Дадатак №1

Тэзіс – гэта палажэнне, праўдзівасць якога трэба даказаць.

Часта за ўсё слова тэзіс ужываецца ў множным ліку, і тады тэзісы – гэта каротка сфармуляваныя асноўныя палажэнні даклада, лекцыі, паведамлення і г.д. У тэксце тэзісаў можа быць прадстаўлена як класіфікацыя з’яў, дзеянняў, характарыстык, так і сцвярджэнне чаго-небудзь.

Пры складанні тэзіснага плана важную ролю адыгрывае абзац. Абзац – гэта сваеасаблівы знак прыпынку, які выконвае ў тэксце шматлікія функцыі: 1) афармляе пачатак новай думкі і ў той жа час сігналізуе пра заканчэнне папярэдняй; 2) выконвае ў тэксце экспрэсіўна–выдзяляльную функцыю. Чытаючы тэкст, мы як бы атрымліваем папярэджанне ад аўтара: “Спыніцеся! Гэта нешта новае! Вось гэта важна!”

Але тэзісны план не заўсёды супадае з межамі абзацаў, ён можа ўключаць некалькі абзацаў у адзін пункт. Гэта залежыць ад ступені інфарматыўнасці абзаца, ад важнасці яго сэнсавага зместу.

Пры складанні тэзіснага плана знімаецца частка інфармацыі, якая дэталізуе, тлумачыць галоўную: аўтарскія адступленні, спасылкі на іншых аўтараў, ілюстрацыі, прыклады, якія не выконваюць важную ролю ў разуменні зместу.

А зараз уважліва прачытаем наступны тэкст.

Авалодваючы мовай, мы вучымся думаць.

Сама свядомасць наша будуецца сродкамі мовы. Таму нашы думкі і пачуцці з’яўляюцца да нас у выглядзе думак і пачуццяў таго асяроддзя, якое нас выхавала, грамадства, у якім мы жывем, народа, да якога належым.

І свядомасць простага чалавека, і геній найвялікшага паэта, што выражаюцца ў адной мове, глыбока звязаны паміж сабой, бо народжаны ў адзіным улонні роднай мовы, сілкуюцца аднымі агульнымі каранямі. Гэтае адзінства асновы і стварае галоўным чынам нацыянальнае адзінства. Мова – адна з асноўных характэрных прымет нацыі. Гэта як бы сама тканіна нацыянальнасці, другая, унутраная радзіма, улонне душы, у якой нараджаецца наша свядомасць і наша асоба.

Мова народа – цвет усяго яго духоўнага жыцця, якi нiколi не вяне i вечна абнаўляецца, мова бярэ пачатак далёка за межамi гiсторыi. У мове адухаўляецца ўвесь народ і яго радзіма. У мове сілаю народнага духу ператвараюцца ў думку, у карціну і гук неба айчыны, яе лясы і рэкі, навальніцы і буры, увесь той глыбокі, поўны пачуцця голас роднай прыроды, які гучыць так моцна ў любві чалавека да яго часам суровай радзімы. Ён выказваецца так ясна ў роднай песні, у родных напевах, у вуснах народных паэтаў. Але ў светлых празрыстых глыбінях народнай мовы адлюстроўваецца не адна прырода роднай краіны, а і ўся гісторыя духоўнага жыцця народа. Пакаленні народа адыходзяць адно за адным, але вынікі жыцця кожнага пакалення застаюцца ў мове ў спадчыну нашчадкам. У скарбніцу роднай мовы складае адно пакаленне за другім плён глыбокіх сардэчных рухаў, плён гістарычных падзей, свае вераванні, погляды, сляды перажытага гора і перажытай радасці. Словам, увесь скарб свайго духоўнага жыцця народ беражліва захоўвае ў народным слове. Мова ёсць самая жывая, самая багатая і трывалая сувязь, якая злучае пакаленні, што аджылі, жывуць зараз і будуць жыць, у адну велічную, гістарычную, жывую цэласць. Яна не толькі выражае сабой жыццёвасць народа, але ёсць іменна само гэта жыццё.

У прыведзеным тэксце выдзелім важныя палажэнні, падкрэслім ключавыя сказы і складзём тэзісны план. Тут можна вылучыць чатыры сэнсавыя часткі. Асноўную тэму і падтэмы тэксту сфармулюем наступным чынам.

Функцыі роднай мовы.

1. Авалодваючы мовай, мы вучымся думаць.

2. Свядомасць наша будуецца сродкамі мовы.

3. Мова – адна з асноўных прымет нацыі.

4. Мова – цвет духоўнага жыцця народа:

а) у мове адухаўляецца ўвесь народ і яго радзіма;

б) мова – самая трывалая сувязь паміж пакаленнямі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: