Дом, у якім яны былі б шчаслівыя

 

Ён паставіў тэрмарэгулятар на градус вышэй. Глыбока ўздыхнуў, і пачаў спускацца па лесвіцы на першы паверх – у гасціную, дзе яго чакала звычайная вячэра, прыгатаваная найдакладнейшымі механізмамі, якімі быў напоўнены яго дом. Тэхнічны прагрэс зрабіў усё, каб людзям жылося на планеце камфортна: кухарак змянілі аўтаматычныя кухні з усімі вядомымі чалавецтву стравамі, за парадкам і чысцінёй глядзелі робаты-пыласосы і розныя прыбіральныя і мыючыя машыны, за бізнэс-справамі сачыў навейшы кампутар, ды і сам дом уяўляў сабой вялізны механізм з запраграмаваным алгарытмам дзеянняў, якія рабілі жыццё гаспадара лёгкім і ўтульным. Нават існаваў робат-прыслужнік з штучным інтэлектам, які быў гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу гаспадару, калі трэба было проста падтрымаць размову з ім. Маркіроўка робата была ZM-1C, за што гаспадар гэтага дома ласкава называў яго Зміцерам.

Самаго гаспадара звалі Кастусь. Яму было 37 год. Ён быў высокім і хударлявым, крыху бледваты твар упрыгожвалі балотна-зялёные вочы, што месціліся незвычайна глыбока, прыкрытыя зверху густымі чорнымі брывямі. Ён паспяхова працаваў галоўным фінансістам у глабальнай карпарацыі, што кантралявала банкаўскія аперацыі на паўночнай палове планеты. Яго двухпавярховы дом стаяў на зялёным газоне ў прыгарадзе шматмільённага мегаполіса. Да бліжэйшых суседзяў было каля трох кіламетраў, але Кастусь ніколі не ставіў перад сабою мэты мець цесныя зносіны з людзьмі, ў тым ліку і са сваімі калегамі па рабоце.

Ён любіў адзіноту, адзіноту сваёй сям’і, сям’і, што дзесяць гадоў таму стала існаваць у выглядзе толькі яго самога.

 

- Вам прынесці дэсерт? – лагодным металічным голасам спытаў робат.

- Так, Зміцер, калі ласка, замові прыгатаваць шакаладны кекс і кубачак гарбаты, зялёнай з жасмінам. – ціха даў загад Кастусь.

- Паведамленне дасланае на кухню, праз сем хвілін будзе пададзена. – адрапартаваў робат.

- Дзякуй. – сказаў Кастусь. – Зміцер, я сёння ў сне зноў бачыў яе. У сваёй любімай сукенцы нябеснага колеру, яна падыйшла да мяня, села побач, абняла рукой, ласкава пацалавала ў шыю, паклала голаў мне на плячо, лёгка казытая сваімі даўгімі мяккімі русымі валасамі маю скуру і пачала шаптаць мне на вуха, як моцна яна кахае мяне. Я паспрабаваў павярнуцца, каб сустрэць, яе глыбокія блакітныя вочы, але яна сваёй пяшчотнай далонню адвяла маю галаву, і сказала, што не трэба зараз глядзець на яе. Потым ціха прамовіла: “Прабач, што я пакінула цябе..”, зноў пацалаваўшы сваімі гарачымі вуснамі маю шыю. Я рэзка павярнуўся, але яна ўжо знікла.

- Гаспадару трэба супакоіцца ў начы. Я паведамлю доктару, каб ён даслаў вам снатворнае. Гаспадару трэба добра адпачываць. – адказаў робат. – Алена забіла сябе ў гэты дзень роўна дзесяць год таму. Але гаспадар, вам трэба трымаць сябе ў руках.

- Я разумею, Зміцер. – самотна сказаў Кастусь. – Але я не магу забыць, той вясновы вечар. Па радыё па дарозе дамоў, зноў паведамілі пра страшэнны вірус, што зрабіў усіх жанчын на Зямлі бясплоднымі і тое, што нашымі вучонымі ня знойдзена ні супрацьдзеянне, ні магчымасць штучнага апладнення. Колькі ж тады за першы тыдзень было зроблена суіцыдаў жанчынамі? Толькі афіцыйныя хронікі казалі пра 7 мільёнаў. А колькі іх адбылося на самой справе? Алена пасля наведвання ўрача і пачуўшы несуцяшальныя навіны, трымалася добра, казала, што выкараскаемся, што вакцына знойдзецца, але я бачыў, як самотней і самотней рабіўся настрой у яе з кожным днём...А мы так хацелі дзяцей. Прайшло два гады з нашага знаёмства, выпадковага спаткання ў маленькім кафэ, у якім я заўжды бавіў час за сняданкам перад работай. Ішоў моцны дождж і тут у дзверы ўляцеў мокры маленькі камячок зблытаных даўгіх русых валасоў са здзіўленым выразам твару і спытала ў бармэна кубак гарбаты з жасмінам.

- Ваша гарбата і кекс. – паведаміў робат.

- Так, Зміцер. – усё яшчэ знаходзячыся ў думках кінуў Кастусь. –..Трох. Мы хацелі мець трох дзяцей, не важна каго, але ўсё ж марылі аб двух старэйшых сынах і малодшай дачушкі. Марылі... Але... Яшчэ на рабоце нешта адчулася, я папрасіўся раней паехаць да дому. Адчыніў дзверы дома і ўбачыў яе на канапе пасярод бутэлечак з стымулятарамі. Яна выключыла ўсе механізмы, і цябе Зміцер, першую тваю версію, каб нішто не перашкодзіла ёй.. Ёй сыйсці.

Кастусь адкінуўся на спінку пляценага стула, заплюшчыў вочы і прасядзеў моўчкі некалькі хвілін.

- Адпачывай, Зміцер. – нарэшце сказаў ён. – Ты мне сёння больш не патрэбны.

- Добра, гаспадар. – металічна прагучаў голас.

Кастусь падняўся з-за стала і пайшоў на другі паверх. Кожны крок яго па ступеньках лесвіцы быў напоўнены ўспамінамі. Ён разглядаў здымкі, што віселі ўздоўж яго шляху на сцяне. Там былі незабыўныя моманты іх сустрэч, усмешак, пацалункаў. Вось яны на заднім двары ладзяць маленькі рамантычны пікнік, выкладваючы бутэрброды на рознакаляровы клецісты плед. Вось яны разам у небе ў кошыку паветранага шару, ляцяць над полем, дзе маленькай сіняй, хуткай, і з гэтага падавалася, гаварлівай, стужкай бегла рака. Вось яны ля магутнай вежы Мірскага замку глядзяць адзін на аднаго – ён спакойнай дрыгвой сваіх зялёных вачэй, і яна вачамі, што заўжды нагадвалі вялікае паўночнае туманнае ціхае возера, дзе ў гадзіны запалу, насамрэч, прачынаўся неверагодны вогненны дракон. Там яны, ля старажытнага каменнага падмурка, пакляліся, што іх каханне назаўжды застанецца, такім жа моцным і вечным, як гэтыя вялізныя валуны.

Скончылася лесвіца..

- Усё як мы марылі... – прамовіў Кастусь і адчыніў дзвер пакоя з налепкай “Наша мэта – смела ісці туды, дзе яшчэ не была нага чалавека”.

Яго сустрэў пакой будучага заваёўніка касмасу. Кінастужкі і плакаты беглі па сценах, забіраліся вышэй і вышэй да верхняй кропкі столі, што канчалася чорнай вяршыняй у хаосе сусвету. Тут былі і першыя амерыканскія “Апалоны” і “Шатлы”, якія адпраўляліся ў падарожжа з маленькай кропкі Зямлі – мыса Канаверал; савецкія “Усходы” і “Саюзы”, што пачыналі свой шлях да прасторы з пустыні Байканур. І вялізныя здымкі першага іх пасажыра – чалавека з імем, якое не забудуць ніколі. Тут і ў некалькі разоў павялічаная марка “45 год асваення космасу” з Пятро Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам – першымі касманаўтамі яго роднай зямлі, за якіх асабліва ахоплівала гордасць і патрыятызм. На невялікай паліцы шафы месціліся лунныя камяні, марсіянскі грунт, шкляны куб з бурбалкай паветра Венеры. Крыху ніжэй ляжаў сапраўдны шлем сучаснага астранаўта з подпісам і пажаданнямі для маленькага летуценніка аб палёце на касмічным караблі да самых дальніх кропак сусвету. Сам пакой быў копіяй каманднага мосціку “Энтэрпрайза” - карабля з любімага серыялу, а ложак нагадваў капсулу з падлучанамі да яе сістэмамі жыццязабеспячэння, для падтрымання добрага сна ў светлавых гадах палётаў. Кастусь бачыў на гэтым ложку цёмнавалосага хударлявага дзесяцігадовага хлопчыка, першага іх сына, які роўна ляжаў на спіне. Ён быў падобны да яго, светлавокі, даўганосы, такі ж спакойны бялявы твар, крыху завостраны сваімі марамі і мэтамі даследвання прасторы космасу.

- А зараз спі сынок. Трэба набірацца сілаў для будучых палётаў. Спі Юрась. – прабег шэпт па яго вуснах.

Зрабіўшы пару крокаў Кастусь апынуўся ля дзвярй з надпісам “Дарослым уваход забаронены”.

Гэта быў пакой з безліччу экранаў на сцяне і столі на тэму фантастычных гісторый, якіх можна было убачыць у кінатэатрах і прачытаць у электронных кніжках. На іх месціліся і дыхаючыя полымем цмокі, і героі ўзброеныя магіяй і мячом, што да апошняй кроплі крыві змагаліся за справядлівасць. На вялікім ложку былі раскіданы цацачные фігуркі гэтых самых герояў: цмокаў, каменных гаргулій, д’ябальскіх псоў, светлакрылых ільвінагаловых грыфонаў, кентаўраў у бліскучых латах з дзідамі ў руках – усё, што магло спатрэбіцца для прыгодаў ў створаным казачным свеце маленькага хлопчыка. Яны рухаліся самастойна, выконваючы загады свайго маленькага лідара. Настольная лямпа ля ложка была зроблена ў выглядзе тоўстага зялёнага балотнага троля з ліхтаром, у якім лёталі маленькія светлячкі... Кастусь, сцішыў святло гэтай лямпы, скінуў цацкі з ложку, паправіў коўдру, клапоцячыся аб добрым і цёплым сне хлопчыка, сярэдняга іх сына, што моцна спіць пасля вясёлага дню, і зараз блукае ў свеце свайго фэнтазійнага каралеўства. Кастусь бачыў старыя здымкі свайго дзеда ў дзяцінстве, і сын здавалася, быў копіяй дзеда – шырокае брыво, карыя вочы, чорныя валасы, моцны падбародак – сапраўдны нашчадак скіфаў.

- Поспехаў у баях. Спі Алесь. Спі сынок. – прашаптаў Кастусь, ледзь трываючы дрыготку ў голасе і ціха выйшаў з пакоя.

Прыгожая дзвер з’явілася на ягоным шляху, вялізная ружовая зорка сустракала Кастуся на ўваходзе ў пакой. Бясшумна ён адчыніў дзвер, бо кожны непрыемны гук мог патрывожыць сон самага маленькага анёла ў іх вялікай сям’і. Ёй было толькі пара месяцаў. Маленькія блакітныя бусінкі вачэй, кнопачка носіка, тоненькая стужачка вуснаў, цельца, што нагадвала далікатную парцалянавую вазу. Яе маленькія далонькі, так пяшчотна ляталі ў паветры, вывучаючы свет навокал, часам кранаючыся носа Кастуся, што сагнуўся ў яе калыску. Яна пакуль цешыла яго толькі бяззвязнымі гукамі, але для яго гэта мелодыя была прыгажэйшай за ўсю музыку сусвета. Ён лёгка пакалыхаў ложак, дакрануўся да бялюткай бялізны, і падняў погляд уверх, каб яна не змагла ўбачыць з’явіўшыхся на кутках яго вачэй крышталікаў слёз. Кастусь убычыў поўнае блакітнае неба, быццам бы намаляванае дзіцячай рукою. Потым агледзеўся па баках – вакол яго раскінулася вялікая савана, пакрытая сакавітай зялёнай травой, дзе-нідзе былі разбрасаныя некалькі нізкарослых дрэваў з шырока раскінутай кронай. На яе прасторах павольна пасвіліся доўгашыія жырафы, статкі паласатых зебраў, удалечыні праходзіла сям’я шэрых сланоў: маці, тата і трое маленькіх сланянят. На нагрэтым сонцам камяні адпачываў невялічкі прайд ільвоў: над чатырма спячымі пясочнагакаляровымі ільвіцамі, высілася грыва магутнага ільва, што сыта пазяхаў, гледзячы на гуляючых у першае сваё паляванне маленькіх ільвянят. Кастусь мякка дакрануўся да маленькага кола цацачак, што звісалі на калыскай і яны зазвінелі мелодыяй старой калыханкі, якую яшчэ спявала яму яго бабуля, і ён зашаптаў-заспяваў:

Доўгі дзень,

Цеплы дзень

Адплывае за аблокі.

Сіні цень,

Соны цень

Адпаўзае ў кут далекі.

Збеглі зайкі ўсе ў лясы,

Змоўклі птушак галасы

І буслы ў гняздо схавалі

Свае доўгія насы.

Баю бай..

Баю бай..

Вачаняты закрывай..

Пакрысе на расе

Патухаюць зоркі-сплюшкі.

Гульні ўсе

Казкі ўсе

Пахаваны пад падушкі.

Спяць і мышкі і стрыжы.

Спяць машыны ў гаражы.

Ты таксама каля мамы

Ціха ціхенька ляжы.

Баю бай..

Баю бай..

Вачаняты закрывай..

Баю бай..

Баю бай..

Разам з намі засыпай..

- Спі, мая зорачка. Сон дае моцы жыць. Добрых сноў, Леля. – амаль бязгучна сказаў Кастусь, і так жа ціхенька зачыніў за сабой дзвер.

 

..Ён ляжаў у сваім ложку і глядзеў у цемру столі. Яго не бянтэжыла хуткае выміранне чалавецтва, знікненне homo sapiens з твару планеты, уся гісторыя якой зараз звезена ў вялізны бункер у пустыне Сахара, калыску цывілізацыі (як сымбалічна), для захавання. Для тых іншапланецян, што, напэўна, прыляцяць калісці на Зямлю, знойдуць гэтую скарбонку гісторыі, і чалавецтва не затанецца ў забыцці.

..Галоўнае, што іх не было побач і ніколі не будзе. Толькі ў успамінах ды фантазіях.

- Снатворнае, калі ласка. – прамовіў Кастусь у маленькі перадатчык ля яго ложка.

Праз некалькі секунд з’явіўся Зміцер. І працягнуў гаспадару маленькую таблетку. Кастусь імгненна праглынуў яе, запіўшы цёплай вадой.

- Не адыходзь Зміцер. – папрасіў Кастусь робата, ужо ціхім сонным голасам. - Застанься са мной пакуль я не засну.

- Як пажадаеце, гаспадар. – аказаў робат.

- Яны былі б шчаслівыя ў гэтым доме.. Так, Зміцер?.. – слабеючы ад дзеяння лекаў шаптаў Кастусь. – Шчаслівыя.. І я быў бы шчаслівы..

- Безумоўна. – падцвердзіў робат. – Салодкіх сноў, гаспадар.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: