Перадваенны крызіс і пачатак другой сусветнай вайны. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Далучэнне Віленшчыны да Літвы

Другая сусветная вайна, якая пачалася 1 верасня 1939 г., усё далей адыходзіць у глыбіню гісторыі. Ужо сёння 2/3 насельніцтва зямнога шара складаюць людзі, якія нарадзіліся і выраслі ў пасляваенныя гады. Таму надзвычай важна, каб падрастаючыя пакаленні ведалі праўду аб тым, як і чаму ўзнікла вайна, якія сілы вінаватыя ў яе развязванні.

Выяўленне сапраўднай карціны другой сусветнай вайны, прычын яе ўзнікнення дыктуецца яшчэ і тым, што за апошнія гады ў свет выйшла шмат кніг, кінафільмаў, у якіх многія пытанні вайны, ролі Савецкага Саюза ў дасягненні перамогі часам падаюцца павярхоўна, тэндэнцыйна.

Аналіз міждзяржаўных і сацыяльна-класавых адносін пераконваюць, што другая сусветная вайна ўзнікла невыпадкова, не ў сілу нейкіх непрадбачаных абставін ці памылак асобных дзяржаўных дзеячаў. Яе вытокі – у тых глыбокіх супярэчнасцях, якія існавалі паміж тагачаснымі вядучымі дзяржавамі. Складанае перапляценне многіх фактараў – палітычных, эканамічных, ідэалагічных – вызначыла прычыны і характар вайны.

Галоўная віна за падрыхтоўку і развязванне вайны ляжыць на дзяржавах фашысцка-мілітарысцкага блока (і перш за ўсё Германіі і Японіі). Прыход фашызму да ўлады ў Германіі і пачатак рэалізацыі яго агрэсіўнай праграмы стварылі небяспечны ачаг вайны ў Цэнтральнай Еўропе і непасрэдную пагрозу развязвання сусветнай вайны. Адводзячы ў сваіх глабальных планах важнейшае месца барацьбе супраць “фарпоста міжнароднага камунізму”, г.зн. супраць СССР, фашызм меў на мэце заняволенне і іншых краін, устанаўленне сусветнага панавання.

У такіх умовах паўстала задача арганізацыі сумесных дзеянняў розных палітычных сіл для адпору гэтай агрэсіўнай, гегеманісцкай палітыцы. Здавалася, у сярэдзіне 30-х гадоў такія перадумовы намячаліся: ідэя Савецкага Саюза аб арганізацыі сістэмы калектыўнай бяспекі знайшла падтрымку Францыі, Югаславіі, Румыніі і іншых краін. У 1934 г. СССР уступіў у Лігу Нацый і стаў пастаянным членам яе Савета. У 1935 г. былі падпісаны савецка-французскі і савецка-чэхаславацкі дагаворы.

Аднак далей падзеі пайшлі па іншаму шляху. Кіруючыя колы заходніх дзяржаў узялі курс на “прымірэнне” з агрэсарам. Галоўны сэнс гэтага курсу заключаўся ў тым, каб цаной уступак аслабіць германскі націск на Захадзе і накіраваць яго экспансію на Усход.

Палітыка “прымірэння” рэалізоўвалася на розных напрамках. Заходнія дзяржавы нічога не зрабілі, калі Германія яшчэ вясной 1935 г. афіцыйна адмовілася ад выканання ўсіх ваенных артыкулаў Версальскага дагавора і ўвяла забароненую ёй усеагульную ваенную павіннасць. У наступным годзе Германія, натхнёная беспакаранасцю, акупіравала Рэйнскую дэмілітарызаваную зону. Ад Германіі старалася не адставаць фашысцкая Італія, якая напала на Эфіопію. У 1936 г. Германія і Японія заключылі паміж сабой антыкамінтэрнаўскі пакт, да якога ў 1937 г. далучылася Італія.

Чарговай ахвярай агрэсіі стала Аўстрыя, якая ў сакавіку 1938 г. была ўключана ў склад рэйха. Пагроза навісла над Чэхаславакіяй. 30 верасня 1938 г. на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў Англіі, Францыі, Германіі і Італіі ў Мюнхене было падпісана пагадненне аб расчляненні Чэхаславакіі і перадачы часткі яе (Судэцкай вобласці) Германіі. У сакавіку 1939 г. Чэхаславакія была акупіравана Германіяй. Такім чынам, да 1939 г. Версальска-Вашынгтонская сістэма дагавораў, створаная пасля першай сусветнай вайны, была канчаткова скасавана.

Становішча ў свеце рабілася выбухованебяспечным. У новых умовах Савецкі Саюз даў згоду на кантакты з Германіяй. Адбыліся эканамічныя перагаворы, якія з асаблівай інтэнсіўнасцю разгарнуліся ў маі – жніўні 1939 г. Затым яны перайшлі ў палітычную сферу.

Кіруючыя колы Англіі і Францыі пасля акупацыі немцамі Чэхаславакіі, баючыся непрадказальнай палітыкі Германіі, зноў пайшлі на кантакты з СССР. Вясной і летам 1939 г. праходзілі траістыя перагаворы СССР, Англіі і Францыі па палітычных, а потым і ваенных пытаннях. Адначасова брытанскія палітычныя колы не пакінулі спроб дамовіцца з Германіяй, вынікам чаго ў гэты перыяд з’явіліся англа-нямецкія перагаворы.

На палітычных і ваенных перагаворах з СССР прадстаўнікі Англіі і Францыі займалі неканструктыўную пазіцыю.

Гаворачы аб няўдачах са стварэннем сістэмы калектыўнай бяспекі ў 30-я гады, неабходна адзначыць, што і на грамадскім узроўні не ўдалося ўтварыць магутны антыфашысцкі фронт. Заходнееўрапейскія грамадскія сілы характарызаваліся пасіўнасцю і раз’яднанасцю. Негатыўна адбіліся ўстаноўкі Камінтэрна і савецкага ўрада на барацьбу за сусветную рэвалюцыю, а таксама рэпрэсіі ў нашай краіне, якія пасеялі сумненні сярод кіруючых колаў Захаду ў ацэнцы магутнасці СССР і якія адштурхоўвалі ад Савецкага Саюза прагрэсіўныя сілы.

Да 20 жніўня 1939 г. стала відавочна, што перагаворы паміж СССР, Англіяй і Францыяй зайшлі ў тупік. Сітуацыя станавілася крытычнай. Ні для каго не было сакрэтам, што падрыхтоўка Германіі да нападу на Польшчу ідзе поўным ходам.

Ва ўмовах узрастаючай напружанасці міжнароднага становішча, поўнай палітычнай ізаляцыі і магчымай вайны на два фронты СССР прыняў прапанову Германіі заключыць пакт аб ненападзенні. 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў.

Савецка-германскі дагавор, з аднаго боку, з’явіўся вымушаным крокам, лагічным вынікам развіцця міжнародных адносін у 1938–1939 гг. Савецкі Саюз пазбегнуў вайны на два фронты, нанёс рашучы ўдар па планах стварэння адзінага антысавецкага фронту, атрымаў амаль два гады для ўмацавання сваёй абароназдольнасці. З другога ж боку, гэты дагавор нанёс урон міжнароднаму прэстыжу СССР, які ўспрымаўся раней як флагман барацьбы з фашызмам. Быў дэзарыентаваны і савецкі народ, які бачыў у фашызме лютага ворага.

Да дагавора быў прыкладзены “Сакрэтны дадатковы пратакол”, якім размяжоўваліся “сферы інтарэсаў” абодвух бакоў. Германія атрымала Францыю, Брытанію і іх афрыканскія калоніі, СССР – Фінляндыю, Эстонію, Латвію, Бесарабію і “права” пашырацца на поўдзень у бок Персідскага заліва праз Іран, Афганістан і Турцыю.

Сам факт размежавання інтарэсаў сацыялістычнай і фашысцкай дзяржаў сакрэтным пратаколам, прынятым у абход законаў СССР і ў парушэнне дагаворных абавязацельстваў перад трэцімі краінамі, адлюстроўваў грэбаванне нормамі права і маралі.

Кульмінацыяй гэтага працэсу стаў Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй ад 28 верасня 1939 г. Быў таксама падпісаны сакрэтны дадатковы пратакол, паводле якога Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы, якая па ранейшай дамоўленасці ўваходзіла ў сферу інтарэсаў СССР.

Германія лічыла, што пакт ад 23 жніўня 1939 г. развязаў ёй рукі на Усходзе, і 1 верасня яна напала на Польшчу. Англія і Францыя, звязаныя з Польшчай саюзнымі дагаворамі, 3 верасня 1939 г. аб’явілі вайну Германіі. У той жа дзень у вайну ўступілі Аўстралія, Новая Зеландыя і Індыя. Пачалася другая сусветная вайна.

Маючы велізарную эканамічную і ваенную перавагу, фашысцкія войскі імкліва рухаліся па тэрыторыі Польшчы да граніцы СССР. Урады Англіі і Францыі, аб’явіўшы вайну Германіі, не пачыналі актыўных ваенных дзеянняў на Захадзе. У выніку Германія хутка акупіравала ўсю тэрыторыю Польшчы, яе войскі падступілі да межаў Заходняй Беларусі, занялі некаторыя яе населеныя пункты, у тым ліку Брэст. Больш чым над 4 млн жыхароў Заходняй Беларусі навісла рэальная небяспека фашысцкага зняволення.

17 верасня 1939 г. па распараджэнні савецкага ўрада войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую граніцу і ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Працоўныя Заходняй Беларусі з радасцю і надзеяй сустракалі Чырвоную Армію. Сярод польскага насельніцтва адчувалася варожасць.

Яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі ў шэрагу гарадоў і паветаў Заходняй Беларусі людзі раззбройвалі паліцыю і асаднікаў, разгортвалі шырокую кампанію ў падтрымку парадку, стваралі рэвалюцыйныя камітэты.

Да 25 верасня 1939 г. Чырвоная Армія цалкам вызваліла Заходнюю Беларусь. Нямецкім войскам давялося адысці на ўзгодненую на вышэйшым узроўні мяжу, якая і была замацавана адпаведным дагаворам ад 28 верасня 1939 г. паміж СССР і Германіяй. На вызваленай тэрыторыі ва ўсіх гарадах і паветах ствараліся часовыя ўправы, у вёсках і гмінах (валасцях) – сялянскія камітэты. Часовыя ўправы і сялянскія камітэты разгарнулі актыўную работу па выбарах у Народны сход, які павінен быў у заканадаўчым парадку вырашыць пытанне аб уладзе.

28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Ён аднагалосна прыняў па дакладу С.В. Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Аднадушна дэлегаты выказаліся і за ўваходжанне ў БССР. 2 лістапада 1939 г. Нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада Нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР адпаведна прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася са 125,6 тыс. кв. км да 225,6 тыс., насельніцтва рэспублікі – з 5 млн 562 тыс. чалавек да 10 млн 239 тыс. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана 5 абласцей (Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая).

Улады заходніх абласцей прыступілі да гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва. Былі нацыяналізаваны 1700 прадпрыемстваў, пачаліся тэхнічная рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых фабрык і заводаў. Паступова ліквідавалася беспрацоўе. Да канца 1940 г. аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці ў параўнанні з 1938 г. павялічыўся больш чым у 2 разы.

У вёсцы беззямельным і малазямельным сялянам было раздадзена звыш 1 млн га зямлі, якая належала польскім памешчыкам, асаднікам і членам вартаўнічай аховы. Вялася работа па арганізацыі розных форм кааперацыі, калгасаў і саўгасаў. Да сярэдзіны 1940 г. у заходніх абласцях рэспублікі дзейнічала 430 калгасаў, якія аб’ядноўвалі звыш 23 тыс. сялянскіх гаспадарак.

Істотныя зрухі адбываліся ў духоўна-культурнай сферы. У 1940/41 навучальным годзе тут дзейнічалі 5958 агульнаадукацыйных школ, 12 тэхнікумаў, 5 інстытутаў. Да пачатку 1941 г. было адкрыта 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк.

Пры правядзенні сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, устанаўленні савецкай сістэмы кіравання грамадствам не абышлося і без парушэнняў закона новымі ўладамі – рэпрэсій і дэпартацый (высяленняў памешчыкаў, капіталістаў, паліцэйскіх, дзяржаўных служачых, гандляроў, кулакоў і інш.). У выніку не ўсе былі задаволены палітыкай савецкай улады. Тым больш, што з пачату 1940 г. у заходніх абласцях Беларусі пачаліся рэпрэсіі супраць былых членаў польскай каланіяльнай адміністрацыі і ваеннаслужачых польскай арміі.

Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці і рэпрэсіі, працоўныя Беларусі самааддана працавалі ва ўсіх галінах гаспадаркі і культуры, умацоўвалі абароназдольнасць краіны. Дзякуючы працоўнаму гераізму рабочых, калгаснікаў, інжынерна-тэхнічных работнікаў, Беларусь ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку, у якой да 1940 г. 80 % прадукцыі народнай гаспадаркі прыходзілася на долю прамысловасці, на палях звыш 10 тыс. калгасаў працавалі 10 413 трактароў, 1675 камбайнаў, дзесяткі тысяч іншых сельскагаспадарчых машын.

Адначасова з вызваленнем Заходняй Беларусі і далучэннем яе да БССР была вызвалена Віленшчына. На вызваленых землях наладжвалася новае жыццё. Узмацніліся эканамічныя і культурныя сувязі з БССР, былі адкрыты беларускія школы, аднавіла работу беларуская гімназія, сталі выходзіць на беларускай мове часопісы і газеты, была створана беларуская тэатральная трупа і іншыя культурныя таварыствы.

У пачатку кастрычніка 1939 г. Віленская ўправа прыняла рашэнне ўдзельнічаць у выбарах Народнага схода Заходняй Беларусі. Аднак насельніцтву Вільні і Віленшчыны ўдзельнічаць у іх не давялося. Справа ў тым, што 3 кастрычніка 1939 г. у Маскве пачаліся перагаворы паміж урадамі СССР і Ковенскай Літвы (сталіцай Літвы ў той час быў г. Коўна) адносна лёсу Віленшчыны, а 10 кастрычніка 1939 г. быў падпісаны Дагавор аб далучэнні Вільні і Віленшчыны да Літвы.

15 кастрычніка 1939 г. прадстаўнікі ўрада Літвы выехалі ў Вільню для прыняцця спраў ад савецкага камандавання і адміністрацыі, а 27 кастрычніка літоўскае войска ўступіла на тэрыторыю Віленскай вобласці. 29 кастрычніка 1939 г. у Вільні адбылася ўрачыстая цырымонія ўзняцця літоўскага флага на гары Гедыміна.

Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы. Не падтрымалі дагавор буйныя еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку Англія і Францыя.

Менш чым праз год пасля далучэння Віленшчыны да Літвы адбыліся новыя тэрытарыяльныя змены. 1 жніўня 1940 г. працавала VII сесія Вярхоўнага Савета СССР, на якой вырашалася пытанне аб уваходжанні Прыбалтыйскіх рэспублік у склад СССР. У выніку ад Беларусі на карысць Літвы ў лістападзе 1940 г. былі адлучаны Свянцяны (зараз Швянчоніс), Салечнікі (зараз Шальчынінкай) і курорт са стогадовай гісторыяй Друскенікі (зараз Друскенінкай), які спрадвеку знаходзіўся ў Гродзенскай губерні. Гэта тэрыторыя складала 2600 кв. км з насельніцтвам 65 тыс. чалавек.

Гісторыкі выказваюць розныя меркаванні адносна тэрытарыяльных змен, праведзеных у 1939–1940 гг. Аднак большасць з іх аднадушны ў тым, што гэтыя змены праводзіліся ў палітычных мэтах.

А тым часам міжнароднае становічша працягвала ўскладняцца. Фашысцкая Германія, абараніўшы сябе дагаворам з СССР з Усходу, умацоўвала пазіцыі на Захадзе. Вясной 1940 г. яна захапіла Бельгію, Данію, Галандыю, Нарвегію, а летам пачала наступленне на Францыю і прымусіла яе капітуляваць, паставіла Англію на край нацыянальнай катастрофы, вяла паспяховыя баявыя дзеянні ў Афрыцы.

З лета 1940 г. германскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва пачало падрыхтоўку да вайны супраць СССР. 22 чэрвеня 1940 г., у дзень падпісання акта аб капітуляцыі Францыі, Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападзення на СССР. Гэты план “Барбароса” – маланкавай вайны і разгрому за 3–4 месяцы Савецкага Саюза – быў зацверджаны ў снежні 1940 г. У маі 1941 г. быў прыняты план “Ост” – разгорнутая праграма знішчэння і каланізацыі народаў Савецкага Саюза.

Нарастанне ваеннай пагрозы бачыла вышэйшае кіраўніцтва СССР. І хаця з боку Сталіна і яго акружэння быў дапушчаны пралік у вызначэнні тэрміну пачатку вайны, тым не менш шэраг мер па ўмацаванні абароназдольнасці СССР, яго заходніх рубяжоў, у тым ліку Беларусі, быў прыняты. Іншая справа, што некаторыя з гэтых мер былі запозненымі і частковымі.

Фарсіравана развіваліся абаронныя галіны гаспадаркі. Беларускае кіраўніцтва асаблівую ўвагу ўдзяляла ў гады апошняй перадваеннай пяцігодкі будаўніцтву ў Мінску і Магілёве авіяцыйных прадпрыемстваў, у Віцебску і Баранавічах – танкарамонтных заводаў. Войскі і тылавыя часці забяспечваліся сродкамі сувязі, павялічвалася прапускная здольнасць магістральных чыгунак, якія ішлі па тэрыторыі Заходняй асобай ваеннай акругі (ЗахАВА) да граніцы. На тэрыторыі Беларусі напярэдадні вайны былі размешчаны часці ЗахАВА і 11-й арміі Прыбалтыйскай асобай ваеннай акругі (ПрыбАВА), якія складаліся з 48 дывізій агульнай колькасцю 715 тыс. чалавек. На ўзбраенні гэтых часцей было 10,8 тыс. гармат і мінамётаў, 3,4 тыс. танкаў, 1,9 тыс. самалётаў. Але будаўніцтва прымежавых умацаванняў палявога тыпу, пераўзбраенне і перабудова ўсіх відаў войск толькі разгортваліся.

Праціўнік жа меў колькасную і якасную перавагу. У паласе ЗахАВА немцы сканцэнтравалі 51 дывізію агульнай колькасцю 1,6 млн чалавек, звыш 14,5 тыс. гармат і мінамётаў, 2 тыс. танкаў, 1,6 тыс. самалётаў.

Такім было сацыяльна-эканамічнае і ваенна-палітычнае становішча Беларусі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.


НАПАДЗЕННЕ ФАШЫСЦКАЙ ГЕРМАНІІ НА СССР. АДПОР ВОРАГУ Ў ПАЧАТКОВЫ ПЕРЫЯД ВАЙНЫ

На досвітку 22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая Германія вераломна, без абяўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Беларусь у ліку першых савецкіх рэспублік была падвергнута ўдарам ворага. Пачалася Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў за свабоду сваёй Радзімы.

Міжнародны імперыялізм разам з прыхільнікамі капіталістычнай рэстаўрацыі ўнутры СССР зрабіў другую спробу (першая была зроблена пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1917–1920 гг.) знішчыць савецкі дзяржаўны і грамадскі лад і аднавіць буржуазнае грамадства ў краіне.

Германія марыла авалодаць нацыянальнымі багаццямі народаў СССР і выкарыстаць іх у сваіх інтарэсах. Яна ставіла сваёй задачай фізічна знішчыць частку славянства – насельніцтва “ніжэйшай” расы, астатніх славян анямечыць і ператварыць у сваіх рабоў. У адпаведнасці з планам “Ост” 75 % насельніцтва Беларусі меркавалася знішчыць ці выселіць за Урал, 25 % анямечыць і заставіць працаваць на немцаў-каланістаў. У Мінску, напрыклад, планавалася аставіць 100 тыс. чалавек мясцовага насельніцтва і пасяліць 50 тыс. нямецкіх каланістаў, у Гомелі – адпаведна 50 і 30 тыс., Магілёве і Бабруйску – па 50 і 20 тыс., у Барысаве, Лідзе і Навагрудку – па 15 тыс. мясцовага насельніцтва і 5 тыс. нямецкіх каланістаў і г.д.

Гітлер і яго кліка паабяцалі немцам “тысячагадовае квітненне рэйха”, “райскае жыццё” пасля перамогі над СССР: кожнаму – аўтамабіль (“фольксваген”), вызваленне ад падаткаў, магчымасць атрымаць на Усходзе зямлю, маёмасць і рабоў-славян.

Вялікая Айчынная вайна была састаўной і рашаючай часткай другой сусветнай вайны. Захапіўшы амаль усю Еўропу, Германія планавала, як потым абгрунтавана будзе запісана ў дакументах Нюрнбергскага працэсу, “знішчыць СССР як палітычную і ваенную дзяржаву для таго, каб расчысціць шлях для экспансіі Германіі на Усход…”.

На тэрыторыі Беларусі наступала самая моцная з трох фашысцкіх груповак вермахта – група армій “Цэнтр”, меўшая сваёй канчатковай мэтай захоп Масквы. Падтрымліваў яе 2-і паветраны флот, які налічваў 1680 самалётаў (50 % сіл усёй авіяцыі рэйха).

У першыя ж гадзіны вайны варожая авіяцыя нанесла ўдары па ваенных аб’ектах у заходняй прыгранічнай паласе на глыбіню да 400 км. Дыверсійныя групы палка “Брандэнбург”, скінутыя на парашутах у момант нападзення, павінны былі вывесці са строю сувязь і ўпраўленне войскамі. Адразу ж была знішчана большая частка савецкіх бамбардыроўшчыкаў і знішчальнікаў, якія базіраваліся на аэрадромах прыгранічных ваенных акругоў. Масавым бамбардыроўкам былі падвергнуты чыгуначныя вузлы, гарады Беласток, Брэст, Гродна, Баранавічы і інш.

У крайне неспрыяльных умовах, несучы цяжкія страты, савецкія пагранічнікі, чырвонаармейцы аказвалі рашучае, самаахвярнае супраціўленне. Гераічна трымаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці, у які ўваходзілі прадстаўнікі больш за 30 нацый і народнасцей. Узначальвалі яго маёр П.М. Гаўрылаў і палкавы камісар Я.М. Фамін. Не маючы сувязі, вады, харчу, медыкаментаў, абаронцы крэпасці не здаваліся, пастаянна контратакавалі праціўніка, наносілі яму страты. Апошнія групы змагаліся да канца ліпеня 1941 г.

Усімі сіламі войскі Чырвонай Арміі спрабавалі стрымаць наступленне агрэсара. У першы дзень вайны ў небе Беларусі было збіта больш за 100 нямецкіх самалётаў. Пры гэтым лётчыкі Д.В. Кокараў (у раёне Замораў Беластоцкай вобл.), С.М. Гудзімаў (у раёне Пружан), П.С. Рабцаў (над Брэстам), А.С. Данілаў (каля Ліды) і іншыя таранілі варожыя самалёты ў паветры, а некалькі пазней камандзір эскадрыллі М.Ф. Гастэла і члены яго экіпажа А.А. Бурдзянюк, Р.М. Скарабагаты, А.А. Калінін здзейснілі (пад Мінскам, каля Радашковіч) наземны таран, накіраваўшы свой самалёт на скапленне варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрн.

Нягледзячы на катастрафічнае становішча, савецкія воіны ўпарта супраціўляліся, хаця былі выпадкі, і аб гэтым нельга замоўчваць, панікі, разгубленасці, бязладнага адыходу.

Цяжкія баі вялі палявыя войскі Чырвонай Арміі – пехацінцы і артылерысты ў раёне Беластока, Гродна, Жабінкі, Маларыты, іншых населеных пунктаў рэспублікі, на подступах да яе сталіцы, якую абаранялі воіны двух стралковых карпусоў. Мужна трымалі абарону часці 64, 100 і 108-й стралковых дывізій пад камандаваннем адпаведна С.І. Іаўлева, І.М. Русіянава і А.І. Маўрычава. Але гераізм воінаў не мог кампенсаваць адсутнасць рэзерваў і прадуманай сістэмы абароны. Сілы былі няроўныя, і 28 чэрвеня нямецкія танкі прарвалі абарону, уварваліся ў Мінск.

На захад ад Мінска апынуліся ў акружэнні каля 350 тыс. савецкіх салдат і афіцэраў (гэта так званая “катастрофа заходней Мінска”). Такія буйнейшыя злучэнні Заходняй асобай ваеннай акругі, як 3, 4 і 10-я арміі, былі знішчаны і фактычна перасталі існаваць, што пазбавіла магчымасці стрымліваць праціўніка ў Цэнтральнай Беларусі. Частка салдат і афіцэраў, якія засталіся жывымі, трапілі ў палон. Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны ў палон трапіла каля 4 млн савецкіх воінаў. Паводле сучасных удакладненых даных расійскіх даследчыкаў, усяго прапала без звестак і трапіла ў палон 4 млн 559 тыс. чалавек, прычым 3,4 млн з іх – у 1941 г. Большасць чырвонаармейцаў апынулася ў палоне, будучы цяжкапараненымі альбо па віне камандзіраў. На службу да гітлераўцаў перайшло каля 100 тыс. чалавек (3–4 % ад трапіўшых у палон). 450 тыс. савецкіх воінаў змаглі вырвацца з нямецкага палону і ўліцца ў партызанскія атрады, што дзейнічалі на савецкай акупіраванай тэрыторыі альбо ў іншых заняволеных фашызмам краінах Еўропы. Да канца чэрвеня 1941 г. стала відавочна, што Чырвоная Армія ў прыгранічных бітвах на тэрыторыі Беларусі аказалася не ў стане стрымаць, а тым больш разграміць атакуючыя групоўкі праціўніка. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання як вышэйшы орган кіраўніцтва ваеннымі дзеяннямі Савецкіх Узброеных Сіл вымушана была перайсці да стратэгічнай абароны.

У гэты час хаця і са спазненнем, але быў прыняты шэраг надзвычайных мер па мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў краіны на адпор ворагу. Толькі 29 чэрвеня 1941 г. была абвешчана дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) з заклікам да партыйных і савецкіх арганізацый, усяго народа перабудаваць жыццё на ваенны лад, падпарадкаваўшы яго інтарэсам фронту. 30 чэрвеня быў утвораны Дзяржаўны Камітэт Абароны (ДКА) на чале з І.В. Сталіным. Важную ролю адыграла выступленне І.В. Сталіна па радыё 3 ліпеня 1941 г.

У адпаведнасці з дырэктывай пачалася дадатковая мабілізацыя ваеннаабавязаных у Чырвоную Армію і перадача ёй матэрыяльных каштоўнасцей. На тэрыторыі Беларусі ў чэрвені – жніўні ў Чырвоную Армію было мабілізавана звыш 500 тыс. чалавек. Акрамя таго, часцям дзеючай арміі на працягу гэтага часу было перададзена 2,5 тыс. аўтамабіляў, 35 тыс. коней, 23 тыс. павозак, 36 тыс. галоў жывёлы, 20 тыс. т харчавання. Для барацьбы з дыверсантамі праціўніка да сярэдзіны ліпеня 1941 г. было створана 78 знішчальных батальёнаў, якія налічвалі больш за 13 тыс. чалавек. У дапамогу Чырвонай Арміі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, іншых гарадах і населеных пунктах былі сфарміраваны атрады і палкі народнага апалчэння ў складзе больш за 33 тыс. байцоў. Каля 2 млн чалавек было мабілізавана на будаўніцтва абарончых збудаванняў: процітанкавых равоў, дзотаў, аэрадромаў і г.д.

Важнае значэнне надавалася эвакуацыі ў глыбокі савецкі тыл мірнага насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей. У першую чаргу эвакуацыі падлягалі дзеці. У чэрвені – жніўні было вывезена 16 435 дзяцей са 191 дзіцячай установы. У тыл адпраўляліся прамысловае абсталяванне, энергетычныя ўстаноўкі, рухомы чыгуначны састаў, сыравінныя рэсурсы, маёмасць многіх устаноў, грашовы фонд. Былі эвакуіраваны 60 навукова-даследчых інстытутаў, 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Усяго на ўсход краіны было вывезена абсталяванне 224 буйных прадпрыемстваў. Да вясны 1942 г. усе перабазіраваныя на ўсход прадпрыемствы Беларусі ўвайшлі ў строй і пачалі выпускаць прадукцыю для фронту.

У краіне разгарнуўся ўсенародны рух “двухсотнікаў”, дэвізам якога было “працаваць за сябе і за таварыша, які пайшоў на фронт”. Так рабочы клас, калгаснае сялянства, інтэлігенцыя рэспублікі разам з усімі працаўнікамі савецкага тылу кавалі зброю будучай перамогі, шлях да якой заставаўся яшчэ вельмі цяжкім і доўгім.

У ліпені – жніўні 1941 г. часці Чырвонай Арміі, ведучы цяжкія абарончыя баі, працягвалі адступаць. На пачатку ліпеня савецкае камандаванне паставіла задачу стварыць лінію абароны ўздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра з мэтай не дапусціць прарыву гітлераўцаў на Маскоўскім напрамку і перш за ўсё як мага больш утрымаць праціўніка на р. Бярэзіне.

Тры дні ішлі цяжкія абарончыя баі на Бярэзіне, паблізу Барысава і ў самім горадзе на шашы Мінск–Масква, дзе войскі вермахта адчулі ўсю моц нашых танкаў Т-34. Значны ўдар быў нанесены гітлераўцам пад Оршай, дзе 14 ліпеня супраць іх былі прыменены “кацюшы” (рэактыўныя мінамёты батарэі капітана І.А. Флёрава). Сур’ёзны контрудар нанеслі нашы войскі ў адной з буйнейшых танкавых бітваў пад Сянно і Лепелем. Каля тыдня цягнуліся баі за Віцебск.

23 дні (з 4 па 27 ліпеня) савецкія войскі стрымлівалі націск танкавай групы Гудэрыяна на дняпроўскіх рубяжах, у раёне Магілёва. Больш месяца ішлі баі за Гомель.

Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі, нягледзячы на гераічнае супраціўленне часцей Чырвонай Арміі, была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У чым жа прычыны паражэння савецкіх войск у пачатку вайны, у тым ліку ў Беларусі? Яны абумоўлены агульным станам Чырвонай Арміі, і ў тым ліку Заходняй асобай ваеннай акругі (у чэрвені 1941 г. ператворана ў Заходні фронт), да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Па-першае, выявілася перавага эканамічнага патэнцыялу Германіі. У 1940 г. Савецкая краіна мела 18,3 млн т сталі, Германія разам з саюзнікамі і захопленымі краінамі – 46,3 млн т, па чыгуну гэтыя суадносіны складалі адпаведна 15 і 25 млн т, па вугалю 165 і 348 млн т, па электраэнергіі – 49 і 110 млрд кВт гадз.

Па-другое, гітлераўцы выкарысталі такія часовыя перавагі, як мілітарызацыя эканомікі, працяглая падрыхтоўка да захопніцкай вайны, якасць узброенасці войск, загадзя сканцэнтраваных у пагранічнай паласе. Мы мелі большую колькасць танкаў і самалётаў, але яны былі ў сваёй масе ўстарэлыя. Новыя тыпы ваеннай тэхнікі толькі пачалі паступаць на ўзбраенне Чырвонай Арміі, асабовы склад недастаткова іх асвоіў.

Па-трэцяе, цяжка адбіліся на баяздольнасці Чырвонай Арміі масавыя парушэнні законнасці ў канцы 30-х гадоў. Толькі з мая 1937 г. па верасень 1938 г. былі рэпрэсіраваны 39761 камандзір і палітработнік. Арыштавана і пакарана амаль палова персаналу Генштаба, усе камандуючыя ваенных акругоў, 80 % кіруючага складу карпусоў і дывізій, 91 % камандзіраў палкоў, іх намеснікаў і начальнікаў штабоў. Гэту акалічнасць ведалі гітлераўскія вярхі, калі прымалі рашэнне аб паскарэнні пачатку вайны супраць СССР. “Без трыццаць сёмага года, – сцвярджаў маршал А.М. Васілеўскі, – магчыма, і не было б увогуле вайны”.

Па-чацвёртае, крайне негатыўную ролю адыгралі пралікі Сталіна і яго бліжэйшага акружэння ў ацэнцы ваенна-стратэгічнай абстаноўкі і вызначэнні магчымага тэрміну нападзення Германіі на СССР. Сталін ведаў, што да вялікай вайны мы не гатовы, і ўсяляк імкнуўся не даць Гітлеру падставы для нападзення, разлічваў, што Германія не адважыцца на вайну без разгрому Англіі і без захопу запасаў паліва на Блізкім і Далёкім Усходзе. Ён недаацэньваў шматлікія папярэджанні савецкай разведкі аб фашысцкай пагрозе, не даў дазволу на прывядзенне войск прыгранічных акругоў у баявую гатоўнасць.

Нягледзячы на паражэнні Чырвонай Арміі летам 1941 г., фашысцкі стратэгічны план “маланкавай вайны” быў сарваны. Цяжкія, кровапралітныя абарончыя баі савецкіх войск на Беларусі далі магчымасць сканцэнтраваць рэзервы для абароны Масквы і разгрому там гітлераўскіх войск.


АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ. ДЗЕЙНАСЦЬ БЕЛАРУСКІХ КАЛАБАРАЦЫЯНІСТАЎ

Тэрыторыя Беларусі, цалкам ці часткова, знаходзілася пад акупацыяй з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г.

Акупацыйны рэжым у Беларусі – гэта сістэма палітычных, эканамічных, ваенных і ідэалагічных мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага грамадска-дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларускага народа. Акупацыйная палітыка была вынікам дзяржаўнага курса фашысцкай Германіі, распрацаванага ў дырэктыўных дакументах і праграмных выступленнях нацысцкіх кіраўнікоў.

Ідэалагічнай асновай акупацыйнай палітыкі былі чалавеканенавісніцкія тэорыі нацыстаў: аб “расавай перавазе” нямецкай нацыі над усімі іншымі; аб “гістарычнай неабходнасці” пашырэння “жыццёвай прасторы” для немцаў і іх “неад’емным праве” на сусветнае панаванне.

У адпаведнасці з планам “Барбароса” акупанты знішчылі дзяржаўнасць беларускага народа і тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі. Беларусь была падзелена на асобныя часткі:

- паўночна-заходнія раёны Брэсцкай і Беластоцкай абласцей з гарадамі Гродна і Ваўкавыск былі перададзены Усходняй Прусіі;

- паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласцей былі ўключаны ў склад рэйхскамісарыята “Украіна”;

- паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці былі далучаны да генеральнай акругі Літвы;

- тэрыторыя Віцебскай і Магілёўскай абласцей, большая частка Гомельскай і ўсходнія раёны Мінскай вобласці былі ўключаны ў зону армейскага тылу групы армій “Цэнтр”, дзе ўсе адміністрацыйныя функцыі выконвала ваеннае камандаванне;

- Баранавіцкая, Вілейская (без паўночна-заходніх раёнаў), Мінская (без усходніх раёнаў) вобласці, паўночныя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай абласцей склалі “генеральбецырк Беларутэнія” – генеральную акругу Беларусі.

Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі, якая складала прыкладна 1/3 тэрыторыі БССР, была ўключана ў рэйхскамісарыят “Остланд” з рэзідэнцыяй у Рызе і падзелена на 10 “гебітаў” (акругоў). Для кіраўніцтва генеральнай акругай, акругамі і раёнамі ствараўся жорстка цэнтралізаваны адміністрацыйны апарат гітлераўцаў.

На чале генеральнай акругі Беларусі стаяў генеральны камісарыят, які ўзначальваў адзін з паплечнікаў Гітлера гаўляйтар Вільгельм Кубэ. Ён праводзіў чалавеканенавісніцкую палітыку нацызму. Пасля знішчэння Кубэ мінскімі падпольшчыкамі 22 верасня 1943 г. яго месца заняў групенфюрэр войск СС Курт фон Готберг.

Фашысты зацвердзілі бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” – сімвалы эмігранцкага ўрада БНР, які супрацоўнічаў з немцамі. Зрабіў гэта гаўляйтар Беларусі Кубэ: “Колеры бела-чырвона-бела павінны быць у будучым прыкметай Беларутэніі”.

Кіраванне акругамі ажыццяўлялі гебітскамісары, гарадамі – штатскамісары, раёнамі – ортскамісары. Для стварэння ўяўнага выгляду самакіравання і ўзмацнення ўплыву на насельніцтва з мясцовых жыхароў арганізоўваліся гарадскія, раённыя і павятовыя ўправы, а ў вёсках прызначаліся старасты, солтысы, войты.

Пры стварэнні фашысцкай акупацыйнай адміністрацыі і паліцэйскіх фарміраванняў немцы выкарыстоўвалі беларускіх нацыяналістаў. З розных краін Еўропы гітлераўцы прывозілі да нас сваіх прыслужнікаў беларускага паходжання, якія пачыналі кар’еру яшчэ ў перыяд Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918–1920 гг.

Уся паўната ўлады належала фашысцкай ваеннай і цывільнай акупацыйнай адміністрацыі. Галоўным сродкам падтрымання “новага парадку” былі войскі і розныя службы: СС (ахоўныя атрады); СА (штурмавыя групы); СД (служба бяспекі, галоўны орган разведкі і контрразведкі); гестапа (палітычная паліцыя); жандармерыя і інш.

Генеральны план “Ост” вызначаў праграму каланізацыі захопленых тэрыторый, германізацыі, высялення і знішчэння народаў Усходняй Еўропы.

Галоўным сродкам ажыццяўлення генеральнага плана “Ост” з’яўлялася палітыка генацыду – планамернага знішчэння цэлых груп насельніцтва па тых ці іншых матывах: з-за прыналежнасці да савецкіх актывістаў, камуністаў, яўрэяў і г.д. Для рэалізацыі гэтага плана гітлераўцы выкарыстоўвалі цэлую сістэму мер: заложніцтва, аблавы, пагромы, турмы, карныя аперацыі, лагеры смерці і інш.

У межах рэспублікі было арганізавана 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў, з якіх мала хто вярнуўся жывым. Вязняў трымалі пад адкрытым небам, марылі голадам, заражалі інфекцыйнымі хваробамі, катавалі. У Мінску і яго ваколіцах было размешчана 5 такіх лагераў, адзін з якіх – Трасцянецкі – па колькасці знішчаных людзей стаяў на трэцім месцы пасля Асвенціма і Майданака. Напярэдадні наступлення савецкіх войск гітлераўцы практыкавалі стварэнне на пярэднім краі сваёй абароны спецыяльных лагераў смерці, у якіх размяшчалі інфекцыйных хворых з мэтай масавага распаўсюджвання цяжкіх захворванняў сярод насельніцтва і часцей Чырвонай Арміі.

На тэрыторыі Беларусі было больш за 100 гета, у якія гітлераўцы сагналі сотні тысяч яўрэяў, як жыхароў рэспублікі, так і яўрэяў з Польшчы, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Францыі, Галандыі, Венгрыі, Германіі і іншых краін. 21–23 кастрычніка 1943 г. было здзейснена адно з самых крывавых злачынстваў фашызму – масавае знішчэнне яўрэяў у мінскім гета і ў Трасцянецкім лагеры смерці, дзе загінула амаль што 100 тыс. яўрэяў.

Канцлагеры, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Паступова працэс знішчэння сваіх ахвяр гітлераўцы механізавалі: атручвалі ў спецыяльна прыстасаваных для гэтага памяшканнях – “gaswagen” (душагубках). Жорсткай расправе падлягалі ваеннаслужачыя, да якіх гітлераўцы адносілі практыччна ўсіх мужчын ва ўзросце 16–55 гадоў, што знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад раёнаў ваенных дзеянняў.

Нечуваныя зверствы чынілі акупанты над партызанамі і мірным насельніцтвам. Пад выглядам барацьбы з партызанамі яны правялі больш за 140 карных экспедыцый, у ходзе якіх цэлыя раёны Беларусі ператвараліся ў зоны пустыні. 22 сакавіка 1943 г. былі спалены 149 жыхароў, у тым ліку 76 дзяцей, в. Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці. За гады акупацыі ў Беларусі разам з жыхарамі спалена 628 вёсак, 186 з якіх так і не адноўлены пасля вайны.

Палітыка каланізацыі і генацыду ўключала і гвалтоўны вываз савецкіх людзей на катаржныя работы ў Германію. Угон беларускага насельніцтва насіў масавы, планамерны характар і меў пэўныя мэты. На Нюрнбергскім судовым працэсе над нямецкімі ваеннымі злачынцамі быў прадстаўлены гітлераўскі сакрэтны мемарандум ад 12 мая 1944 г., у якім прама адзначалася, што намечаная адпраўка з Беларусі ў Германію 40–50 тыс. падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў “мае мэту не толькі прадухіліць умацаванне ваеннай сілы ворага, але таксама скараціць яго біялагічны патэнцыял у будучым”. За час акупацыі з Беларусі было вывезена 380 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей. Вярнулася ж дамоў пасля перамогі каля 120 тыс. чалавек.

Ахвярамі нямецка-фашысцкай “палітыкі генацыду і выпаленай зямлі” стала чвэрць насельніцтва Беларусі. Усяго ў рэспубліцы, як ужо гаварылася, было знішчана больш за 2 млн 200 тыс. чалавек.

У галіне эканомікі акупацыйны рэжым прынёс працоўным Беларусі страшэнную галечу, звышэксплуатацыю, адкрытае рабаванне матэрыяльных каштоўнасцей. Эканамічная палітыка на захопленай тэрыторыі Беларусі насіла каланіяльны характар. Для грабяжу і падрыву гаспадарчага патэнцыялу рэспублікі быў створаны спецыяльны штаб “Ольдэнбург” з вялікім штатам інспекцый, атрадаў для збору прадукцыі вытворчасці і сыравіны. Гітлераўцы вывозілі ў Германію найбольш каштоўнае абсталяванне фабрык, заводаў, электрастанцый, сельгастэхніку, прадукты харчавання, лясныя і тарфяныя багацці. Сістэматычна яны грабілі і асабістую ўласнасць насельніцтва.

За гады акупацыі Беларусі ў Германію было вывезена 90 % станочнага і тэхнічнага абсталявання, 96 % энергетычных магутнасцей, 18,5 тыс. аўтамашын, больш за 9 тыс. трактароў і цягачоў, 1100 камбайнаў.

Акупацыйныя ўлады і штаб “Ольдэнбург” у інтарэсах Германіі, вермахта арганізоўвалі работу часткі прадпрыемстваў прамысловасці, транспарту, гандлю. Усяго ж у гады вайны на тэрыторыі нашай рэспублікі дзейнічала каля 60 прадпрыемстваў пераважна металаапрацоўчай, мясцовай, лёгкай і харчовай прамысловасці.

На гэтых прадпрыемствах рабочыя працавалі ў прымусовым парадку, праз абавязковую рэгістрацыю на біржах працы. Працоўны дзень доўжыўся 10–12 гадзін. За розныя правіннасці, за сабатаж білі, саджалі у карцэр, адпраўлялі у канцлагер. Рацыён харчавання працоўнага ўключаў 200 г хлеба на дзень і 10 г солі.

На ўсім працягу акупацыі гітлераўцы бязлітасна рабавалі беларускае сялянства. Яны разрабавалі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У Германію было вывезена, паводле няпоўных даных, больш за 1,6 млн т збожжа, 426 тыс. т мукі, 3 млн т бульбы і гародніны. Працаўнікі вёскі, як і жыхары гарадоў, плацілі шматлікія падаткі. Усё насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 65 гадоў у абавязковым парадку прыцягвалася да прымусовых работ на будаўніцтва абарончых аб’ектаў, мастоў, дарог і г.д.

Імкнучыся духоўна заняволіць народ, гітлераўцы разрабавалі ўсе ВНУ, НДІ, АН БССР, Беларускі дзяржаўны гістарычны музей, Дзяржаўную карцінную галерэю, знішчылі тысячы помнікаў старажытнасці, гісторыі, культуры, архітэктуры Беларусі, разбурылі музеі, тэатры, клубы, больш за 7 тыс. школьных будынкаў і г.д.

З дапамогай спецыяльна створаных школ, газет, часопісаў, радыё, кіно і іншых сродкаў агітацыі і прапаганды гітлераўцы імкнуліся прывіць насельніцтву Беларусі дух пакорнасці, паслушэнства, развіць нацыянальную варожасць, зламаць іх волю да барацьбы за незалежнасць, супраць фашысцкай Германіі.

Каб раскалоць адзінства беларускага народа, знайсці ў яго апору, гітлераўцы спрабавалі ствараць нацыяналістычныя арганізацыі. Так, 22 кастрычніка 1941 г. была створана Беларуская народная самапомач (БНС). Яе статут быў зацверджаны Кубэ. БНС дамагалася прызнання за сабой права на самакіраванне і рабіла спробы стварыць сваё ваенізаванае фарміраванне – Беларускі корпус самааховы (БКС).

З дазволу акупантаў у чэрвені 1943 г. быў створаны Саюз беларускай моладзі (СБМ), які аб’ядноўваў каля 8 тыс. юнакоў і дзяўчат. Кіраўнікі трэцяга рэйха імкнуліся рыхтаваць юнакоў да службы ў вермахце, былі сфарміраваны нават роты СС для барацьбы з партызанамі. Саюз беларускай моладзі ў многім нагадваў нямецкі “Гітлерюгенд”.

У снежні 1943 г. была створана Беларуская цэнтральная рада (БЦР). Рада ставіла мэтай мабілізацыю ўсіх сіл беларускага народа для знішчэння бальшавізму і працавала па зацверджанаму Генеральным камісарам Беларусі Готбергам статуту.

Падпарадкаваныя Радзе ці створаныя ёю мясцовыя арганізацыі і саюзы – Беларуская самапомач, Саюз беларускай моладзі, Беларускае культурнае аб’яднанне, Беларуская краёвая абарона (БКА) і іншыя садзейнічалі ажыццяўленню нацысцкай акупацыйнай палітыкі.

У сакавіку 1944 г., калі войскі Германіі апынуліся ў катастрафічным становішчы, акупанты дазволілі стварыць у Беларусі большыя, чым раней, узброеныя нацыянальныя фарміраванні. Было арганізавана 55 батальёнаў Беларускай краёвай абароны. Але шырока разгарнуць сваю дзейнасць БЦР, БКА ўжо не ўдалося. Чырвоная армія пачынала падрыхтоўку аперацыі па вызваленні Беларусі.

У гэтых умовах у акупіраваным Мінску 27 чэрвеня 1944 г., за шэсць дзён да вызвалення горада савецкімі войскамі, быў скліканы ІІ Усебеларускі кангрэс (І з’езд (кангрэс) адбыўся ў снежні 1917 г.). Кангрэс абвясціў сябе “паўнапраўным і найвышэйшым прадстаўніком беларускага народа” і выказаўся за аддзяленне Беларусі ад СССР.

Спроба стварэння беларускай дзяржаўнасці з дапамогай акупантаў не мела рэальнасці. Калі ў час работы кангрэса стала вядома, што Чырвоная Армія зрабіла прарыў нямецкіх войск і імкліва рухаецца на Мінск, СС выдзелілі спецыяльны цягнік для эвакуацыі сваіх памагатых і членаў іх сем’яў.

Такім чынам, у час вайны гітлераўцы імкнуліся шырока выкарыстоўваць у сваіх мэтах мясцовае насельніцтва, прымушаючы яго супрацоўнічаць з імі. Гэта з’ява ў 1953 г. атрымала назву калабарацыя (ад французскага ccolloboration – супрацоўніцтва). Савецкі ваенна-гістарычны слоўнік тлумачыць калабарацыю як здраду сваёй радзіме і пераход на шлях супрацоўніцтва з ворагам.

У склад белрускіх калабарацыяністаў уваходзілі палітычныя сілы, якія знаходзіліся ў апазіцыі да камуністычнай партыі і савецкай улады, а таксама тыя асобы, якія свядома пайшлі на службу да фашыстаў. У склад калабарацыяністаў уваходзілі і тыя, хто абставінамі лёсу, часцей за ўсё метадамі гвалту і запалохвання, былі прымушаны пайсці на службу да акупантаў і такім чынам пазбаўлены іншага выбару. Калабарацыяністы разлічвалі “тварыць самастойную Беларусь” пад эгідай гітлераўскага рэйха. Да моманту вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на яе тэрыторыі дзейнічалі больш за 35 тыс. актыўных членаў розных калабарацыянісцкіх арганізацый. Уся іх дзейнасць кантралявалася гітлераўцамі.


БАРАЦЬБА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА СУПРАЦЬ НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ

З першых дзён вайны асноўная частка насельніцтва Беларусі стала на шлях барацьбы супраць акупантаў. Гэта была барацьба за свабоду і незалежнасць савецкай Радзімы. Жорсткасць акупацыйнага рэжыму толькі ўзмацняла нянавісць да нямецка-фашысцкіх захопнікаў, супраціўленне станавілася ўсё больш упартым і непрымірымым. Арганізатарамі яго ў пачатковы перыяд вайны былі не толькі дзяржаўныя і партыйныя органы, кіруючыя партработнікі, але і радавыя грамадзяне рэспублікі. Партызанскія атрады і групы часта ўзнікалі на базе народнага апалчэння, знішчальных батальёнаў, аснову многіх партызанскіх падраздзяленняў складалі камандзіры і байцы Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў тыле гітлераўскіх войск.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў сфарміраваны і ўступіў у барацьбу з ворагам Пінскі партызанскі атрад, які ўзначаліў В.З. Корж. У гэты ж час пачаў дзейнічаць атрад пад кіраўніцтвам Ц.П. Бумажкова і Ф.І. Паўлоўскага ў Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці. У ліпені 1941 г. рабочыя кардоннай фабрыкі ў пасёлку Пудаць Суражскага раёна Віцебскай вобласці стварылі атрад, які ўзначаліў дырэктар фабрыкі М.П. Шмыроў (бацька Мінай).

На захопленай ворагам тэрыторыі стваралася сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Важную ролю ў станаўленні і ўмацаванні падполля і партызанскага руху адыгралі першыя падпольныя партыйныя камітэты: Пінскі, Гомельскі і Мінскі абкомы, Мінскі і Гомельскі гаркомы, Багушэўскі, Барысаўскі, Ельскі, Лоеўскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Расонскі, Рудзянскі, Чэрыкаўскі, Чырвонаслабодскі і іншыя райкомы.

Гераічнай і трагічнай старонкай ў гісторыю барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў увайшло Мінскае падполле, арганізатарамі якога былі І.К. Кавалёў, І.П. Казінец, У.С. Амельянюк, І.І. Матусевіч і інш. З першых дзён акупацыі Мінска, які гітлераўцы ахрысцілі “страляючым горадам”, падпольшчыкі ажыццяўлялі дыверсіі на чыгуначным вузле, прадпрыемствах і ў фашысцкіх установах, збіралі і перадавалі цераз сувязных у партызанскія атрады зброю, медыкаменты, звесткі аб руху нямецкіх ваенных эшалонаў, планы размяшчэння ваенных аб’ектаў у горадзе і г.д. Самаахвярна змагаліся з ворагам падпольшчыкі Магілёва, Віцебска, Оршы, Жлобіна, Брэста, Гродна і іншых гарадоў і пасёлкаў рэспублікі.

Да канца 1941 г. у Беларусі, паводле няпоўных даных, былі арганізаваны і дзейнічалі 247 партызанскіх атрадаў і падпольных груп. Аднак у першыя месяцы вайны партызаны не мелі патрэбнай падрыхтоўкі, матэрыяльнага забеспячэння, узаемадзеяння з вайсковым камандаваннем і г.д.

Вялікі ўплыў на ўздым народнага руху супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў аказала бітва пад Масквой. Контрнаступленне савецкіх войск пад Масквой перайшло ў агульнае наступленне па ўсяму фронту і працягвалася да красавіка 1942 г. У канцы 1941 г. – пачатку 1942 г. савецкія войскі выйшлі да граніцы Беларусі, і з імі на Віцебскім напрамку ў непасрэднае ўзаемадзеянне ўступілі партызанскія атрады Я.З. Захарава, Д.Ф. Райцава, М.П. Шмырова і інш. У выніку сумесных дзеянняў часцей Чырвонай Арміі Калінінскага фронту і партызанскіх атрадаў быў вызвалены тракт Усвяты–Сураж і ўтвораны 40-кіламетровы праход у лініі нямецкага фронту (“Суражскія”, альбо “Віцебскія”, вароты). Цераз іх на акупіраваную ворагам тэрыторыю з Вялікай зямлі накіроўваліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, узбраенне, боепрыпасы і інш.

Расла колькасць і актыўнасць народных мсціўцаў. Гэта дало магчымасць на базе асобных атрадаў стварыць буйныя партызанскія фарміраванні – брыгады і злучэнні, баявыя дзеянні якіх каардынаваліся з войскамі Чырвонай Арміі. Для кіраўніцтва ўсімі партызанскімі сіламі краіны пастановай Дзяржаўнага Камітэта Абароны ад 30 мая 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху, які ўзначаліў сакратар ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнка. Некалькі пазней былі арганізаваны Беларускі, Украінскі і іншыя штабы партызанскага руху.

Удасканальвалася і аператыўнае кіраўніцтва падпольнымі арганізацыямі і партызанскімі фарміраваннямі. У савецкім тыле была створана спецыяльная школа (Асобы беларускі збор) для падрыхтоўкі падпольшчыкаў і партызан. Важную ролю ва ўмацаванні шэрагаў партызан адыграла “Партызанская прысяга”, тэкст якой быў зацверджаны ЦК КП(б)Б у маі 1942 г.

У рабоце сярод насельніцтва вялікае значэнне надавалася сродкам масавай інфармацыі і распаўсюджванню цэнтральных газет, зводак Саўінфармбюро, выданню падпольных газет і лістовак. У маі 1942 г. мінскія падпольшчыкі выпусцілі першы нумар газеты “Звязда”. У пачатку 1943 г. было адноўлена выданне “Звязды” як цэнтральнага органа КП(б)Б. Усяго ў акупіраванай Беларусі выдавалася больш за 170 падпольных часопісаў і газет.

Асабліва прыкметна актывізаваўся партызанскі рух у сувязі з умацаваннем дзеючых падпольных камітэтаў і пашырэннем іх сеткі. Узначальвалі барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі акупіраванай Беларусі 203 абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры, гаркомы і райкомы Кампартыі Беларусі, больш за 1200 пярвічных партарганізацый. Значны ўклад у барацьбу ўносіла камсамольскае падполле, узначальваемае М.В. Зімяніным, К.Т. Мазуравым, С.В. Прытыцкім. Яно ўключала 224 абласныя, міжраённыя, гарадскія і раённыя камітэты камсамола і больш за 5,5 тыс. пярвічных камсамольскіх арганізацый, у якіх было аб’яднана звыш 100 тыс. юнакоў і дзяўчат.

У заходніх абласцях Беларусі барацьбу з акупантамі вялі антыфашысцкія камітэты, арганізацыі, групы, якія аб’ядноўвалі больш за 12 тыс. чалавек. Яны распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання.

Такім чынам, нарастала ўсенародная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, загартоўваўся партызанскі рух, узмацнілася баявая дзейнасць партызан. Калі ў снежні 1941 г. у Беларусі змагаліся 50 партызанскіх атрадаў, то ў лістападзе 1942 г. – 352, а ў час бітвы на Курскай дузе ў ліпені 1943 г. – 658 атрадаў.

Партызанскі рух на Беларусі з’яўляўся сапраўды ўсенародным: 1255 партызанскіх атрадаў аб’ядноўваліся ў 213 брыгад з колькасцю звыш 370 тыс. чалавек. У гарадах і вёсках барацьбу з акупантамі вялі патрыёты-падпольшчыкі. У мінскім падполлі змагалася звыш 9 тыс. патрыётаў. Толькі ў другой палове 1943 г. яны правялі больш за 50 дыверсій, у тым ліку дыверсійную акцыю, у выніку якой быў знішчаны генеральны камісар Беларусі В. Кубэ. Прысуд над ім выканалі беларускія патрыёты А. Мазанік і М. Осіпава.

У ноч на 30 ліпеня 1943 г. на Асіповіцкім чыгуначным вузле Ф. Крыловіч узарваў дзвюма магнітнымі мінамі эшалон з гаручым, у выніку чаго ўзнік пажар, які знішчыў 4 эшалоны, у тым ліку 1 з танкамі “Тыгр”, 63 вагоны са снарадамі, авіябомбамі, мінамі, 31 цыстэрну з гаручым. Былі таксама пашкоджаны вугальны склад, блокпост, дэпо. Гэта – адна з найбуйнейшых дыверсійных аперацый другой сусветнай вайны.

Яшчэ ў часы вайны стаў шырока вядомым подзвіг К.С. Заслонава – падпольшчыка з Оршы, В.З. Харужай з Віцебска, патрыётаў з Обаля, Скідзеля, іншых населеных пунктаў. Усяго ў Беларусі дзейнічала пад кіраўніцтвам падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый 70 тыс. падпольшчыкаў.

Магутны партызанскі рух і гераічная барацьба падпольшчыкаў умацоўвалі веру насельніцтва ў перамогу, падрывалі і разладжвалі тыл гітлераўскай арміі, трымалі акупантаў у страху і напружанні.

Галоўныя ўдары беларускія партызаны і падпольшчыкі наносілі па варожых камунікацыях. З 1942 г. партызаны ўстанавілі кантроль за рухам на магістралях Брэст–Гомель, Мінск–Орша і інш.

Грандыёзнай па маштабах і эфектыўнай па выніках была “рэйкавая вайна” – масавы падрыў чыгунак з мэтай дэзарганізацыі ваенных перавозак для гітлераўскай арміі. Першы этап яе пачаўся ў час контрнаступлення савецкіх войск пад Курскам і працягваўся з 3 жніўня да сярэдзіны верасня 1943 г. У другой палове верасня – кастрычніку 1943 г., калі Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі, прайшоў другі этап “рэйкавай вайны”. У выніку двух этапаў перавозкі для групы армій “Цэнтр” значна скараціліся, да таго ж праціўнік вымушаны быў павялічыць колькасць дывізій для аховы сваіх камунікацый. Трэці этап “рэйкавай вайны”, які праводзіўся напярэдадні і ў ходзе вызвалення Беларусі, таксама меў важнае аператыўна-стратэгічнае значэнне.

Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, грамілі штабы, склады і гарнізоны захопнікаў. Толькі ў 1943 г. было знішчана больш за 300 варожых гарнізонаў, 217 паліцэйскіх участкаў і валасных упраў.

Значны ўрон акупантам наносілі партызанскія рэйды, якія не толькі дэзарганізоўвалі тыл праціўніка, але і садзейнічалі развіццю партызанскага руху.

Рэйды партызанскіх фарміраванняў займалі важнае месца ў разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі. Да зімы 1943/44 г. баявымі рэйдамі выйшлі ў заходнія вобласці рэспублікі 12 брыгад, 14 асобных атрадаў, больш за 7 тыс. партызан. Партызанскія фарміраванні замацаваліся ў Баранавіцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Беластоцкай абласцях і разам з мясцовымі партызанамі ўтварылі ўздоўж заходніх граніц Беларусі амаль суцэльны партызанскі фронт.

У ходзе барацьбы з ворагам партызанскія атрады і брыгады вызвалілі тысячы населеных пунктаў, у тым ліку шэраг райцэнтраў. На вызваленай тэрыторыі ўтварыліся партызанскія зоны. Першыя з іх на Беларусі ўзніклі ўвосень 1941 г. У канцы 1943 г. партызаны кантралявалі ўжо каля 58 % тэрыторыі рэспублікі. Існавала больш за 20 партызанскіх зон: Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Расонска-Асвейская, Івянецка-Налібоцкая, Сенненска-Аршанская, Суражская і інш.

Аб’яднанымі сіламі беларускіх, рускіх, украінскіх, латышскіх і літоўскіх партызан былі створаны партызанскія зоны ў раёнах Беларусі, сумежных з суседнімі братнімі рэспублікамі. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партызанскія краі. Адзін з такіх краёў дзейнічаў на стыку БССР, РСФСР і Латвіі і ахопліваў 14 раёнаў на плошчы 10 тыс. кв. км з насельніцтвам больш за 200 тыс. чалавек. Вялікі партызанскі край існаваў таксама ў міжрэччы Дняпра, Прыпяці і Дзясны.

Кіраўніцтва ўсёй дзейнасцю насельніцтва і партызан на тэрыторыі партызанскіх зон ажыццяўлялі падпольныя абкомы і райкомы партыі. Яны абапіраліся на ўзброеныя сілы партызанскіх злучэнняў і насельніцтва, аднаўлялі ў вызваленых раёнах савецкую ўладу. У многіх раёнах былі адноўлены, створаны і дзейнічалі выканкомы Саветаў дэпутатаў працоўных. Ролю і функцыі органаў савецкай улады выконвалі найчасцей партызанскія атрады, спецыяльна створаныя народнымі мсціўцамі камендатуры, якія вырашалі гаспадарчыя і іншыя пытанні.

Партызанскія зоны станавіліся сапраўднымі баявымі фарпостамі ўсенароднага супраціўлення ворагу, базай і своеасаблівым тылам, дзе партызаны прымалі самалёты з Вялікай зямлі, рыхтавалі рэзервы. Партызаны праводзілі сярод насельніцтва масава-палітычную работу, распаўсюджвалі газеты, лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро. У некаторых партызанскіх зонах працавалі школы, медыцынскія пункты, якія абслугоўвалі партызан і насельніцтва. Сам факт існавання ў глыбокім тыле ворага партызанскіх зон меў важнае палітычнае значэнне, садзейнічаў росту ўсенароднага супраціўлення гітлераўцам.

Партызаны, падпольшчыкі не здолелі б адны весці паспяховую барацьбу, калі б не дапамога большасці насельніцтва Беларусі, якое ўсімі сродкамі і сіламі супраціўлялася ваенным, эканамічным і палітычным мерапрыемствам акупантаў, падтрымлівала народных мсціўцаў. Мірныя жыхары забяспечвалі партызан харчаваннем, адзеннем, абуткам, збіралі зброю і боепрыпасы, выконвалі абавязкі сувязных і разведчыкаў, а нярэдка прымалі непасрэдны ўдзел у баявых аперацыях супраць акупантаў.

За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г., патрыёты Беларусі нанеслі вялікі ўрон акупантам у тэхніцы і жывой сіле. Яны знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Было пушчана пад адхон 11 128 эшалонаў і 34 бронепаязды, разгромлена 29 чыгуначных станцый, 948 гарнізонаў і штабоў, падарвана і спалена 18 700 аўтамашын, 939 ваенных складоў, 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, збіта 305 самалётаў, падбіта 1355 танкаў і бронемашын, захоплена вялікая колькасць трафеяў. Нездарма гітлераўскі намеснік у Беларусі В. Кубэ дакладваў у Берлін, што ў тыле арміі “Цэнтр” фактычна існуе другі фронт – партызанскі.

За мужнасць і адвагу больш як 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 88 з іх, у тым ліку Ц.П. Бумажкову, Ф.І. Паўлоўскаму (першым з савецкіх партызан), М.П. Шмырову, І.П. Казінцу, К.С. Заслонаву, В.І. Казлову, У.Е. Лабанку, П.М. Машэраву, Ефрасінні Зяньковай, Марату Казею, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Аднак беларусы добра ведаюць, што адным ім, без дапамогі і падтрымкі ўсіх народаў Савецкага Саюза і іншых краін, не ўдалося б выжыць у той страшэннай вайне. З савецкага тылу партызаны атрымлівалі сродкі сувязі, медыкаменты, узбраенне і г.д. Толькі з лета 1942 г. па сакавік 1944 г. з-за лініі фронту было перапраўлена 80 тыс. вінтовак, аўтаматаў, кулямётаў, 100 млн патронаў да іх, 400 т узрыўчаткі. Савецкія ваенныя лётчыкі вывезлі з варожага тылу больш за 11 тыс. беларускіх дзяцей і раненых партызан. У злучэннях беларускіх партызан ваявалі 100 тыс. рускіх, дзесяткі тысяч украінцаў, тысячы латышоў, эстонцаў, грузін, армян, азербайджанцаў – прадстаўнікоў амаль усіх нацыянальнасцей Савецкага Саюза.

На тэрыторыі Беларусі змагаліся і прадстаўнікі народаў іншых краін – палякі, чэхі, славакі, венгры, бельгійцы, аўстрыйцы, галандцы, італьянцы, немцы і інш. Усяго на тэрыторыі Беларусі змагаліся каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў.

Аналіз сацыяльнага і нацыянальнага складу партызан Беларусі паказвае, што іх касцяк складалі сяляне і рабочыя – 56,1 %, служачых было 20,5 %, навучэнцаў – 12,2, вайскоўцаў – 11,2 %. Пры гэтым моладзь да 25 гадоў уключна складала 54 %. Беларусаў сярод партызан было 71,1 %.


ДЗЕЙНАСЦЬ ВАЕННЫХ ФАРМІРАВАННЯЎ АРМІІ КРАЁВАЙ І АРГАНІЗАЦЫІ ЎКРАІНСКІХ НАЦЫЯНАЛІСТАЎ. РУСКАЯ ВЫЗВАЛЕНЧАЯ АРМІЯ

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 14 тыс. чалавек польскай Арміі Краёвай (АК – акаўцаў) і 12 тыс. чалавек Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН – аўнаўцаў). Хто ж такія акаўцы і аўнаўцы?

Кіраўніцтва Польшчы ў эміграцыі ў Лондане, а таксама польскія буржуазныя партыі, якія дзейнічалі ў падполлі, афіцэрства і каталіцкае духавенства расцэньвалі дзеянні СССР і Германіі як несправядлівыя і агрэсіўныя. Яны ставілі сваёй мэтай падняць народ на ўсеагульнае паўстанне, аднавіць Польскую дзяржаву і вярнуць ёй тэрыторыі ў межах да 1 верасня 1939 г., у тым ліку тэрыторыі Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Літвы (Віленскага краю). Ужо з восені 1939 г. на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі дзейнічалі польскія антысавецкія падпольныя арганізацыі, якія накоплівалі зброю, распаўсюджвалі антысавецкую літаратуру, выступалі за аднаўленне “Другой Рэчы Паспалітай” (1918–1939) і разлічвалі на дапамогу ўрадаў Англіі і ЗША.

У лістападзе 1939 г. быў створаны нелегальны “Саюз узброенай барацьбы”, дзейнасць яго распаўсюджвалася і на тэрыторыі былых “усходніх крэсаў”.

Пасля нападу Германіі на СССР “Саюзу узброенай барацьбы” прадпісвалася не ўступаць у актыўныя баявыя дзеянні, а засяроджваць намаганні на падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, на разведцы, сабатажы і дыверсіях. 30 ліпеня 1941 г. у Лондане было падпісана пагадненне аб нармалізацыі адносін паміж урадамі СССР і Польшчы. У 1941–1942 гг. эмігранцкі польскі ўрад у Лондане пашырае супрацоўніцтва з СССР. Быў падпісаны шэраг пагадненняў, у тым ліку аб фарміраванні на тэрыторыі СССР польскай арміі. У Маскве былі створаны Саюз польскіх патрыётаў і польскія ўзброеныя сілы на чале з З. Берлінгам.

У лютым 1942 г. на базе “Саюза ўзброенай барацьбы” і іншых сіл па загаду польскага кіраўніцтва ў Лондане была створана Армія Краёва – падпольнае ваеннае фарміраванне знішчанай Польскай дзяржавы, якое дзейнічала як на тэрыторыі ўласнай Польшчы, так і ў Заходняй Беларусі, Заходняй Украіне і Літве. Галоўнай задачай фарміравання з’яўлялася барацьба за аднаўленне Польскай дзяржавы ў межах 1 верасня 1939 г. з уключэннем у яе склад Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Віленскага краю Літвы.

Цэнтр камандавання Арміяй Краёвай знаходзіўся ў Варшаве, падпарадкоўваўся ўраду У. Сікорскага ў Лондане. Мясцовае насельніцтва заходніх абласцей Беларусі савецкіх партызан называла “чырвонымі”, удзельнікаў Арміі Краёвай – “белымі” альбо легіянерамі, польскіх партызан, якія падпарадкоўваліся камандаванню Войска Польскага і Чырвонай Арміі, – “зялёнымі” партызанамі. Акрамя шматлікіх сутычак, адкрытай барацьбы з савецкімі партызанамі ў 1941 г. – пачатку 1943 г. польскія ваенныя фарміраванні не вялі, іншы раз нават сябравалі з беларускімі партызанамі, ратавалі палонных, раненых.

Пасля разрыву адносін паміж СССР і Польшчай у красавіку 1943 г. становішча змянілася. Армія Краёва прытрымлівалася лозунга “двух ворагаў” і вяла барацьбу на два фронты – супраць немцаў і супраць бальшавікоў. Армія Краёва адкрыта ставіцца на пазіцыі антысаветызму, антысемітызму, савецкіх партызан называе жыдоўска-бальшавіцкімі бандытамі і грабежнікамі, ваюе з імі. З восені 1943 г. і да лета 1944 г. толькі ў Навагрудскай акрузе фарміраванні акаўцаў правялі 81 аперацыю супраць беларускіх партызан. Толькі легіянеры стаўбцоўскага злучэння Арміі Краёвай забілі 6000 партызан і мірных жыхароў Беларусі.

Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй тэрыторыі Беларусі фарміраванні Арміі Краёвай спрабавалі процістаяць аднаўленню савецкай улады ў яе заходніх абласцях.

З мэтай спынення супраціўлення Арміі Краёвай у верасні 1944 г. паміж урадам Беларусі і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення было заключана пагадненне аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з Польшчы ў Беларусь і польскага насельніцтва з Беларусі ў Польшчу. Да 1 мая 1945 г. з Польшчы ў Беларусь прыбылі 25 123 чалавекі, а з Беларусі ў Польшчу – 35 704.

У студзені 1945 г. Армія Краёва была афіцыйна распушчана. Бандытызм акаўцаў у Беларусі працягваўся аж да пачатку 50-х гадоў, пакуль яны не былі вылаўлены савецкімі сілавымі структурамі і аддадзены пад суд.

Такім чынам, у пасляваенны час адзіным спосабам існавання акаўцаў быў прымітыўны бандытызм, густа афарбаваны нянавісцю да савецкай улады. Армія Краёва была створана кіруючымі коламі Польшчы для абароны палітычных інтарэсаў гэтай дзяржавы.

На тэрыторыі Беларусі ў Брэсцкай і Пінскай абласцях, частка якіх была ўключана гітлераўцамі ў склад рэйхскамісарыята “Украіна”, дзейнічалі ваенныя фарміраванні Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў – аўнаўцы (1929 г. – пачатак 50-х гадоў). Арганізацыя гэта ўзнікла як палітычная рэакцыя на прыгнёт украінскага насельніцтва Польшчай.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны гітлераўская ваенная разведка (абвер) заключыла з АУН палітычнае пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць СССР. З перадавымі часцямі вермахта 22 чэрвеня 1941 г. дзяржаўную мяжу СССР перайшлі два легіёны аўнаўцаў, якія налічвалі крыху больш за 400 чалавек. 30 чэрвеня 1941 г. у Львове АУН абвясціла незалежную Саборную Украіну, стварыла яе ўрад. Гітлер загадаў распусціць урад. Стваральнікі самастойнай Украіны былі арыштаваны і пасаджаны ў канцлагер.

У гады вайны ў рэгіёне Пінск–Мазыр–Корасцень дзейнічала адно з крылаў АУН – узброенае злучэнне “Палеская Сеч”, яго прыхільнікаў называлі бульбаўцамі ад імя кіраўніка, які меў клічку Бульба. Бандэраўцы і бульбаўцы знаходзіліся паміж сабой у стане лютай варожасці, бо кожны з іх прэтэндаваў на ролю “першага” барацьбіта за самастойную Украіну.

Да сярэдзіны 1943 г. узброеныя фарміраванні бандэраўцаў і бульбаўцаў актыўных баявых дзеянняў супраць савецкіх партызан не вялі, а ў асобных выпадках дапамагалі ім. Аднак летам 1943 г. яны змянілі сваю пазіцыю, распрацавалі новую тактыку ў адносінах да гітлераўцаў – пасіўная самаабарона, да партызан – барацьба.

У 1944 г. па заданні абвера АУН стварыла шэраг новых узброеных фарміраванняў, аб’яднаных ва Украінскую паўстанцкую армію (УПА) для дзеянняў на тэрыторыі Украіны і ў тыле Чырвонай Арміі. У 1944–1946 гг. АУН–УПА здзейсніла на Беларусі 2384 дыверсіі і тэрарыстычныя акты, у выніку якіх загінула 1012 чалавек. Сярод іх партыйныя і савецкія работнікі, афіцэры і салдаты Савецкай Арміі.

На тэрыторыі прылеглых да Літвы раёнаў Беларусі ў пасляваенныя гады дзейнічала літоўскае антысавецкае падполле (каля 1 тыс. чалавек), якое, як і бандыцкія фарміраванні АУН–УПА, было ліквідавана ў пачатку 50-х гадоў.

У 1941 г. гітлераўцы для выканання паліцэйскіх, карных і ахоўных задач робяць спробу стварыць пад сваім камандаваннем на акупіраванай тэрыторыі фарміраванні “усходніх войск” (называліся таксама “туземнымі” ці “добраахвотніцкімі” войскамі). У канцы 1941 г. пачалося стварэнне рускіх, украінскіх, казацкіх, каўказскіх, туркестанскіх і іншых батальёнаў і часцей. Усяго за час вайны было створана 90 палявых батальёнаў, у іх ліку каля 20 рускіх, казацкая карная дывізія СС. На тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 1-ы рускі полк СС, батальёны “Днепр”, “Бярэзіна”, “Прыпяць”, якія актыўна дапамагалі немцам у правядзенні карных экспедыцый. Беларусаў у войсках СС служыла каля 10 тыс. чалавек.

Пазней на базе батальёнаў і часцей былі створаны ўкраінская дывізія СС “Галічына”, беларуская дывізія СС “Беларутэнія”, мусульманская дывізія “Хантар”, 29-я і 30-я рускія дывізіі СС, 599-я руская брыгада. У сувязі з нізкай баяздольнасцю “туземныя (добраахвотніцкія) часці” былі зняты з Усходняга фронту і перакінуты ў якасці паліцэйскіх сіл і будаўнічых падраздзяленняў у акупіраваныя фашыстамі краіны Еўропы.

У маі 1945 г. закончыла свой шлях руская вызваленчая армія (РВА) на чале з генералам-здраднікам Уласавым. У 1942 г. генерал-лейтэнант Уласаў камандаваў 2-й Ударнай арміяй Волхаўскага фронту, якая ў маі–чэрвені была разбіта фашыстамі. У ліпені 1942 г. Уласаў здаўся ў палон. Ні армія, ні яе штаб у палон не здаваліся. Стаўшы на шлях здрады, Уласаў прасіў у немцаў дазволу на стварэнне рускай арміі, якая б ваявала ад імя “другога рускага ўрада”. Але доўгі час ён заставаўся ў стане генерала без войска. 27 снежня 1942 г. створаны гітлераўцамі “рускі камітэт” (старшыня Уласаў) надрукаваў у выглядзе лістовак адозву да байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, да ўсяго рускага народа і іншых народаў СССР. У лістоўках сцвярджалася, што перад РВА стаяць задачы “звяржэння Сталіна і яго кагала (жыдоў)”; стварэнне ў садружнасці з германскім і іншымі народамі Еўропы новай, сапраўды свабоднай Расіі, без калгасаў і г.д. Вясной 1943 г. пад Берлінам былі створаны школы добраахвотнікаў для РВА. Быў арганізаваны выпуск газет “Доброволец” і “Заря”. Выпускнікоў у якасці дыверсантаў закідвалі на акупіраваную тэрыторыю і ў часці Чырвонай Арміі. Толькі ў 1944 г. пасля сустрэчы з рэйхсфюрэрам СС Гімлерам Уласаў атрымаў званне генерал-палкоўніка, права на стварэнне дзвюх дывізій РВА і “Камітэта вызвалення народаў Расіі” (КВНР) – “расійскага ўрада”. У канцы снежня 1944 г. у асноўным з ліку добраахвотнікаў і рэшткаў “усходніх часцей” была створана першая дывізія РВА, у студзені 1945 г. – другая дывізія. У канцы вайны за кошт аб’яднання ўсіх “усходніх часцей” у РВА налічвалася да 100 тыс. чалавек. Безпадстаўнымі з’яўляюцца сцвярджэнні аб тым, быццам на баку Гітлера змагалася ад 600 тыс. да 1 млн былых савецкіх грамадзян.

Па загаду германскага камандавання 13 красавіка 1945 г. першая дывізія РВА пачала атаку супраць Чырвонай Арміі, але хутка прыпыніла яе і пайшла на поўдзень на сустрэчу з англа-амерыканскімі войскамі. У адпаведнасці з дамоўленасцю “вялікай тройкі” ў Ялце ў лютым 1945 г. англійскія і амерыканскія войскі абяззбройвалі ўласаўцаў, змяшчалі іх у лагеры, а затым перадавалі савецкаму боку. Уласава ўзялі ў палон савецкія войскі. Былі сярод уласаўцаў і запалоханыя і падманутыя людзі, якія не змаглі разабрацца ў сутнасці тагачаснай ваеннай і палітычнай барацьбы і якія папаліся на вудачку антысавецкай прапаганды.

2 жніўня 1946 г. ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР прыгаварыла да смяротнай кары праз павешанне Уласава і 11 яго супольнікаў. Такі лагічны фінал прадажніцтва і здрады Радзіме.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: