Буйнымi асяродкамi царкоўнай i свецкай музычнай культуры ў XVI–XVII стст. становяцца брацтвы. У брацкiх школах моладзь атрымлiвала музычную адукацыю, пры iх стваралiся хоры, якiя ўдзельнiчалi ў паказах школьнага тэатра.
Музыка і тэатр
Першыя носьбiты музычнага прафесiяналiзму на тэрыторыi Беларусi – вандроўныя акцёры: музыкi, скамарохi. Сярод iх у старажытнасцi былi гусляры (гусельнiкi), гудочнiкi (гудкi), дудары, дудачнiкi, выканаўцы на бубнах. З XVI–XVII стст. з'яўляюцца скрыпачы (скрыпкi, смыкi) i цымбалiсты. Яны ўдзельнiчалi ў княжацкiх застоллях i ваенных паходах, у вяселлях, калядах, русаллях, суправаджалi батлеечнiкаў, iгралi танцы на святах. Пастаянныя ганеннi з боку царквы i ўлад (напрыклад, пастанова Вiленскага сойма 1656–1666 гг. аб абкладаннi скамарохаў падаткамi) i развiццё прафесiйных формаў тэатральнага мастацтва паступова вялi да знiкнення скамарошаства як прафесii. Да народна-прафесiйных музыкантаў належалi таксама вандроўныя старцы, якiя спявалi пад акампанемент лiры духоўныя вершы, псалмы, гiстарычныя песнi.
|
|
Старажытная праваслаўная царкоўная музыка беларусаў, рускiх, украiнцаў узяла фармальныя, вонкавыя прыкметы ад вiзантыйскiх царкоўных спеваў, але стварыла свой арыгiнальны па форме i зместу знаменны распеў. Яго ладавую аснову складала "осьмагласие" (сiстэма з васьмi ладоў), якая канчаткова сфармiравалася ў канцы XVI – пачатку XVII ст. У другой палове XVI ст. на Беларусi пашырылiся партэсныя шматгалосныя спевы (спяванне па партэсах – партыях, запiсаных у пяцiлiнейнай нотнай сiстэме).
Разам са школьным тэатрам з XVI ст. пашыраецца беларускi народны лялечны тэатр батлейка, якi арганiзоўваўся вандроўнымi шкалярамi, мяшчанамi, сялянамi. У яго рэпертуар уваходзiлi рэлiгiйныя п'есы (напрыклад "Цар Iрад"), а таксама жанравыя сцэнкi, пабудаваныя на фальклорным матэрыяле i насычаныя сацыяльнай сатырай. Яны высмейвалi паноў, карчмароў i г. д., процiпастаўляючы iм станоўчых герояў з народа. Сцэнай служыла двухпавярховая скрынка, што нагадвала царкву або хатку. Паказы рабiлiся на абодвух паверхах. Батлеечнiкi вадзiлi драўляныя лялькi на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. У паказах удзельнiчалi да 40 персанажаў. Батлеечныя спектаклi суправаджалiся музыкай – папулярнымi кантатамi, народнымi песнямi i танцамi. Яны выконвалiся iнструментальнымi ансамблямi, што звычайна складалiся са скрыпача, цымбалiста i бубнача.
У канцы XVI – пачатку XVII ст. узнiкаюць школьныя тэатры пры езуiцкiх навучальных установах. На плошчах i вулiцах гарадоў iмi ладзяцца тэатралiзаваныя мiстэрыi, заклiканыя пашырыць кола прыхiльнiкаў каталiцкага веравучэння. Развiццё iнструментальнай музыкi звязана таксама з каталiцкiмi набажэнствамi.
|
|
У другой палове XVI ст. зроблены першыя спробы нотадрукавання на Беларусi: Берасцейскi канцыял-зборнiк "Песнi хвал боскiх", выдадзены ў 1558 г. у Бярэсцi Я. Зарэмбам, i Нясвiжскi спеўнiк 1563 г. М. Кавячынскага, якi ўтрымлiвае 40 псалмоў i 110 песень з нотамi.
З другой паловы XVI ст. у побыт уваходзяць канты – бытавыя харавыя песнi-гiмны на свецкую (уласна канты) i рэлiгiйную (псалмы) тэматыку. Псалмы i канты набылi папулярнасць у гарадскiм i сялянскiм асяроддзi, увайшлi ў вясельны абрад.
Такiм чынам, беларуская культура XVI – першай паловы XVII ст. – складаная i своеасаблiвая. У ёй змагалiся самыя разнастайныя, нярэдка супрацьлеглыя тэндэнцыi, адначасова ўжывалiся i ўзаемадзейнiчалi найноўшыя i застарэлыя, перадавыя i кансерватыўныя iдэi, плынi, стылi. Адсюль i яе стракатасць, адсутнасць гарманiчнага адзiнства. Гэта было абумоўлена складанасцю i супярэчлiвасцю грамадскага жыцця Беларусi ў той перыяд гiстарычнага развiцця, а таксама тым, што на беларускiх землях сутыкалiся, перакрыжоўвалiся i сiнтэзавалiся дзве магутныя культурна-iдэйныя плыні – каталiцкага Захаду i праваслаўнага Усходу. Першыя парасткi новага ва ўмовах панавання феадальнай iдэалогii, сярэднявечнага тыпу культуры прабiвалiся марудна, з цяжкасцю, хаця для iх ужо былi створаны пэўныя сацыяльна-гiстарычныя ўмовы.
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ. КРЫНІЦЫ.