Складаныя лічэбнікі

1. Пішуцца разам:

складаныя колькасныя лічэбнікі, апошняй часткай якіх з'яўляецца -дзясят, -сце, -ста, -сот: шэсцьдзясят, дзвесце, трыста, пяцьсот;

складаныя парадкавыя лічэбнікі, апошняй часткай якіх з'яўляецца - дзясяты, -соты, -тысячны, -мільённы і інш.: пяцідзясяты, трохсоты, двухтысячны, сямімільённы, пяцімільярдны, двухсотпяцідзесяцівасьмі-мільённы і інш.

2. Асобна пішуцца састаўныя колькасныя, парадкавыя і дробавыя лічэбнікі: сто дваццаць пяць, трыццаць тры, тысяча пяцьсот адзін, сто дваццаць пяты, трыццаць трэці, тысяча пяцьсот першы, два з паловай, пяць з чвэрткай, тры пятыя, пяць дзясятых, сем сотых.

3. Пішуцца праз злучок:

парадкавыя лічэбнікі, напісаныя лічбамі, пры спалучэнні іх з канчаткамі, часткамі канчаткаў, састаўнымі часткамі ў выглядзе слоў: 25-ы, на 10-м км, 31-га, 10-мільённы, 18-мільярдны;

лічэбнікі, напісаныя словамі або лічбамі, якія абазначаюць прыблізны лік: восем-дзесяць гадоў, дзве-тры гадзіны, сёмае-восьмае стагоддзе, 2-3 гады. У лічэбніках прыблізнага ліку замест злучка ўжываецца працяжнік, калі гэта складаныя і састаўныя лічэбнікі: праз трыццаць пяць – трыццаць сем год, 50 – 60-я гады.

§ 37. Прыслоўі

1. Пішуцца разам:

прыслоўі, утвораныя ад прыслоўяў прыставачным спосабам: назаўтра, назаўсёды, назаўжды, назусім, намнога, наколькі, настолькі, нашмат, напаверх, насупраць, заўчора, залетась, паслязаўтра, пазаўчора, пазалетась, замнога, задоўга і інш. Ад такіх прыслоўяў трэба адрозніваць спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі, якія ўжываюцца ў значэнні дапаўнення. Назоўнікі з прыназоўнікамі пішуцца асобна: на смех (падняць), на заўтра (адкласці), за дзякуй (рабіць), да заўтра (скончыць); ад цямна да відна, з цямна да цямна, да ранку, у адно, па двое, па трое і інш.;

прыслоўі, якія ўтвораны са спалучэння прыназоўнікаў у і на з рознымі склонавымі формамі колькасных і зборных лічэбнікаў: удвая, утрая, удваіх, утраіх, утрох, учатырох, усемярых, удвух, удзвюх, усямёх, надвое, натрое;

прыслоўі, утвораныя ад прыметнікаў прыставачна-суфіксальным спосабам: дабяла, дачыста, дасуха, дасыта, здалёку, звысоку, зрэдку, справа, сослепу, змоладу, змалку, злёгку, паблізу, папросту, паціху, падоўгу, пароўну, улева, управа, навечна, надоўга, насуха, зажыва, зацемна, а таксама заадно, наўдалую, ушчыльную, урассыпную, упустую, збольшага, нашто, навошта, нізашто, потым, надта, зусім, затым, прытым і інш.

2. Пішуцца праз злучок словы па-першае, па-другое, па-трэцяе і г.д., а таксама ўтвораныя ад прыметнікаў і займеннікаў прыслоўі, якія пачынаюцца з па- і заканчваюцца на -ку, -і (), -аму, (-яму), -ому (-ему, -йму): па-гаспадарску, па-беларуску, па-латыні, па-бацькоўску, па-чалавечы, па-хлапечы, па-добраму, па-ранейшаму, па-даўняму, па-веснавому, па-мойму, па-свойму і інш.

3. Трэба адрозніваць: прыслоўі нашто, нізашто, зусім, затым ад спалучэнняў займеннікаў з прыназоўнікамі: на што, ні за што, з усім, за тым: нашто ты зрабіў? (з якой мэтай) – ён не разумеў, на што згадзіўся (на якое дзеянне); нізашто не скажа (ні пры якой умове) – працаваў ні за што (без аплаты).

4. Пішуцца разам прыслоўі, якія ўтвораны ў выніку спалучэння:

прыназоўнікаў і склонавай формы назоўнікаў, якая не ўжываецца ў літаратурнай мове: бесперастанку, дашчэнту, досыць, замуж, запанібрата, знячэўку, знянацку, навобмацак, наогул, напагатове, напавал, напалам, наперакор, наперарэз, напрост, напярэймы, нарасхват, нараспеў, насторч, насцеж, наўздагон, наўздзіў, наўпрост, наўскос, наўцёк, неўзабаве, неўпапад, неўспадзеўкі, паасобку, паблізу, спакон, уваччу, удоўжкі (удоўж), упокат, употай, усутыч і інш.;

прыназоўнікаў з формамі назоўнікаў і іншых часцін мовы, калі да падобнай формы назоўніка не можа быць далучана азначэнне або пастаўлена склонавае пытанне з адпаведным прыназоўнікам: апоўдні, апоўначы, даволі, дадому, замужам, зроду, наадварот, наадрэз, накрыж, напаказ, напалавіну (напалову), напераменку, напракат, напралом, напрыклад, насілу, насмерць (але: не на жыццё, а на смерць), наўдачу, навек, паволі, падрад, падчас, пакрысе, увосень, уброд, уголас, удзень, углыб, упершыню, уранку, уранні, уразброд, усур'ёз і інш.;

прыназоўнікаў з формамі назоўнікаў верх, ніз, перад, зад, бок, гара, высь, даль, век, пачатак, раз, ноч, вечар, раніца і некаторых іншых пры адсутнасці пры іх азначэння або дапаўнення: зверху, наверх, уверх, уверсе, данізу, знізу (але: з верху да нізу), наніз, унізе; наперад, уперад, уперадзе; ззаду, назад, узад; збоку, набок, убок, убаку; дагары, згары, угары, угару; увысь; удалеч; навек, навекі; спачатку, упачатку; адразу, ураз; уночы, поначы, звечара (але: з вечара да ранку); надвечар, увечары; зранку (але: з ранку да вечара), уранку.

5. Пішуцца разам прыслоўі таксама, гэтаксама, штодзень, штоноч (штоночы), штовечар (штовечара), штотыдзень (штотыдня), штомесяц, штогод і інш.

6. Трэба адрозніваць ад прыслоўяў спалучэнні прыназоўнікаў з назоўнікам пры наяўнасці паясняльнага слова: на верх гары, на ніз ямы, у высь завоблачную, у даль палёў, на векі вечныя, у пачатку года, з пачатку вясны.

7. Асобна пішуцца прыназоўнік у і склонавая форма поўнага прыметніка ў значэнні прыслоўя, калі яна пачынаецца з галоснай: у адкрытую.

8. Пішуцца асобнаблізкія па значэнні да прыслоўяў спалучэнні назоўніка з прыназоўнікам:

калі паміж прыназоўнікам і назоўнікам можна паставіць азначэнне: у момант (у адзін момант), у тупік (папаў у такі тупік, што не выбрацца), да астатку (да самага астатку);

калі назоўнік у пэўным (адным) значэнні захаваў хаця б некаторыя склонавыя формы з прыназоўнікамі (за выключэннем назоўнікаў верх, ніз, перад, зад, бок, гара, высь, далеч, век, пачатак, раз, ноч, вечар, ранак і інш.): падпаху, пад пахі, пад пахамі; па часе, да часу, з часам, у час; праз меру, у меру, па меры; на памяць, на памяці, па памяці; на руку, не з рукі; да душы, па душы; у пару, да пары, не ў пару; за мяжой, за мяжу, з-за мяжы; за граніцай, з-за граніцы.

9. Пішуцца асобна наступныя блізкія па значэнні да прыслоўяў спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі:

без: без упынку, без аглядкі, без разбору, без развагі, без толку, без канца; але: бясконца, безупынна, безаглядна, безразважна, бесталкова;

да: да адвалу, да зарэзу, да ўпаду, да смерці;

на: на баку, на хаду, на ляту, на скаку, на віду, на відавоку, на смак, на слых, на вока, на грэх, на дзіва, на славу, на смех, на гвалт, на злосць, на жаль;

з: з налёту, з разбегу, з разгону, з размаху, з наскоку, з ходу, з гарачкі.

10. Пішуцца асобна:

спалучэнні адмоўяў не і ні з прыназоўнікавымі формамі назоўнікаў: не ў меру, не ў пару, не ў лад, не пад сілу, не да смеху, не да спеху, не да смаку, не да твару, не на жарт, ні на ёту, ні за грош;

спалучэнні назоўнікаў, якія пачынаюцца галоснай, з прыназоўнікам у: у абхват, у абдымку, у абмен, у абрэз, у адзіночку, у абцяжку, у імгненне і інш.;

выразы: усё роўна, усё адно, як бачыш, як след, як мага і інш.;але: якраз.

§ 38. Прыназоўнікі, злучнікі, часціцы, выклічнікі

1. Пішуцца разам:

прыназоўнікі, якія ўтварыліся ў выніку зліцця прыназоўніка з назоўнікам: замест, наконт, накшталт, звыш;

прыслоўі, якія ўжываюцца ў якасці прыназоўнікаў і якія з'яўляюцца вынікам зліцця склонавых форм назоўнікаў з прыназоўнікамі: зверху, наперадзе, наперакор, насустрэчу (насустрач), уперад, уперадзе, услед (услед за цягніком);

злучнікі, якія ўтварыліся ў выніку зліцця прыназоўніка з займеннікам ці словамі колькі, столькі: затое, прычым, прытым, паколькі, настолькі, у адрозненне ад словазлучэнняў прыназоўнікаў з адпаведнымі займеннікамі ці неазначальна-колькаснымі словамі: паволі рабіў, затое грунтоўна; але: за што ўзяў, затое і аддаў; паколькі абяцаў, трэба зрабіць; але: бяром па столькі, паколькі дамовіліся;

злучнікі ажно, альбо (або), нібы, нібыта, каб;

злучнік ды з часціцай і (пераважна ў далучальным значэнні), утвараючы складаны злучнік дый: зраблю дый годзе. Складаны злучнік дый, які ўжываецца пераважна для далучэння сцвярджэння закончанасці, спынення дзеяння, неабходна адрозніваць ад састаўнога злучніка ды з часціцай і са значэннем далучэння: ніхто больш не прапанаваў, ды і нічога не хацелася;

займеннікі і прыслоўі з суфіксамі або постфіксамі -сь, -сьці: дзесь, хтось, дзесьці, хтосьці, кудысьці, чыйсьці, якісьці;

займеннікі з пачатковым узмацняльным афіксам а-: аніхто, аніяк, анідзе, анікуды. Часціца а- пішацца разам з адмоўем ні: ані воблачка, ані нічога, ані не хачу.

2. Пішуцца асобна словы ў састаўных злучніках: таму што, так што, хіба што, як толькі, як быццам, перш чым, гэта значыць, то так, а таксама ў словазлучэннях, якія ўжываюцца ў функцыі пабочных слоў: можа быць, так кажучы, такім чынам і інш.

3. Пішуцца праз злучок:

складаныя прыназоўнікі з-за, з-пад, з-над, з-паміж, з-па-над, па-за, па-над;

складаныя выклічнікі, падзыўныя і гукапераймальныя словы: о-го-го, вой-вой-вой, о-ё-ёй, а-я-яй, дзю-дзю-дзю, ха-ха-ха, дзын-дзын-дзын, ку-ку, трах-тарарах, уга-уга і інш.;

словы з прыстаўкай абы-, суфіксамі або постфіксамі -небудзь, -колечы (-кольвечы, -кольвек), часціцай то: абы-хто, абы-што, абы-дзе, абы-адкуль, хто-небудзь, дзе-небудзь, куды-небудзь, як-колечы (кольвечы), ён-то, сказаць-то сказаў.

4. Займеннікі абы-хто і абы-што пры спалучэнні з прыназоўнікамі пішуцца асобна: абы ў каго, абы да каго, абы з чым.

5. Займеннік абы-які пры спалучэнні з прыназоўнікамі перадаецца або трыма словамі (абы з якімі), або двума (з абы-якімі).

6. Словы, вытворныя ад прыслоўя абы-як, з прэфіксам абы пішуцца разам: абыякавы, абыякава, абыякавасць, абыякаваты і інш.

7. Часціца такі пішацца праз злучок у словах усё-такі і так-такі, а таксама ў тых выпадках, калі яна стаіць пасля дзеяслова: прыйшоў-такі сам. Ва ўсіх астатніх выпадках часціца такі пішацца асобна: Ён такі надумаўся прыйсці. Ён усё ж такі думае прыехаць.

8. Пішуцца асобна часціцы бы (б), жа (ж): прыйшоў бы, прыйшла б, казаў жа, чаму ж, хто ж бы, як жа ж,а таксама што ў такіх спалучэннях, як пакуль што, амаль што, толькі што, сама што, хіба што і інш.

§ 39. Правапіс не (ня) і ні

1. Не (ня)пішацца разам:

калі без не (ня) слова не ўжываецца: небарака, неруш, неслух, невук, немаўля, невідзімка, незабудка, нечысць, нелюдзім, нехрысць, нядзеля, нявестка, нягода, нястача, нябыт, нявер'е, нязгрэба, нядбальства; ненавідзець, непакоіцца, нездаровіцца, няможацца, няволіць; непахісны, непарушны, незабыўны, нелюдзімы, нехлямяжы, нечуваны; няспынна, няўцям, няшчадна, нельга, няма;

з назоўнікамі, калі адмоўе прыдае слову без гэтай часціцы значэнне супрацьпастаўлення, адмаўлення: неспецыяліст, нечалавек, неметал, нятэрмін, нелінгвіст і інш.; напрыклад: розніца паміж тэрмінамі і нятэрмінамі, кніга прызначана ў асноўным для неспецыялістаў, нелінгвісту гэтыя тэрміны могуць быць незнаёмы;

з прыметнікамі і прыметнікавымі прыслоўямі на - о (), калі спалучэнне іх з не служыць не для адмаўлення якога-небудзь паняцця, а для выражэння новага, процілеглага паняцця: невысокі (нізкі), нешырокі (вузкі), недалёкі (блізкі), неспакойны (які хвалюецца), невялікі (малы), нелегальна (падпольна, скрыта), нямнога (мала) і пад., а таксама з прыслоўем няйначай (абавязкова). Наяўнасць паясняльных слоў, як правіла, не ўплывае на напісанне разам не з прыметнікамі: незнаёмы нам аўтар, невядомыя навуцы факты, незразумелыя вучню словы;

у дзеяслоўнай прыстаўцы неда-, якая абазначае неадпаведнасць патрэбнай норме: недалічваць (мець менш, чым трэба), недаацэньваць (ацэньваць ніжэй, чым належыць), недаважваць (адважваць менш, чым патрабуецца), недаглядзець (недастаткова, дрэнна глядзець), недавыканаць (выканаць менш за патрэбную норму), недамерваць (адмерваць менш, чым трэба). Ад дзеясловаў з прыстаўкай неда- адрозніваюцца дзеясловы з прэфіксам да -, якія спалучаюцца з не і абазначаюць не даведзенае да канца дзеянне: не давучыцца да канца, не дачакацца цябе, не даскочыць да берага, не дасядзець да канца;

з дзеепрыметнікамі, пры якіх адсутнічаюць паясняльныя словы ці супрацьпастаўленне: неасушаныя (балоты), нержавеючая (сталь), нечаканы (прыход); непрыбраны (пакой), незачыненыя (дзверы), няходжаная (сцежка), нячэсаная (нечасаная)(воўна); няпоўнае (вядро), няспелы (яблык), нясмелае (дзіця); але: не засеянае вясною поле, не асушаныя да гэтага часу балоты. Не (ня) пішацца разам з поўнымі дзеепрыметнікамі і прыметнікамі пры наяўнасці пры іх слоў вельмі, надта, зусім, выключна, абсалютна, незвычайна і інш.: вельмі неабдуманы ўчынак, выключна неспрыяльнае надвор'е, абсалютна непрымальная прапанова; зусім някепскі вынік, надта няласкавы прыём;

з займеннікамі, калі на часціцу не падае націск і паміж не і займеннікам няма прыназоўніка, і з падобнымі займеннікавымі прыслоўямі: нехта, нешта, некага, нечага, некаму, нечаму; нейкі, нейчы, некаторы; некалі, некуды, неяк, некалькі, недзе, неадкуль, неадтуль;але: не адкуль, не адтуль (пры націску на займеннікавым прыслоўі);

у прыслоўях, постфіксах, асобных словах: нечакана, неабсяжна, неўзабаве, незадоўга, неўпапад, непадалёк, неўзаметку, няўцям, нехаця, нельга;прыназоўніку нягледзячы на; часціцах няўжо, няхай, постфіксе -небудзь (як-небудзь, хто-небудзь)і слове няма.

2. Не пішацца асобна:

з дзеясловамі і дзеепрыслоўямі: не бачыў, не ведаў, не буду рабіць, не бяры, не рабі, не курыць; не ведаючы куды; рабіць не спяшаючыся; сказаць не падумаўшы; але: непакоіцца, ненавідзячы;

са словамі іншых часцін мовы, калі ёсць або падразумяваецца проціпастаўленне: не шчасце, а адно гора з вамі; любога колеру, толькі не жоўтага; заходзіць да нас, але не часта; не два – больш; не каму, а вам будзе лепш; выступаў і ён, толькі не доўга; не кісла і не горка; не пашкоджаны, але не працуе нешта;

з поўнымі дзеепрыметнікамі, калі пры іх ёсць паясняльныя словы: да канца не вырашанае пытанне,не пакінутая без увагі парада, даўно не стрыжаны, цалкам не ўпэўнены;

з дзеепрыметнікамі ў кароткай форме: у пакоі (было) не прыбрана, твае правы (былі) не парушаны, дзверы не зачынены;

з прыметнікамі, прыслоўямі, калі ў якасці паясняльнага слова выступае займеннік або займеннікавае прыслоўе, якія пачынаюцца з ні: нікому не патрэбны, ніхто не галодны, ніяк не варта чытаць, ні да чаго не здольны;

з прыметнікамі і прыслоўямі з паясняльным словам, якое мае ацэначнае значэнне якасці: далёка не лепшы вынік, сёння дзень зусім не горшы за мінулы, не спелы яшчэ яблык;

з нязменнымі словамі не трэба, не варта, не шкода, не можна, не супраць, якія выступаюць у якасці выказніка;

з усімі словамі, часткі якіх пішуцца праз злучок: паступіў не па-сяброўску, зроблена не па-людску, не навукова-папулярны фільм;

асобна пішацца выраз не раз: Не раз прыходзілася яму хадзіць праз гэты лес.

3. Ні пішацца разам:

у займенніках, калі ні не аддзелена ад займенніка прыназоўнікам: ніхто, нішто, нікога, нічога, ніякі, нічый, ніякаму, нічыйго, нічыім; але: ні ў кога, ні ў якім, ні ў якія, ні да чаго, ні да каго;

у прыслоўях ніколі, нідзе, нікуды, ніадкуль, ніяк, ніколькі, нічуць, а таксама ў вытворных словах: нічыйны, ніштаваты, ніякавата, ніякаватасць;

у слове нібы (нібыта).

4. Неабходна адрозніваць звароты не хто іншы, як, не што іншае, як, не хто іншы, а, не што іншае, а, у складзе якіх ёсць адносныя займеннікі хто, што і азначальны займеннік іншы (хто іншы, што іншае), якія ў спалучэнні з не з'яўляюцца адмаўленнем іх сумеснага значэння, ад зваротаў ніхто іншы не, нішто іншае не з адмоўнымі займеннікамі ніхто, нішто ў спалучэнні з азначальным займеннікам іншы (ніхто іншы, нішто іншае), значэнне якога адмаўляецца: не хто іншы ўзяў, як ён; не хто іншы, а толькі ён; гэта не што іншае, як вапна; гэта не што іншае, а толькі нейкі звярок прашмыгнуў; але: ніхто іншы не быў, толькі ён; нішто іншае не цікавіць яго, адно толькі кнігі.

5. Ні пішацца асобна перад выказнікам у даданых сказах, калі служыць для ўзмацнення сцвярджальнага значэння, а таксама ва ўстойлівых узмацняльных зваротах: Што ні кажы, наш край багаты; з кім бы то ні было, што б там ні было.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: