Мезаліт (9-5 тыс. г. да н.э.)

Пачатак мезаліту азнаменаваўся карэннымі змяненнямі клімату і прыродных умоў. Ледавік адступіў далëка на поўнач, а потым і наогул знік, і кліматычныя ўмовы на цяперашняй тэрыторыі Беларусі сталі нагадваць сучасныя. Досыць хутка выраслі лясы, сфарміравалася рачная сетка. Нязвыклыя да цëплага клімату маманты і шарсцістыя насарогі адышлі за ледавіком, а потым вымерлі. Кардынальна змяніўся жывëльны свет. Замест буйных жывëл, якія хадзілі па шырокіх адкрытых прасторах тундры, з’явілася незлічоная колькасць дробных і сярэдніх жывёл, што насялялі лясы. Рачная сістэма набывае сталы выгляд, а рэкі становяцца багатымі рыбай. Вялікая колькасць ежы пазбавіла людзей ад неабходнасці качаваць у яе пошуках. Па-першае, на Беларусі з’яўляецца сталае насельніцтва, па-другое, уся тэрыторыя Беларусі заселена да канца гэтага перыяду. Гэта яшчэ вельмі рэдкія паселішчы – стаянкі (іх выяўлена каля 120), якія месціліся па берагах рэк, каля радовішчаў крэмню. Такім чынам, сучасныя беларускія землі ўвайшлі ў айкумену – тэрыторыю, пастаянна заселеную людзьмі.

Змены прыродных умоў адбіліся на гаспадарчых занятках насельніцтва і вызвалі з’яўленне новых прылад працы. Значна ўзрасла роля палявання, яно ўжо не патрабавала ўдзелу ў працэсе значнай колькасці людзей, а атрымала індывідуальны характар. Больш таго, у паляўнічага з’явіўся памочнік – сабака. Новыя прылады – лук і стрэлы значна палегчылі паляванне на дробных жывёл і птушку.

Росквіт у мезаліце атрымала рыбалоўства. Гэтаму спрыяла ўтварэнне рэк і вялікай колькасці азёр пасля адыходу ледавіка. Пад канец перыяду мезаліту была вынайдзена сетка (да гэтага рыбу лавілі з дапамогай астрог, гарпуноў і проста рукамі), што значна павялічыла памеры здабычы.

Росквіт атрымала і збіральніцтва. Спіс аб’ектаў збіральніцтва шматразова павялічыўся. Усе гэтыя ўмовы дазволілі збіраць большую колькасць ежы, якая была дастаткова разнастайнай. Гэта стымулявала аселы лад жыцця і замацаванне новай формы сацыяльнай арганізацыі людзей – родавай абшчыны.

У вытворчасці каменных прылад працы таксама наглядаліся свае адметнасці. Па-першае, выраблялася вялікая колькасць каменных сякер (тэрыторыя старажытнай Беларусі ўся была пакрыта лясамі). Па-другое, атрымалі распаўсюджанне мікралітычныя прылады працы (мікраліты). Гэта складныя прылады, што састаўляліся з некалькіх невялікіх каменных пласцінак памерам 1-2 кв.см. Найбольш шырока яны былі распаўсюджаны на захадзе і ўсходзе сучаснай Беларусі. Гэтыя рэгіёны атаясамліваюцца з існаваннем свідэрскай і сожскай (суадносна) археалагічных культур. Адметная прыкмета першай – гэта наканечнік стралы ў выглядзе ліста вярбы, у стрэл сожскай культуры наканечнікі – гэта маленькія і кароткія каменныя адшчэпы.

Такім чынам, перыяд мезаліту – гэта час, калі на беларускіх землях з’явілася пастаяннае аселае насельніцтва, атрымала росквіт прысвайваючая гаспадарка, замацаваўся родавы лад грамадства.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: