Развіццё транспарту, сродкаў сувязі, гандлю. Фарміраванне буржуазіі і пралетарыяту

Транспартная сетка на Беларусі ў гэты перыяд складалася з водных шляхоў, сухапутных шасэ, чыгунак.

Чыгуначнае будаўніцтва пачалося ў 60-я гг. Як вынiк – паскорылася развіццё прамысловасці, пашырыўся гандаль, вырасла таварнасць сельскай гаспадаркі, пашырыўся тэхнічны прагрэс, паскорылася спецыялізацыя эканомікі раёнаў, сфарміраваліся ўсерасійскі і абласныя рынкі, акрэсліўся грамадскі падзел працы, больш актыўнай стала міграцыя насельніцтва.

Пецярбургска-Варшаўская чыгунка – першая на Беларусі (прайшла праз Гродна ў 1862 г.). У 1866 г. адкрыты Дзвінска-Полацка-Віцебскі ўчастак Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 245 вёрстаў. Чыгунка склала значную канкурэнцыю суднаходству па Заходняй Дзвіне, паскорыла эканамічнае развіццё рэгіёну. Маскоўска-Брэсцкая чыгунка (70-я гг.) – важнейшая ў эканамічных і ваенных адносінах. Лібава-Роменская чыгунка (1871-1874 гг.) прайшла праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін. Мела важнае эканамічнае значэнне. Прывіслінская чыгунка (1873 г.) прайшла праз Брэст на Кіеў. Палескія чыгункі (80-я гг.) складаліся з некалькіх ліній, звязалі Пінск, Жабінку, Лунінец, Гомель, Беласток, Баранавічы, Бранск, Асіповічы, Старыя Дарогі паміж сабой і раней пабудаванымі чыгункамі. Мелі важнае эканамічнае значэнне. Пецярбургска-Адэская чыгунка (1902 г.) прайшла праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Жлобін.

У пачатку XX ст. Беларусь была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі ў Расіі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Брэст, Баранавічы.

Водныя шляхі зносін атрымалі другараднае значэнне. Тым не менш, грузапаток на іх таксама павялічваўся. Па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы плавала ў 1900 г. 310 непаравых і 23 паравыя судны. Хутка развівалася паравое суднаходства на Немане і Заходняй Дзвіне.

У гандлi на гэты час памяншацца роля кірмашоў, расце роля крамнага і магазіннага гандлю, у канцы XIX ст. склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі. Цэнтрамі абласных рынкаў становяцца найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар сувязяў паміж рынкамі вызначаўся асаблівасцю эканамічнага развіцця (спецыялізацыяй) кожнага з раёнаў. Да пачатку XX ст. Беларусь мела трывалыя гандлёвыя сувязі з рознымі рэгіёнамі Расіі, стала часткай усерасійскага рынку. Для гандлю Беларусі была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў, увоз прамысловых тавараў і збожжа.

Развіццё капіталістычных адносін стымулявала сацыяльныя працэсы – фарміраванне грамадскіх класаў буржуазіі і пралетарыяту. Крыніцы фарміравання прамысловай буржуазіі – гэта: дваране (уладальнікі вінакурань, лесапільных, цукровых, крухмала-патачных, мукамольных, вінакурных, смола-шкіпідарных, суконных, металаапрацоўчых, цагельных, кафляных, шкляных і іншых прадпрыемстваў); заможныя мяшчане (гандляры-скупшчыкі), што арандавалі і выкуплялі прамысловыя прадпрыемствы; купцы; заможныя рамеснікі; сяляне (валодалі 16 мануфактурамі і фабрыкамі ў харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай і сілікатнай галінах).

Згодна з перапісам 1897 г. ў пяці заходніх губернях да дробнай буржуазіі адносіліся 103 тыс. чал., сярэдняй 47 тыс., буйной 33 тыс. чал. Па нацыянальным складзе гэта яўрэі – 60%, беларусы – 17%, рускія – 10%, палякі – 10%, іншыя нацыянальнасці да 3%.

Асноўныя крыніцы фарміравання пралетарыяту – гэта: збяднелыя сяляне; члены сем’яў рабочых; рамеснікі; дробныя гандляры; рабочыя рамесных майстэрань і мануфактур.

У трох апошніх катэгорыях пераважалі прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва, гэта адбілася на нацыянальным складзе пралетарыяту. Увогуле, асаблівасць беларускага пралетарыяту – яго шматнацыянальны склад (беларусы, рускія, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы, латышы, татары). Сярод рабочых чыгуначных майстэрань і дэпо, паравозных машыністаў, тэлеграфістаў пераважалі рускія. На лесапавале, будаўніцтве і рамонце чыгуначных і шашэйных дарог, прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці працавалі перважна беларусы. У запалкавай, тытунёвай, гарбарна-абутковай галінах вытворчасці, у друкарнях пераважалі яўрэйскія рабочыя.

На пачатак XX ст. на Беларусі было 178,8 тыс. рабочых, занятых у прамысловасці, у тым ліку 33,6 тыс. у фабрычна-заводскай і 116,3 тыс. у рамеснай і дробна-капіталістычнай вытворчасці. Акрамя таго, у памешчыцкіх і кулацкіх гаспадарках працавала шмат батракоў. Усяго на Беларусі налічвалася прыкладна 400 тыс. пастаянных наёмных работнікаў.

Пасля сялянскай рэформы да пачатку XX ст. капіталістычны спосаб вытворчасці паступова ўсталёўваўся ва ўсіх галінах гаспадаркі Беларусі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: