Дзея другая

Канец першай дзеі.

Карціна 2.

Ноч. Месяцовае святло прабіваецца праз шчыліны. Чуваць цвыркун. Ціха. Карова і Кабылка спяць у сваіх стойлах. Сабака расцягнуўся на падлозе. Раптам ён прачынаецца, прыслухоўваецца, рыкае. Супакоіўся. Прылёг. Зноў прачнуўся, рыкае. Устаў, пачаў брахаць, потым скуголіць. Прачнулася Кабылка, потым і Карова.

КАБЫЛКА. Што здарылася?

Сабака ціснецца ў кут, скуголіць, не можа знайсці сабе месца.

КАРОВА. Нешта мне няпэўна… Страшна нешта…

САБАКА (скуголіць). Мама… мамачка…

Раптам Сабака супакоіўся, павесялеў.

САБАКА. Ух, адпусціла.

КАРОВА. Ага, лягчэй стала. Што гэта было?

САБАКА. Жах гэта быў. У мяне поўсць дыбам стала.

КАБЫЛКА. Праўда. У мяне грыва заварушылася… ці тое, што ад яе засталося.

САБАКА. А зараз добра неяк, цёпла… Я вас так люблю, дзяўчаткі!

КАРОВА (па-бацькоўску, з любоўю). Ты наш харошы.

Раптам наверсе, пад столлю, з’яўляецца Свіння. У яе – крылы. Яна ляціць і садзіцца на сена, звесіўшы ножкі. Сабака заўважае ножкі, падбягае, бачыць Свінню.

САБАКА (пасля паўзы). Ёлкі-палкі… Свіння…

СВІННЯ. Так, гэта я.

КАРОВА. Дзе? Дзе?

САБАКА. Ды цябе ж Гаспадар… я сам бачыў!

СВІННЯ. Так, праўда, мяне ўжо няма, на зямлі няма.

САБАКА. А дзе ж ты?

СВІННЯ. Я на небе.

КАБЫЛКА. Не можа гэтага быць.

САБАКА. Ой, Свіння, як я рады цябе бачыць!

КАРОВА. Мы вельмі радыя, праўда!

СВІННЯ. І я рада вас бачыць.

САБАКА. А што гэта ў цябе за спінай?

СВІННЯ. Гэта? Гэта крылы.

КАБЫЛКА. Што?

СВІННЯ. Крылы. Я цяпер анёл.

Паўза, усе глядзяць на Свінню.

КАРОВА. А што гэта такое?

СВІННЯ. Раней я ў вас пра ўсё пыталася… а цяпер ужо наадварот. Дык вось. Калі жывыя істоты паміраюць, Бог высвятляе, чыстая ў яго душа ці не. Калі чыстая, значыць, анёл.

КАРОВА. А калі брудная?

СВІННЯ. Калі брудная – гэта грэх.

САБАКА. А што значыць “грэх”?

СВІННЯ (пералічвае, як урок). Грэх гэта: сквапнасць, чэраваўгодніцтва, пралюбадзейства, ганарлівасць, гнеў, зайздрасць, марнасць. Усяго сем.

САБАКА. Пралюбадзейства – гэта што?

КАРОВА. А зайздрасць?

КАБЫЛКА. Гнеў. Што за гнеў такі?

СВІННЯ. Не ведаю. Я толькі першы дзень.

САБАКА. Трэба ў Пеўня спытацца. Па радыё пра ўсё гавораць. Ну, добра. Ты – на неба. А грахі гэтыя куды?

СВІННЯ. Іх у іншае месца адпраўляюць… там душа пакутуе… мне сказалі, там усім кепска…

САБАКА. А як дазнацца, чыстая душа ці брудная?

СВІННЯ. Табе не трэба дазнавацца. Пасля смерці ўсе жывёлы анёламі становяцца. Нават кракадзілы. А людзі не ўсе. Вельмі мала людзей сярод нас. У асноўным, дзеці – маленькія людзі.

КАБЫЛКА. Свіння, а ты Бога бачыла?

СВІННЯ. Бачыла. Ён мяне па галаве пагладзіў.

САБАКА. Навошта?

СВІННЯ. Пашкадаваў.

САБАКА. Зразумела.

КАБЫЛКА. А які ён, Бог?

СВІННЯ. Не памятаю. Мне падалося, што я на пчальніку… памятаеце? Дзед з пчальніка да Гаспадара прыходзіў… вось мне падалося… пах такі самы…

З’яўляецца Певень.

ПЕВЕНЬ (ціха, дрыжачым голасам). Эй вы, бурыя. Спіцё?

КАРОВА. Не, не спім.

ПЕВЕНЬ. Я тут вырашыў зайсці праверыць, як вы тут і чаго.

САБАКА. З чаго гэта ты вырашыў нас ноччу правяраць?

ПЕВЕНЬ. Ды так, вырашыў і ўсё.

КАБЫЛКА. Хлусіць. Страшна стала.

ПЕВЕНЬ. А ты адкуль ведаеш? (Заўважае Свінню.) Ой… Свіння, ды цябе ж Гаспадар учора зарэзаў… ты так крычала, жах, а ты жывая?

СВІННЯ. Не, я цяпер анёл.

ПЕВЕНЬ. Які яшчэ анёл?.. А што гэта ў цябе там тырчыць?

СВІННЯ. Крылы.

ПЕВЕНЬ. Што? Хо-хо-хо! Крылы? Можа, ты яшчэ і лётаць умееш?

СВІННЯ. Канешне. Я цяпер усюды магу лётаць. І над рэчкай, і над полем, нават за лес, і ў горад і яшчэ намнога далей!

ПЕВЕНЬ. Няпраўда. Хлусіш.

СВІННЯ. Я не хлушу.

ПЕВЕНЬ. Хо-хо! Дакажы. Прывядзі рэчавыя доказы!

СВІННЯ. Калі ласка.

Свіння лётае пад столлю, садзіцца на падлогу. Певень знямеў. Усе ўражаныя.

КАБЫЛКА. Не можа быць.

КАРОВА. Свіння! Твая мара здзейснілася – ты лётаеш!

СВІННЯ (без асаблівай радасці). Я і сама спачатку не магла паверыць. Гэта так цудоўна – лётаць. Ты нічога не важыш і лунаеш, як арол над гарамі… Я таксама над гарамі буду лунаць…

ПЕВЕНЬ. Над якімі яшчэ гарамі, ты, мурза.

СВІННЯ (наіўна). Дарэчы, я ніводнага пеўня сярод анёлаў не бачыла.

ПЕВЕНЬ. Абыдземся. У нас свае крылы ёсць, прыродныя, а не нейкія набытыя незаконным шляхам.

КАРОВА. Ды змоўкні ты, Певень. Я б не хацела такім чынам крылы набываць.

СВІННЯ. Так… (Шмыганула носам.) Лётаць, вядома, прыемна, але жыць лепей. Намнога лепей, нават у гэтым хляве.

ПЕВЕНЬ. Гэта чаму?

СВІННЯ. Таму… што я… парожняя.

ПЕВЕНЬ. Не зразумеў.

СВІННЯ (усміхаецца). Мне не цікава. Мне нічога не цікава… Здаецца, што я ведаю ўсё. Можна было спалохацца нават, але я не адчуваю страху… я нічога не адчуваю… і нічога не хачу. Ува мне ўсё памерла – я парожняя. І тое, што я лётаю, мяне не радуе, я не адчуваю палёту… А раней я марыла, памятаеце?.. Мае мары – яны былі такія цудоўныя, як сонца… Яны былі сапраўдныя.

КАРОВА. Бедалага.

КАБЫЛКА. Усе там будзем.

СВІННЯ. А цяпер мне вельмі пакойна… Я нічога не баюся…

КАБЫЛКА. Значыць, паміраць не страшна.

СВІННЯ (заплюшчвае вочы). Каб ты ведала, Кабылка, як страшна! Калі б ты ведала…

ПЕВЕНЬ. Але потым добра?

СВІННЯ. Потым так… потым добра…

ПЕВЕНЬ. Што ж гэта такое, проста ніяк не зразумець, – яе забілі, разрэзалі на кавалкі, вунь, у Гаспадара ў машыне ў мешкавіне ляжыць загорнутая, а яна тут казкі расказвае!

СВІННЯ. Так. Мяне заўтра на базар павязуць, прадаваць, а Дашку – у бальніцу на аборт.

КАРОВА. Дык ты ўжо ведаеш, што гэта такое?

СВІННЯ. Ведаю. Гэта называецца – штучнае перарыванне цяжарнасці.

КАРОВА. Як гэта?

СВІННЯ. Вось так. Вязуць цябе, Карова, у бальніцу і перарываюць табе цяжарнасць пры дапамозе медыцынскіх інструментаў.

КАРОВА. Навошта?

САБАКА. Нашто гэта?

ПЕВЕНЬ. Не зразумела.

СВІННЯ. Ну… як навошта… (Уздыхае.) Я сама не ведаю навошта. Але так робяць толькі людзі.

КАРОВА. А потым яго куды, цялятка?

СВІННЯ. У тым жа і справа, што нікуды. Пазбаўляюць жыцця.

САБАКА. Навошта?

СВІННЯ. Не ведаю я!!!

Паўза.

ПЕВЕНЬ. І я бачыў, як кацянят тапілі.

СВІННЯ. Хто тапіў, кошкі?

ПЕВЕНЬ. Не, людзі.

СВІННЯ. Вось, вось. Вось таму іх сярод анёлаў і няма.

КАБЫЛКА. Ясная справа.

САБАКА (прынюхваецца, бяжыць да дзвярэй). Свіння, хавайся. Гаспадар ідзе.

СВІННЯ. Мне не трэба хавацца. Мяне людзі не бачаць.

Заходзіць Гаспадар з ліхтаром, ён у трусах і ў майцы. Пазяхае. Сабака сустракае яго, віляючы хвастом. Гаспадар ідзе ў кут, ставіць ліхтар на зямлю, корпаецца ў інструментах. Свіння падыходзіць да яго, заглядвае ў вочы.

СВІННЯ. Эх, Гаспадар, Гаспадар… Я так цябе любіла, а ты мяне зарэзаў, нават вокам не міргнуў.

ГАСПАДАР (пазяхае, бурчыць сабе пад нос). За дурною галавою нагам няма спакою… Забілі галаву, пра замок забыўся… (Бярэ нейкія інструменты, ідзе да дзвярэй.)

СВІННЯ. Хоць бы даручыў каму, а то сам… сам… шылам… проста ў сэрца.

ГАСПАДАР (да Сабакі). Здаравяка, што ты тут робіш? Пайшоў на двор, хату вартаваць.

Гаспадар і Здаравяка выходзяць. Паўза.

СВІННЯ. З другога боку, людзям жа трэба нешта есці, вось яны нас і ядуць. Адзежу, абутак з нас робяць. Іх нават пашкадаваць трэба, яны слабейшыя.

КАРОВА. Так, гэта праўда.

ПЕВЕНЬ. Які кашмар…

КАБЫЛКА. Жыццё…

ПЕВЕНЬ (гарлапаніць). Але гэта ж несправядліва! Дзе дэмакратыя! Мне маё пер’е таксама падабаецца! А чаму гэта яны нас ядуць! А калі я хачу іх есці!!! Я раўнапраўны член грамадства! Няхай Гаспадыня сваю шкуру мне на абутак аддае, а касу Дашкіну – адрэзаць і на шыньён!!! Я жыць хачу! Паўстанем, сябры! Супраць тыраніі і таталітарызму! Дапамажыце! Дапамажыце! Дапамажыце!

Усе глядзяць на Пеўня, ён змаўкае.

КАБЫЛКА. Добра. Дык што з жарабяткам рабіць будзем?

КАРОВА. З якім жарабяткам?

КАБЫЛКА. З Дашкіным.

КАРОВА. А, з цяляткам.

СВІННЯ. З парсючком…

КАБЫЛКА. Што ты, Свіння, прапануеш?

СВІННЯ. Нічога, я не ведаю, што прапанаваць…

З’яўляецца Сабака.

САБАКА. Не магу там адзін. Што тут у вас?

КАРОВА. Ды пра цялятка мы.

САБАКА. А, пра шчанюка… Тут ужо нічога не зробіш. Калі людзі вырашылі.

ПЕВЕНЬ. Які кашмар…

САБАКА. Можа, украсці яго як-небудзь…

КАРОВА. Не-е-е, украсці не атрымаецца… ён жа ў Дашкі ў жываце.

Сабака пачухаў за вухам задняй лапай.

ПЕВЕНЬ. Значыць, калі яны вырашаць, то возьмуць мяне, зарэжуць і ў суп. А мая адукаванасць! Мой голас! Маё радыё! Маё жыццё, з рэшты рэшт! Га!

КАРОВА. Ды змоўкні ты. Што ты ўсё пра сябе. Тут ратаваць трэба.

ПЕВЕНЬ. Так. Ратавацца трэба. Пакуль не позна… Ратавацца…

Певень бегае па хляве. Адчыняецца дошка на задняй сценцы, з’яўляецца Сусед. Ён адразу лезе на сена, выцягвае чарговую бутэльку, адкаркоўвае, п’е.

CУСЕД. Уважыў старога, сынок, уважыў… унучак… (Смяецца.) Хлапец, шыбздзік бегаў бы… Штаны на гузіку… (Спускаецца ўніз.) Лепей дзяўчынка. Дзяўчаткі. Яны заўсёды з банцікамі… (Плача, п’е) Я б гаварыў – Маруся! Маруся! А яна б мне – дзядуля! Дзядуля… Не дажыла Вера мая… Пявуння кірпаносенькая… І вяснушкі заўсёды былі, толькі перад смерцю зніклі… Белая была, як прасціна, і ўсё паўтарала: “Алёша, як жа будзе? Алёша, як жа будзе?” (П’е.) Бацьку роднага па матушцы… Ну ды гэта нічога. Я дарую, таму, як… таму… Як заслужыў. (П’е.) Вера… (Бярэ гармонік, іграе і спявае):

Дзінь, дзінь, дзінь,

Дзінь, дзінь, дзінь,

Так званочак звініць,

Гэты звон, гэты звон

Пра любоў гаварыць…

Сусед заўважае Свінню, якая не збіраецца хавацца, упэўненая ў тым, што людзі яе не бачаць.

CУСЕД. Свіння. (Паўза.) З крыламі.

СВІННЯ. Сусед, ты што мяне бачыш?

СУСЕД. Бачу і чую.

СВІННЯ. Не можа быць.

СУСЕД. Ага! Гэтага не можа быць. Але. Калі паразважаць. Параскінуць мазгамі, то лепей э-э-э-э… гаварлівая Свіння з крыламі, чым гэтыя… э-э-э-э… зялёныя чэрці-мацюкальнікі.

СВІННЯ. Паслухайце! Ён мяне бачыць! Але ж людзі не могуць мяне бачыць, толькі дзеці і жывёлы.

СУСЕД (заплакаў). Зелле праклятае, давяло да апошняй рысы…

КАРОВА. Шкада яго.

СУСЕД (перастае плакаць). Хто сказаў?

КАРОВА. Я.

СУСЕД. Хто я?

КАРОВА. Я – карова.

СУСЕД (асуджана, без здзіўлення). Размаўляе. Як і Свіння.

Певень падбягае да Суседа і крычыць яму проста ў твар.

ПЕВЕНЬ. Забойца! Жывадзёр!

СУСЕД. Бацюхны! І курыца!

ПЕВЕНЬ. Я не курыца, я – Певень! Я таксама магу пер’е табе павыдзіраць і з’есці! Спадабаецца табе гэта! Га?!

Сусед адпаўзае ў кут і прыпадае да бутэлькі.

СВІННЯ (да Пеўня). Пачакай ты, ён спужаўся.

ПЕВЕНЬ. А як ён думаў? І я спужаўся! Забойцы… якія забойцы…

Свіння падлятае да Суседа.

СУСЕД. Лётае, сцерва…

СВІННЯ. Пачакай, Сусед, дай я табе растлумачу. Я – Свіння. Мяне ўчора Гаспадар зарэзаў, заўтра павязуць на базар прадаваць…

СУСЕД. Госпадзе. Даруй мне мае грахі, што ж гэта такое…

СВІННЯ. Я лётаю таму, што я цяпер анёл.

СУСЕД. Што?..

ПЕВЕНЬ. Анёл яна!

СУСЕД. Няма нічога гэтага… я ў школе… атэізм і ўсё такое… Не бывае гэтага… (Пагражае пальцам.)

САБАКА. Бывае.

КАБЫЛКА. Бывае.

КАРОВА. Бывае.

ПЕВЕНЬ. Бывае.

СУСЕД (спявае). На граніцы хмары ходзяць хмура,

Край суровы цішынёй аб’яць.

Ля высокіх берагоў Амура,

Вартавыя Родзіны стаяць!..

(Свіння забірае ў Суседа бутэльку.) Ты што… забрала маю бутэльку?

СВІННЯ. Забрала.

СУСЕД. Значыць, ты не здань.

СВІННЯ. Не. Не здань.

Сусед цягнецца рукой да бутэлькі. Свіння вылівае ўсё з бутэлькі на падлогу.

СУСЕД. Не здань. Што ж гэта робіцца… Таварышы… Значыць, ты з таго свету?

СВІННЯ. Так.

СУСЕД (пасля паўзы). Ну і як там?

СВІННЯ. Я толькі першы дзень.

СУСЕД. Ясна. Слухай, Свіння, а ты там маю Ластаўку не сустракала? Прыгажуня кабылка… Воранава крыло і тут вось… белае… Га?

СВІННЯ. Не, не паспела яшчэ.

СУСЕД (расстроены). Ну-ну…

СВІННЯ. Калі ўбачу, прывітанне перадам.

СУСЕД. І Веры, жонцы маёй. Толькі ты не расказвай… таго, што я таго… гэта самае люблю (Шчоўкае сябе па падбароддзю.) і што грошай няма, таксама… не трэба… скажы. Што так і так, жывы, здаровы, гаспадарка… ну і ўсё такое. Га?

СВІННЯ. Не хвалюйся. Скажу.

СУСЕД. І яшчэ пра пагост… што не хаджу туды. Скажы, што… прабачэння ў яе прашу, дзеля Хрыста.

СВІННЯ. Скажу.

СУСЕД. Дзякуй. (Мармыча.) Ты глядзі, анёл, а… анёл… (Смяецца.)

СВІННЯ. Мы тут думаем, як выратаваць Дашкіна дзіцятка.

СУСЕД. Так! Так! Гэта святое! Толькі… вынішчаць (Махае рукой.) … звядуць…

ПЕВЕНЬ. Забойцы!!!

САБАКА. Не думаецца ніяк.

КАРОВА. Не ведаем, што рабіць…

СВІННЯ. У мяне ёсць думка… Трэба ягонага Анёла-ахоўніка выклікаць.

САБАКА. Давай. Выклікай!

СВІННЯ. Я ж не ведаю, хто ён.

КАРОВА. Дык дзе ж яго ўзяць?

СВІННЯ. Калі нехта памірае, то нехта нараджаецца. Гэта закон жыцця. І калі той, хто памёр, трапляе ў анёлы, то ён і ёсць Анёл-ахоўнік таго, хто нарадзіўся.

САБАКА. А калі не трапляе ў анёлы?

СВІННЯ. Тады той, хто нарадзіўся, жыве без Анёла-ахоўніка, і жыццё ў яго не салодкае.

САБАКА. Дык ты, Свіння, якраз і таго… памерла.

СВІННЯ. Але я Анёл-ахоўнік зусім іншаму чалавечаму дзіцяці. Ён нарадзіўся вельмі далёка і ўвесь чорны.

КАРОВА. Бацюхны, бяда якая!

СВІННЯ. Нічога. Затое я ў яго ёсць.

САБАКА. А для нашага хто памёр? Хто ягоны Анёл?

КАБЫЛКА. Няма ў яго ніякага Анёла!

САБАКА. Чаму гэта?

КАБЫЛКА. Ды таму, што ён яшчэ не нарадзіўся.

Паўза.

КАРОВА. Дык што ж рабіць?

КАБЫЛКА. Для таго, каб ён нарадзіўся, трэба, каб нехта памёр.

САБАКА. Ну ты, Кабылка… ну ты разумная…

ПЕВЕНЬ. Гэта жорстка!

КАБЫЛКА. Гэта жыццё.

СВІННЯ. Так, але ў нас няма часу. Раніцай яны павязуць яе. Нам трэба ведаць, хто памрэ.

ПЕВЕНЬ. Гэта прафанацыя! Такія пытанні вырашаюцца дэмакратычным падлікам галасоў! Камп’ютэрная сістэма! ВХЛ! Хай-фай электронікс!

КАРОВА. Я б аддала сваё жыццё, але я не магу, я цяжарная. Даруйце мне.

СВІННЯ. Што ты, Карова, за што табе дараваць…

САБАКА. Давайце я! Я дзеля гаспадароў на ўсё гатовы. Смерць дык смерць. Я так іх люблю, што я гатовы. Я пражыў тры гады, я ўжо не шчаня. Я абавязаны, я нават павінен. Хто, калі не я?

КАБЫЛКА (спакойна). Я. (Усе паварочваюцца ў яе бок.) Мой час прыйшоў. Я стар а я. Нікому не патрэбная кляча, жыву ўжо вельмі даўно, нават не памятаю, калі нарадзілася. Толькі заплюшчу вочы і бачу луг вялізны, зялёны і канюшыну… кветку канюшыны проста перад вачыма… Значыць, калі канюшына цвіла… Карысці зараз ад мяне ніякай. Усё жыццё цягала падводу, з’явілася машына і падвода стаіць на двары, гніе пад дажджом і снегам. А я тут… Усе нават забыліся, як мяне клічуць. А ў мяне імя добрае было, малодшы брат Гаспадара прыдумаў. Сам быў руд ы і я руд а я была. Вось ён і назваў мяне Сястрычкай.

СУСЕД. Сястрычка… ну, канешне, Сястрычка, я забыўся, стары дурань… Андрэйка цябе так назваў, памятаю, палкоўнік прыязджаў, абвестку прывёз… смерцю храбрых і ўсё такое… гарэлку піл і … памятаю…

КАБЫЛКА. Памятаю палкоўніка. Ён сказаў, што маці можа ганарыцца… Так што, мне час. Бывайце. Сябры. Не памінайце ліхам.

ПЕВЕНЬ. Бывай, Кабылка.

СВІННЯ. Ты канчаткова рашылася?

КАБЫЛКА. А што мне рашацца. Мне ўжо самы час.

КАРОВА. Бывай, Сястрычка.

САБАКА. Бывай, Сястрычка.

СУСЕД. Як гэта я забыўся… Сястрычка…

Паўза.

ПЕВЕНЬ. Ну.

КАБЫЛКА. Што, ну?

ПЕВЕНЬ. Памірай.

КАБЫЛКА. Як?

ПЕВЕНЬ. Свіння, як гэта робіцца?

СВІННЯ. Справа ў тым, што я ж не сама. А мяне… Гаспадар…

КАРОВА. Дык што, Гаспадара клікаць, ці што?

СВІННЯ. Так, Гаспадар гэта ўмее. Але клікаць яго не трэба.

ПЕВЕНЬ. Дык што ж рабіць, а то Кабылка ж перадумае.

САБАКА. Пачакайце. Я ведаю, дзе ў Гаспадара стрэльба. Магу збегаць, а потым на месца занясу.

СВІННЯ. Давай.

Сабака выбягае, Певень сочыць за ім у шчыліну.

КАРОВА. Ну што там?

ПЕВЕНЬ. У гумно палез.

КАРОВА (да Кабылкі). Сястрычка, а табе не страшна?

КАБЫЛКА. Не. Усяму на свеце бывае канец. Я ўжо даўно не жыву, так… існу ю.

З’яўляецца Сабака, у зубах – дубальтоўка. Кладзе яе на падлогу.

САБАКА. Вось. Стрэльба.

СУСЕД. Дубальтоўка. Сур’ёзная рэч! Толькі не люблю я гэтага…

З маладых гадоў у мяне да зброі ўсялякай… непаразуменне ў мяне з ёю… (Да Свінні.) Навошта самагонку выліла? І не сорамна… эх…

СВІННЯ. Так. Цяпер трэба стрэліць.

САБАКА. Дык давайце. Страляйце ж!

Сабака, Певень, Карова, Свіння стоўпіліся каля дубальтоўкі, стараючыся нешта зрабіць.

ПЕВЕНЬ. А як гэта?..

САБАКА. Зачапіць за гэта трэба. Вось тут.

КАРОВА. Капытом нічога не зачэпіш… Певень, паспрабуй ты.

ПЕВЕНЬ. Не-е-е-е! Насілле! Таталітарызм!!!

СВІННЯ. Тут пальцы патрэбны, рука чалавечая…

Усе павольна паварочваюцца да Суседа.

СУСЕД. Чаго ўставіліся?

СВІННЯ. Чалавечая рука патрэбна, жывёлы не могуць. Націснуць тут трэба на сучок.

СУСЕД. На курок. Гэта “курок” завецца.

ПЕВЕНЬ. Ад слова “курачка”?

КАБЫЛКА. Певень, не бойся, хутка ўсё скончыцца.

СВІННЯ. Трэба націснуць на курок. (Жывёлы расступаюцца, даючы дарогу Суседу.) Чалавек, гэта твая справа.

СУСЕД. Не, не, я ў кавалерыйскім палку… (Падымае рукі, быццам абараняючыся.)

СВІННЯ. Сусед, а Сусед… трэба ж, разумееш?

Сусед адмоўна круціць галавой.

А як на вайне, страляюць жа.

СУСЕД. Пры чым тут гэта… ты жывёла, што ты ведаеш пра вайну? Там вораг, а тут… тут, разумееш…

ПЕВЕНЬ. Можна ўявіць, што гэта няшчасны выпадак. Суэцыд.

СУСЕД. Што гэта?

ПЕВЕНЬ. Гэта… тое, што трэба. Так заўсёды гавораць, калі… э-э-э… няшчасны выпадак.

СУСЕД. Адыдзіся, курыца.

ПЕВЕНЬ. Я падам іск…

КАРОВА. Змоўкні, Певень.

КАБЫЛКА. Сусед. (Сусед не паварочваецца.) Сусед.

СУСЕД (крычыць). Што табе трэба! Блытаешся тут! Я вам пакажу!

КАБЫЛКА.Ты пра Дашкіна дзіця падумай, выйсця ж няма. Бо калі нейкі чалавек памрэ, то анёлам ён можа і не зрабіцца. Вось Свіння казала, што мала каго з людзей у анёлы бяруць.

СВІННЯ. Мала.

КАБЫЛКА. А я ўжо дакладна ў анёлах буду.

ПЕВЕНЬ. Бяспройгрышны варыянт. Дэфолт, так сказаць, калапс.

КАБЫЛКА. Ты пра дзіця падумай…

Сусед стаіць моўчкі, потым ідзе да стрэльбы, падымае яе.

СУСЕД. Патроны хоць ёсць… патроны?.. (Глядзіць.) Ёсць.

Сусед прыцэльваецца на спробу. Певень адскоквае ўбок.

СУСЕД. Цяжк а я… растуды яе праклятую…

КАБЫЛКА. Не цягні. Суседачка, мяне ногі нешта не трымаюць, халодныя сталі…

СУСЕД. Грэх на душу…

КАБЫЛКА. Пашкадуй мяне, старую…

СУСЕД. За ўнучка, за майго… даруй Госпадзе!

Ускідвае стрэльбу. Накіроўвае на Кабылку.

КАБЫЛКА. Бывайце, сябрукі!

Певень хаваецца за скрыню, Сабака адварочваецца, Карова плача. Сусед прыцэльваецца і… апускае вінтоўку.

СУСЕД. Не магу. Л ю быя. Жывёліну душы пазбавіць! Колькі год жыву, мухі не пакрыўдзіў. Ні разу ў жыцці к у рку не зарэзаў! Не мог глядзець, як жывое памірае! Калі мая баба памірала, дык я з бальніцы збег, каб толькі не бачыць, мяне два дні знайсці па горадзе не маглі… Ды хто я такі? Які-такі асаблівы, што буду жыцця пазбаўляць. Я яго даваў?! Я ў вас пытаюся!? Што ж вы прымушаеце мяне… Сучы сын я, вісельнік, п’яніца, на Калыму мяне… праўда суседава… Але, каб у безабароннага страляць! А яна мне яшчэ і грудзі падстаўляе! Можа метку намалюеце, каб лягчэй трапіць! Га!

ПЕВЕНЬ. Ну, калі просіць чалавек…

САБАКА (рыкае). Слухай, Певень…

ПЕВЕНЬ. Я хацеў памагчы.

КАБЫЛКА. Я табе дарую. Сусед, ты не пакутуй… гэта жыццё…

СВІННЯ. І смерць. Ад яе ж нікуды не дзенешся.

Сусед зноў падымае стрэльбу, прыцэльваецца.

КАБЫЛКА. Ды што ж ты… не магу я болей!

Сусед адступае да дзвярэй, апускае стрэльбу.

СУСЕД (ціха). Нягодныя вы, неразумныя стварэнні Боскія… жывёлінка здохлая… Няўжо думаеце, усе людзі… усе згодныя… (Махае рукой.) Што й казаць!.. (Усміхаецца.) Разумнікі сабраліся… песня такая ёсць… “Падымае Сценька Разін ту персідскую княжну і за борт яе кідае ў набяжаўшую валну…” А любіў ён яе. Бабу гэту сваю… то-та ж. (Паўза, паказвае стрэльбу.) Я гэта на месца занясу… (Усміхаецца.) Разумнікі… (Адыходзіць.)

Паўза.

САБАКА. Што гэта ён праспяваў… я не зразумеў.

ПЕВЕНЬ. Гаспадыня заўсёды гаворыць – ён, кажа, п’яніца, а ад п’яніцы нічога талковага не дачакаешся.

КАРОВА. Ага-а… але ўсё ж, ён добры.

Чуваць, як зайграў на вуліцы суседаў гармонік.

ПЕВЕНЬ. Вунь, песні спявае.

СВІННЯ. Спявае… але збег… Хутка раніца, світае, паглядзіце на вуліцу.

ПЕВЕНЬ. Бацюхны! Мне ж будз і ць час! (Прачышчае глотку.) А-э-і-о-у!.. Гм… гм… “Хто можа зраўняцца з Мацільдай маей!? Ма-а-а-а-ма-ма-а-а-а-цільда-а-а! Мая Карм-е-е-ен!!! Гм… гм… Ку-ка-рэ-ку! Раніца-ясная- дзень-ідзе! Ку-ка-рэ-ку! Раніца-ясная-дзень-ідзе!

САБАКА. Вось гэта ў Пеўня добра выходзіць… малайчына.

КАБЫЛКА. Дзе мае ногі… не адчуваю я іх…

САБАКА. Значыць, страшна паміраць?

КАБЫЛКА. О, Госпадзе…

СВІННЯ. Прапала дзіцятка, не збераглі.

КАБЫЛКА. Прапала.

Сабака заскуголіў.

КАРОВА. Бедны, бедны…

КАБЫЛКА. Даруй нам, жарабятка…

Паўза. У хлеў забягае Даша. Яна ў начной кашулі, тапках, зверху накінута блузка. За ёй Гаспадыня, прыкладна ў такім самым выглядзе.

ДАША. Не хачу я з ім нават у адной хаце быць.

ГАСПАДЫНЯ. Дык жа вырашылі ўсё ўчора, Дашачка, пра ўсё дамовіліся. Што ж ты, як з ланцуга сарвалася… вось бацька і разышоўся.

ДАША (са слязьмі). Не магу я, мама. Здарылася са мной нешта. Раніцай. Недзе гадзіны ў чатыры, калі Певень заспяваў… У сэрца быццам нешта стукнула. Спачатку балюча, а потым так соладка, соладка стала і ў жывот пайшло… Я ў горад не паеду.

ГАСПАДЫНЯ. Дачка…

ДАША. Не паеду я.

Заходзіць Гаспадар. Ён у старых штанах і пінжак накінуты на майку.

ГАСПАДАР. Хто ў цябе пытацца будзе. Сказана табе. Паедзеш. І ўсё тут. Марш апранацца.

ГАСПАДЫНЯ. Госпадзе, што ж рабіць?

ГАСПАДАР. Каму сказаў.

Даша адмоўна круціць галавой. Гаспадар падыходзіць да яе, яна чапляецца рукамі за драўляную пераборку, Гаспадар спрабуе адцягнуць яе. Падбягае Сабака і рыкае на Гаспадара.

ГАСПАДАР. Ты што, нягоднік… упоперак Гаспадару! (Б’е Сабаку нагой, той адбягае ў кут.)

ДАША (цвёрда). Хоць забіце мяне, а ў горад не паеду. Ні сёння, ні заўтра, ні паслязаўтра. І аборт рабіць не буду.

Гаспадар адпускае дачку. Ён зніякавеў ад такога тону.

ГАСПАДАР. Ды зразумей ты, дурніца, калі будзеш з пузам хадзіць, давядзецца цябе за гэтага галадранца выдаваць. За што ж мне такая ганьба. Я ўвесь век на яго ды на яго татачку сп і ну гнуў? Так. Што ж выходзіць? І Верка за яго замуж пайшла, выбрала ж яго! Мною ж пагрэбавалі! За што? А чорт яго ведае, за што…

ГАСПАДЫНЯ. Ды хопіць табе ўспамінаць…

ГАСПАДАР. Ня лезь! У кавалерыйскім палку ён, ці бачыце. А што ён там рабіў, казаў хоць каму? Кабылам хвасты круціў ды па канюшнях дзярмо падбіраў. Кавалерыст! То песні спявае. То з сабакамі размаўляе, то з травой – цьфу, шкада яму, ці бачыш, усіх. Яму, значыць, шкада, а мне – не шкада. Вельмі добра. У хаце ні чарта няма, усё параздаваў, адзін гармонік на подвязцы боўтаецца… бомж нейкі з’явіўся, дык ён яму валёнкі аддаў, а сам горш за жывёліну, морда брудная! Дык ён харошы. А я, ці бачыш, кепскі! Я можа, таксама на флоце служыў! Да боцмана даслужыўся! Чарнаморскі, Чырвонасцяжны. Крэйсер “Маланкавы”! Так! І ў мяне сэрца ёсць! Дык што ж я! І дачку маю яму павінен аддаць! Зноў ён пераможцам выходзіць, атрымліваецца? Га?!

ДАША. Мне ўсё роўна, выходзіць замуж ці не. Калі Лёшка вам такі нялюбы, то не пайду за яго, мне напляваць, што людзі казаць будуць, але дзіця не аддам. (Закрывае жывот рукамі.) Калі не хочаце яго, то і мяне не будзе.

ГАСПАДАР. Я не дазволю.

ГАСПАДЫНЯ. Паша!

ГАСПАДАР. Як сказаў, так і будзе! Мне ад ягонага семені байструкоў не трэба!!!

З’яўляецца Аляксей. Ён задыхаўся, вочы спалоханыя, задыхаецца.

АЛЯКСЕЙ. Там… баця!.. Баця…

ГАСПАДАР. Што твой баця! Няўжо працверазеў!?

АЛЯКСЕЙ. Баця… застрэліўся.

ГАСПАДЫНЯ. Госпадзе!

ГАСПАДАР. Што?

АЛЯКСЕЙ. Я ранкам, недзе… пасля пеўняў… чую, стрэл, у мяне і ў галаве не было, падумаць нават… вырашыў – паляўнічыя, а потым думаю, якое ж зараз паляванне, ды і блізка нешта… Я выйшаў, пайшоў… пайшоў на слых да ракі… гляджу… ляжыць… (Плача.) падыходжу… баця… Побач дубальтоўка… Проста ў сэрца, не дыхае ўжо… застрэліўся… (Апускаецца на кукішкі, закрывае галаву рукамі.) Баця… баця…

ГАСПАДЫНЯ. Ой, Божа мой, што ж гэта робіцца… (Падыходзіць да Аляксея, гладзіць яго па галаве.) Сірата ты цяпер, Лёшка…

ГАСПАДАР. Гм… застрэліўся, вось глупства… гм… Ну… ты не таго, не расстрайвайся так, Аляксей, усялякае на зямлі здараецца, яшчэ й не такое бывала… Ды што ты, як баба, нюні распусціў! Нікчэмны быў чалавек і шкадаваць няма чаго… Госпадзе, даруй.

ГАСПАДЫНЯ. Хоць і грэх такое казаць, а праўда ў гэтым ёсць, не плач, Алёша…

АЛЯКСЕЙ (выцірае вочы). Бацька ўсё ж … які б ні быў…

ГАСПАДАР. І памерці па-людску не змог… цьфу! За агароджай хаваць будуць. (Паўза.) Адным словам – дрэнь чалавек.

Карціна 3.

Дзень. Хлеў. Каровы і Кабылкі няма на сваіх месцах. Заходзіць Даша. Апранута цёпла, боты, плашч. На руках у яе дзіцятка. За Дашай ідзе Аляксей, на ім таксама – боты і ватоўка. За ім Сабака, круціць хвастом.

АЛЯКСЕЙ. Чаго сюды паклікала? Халаднавата тут, ухутай яе лепей.

ДАША (хутае дзіця). Ведаеш, Лёш. Я думаю… мне здаецца, што мы тут яе… ну…

АЛЯКСЕЙ. Што тут?

ДАША. Ну… зрабілі. Яе. (Паказвае на дзіця.) Памятаеш тую ноч, калі твой бацька нябожчык нас у хату не пусціў. Мы сюды прыйшлі… і спалі потым наверсе, на сене.

АЛЯКСЕЙ. Гэткі, бабы, вы народ дзіўны. Можа і было такое, я не вельмі памятаю.

ДАША. А я памятаю. Дакладна тады. Я лічыла ўжо. (Цалуе дзіця.) Дачушка мая, прыгажунька…

АЛЯКСЕЙ (падыходзіць бліжэй). Лепей бы хлопец нарадзіўся.

ДАША. Якая розніца… галоўнае, што нарадзіўся.

АЛЯКСЕЙ. Дай мне яе… (Смяецца.) Глядзі, глядзі, каптурык з’ехаў, вочкі закрыў… смешная якая…

Заходзіць Гаспадыня.

ГАСПАДЫНЯ. Не давай яму дзіця! Мужыкам маленькіх нельга даваць… л а пішчы растапырыў… (Падбягае, бярэ дзіця.) Уці мая лялечка, дз і цятка, сонейка. Бабіна сонейка!.. Уці-пуці…

Заходзіць Гаспадар.

ГАСПАДАР. Ды што гэта вас у хлеў усё цягне. Тут бруд, можа інфекцыя якая. Хоць жывёлу перавёў у каменны хлеў. А ўсё ж паветра, бацылы ўсялякія… марш у хату. (Да дзіцяці.) Ідзі да дзеда, ідзі, ідзі да мяне… рыбка ты мая… залатая рыбка…

ГАСПАДЫНЯ. Асцярожна!

ГАСПАДАР. Не вучы вучонага.

Усе схіляюцца над дзіцем.

ГАСПАДЫНЯ. Шчасце наша…

АЛЯКСЕЙ. Дачушка, значыць, атрымалася…

ГАСПАДЫНЯ. Як бы мы жылі без цябе… Добра, што ўсё так выйшла, а магло ж і не быць…

ГАСПАДАР. Ну, хопіць, хопіць… Колькі можна нагадваць!

ГАСПАДЫНЯ. Ды я не нагадваю, Паша…

Схіляюцца над дзіцем. На сене наверсе з’яўляецца пляма святла. У гэтай пляме – Сусед. З-за спіны ў яго тырчаць крылы. Ён анёл. Ён спачатку поўзае на карачках па сене, стараючыся разгледзець дзіця, потым падлятае да людзей, завісае над імі.

СУСЕД. Дзеўка… дзеўку нарадзілі, чэрці. Я ж казаў – дзеўкі, яны заўсёды лепш, жаласлівей.

Сусед вяртаецца наверх, усаджваецца на сена.

ГАСПАДЫНЯ. Так і не вырашылі, як назваць.

ГАСПАДАР. Яшчэ часу шмат.

ДАША. Ды трэба б…

АЛЯКСЕЙ. А што, калі…

СУСЕД (зверху). Маруся.

Сабака ўскоквае, прынюхваецца. Аляксей чухае патыліцу.

СУСЕД. Што за дурань урадзіўся… (Гучней.) Маруся.

АЛЯКСЕЙ. Вось, нешта круціцца…

ДАША. Ну!..

СУСЕД (складвае рукі рупарам). Ма-ру-ся!

АЛЯКСЕЙ. Маруся.

Паўза. Усе глядзяць на Гаспадара.

ГАСПАДАР. А што, імя добрае. Марыя, значыць. Хораша. Хай будзе Маруся.

ГАСПАДЫНЯ. Хадзі да бабы, Марусечка, дзяўчынка мая! (Да Дашы.) Хадзем, Дашка, карміць ужо час. (Да дзіцяці.) Ты ж мая лялечка, бабуліна радасць! (Губляе пялёнку, ніхто не заўважае гэтага, ідзе да дзвярэй.)

ГАСПАДАР. Ну-ну, асцярожней… прыступачка тут…

Гаспадар з Гаспадыняй выходзяць, Даша з Аляксеем затрымліваюцца.

АЛЯКСЕЙ. Як усё зрабілася. А я ж не верыў.

ДАША. Дзякуй Богу.

АЛЯКСЕЙ. Бацю шкада. Не дажыў.

ДАША. Ды ён бы й не зразумеў, напэўна, ёсць у яго ўнучка ці не. Заўсёды быў п’яны. Толькі ты не крыўдуй, Лёшачка… можа яно і да лепшага. Мой жа так твайго ненавідзеў, што і жаніцца б не дазволіў. Аборт прымушаў рабіць, як звер, проста, біўся. І толькі. Калі твой баця застрэліўся, усё неяк павярнулася, памянялася ўсё. Дык можа яно і да лепшага…

АЛЯКСЕЙ. Эх, баця, баця… (Горка.) праўду кажа Павел Пятровіч… нікчэмны ты чалавек быў… Навошта жыццё пражыў? Так, прапіў.

ДАША. Пойдзем, карміць ужо трэба.

Выходзяць, абняўшыся.

СУСЕД (праводзячы іх позіркам). Вось і добра… добра, значыць, нікчэмны… праўда твая, сынок. (Выцірае вочы, смаркаецца.) Каму я быў патрэбен? Ты вырас ужо… дарослы… Нікому не патрэбен… так… элемент… А цяпер, я вось… (Махае крыламі.) Крылы ў мяне… ахоўнікам прыстаўлены… Унучка, дзеўка нарадзілася…

Сусед пачынае іграць на гармоніку “Каб я ды меў златыя горы”. Заходзіць Гаспадар.

ГАПАДАР. Бабы-дурніцы. Пялёнку ў руках утрымаць не могуць… (Нахіляецца, бярэ пялёнку, ідзе да дзвярэй, спыняецца, вяртаецца, лезе наверх, на сена, дастае бутэлечку, п’е.) За ўнучку, за Марусю.

СУСЕД (спявае). Каб я ды меў златыя горы

Ды рэкі, поўныя віна…

ГАСПАДАР (мармыча матыў). … м-м-м.. Як там… гэта самае… песня такая… горы м-м-м… поўныя віна… Усё б аддаў за ласкі ўзоры

І ты б валодала адна!

СУСЕД. Не папракай мяне напрасна,

Скажы ўсю праўду ты атцу…

ГАСПАДАР. Быццам і гармонік грае… сучы сын… застрэліўся ён… Паразіт пракляты… (П’е.) І ўнучку не пабачыў, дурань стары…

Тагда свабодна і шчасліва

З табою пойдзем мы к вянцу!

РАЗАМ (На ўсю “Іванаўскую”)

Тагда свабодна і шчасліва

З табою мы пайдзём к вянцу!

Каб я ды меў златыя горы

Ды рэкі, поўныя віна!

Усё б аддаў за ласкі, ўзоры!

І ты валодала б адна!!!

ГАСПАДАР. Сучы сын! З маёй дубальтоўкі!

РАЗАМ. Усё б аддаў за ласкі, ўзоры,

І ты валодала б адна!!!

У хлеў забягаюць Гаспадыня, Аляксей, Даша з дзіцем на руках, Сабака і Певень.

ГАСПАДЫНЯ. Бацюхны… Бацька!

ГАСПАДАР. Грай, гармонік!!!

ГАСПАДАР і СУСЕД.

Тагда свабодна і шчасліва

З табою мы пайдзём к вянцу!

Тагда свабодна і шчасліва

З табою мы пайдзём к вянцу!


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: