Лекцыя 9. Англія ў 1930-я гады

1. Уплыў сусветнага эканамічнага крызісу на Англію

2. Другі лейбарысцкі ўрад

3. Дзейнасць нацыянальнага урада

4. Англія ў другой палове 30-х гадоў

1. Крызіс ахапіў брытанскую эканоміку ў пачатку 1930 г. і працягваўся да 1933 г. У Англіі яго разбуральная сіла была значна меншай, чым ў іншых краінах і ў першую чаргу, чым у ЗША і Германіі. Гэта было абумоўлена нізкімі тэмпамі роста эканомікі падчас стабілізацыі. Разам з тым, крызіс, безумоўна, абазначаў значнае падзенне вытворчасці. У сярэднім яно склала 18%. Асаблівыя цяжкасці перажывалі старыя галіны вытворчасці. Здабыча вугля скарацілася на 20%, вытворчасць сталі і чугуна – амаль на палову, суднабудаванне – на 90%. У 1931 г. упершыню быў прызнаны дэфіцыт бюджэта. Крызіс меў сур'ёзныя сацыяльныя наступствы. У першую чаргу – гэта беспрацоўе. У 1932 г. 25% рабочых не мелі работы. У некаторых месцах, дзе былі сканцэнтраваны старыя галіны вытворчасці, сфарміраваліся раёны дэпрэсіі, дзе эканамічнае жыццё наогул замёрла.

2. Пасля выбараў 1929 г. быў створаны другі лейбарсцкі ўрад на чале з Р. Макданальдам. На гэты раз лейбарысты мелі самую вялікую фракцыю ў парламенце, але як і ў 1924 г. не дасягнулі абсалютнай большасці. Гэта не давала ім магчымасці рэалізаваць свае найбольш радыкальныя перадвыбарныя абяцанні, як, напрыклад, нацыяналізацыя, адмена антыпрафсаюзнага закона 1927 г., ці павышэнне падаткаў на высокія даходы. Тым не менш, лейбарысцкі ўрад змог правесці некаторыя сацыяльныя рэформы на карысць працоўных. Быў прыняты новы закон аб страхаванні беспрацоўных, які крыху паляпшаў іх становішча, былі выдзелены новыя сродкі на арганізацыю грамадскіх раброт, быў скарочаны рабочы дзень шахцёраў з 8 гадзін да 7,5. Урад ажыццяўляў таксама перасяленне непрацуючай працаздольнай часткі насельніцтва з рэгіёнаў дэпрэсіі ў эканамічна актыўныя рэгіёны. Усе гэтыя крокі, аднак, не змянілі кардынальным чынам сацыяльна-эканамічную сітуацыю да лепшага.

У галіне знешняй палітыкі лейбарысцкі ўрад аднавіў ў 1929 г. дыпламатычныя адносіны з СССР. У 1930 г. ў Лондане па яго ініцыятыве адбылася імперская канферэнцыя, на якой англійскія дамініёны атрымалі роўныя правы з Англіяй у галіне унутраных спраў. Разам з тым, англійскі кароль заставаўся для іх агульным манархам. Паняцце каланіяльная імперыя было заменена тэрмінам Брытанская садружнасць нацый. Усе гэтыя рашэнні былі замацаваны ў 1931 г. у прынятым англійскім парламентам Вестмінстэрскім статуце. Тым часам, сацыяльна-эканамічныя праблемы ў краіне абвастраліся. У 1932 г. аб'ём вытворчасці склаў толькі 82,5% ад узроўня 1913 г. Экспарт скараціўся ў 2 разы. Дэфіцыт бюджэта складаў 100 млн фт. ст. У 1930 г. адбыліся масавыя выступленні беспрацоўных. Яны арганізавалі галодны паход на Лондан і іншыя гарады. У гэтых умовах урад стварае незалежную камісію спецыялістаў на чале з Дж. Мэям, якая павінна была вывучыць сітуацыю ў англійскай эканоміцы і даць рэкамендацыі па пераадоленню крызіса. У сакавіку 1931 г. камісія прапанавала даклад, з якога вынікала, што неабходна праводзіць палітыку жорсткай эканоміі, у першую чаргу за кошт скарачэння бюджэтных сацыяльных расходаў і заработнай платы. Лейбарысцкі ўрад раздзяліўся на дзве амаль роўныя часткі адносна таго, прымаць ці не прымаць рэкамендацыі камісіі. У гэтых умовах 23 жніўня 1931 г. Р. Макданальд аб'явіў аб адстаўцы ўрада.

3. У канцы жніўня 1931 г. па дамоўленасці трох буйнейшых партый Англіі быў створаны Нацыянальны ўрад. У яго склад увайшлі 4 лейбарысты, 4 кансерватары і 2 лібералы. Узначаліў урад Р. Макданальд. Аднак у хуткім часе кіраўніцтва лейбарысцкай партыі абвінаваціла Р. Макданальда і яго прыхільнікаў у здрадзе і выключыла іх з партыі. Пасля гэтага яны называлі сябе нацыянальнымі лейбарыстамі. Пасля выбараў 1931 г. кансерватары мелі ў парламенце абсалютную большасць. Пазіцыі лейбарыстаў у выніку раскола былі моцна аслаблены. Тым не менш прэм'ер-міністрам заставаўся Р.Макданальд. Нацыянальны ўрад з самага пачатку сваёй дзейнасці прыступіў да выканання рэкамендацый камісіі Мэя. Была скарочана дапамога беспрацоўным, у 1932 і 1933 г. г. зніжана заработная плата значнай частцы рабочых. У 1931 г. быў адменены залаты стандарт фунта стэрлінгаў, а ў 1932 г. ажыццёўлены пераход да пратэкцыянізму з увядзеннем 10-%-ай мытнай пошліны. Гэтыя жорсткія і непапулряныя меры далі тым не менш станоўчыя вынікі. Быў пераадолены бюджэтны дэфіцыт, з 1934 г. пачаўся паступовы рост вытворчасці і у 1937 г. прамысловая прадыкцыя скаладала ужо 123,6% ад узроўня 1913 г.

У сувязі з тым, што ўвядзенне пратэкцыянізма стварала складанасці ў гандлёва-эканамічных адносінах Англіі з краінамі Садружнасці нацый, ў жніўні 1932 г. адбылася імперская канферэнцыя ў Аттаве, якая вырашыла гэтыя праблемы. Там была распрацавана сістэма прэферэнцыяльных тарыфаў, якая прадугледжвала, што 80% тавараў з краін Садружнасці дапускалася на англійскі рынак без пошліны, а застаўшыяся 20% – з пошлінай ніжэй 10%. Дамініёны рабілі тое ж самае з англійскімі таварамі. Такім чынам, рынак Садружнасці быў абаронены ад канкурэнцыі з іншымі краінамі.

3. У 1935 г. быў створаны чыста кансерватыўны ўрад на чале са Стэнлі Болдуінам. Выбары 1935 г. зноў далі абсалютную большасць кансерватарам. З 1937 г. прэм'ер-міністрам становіцца Н.Чэмберлен. У сярэдзіне 30-х гадоў адбываюцца сур'ёзныя перамены ў палітычных партыях. Лейбарысты, значна аслабіўшыя свае пазіцыі пасля раскола 1931 г., шукалі шляхі да кансалідацыі. У 1934 г. была прынята новая праграма партыі "За сацыялізм і мір". Ставіліся задачы нацыяналізацыі важнейшых галін вытворчасці, рэарганізацыі банкаўскай, транспартанай і энергентынай сістэм. З 1935 г. новым лідэрам партыі стаў Клемент Эттлі. Партыя ў гэты перыяд адмаўляецца ад рэшткаў рэвалюцыйнасці і левага радыкалізму. У другой палове 30-х гадоў становішча ў партыі было стабілізавана, яна замацоўвае свае пазіцыі аднаго з двух удзельнікаў брытанскай двухпартыйнай мадэлі.

Пазіцыі ліберальнай партыі ў гэты час былі яшчэ больш аслаблены. У партыі дзейнічала ўжо тры групы. Яны сапернічалі паміж сабой, ці нават знаходзіліся ў стане супрацьстаяння. Гэта не давала ім магчымасці распрацаваць адзіную ідэалагічную платформу. Менавіта у гэты час партыя была канчаткова выцеснена з сістэмы двухпартыйнага кіравання дзяржавай.

Кансерватары адыгрывалі вядучую ролю ў палітычным жыцці. На чале партыі знаходзіліся прадстаўнікі яе правага крыла. Ва ўрадавай дзейнасці партыя прытрымлівалася прынцыпа кампетэнтнасці без асаблівых тэорый. У партыі ішло саперніцтва паміж групамі С. Болдуіна – Н.Чэмберлена і У.Чэрчыля у асноўным па праблемах знешняй палітыкі.

У 30-я гады ў Брытаніі актывізуецца фашысцкі рух. Ен быў прадстаўлены Брытанскім саюзам фашыстаў, які узначальваў О.Мослі. У 1934 г. колькасць яго членаў складала 20 тыс. чалавек. Аднак ўплывовай сілай фашысты ў Англіі не сталі. У 1937 г. фашысцкі рух прыйшоў у поўны заняпад.

У 30-я гады ў Брытаніі ажыццяўляюцца буйнамаштабныя праграмы пераўзбраення. У 1934 г. адбылося абнаўленне тэхнічнай базы ВПС, павялічылася колькасць самалётаў. У 1936 г. пачалася мадэрнізацыя сухапутных сіл. У 1935 – 1939 гг. дзяржаўныя расходы на ваенныя мэты павялічыліся ў 4,5% разы. Дзяржаўныя інвестыцыі ў ваенную прамысловасць садзейнічалі эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў краіне.

У галіне знешняй палітыкі ўрады С. Болдуіна і асабліва Н.Чэмберлена прытрымліваліся курса на ўміратварэнне агрэсара, ці стратэгіі паступоай прававой рэабілітацыі Германіі. Апагеем гэтай палітыкі была Мюнхенская канферэнцыя 1938 г. Палітыка ўміратварэння была разлічана на захаванне міра, але ў рэальнасці яна прывяла да ўмацавання агрэсіўных дзяржаў, у першую чаргу Германіі і аблягчала ім задачу падрыхтоўкі да вайны.

Лекцыя 10. ЗША пасля першай сусветнай вайны (1919-1923 гг.)

1. Вынікі вайны для ЗША

2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё

3. Палітычная сітуацыя ў краіне

4. Знешняя палітыка ЗША

1. Вайна карэнным чынам змяніла эканамічнае становішча ЗША ў свеце. На амерыканскай тэрыторыі не было ваенных дзеянняў, эканоміка развівалася ў нармальных умовах. ЗША сталі фактычна падчас вайны арсеналам Антанты. Усё гэта забяспечыла небывалыя тэмпы эканамічнага роста. Чысты прыбытак амерыканскай эканомікі за 1914–1919 гг. склаў 33,4 млрд. долараў Экспарт ЗША у 1919 г. складаў 7,9 млрд. долараў у параўнанні з 2,4 млрд. у 1914 г. ЗША давалі амаль палову сусветнай здабычы каменнага вугля, каля 3/5 выплаўкі чыгуна і сталі, 2/3 здабычы нафты, 85% выпуска аўтамабіляў і г.д. Тыкім чынам, ЗША ператварыліся ў высокаразвітую індустрыяльную краіну, якая па асноўных эканамічных паказчыках выйшла на першае месца ў свеце. Важным было і тое, што за гады вайны ЗША ператварыліся з краіны, якая мела запазычанасць, у краіну-крэдытора.. займы еўрапейскім дзяржавам складалі прыкладна 11 млрд. долараў. Улічваючы тое, што буйнейшыя еўрапейскія дзяржавы былі моцна аслаблены вайной, можна сказаць, што пасля вайны Злучаныя Штаты сталі мацнейшай ва ўсіх адносінах краінай свету. Усё гэта дазволіла прэзідэнту В.Вільсану, які прыбыў у 1919 г. на Парыжскую мірную канферэнцыю, заявіць: "У пасляваенным свеце фінансавае кіраўніцтва будзе нашым. Прамысловае кіраўніцтва будзе за намі. Перавага ў гандлі будзе нашай. Другія краіны свету павінны будуць ісці пад нашым кіраўніцтвам".

2. Падчас вайны па ініцыятыве прэзідэнта В. Вільсана, вядомага рэфарматара, які належыў да схільнай да рэформаў дэмакратычнай партыі, былі ажыццёўлены значныя перамены ў эканамічнай палітыцы. Неабходнасць гэтых перамен аргументавалася спецыфічнымі ўмовамі ваеннага часу. Былі створаны такія механізмы, якія дазвалялі дзяржаве ажыццяўляць непасрэднае кіраўніцтва эканомікай. Існавала ўпраўленне ваеннай прамысловасцю і галіновыя ваенна-гаспадарчыя ўпраўленні. Яны раздзялялі ваенныя заказы, забяспечвалі прамысловыя прадпрыемствы сыравінай, палівам, транспартымі сродкамі, рабочай сілай. У 1917 г. адміністрацыя В. Вільсана перавяла ўсю сетку чыгуначных дарог пад кіраўніцтва дзяржавы. У 1918 г. было створана ваеннае ўпраўленне працы з прадстаўнікоў прафсаюзаў і прадпрымальнікаў, задача якога заключалася ў тым, каб не дапусціць канфліктаў на ваенных прадпрыемствах. Вільсан быў прыхільнікам захавання далейшага развіцця гэтай палітыкі пасля вайны. Ён асабліва настойліва даказваў амерыканскаму кангрэсу, што не можа быць ніякага ўстойлівага і пастаяннага ўрэгулявання адносін паміж працай і капіталам, пакуль не прызнаны фундаментальныя правы, за якія даўно ўжо змагаюцца рабочыя. Ён прапаноўваў прадставіць рабочым права на арганізацыю, на заключэнне калектыўных дагавораў, на забастўку і г.д. Аднак гэтыя прапановы не былі падтрыманы рэспубліканскай большасцю ў кангрэсе і сенаце. Больш таго, пасляваенныя гады сталі перыядам дэмантажа мехнізмаў дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і сацыяльных адносін. У многім гэты было звязана і з эканамічным крызісам 1920 г., які ў кансерватыўных колах лічылі вынікам палітыкі В.Вільсана. У 1922 г. пачаўся новы эканамічны пад'ём, які цяпер звязвалі з вяртаннем рэспубліканскай адміністрацыі да "нармальных часоў", г. зн. да згортвання ролі дзяржавы ў эканоміцы і сацыяльных адносінах і да пашырэння свабоды дзейнасці рынкавых механізмаў.

Рабочы рух у ЗША у гэты час размаху не меў. Найбольш масавай арганізацыяй рабочых быў прафсаюзны цэнтр Амерыканская федэрацыя працы (АФП). Яна прытрымлівалася рэфармісцкай ідэалогіі і імкнулася да класавага супрацоўніцтва. У склад АФП уваходзіла 4 млн членаў. У 1919 г. была створана камуністычная партыя. Аднак на працягу ўсіх гадоў існавання яна так і не стала больш-менш уплывовай палітычнай сілай.

3. Палітычная сітуацыя ў краіне характарызавалася актывізацыяй кансерватыўна-рэакцыйных сіл. У многім гэта было рэакцыяй на рэвалюцыі ў Еўропе і асабліва на ўсталяванне савецкай улады ў Расіі. Гэтыя падзеі разглядаліся як непасрэдная пагроза амерыканскаму ладу жыцця, ў аснове якога ляжалі прынцыпы індывідуалізму і неабмежаванай свабоды рынкавых адносін. У гэтых умовах фарміруецца атмасфера "палявання на чырвоных". Дзейнічалі расісцкія шавіністычныя арганізацыі, як, напрыклад, "Амерыканскі легіён", аднавілася дзейнасць Ку-клукс-клана. Пад лозунгамі абароны амерыканізма, барацьбы супраць чырвонай пагрозы быў развязны сапраўдны тэрор супраць радыкалаў, камуністаў, неграў. Прапагандаваліся лозунгі выкаранення "апосталаў Леніна сярод амерканцаў".Асабліва абвастрылася сітуацыя падчас прэзідэнцкіх выбараў 1920 г. Рэспубліканцы рэзка выступілі супраць "эксперыментаў В.Вільсана", разглядаючы яго ліберальныя рэформы таксама як адну з пагрозаў амерыканскаму ладу жыцця. Галоўным лозунгам рэспубліканцаў было вяртанне да нармальнага парадку, аднаўленне сапраўды амерыканскіх прынцыпаў і галоўнага з іх – цвёрдага індывідуалізма. Перамогу на выбарах атрымаў кандыдат ад рэспубліканскай партыі У. Гардзінг. У 1923 г. ён нечакана памёр і на прэзідэнцкую пасаду заступіў віцэ-прэзідэнт К.Кулідж, які быў вядомы сваім лозунгам "Справа Амерыкі – гэта бізнес". Рэспуліканская адміністрацыя павяла лінію на вяртанне да традыцыйных амерыканскіх каштоўнасцяў. Эканамічным поспехам рэспубліканскіх адміністрацы садзейнічала спрыяльная эканамічная кан'юнктура, якая пачала праяўляцца з 1922 г.

4. На Парыжскай мірнай канферэнцыі Злучаныя Штаты мелі моцныя пазіцыі і ў значнай ступені ўплывалі на яе вынікі. Праграма "14 пунктаў Вільсана", прынятая яшчэ ў студзені 1918 г., была пакладзена ў аснову пасляваеннага ўрэгулявання. Яна мела ліберальны характар і адпавядала ў першую чаргу інтарэсам ЗША. Прыхільнік глабальнай палітыкі ЗША, прэзідэнт В.Вільсан дабіўся ў Парыжы прыняцця рашэння аб стварэнні пасля вайны міжнароднай арганізацыі па падтрыманню міра – Лігі Нацый. Не ў апошнюю чарку Вільсан бачыў у ёй інструмент амерыканскага ўплыву на астатні свет. Аднак падзеі ў ЗША развіваліся не па планах В.Вільсана. Ізаляцыяністы, сканцэнтраваныя ў асноўным у Рэспубліканскай партыі не прымалі ідэю Лігі Нацый наогул. Яны лічылі, што Ліга Нацый можа стаць інструментам, які ўцягне ЗША у еўрапейскія канфлікты, супраць чаго яны заўсёды выступалі. У выніку Сенат не ратыфікаваў Версальскі дагавор, у склад якога ўваходзіў статут Лігі Нацый. Пазней Злучаныя Штаты падпісалі свой мірны дагавор з Германіяй, які фактычна паўтараў Версальскі дагавор, але не ўтрымліваў статута Лігі Нацый.

Пасля выбараў 1920 г. рэспубліканская адміністрацыя ажыццяўляла свой знешнепалітычны курс пад уплывам ізаляцыяністаў. Прыярытэты былі звязаны з умацаваннем пазіцый ЗША на амерыканскім кантыненце, у раёнах Ціхага акіяна і Далёкага Усходу. У гэтых адносінах важнейшае значэнне для Злучаных Штатаў мела Вашынгтонская канферэнцыя (лістапад 1921 – люты 1922 г.г.). Усе дагаворы канферэнцыі адпавядалі інтарэсам ЗША і ўмацоўвалі іх пазіцыі на Далёкім Усходзе, асабліва ў Кітаі, а таксама ў сферы марскіх узбраенняў. У гэты час ЗША не падтрымлівалі дыпламатычных адносін з СССР.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: