Віды дакументавання і тэрміналогія Метрыкі

Спецыфіка дзейнасці канцылярыі Вялікага княства Літоўскага і фарміравання фонду «Літоўская Метрыка» ўскладняюць вылучэнне ўласна справаводчай дакументацыі з усяго корпуса названых крыніц. Аднак, выкарыстоўваючы методыку пераважнага функцыянальнага прызначэння дакумента, можна акрэсліць групу распарадчай дакументацыі (земскія, абласныя і валасныя ўставы, «навукі» (інструкцыі) паслам і іншым дзяржаўным служачым, сеймавыя лісты і інш.), а таксама спецыяльную групу судова-следчай дакументацыі.

Пры гэтым можна заўважыць, што адны і тыя ж тэрміны часам вызначалі розныя дакументы. Напрыклад, «уставы» – гэта і назва дакументаў заканадаўчага характару (сеймавыя, прынятыя на пасяджэннях гаспадара і паноў-рады), і тэрмін, пад якім можна сустрэць арганізацыйна-распарадчыя дакументы (рашэнні па пытаннях кіравання мытамі, корчмамі і г. д.).

Найбольш распаўсюджанымі формамі дакументавання ў «К нігах запісаў» з’яўляюцца лісты і прывілеі. Вядомы лісты-распараджэнні мясцовым адміністрацыйным асобам па гаспадарчых і фінансавых пытаннях. Пад такім жа загалоўкам выпісваліся дакументы аб дазволе арганізоўваць кірмашы і таргі, адкрываць корчмы, гандляваць без мыту
і г. д. Прывілеі – вельмі распаўсюджаны від запісаў, які фіксаваў падараванні магнатам, шляхціцам («земянам»), прадстаўнікам мясцовай каралеўскай адміністрацыі правы на нерухомую маёмасць, арганізацыю кірмашоў, мяшчанам – на гандаль без мыту.

Такім чынам, прывілеі маюць шмат агульнага з лістамі, аднак у іх няма распараджэнняў, наказаў і іншых нормаў імператыўнага характару. Пры страце арыгіналаў дакументаў і ў некаторых іншых выпадках выдаваліся пацвярджэнні («потверженья»). Асобнай формай прывілеяў з’яўляліся «видимусы» (копіі). Блізкія да даравальных і пацвярджальных грамат «прызнанні» – афіцыйнае пацвярджэнне правоў і паўнамоцтваў, «вызнанне» – пацвярджэнне сапраўднасці дакумента асобамі, ад імя якіх ён складаўся.

У кнігах ЛМ прысутнічаюць таксама такія запісы, як «угода» – пагадненне, «квітанцыі» – паступленні сродкаў ад мытнікаў і справаздачы – «лічбы». У «Кнігах судовых спраў» часцей сустракаюцца такія тэрміны, як справа (судовая справа), «отложенье» – перанос слухання справы на іншы час, «припоминанье» – іскавая заява, «вызнанне» – паказанні сведкаў, «вырок» – рашэнне, прыгавор па справе вялікага князя ці ад яго імя паноў-рады, трыбунала.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: