Першы кіраўнік дзяржавы, якая стала асновай Вялікага княства літоўскага Міндоўг быў забіты ў выніку змовы балцкай знаці ў 1263 г. На кароткі час уладу атрымлівае жамойцкі князь Транята (1263 – 1264). Аднак у 1264 г. ён таксама быў забіты. Вялікім князем становіцца старэйшы сын Міндоўга Войшалак (1264-1267).
Падчас свайго княжання Войшалк прытрымліваецца саюзу з Галіцка-Валынскім княствам і нават прызнае намінальную залежнасць ад яго ў якасці новагародскага князя. У межах Літвы ён праводзіць жорсткую барацьбу супраць рода-племянной знаці, далучае да новай дзяржавы землі дайновы, нальшанаў і гальшанаў (вакол Крэва і Гальшан). У 1265 г. васальную залежнасць ад ВКЛ прызнае Полацкае княства. У рэлігійных адносінах Войшалк з’яўляўся праваслаўным і актыўна садзейнічаў распаўсюджанню праваслаўя сярод балцкага насельніцтва (заснаванне Лаўрышаўскага манастыра). У выніку змовы валынскіх князёў у 1267 г. Войшалк быў забіты. У 1267 – 1270 гг. на чале ВКЛ знаходзіцца валынскі князь Шварн Данілавіч.
Наступным вялікім князем становіцца Тройдзень (каля 1270–1282). Ён лічыцца прадстаўніком балцкай язычніцкай знаці і, як мяркуюць, пераносіць сталіцу дзяржавы з Новагародка ў Кернаў. Асноўныя накірункі знешняй і ўнутранай палітыкі Тройдзеня:
|
|
- канчатковае пазбаўленне васальнай залежнасці Новагародскай зямлі ад Галіцка-Валынскага княства;
- барацьба з крыжакамі за геапалітычнае панаванне ў Прыбалтыцы (на некаторы час ВКЛ удалося падпарадкаваць землі балцкіх плямёнаў земгалаў і селаў у сярэднім Падзвінні пасля паспяховай Ашэрадэнскай бітвы 1279 г.);
- барацьба з агрэсіяй мангола-татараў пры падтрымцы Галіцка-Валынскага княства, якое ў гэты час трапляе ў залежнасць ад Залатой Арды і з яе дапамогай спрабуе аднавіць уладу ў Новагародскай зямлі (у 1274, 1275 і 1277 гг. аб’яднаныя валынска-татарскія войскі ажыццявілі тры буйныя паходы на Новагародак і Літву, аднак былі адбітыя);
- барацьба з Мазовіяй (славянскае княства на паўночным усходзе Польшчы) за памежныя тэрыторыі; далучэнне да ВКЛ Слонімскага і Гарадзенскага княстваў, а таксама часткі тэрыторый яцвягаў;
- перасяленне ў ВКЛ у 1277 – 1280 гг. часткі прусаў і яцвягаў, якія ўцякаюць пасля няўдалага паўстання супраць Тэўтонскага ордэна ў Прусіі 1276 г. у Верхняе Панямонне і Пабужжа.
Наступным вялікім князем становіцца Віцень (каля 1293 – 1316). Асноўныя накірункі знешняй і ўнутранай палітыкі ВКЛ падчас княжання Віценя:
- жорсткая барацьба з Тэўтонскім і Лівонскім Ордэнамі (паходы Ордэна на Гародню 1296, 1305, 1306 (двойчы), 1307 (тройчы), 1314 гг.); у барацьбе з крыжакамі вылучаецца ваенны талент гарадзенскага ваяводы Давыда Гарадзенскага); усталяванне ваеннай мяжы паміж ВКЛ і Тэўтонскім Ордэнам па р. Нёман;
|
|
- ваенныя сутыкненні з Польскім каралеўствам за кантроль над памежнымі тэрыторыямі (паходы на польскія землі 1294, 1295, 1300, 1306, 1307 гг.);
- барацьба супраць жамойцкай знаці, якая імкнулася адасобіцца ад ВКЛ (падаўленне жамойцкага паўстання 1294 г.);
- канчатковае далучэнне да ВКЛ Полацкага княства (1307). Полацк заключыў з ВКЛ дамову (рад), паводле якой князь працягваў прызначацца толькі са згоды мясцовага веча; гандлёвыя дамовы горад заключаў самастойна; за злачынствы на тэрыторыі ВКЛ палачан маглі судзіць толькі ў Полацку прадстаўнікі гараджан – фактычна захавалася шырокая аўтаномія.
Пры Віцені ў якасці агульнадзяржаўнага герба была ўведзена “Пагоня”.
Пераемнікам Віценя становіцца Гедымін (1316 – 1341). У 1323 г. ён пераносіць сталіцу ВКЛ у Вільню. Асноўныя накірункі палітыкі ВКЛ падчас праўлення Гедыміна:
-уключэнне ў склад ВКЛ Віцебскага, Менскага, Турава-Пінскага, Берасцейскага княстваў, Падляшша;
- спробы распаўсюджання палітычнага ўплыву на Наўгародскую і Пскоўскую рэспублікі; далучэнне да ВКЛ Таропецкага і Ржэўскага княстваў;
- барацьба з крыжацкімі Ордэнамі (пастаянныя ўзаемныя набегі), падтрымка Рыжскага арцыбіскупства ва ўнутранай вайне з Лівонскім Ордэнам;
- заключэнне ў 1325 – 1330 гг. ваенна-палітычнага саюзу з Польскім каралеўствам, скіраванага супраць Тэўтонскага Ордэна (вынікам сталі некалькі паспяховых паходаў супраць крыжакоў);
- удзел у барацьбе за падзел спадчыны Галіцка-Валынскага княства, якое спыніла сваё існаванне ў 1330-я гг., што прыводзіць да разрыву саюзу з Польшчай (сын Гедзіміна Любарт становіцца князем на Валыні);
- захаванне свабоды веравызнання ў ВКЛ для праваслаўных, католікаў і паганцаў; спробы стварэння асобнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку (1317 – 1330); спробы распаўсюджання каталіцызму ў ВКЛ (зварот да рымскага папы 1323 г. з выказваннем намеру рыняцця каталіцызму, запрашэнне ў ВКЛ каталіцкіх манаскіх ордэнаў і мяшчан з каталіцкіх краін).
Пасля гібелі Гедзіміна ў 1341 г. вялікім князем стаў яго сын Яўнут (1341-1345). Аднак у выніку змовы іншых князёў на чале з Альгердам і Кейстутам ён быў скінуты.
Падчас праўлення вялікага князя Альгерда (1345 – 1377) ВКЛ дасягае сваёй найвышэйшай магутнасці. У гэты перыяд існавала пэўнае двоеўладдзе: Альгерд княжыў у Вільні і Віцебску, валодаў пераважным палітычным уплывам ва ўсходняй частцы ВКЛ, яго брат Кейстут княжыў у Троках, Гародні і Берасці і меў пераважны палітычны ўплыў у заходняй частцы ВКЛ. Асноўныя накірункі знешняй палітыкі ВКЛ падчас праўлення Альгерда:
- далучэнне да ВКЛ тэрыторый сярэдняга Падняпроўя, Мсціслаўскага і Бранскага княстваў (1358 – 1359);
- паяпяховая барацьба супраць Залатой Арды ў 1350 – 1360-я гг.; пасля бітвы пад Сінімі водамі 1362 г. да ВКЛ былі далучаны Кіеўская, Чарнігаўская землі, Падолле;
- барацьба з крыжакамі: крыжакі за 30 год здзейснілі больш 100 рэйдаў на ВКЛ, у адказ адбыліся 42 пагоні (пагоня – звычай, калі на абарону краіны збіралася ўсё мужчынскае насельніцтва);
- барацьба за падзел спадчыны Галіцка-Валынскага княства з Польшчай і Венгрыяй (войны 1349-1351 і 1366 гг.); у выніку за ВКЛ была замацавана Валынь;
- барацьба за палітычнае лідэрства ва Ўсходняй Еўропе з Маскоўскім княствам, якое з сярэдзіны 14 ст., абапіраючыся на падтрымку Залатой Арды імкнецца да аб’яднання пад сваёй уладай суседніх усходнеславянскіх княстваў: паходы войска Альгерда на Маскву 1368, 1370, 1372 гг.; барацьба за палітычны ўплыў у Ноўгарадзе, Пскове, Цвярскім, Смаленскім княствах; у выніку да ВКЛ далучаны Вярхоўскія княствы (невялікія княствы ў чарназемнай паласе сучаснай Расіі).
У рэлігійных адносінах Альгерд з’яўляўся праваслаўным, але імкнуўся да захавання рэлігійнага міру паміж праваслаўнымі і язычнікамі ў дзяржаве; дамагаўся стварэння самастойнай праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ.
|
|
Такім чынам, к канцу княжання Альгерда ВКЛ з’яўлялася адной з буйнейшых дзяржаў у тагачаснай Еўропе, якая ахоплівала тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, большай часткі Украіны, некаторых абласцей Расіі і Польшчы. Можна вылучыць асноўныя шляхі ўключэння асобных княстваў і тэрыторый у склад ВКЛ:
- заключэнне дагавораў з асобнымі княствамі на добраахвотнай аснове (напрыклад, Полацкае княства);
- устанаўленне васальных адносін праз дынастычныя шлюбы (напрыклад, Віцебскае княства);
- ваеннае заваяванне (напрыклад, Кіеўская, Чарнігаўская землі, Падолле).
К канцу 14 ст. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае ўяўляла з сябе федэратыўны саюз асобных удзельных княстваў на чале з вялікім князем літоўскім. Першапачаткова ва ўдзельных княствах захоўваліся мясцовыя княскія дынастыі, пазней іх замянілі розныя галіны пануючай літоўскай дынастыі.
Асобныя княствы і землі мелі вялікую самастойнасць. Кожнае з іх мела ўласныя органы кіравання, войска, падатковую сістэму, права і традыцыйныя звычаі, нават рэлігію. Асноўным прынцыпам далучэння да ВКЛ быў “даўніны не рушыць навіны не ўводзіць”, што дазваляла старой эліце захаваць уладу ў княствах. Падпарадкаванне ўдзельных княстваў вялікаму князю літоўскаму выяўлялася ў наступных з’явах:
- выплата даніны;
- адзіная знешняя палітыка;
- сумесныя ваенныя паходы.
3.3. Крэўская унія і яе сацыяльна-палітычныя вынікі.
Пасля смерці Альгерда вялікім князем літоўскім становіцца старэйшы сын Альгерда ад другога шлюбу Ягайла (1377 - 1392). Супраць гэтага выступіў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі, які знайшоў падтрымку ў Пскове, Маскве і Лівоніі, аднак пасля аблогі войскам Ягайлы Полацка вымушаны быў эміграваць (1378). Але палачане таксама прагналі стаўленіка Ягайлы, яго брата Скіргайлу (1379), і туды неўзабаве вярнуўся Андрэй. У 1381 г. супраць Ягайлы ўзняў паўстанне Кейстут (1381 – 1382), які на некаторы час здолеў захапіць уладу. Аднак у 1382 г. Ягайла з дапамогай Тэўтонскага Ордэна, палачан, віцеблян і віленцаў вярнуў уладу. Кейстут быз вераломна забіты ў замку ў Крэве, а ягоны сын Вітаўт уцёк да крыжакоў. За аказаную падтрымку Ягайла перадаў Тэўтонскаму Ордэну палову Жамойці.
|
|
Ягайлу ўдалося вярнуць сабе ўладу, аднак становішча яго было хісткім. Супраць яго працягвалі барацьбу моцныя канкурэнты – Вітаўт і Андрэй Полацкі, якія мелі моцную падтрымку сярод баярства ў адпаведна заходняй і ўсходняй частках краіны і абапіраліся на знешнепалітычныя сілы (крыжацкія Ордэны, Маскоўскае княства). Баяры ВКЛ патрабавалі гарантый свайго пануючага сацыяльнага становішча. У дадзеных умовах Ягайла знайшоў знешнепалітычнага саюзніка ў абліччы Польскага каралеўства, вынікам чаго стаў заключаны палітычны саюз. Сярод асноўных прычын дадзенага саюзу можна вылучыць наступныя:
– агульная для Польшчы і ВКЛ небяспека з боку крыжакоў;
– імкненне Ягайлы заручыцца падтрымкай Польшчы ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў ВКЛ;
– імкненне каталіцкай царквы шляхам уніі ВКЛ з каталіцкай дзяржавай распаўсюдзіць каталіцызм на новых тэрыторыях.
Формай саюзу стаў дынастычны шлюб. У 1382 г. пасля смерці польскага караля Людвіка Баварскага каралевай была абвешчана яго малалетняя дачка Ядвіга. Шляхам шлюбу Ядвігі з Ягайлам польская палітычная эліта імкнуліся атрымаць пасады і землі ў ВКЛ, знайсці моцнага партнёра у барацьбе супраць нямецкай экспансіі.
15 жніўня 1385 г. у замку Крэва быў падпісаны дзяржаўна-палітычны саюз паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам – Крэўская унія. Асноўныя палажэнні Крэўскай уніі:
- Ягайла ў выніку шлюбу з польскай каралевай Ядвігай станавіўся польскім каралём;
- Польскае каралеўства і ВКЛ аб’ядноўваліся ў адну дзяржаву на чале з адзіным манархам, праводзілі сумесную знешнюю палітыку. Пры гэтым кожная з дзяржаў захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самастойную ўнутраную палітыку;
- Ягайла абавязваўся ахрысціць у каталіцкую веру язычніцкае насельніцтва ВКЛ.
Акт Крэўскай уніі быў падпісаны шэрагам буйнейшых прадстаўнікоў палітычнай эліты ВКЛ. У сакавіку 1386 г. Ягайла стаў польскім каралём пад імем Уладыслаў ІІ. Ягайла, а таксама значная частка знаці ВКЛ прынялі каталіцызм.
У 1387 г. па ініцыятыве Ягайлы ў ВКЛ было створана каталіцкае Віленскае біскупства; пачалося масавае хрышчэнне язычніцкага балцкага насельніцтва ў каталіцкую веру. У 1387 г. Ягайла выдаў прывілей, паводле якога князі і баяры, якія пераходзілі ў каталіцызм, атрымлівалі правы недатыкальнасці асобы і маёмасці, поўнай уласнасці на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі, залежныя ад баяр сяляне вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцяў. Правы баяр-католікаў, такім чынам, прыраўноўваліся да правоў шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы.
Разам з тым аб’яднанне з Польшчай і ўвядзенне каталіцызму выклікала незадаволенасць палітыкай Ягайлы з боку значнай часткі арыстакратыі ВКЛ, асабліва праваслаўнага веравызнання. Гэта выкарысталі палітычныя канкурэнты Ягайлы ў барацьбе за ўладу ў ВКЛ. У 1386 – 1387 гг. супраць Ягайлы распачынае вайну Андрэй, што скончылася яго паражэннем. У 1388-1392 гг. адбываецца грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі Ягайлы і Вітаўта, якога падтрымлівалі крыжакі. У выніку Ягайла быў вымушаны пайсці на саступкі. У 1392 г. было падпісана Востраўскае пагадненне. Паводле яго, Вітаўт атрымліваў уладу ў ВКЛ у якасці намесніка Ягайлы, які па-ранейшаму лічыўся вялікім князем літоўскім. Фактычна ў выніку пагаднення рэальная ўлада ў ВКЛ перайшла да Вітаўта, які пачаў праводзіць самастойную палітыку ў адносінах да Польшчы.
Такім чынам, Крэўская унія стала падзеяй, якая вызначыла ўцягванне Вялікага княства Літоўскага ў арбіту цеснай інтэграцыі з Польскім каралеўствам і ў палітычную сістэму заходнееўрапескага каталіцкага свету. У той жа час унія не прывяла да трывалага дзяржаўнага аб’яднання ВКЛ і Польшчы; яе рэальным вынікам сталі дынастычны (адзінства кіруючай дынастыі) і знешнепалітычны саюз дзвюх дзяржаў.