Палітыка НЭПа на Беларусі

За гады першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, замежнай ваеннай інтэрвенцыі народная гаспадарка Беларусі прыйшла ў заняпад. Больш за палову фабрык і заводаў было знішчана, прамысловая вытворчасць скарацілася ў пяць разоў, колькасць рабочых зменшылася ўдвая. У цяжкім стане знаходзіўся транспарт. Разбуранай аказалася і сельская гаспадарка. Трэба было вырашаць, якой павінна быць эканоміка ў звычайных мірных умовах.

Адказам на гэта стала новая эканамічная палітыка (НЭП), распрацаваная Леніным и прынятая X з’ездам РКП(б) у сакавіку 1921г. Пераход да НЭПа быў спробай сумясціць сацыялістычныя прынцыпы кіравання дзяржаўнай эканомікай з эканамічнымі законамі, выкарыстаць прыватны капітал у інтарэсах сацыялістычнага будаўніцтва. Сутнасць НЭПа зводзілася да максімальнага пад’ёму вытворчых сіл і паляпшэння становішча рабочых і сялян дзеля захавання Савецкай улады. НЭП уяўляў сабой серыю мерапрыемстваў, разлічаных на пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму, якія ахоплівалі ўсе галіны гаспадаркі.

Асаблівасць эканамічнага становішча сельскай гаспадаркі Беларусі заключалася ў тым, што ўвядзенне НЭПа супала па часе з перадачай зямлі сялянам. У 1921г. землекарыстанне сялян павялічылася на 12%. Прырэзка зямлі аказалася нязначнай. Большасць гаспадарак зямлі не атрымала. У выніку ажыццяўлення Дэкрэта аб зямлі ў цэлым па рэспубліцы адбыліся змены ў сацыяльным складзе насельніцтва. Найбольш шматлікай групай у 1923г. сталі сярэднія гаспадаркі, якіх налічвалася 65%. Дробныя гаспадаркі складалі 26%, буйныя – 9%. Дзякуючы ўздзеянню НЭПа, да пачатку 1925/26 гаспадарчага года сельскагаспадарчая вытворчасць у БССР дасягнула даваеннага ўзроўню.

Кіраўніцтва рэспублікі ў аграрнай палітыцы абапіралася на жаданне сялян мець зямлю ў асабістым карыстанні. Правы карыстання зямлёй даваліся як калектыўным, так і аднаасобным гаспадаркам. Улічваючы асаблівасці Беларусі, перавага аддавалася развіццю дзвюх формаў аднаасобнага землеўладкавання – пасёлкаў і хутароў. Наркамзем БССР прадугледжваў стварэнне хутароў як асноўных формаў землеўладкавання ў рэспубліцы, што адпавядала гістарычным умовам. Асноўнымі формамі калектыўных гаспадарак у рэспубліцы былі камуны, сельгасарцелі і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі (ТСЗ). Таксама развіваліся саўгасы.

Адначасова ў гады НЭПа развівалася сельскагаспадарчая кааперацыя. Асноўнымі яе відамі былі крэдытная, забеспячэнская і збытавая. Узровень кааперавання склаў каля 13%.

Такім чынам, сельская гаспадарка рэспублікі да 1927г. аднавіла свае даваенныя аб’ёмы і мела магчымасць для далейшага прагрэсу. Разам з тым яна была даволі адсталай. Нізкай заставалася прыбытковасць зямлі, слаба развівалася жывёлагадоўля, 20% гаспадарак не было забяспечана цяглавай сілай, таварнасць сельскай гаспадаркі складала каля 13%. Патрабаваліся далейшыя пераўтварэнні.

НЭП спрыяльна адбіваўся і на развіцці прамысловасці. Аднаўляліся буйныя прадпрыемствы. На працягу 1922-1927гг. было пераабсталявана і расшырана 119 прадпрыемстваў. Да 1927г. на тэрыторыі Беларусі ўжо працавала палова з тых фабрык і заводаў, што дзейнічалі да першай сусветнай вайны, колькасць рабочых амаль зраўнялася з даваенным узроўнем, а выпуск валавай прадукцыі перавысіў даваенны.

Асноўнымі галінамі буйной прамысловасці БССР былі харчовая, дрэваапрацоўчая і папяровая. Адбывалася трэставанне прадпрыемстваў. Інтэнсіўна развівалася металаапрацоўчая і паліўная вытворчасці, праводзіліся работы па электрыфікацыі.

Найбольш важнае значэнне ў эканоміцы БССР мела дробная прамысловасць. У 1926г. у ёй было занята 73% рабочых, а на яе долю прыходзілася 58% вытворчасці ўсёй прамысловасці. Саматужна-рамесніцкая прамысловасць мела ў рэспубліцы спрыяльныя ўмовы для існавання і развіцця, паколькі тут было шмат свабодных рук. Буйная прамысловасць была недастаткова развітая. Ішоў працэс кааперавання дробных таваравытворцаў, які паскорыўся пасля стварэння ў 1925г. цэнтра “Белсаматужпрамсаюз”. На 1 кастрычніка 1927г. у рэспубліцы налічвалася 265 вытворчых прамысловых арцеляў.

Нягледзячы на некаторыя поспухі ў развіцці прамысловасці Беларусі, яе магчымасці для далейшага пашырэння вытворчасці былі абмежаваныя. Слабое развіццё вытворчых сіл, аграрнае перанасяленне абумовілі беспрацоўе. Для забеспячэння эканамічнай стабільнасці неабходна было правядзенне індустрыялізацыі.

НЭП даў штуршок для развіцця гандлю. У рэспубліцы хутка аднаўляліся таварна-грашовыя адносіны. У аптовым гандлі вядучыя пазіцыі ўтрымліваў дзяржсектар, а ў рознічным – кааператыўны і прыватны. Найбольш дынамічна развіваўся прыватны гандаль, які больш аператыўна рэагаваў на патрэбы рынка.

Такім чынам, дзякуючы НЭПу, была адноўлена сельская гаспадарка, стымул для развіцця атрымала прамысловасць, упэўнена набіраў абароты гандаль. Але развіццё НЭПа суправаджаецца крызіснымі з’явамі.

27. Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў 1921-1927 гг.

Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў 1921-1927 гг. азнаменавалася ўзмацненнем і далейшым развіццем федэральных адносін БССР з РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі. 16 студзеня 1921г. быў падпісаны дагавор паміж БССР і РСФСР аб стварэнні аб’яднаных наркаматаў, што ўваходзілі ў склад СНК РСФСР. Адначасова было створана Паўнамонае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Праз яго ажыццяўлялася каардынацыя дзейнасці ў галіне гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. У 1922г. урадамі БССР і РСФСР было падпісана пагадненне аб удзеле БССР у федэральным камітэце па зямельных справах. Саюзныя дагаворы і пагадненні стварылі перадумовы і з’явіліся важным этапам на шляху да аб’яднання савецкіх рэспублік у адзіную саюзную дзяржаву. У сувязі з гэтым у рэспубліках разгарнуўся шырокі аб’яднальны рух за стварэнне адзінай савецкай дзяржавы. Улічваючы волевыяўленне працоўных усіх рэспублік, Ленін прапанаваў аб’яднаць незалежныя савецкія рэспублікі, у тым ліку і РСФСР, у Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік на аснове іх добраахвотнасці, раўнапраўя і суверэннасці. Ленінскую ідэю падтрымалі ўсе савецкія рэспублікі. IV Усебеларускі з’езд Саветаў, які адбыўся 14-18 снежня 1922г., прыняў рашэнне аб неабходнасці ўтварэння Саюза ССР.

I з’езд Саветаў СССР, які адкрыўся 30 снежня 1922г. у Маскве, пастанавіў утварыць Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВК СССР ад БССР увайшло 7 чалавек. Чарвякоў стаў адным са старшынь Прэзідыўма ЦВК СССР.

Аднак, нягледзячы на тое, што БССР увайшла ў склад СССР, яе гаспадарчае, дзяржаўнае і культурнае развіцце стрымлівалася абмежаванымі і матэрыяльнымі рэсурсамі і малой тэрыторыяй. Першыя крокі мірнага будаўніцтва ў БССР паказалі, што многія эканамічныя задачы цяжка вырашаць без узгаднення з Віцебскім і Гомельскім губвыканкамамі, паколькі гэтыя губерні з’яўляліся арганічнай часткай Беларусі, яе палітычнага і эканамічнага жыцця. Неабходнасць і гаспадарчая мэтазгоднасць зліцця Віцебскай і Гомельскай губерняў з БССР асабліва відавочна паўстала ў сувязі з пераходам да НЭПа, калі тэрыторыя краіны была падзелена на шэраг гаспадарчых раенаў. Такое зліцце неабходна было таксама для стварэння ўмоў для далейшага развіцця і кансалідацыі беларускай нацыі, яе культуры.

Пасля ўтварэння СССР VII з’езд Кампартыі Беларусі і II сесія ЦВК БССР, якія адбыліся ў сакавіку 1923г., звярнуліся ў ЦК РКП(б) з просьбай вырашыць пытанне аб канчатковым вызначэнні тэрыторыі рэспублікі шляхам уключэння ў яе склад раенаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. У маі 1923г. ЦК РКП(б), ідучы насустрач інтарэсам Беларускай рэспублікі, даў згоду на ўзбуйненне тэрыторыі БССР за кошт сумежных раенаў з большасцю беларускага насельніцтва. Такую ж згоду выказаў і ЦВК РСФСР.

29 лістапада 1923г. Агрбюро ЦК РКП(б) прыняло пастанову аб далучэнні да Беларусі тэрыторыі Віцебскай, Мсціслаўскага і Горацкага паветаў Смаленскай і большасці паветаў Гомельскай губерняў. Насуперак гэтай пастанове Віцебскі губкам РКП(б) 8 снежня 1923г. прыняў рашэнне, у якім выказаўся супраць аб’яднання Віцебскай губерні з БССР. Свае рашэнне губкам аргументаваў тым, што “насельніцтва Віцебскай губерні згубіла бытавыя беларускія рысы, і беларуская мова незнаема большасці насельніцтва”.

18 снежня 1923г. адбылося пасяджэнне спецыяльна створанай пры ЦВК СССР камісіі па змене граніц паміж РСФСР і БССР. Прадстаўнікі Гомельскай і Смаленскай губерняў заявілі, што насельніцтва станоўча адносіцца да ідэі ўзбуйнення БССР. У адказ прадстаўнік Віцебскай губерні зноў выступіў супраць і заявіў, што рашэнне ЦК РКП(б) аб узбуйненні БССР супярэчыць рашэнням XII з’зда РКП(Б). Аргументы, прыведзеныя ў рашэннях Віцебскага губкама, і выступленні яго прадстаўніка на камісіі былі памылковымі і не адпавядалі нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва губерні. Паказальна, што ў час перапісу 1920г. большасць насельніцтва Віцебскай губерні называла сябе беларусамі.

У канцы 1923г. у Віцебскую, Гомельскую і Смаленскую губерні былі камандзіраваны кіруючыя работнікі ЦВК БССР і ЦБ КП(б)Б, якія растлумачылі насельніцтву гэтых губерняў гістарычную неабходнасць узбуйнення Беларусі для яе эканамічнага і палітычнага развіцця, для нацыянальнай кансалідацыі ў мэтах захавання беларускай нацыі. Гэта растлумачальная работа дала пленныя вынікі. На Віцебскім, Гомельскім і Смаленскім губернскіх з’ездах Саветаў былі прыняты рашэнні аб далучэнні да БССР тых паветаў, дзе пераважала беларускае насельніцтва.

3 сакавіка 1924г. УЦВК прыняў пастанову аб передачы БССР тэрыторыі з пераважна беларускім насельніцтва. 7 сакавіка змены граніц БССР і РСФСР зацвердзіў Прэзідыўм ЦВК Саюза ССР.

13-16 сакавіка 1924г. у Мінску адбыўся VI надзвычайны з’езд Саветаў Беларусі. Даклад “Аб пашырэнні граніц Савецкай Беларусі і іх задачах савецкага будаўніцтва” зрабіў Чарвякоў. Ен падкрэсліў вялікае значэнне факта пашырэння граніц БССР. Дэлегаты з’езда аднадушна ўхвалілі аб’яднанне тэрыторыі з большасцю беларускага насельніцтва ў адзіную Беларускую савецкую дзяржаву.

Узбуйненне Беларускай ССР садзейнічала кансалідацыі беларускай нацыі, яе эканамічнаму і культурнаму развіццю, умацаванню дружбы беларускага і рускага народаў.

Другая сесія ЦВК БССР, якаяадбылася 10-17 жніўня 1924г., увяла новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі. Было утворана 10 акруг. Акругі падзяляліся на раены і сельскія Саветы.

У лістападзе 1926г. Палітбюро ЦК УКП(б) прыняло пастанову аб аб’яднанні Гомельскага і Рэчыцкага паветаў з БССР. У снежні 1926г. Прэзідыўм ЦВК БССР уключыў гэтыя паветы ў склад рэспублікі, перайменаваў іх у акругі, а воласці – у раены.

Пасля двух узбуйненняў БССР у межах рэспублікі склаўся адзіны ў эканамічных, культурна-бытавых і нацыянальных адносінах раен.

28. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё БССР ў гады НЭПа.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі вырашэнне нацыянальнага пытання на Беларусі набывае актуальнае значэнне. Яно было звязана з узмацненнем і далейшым развіццём узаемаадносін паміж БССР і РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі. Яшчэ ў чэрвені 1919г., падчас грамадзянскай вайны, было заключана пагадненне аб ваенна-палітычным саюзе савецкіх рэспублік. У студзені 1921г. быў падпісаны дагавор паміж БССР і РСФСР аб стварэнні аб’яднаных наркаматаў: ваенных і марскіх спраў, знешняга гандлю, фінансаў і інш. Тады ж было створана Паўнамоцнае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Саюзныя дагаворы і пагадненні стварылі перадумовы для аб’яднання савецкіх рэспублік у адзіную дзяржаву, неабходнасць якой адпавядала эканамічным і духоўным інтарэсам народа. Таму з лета 1922г. пад кіраўніцтвам ЦК РКП(б) пачаліся пошук і выпрацоўка канкрэтных форм аб’яднання. Сталін выступіў з ідэяй “аўтанамізацыі”, паводле якой усе савецкія рэспублікі павінны былі аб’явіць сябе састаўнымі часткамі РСФСР і ўвайсці ў яе склад. Але гэты план не быў падтрыманы кіраўнікамі кампартый рэспублік, у тым ліку і Беларусі. Ленін знайшоў іншую форму адзінства – федэрацыю, у якой на раўнапраўнай аснове аб’ядноўваліся ўсе савецкія рэспублікі. 14-18 снежня 1922г. IV Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў рашэнне аб неабходнасці ўтварэння Саюза ССР. I з’езд Саветаў ССР, які адкрыўся 30 снежня 1922г. у Маскве, пастанавіў утварыць Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. Былі падпісаны Дэкларацыя і Дагавор аб стварэнні СССР.

Аднак нягледзячы на тое, што БССР увайшла ў склад СССР, яе гаспадарчае, дзяржаўнае і культурнае развіццё стрымлівалася абмежаванымі матэрыяльнымі рэсурсамі і малой тэрыторыяй. Пасля грамадзянскай вайны ў складзе БССР засталося шэсць паветаў Мінскай губерні. Савецкія і партыйныя органы рэспублікі звярнуліся ў ЦК РКП(б) з просьбай вярнуць БССР паветы, у якіх большасць насельніцтва складалі беларусы. У 1924г. урад СССР выдаў дэкрэт аб перадачы БССР 16 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. Другая сесія ЦВК БССР, якая адбылася 10-17 жніўня 1924г., увяла новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі. Было ўтворана 10 акруг. Акругі падзяляліся на раёны і сельскія Саветы. У снежні адбылося новае, так званае ўзбуйненне БССР. У яе склад былі вернуты тэрыторыі Гомельскага і Рэчыцкага паветаў. Узбуйненне БССР садзейнічала кансалідацыі беларускай нацыі, яе эканамічнаму і культурнаму развіццю, умацаванню дружбы беларускага і рускага народаў.

Змяненне палітыкі “ваеннага камунізму” на НЭП у 1921г. садзейнічала дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі. Трэба адзначыць, што першая палова 20-х гг. характарызуецца тым, што адметнай рысай грамадска-палітычных кампаній таго перыяду было іх даволі дэмакратычнае правядзенне. Яно заключалася ў некаторых магчымасцях выказваць погляды, якія не заўсёды супадалі з афіцыйнай лініяй. Такі плюралізм думак у другой палове 20-х гг. ужо не меў месца, бо пачаў разглядацца як контррэвалюцыйны. Увогуле ў беларускім грамадстве ў першай палове 20-х гг. можна вызначыць існаванне і барацьбу дзвюх тэндэнцый. Адна з іх была накіравана на пэўную дэмакратызацыю ў палітычных адносінах, што адпавядала мэтам і ўмовам НЭПа, другая – на працягу палітыкі “ваеннага камунізму”, падтрыманне тэндэнцыі да манапалізацыі ўсяго палітычнага жыцця Камуністычнай партыяй бальшавікоў, сілавых метадаў вырашэння супярэчнасцей. У такіх палітычных партыях, як БПС-Р, Бунд і інш., якія супрацьстаялі бальшавікам, адбыўся раскол (не без дапамогі апошніх), і яны абвясцілі пра “самараспад”. Каб узмацніць свае пазіцыі ў грамадстве, бальшавікі выкарыстоўваюць такія грамадскія арганізацыі, як Саветы, прафсаюзы, Камуністычны саюз моладзі. “Ленінскі” заклік 1924-1925гг. папоўніў рады партыі рабочымі і сялянамі. Такім чынам, у БССР замацоўваецца аднапартыйная сістэма.

Адным з праяўленняў грамадска-палітычнага жыцця на пэўнай дэмакратычнай аснове было правядзенне палітыкі ажыўлення працы Саветаў, што садзейнічала прыцягненню да грамадска-палітычнага жыцця больш шырокіх колаў насельніцтва. Аднак ажыўленне ролі Саветаў адбывалася марудна таму, што гэта магло прывесці да супрацьстаяння з партыйнымі органамі, якія імкнуліся да адзінаўладдзя.

З сярэдзіны 20-х гадоў пры Саветах былі створаны камісіі (сельскагаспадарчая, культурна-асветніцкая і інш.), якія павінны былі прыцягнуць працоўных да грамадска-палітычнай дзейнасці.

Ступень удзелу працоўных горада і вёскі ў выбарах Саветаў, працы камісій і іншых дзяржаўных мерапрыемствах адлюстроўвае пэўны, хаця і часовы, дэмакратызм грамадска-палітычнага жыцця. Утварэнне СССР патрабавала змен у заканадаўстве БССР. На IV Усебеларускім з’езде Саветаў у сакавіку 1924г. было вырашана падрыхтаваць праект новай Канстытуцыі, якая б адпавядала Канстытуцыі СССР і адміністрацыйнатэрытарыяльнай пабудове рэспублікі. У лютым 1925г. праект быў разгледжаны на чацвёртай сесіі ЦВК, аднак выклікаў разнагалоссе і быў адпраўлены на дапрацоўку. Толькі 2 красавіка 1927г. VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў была прынята новая Канстытуцыя БССР. Канстытуцыя абвяшчала БССР дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, уся ўлада ў якой належала Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Згодна з Канстытуцыя, выбарчым правам карысталіся ўсе грамадзяне рэспублікі незалежна ад расы, полу, нацыянальнасці і адукацыі, пачынаючы з 18 гадоў, акрамя кулакоў, рэлігійных служыцеляў, асуджаных і іншых ненадзейных элементаў. Такім чынам, гэты артыкул Канстытуцыі пазбаўляў значную частку грамадзян выбарчых правоў.

Канстытуцыя замацоўвала факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду. У ёй замацоўваліся правы і абавязкі грамадзян, якія мелі месца ў папярэдняй Канстытуцыі, гаварылася аб праве кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. Канстытуцыя рэгламентавала дзейнасць вышэйшых органаў улады і кіравання БССР.

Прыняцце Канстытуцыі БССР мела на мэце ўнармаваць дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і актывізаваць удзел насельніцтва ў рабоце Саветаў усіх узроўняў. Аднак часовы дэмакратызм Канстытуцыі быў хутка заменены адміністрацыйна-каманднымі метадамі кіравання і пастаяннымі парушэннямі яе з боку дзяржаўных органаў.

Трэба адзначыць, што пасля грамадзянскай вайны і іншаземнай інтэрвенцыі маладая БССР імкнулася палепшыць свій эканамічны стан, праводзіла нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва, дэмакратызацыю грамадска-палітычнага жыцця. Твму ўваходжанне БССР у склад СССР на добраахвотнай і раўнапраўнай аснове спрыяла гэтым станоўчым працэсам.

У 20-я гг. у нацыянальнай палітыцы БССР ажыццяўлялася ідэя беларусізацыі, якая закранула фактычна ўсе сферы нацыянальна-культурнага будаўніцтва Савецкай Беларусі. Для ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі ў Беларусі існаваў шэраг аб’ектыўных перадумоў: незавершанасць да кастрычніка 1917г. кансалідацыі беларускай нацыі; нізкі эканамічны ўзровень развіцця Беларусі, асабліва пасля першай сусветнай і польска-савецкай вайны; неразвітасць нацыянальнай культуры; палітычная амністыя (1923г.) тых беларускіх дзеячаў, якія не выступалі са зброяй супраць савецкай улады; вяртанне БССР тэрыторый, дзе большасць насельніцтва складалі беларусы, а таксама той факт, што менавіта пасля 1917г. Беларусь упершыню атрымала магчымасць рэалізацыі ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.

Першыя крокі беларусізацыі былі зроблены яшчэ ў гады грамадзянскай вайны. У працу па рэалізацыі гэтай палітыкі ўключылася тады і частка дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху: Ігнатоўскі, Жылуновіч і інш.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны беларусізацыя выступае як дзяржаўная палітыка. У 1921г. адкрыўся Беларускі дзяржаўны універсітэт, у 1922г. – Інстытут беларускай культуры, Інстытут сельскай гаспадаркі; былі заснаваны дзяржаўная і універсітэцкая бібліятэкі.

Афіцыйна дзяржаўнай палітыкай беларусізацыя абвешчана на другой сесіі ЦВК БССР (ліпень 1924г.), якая прыняла пастанову “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі”.

1924-1929гг. – час актыўнай практычнай рэалізацыі намечанага комплексу мер: развіццё беларускай культуры; перавод на беларускую мову народнай асветы, навукі, друку, дзяржаўнага, прафсаюзнага, партыйнага апаратаў; вылучэнне на кіруючыя пасады дзяржаўнага, партыйнага, прафсаюзнага апарату прадстаўнікоў карэннага насельніцтва; шырокае распаўсюджанне ведаў па гісторыі, культуры, геаграфіі Беларусі.

Галоўны змест у сістэме народнай адукацыі складала пытанне мовы. Беларуская мова стала абавязковым прадметам выкладання ў рускіх, яўрэйскіх, польскіх і іншых нацыянальных школах рэспублікі. З’явіліся новыя падручнікі.

Найбольш складаным кампанентам беларусізацыі з’яўлялася ўкараненне беларускай мовы ў службовае справаводства. Супрацоўнікі дзяржаўных устаноў павінны былі абавязкова ведаць рускую і беларускую мовы.

Беларусізацыя не была накіравана супраць інтарэсаў іншых нацыянальнасцей, якія пражывалі ў рэспубліцы. У месцах пражывання нацыянальных меншасцей былі створаны нацыянальныя Саветы. Выкладанне ў школах БССР вялося на васьмі нацыянальных мовах.

Змены ў эканамічнай і нацыянальнай палітыцы бальшавіцкай партыі выклікалі ў многіх беларускіх дзеячаў за межамі БССР спадзяванні на паступовую эвалюцыю савецкай улады ў бок дэмакратычных формаў жыцця. Шмат беларускіх дзеячаў (асабліва пасля палітычнай амністыі) вярнуліся на радзіму і садзейнічалі развіццю яе культуры.

У 20-я гады нацыянальная палітыка бальшавікоў садзейнічала развіццю адукацыі, асветы і культуры. З 1922г. у рэспубліцы асноўным звяном школьнай рэформы стала сямігадовая агульнаадукацыйная школа. З 1926г. у рэспубліцы ажыццяўлялася пастанова ЦВК і СНК БССР “Аб увядзенні ўсеагульнага навучання”. У 1925 - 1926гг. акрамя БДУ у БССР працавалі тры вышэйшыя навучальныя ўстановы: Камуністычны універсітэт у Мінску, Беларускі ветэрынарны інстытут у Віцебску і Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. Акрамя таго, у рэспубліцы налічваліся тэхнікумы, прафшколы і іншыя спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Перыяд 20-х гг. – гэта сапраўдны росквіт беларускай літаратуры. У той час фарміруюцца літаратурныя аб’яднанні пісьменнікаў (“Маладняк”, “Полымя”), у якіх працавалі пісьменнікі Чорны, Крапіва, Лынькоў і інш. У лістападзе 1928г. Усебеларускі з’езд “Маладняку” вырашыў утварыць Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Для пісьменнікаў 1921-1925гг. – гэта час духоўна-літаратурнага ўздыму. Асноўная тэма беларускай прозы 20-х гг. – падзеі грамадзянскай вайны і лёс людзей у паслякастрычніцкі перыяд. У той час ствараюцца і працягваюць сваю дзейнасць беларускія дзяржаўныя тэатры ў Мінску і Віцебску. У 1926г. у Віцебску адкрыўся Другі Беларускі дзяржаўны тэатр. У 1924г. было створана Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі. Узрастала значэнне сродкаў масавай інфармацыі. Ішоў працэс станаўлення беларускага выяўленчага мастацтва.

Такім чынам, да 1929г. нацыянальна-культурнае будаўніцтва стала рэальнасцю, яно абудзіла да свядомага жыцця шырокія слаі беларускага насельніцтва. Але нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў 20-я гг. ажыццяўлялася ў сутыкненні розных сіл: імкненне фарсіраваць тэмпы беларусізацыі адміністрацыйнымі метадамі, недаацэньваючы нацыянальныя асаблівасці Беларусі; пытанні барацьбы з вялікадзяржаўным шавінізмам і мясцовым нацыяналізмам (беларускі, яўрэйскі, польскі) неаднаразова абмяркоўваліся на пленумах ЦК і з’ездах КП(б)Б; цэнтралізацыя і уніфікацыя дзяржаўнага жыцця патрабавала ўстанаўлення кантролю над культурай.

Нягледзячы на супярэчнасці і цяжкасці, беларусізацыя з’явілася практычнай спробай ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне. Але на пачатку 30-х гг. таталітарная сістэма, што ўмацавалася ў СССР, аб’явіла беларусізацыю заганнай, а рэпрэсіі 30-х гадоў задушылі яе канчаткова.

29. Індустрыялізацыя ў БССР.

НЭП паспрыяў узнікненню рыначных адносін, стымуляваў развіццё эканомікі. У той жа час ён садзейнічаў сацыяльнаму расслаенню грамадства, у чым бальшавікі бачылі пагрозу ажыццяўленню сваіх праграмных мэт. Выйсце было знойдзена ў звароце да сістэмы загадаў, камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання эканомікай. З пачаткам індустрыялізацыі быў узяты курс на выцісканне прыватніка са сферы вытворчасці, гандлю і фінансаў. Усё гэта вяло да згортвання НЭПа.

Галоўнай мэтай індустрыялізацыі было пераўтварэнне СССР у эканамічна незалежную дзяржаву, што забяспечвала б пабудову сацыялізму ў краіне. Шляхі індустрыялізацыі БССР былі разгледжаны на XV з’здзе КП(б)Б у снежні 1925г. Наяўнасць сельскагаспадарчай сыравіны, істотны рэзерв рабочай сілы ў сельскай мясцовасці, запасы лесу, торфу, значная ўдзельная вага саматужна-рамесніцкай вытворчасці спрыялі таму, што ў БССР было вырашана развіць лёгкую прамысловасць на базе мясцовых сыравінных рэсурсаў. У той жа час кураўніцтва намеціла развіццё галін, якія забяспечваліся прывазной сыравінай (с/г машынабудаванне, швейная і тэкстыльная прамысловасці і інш.). У першыя гады індустрыялізацыі мінскія заводы “Энергія” і “Камунар” паклалі пачатак станкабудаванню. За гады першай пяцігодкі (1928-29-1932-33) у строй дзеючых увайшло 538 прадпрыемстваў. Але пяцігодка (пасля перагляду планавых Сталіным) не была выканана. У другой пяцігоцы (1933-1937гг.) ставілася задача развіваць машынабудаванне, энергетычную гаспадарку. Аднак з-за негатыўных вынікаў камандных метадаў у эканоміцы, недапаставак сыравіны, забароны буйнога капітальнага будаўніцтва паблізу заходняй мяжы і інш. гэты план у БССР не быў выкананы. Трэцяя пяцігодка (1938-1942гг.) быда накіравана на паскоранае развіццё прамысловасці, асабліва машынабудавання.

Індустрыялізацыя была звязана з усталяваннем адзінай дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Ужо 8 верасня 1926г. СНК СССР пастанавіў “максімальна ўзмацніць абкладанне прыватнага капіталу”, перайсці да адзяржаўлення дробнай вытворчасці і гандлю. Скарачаліся грашовыя і таварныя крэдыты прыватнікам, касаваліся арэндныя дагаворы, павялічваліся падаткі і г.д. У 1929г. быў забаронены наём рабочай сілы і арэнда ў сельскай гаспадарцы. Канстытуцыя БССР 1937г. замацавала існаванне ў краіне адзінай дзяржаўнай уласнасці і блізкай да яе кааператыўна-калгаснай.

У выніку індустрыялізацыі ў БССР фактычна была створана новая матэрыяльна-тэхнічная база, было пабудавана звыш тысячу прадпрыемстваў, з’явіліся новыя галіны вытворчасці. Узровень валавой прадукцыі прамысловасці ўсходніх абласцей рэспублікі ў 1940г. перавысіў узровень 1913г. у 23 разы. У той жа час індустрыялізацыя каштавала неверагоднага напружання сіл працоўных рэспублікі. Пагоршылася матэрыяльнае становішча ўсіх слаёў насельніцтва (зніжэнне пакупной здольнасці рубля, добраахвотна-прымусовыя ўнутраныя пазыкі, перагляд нормаў выпрацоўкі ў бок іх павелічэння і зніжэнне расцэнак). Адным са станоўчых вынікаў індустрыялізацыі з’явілася змяненне сацыяльнай структуры грамадства. Колькасць рабочых павялічылася ў 3,3 разы і складала больш як 700 тыс. чалавек.

30. Калектывізацыя ў БССР.

Неабходнасць кааперавання сялянскіх гаспадарак была абгрунтавана Леніным. Кааперацыя (спажывецкая, крэдытная, збытавая, а таксама таварыствы сумеснай апрацоўкі зямлі, калгасы) павышала ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці, што забяспечвала прамысловасць сыравінай, а гарадское насельніцтва прадуктамі харчавання. Таксама праз кааперацыю сяляне-ўласнікі ўцягваліся ў калектыўныя формы гаспадарання. Ужо ў 1925г. усімі відамі сельскагаспадарчай кааперацыі было ахоплена 18% сялянскіх двароў, а ў 1928 – 50%. Сяляне ахвотна ішлі на тую кааперацыю, якая не закранала асноў самастойнага вядзення аднаасобнай гаспадаркі.

Калгасамі ў 1928г. было ахоплена ўсяго каля 1% сялянскіх гаспадарак. Пасля XV з’езда ВКП(б), які адкрыўся ў снежні 1927г., аб’яднанне сялянскіх гаспадарак у калгасы стала галоўнай задачай, выкананне якой паскорылася пасля “хлебнага крызісу” 1928-1929г. Да пачатку 1930г. у БССР працэнт калектывізацыі дасягнуў 30%. Партыйнае кіраўніцтва рэспублікі абяцала да веснавой сяўбы калектывізаваць 75-80% сялянскіх гаспадарак, пераўтварыць БССР у рэспубліку суцэльнай калектывізацыі. Замест прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні ў калгас пачалі шырока скарыстоўваць гвалт і запалохванне. Працэс кааперавання быў падменены “раскулачваннем”.

Вялікую ролю ў калгасным будаўніцтве адыгралі ўпаўнаважанныя камуністы і рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі, у тым ліку прысланыя з прамысловых раёнаў РСФСР. Многія з іх слаба дасведчаныя ў асаблівасцях сялянскага жыцця, выкарыстоўвалі толькі адміністрацыйныя метады пры арганізацыі калгасаў.

Пры сельсаветах былі створаны спецыяльныя камісіі па раскулачванні, якія праводзілі вопіс і канфіскацыю маёмасці. “Раскулачаныя” арыштоўваліся і высяляліся ў аддаленыя раёны СССР. Але ідэя суцэльнай калектывізацыі падштурхоўвала мясцовых кіраўнікоў і далей выкарыстоўваць “раскулачванне” як сродак “заахвочвання” сялян уступаць у калгасы, называючы кулакамі ўсіх не згодных з суцэльнай калектывізацыяй.

Для забеспячэння калгасаў тэхнікай былі створаны МТС (машынна-трактарныя станцыі), а пры іх палітаддзелы, якія садзейнічалі правядзенню лініі партыі ў калгасным будаўніцтве. У канцы першай пяцігодкі ў рэспублікі было 57 МТС, а ў 1940г. ва ўсходніх абласцях БССР іх налічвалася 236.

У гады другой пяцігодкі калектывізацыя ў Беларусі завяршылася. Калгасы аб’ядноўвалі 88% сялянскіх двароў і 96% пасяўной плошчы. Была ліквідавана многаўкладнасць эканомікі сельскай гаспадаркі. Аднак валавыя зборы, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі засталіся пад канец 30-х гадоў на ўзроўні дакалгаснага перыяду. Адмоўным вынікам калектывізацыі быў голад 1932-1933г. Калгаснікі заставаліся самай нізкай па аплаце катэгорыяй насельніцтва. Калектывізацыя знішчыла найбольш гаспадарлівую частку сялян. Самі калгасы былі пазбаўлены гаспадарчай самастойнасці, а калгаснікі – валодання сродкамі вытворчасці. Пазбаўленне калгаснікаў пашпартоў юрыдычна прывязвала іх да калгасаў, што сведчыла аб прымусовым характары працы.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  




Подборка статей по вашей теме: