АСАБЛІВАСЦІ НАВУКОВАГА СТЫЛЮ МОВЫ
Пытанні
1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў.
2. Навуковы стыль, яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі.
3. Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю.
4. Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю.
5. Асаблівасці сінтаксісу навуковага стылю.
Рэкамендаваная літаратура
1. Бахтина, Л.Н. Обучение реферированию научного текста / Л.Н. Бахтина, И.П. Кузьмич, Н.М. Лариохина. – М., 1988.
2. Вештарт, Г.Ф. Лексічныя асаблівасці мовы навуковых тэкстаў / Г.Ф. Вештарт // Беларуская лінгвістыка. – Мінск, 1989. – Вып. 36.
3. Виноградов, В.В. Итоги обсуждения вопросов стилистики / В.В. Виноградов // Вопросы языкознания. – 1955. – № 1.
4. Галкина-Федорук, Е.М. Об экспрессивности и эмоциональности в языке / Е.М. Галкина-Федорук // Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В.В. Виноградову в день его 60-летия. – М., 1958.
5. Каўрус, А.А. Культура слова / А.А. Каўрус. – Мінск, 1963.
6. Каўрус, А.А. Навуковы стыль / А.А. Каўрус // Беларуская мова: энцыклапедыя. – Мінск, 1994.
|
|
7. Кожина, Н.М. О речевой системности научного стиля сравнительно с некоторыми другими / Н.М. Кожина. – Пермь, 1972.
8. Ляшчынская, В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка / В.А. Ляшчынская. – Мінск, 2001.
9. Маршэўская, В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах / В.В. Маршэўскаыя. – Гродна, 2002.
10. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка беларускай мовы / М.Я. Цікоцкі. – Мінск, 1995.
1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў
Слова «стыль» (ад лац. stilus) паходзіць ад назвы вострай палачкі, якая ўжывалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме для пісьма на дошчачках, залітых воскам. Сёння слова «стыль» мае наступныя значэнні: 1) сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы (гатычны стыль); 2) моўныя сродкі, характэрныя для якога-небудзь пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку, сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў (стыль Коласа); 3) метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці (стыль «брас»); 4) разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, дзякаваць (модны стыль адзення) (ТСБМ).
У стылістыцы беларускай мовы пад стылем прынята разумець грамадска ўсвядомленую і функцыянальна абумоўленую ўнутраную сукупнасць прыёмаў ужывання, адбору і спалучэння сродкаў маўленчых зносін у сферы той ці іншай агульнанароднай, агульнанацыянальнай мовы, суадносную з іншымі такімі ж спосабамі выражэння, якія служаць для іншых мэт, выконваюць іншыя функцыі ў маўленчай грамадскай практыцы дадзенага народа. Стылі, знаходзячыся ў цесным узаемадзеянні, могуць часткова змешвацца і пранікаць адзін у другі. У індывідуальным ужыванні межы стыляў могуць яшчэ больш рэзка змяшчацца, і адзін стыль можа для дасягнення той ці іншай мэты ўжывацца ў функцыі другога [3].
|
|
Традыцыйна выдзяляюцца пяць стыляў: гутарковы (размоўны), мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, навуковы. Кожны з іх характарызуецца пэўнай сферай ужывання, стылявымі рысамі, моўнымі сродкамі і інш.
Гутарковы стыль функцыянуе пераважна ў вусным маўленні, асноўная яго задача – абмен думкамі, інфармацыяй у сямейных і сяброўскіх зносінах. Гутарковы стыль вызначаецца сваёй непасрэднасцю, нязмушанасцю, эмацыянальнасцю, адсутнасцю строгай лагічнасці ў выказваннях. Для яго характэрны прастамоўныя словы, фразеалагізмы, няпоўныя і непадзельныя сказы, розныя невербальныя сродкі: жэсты, міміка і інш.
Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў грамадскім жыцці краіны, у палітыцы. Гэта стыль газет, часопісаў, радыё, тэлебачання. Асноўнай задачай публіцыстычнага стылю з’яўляецца інфармацыйнае ўздзеянне на людзей, тлумачэнне грамадска-палітычных пытанняў. Публіцыстычны стыль характарызуецца страснасцю, палымянасцю, даходлівасцю, натуральнасцю. З моўных сродкаў яму характэрны пабуджальныя, клічныя сказы, паўторы, разгорнутыя звароты, ацэначная лексіка, рытарычныя пытанні.
Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў афіцыйных зносінах, дыпламатычнай сферы. Яго задача – рэгуляваць, рэгламентаваць афіцыйныя зносіны. Яму ўласцівы стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці. З моўных сродкаў пераважаюць канцылярскія моўныя штампы, спецыяльная лексіка.
Навуковы стыль абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, падручнікаў і пад. Навуковы выклад вызначаецца аб’ектыўнасцю, паколькі абапіраецца часцей за ўсё на агульнапрызнаныя аб’ектыўныя ісціны, лагічнай паслядоўнасцю разважанняў, яснасцю выказвання, доказнасцю, слушнасцю прыкладаў-ілюстрацый, дакладнасцю ў вызначэнні паняццяў, інфармацыйнай насычанасцю.
Мастацкі стыль абслугоўвае духоўную сферу жыцця грамадства. Праз апавяданні, аповесці, раманы, п’есы, вершы, казкі, быліны і інш. ён аказвае эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека. Для яго характэрны мастацкая вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць. У ім выкарыстоўваюцца разнастайныя стылістычныя фігуры, мастацкія эпітэты, параўнанні і інш. Мастацкі стыль вызначаецца сваёй унікальнасцю, ён можа выкарыстоўваць моўныя сродкі ўсіх іншых стыляў.
2. Навуковы стыль, яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі
У межах навуковага стылю даследчыкамі выдзяляецца некалькі падстыляў: уласна навуковы, навукова-папулярны, навуковавучэбны, навукова-тэхнічны і навукова-палемічны. «Паміж імі... няма прынцыповай розніцы, ёсць толькі некаторыя адрозненні ў будове маўлення, у адборы лексічных і граматычных сродкаў, у выкарыстанні сімвалаў і іншых нямоўных элементаў» [10, с. 57].
Уласна навуковаму падстылю (у адрозненне ад іншых падстыляў) уласцівы акадэмізм, сухасць. Напрыклад, словы тыпу дадатны, адмоўны ў працах з галін дакладных навук пазбаўляюцца свайго ацэначнага значэння. Параўн.: дадатны лік, дадатная велічыня, дадатная тэмпература ‘большы чым нуль’; дадатны зарад ‘які мае адносіны да віду электрычнасці, часціцамі якога з’яўляюцца пратоны, пазітроны і інш.’; адмоўны лік ‘меншы за нуль’, адмоўны электрычны зарад ‘суадносны з тым відам электрычнасці, матэрыяльныя часціцы якога называюцца электронамі’; і параўн.: дадатны бок ‘які мае патрэбныя ўласцівасці, якасці, заслугоўвае адабрэння’; дадатная ацэнка ‘якая выражае адабрэнне; станоўчая’; адмоўны персанаж ‘дрэнны сваімі якасцямі, уласцівасцямі; варты асуджэння, ганьбы’; адмоўны водгук ‘неадабральны, асуджальны’ (ТСБМ). Параўн. таксама станоўчае сальда бюджэту (калі ўрад хоча знізіць узровень нацыянальнага даходу, ён можа збіраць больш падаткаў, чым тое патрэбна на дзяржаўныя выдаткі).
|
|
Вобразнае ўжыванне слоў – з’ява менш пашыраная (у параўнанні з мастацкім стылем) у навуковым маўленні, хоць вобразнасць часам прысутнічае пры стварэнні тэрмінаў, напрыклад: кошык валютны, уцёкі капіталаў, банкаўскі рай, фірма-партызан, чараўнік мяча, мёртвы мяч і інш.
Навуковы стыль характарызуецца своеасаблівай, толькі яму ўласцівай, экспрэсіўнасцю. Перш за ўсё, як зазначае Г.Ф. Вештарт, экспрэсіўнасць навуковага маўлення ў яго доказнасці, і гэтым яна адрозніваецца ад экспрэсіўнасці ў іншых стылях [2] (у мастацкім тэксце, напрыклад, экспрэсіўнасць – гэта перш за ўсё выражэнне якіх-небудзь пачуццяў, перажыванняў і пад.).
У навукова-вучэбным падстылі даволі часта сустракаецца зварот да чытача ў форме дзеясловаў будучага часу абвеснага ладу (тыпу разгледзім (прапорцыю), выкарыстаем (уласцівасць), сфармулюем (правіла), успомнім (закон) і інш.). Аўтарскае «мы», або «мы сціпласці» ці «мы сумеснасці», нясе ў сабе пэўную экспрэсіўнасць, прыцягвае чытача да сумеснага разважання над пэўным пытаннем; такім зваротам да чытача падкрэсліваецца адзінства гаворачага або пішучага з іншымі асобамі, агульнасць інтарэсаў аўтара і аўдыторыі, да якой ён звяртаецца. «... На першы погляд здаецца, што мова вучонага бясстрасная, спакойная, пазбаўленая афектыўнасці. Але... настолькі дзейсная, што міжволі паддаешся сіле пераканання вучонага» [4, с. 108].
Характар навуковага выкладу мяняецца ў працах навукова-па-пулярных і навукова-палемічных падстыляў. Як слушна заўважае А.А. Каўрус, «ступень эмацыянальнасці і экспрэсіўнасці навуковай мовы залежыць ад аўтарскай індывідуальнасці, а таксама ад галіны навукі і жанру. У працах грамадска-палітычнага цыкла яна самая высокая, у фізіка-матэматычных – самая нізкая» [6, с. 371].
|
|
3. Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю
Аснову ўсіх стыляў мовы (як мастацкага, публіцыстычнага, так і навуковага і інш.) складаюць стылістычна нейтральныя агульналітаратурныя словы (міжстылявая лексіка) тыпу гаварыць, пісаць, дождж, вялікі, малы і інш. Даволі шырока ў навуковым выкладзе ўжываюцца словы агульнанавуковага выкарыстання (тыпу аналіз, гіпотэза, даследаванне, мадэль, праблема, праграма, працэс, элемент, апрацоўка, аперацыя і інш.). Выяўленне значэння такіх слоў залежыць ад зместу і метадалогіі той навукі, у якой яны прымяняюцца. Параўн., напрыклад, значэнні слова аперацыя. Аперацыя (ад лац. operatio – дзеянне) – 1) ‘закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная) ’; ‘асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая) ’; 2) ‘асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-небудзь фінансавай, крэдытнай, прамысловай, гандлёвай, страхавой або іншых задач, напрыклад, банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя ’; 3) ‘у вылічальнай тэхніцы выкананне лічбавай вылічальнай машынай якога-небудзь дзеяння з зыходнымі велічынямі, напрыклад, арыфметычная аперацыя ’ (БелЭн).
Імкненне дасягнуць гранічнай яснасці, дакладнасці навуковага выкладу абумоўлівае выкарыстанне ўласна тэрмінаў і номенаў, якія складаюць самую спецыфічную групу лексікі навуковых тэкстаў.
Тэрмін – гэта слова або тэрміналагічнае словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную лексіку пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне.
Гэта цікава! Паводле падання, лац. Termin – імя рымскага бога, ахоўніка межаў, памежных слупоў, межавых знакаў; рымскі цар Нума Пампілій пабудаваў у Рыме храм Тэрміна і ў гонар бога ўвёў свята – тэрміналіі. Да межавага знака прыходзілі жыхары бліжэйшых вёсак, упрыгожвалі яго, прыносілі ахвяры і весяліліся. Вось адкуль слова тэрмін абазначала «памежны знак, пагранічны камень», пазней – «канец, мяжа», яшчэ пазней – «тэрмін, перыяд», і, нарэшце, яго сталі выкарыстоўваць у сучасным значэнні.
У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць уласных назваў канкрэтных аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, прадметаў серыйнай вытворчасці. Параўнаем: апазнанне, ЛТП-147, ходка; брокер, «Атлант», кліка; форвард, «Целяханы-190», фізрук.
Вузкаспецыяльныя тэрміны ўласцівы ўласна навуковаму падстылю; у тэкстах навукова-папулярнага характару (якія разлічаны на шырокае кола чытачоў) яны звычайна не выкарыстоўваюцца, а калі і ўжываюцца, то з абавязковым тлумачэннем. Напрыклад: юсціраваць, варант, падсед і інш. (Сярэдняя велічыня падседа (перамяшчэнне вагі тазасцёгнавага сустава ад азначанага становішча да пачатку разгінання) складае 18 см, вывядзенне з раўнавагі – 13 см, вышыня развароту ад дывана (найменшая адлегласць восі плечавага сустава ад дывана перад разваротам) – 55 см). Многія вузкаспецыяльныя тэрміны не фіксуюцца ў агульнамоўных слоўніках. Менавіта наяўнасць вузкаспецыяльных тэрмінаў выводзіць мову навукі за межы літаратурнай мовы.
Тэндэнцыя да міжнароднай стандартызацыі навукі абумоўлівае той факт, што значны працэнт агульнанавуковай і тэрмінaлагічнай лексікі складаюць інтэрнацыянальныя тэрміны (пераважна лацінскага ці грэчаскага паходжання) або тэрміны са звязанымі кампанентамі лацінскага ці грэчаскага паходжання (напрыклад: апеляцыя, дэвальвацыя, дэпартацыя, камерцыя, камбінацыя, акліматызацыя і інш.).
Выдзяляюць у навуковых тэкстах такі адметны пласт, як тэрміны-сімвалы__, формульныя абазначэнні, скарачэнні, абрэвіятуры, графікі, схемы, малюнкі і пад. Напрыклад: КПК – Крымінальна-працэсуальны кодэкс, Х-неэфектыўнасць, К (так абазначаецца ў эканоміцы мультыплікатар, першай літарай прозвішча Рычарда Кана), НАК – Нацыянальны Алімпійскі Камітэт і інш.
Часам у навуковых тэкстах выкарыстоўваюцца фразеалагізмы. У такіх выпадках яны выконваюць намінатыўную функцыю (у мастацкіх і нават публіцыстычных тэкстах фразеалагізмы выкарыстоўваюцца, каб надаць мове вобразнасць, выразнасць). Параўн.: рукі – хоць рэпу сей ‘вельмі брудныя’ і краевугольны камень ‘аснова, сутнасць, найважнейшая частка чаго-н.; залаты дождж ‘вялікія грашовыя сумы, прыбыткі’; залаты фонд (чаго, чый) ‘самае лепшае, самае каштоўнае, самае значнае’, майстар дывана ‘барэц, які дасягнуў найвышэйшага выніку’, другое дыханне ‘новыя сілы, прыліў энергіі, бадзёрасці (пасля стомы, апатыі, няўдачы і пад.)’ і інш.
Як адзначаюць мовазнаўцы, «строгай мяжы паміж тэрміналагічным, навуковым і агульнаўжывальным пластамі лексікі няма. Яна можа мяняцца не толькі з рухам лексікі ў часе, але і залежаць ад галіны навукі, метадалагічнага падыходу» [2].