Маўленне
Спосабам існавання і праяўлення мовы з’яўляецца маўленне. Сам тэрмін «маўленне» абазначае вуснае і пісьмовае валоданне моваю; моўную дзейнасць. Мова і маўленне – паняцці блізкія, узаемазвязаныя, але розныя. Маўленне ў параўнанні з моваю вызначаецца большай рухомасцю, большай свабодай у выбары і канкрэтным выкарыстанні моўных сродкаў. Мова – сістэма сродкаў зносін, а маўленне – рэалізацыя гэтай сістэмы. Формы праяўлення мовы – вуснае і пісьмовае маўленне. Вуснае маўленне адбываецца ва ўмовахнепасрэднага кантакту суразмоўнікаў. Значнае месца адводзіцца мелодыцы (тэмп, тон, тэмбр голасу і інш.). Адыгрываюць пэўную ролю нямоўныя сродкі: жэсты, міміка, пэўныя рухі.
Для пісьмовага маўлення характэрна:
- адсутнасць агульных для ўдзельнікаў зносін жыццёвых абставін і агульнага жыццёвага вопыту;
- адсутнасць жэстаў, мімікі, інтанацыі;
- максімальна ўзбагачаны слоўнік;
- максімальна ўскладнены сінтаксіс.
Маўленне носіць індывідуальны характар. Маўленне – гэта двухбаковая з’ява: гэта працэс (маўленчая дзейнасць) і вынік гэтага працэсу, рэалізацыя (тэкст).
|
|
Адрозніваюць унутранае і знешняе маўленне. Калі афармленне думкі адбываецца без выказвання – унутранае маўленне, а з выказваннем (пісьмовым ці вусным) – гэта знешняе маўленне. Знешняе маўленне рэалізуецца ў маналагічнай або дыялагічнай форме.
Маналог – разгорнутае, працяглае маўленне, звернутае да самога сябе ці да іншых і не разлічанае на слоўную рэакцыю другіх асоб. Маналог можа быць звернуты да суразмоўцы, аддаленага часам, прасторай ці нават уяўнага.
Маналог уяўляе сабой разгорнутае выказванне пэўнага тыпу і стылю. Выбар тыпу і стылю маналагічнага маўлення абумоўлены сітуацыяй зносін. Маналагічнаму маўленню ўласцівыя даволі складаная сінтаксічная будова, сэнсавая глыбіня, жанравая разгалінаванасць.
Дыялог – маўленне, у час якога адбываецца непасрэдны абмен выказваннямі паміж некалькімі (дзвюма і больш) асобамі.
Па структуры дыялог уяўляе сабой паслядоўнасць узаемазвязаных адносна кароткіх рэплік, адны з якіх могуць выражаць зварот да асобы, пытанне, паведамленне, пабуджэнне і г.д., а другія – змяшчаць адказ, сустрэчнае пытанне, удакладненне, пярэчанне і інш.
У пісьмовым маўленні пры дыялогу могуць знаходзіцца словы аўтара (асобы, якая каменціруе дыялог).
Дыялагічнае маўленне характарызуецца непасрэднасцю зносін, сітуацыйнасцю, адначасовасцю мыслення і гаварэння. У сувязі з гэтым існуюць і моўныя асаблівасці дыялога, напрыклад, памяншэнне даўжыні сінтаксічных адзінак, ужыванне няпоўных сказаў, меншае выкарыстанне дзеепрыметнікавых і дзеепрыслоўных зваротаў і інш.