства Літоўскага, а ix праціўнікаў. Гэтая акалічнасць, а таксама складанасці ў выяўленні i сістэматызацыі стрэл i балтоў з усёй абазначанай тэрыторыі не дазваляюць заняцца ix асобным аналізам.

Лукі.

Лук з’яўляецца адным з найстаражытнейшых тыпаў зброі, разлічанай на паражэнне праціўніка на значнай адлегласці. У аснове прынцыпу дзеяння лука ляжыць згінанне пругкага прута шляхам адцягвання прымацаванай да яго канцоў струны - цецівы, якая пры рэзкім выпростванні прута напінаецца i выкідае снарад. Выдзяляюць простая лукі, у якіх прут, ці лукавішча, выраблялася з аднаго кавалка дрэва пэўных парод, i складаныя, што характа-рызаваліся спецыфічнай формай лукавішча, сабранага з неаднародных матэрыялаў.
У сярэднявеччы на тэрыторыі ўсходняй Еўропы прыярытэтнае значэнне меў складаны лук. Усебаковае асвятленне праблем, звязаных з яго ўжываннем на гэтых землях у VIII - XIV ст., маецца ў класічнай працы А.Ф. Мядзведзева, таму ёсць сэнс толькі ў агульным апісанні канструкцыі падобнай зброі. Старажытнарускія лукі належалі да групы лукаў, што бытавалі на шырокім еўразійсхім абшары i былі найбольш папулярныя ў качэўнікаў Усходу. Тыловая рыса ўсіх такіх лукаў — спецыфічная канструкцыя, якая вызначалася моцным загінаннем наперад канцоў лукавішча. Пры надзяванні цецівы гэтыя канцы спачатку выпростваліся, а затым адгіналіся назад. Такім чынам значна павялічвалася пругкасць лука без павелічэння яго даўжыні, што было асабліва карысным для конных стральцоў.
Пры надзетай цеціве форма складанага лука нагадвала шырокую вялікую літару M з плаўнымі перагінамі.
Аснова старажытнарускага лука склейвалася з дзвюх планак розных пародаў дрэва (ядлоўцу i бярозы, сасны i бярозы) пры дапамозе рыбінага клею. Асобна вырабляліся з моцнага дрэва (бярозы, чаромхі i інш.) канцы лука, якія таксама прыклейваліся да асновы. Уздоўж знешняга боку лука (спінкі) наклейваліся сухажыллі; гэта значна павышала магутнасць зброі. Канцы лука з бакоў абклейваліся касцянымі накладкамі з выценкамі для цецівы, якія таксама часткова находзілі на аснову. Пасярэдзіне асновы на рукаяць наклейваліся з бакоў, а часам i знутры, яшчэ адны накладкі, а месцы сучлянення частак лука (вузлы), якіх, як правіла, было чатыры — два ля рукаяці i два ля канцоў, — абкручваліся сухажыллямі паверх клею. Пасля гэтага ўвесь лук, за выключэннем канцоў, абклейваўся паскамі вываранай бяросты для аховы ад сырасці. Старажытнарускія лукі, падобна татарскім i арабскім, рэдка мелі даўжыню больш за 160, а з надзетай цецівой — больш за 130 см. Дальнасць стральбы з такой зброі звычайна складала, на думку А.Ф. Мядзведзева, 200 - 250 м. Тыповая даўжыня стрэл на Русі вагалася ў межах 75 - 90 см.
Важным дадаткам да лука з’яўлялася налучча i калчан для стрэл. Сярод усіх тыпаў усходнееўрапейскіх калчанаў найбольшую ўвагу прыцягваюць цыліндрычныя калчаны з пашырэннем ля дна i вусця, што бытавалі яшчэ ў XIV ст. Яны вырабляліся з бяросты i мелі прымацаванае цвікамі да корпуса драўлянае дно круглых ці авальных абрысаў; зверху часам абцягваліся скурай. Даўжыня такіх калчанаў дасягала 60 - 70 см, i стрэлы ў ix насілі апярэннем уверх, прычым пашырэнне ля дна прызначалася для наканечнікаў. А.Ф. Мядзведзеў дапускае бытаванне ў XII - XIV ст. i пляскатых калчанаў на драўляным каркасе, абцягнутым скурай, якія таксама мелі пашырэнне ля дна. Умяшчальнасць старажытнарускіх калчанаў не перавышала, на думку А.Ф. Мядзведзева, 20 стрэл, у той час як калчаны качэўнікаў XIII — XIV ст., у тым ліку татараў, прызначаліся для 30 стрэл, прычым некаторыя з ix маглі мець па два калчаны.
Знаходкі рыштунку лучнікаў XIV ст. (асабліва калчанаў) на абшарах, што ўваходзілі пад канец гэтага стагоддзя ў склад Вялікага Княства Літоўскага, сведчаць аб пераемнасці традыцый ва ўжыванні тут падобнай зброі. Разам з тым на пачатку разглядаемага перыяду баявое значэнне лука ў Вялікім Княстве не было такім дамінуючым, як у «далітоўскай» Русі, дзе складаны лук дамінаваў на палях бітваў. Паводле звестак М. Стрыйкоўскага, не лукі, а арбалеты ў руках ваяроў Альгерда адыгралі выдатную ролю ў перамозе над татарамі у бітве на Сініх Водах у 1362 г. Не было лучнікаў у атрадзе Ягайлы падчас здабывання ім Драгічына Надбужскага ў 1383 г.. хоць 2/3 ліцвінскіх сіл складалі тады стральцы. Наогул, вызначыць месца i вагу лучнікаў у войску Вялікага Княства Літоўскага да пачатку XVI ст. надзвычай складана. Былі імі, несумненна, татарскія каланісты, якія з канца XIV ст. трывала ўваходзілі ў склад узброеных сіл гэтай дзяржавы. Ужо ў 1386 г. Ягайла, едучы да Кракава, меў у сваім почце шмат татараў, а ў часы Вітаўта ніводная з больш-менш значных ваенных аперацый не абыходзілася без удзелу татарскай конніцы. Ужо тады татарскія лукі, як можна меркаваць, мелі ў Літве значны аўтарытэт i адначасова разглядаліся як мясцовая экзотыка, здатная зацікавіць прадстаўнікоў Захаду. Верагодна таму падобны лук увайшоў у склад рэчаў, прэзентаваных у 1421 г. Вітаўтам паслу англійскага караля i бургундскага герцага Жыльберу дэ Лануа. Цікава, што апошні ў сваю чаргу перадаў у тым жа годзе Ягайлу ад Генрыха V два славутыя англійскія лукі.
Значна больш акрэслена выглядае выкарыстанне лука ў XVI ст. Доўгі час ён працягваў з’яўляцца неад’емным атрыбутам літоўскіх татараў. Аднак у гэты час сфера ўжывання лука далёка не абмяжоўвалася толькі асобамі татарскай нацыянальнасці. Сігізмунд Герберштэйн, апісваючы рэаліі Вялікага Княства Літоўскага першай паловы XVI ст., адзначаў, што мясцовыя ваяры ўзбройваліся лукамі, як татары, а таксама коп’ямі i шчытамі, як венгры. На практыцы можна было раз-пораз напаткаць выпадкі ўжывання лука са шчытом i нават з дрэвам, што з’яўлялася сімбіёзам «венгерскай» i «татарскай» мадэляў узбраення, як тое мела месца, напрыклад, у почце Андрэя Збаражскага, які служыў у 1528 г. у польскай наёмнай роце Яна Мялецкага, аднак да другой паловы XVI ст. «татарская» мадэль ужо трывала замацавалася за асобнай катэгорыяй ваяроў, узброеных «па-казацку». Зразумела, што аснову баявога рыштунку ў ix складаў лук, прычым лук складаны. Менавіта такія лукі фігуруюць у выяўленчых крыніцах канца XV - XVІ ст., якія ілюструюць мясцовыя рэаліі. Неаднаразова прадстаўлены складаныя лукі на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу. Выключна такімі лукамі ўзброены лёгкія конныя стральцы ліцвінскага боку на карціне «Бітва пад Оршай» (іл. XXIV с). Лукі паказаны тут у розных палажэннях - у налуччы пры левым боку ваяроў, цецівой уніз i вусцем налучча наперад, у працэсе выцягвання лука з налучча левай рукой на поўным скаку і, нарэшце, у працэсе стральбы. Звяртае на сябе ўвагу форма налучча - кароткага, на палову лука, пляскатага, вырабленага па форме самой зброі. Сустракаюцца выявы складаных лукаў i на гравюры М. Цунта, прысвечанай сустрэчы маскоўскага пасла ў Гродне ў 1567 г., але найбольш цікавымі з’яўляюцца тут выявы прывешаных з правага бока калчанаў, якія нагадваюць цыліндрычныя калчаны XIV ст. (іл. XXXVIII).
Апісанні канструкцыі ўжываных у Вялікім Княстве Літоўскім лукаў для дакументаў XVI ст. не характэрныя. У пераважнай большасці выпадкаў можна сустрэць толькі тэрмін «сагайдак», які абазначаў поўны камплект, што ўключаў лук з налуччам i калчан са стрэламі. Прыцягвае ўвагу «sahaydak tatarsky strzalamy», пра які ў іншым месцы адзначана, што ён быў з двума лукамі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Пра звычку мангольскіх воінаў мець два ці нават тры лукі пісаў яшчэ Плана Карпіні, хоць i невядома, наколькі яна была пашырана сярод татарскіх каланістаў Літвы, якія ў другой палове XVI ст. ужо настолькі адышлі ад даўнейшага нацыянальнага характару ўзбраення, што маглі не мець лукаў наогул. 3 найбольшай доляй верагоднасці можна гаварыць аб замежным паходжанні згаданага сагайдака, Раз-пораз крыніцы фіксуюць выкарыстанне лукаў, імпартаваных з Турцыі. Так, у 1516 г. у нейкага Яна Зялкоўскага быў зрабаваны «сагайдак з луком турскии». Два турэцкія лукі фігуруюць у спісе рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.
Кошты лукаў i сагайдакаў вагаліся ў залежнасці ад ix якасці i наяўнасці аздаблення. У 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета быў зрабаваны шыкоўны «сагайдак, серебром оправленый, позолотистый, на аксамите чирвоном золотом гафтованый, — который дей коштует тридцат коп Литовских». У той жа час «сагайдак з луком, з стрелами, с тетивьем мещиновым», страчаны ўраднікам таго ж двара Рыгорам Багушэўскім, каштаваў усяго «полтрети копы грошей».
«Сагайдак новый з луком и з стрелами, за который дей дано коп пять и грошей 20» быў украдзены ў 1559 г. у гараднічага i ключніка Слонімскага замка Юрыя Андрэевіча, аднак акрамя таго ён страціў i «лук новый роботы имстиславское, у лучника взял, за который копу грошей дано». Шэсць сагайдакаў для ваяводы Віцебскага вырабіў у 1580 г. на працягу 15 тыдняў магілёвец Івашка Несцяровіч, за што павінен быў атрымаць паўтары капы грошаў (па 6 гр. на тыдзень). Аднак гэта была, напэўна, мінімальная i нетыповая аплата, паколькі той жа ваявода Віцебскі толькі ў якасці задатку выдаў асобам, што нанялі Несцяровіча, пяць коп грошаў.

Арбалеты.

Арбалет вядзе свой генезіс з часоў антычнасці. Гэтая зброя фіксуецца ўжо рымскімі крыніцамі IV ст. Новая фаза ва ўжыванні арбалета ў Еўропе пачынаецца з канца X ст., i ў далейшым ён выступае ў сярэднявеччы як адзін з асноўных відаў зброі далёкага бою. Арбалет уяўляў сабой механізаваны лук, прымацаваны настала да ложа пры дапамозе шнуроў, скураных рамянёў ці пары металічных петляў, якія пасля ўстаўляння ў ix лука закліньваліся. Арбалетная ложа забяспечвалася прыстасаваннем для ўтрымання цецівы ў нацягнутым стане i спускавым механізмам. Такая канструкцыя дазваляла раздзяліць працэсы напінання зброі, прыцэльвання i страляння, якія ў выпадку выкарыстання звычайкага лука праводзіліся практычна аднамомантна. Дзякуючы гэтаму, карыстанне арбалетам з’яўлялася больш лёгкім, зручным і патрабавала меншай спрактыкаванасці.
Галоўны элемент спускавога механізма арбалета складала шайба-«арэх», змешчаная ў спецыяльным гняздзе ложа такім чынам, што над яго паверхняй выступаў толькі зачэп для цецівы. Несвоечасовае вызваленне цецівы з зачэпа прадухілялася курком ці спускавым рычагом, які ўпіраўся ў засечку арэха насупраць зачэпа. У месцы праходжання восі пракручвання арэх мог мець адтуліну для мацавання да ложа, аднак у некаторых арбалетаў арэхі не мацаваліся, а свабодна «плавалі» у гняздзе.
Першапачаткова нацягванне арбалета ажыццяўлялася ўручную. 3 XIII ст. i пазней для гэтага пачалі ўжываць разнастайныя прыстасаванні, такія як нацяжны крук, «казіная нага», англійскі калаўрот i нямецкі калаўрот. Найпрасцейшым i найбольш раннім прыстасаваннем быў падвешаны да пояса нацяжны крук, адзінарны ці двайны, які чапляўся за цеціву, у той час як у спецыяльнае стрэмя, прымацаванае да пярэдняй часткі ложа перад лукам, устаўлялася сагнутая нага. Выпростваючы нагу ці разгінаючы тулава, стралец нацягваў лук да фіксацыі цецівы зачэпам арэха. Магчымасць досыць хуткага прывядзення зброі ў баявую гатоўнасць як пешым, так i конным ваяром абумовіла папулярнасць i працяглы час бытавання такой сістэмы.
«Казіная нага» ўяўляла сабой камбінаванне двайнога крука з аднаплечавым рычагом, да якога ён мацаваўся на шарнірах. Рычаг чапляўся раздвоеным канцом за спецыяльныя штыфты на ложы i адводзіўся назад, адцягваючы крук з цецівой. Пасля напінання цецівы прылада здымалася, аж пакуль не ўзнікала неабходнасць у новым напінанні. Яшчэ больш эфектыўным быў англійскі калаўрот, пабудаваны на прынцыпе блока ці сістэмы блокаў, а таксама нямецкі калаўрот, у аснове якого ляжала чарвячная ці зубчастая перадача, пры дапамозе якой рукаяць круціла шасцярню са штыфтамі. Штыфты ў сваю чаргу рухалі зубчастую рэйку, забяспечаную на адным з канцоў двайным круком для зачэпу цецівы. Перадатачны механізм змяшчаўся ў металічны корпус, які пры нацягванні чапляўся за штыфты на ложы. Выкарыстанне падобных прыстасаванняў дазваляла значна павялічыць сілу нацяжэння арбалетаў, што зрабіла магчымым пераход да больш магутных лукаў, у тым ліку з рогу ці сталі. Для такіх лукаў патрабавалася адпаведна тоўстая трывалая цеціва. Прабіўная здольнасць стралы (балта), выпушчанай з дасканалага арбалета, была вышэйшай, чым у звычайнага лука, аднак па хуткастрэльнасці арбалет, асабліва са складаным нацяжным механізмам, саступаў луку ў некалькі разоў.
Спецыфічную канструкцыю мелі i арбалетныя балты. Дрэўкі ix былі карацейшыя, але больш масіўныя, чым у звычайных стрэл. Масіўнасцю вызначаліся i наканечнікі балтоў, кароткія i гранёныя, выдатна прыстасаваныя для прабівання засцерагальнага ўзбраення праціўніка.
На землях, што ўваходзілі ў разглядаемы перыяд у склад Вялікага Княства Літоўскага, арбалеты маглі ўпершыню з’явіцца ў канцы XII ст. Але яшчэ на пачатку XIII ст. тут, здаецца, не існавала сталых навыкаў абыходжання з падобнай зброяй. Па сведчанні Генрыха Латвійскага, палачане, якія штурмавалі ў 1206 г. лівонскі замак Гольм, не ведалі ўжывання арбалета, хоць i былі вопытныя ў стральбе з лука. Разам з тым ужо Міндоўг меў у 1253 г. атрады наёмных нямецкіх арбалетчыкаў, а да канца XIV ст. арбалет выступав як досыць тыповая зброя ваяроў Вялікага Княства, хоць сам тэрмін «арбалет» тут не быў вядомы. Замест яго побач з лацінскім найменнем «balista» ўжывалася назва «самастрэл». а пазней - «куша». Нельга не звярнуць увагу на тое, што пісьмовыя крыніцы да канца XV ст. прыносяць значна больш інфармацыі аб выкарыстанні ў Вялікім Княстве Літоўскім арбалетаў, чым лукаў, што сведчыць аб той важнай ролі, якая адводзілася менавіта гэтаму віду кідальнай зброі. Эфектыўнымі аказаліся арбалеты ў барацьбе з мабільнай татарскай конніцай, узброенай лукамі, падчас бітвы на Сініх Водах у 1362 г. 3 30 капійнікамі i 60 арбалетчыкамі (cum triginta lanceis et sexaginta balistariis) здабываў Драгічын Надбужскі ў 1383 г. Ягайла. Ужо тады ў ліцвінскім войску мелася, як можна меркаваць, значная колькасць механізаваных лукаў. Тым не менш патрэба ў забеспячэнні гэтай зброяй мясцовых ваяроў працягвала існаваць, таму пасля атрымання Ягайлам польскай кароны ў 1386 г. арбалеты ўзгадваюцца як важны артыкул, імпартуемы ў Вялікае Княства з Польшчы, прычым забеспячэнне імі прадстаўнікоў вайсковага люду праводзілася як у індывідуальным парадку, так i шляхам высылкі цэлых партый самастрэлаў.
Вялікую колькасць арбалетаў, напрыклад, прывёз Ягайла з Польшчы падчас свайго прыезду ў Літву ў лістападзе 1390 г. Дваццаць арбалетаў па 1 грыўне i 5 скойцаў за кожны было выслана ў Вільню ў 1393 г. Пад 1394 г. фіксуецца высылка ў Вільню яшчэ семнаццаці экземпляраў, сумарны кошт якіх складаў 20 грыўняў i 7 грошаў. У тым самым годзе чатыры арбалеты, за якія было заплочана 4 грыўны 16 скойцаў, вёз Вітаўту ягоны пісар Пётр. 1 капа грошаў была выдаткавана каралеўскім скарбам на набыццё арбалета нейкаму Добку, які знаходзіўся пры Скіргайле, а ў наступным годзе за кошт каралеўскага скарбу арбалет за 7 вярдункаў набыў пасол Вітаўта Ваўчок.
Шэраг крыніц узгадваюць арбалеты побач з артылерыйскай зброяй. Не выключана, што ў гэтых выпадках гаворка ідзе пра цяжкія аобалеты, якія ўжываліся для выканання такіх самых задач, што i артылерыя. «Bombardis, balistis» захапіў з сабой Вітаўт, калі пасля прымірэння з Ягайлам вяртаўся ў 1392 г. з Тэўтонскага ордэна. Паводле Патрыяршага, альбо Ніканаўскага, летапісу, «в кованых телегах на чепех железных, со многими пищалми и пушками и самострелы» размяшчалася частка ліцвінскіх сіл падчас бітвы на Ворскле ў 1399 г. Варта падкрэсліць, што тут, падобна як i у бітве на Сініх Водах, арбалеты паказалі сваю высокую эфектыўнасць у барацьбе з татарскай кавалерыяй. Цвярскі летапіс піша пра гэта так: «И в то время приспе Темир Кутлуй с многыми полкы ратными, и сретошася с Витовтом в поле на реце на Верськле, и бе страшно видети в т(ой) час силы великыа снимающеся, а наперед прииде Едигий, и ударишася полци идуще, стрелы акы дождеваа туча обоих, от Ляхов самострелы, и начаша Едегеа самострелы перемогати Литва...». Пра значную ролю арбалетаў ў абароне фартэцый яшчэ ў канцы XV ст. сведчыць спецыяльны загад вялікага князя Аляксандра, дадзены ў 1492 г. намесніку Краснасельскаму i ключніку Луцкаму, у якім гаварылася: «коли быхмо мели слати на замки нашы украинные пищали и самострелы и порох пушечный на кольку воз, на пяти або на шести, маюць они под нашы тые речи подводы з возы давати».
Разам з тым, падобна як i ў краях «лацінскай» Еўропы, у Вялікім Княстве Літоўскім арбалеты ўжываліся не толькі для аблогі i абароны ўмацаванняў, але таксама ў якасці ручной зброі конных стральцоў. Так, напрыклад, Вітаўт надаў у 1425 г. нейкаму Пятру з Гумова войтаўства Тыкоцінскае, за што згаданы Пётр i яго нашчадкі мусілі выязджаць «ad omnes expeditiones generates cum uno balistario». «С кушею... на своем коне добром» абавязваўся ў 1469 г. служыць Якубу Неміровічу Шчыту Фёдар, войт сяла Бацікавічы. На магчымасць небаявога выкарыстання арбалета, а менавіта на паляванні, ускосна ўказвае фіксацыя «рэестрам паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. разам з арбалетамі «болтов 7 шипов 14 а вилиц 5 а неосажоных вилиц пять а стрил 7 десятков готовых». Узгаданыя тут «віліцы» з’яўляліся, праўдападобна, балтамі з раздвоенымі наканечнікамі, ужыванымі для паляўнічых мэтаў.
Тэрміны, што выкарыстоўваліся ў Вялікім Княстве для абазначэння арбалетаў, ніяк не адлюстроуваюць асаблівасці ix канструкцыі, з якіх найбольшую цікавасць выклікае сістэма нацягвання цецівы. Для параўнання, на землях Тэўтонскага ордэна арбалеты з паясным нацяжным круком называліся «ste-gereiffarmbrost», з «казінай ножкай» - «rucharmbrost», а з калаўротам -«windearmbrost». Найпрасцейшым, але пашыраным у Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў канцы XV ст. прыстасаваннем з’яўляўся паясны нацяжны крук. Выкарыстанне падобнага крука прадстаўлена ў схематычнай, але досыць рэалістычнай манеры на адной з мініяцюраў Радзівілаўскага летапісу. Адзінарны крук з раздвоенай асновай, на якой маюцца дзве адтуліны для мацавання да пояса, знойдзены ў Лідскім замку (мал. 18: 13). Паводле існуючых аналагаў, крук датуецца XIV ст.
Бытавалі ў Вялікім Княстве i больш складаныя нацяжныя механізмы. Узгадкі пра «гевары», альбо «геверы», якія з’яўляліся, на думку Я. Шымчака, нямецкімі калаўротамі з шасцярнёй i зубчатай рэйкай, сустракаюцца ў дакументах пачатку XVI ст., хоць можна меркаваць, што выкарыстоўваліся яны i раней. «Ваlista cum hewar» была аддадзена ў 1502 г. палачаніну Герману Платэншлегеру як заклад за грошы, пазычаныя ў яго наёмным жаўнерам Станіславам Вольскім. «Самострилы 2 а гевер один» двойчы фігуруюць у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. «Куша а три гевари» меліся ў 1515 г. у арсенале Крычаўскага замка.
У археалагічным матэрыяле дэталі арбалетаў прадстаўлены элементамі спускавых механізмаў. У слаі XV ст. Мсціслаўскага замчышча выяўлены два простыя спускавыя куркі-рычажкі блізкай канструкцыі, з паваротнай воссю пасярэдзіне. Разам з тым па форме яны адрозніваюцца адзін ад аднаго: калі плечы першага рычажка складаюць амаль адну простую лінію, то абрысы другога аддалена нагадваюць літару S (мал. 18: 1 — 2).
У познесярэднявечных слаях Гродна (XIV ст.), Вільні (другая палова XIV - першая палова XV ст.) i Брэста (XV ст.) знойдзены касцяныя арэхі (мал. 18: 3 — 12). Асабліва цікавымі з’яўляюцца два арэхі XV ст. з Брэста, якія маюць не толькі зубападобныя зачэпы для цецівы ў верхняй частцы, але i выступы ўнізе для ўпора курка. Таўшчыня брэсцкіх арэхаў 20 — 25 мм, дыяметр 40 — 55 мм. Цікавасць уяўляюць i знаходкі з Вільні. Характар матэрыялу, які спадарожнічаў ім, у прыватнасці касцяныя накладкі (мал. 18: 14 — 16), сведчыць, што яны былі выяўлены на месцы майстэрняў, дзе вырабляліся i рамантаваліся арбалеты. Усе арэхі, як з Гродна, так i з Брэста i Вільні, маюць адтуліну для мацавання па цэнтры.
Апошнія згадкі аб ужыванні арбалетаў ў Вялікім Княстве Літоўскім прыпадаюць на пачатак XVI ст. У далейшым яны выходзяць з баявога ўжытку. У попісах войска другой паловы гэтага стагоддзя яны не фігуруюць, таксама як i ў інвентарах тагачасных арсеналаў. I толькі ў збраёўні Брэсцкага замка мелася ў 1566 г. «болтов до куш 5», якія засталіся тут, відаць, з папярэдніх часоў, калі арбалеты складалі значную канкурэнцыю іншым відам зброі далёкага бою.

Даагнёвая артылерыя.

Пры разглядзе кідальнай зброі нельга абмінуць такога яе віду, як даагнёвая артылерыя, альбо машыны, для абслугоўвання якіх патрабавалася некалькі асоб i якія выкідалі снарады пры дапамозе механічнай энергіі, без ужывання пораху. Сфера прымянення такіх машын была даволі шырокай, аднак найбольшую актуальнасць мелі яны пры здабыванні фартыфікацыйных аб’ектаў.
У аснове сістэматызацыі даагнёвай артылерыі ляжаць тры асноўныя крытэрыі: 1) від выкіданага снарада; 2) траекторыя палёту снарада; 3) крыніца энергіі, якая выкарыстоўвалася для выкідання снарада. Паводле першага крытэрыю ўсе машыны падзяляюцца на тыя, якія выкідаюцца стрэлы, i тыя, у якіх выкідаюцца камяні ці ядры. Паводле траекторыі палёту снарада выдзяляюцца машыны з навясной i плоскай траекторыяй, у той час як крытэрый крыніцы энергіі для выкідання снарада дазваляе выдзеліць неўрабалістычную i барабалістычную артылерыю. Неўрабалістычная артылерыя дзейнічала па прынцыпе выкарыстання энергіі пругкасці эластычнага матэрыялу (сціснутага, сагнутага ці скручанага). У барабалістычных машын снарад выкідаўся пры дапамозе двухплечавага рычага шляхам прыкладання большая сілы да карацейшага пляча. Снарады неўрабалістычных машын у залежнасці ад канструкцыі апошніх маглі мець навясную траекторыю, тады як барабалістычных - толькі навясную.
Інфармацыя аб выкарыстанні даагнёвай артылерыі ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XIV - XVI ст. вельмі фрагментарная i неканкрэтная. У большасці выпадкаў падобныя механізмы фігуруюць пад абагульняльнай назван «maсhinae» i іншымі падобнымі тэрмінамі. Так, у 1383 г. літоўскія сілы праводзілі аблогу Трокаў пры дапамозе «machіnarumque et pixidum», прычым слова «maсhinae» магло азначаць тут любыя, прыстасаванні для аблогі фартэцый, як кідальныя машыны, так i тараны, рухомыя вежы i нават гарматы. «Machinas... transmittit» пасылаў Ягайла ў 1390 г. Яську Алясніцкаму, прызначанаму літоўскім старастам. Трохі больш канкрэтнай выглядае інфармацыя Длугаша аб «bombardis, machinis et ligneis tormentis», якія меліся ў Вітаўта падчас паходу ў 1428 г. на Ноўгарад. Несумненна, што пад «ligneis tormentis» тут несумненна разумеліся кідальныя машыны, якія храніст, дарэчы, аддзяляе ад іншых «махін» i бамбардаў, аднак нічога больш канкрэтнага пра ix сказаць нельга.
Адзінай катэгорыяй кідальных машын, ужыванне якіх у Вялікім Княстве Літоўскім не выклікае ніякага сумнення, з’яўляліся барабалістычныя рычажныя машыны. У познім сярэднявеччы ў Еўропе выкарыстоўваліся некалькі варыянтаў такіх механізмаў. Адны з ix прыводзіліся ў дзеянне праз прымацаванне да карацейшага пляча рычага нерухомай процівагі. Рэзкае апусканне пляча з процівагай прыводзіла да праварочвання замацаванай на спецыяльным станку драўлянай бэлькі, якая выконвала ролю рычага, i выкідання снарада. Падобныя машыны пры ўмове выкарыстання снарадаў аднолькавай вагі дазвалялі дасягнуць значнай трапнасці стральбы.
Існавалі таксама рычажныя механізмы з рухомай процівагай, якая дазваляла павысіць дальнасць стральбы, хоць трапнасць такіх машын была больш нізкай. Спалучэнне рухомай процівагі з нерухомай прывяло да ўзнікнення механізмаў, якія стралялі больш трапна за машыны з рухомай процівагай i далей за тыя, у якіх процівага была замацавана нерухома. I, нарэшце, бытавалі таксама механізмы, у якіх замест процівагі выкарыстоўвалася ручное нацяжэнне, для чаго да карацейшага пляча рычагоў мацаваліся пастромкі.
Пра выкарыстанне барабалістычных машын у войску Вітаўта падчас пскоўскай выправы 1426 г. сведчаць ордэнскія данясенні, у якіх гаворыцца аб намерах вялікага князя icцi на Пскоў «mit bliden, thumeler und busschen». Такім чынам, армія Вялікага Княства Літоўскага рушыла ў паход, маючы машыны з рухомай процівагай, паколькі менавіта яны называліся на Захадзе «блідамі». Гэты факт пацвярджаецца яшчэ адной крыніцай, а менавіта Пскоўскім першым летапісам, які піша аб тым, што Вітаўт у 1426 г. «стоял под Вороночом три недели, пороки исчинивше и шибаючи на град».
Тэрмін «порок», які ў розных варыянтах быў уласцівы славянскім мовам, азначаў тое ж самае, што i «бліда», г. зн. барабалістычную машыну з рухомай процівагай. Разам з тым этымалогія гэтага слова шырэйшая i звязана, як лічыцца, са словам «прашча». Перанясенне назвы ручной кідальнай зброі на досыць складаны барабалістычны механізм стала магчымым дзякуючы таму, што для павелічэння магутнасці апошняга ягонае даўжэйшае плячо забяспечвалася прашчой і, такім чынам, ён выступаў як своеасаблівая механізаваная прашча гіганцкіх памераў. Наколькі гэты факт усведамляўся сучаснікамі, сведчыць тое, што рычажныя кідальныя машыны ў шэрагу выпадкаў маглі называцца проста прашчамі. Таму не выключана, што прашчы (fundis), якія выкарыстоўваліся ў 1431 г. супраць палякаў ваярамі Вялікага Княства Літоўскага пры абароне Луцка, таксама былі механізаванымі.
Асобную трупу кідальных машын складалі цяжкія арбалеты, што стралялі вялікімі балтамі, ядрамі ці драўлянымі бэлькамі. Такія машыны маглі быць як статычнымі, так i на колах. Па-нямецку яны называліся адпаведна «Standarmbrust» i «Wagenarmbrust». Ніякіх спецыяльных тэрмінаў, якія б указвалі на выкарыстанне цяжкіх арбалетаў у Вялікім Княстве Літоўскім, не выяўлена, хоць, як ужо адзначалася, яны маглі фігураваць пад тымі ж назвамі, што i ручная зброя аналагічнага прынцыпу дзеяння. Так, напрыклад, Длугаш, гаворачы аб вяртанні Вітаўта з Тэўтонскага ордэна ў Літву ў 1392 г., акцэнтуе ўвагу на тым, што гэты князь захапіў з сабой «bombardis, balistis». Уяўляецца цалкам верагодным, што гаворка ідзе якраз аб кідальных машынах, бо факт вяртання з лёгкімі арбалетамі, якія з’яўляліся індывідуальнай зброяй канкрэтных ваяроў i былі ix натуральным спадарожнікам у падобных вандроўках, успрымаўся як звычайная справа i наўрад ці быў бы адзначаны спецыяльна. Аднак калі б тут мелася на ўвазе зброя, захопленая ў крыжакаў i транспартаваная на вазах, то нелагічным выглядала б ігнараванне іншых, часам не менш каштоўных відаў узбраення, у тым ліку засцерагальнага.
З’яўленне i распаўсюджанне агнёвай артылерыі прывяло да выцяснення з ужытку кідальных машын. Звесткі аб ix выкарыстанні ў Вялікім Княстве Літоўскім пазней за 30-я гг. XV ст. адсутнічаюць. Толькі арбалеты фігуруюць у крыніцах яшчэ на пачатку XVI ст., але трактаванне ix як цяжкой, артылерыйскай зброі ў кожным канкрэтным выпадку не выходзіць за рамкі гіпотэз.

Агняпальная зброя

Канец непадзельнага панавання кідальнай зброі быў звязаны з пашырэннем практыкі выкарыстання ў ваенных мэтах пораху - сумесі драўнянага вугалю, серы i салетры, узятых у пэўных прапорцыях. Порах i энергія, што атрымліваліся пры яго згаранні, вядомыя даўно, але ўжыванне агняпальнай зброі ў Еўропе можна заўважыць толькі ў першай палове XIV ст. Найбольш раннія звесткі аб агнёвай артылерыі, якія заслугоўваюць даверу, датуюцца 1326 г. Пару дзесяцігоддзяў пазней з’яўляецца інфармацыя аб ужыванні ручной агняпальнай зброі.
Эвалюцыя агняпальнай зброі адбывалася ў Еўропе шпаркімі тэмпамі. Ужо да канца XV ст. яна дасягнула значнага развіцця, што выявілася ў бытаванні вялікай колькасці яе відаў. У аснове ix выдзялення ляжалі тры асноўныя крытэрыі – матэрыял, з якога вырабляўся снарад, велічыня гэтага снарада i канструкцыя выкіднога прыстасавання (ствала). Паводле двух апошніх крытэрыяў уся агняпальная зброя падзялялася, праўда даволі ўмоўна, на сценабітную артылерыю, палявую артылерыю i ручную зброю. Снарады агняпальнай зброі маглі вырабляцца з каменю альбо металу (жалеза, свінцу ці бронзы). Зброя, што страляла каменнымі снарадамі, у нямецкай мове называлася «Steinbuchsen», у той час як на Русі яна была вядомая як «пушкі». Для акрэслення зброі, прыстасаванай для выкідання металічных снарадаў, ужываўся нямецкі тэрмін «Lotbuchsen», славянскім адпаведнікам якога з’яўлялася назва «пішчаль». Найлягчэйшыя пішчалі выступалі ў якасці ручной агняпальнай зброі - ручніц. Пераходны варыянт паміж артылерыйскай i ручной агняпальнай зброяй складалі т. зв. «гакаўніцы» (ва ўсходняй Русі - «зацінныя пішчалі»), пярэдняя частка якіх знізу была забяспечана спецыяльным круком («гакам»), пры дапамозе якога ix з мэтай зніжэння аддачы пры стралянні чаплялі за выступ муру ці іншую апору.
Эвалюцыя назіралася i ў прадукаванні пораху. Першапачаткова ён быў «гладкі» i ўяўляў сабой мукападобную масу, якая ў XIV ст. уключала 66,5 % салетры, 16,75 % серы i 16,75 % вугалю. 3 пачатку XV ст. порах пачалі грануляваць, што за кошт стварэння паветранай праслойкі паміж грануламі паскарала працэс гарэння, а значыць, i павышала яго выбуховую моц, а таксама прадухіляла распаданне на састаўныя часткі. Разам з тым менавіта па прычыне большай магутнасці грануляванага пораху яго на працягу яшчэ цэлага стагоддзя не выкарыстоўвалі для зараджання гармат, каб пазбегнуць ix разрывання. Нават у XVI ст. некаторыя тэарэтыкі артылерыі рэкамендавалі прымяняць зярністы порах толькі для ручной агняпальнай зброі, паколькі яго зручней было засыпаць у вузкія ствалы ручніц.
Бытаванне розных гатункаў пораху ў Вялікім Княстве Літоўскім магло мець месца ўжо ў другой палове XV ст., на што ўказвае фіксацыя пад 1480 г. у Крамянецкім замку «пушечного пороху пол-бочки». Больш дакладную інфармацыю аб градацыі пораху падаюць крыніцы XVI ст., паводле якіх ён дзяліўся на гарматны («пушачны», «дзельны»), гакаўнічны i ручнічны. У аснове гэтага падзелу па-ранейшаму ляжала велічыня парахавых гранул. Так, у Полацкім замку ў 1552 г. апроч згаданых трох гатункаў пораху мелася яшчэ «пороху змешаного на земли згребеного пуд, которого дано до пушкара на пересеене». Разам з тым гатункі пораху адрозніваліся i па прапорцыях ягоных састаўных частак. Як сведчаць распрацоўкі тагачасных аўтараў, калі склад гарматнага пораху набліжаўся да таго, які меў месца яшчэ ў XIV ст., то ў гакаўнічным i тым больш ручнічным пораху працэнт утрымання салетры быў вышэйшы (да 90 %), у той час як колькасць серы i вугалю змяншалася.

Агнёвая артылерыя.

Недасканалаць першай агняпальнай зброі абумоўлівала тое, што яна стварала хутчэй псіхалагічны, чым практычны эфект. Самыя раннія гарматы мелі выгляд флакона i стралялі снарадамі, якія нагадвалі вялікую стралу. Неўзабаве гарматы набываюць форму трубы з глухім тыльным канцом, а стрэлападобныя снарады выцясняюцца круглымі ядрамі, якія згадваюцца разам з металічнымі стрэламі ўжо ў 1326 г. Трубападобнае тулава гарматы (ствол) адлівалася з бронзы ці зварвалася з жалезных палос. Каб прадухіліць разрыванне ствала падчас стрэлу, на яго дадаткова набіваліся жалезныя абручы. Тым не менш выпадкі разрывання гармат нават пасля першага ж стрэлу мелі месца нават у XV ст.
Клопатнай i працаёмкай справай з’яўлялася першапачаткова i абслугоўванне гармат. Пры здабыванні фартыфікацыйных аб’ектаў яны клаліся проста на зямлю, якая адпаведна прафілявалася для надання ствалу такога вугла, пры якім снарад набылаў неабходную траекторыю. Аднак ужо ў XIV ст. пачалі вырабляцца спецыяльныя ложы пад гарматы (нерухома змацоўваліся са ствалом i размяшчаліся на козлах ці на колах), а ў першай палове XV ст. - лафеты. У сярэдзіне гэтага стагоддзя былі вынайдзены чопы, ці цапфы, -металічныя выступы на стволе, пры дапамозе якіх ён злучаўся з ложай. Дзякуючы гэтаму, транспарціроўка i абслугоўванне агнёвай артылерыі значна аблегчылася, што паспрыяла больш шырокаму яе выкарыстанню не толькі пры здабыванні i абароне фартэцый, але i ў палявым баі.
Прыстасаванне гармат для стральбы каменнымі альбо металічнымі ядрамі знаходзілася ў цеснай сувязі з канструкцыяй ix ствалоў. Спецыфічнай рысай канструкцыі каменякідальных гармат (пушак) з’яўляўся неаднолькавы дыяметр канала ствала па ўсёй даўжыні, які ў каморнай частцы, прызначанай для парахавога зарада быў больш вузкі. На думку А.М. Кірпічнікава, гэта рабілася для зніжэння рызыкі разрыву яе парахавымі газамі.
Усе пушкі падзяляліся на асобныя катэгорыі. У аснове гэтага падзелу ляжаў дыяметр ствольнага канала ў месцы вылету ядра - калібр. У Заходняй Еўропе каменякідальныя гарматы з калібрам ад 120 да 200 мм лічыліся лёгкімі. Цяжкія пушкі мелі калібр ад 250 да 450 мм, у той час як вельмі цяжкія - ад 500 да 800 мм. Разам з тым існавалі экземпляры, калібр якіх выходзіў за рамкі гэтай класіфікацыі. Былі вядомыя каласальныя гарматы з калібрам да 850 мм, а калібр славутай «цар-пушкі» (праўда позняй, вырабленай у 1585 г.) складаў ажно 920 мм. Адначасова каменякідальная артылерыя характарызавалася адносна кароткім ствалом, які ў XV ст., як правіла, не перавышаў 9 калібраў.
Пушкі вялікіх калібраў прызначаліся для разбурэння фартыфікацыйных аб’ектаў i належалі да катэгорыі бамбардаў. Цяжкія бамбарды былі надзвычай нязручнымі для транспарціроўкі. У выніку ўзніклі т. зв. «шрубніцы» са стваламі з дзвюх частак, якія скручваліся перад непасрэдным ужываннем пры дапамозе магутнага вінта. Мадыфікацыяй бамбардаў з’яўлялася марціра (ва ўсходняй Русі называлася «верхавой пушкай»), для якой быў характэрны кароткі ствол пры значным калібры. 3 марцір вёўся агонь па навясной траекторыі.
Лёгкія пушкі з калібрам да 230 мм належалі да палявой артылерыі. У пісьмовых крыніцах яны часта фігуруюць пад тэрмінам «гуфніца», які, пэўна, вядзе свой пачатак ад слова «гуф». Такім чынам, гуфніца - гэта гармата, якая знаходзілася пры гуфах i служыла для абстрэлу гуфаў праціўніка. Даўжыня каморнай часткі гуфніц звычайна раўнялася 1,5 калібра, тады як дульнай часткі, у якой змяшчаўся снарад, — ад 3,5 да 4 калібраў. Іншыя суадносіны каморы i дула мае лёгкая пушка (прыблізна 1375 - 1425 гг.), знойдзеная ў Ржэве, які ў гэты час знаходзіўся на літоўска-маскоўскім памежжы. Пры калібры 122 — 127 мм яна мае агульную даўжыню 46 см, прычым камерная i дульная часткі суадносяцца як 1,5: 1. Першапачаткова гуфніцы транспартаваліся на вазах, але неўзабаве былі забяспечаны двухколавым лафетам. Змяненне вугла падымання ствала гуфніц рэгулявалася спецыяльным механізмам.
Адметную ад пушак канструкцыю мелі гарматы, прызначаныя перадусім для стральбы металічнымі снарадамі, - пішчалі. У цэлым пішчалі належалі да сярэдней i даўгаствольнай артылерыі i адначасова характарызаваліся значна меншым, чым у пушак, калібрам, а таксама роўным па ўсёй даўжыні каналам ствала, без звужэння ў каморнай частцы. Гэта абумоўлівалася неаднолькавай шчыльнасцю металу i каменю, што дазваляла паменшыць дыяметр металічных ядраў без змяншэння ix масы, прычым велічыня парахавога зарада, а значыць, i шырыня каморнай часткі заставалася нязменнай.
Пішчалі ўжываліся для здабывання i абароны фартэцый, а таксама ў палявым баі. Пераважна для абароны фартыфікацыйных збудаванняў служылі т. зв. «тарасніцы». Калібр тарасніц быў нязначным і вагаўся ў межах 40 — 100 мм. Даўжыня ствала падобных гармат раўнялася 21 - 29 калібрам. Даўгаствольныя гарматы малых калібраў, што мелі назву «серпантына», складалі разам з гуфніцамі палявую артылерыю.
Надзвычай важным накірункам ва ўдасканаленні гармат з’яўлялася павелічэнне ix хуткастрэльнасці. Дзеля гэтага ўжо ў першай палове XV ст. былі сканструяваны гарматы з заменнымі парахавымі каморамі. Пакуль з адной адбываўся стрэл, другая зараджалася, трэцяя чысцілася i г.д. У баявой пазіцыі камора ўстаўлялася ў спецыяльную нішу ззаду дула i мацавалася пры дапамозе кліна. Адмоўнай рысай падобных гармат, называных часам «фоглерамі», з’яўлялася няшчыльнае прыляганне каморы да дула, што прыводзіла да ўцечкі часткі парахавых газаў. Павелічэння хуткастрэльнасці можна было дасягнуць таксама, размяшчаючы па некалькі гарматных ствалоў на адным лафеце; такая канструкцыя называлася «арганам».
У Вялікім Княстве Літоўскім з агняпальнай зброяй пазнаёміліся, як можна меркаваць, дзякуючы кантактам з Тэўтонскім ордэнам. У 1362 г. яна была выкарыстана крыжакамі пры аблозе Коўна. Агняпальны характар мелі, на думку даследчыкаў, «гукі», пры дапамозе якіх нямецкія рыцары здабывалі ў 1377 г. «Новы замак» у Полацкай зямлі. Уласную агняпальную зброю ваяры Вялікага Княства Літоўскага маглі таксама атрымаць ад крыжакаў у 1382 г., а ў 1383 г. літоўскія сілы ужо самі здабывалі Трокі, ужываючы «pixidum». На пачатак 80-х гг. прыпадаюць таксама першыя ўзгадкі аб выкарыстанні агняпальнай зброі ў Маскоўскай дзяржаве (1382 г.), Чэх’іі i Польшчы (1383 г.). 3 гэтага часу i пазней інфармацыя аб гэтым новым відзе зброі далёкага бою ўсё часцей сустракаецца на старонках пісьмовых крыніц. «Bombardorum» прывёз у Літву з Польшчы Ягайла ў лістападзе 1390 г. «Литвы и Немец много побиено бысть от пушек» падчас паходу Вітаўта з крыжакамі на Вільню ў 1391 г. Калі ж гэты князь у наступным годзе пакінуў Ордэн, то ён забраў з сабой у Літву «bombardis», а ў 1393 г. Вітаўт, будучы ўжо вялікім князем, ужыў гарматы пры аблозе Віцебска, занятага мяцежным Свідрыгайлам. Пад 1394 г. узгадваецца пушкар Вітаўта Конрад, які часова наведаў Кракаў. У 1399 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага выкарысталі агняпальную зброю ў палявым баі, супраць татараў у бітве на Ворскле. У 1403 г. Вітаўт «со всею силою Литовскою прииде к Смоленску... и много тружався, и пушками бив». Пятнаццаць гармат, найвялікшая з якіх выкідала камяні велічынёй з галаву, фіксуюць у 1409 г. у Троках крыжацкія данясенні. У 1426 г. Вітаўт рушыў у паход на Пскоў «mit bliden, thumeler und busschen». Знаходзіліся «bombardis» у літоўскім войску i два гады пазней, калі Вітаўт арганізаваў экспедыцыю на Ноўгарад.
Ужо ў канцы XIV - першай палове XV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім ужываліся розныя тыпы гармат. Узгадкі аб бамбардах i сценабітных пушках сведчаць аб наяўнасці тут цяжкай артылерыі, асобныя экземпляры якой павінны былі валодаць каласальнай разбуральнай сілай. Так, Патрыяршы, альбо Ніканаўскі, летапіс пры апісанні паходу Вітаўта на Ноўгарад у 1428 г. сцвярджае, што сярод іншых гармат у ліцвінскім войску знаходзілася «пушка велика велми, Галка именем, везяху ея на copoцe конех от утра до обеда, а от обеда до полудни на иных сороце конех, а до вечера на иных сороце конех». Падчас аблогі Порхава з «Галкі» быў зроблены ўсяго адзін стрэл, пасля чаго яна разарвалася, аднак «вырази пушка стрелницу изо основаниа, и у церкви святаго Николы переднюю и заднюю стену во олтари прорази, и градныя каменыа зубцы срази, и тако изыде паки из града на полки Витофтовы, и уби воеводу Полотцкого Витофтова, и много воиньства Витофтова изби, а коней множество разжрази». Пры ўсім тым, па ўдакладненні летапісца, «стрелница же та и церковь бяху камены и велми крепки». Зразумела, што ў дадзеным выпадку магло мець месца пэўнае перабольшанне магутнасці згаданай гарматы, аднак наяўнасць у Вялікім Княстве Літоўскім пушак надзвычай вялікага калібру ўяўляецца цалкам верагоднай. Пра гэта сведчаць, між іншым, каменныя ядры з розных літоўскіх замкаў, што былі перададзены ў XIX ст. Музею старажытнасцяў пры Віленскай публічнай бібліятэцы. Найбольшае з ix, з Мінскага замка, перададзенае ў 1856 г. К. Тышкевічам, мела ў акружнасці 4 аршыны (каля 90 см у дыяметры).
Бытаваў у Вялікім Княстве ў канцы XIV - першай палове XV ст. i такі від гармат, як марціры. У 1397 г. крыжацкія данясенні фіксуюць высылку Вітаутам вялікай колькасці марцір (Morser) для ўмацавання Кіева, а ў Полацкім замку «мождеры спижаные Витолтовы тры» захоўваліся яшчэ ў 1552 г. Разам з тым дакладнае размежаванне марцір i першых каменякідальных бамбардаў, прымаючы пад увагу нязначную даўжыню дульнай часткі апошніх i прыстасаванне ix для стральбы па навясной траекторыі, уяўляецца справай даволі няпростай.
Гарматы адносна невялікіх калібраў меліся, паводле ўжо згаданага крыжацкага данясення, у Троках у 1409 г. Праўдападобна, што артылерыйскі парк складаўся тут з лёгкіх пушак, якія стралялі каменнымі ядрамі, не большымі за чалавечую галаву, хоць падобны спосаб вызначэння велічыні снарада нельга прызнаць дакладным. Можна меркаваць, што палявы характар мелі гарматы, якія выкарыстаў у бітве на Ворскле Вітаўт. Патрыяршы, альбо Ніканаўскі, летапіс узгадвае яго «стоащу... в обозе, в кованых телегах на чепех железных, со многими пищалми и пушками и самострелы». Пад «пушкамі» у дадзеным выпадку, напэўна, трэба разумець лёгхія гарматы тыпу гуфніц, што баранілі імправізаванае ўмацаванне з вазоў - «вагенбург», якое было добра вядомае ў сярэднявечнай Еўропе i ў далейшым адыграла выбітную ролю ў ваеннай справе гусітаў. Больш цяжкімі для ідэнтыфікацыі з’яўляюцца «пішчалі», якія маглі быць не толькі гарматамі з роўным па ўсёй даўжыні каналам ствала, але i ручной агняпальнай зброяй. Toe ж самае можна сказаць i пра тыя пішчалі, якія разам з пушкамі i «цюфякамі» меліся ў войску Вітаўта падчас наўгародскай выправы 1428 г. Што да «цюфякоў», то ў XVI - XVII ст. гэтым тэрмінам у Маскоўскай дзяржаве абазначаліся гарматы з канічным ствалом, якія стралялі шротам, але на момант згаданых падзей ён стасаваўся да ручной агняпальнай зброі.
Першыя пісьмовыя крыніцы ўласна Вялікага Княства Літоўскага, у якіх адлюстравана мясцовая тэрміналогія, ужываная ў дачыненні да агняпальнай зброі, датуюцца другой паловай XV ст. Яны фіксуюць пушкі вялікія (бамбарды), пушкі малыя (верагодна гуфніцы), пішчалі ў цэлым i тарасніцы ў прыватнасці, а таксама фоглеры з некалькімі парахаўніцамі. Так, у 1471 г. у Вінніцкім замку знаходзілася «пушка а две пищали». У Чуднаве ў тым жа годзе меліся, «три пушки а две пищали», а ў Жытоміры - «чотыри пушки великии а пят торасниц». Артылерыйскі арсенал Крамянца ў 1480 г. складалі «три фуклери а чотыри прохницы, а пушек малых 6, а пищаль одна, а великих пушек на городе 4». Увагу прыцягвае ўзгаданая тут жа разам з пушачным порахам «шипов годных бочка». He выключана, што гаворка ідзе пра артылерыйскі шрот.
У першай палове XVI ст. у дакументах Вялікага Княства Літоўскага прасочваюцца пэўныя змены ў артылерыйскай тэрміналогіі. Знікае тэрмін «пішчаль», а каменякідальныя пушкі ўсё часцей фігуруюць пад назван «дзела», якая да сярэдзіны стагоддзя робіцца ўніверсальнай i стасуецца да ўсіх гармат. Назіраюцца зрухі i ў складзе артылерыйскага парка за кошт узрастання ў ім удзельнай вагі гармат, прыстасаваных для стральбы пераважна металічнымі ядрамі. Гэта ў сваю чаргу абумовіла імкненне да пакуль яшчэ прымітыўнай градацыі такіх гармат паводле ix велічыні, што выявілася, напрыклад, у фіксаванні такога віду, як «поўтарасніца». З’яўляюцца на старонках пісьмовых крыніц i серпантыны, якія раней спецыяльна не выдзяляліся.
Асартымент артылерыйскай зброі ў асобных арсеналах Вялікага Княства выглядае ў першай палове XVI ст. наступным чынам. У 1506 г. у Віцебску было «две пушки великих, што король летось прислал..., а два серпентыны». Арсенал Крычаўскага замка ў 1515 г. уключаў «дел большых: пушок железных чотыри, а сем пушок Московских; полутарасниц гроковниц тридцать и три;...фуглириков три». Сярод артылерыйскага рыштунку, дадзенага ў наступным годзе намесніку Мсціслаўскаму, мелася толькі «три торасницы, две одно в ложех без колёс, а третее в ложи с колесы и з ланцухом». Не ўзгадваецца іншых гармат, апроч серпантынаў, у Оўручы ў 1519 г. Падобная ж сітуацыя назіралася i ў Магільнянскім замку ў 1536 г., дзе знаходзіліся толькі «серпентины железные» i гакаўніцы.
Цікавае апісанне гармат падае «рэестр паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. Сярод каменякідальных гармат тут пералічваюцца «дело великое зелезное с одною пороховницою на дву колах», «дело гуфница меденая на дву колах», «два дела коротких меленых... а одно делце короткое меденое на столпцы стоит». Такім чынам, рэестр падзяляе каменякідальныя гарматы на тры віды - «дзела вялікія», «гуфніцы» i «дзела кароткія», прычым апошнія маглі з’яўляцца марцірамі.
Гарматы, не залічаныя складальнікамі рэестра ў катэгорыю «дзел», былі прадстаўлены фоглерамі i серпантынамі: «а серпантынов 10 а каждой серпантыне по три пороховницы а под тыми серпантыны 3 телеги по две коле а к тым серпантынам 100 кул и восьмдесят кул оловеных а ещо што оловем необлито железных кул 30 без дву а штурмовых рурок 90 без одной и железными кулками а хорма одна к усим ся трафит а фукляров 3 а каждому фукляру по 4 пороховницы а одна пороховница лишняя а к тым фуклерам 120 кул со всими приправами а к тым жо фукляром к штурму дробного каменю у лубе навязано 50 без трох». Прыцягвае ўвагу характар снарадаў абодвух відаў згаданых гармат. Апроч ядраў гэта былі жалезныя кулькі i дробныя камяні, увязаныя «у лубе» (верагодна, уся канструкцыя, якая, фактычна, уяўляла сабой карцеч, у цэлым i называлася «штурмавымі трубкамі»). Думаецца, што яны прызначаліся найперш для абароны ўмацаванняў i стральбы па праціўніку падчас штурму. Цікавым уяўляецца i тое, што серпантыны мелі заменныя парахавыя каморы i набліжаліся, такім чынам, да фоглераў. Пры ўсім тым серпантыны несумненна выступаюць тут як малыя гарматы, размешчаныя па некалькі на адным лафеце (на 10 серпантынаў прыходзілася ўсяго 3 лафеты). Гаворка ідзе, несумненна, пра такі спецыфічны від артылерыйскай зброі, як «арганы». «Парахаўніцай» было забяспечана i каменякідальнае «дзела вялікае», аднак той факт, што «парахаўніца» (каморная частка) была адна, наводзіць на думку аб прыналежнасці гэтай гарматы да шрубніц.
Шрубніцы, «арганы» i серпантыны з заменнымі парахавымі каморамi былі таксама прадстаўлены ў 1523 г. у замку Чарсвяты Полацкага ваяводства, аднак асартымент артылерыйскай зброі быў тут яшчэ шырэйшы: «тарасница на колесах кованых; гуфницы (?) две на колесах кованых; шрубницы две на колёсах кованых; полутарасницы две; фуклеры 4 на колёсах по два; другая 4 фуклеры... на колёсах, а за ним 17 коморок; четвертина меденая на пол четверты пяди; мождчер меденый трёх пядеи на колех; мождчер железныи на полторы пяди на колех; мождчер дву пядеи на колех; тры мождчеры меденых по две пяди на колех; два серпантины, а к ним 4 коморки». Складаецца ўражанне, што калібр некаторых гармат розных тыпаў, пералічаных у рэестры, супадаў. На гэта ўказвае апісанне ix снарадаў: «кул каменных к двум гуфницам, а к двум шрубницам, а к болшому мождчеру сто и шестдесят, а к пяти мождчерам сто кул, а к осми фуклерам сто и сорок кул;...серпантынных кул пол 4 копы».
Серпантыны, набліжаныя да фоглераў, меліся i ў Кіеўскім замку ў 1532 г., дзе фіксуецца «гуфниц 4, тарасниц 2, полтарасков 12, серпантынов 12». Асобна пазначаны «пороховниц зелезных до сарпантынов 9, клинов сарпантынных з ланцуги 7».
Пэўнае ўяўленне аб некаторых характарарыстыках серпантынаў даюць інвентары памежных замкаў Вялікага Княства Літоўскага, складзеныя ў 1552 г. Так, у Кіеве па-ранейшаму знаходзіліся серпантыны, згаданыя два дзесяцігоддзі раней: «дел железных серпентинов 11 долгих попол 9 пяди, кром форм, куля до них с кулак. Ложа окованы на колах простых, а иншие на столпех». Дванаццаты серпантын быў «опущон» па прычыне незабяспечанасці «формай». Пад апошняй, верагодна, трэба разумець парахавую камору, паколькі пры ўказанні даўжыні ствала гармат складальнік інвентара спецыяльна ўказвае на тое, што пры яе вымярэнні «форма» не ўлічвалася.
Параметры серпантынаў іншых замкаў адрозніваліся ад кіеўскіх. У Чаркаскім замку мeлacя 4 серпантыны, даўжыня якіх «с пороховницею» складала 10 пядзяў, 8 пядзяў, 3 пядзі i 3 пальцы i 5 пядзяў. «Куль до них до всих в одну меру, около на пядь и на долонь, каменных 44». «Сарпантин железный, вдолж 13 пядей кром формы» i серпантына ў «полдесяти пяди» знаходзіліся ў Астэрскім замку. Ядры да ix мелі адпаведна памеры «около пяди» i «поболш гусиного яйца». Мазырскі арсенал уключаў 3 добрыя серпантыны. Адзін з ix пры даўжыні 8 пядзяў страляў ядрамі з галубінае яйка. Ядры двух астатніх серпантынаў, даўжынёй 9,5 пядзяў, былі трохі большымі. Такім чынам, ніякай нормы ў калібры i даўжыні ствала ў гармат, што называліся ў сярэдзіне XVI ст. серпантынамі, не назіралася. Пры тым звычайным атрыбутам падобнай зброі з’яўлялася мабільная парахавая камора, уласцівая фоглерам. Таму можна меркаваць, што ў гэты час тэрмін «серпантына» замяніў сабой найменне «фоглер», якое паспела выйсці з ужытку i не адлюстравана ні ў адным са згаданых інвентароў.
Канструкцыйная адметнасць такіх гармат абумовіла тое, што яны заўсёды выступаюць у сярэдзіне XVI ст. пад асобным тэрмінам, тады як усе астатнія абазначаюцца пераважна агульнай назвай «дзела». Падобная з’яза моцна абцяжарвае вызначэнне ix тыпу. Лепш за ўсе выглядае сітуацыя з гарматамі, фіксаванымі інвентаром Кіеўскага замка, які можна параўнаць з рэестрам 1532 г. У 1552 г. тут мелася 12 гармат, якія могуць быць ідэнтыфікаваныя як былыя «тарасніцы» i «паўтараскі». Гэта «дзела спіжаныя» даўжынёй ад 11 да 14,5 пядзяў, прыстасаваныя пад снарады супастаўнай велічыні. Ядры дзесяці з ix мелі памеры, набліжаныя да гусінага яйка, у дзвюх акружнасць ядра раўнялася пядзі i яшчэ ў дзвюх - пядзі i тром пальцам. Апошнія, напэўна, i згадваліся ў 1532 г. як «тарасніцы». Крытэрыі, выкарыстаныя ў дадзеным выпадку для вылічэння калібру i даўжыні ствала, далёкія ад дасканаласці, аднак відавочна, што гэтая група кіеўскіх гармат у цэлым належала да даўгаствольнай артылерыі, што нехарактэрна для тарасніц XV ст. У сувязі з гэтым варта спыніцца на датаванні экземпляраў з Кіева, на якіх меліся, апроч адной з «тарасніц», даты вырабу. Другая «тарасніца» была выраблена ў 1506 г., у той час як «паўтарасніцы» датаваліся 1524 - 1529 гг.
Акружнасць ядраў яшчэ трох гармат, якія значодзіліся ў 1552 г. у Кіеве, раўнялася дзвюм пядзям i тром пальцам пры даўжыні ствала ў 6,6 - 7 пядзяў. Не выключана, што яны належалі да гуфніц, узгаданых у рэестры 1532 г. Апошняя гармата, вырабленая ў 1506 г., пры даўжыні ў 9,5 пядзі страляла ядрамі 9,5 пядзяў у акружнасці, што дазваляе залічыць яе да вельмі цяжкіх пушак, згодна з класіфікацыяй XV ст.
Каменякідальныя гарматы складалі значны працэнт артылерыі Луцкага замка ў 1552 г. Да ix можна аднесці «дзела» двух калібраў, якія прызначаліся для стральбы ядрамі 2,5 i 4 пядзі ў акружнасці. Даўжыня першых (2 шт.) раўнялася 7,5 i 8 пядзям, другіх (2 шт.) - 5 i 8 пядзям.
Яшчэ шэсць луцкіх гармат стралялі жалезнымі ядрамі. У двух экземпляраў пры даўжыні ствала 8 пядзяў ядро мела памеры качынага яйка. Яшчэ два мелі даўжыню 7,5 пядзяў i снарады трохі меншыя за курынае яйка. Ядрамі з гусінае яйка страляла гармата, ствол якой раўняўся 12 пядзям. Найменшыя памеры (5 пядзяў у даўжыню) мела сапсаваная гарматка, прыстасаваная пад ядры з галубінае яйка. Усе «дзела», як каменякідальныя, так i тыя, што стралялі жалезнымі ядрамі, былі выліты з бронзы.
У Мазырскім замку ў 1552 г. налічвалася 4 бронзавых «дзела». Два з ix, вырабленыя ў 1507 г., мелі даўжыню 10 пядзяў; да ix меўся запас з 66 каменных ядраў акружнасцю 2 пядзі. Трэцяя гармата, вырабленая ў 1536 г., прызначалася для стральбы жалезнымі, аблітымі свінцом ядрамі «около хромое пяди». Даўжыня яе складала 10,5 пядзяў. У якасці снарадаў чацвёртай гарматы служылі i каменныя, i жалезныя ядры «около пяди и дву пальцы». Даўжыня гэтага «дзела» раўнялася 14 пядзям. Выраблена яно было ў 1505 г.
Выключна гарматы, што стралялі жалезнымі ядрамі, меліся апроч серпантынаў у Канёўскім замку. Адна гармата, даўжынёй 6,5 пядзяў, была, па ўсёй верагоднасці, трафейнай i мела надпіс «Иоан, Божиею милостию государь всея Руси». Страляла гармата ядрамі «з яйцо курячое». Знаходзіліся ў замку таксама «дельца два спижаныеж, оба одное формы, вдолж по осми пядей. Куля с яйцо утячое. Герб на них лелия, число по латине 1532. Ложа и кола окованы добре».
Тры спраўных «дзела спіжаных» меліся ў 1552 г. у Чаркаскім замку. Усе яны стралялі жалезнымі ядрамі, большасць з якіх была абліта свінцом. Адна гармата мела даўжыню 11 пядзяў пры велічыні ядра «поболш яйца куречого». Дзве астатнія былі «розныи, одное формы, вдолж по осми пядей. Куля с курачое яйцо. Число на них письмом латинским 1532».
Разам з тым ужо ў сярэдзіне XVI ст. назіраюцца спробы больш дакладнай сістэматызацыі гармат, найперш тых, якія стралялі металічнымі ядрамі. Рэвізія 1545 г. зафіксавала наяўнасць у Крамянецкім замку «дел двадцат ы девет, то ест меновите каждое дело, соколов чотыры, два моздеры, фальконетов двадцат ы два». Паказальна, што каля 90 % крамянецкіх гарматаў складалі «сокалы», вядомыя таксама як фальконы, i фальканеты, якія належалі да відаў, найбольш папулярных у Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVI ст. Асноўнай крыніцай па вывучэнні асартыменту i колькаснага складу артылерыі Вялікага Княства ў другой палове XVI ст. з’яўляецца дакумент, датаваны 1565 г., пад назвай «Стрэльба i амуніцыя, уласным накладам Яго Каралеўскай Міласці спраўленая ў Вільні i на замкі памежныя разасланая». У ім пералічана значная колькасць гармат розных тыпаў i відаў, часткова высланых на працягу 1551 - 1565 гг. у фартэцыі Вялікага Княства Літоўскага i Інфлянтаў, часткова ж пакінутых у Вільні. Сярод 21 віду гармат вылучаюцца наступныя: дзела каменныя вялікія (5), дзела каменныя малыя (6), шарфмецы (2), картауны (4), паўкартауны (8), салаўі (2), спявачкі (2), пішчыкі (1), бамбэніцы (1), нотшлангі (3), фельдшлангі (23), квартэршлангі (18), серпантыны (58), цмокі (4), агністыя дзела (18), марціры вялікія (4), марціры сярэднія (10), марціры малыя (21), фальконы (52), фальканеты вялікія (81), фальканеты сярэднія (90).
Некаторыя гарматы мелі свае імёны, такія як «Вітаўт», «Жабрак», «Баба», «Аўгуст», «Жыгімонт І, «Жыгімонт Аўгуст». Імёны дапаўняліся ваяўнічымі лацінамоўнымі дэвізамі, напрыклад:

«Вітаўт»:
Sum Witoldus ego, Witoldi ex nomine diсtus,
Concutio turres, maenia sterno, cave!

«Жабрак»:
Guos gemitus noster non flectit, fulmina flectent
Atq ego victor per castra virosq vehar.

«Баба»:
Baba voctor bello, pergunt mihi pectore flammae.
Dum speras lachrymas, fulmina mitto, cave.

«Жыгімонт I»:
Saeva Sigismunda, primus Rex fulmina mitto:
An solos superos fulmen habere putas?

Паводле меркавання вядомага польскага даследчыка артылерыі Т. Новака, які зрабіў найгрунтоўнейшы аналіз згаданага інвентара, у ім адлюстравана сістэма, што ў прынцыпе адпавядала нямецкай практыцы першай паловы XVI ст. На падставе артылерыйскіх трактатаў i іншых крыніц таго часу, Т. Новак


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: