Беларускі нацыянальны рух у перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг

Рэвалюцыя садзейнічала ўздыму нацыянальных рухаў прыгнечаных народаў Расійскай імперыі, у тым ліку беларускага. Мэтай беларускага руху было адраджэнне занядбаннага і забытага, афіцыйна непрызнанага мужыцкага этнасу, яго “хамскай” (у вачах паноў і чыноўнікаў) мовы і культуры, барацьба за “пачэсны пасад між народамі”. Арганізатарам, ідэйным і палітычным кіраўніком барацьбы з’яўлялася Беларуская сацыялістычная грамада.

У пракламацыях 1905г. БСГ выступала за ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі з супольным соймам (Канстытуцыйным сходам) для ўсіх народаў і прадастаўленне кожнаму народу права мець свій сойм. Па аграрным пытанні прапагандавалася эсэраўская ідэя сацыялізацыі зямлі і ўраўняльнага землекарыстання. Сялянам адрасаваліся заклікі забіраць зямлю ад цара, казны і памешчыкаў сілай, рыхтавацца да ўзброенай барацьбы з царскім войскам. У сакавіку 1905г. БСГ разам з эсэрамі арганізавала ў Менску сялянскі з’езд, які ўтварыў Беларускі сялянскі саюз. Рашэнні з’езда мелі рэвалюцыйна-дэмакратычны характар.

Разам з іншымі рэвалюцыйна-дэмакратычнымі партыямі БСГ байкатавала булыгінскую Думу. У лістоўцы “Царова дума” яна выкрывала ашуканства маніфеста аб скліканні Думы і заклікала да далейшай барацьбы з царызмам.

Агітацыйная дзейнасць БСГ пашырылася ў канцы 1905г., калі яна змагла наладзіць уласную падпольную друкарню ў Менску.

У студзені 1906г. у Менску адбыўся II з’езд БСГ, на якім былі прыняты новая праграма і арганізацыйны статут, выбраны ЦК у складзе Івана і Антона Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага і Алеся Бурбіса. У праграме заяўлялася, што БСГ арганізуе “працавітую беднату Беларускага краю без адрознення нацыянальнасцей” з канчатковай мэтаю замены капіталістычнага ладу сацыялістычным. Бліжэйшай сваёй задачай БСГ абвясціла звяржэнне самадзяржаўя сумесна з пралетарыятам усёй Расіі і выказалася за ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі са свабодным самавызначэннем і культурна-нацыянальнай аўтаноміяй народнасцей. Другі з’езд БСГ адмовіўся ад эсэраўскай ідэі сацыялізацыі зямлі і адобрыў тэзіс аб утварэнні абласнога зямельнага фонду з казённых, удзельных, царкоўных і памешчыцкіх уладанняў, які больш адпавядаў патрабаванню аўтаноміі Беларусі. Ажыццяўленне ўсіх праграмных палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў з’езд звязваў з рэвалюцыйным нізвяржэннем самадзяржаўя і скліканнем Устаноўчага сойма для Беларусі на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага выбарчага права. Сойм павінен быў выпрацаваць і ўмовы пераходу памешчыцкай зямлі ў абласны фонд і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Аб пераходзе сялянскіх гаспадарак на сацыялістычны шлях нават не ўпаміналася.

У чэрвені 1906г. адбылася канферэнцыя БСГ. Па пытанні аб тактыцы яна прыняла рашэнне працягваць самы энергічны байкот Дзяржаўнай думы і адначасова падтрымліваць тыя рэвалюцыйныя патрабаванні, якія зыходзілі ад рэвалюцыйных элементаў Думы і не супярэчылі праграме БСГ. Разам з тым канферэнцыя прызнала, што вялікае рэвалюцыйнае значэнне мае адпраўка ў Думу наказаў і хадакоў ад сялян, і даручыла камітэтам арганізаваць адпаведную дзейнасць. Канферэнцыя заклікала мясцовыя камітэты прыняць самыя рашучыя захады для таго, каб выкарыстаць рэвалюцыйны настрой сялянства з мэтай зліцця сялянскага руху за зямлю з агульным палітычным рухам.

Легальным органам БСГ стала штотыднёвая газета “Наша доля”, якая пачала выдавацца з 1 верасня 1906г. Неафіцыйнымі яе рэдактарамі з’яўляліся браты Луцкевічы, Цётка, Умястоўскі. У газеце апублікаваныя творы мелі рэвалюцыйна-дэмакратычны характар. У сувязі з гэтым на нумары 1, 3, 4 быў накладзены арышт. Наступленне контррэвалюцыі, пагроза закрыцця газеты, аслабленне левага крыла БСГ мелі вынікам з’яўлення ў №4 “Нашай долі” рэдакцыйнага артыкула, у якім у яўнай супярэчнасці з праграмай БСГ заяўлялася, што зямлю трэба здабываць не сілаю, не грабяжом, а законам. Разам з тым рэдакцыя паведамляла аб спыненні выдання газеты. Аднак вакол “Нашай долі” згуртаваліся новыя людзі і забяспечылі выданне 5-га і 6-га нумароў, у ранейшым, рэвалюцыйна-дэмакратычным накірунку. Абодва нумары былі канфіскаваны. Сёмы нумар паліцыя знішчыла ў наборы. У студзені 1907г. газета была забаронена назаўсёды.

Пакінуўшы “Нашу долю”, кіраўнікі БСГ арганізавалі ў Вільні выданне новай штотыднёвай легальнай газеты “Наша ніва”, якая ў першым нумары ад 10 лістапада 1906г. заявіла аб тым, што будзе служыць “усяму пакрыўджанаму беларускаму народу” – руху, накіраванаму на яго нацыянальнае адраджэнне. Вырашэнне асноўных сацыяльна-эканамічных пытанняў яны звязвалі ўжо не з рэвалюцыяй, а з Дзяржаўнай думай. Адпаведная праграма была апублікавана ў “Нашай ніве” ў снежні 1906г. Яна патрабавала ад Думы скасавання ўсіх абмежавальных законаў адносна куплі і продажу зямлі, а таксама цераспалосіцы, “шнуроў і сервітутаў”.

Разам з тым БСГ працягвала нелегальную дзейнасць. У канцы 1906 – першай палове 1907г. выдала некалькі падпольных брашур і лістовак рэвалюцыйна-дэмакратычнага зместу. У першай палове 1907г. і на старонках “Нашай нівы” з’явілася некалькі публікацый, якія паслужылі падставай для абвінавачання яе ў агітацыі супраць тагачаснага грамадскага і дзяржаўнага ладу.

У ходзе выбарчай кампаніі ў II Дзяржаўную думу і пазней газета смела выкрывала яе “ісцінна рускіх”, так і “ісцінна польскіх” шавіністаў як ворагаў беларускага народа, падтрымлівала выбранне “мужыкоў-сацыялістаў”, заклікала сялянскіх выбаршчыкаў аб’яднацца, злучыцца з гарадскімі выбаршчыкамі і не пусціць у Думу памешчыкаў. Узнімаючы аграрнае пытанне, “Наша ніва” ў гэты час неаднаразова адзначала, што на Беларусі зямлі казённай, удзельнай, манастырскай, царкоўнай і касцёльнай так мала, што задаволіць ёю сялян было немагчыма. У гэтай сувязі яна крытыкавала пазіцыю думскіх дэпутатаў ад памешчыкаў Беларусі, якія “частавалі” сялян толькі такою зямлёю і заяўлялі аб недатыкальнасці памешчыцкага землеўладання. Газета падтрымала патрабаванне браць зямлю, “дзе выпадае, і прымусам ад памешчыкаў”. У тым жа нумары яна апублікавала праект зямельнай рэформы, прапанаваны ў Думе літоўскімі сацыялдэмакратамі. Трэцячэрвеньскі дзяржаўны пераварот і наступленне шалёнай рэакцыі прымусілі кіраўніцтва БСГ адмовіцца ад падпольнай дзейнасці і істотна звузіць сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і нацыянальныя патрабаванніі ў легальным друку.

Напярэдадні і ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907гг. Грамада выступала як леванародніцкая нацыянальная рэвалюцыйна-дэмакратычная партыя. Уплыў БСГ у рабочым руху гарадоў, за выключэннем Менска і Вільні, амаль не адчуваўся, з-за нязначнай колькасці беларускіх рабочых і іх нізкай нацыянальнай самасвядомасцію Асноўным аб’ектам дзейнасці БСГ з’яўлялася вёска – сельскія рабочыя і сяляне-падзёншчыкі. У некаторых паветах яна арганізавала значныя сельскагаспадарчыя забастоўкі, праводзіла мітынгі і палітычныя сходы.

У 1904-1905гг. на Гародзеншчыне распаўсюджваліся беларускамоўныя лістоўкі, выдадзеныя Сацыялістычнай партыяй Белай Русі. Заснавальнікамі яе з’яўляліся студэнты Трускоўскі, Фальскі і Жаба. Лістоўкі СПБР прысвячаліся агульнапалітычным пытанням і заклікам да барацьбы за звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне выбарнай народнай улады. Аграрнае і нацыянальнае пытанні ў адозвах не ставіліся, як і пытанні пра сацыялізм.

13. Эканамічнае развіцце Беларусі ў пачатку XX ст.

К пачатку XX ст. к Беларусі быў завершаны прамыслова-тэхнічны пераварот, і ў асноўных галінах прамысловасці і транспарту канчаткова зацвердзілася перавага машыннай індустрыі. Пачаўся працэс далейшага ўдасканальвання фабрычна-завадской вытворчасці. Кожны год толькі ў Мінскай губерні некалькі дзесяткаў прадпрымальнікаў звярталіся да фабрычнай інспекцыі за дазволам на ўсталяванне паравых катлоў.

Тэмпы тэхнічнага пераўзбраення ў сельскай мясцовасці не надта саступалі гарадам, а па росту нават перавышалі гарадскія паказчыкі. Побач з фабрыкамі і заводамі, як і раней, працягвалі сваю дзейнасць шматлікія мануфактуры, дробныя прадпрыемствы, майстэрні. Яны больш арыентаваліся на мясцовага спажыўца і ў значнай ступені залежалі ад перападаў эканамічнай кан’юнктуры.

Пры захаванні той галіновай вытворчасці, якая склалася ў Беларусі ў XIX ст., амаль у кожнай галіне адбываліся перамены. Па-першае, больш рэзка вызначылася роля адносна буйных прадпрыемстваў – лідэраў у сваей галіне, як старых, так і пабудаваных нанава. Па-другое, ва ўсіх галінах ішла і тэхналагічная перабудова, назіраўся рост энэргаўзбраення праз укараненне не толькі паравых рухавікоў, але і рухавікоў унутраннага згарання і электрарухавікоў. Гэты працэс ахапіў не толькі буйныя, але і параўнальна невялікія прадпрыемствы (друкарні).

Пра якасныя змены ў эканоміцы Беларусі перакаўча сведчыць становішча ў лясной справе. Паралельна з вывазам сырога лесу ў Беларусі ўзнікла шматгаліновая прамысловасць на базе выкарыстання лясных рэсурсаў. Высокатэхналагічнай вытворчасцю, дзе беларускім прадпрыемствам належала значнае месца, быў выраб запалак. Некалькі даволі буйных прадпрыемстваў выраблялі запалкавую саломку, якая знаходзіла збыт і за межамі беларускіх губерняў. Патрэбы чыгунак абслугоўвалі шпалапрапітныя заводы, буйнейшыя з якіх дзейнічалі на станцыі Лунінец і ў Мазыры.

Апроч лесу, другі традыцыйны беларускі тавар – лен – таксама пачаў выступаць на рынку не толькі ў якасці першапачатковай сыравіны. Адкрыцце ткацкай фабрыкі ў мястэчку Дуброўна па вырабу шаўковых і джутавых тканін прывяло да структурных змен у тэкстыльнай прамысловасці, у выніку чаго доля суконных прадпрыемстваў скарацілася.

У шкляной прамысловасці разгарнулася вытворчасць хрустальнага і лямпавага шкла, шкляных электраізалятараў. У харчасмакавай прамысловасці буйнейшым прадпрыемствам заставалася Гродзенская тытуневая фабрыка. Разам з тым менавіта ў гэтай галіне назіраўся самы нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытворчасці. Колькасць вынакурных заводаў некалькі паменшылася, але іх вытворчасць узрасла за кошт узбуйнення прадпрыемстваў і паляпшэння тэхналогіі.

14. Сталыпінская аграрная рэформа ў Беларусі.

Рэформа ажыццяўлалася ў два этапы. Першы пачаўся з Указа ад 9 лістапада 1906г. Згодна з ім кожны селянін мог выйсці з абшчыны і замацаваць свой надзел у прыватную ўласнасць. Дазвалялася ствараць хутары, што садзейнічала ліквідацыі цераспалосіцы.

Другі этап пачынаецца з Указа ад 29 мая 1911г. Землеўпарадкавальныя камісіі атрымлівалі права прымусова - у мэтах ліквідацыі цераспалосіцы – выдзяліць сялянам зямлю ў адным участку і такім чынам штурхаць іх да перасялення на хутары.

Важная роля ў ажыццяўленні аграрнай палітыкі царызму адводзілася Сялянскаму пазямельнаму банку, на які была ўскладзена задача продажу сялянам дваранскіх зямель, нарэзаных хутарамі, на выгадных для іх уладальнікаў умовах. Ен садзейнічаў выкачванню грашовых сродкаў з вескі на карысць памешчыкаў, дапамагаў апошнім у перабудове іх гаспадаркі на капіталістычных пачатках, насаджаў сялянскае хутарское землекарыстанне. Пазыковая палітыка банка была падпарадкавана хутарызацыі. Банкаўскія пазыкі атрымлівалі далека не ўсе, хто хадайнічаў. Памер пазыкі быў недастатковы. У выніку хутаране даволі часта не маглі выплачваць пазыкі, і іх зямля прадавалася з малатка. У выніку дзейнасці Сялянскага пазямельнага банка, з аднаго боку, узрастала зямельная ўласнасць, умацоўвалася хутарская гаспадарка заможных вярхоў сялянства, з другога – узмацняліся згаленне большасці сялян, кабала і ліхвярства ў весцы.

На Беларусі ў перыяд ажыццяўлення аграрнай рэформы Сталыпіна значнае развіцце атрымала кааперацыя, асабліва арганізацыя ўстаноў дробнага крэдыту. Крэдытныя кааператыва аб’ядноўвалі заможных гаспадароў, даючы ім пазыкі на тэрмін да аднаго года. Сялянская ж бедната фактычна была пазбаўлена магчымасці карыстацца паслугамі сельскіх крэдытных устаноў.

Састаўной часткай рэформы з’яўлялася перасяленне сялян на ўскраіны краіны, перш за ўсе ў Сібір. Такім шляхам меркавалася згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне сялянскай буржуазіі. Так, за 1906-1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасялілася каля 350 тыс. чалавек. Найбольш моцная сялянская хваля перасяленняў назіралася ў час палітычнай рэакцыі, калі сяляне страцілі веру атрымаць панскую зямлю на радзіме. Асноўную катэгорыю перасяленцаў складала вясковая бедната. Яны нярэдка за бясцэнак распрадавалі сваю маемасць і накіроўваліся на ўсход. Улады не змаглі належным чынам арганізаваць перасяленне. Незваротная грашовая дапамога сялянам на перасяленчых пунктах была нязначнай.

Аднак, нягледзячы на пэўныя сацыяльна-эканамічныя зрухі, аграрная палітыка Сталыпіна ў Беларусі, як і ў цэлым па краіне, пацярпела няўдачу. Не была дасягнута асноўная мэта рэформы – расчысціць дарогу капіталізму ў весцы, зрабіць так, каб поруч са згалелым сялянствам засталіся памешчыкі, што абуржуазіліся, і сялянская буржуазія, якія поўнасцю самкнуліся б у сацыяльна-эканамічным і палітычным плане з царызмам. На гэтай аснове меркавалася знішчыць перажыткі прыгонніцтва, ліквідаваць дробныя малапрадукцыйныя сялянскія гаспадаркі, ператварыўшы мільены сялян у прамысловых і сельскагаспадарчых рабочых. Напаўпрыгонніцкае землеўладанне скарацілася ў выніку сталыпінскай аграрнай рэформы толькі часткова. Не былі ліквідаваны панскія латыфундыі, што з’яўляліся асновай рэшткаў феадалізму ў весцы. Рэформа не знішчыла і такі перажытак прыгонніцтва, як сервітуты, галоўным чынам зямельныя, якія тармазілі развіцце капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Не дасягнула жаданых вынікаў перасяленчая палітыка, на якую ўскладаліся асаблівыя падзеі пры ажыццяўленні рэформы.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  




Подборка статей по вашей теме: