Сацыяльная структура і сістэма кіравання ў гарадах

Канцэнтрацыя ў гарадах ажыўленай рамеснiцкай i гандлёвай дзейнасцi садзейнiчала росту гарадскога насельнiцтва. У сярэдзiне XVII ст. з 2,8–3 млн жыхароў Беларусi ў гарадах i мястэчках пражывала 350–400 тысяч чалавек, або 12–13 %.

Вытокi фармiравання гарадскога насельнiцтва былi рознымi: за кошт свабодных сялян, уцёкаў прыгонных сялян (асаблiва з канца XVI ст.), перасялення ў гарады феадаламi сваiх сялян-рамеснiкаў. Не апошнюю ролю iграў натуральны рост насельнiцтва, аднак частыя войны i масавыя эпiдэмii (асаблiва ў 1600–1603 гг.) зводзiлi яго да мi­нiмуму.

Гарады iмкнулiся кампенсаваць такія страты за кошт новых пасяленцаў, але гэтаму перашкаджала вярхоўная ўлада Вялiкага княства Лiтоўскага. Вышэйшая адмiнiстрацыя дала феадалам права пошуку ў гарадах беглых сялян. У 30–40 гг. XVII ст. за нявыдачу ўцекачоў былi чатыры разы прыцягнуты да суда i аштрафаваны магiстраты Магiлёва i Полацка. Неаднаразова папярэджвалiся Галоўным лiтоўскiм трыбуналам жыхары Бярэсця, Оршы, Мсцiслава i iншых гарадоў. Вось чаму хадзіўшая ў Заходняй Еўропе прымаўка "Гарадское паветра робiць чалавека свабодным" была мала папулярная сярод насельнiцтва Беларусi.

Большасць гараджан складалi беларусы. Па падлiках гiсторыкаў, у пачатку XVII ст. яны складалi да 80 % колькасцi ўсiх гараджан. На ўсходзе i захадзе Беларусi этнiчны склад гарадскога на­сельнiцтва iстотна дапаўняўся рускiмi, лiтоўцамi, яўрэямi, па­ля­камi, украiнцамi, латышамi, немцамi i татарамi, якiя складалi ў гэты перыяд ад 20, а ў некаторых гарадах – да 40 % насельнiцтва.

Разнастайным быў канфесiйны склад гараджан. Сярод іх былі праваслаўныя, католiкi, унiяты, iудзеi, мусульмане, кальвiнiсты i iн­шыя, але пераважную колькасць складалi хрысцiяне.

Акрамя гаспадарча-эканамiчнай, гарады Беларусi выконвалi таксама адмiнiстрацыйную функцыю, з'яўляючыся палiтыка-ад­мi­нiст­рацыйнымi цэнтрамi.

Буйнейшыя па колькасцi насельнiцтва гарады былi адмi­нiст­рацыйнымi цэнтрамi ваяводстваў (Полацк, Вiцебск, Магiлёў). Ся­рэднiм гарадам адводзiлася роля цэнтраў паветаў i старостваў. Малыя гарады i мястэчкi былi цэнтрамi валасцей, войтаўстваў i рэ­зiдэнцыямi феадалаў.

У гарадах дзейнiчалi як стала, так i перыядычна розныя органы дзяржаўнай улады. У Гароднi, Бярэсцi, Навагародку i iншых гарадах на працягу ўсяго iснавання Вялiкага княства Лiтоўскага пра­ходзiлi вальныя соймы, у Менску i Навагародку адбывалiся па­сяджэннi Галоўнага лiтоўскага трыбунала. У iншых гарадах i мястэчках склiкалiся павятовыя соймiкi шляхты, збiралiся члены зем­скiх судоў. Касцёл i царква таксама размяшчалi ў гарадах свой апарат кiравання. Прысутнасць феадалаў, грамадзянскiх i царкоўных чыноўнiкаў уносiлi ў быт мяшчан многа трывог i бяды. Свавольствы, якiя тварыла шляхта ў час сваiх збораў, выклiкалi скаргi гараджан, але вярхоўныя ўлады пакiдалi iх, як правiла, без увагi.

Гарады i мястэчкi ўзнiкалi як на дзяржаўных вялiка­кня­жац­кiх, так i прыватнаўласнiцкiх землях. У першай палове XVI ст. гарады, якiя падпарадкоўвалiся юрысдыкцыi буйных магнатаў, складалi больш за 40 % усiх гарадскiх пасяленняў Беларусi. Да лiку найбольш буйных прыватнаўласнiцкiх гарадоў XVI – першай паловы XVII ст. адносiлiся Слуцк, Стары Быхаў, Клецк, Копысь, Тураў, Шклоў i некаторыя iншыя. Шмат малых гарадоў i мястэчак таксама былi падуладныя асобным феадалам. Да iх можна аднесцi Любчу, Новы Быхаў, Петрыкаў, Зэльву, Маладзечна, Смаргонь, Лагойск i iнш.

Шляхi ўзнiкнення прыватнаўласнiцкiх гарадоў i мястэчак былi розныя. У адных выпадках рэзiдэнцыя магната абрастала квар­таламi рамеснiкаў i гандляроў, якiя абслугоўвалi патрэбы ўладароў замка i iх свiты. У другiх – вялiкакняжацкая ўлада, якой патрэбна была апора на арыстакратыю, раздавала населеныя пункты ў якасцi прыватнай уласнасцi. Некаторыя гарады i мястэчкi пера­ходзiлi ў прыватную ўласнасць феадалаў за даўгi, якiя браў вялiкi князь для вядзення войнаў i не мог тэрмiнова аддаць. Шэраг мястэчкаў спачатку былi прыватнаўласнiцкiмi, паколькi ўзнiклi на месцы буйных фальваркаў.

З пачатку XVI ст. у многiх вялiкакняжацкiх гарадах Беларусi пачалi выдзяляцца абасобленыя адмiнiстрацыйныя кварталы, якiя знаходзiлiся пад уладай прыватных асоб (свецкага цi царкоўнага феадала, прадстаўнiка вышэйшай адмiнiстрацыi i iнш.) або царквы, манастыра. На жыхароў такiх кварталаў не распаўсюджвалася судовая цi адмiнiстрацыйная ўлада самога горада. Такiя кварталы цi "слабоды" насiлi назву "юрыдык".

Жыхары "юрыдык" вызвалялiся ад платы падаткаў у каралеўскую казну. Гэтымi абставiнамi карысталiся iх уладальнiкi, перацягваючы пад сваю апеку мяшчан, якiя засялялi кварталы астатняй часткi горада. Падобны працэс назiраўся ў многiх гарадах Беларусi на працягу XIV–XVI стст. У першай палове XVII ст. ужо большая частка жыхароў Бярэсця, значная доля насельнiцтва Магiлёва, Пiнска, Гароднi i iншых гарадоў былi "юрыдычанамi".

Сярэдневяковы беларускi горад уяўляў сабой складаны комплекс сацыяльных адносiн, якiя адлюстроўвалi супрацьлегласцi памiж рознымi пластамi гарадскога насельнiцтва. Найбольш абяздоленай часткай гарадскога складу былi так званыя "люзныя людзi" i "гульцяi". Гэтымі тэрмiнамі азначалася даведзеная да галечы i абеззямеленая частка сялянства. Вымушаныя пакiнуць сваю гаспадарку, яны шукалi прытулак у горадзе. Там яны выконвалi розныя камунальныя работы, служылi пры дамах багатай гарадской вярхушкi. Урад на працягу XV–XVI стст. прыняў больш дзесятка пастаноў, забараняўшых пасяленне "гульцяеў" i "люзных людзей" у гарадах. Але гэтыя пастановы не маглi спынiць iх прыток у гарады. У пачатку XVII ст. колькасць "люзных людзей" у гарадах Беларусi даходзiла ўжо да адной трэцi iх насельнiцтва.

Вярхушку гарадскога насельнiцтва складала багатая частка купецтва i рамеснiцкiя майстры. Iм належала ўся ўлада ў горадзе. У адносiнах да iх у запiсах гарадскiх кнiг заўсёды ўжывалiся тэрмiны "учцiвы", "славетны". У сярэдзiне XVII ст. iх ужо называлi "панамi". Крынiцы XVI – першай паловы XVII ст. утрымлiваюць многа звестак аб маёмасцi багатых гараджан. Так, мешчанiн Гароднi М. Яновiч пакiнуў у 1540 г. сваiм нашчадкам "зямлю айчызнаю", палi "адкупныя", шмат жыта, ячменю, грэчкi. Акрамя таго, гарадзенскi купец меў вялiкi "уезды дом", дзве каровы, шэсць агародаў, яшчэ два дамы, каштоўнасцi, наяўныя грошы, "крамы вялiкiя" ў Вiльнi i Кракаве.

Прыведзены прыклад – тыповы, каб ахарактарызаваць уплывовую вярхушку беларускага горада. Багаццi купцоў i заможных рамеснiкаў-майстроў забяспечвалiся як зямельнай уласнасцю, так i сродкамi таварнай вытворчасцi i нерухомасцю.

Уплывовы пласт гарадскога насельнiцтва складалi таксама прад­стаўнiкi ваенна-служылага саслоўя – баяры (асаблiва ў Полацку i Вiцебску). Сярод гарадской вярхушкi была i шляхта, якая ў масавым парадку перасялялася ў гарады на працягу XVI – першай паловы XVII ст. У цэлым гарадскi патрыцыят у колькасных адно­сiнах займаў каля 25 % усяго насельнiцтва горада.

Найбольш шматлiкую групу гараджан складалi дробныя гандляры, радавыя рамеснiкi, чаляднiкi, сем'i рамеснiкаў i гандляроў. Агульную колькасць сярэдняга слоя гараджан можна вызначыць у межах 40–50 % усiх жыхароў, улiчваючы, што частку iх складала таксама духавенства, чыны ўрадавай адмiнiстрацыi i iншыя.

Стаць паўнапраўным жыхаром горада мог далёка не кожны. Пасля падачы заявы кандыдат у гараджане падвяргаўся выпрабавальнаму тэрмiну ад аднаго года i больш. У Полацку i Вiцебску гэты тэрмiн быў самым працяглым i складаў тры–чатыры гады. Акрамя выпрабавальнага тэрмiну пры прыёме ў гараджане ўлiчвалiся такiя фактары, як маральныя звычкi, здароўе, веравызнанне, адсутнасць у мiнулым ганенняў за крымiнальныя i грамадскiя злачынствы, наяўнасць прафесii. Галоўнай перашкодай пры прыёме ў гараджане быў уступны ўзнос у гарадскую "скарбнiцу" – значная на той час грашовая сума. Для купца цi рамеснiка абавязковым было таксама мець у горадзе "аседласць" – майстэрню цi лаўку. Усё гэта рэзка абмяжоўвала папаўненне насельнiцтва гарадоў, асуджала "люзных людзей" на бяспраўнае iснаванне.

З умацаваннем эканамiчнай ролi гарадоў, iх грамадскага значэння расло iмкненне гарадскога саслоўя пашырыць свае правы i прывiлеi, якiя ахоўвалi б яго ад самавольства феадалаў. З эка­намiчных i палiтычных меркаванняў вярхоўная ўлада падт­рым­лiвала гарады, паколькi яны праз падаткi давалi значныя даходы казне. На гэтай аснове складаўся своеасаблiвы саюз гарадоў з вярхоўнай уладай, якi выявiўся ў значным пашырэннi права гарадоў на самакiраванне.

Самакiраванне гарадоў Беларусi вяло свой пачатак яшчэ з часоў Старажытнарускай дзяржавы. У Полацку i Вiцебску, як у Кiеве i Ноўгарадзе, усiм паўнамоцтвам валодала гарадское веча. Яно зацвярджала кiраўнiкоў горада – "мужоў", старшын, тысяцкiх, сот­нiкаў i iншых прадстаўнiкоў гарадской адмiнiстрацыi. Гэтыя тра­дыцыi захоўвалiся i ў XIV–XV стст., асаблiва ва ўсход­не­бе­ла­рускiх гарадах. У канцы XV ст. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм пачало распаўсюджвацца самакiраванне гарадоў на аснове "магдэбургскага права". Пад гэтым тэрмiнам меўся на ўвазе ўзор прававых нормаў, уласцiвых феадальным гарадам Усходняй Германii, перанесены потым у Чэхiю, Венгрыю, Польшчу i iншыя краiны. Трэба падкрэслiць, што на тэрыторыi Лiтвы i Беларусi магдэбургскае права атрымала пэўныя змены. Яны тлумачылiся спецыфiкай мясцовых умоў, традыцый i звычак.

У 1390 г. права самакiравання было дадзена Бярэсцю. У 1391 г. гэтае права атрымалi Вiцебск i Магiлёў, у 1496 г.Гародня. Да сярэдзiны XVII ст. яго атрымала большасць буйных гарадоў, амаль палова сярэднiх гарадоў Беларусi, у тым лiку i тыя, што зна­ходзiлiся ў прыватным уладаннi. Як у прыватнаўласнiцкiх, так i ў вялiкакняжацкiх гарадах сiстэма самакiравання ў прынцыпе была падобнай, хаця магнаты час ад часу iмкнулiся ўшчамiць правы гараджан. Да першай паловы XVII ст. з 17 беларускiх пры­ват­наўласнiцкiх гарадоў 9 мелi самакiраванне.

Падараванне права самакiравання значна садзейнiчала афармленню сярэдняга гарадскога саслоўя – мяшчанства. Яно атрымала амаль усе вiды мунiцыпальных свабод, якiя ажыццяўлялi органы гарадскога кiравання.

Кiраўнiцтва горадам на аснове магдэбургскага права здзяйсняў гарадскi магiстрат, якi складаўся з Рады i лавы. Члены Рады (радцы, райцы) i гарадскога суда (лаўнiкi) выбiралiся выключна з заможных гарадскiх вярхоў, радцы – штогод, лаўнiкi – на больш працяглы перыяд. Рада ажыццяўляла функцыi гарадской улады i суда па маёмасных i грамадзянскiх справах, лава судзiла гараджан па крымiнальных справах.

Магiстрат узначальваў войт. Яму належала вышэйшая судовая i выканаўчая ўлада ў горадзе. Войт, як правiла, прызначаўся вялiкiм князем з лiку буйных феадалаў. Аднак былi i выключэннi. У 1559 г. мяшчане Оршы самi выбралi войта. Гэты прэтэндэнт быў зацверджаны вялiкiм князем. У другой палове XVI – першай палове XVII ст. усё часцей войты выбiралiся самiмi гара­джанамi, а пасля зацвярджалiся каралём.

Войты не турбавалi сябе выкананнем ускладзеных на iх абавязкаў. Таму яны прызначалi сабе намеснiка – лентвойта, на якога ўскладаўся паўсядзённы нагляд за дзейнасцю магiстрата.

Наступную прыступку ў гарадской iерархii займалi бурмiстры, якiя выбiралiся з лiку радцаў. Радцы абавязаны былi са свайго асяроддзя выбiраць не менш трох–чатырох кандыдатаў на пасаду бур­мiстра, з якiх войт горада аднаго зацвярджаў. Асноўным абавязкам бур­мiстраў было вядзенне пасяджэння магiстрата ў якасцi старшынi. У iх кампетэнцыi былi таксама пытаннi кантролю за дзейнасцю камунальных службаў, выдаткаў гарадской казны, нагляду за гра­мадскiм парадкам i г. д. На пасяджэннi лавы старшынстваваў войт.

Пасяджэннi магiстрата праходзiлi ў памяшканнi ратушы, якая размяшчалася, як правiла, у цэнтры горада. Як войт, так i бур­мiстры абавязаны былi прымаць рашэннi толькi пасля згоды ўсiх радцаў. Але войт i бурмiстры часта парушалi нормы гарадскога самакiравання, аб чым сведчаць шматлiкiя скаргi гараджан вя­лiкаму князю, а затым i каралю "на свавольства мужоў, якiя крыўды i ўцiскi мяшчанам чыняць".

У адпаведнасцi з нормамi магдэбургскага права члены ма­гiст­рата, войт i бурмiстры ахоўвалiся ад пасягальнiцтва на iх жыццё, гонар i годнасць. Статуты гарадоў прадугледжвалi самыя суровыя пакараннi за iх абразу.

Членамi Рады маглi быць выбраны толькi законнанароджаныя, заможныя мяшчане, якiя пражывалi ў горадзе на працягу не менш трох–пяці гадоў. Радавыя мяшчане рэдка пападалi ў лiк "электаў" цi "ратманаў", г. зн. кандыдатаў на выбарныя пасады ў магiстраце.

Жыхары горада ў адпаведнасцi з правам маглi выносiць вотум недаверу i перавыбiраць лаўнiкаў, радцаў або войта. Але вынясенне вотуму было абстаўлена шэрагам умоў, якiя перашкаджалi ўплыву радавых мяшчан на вышэйшую iнстанцыю гарадской улады.

Жыхары гарадоў, атрымаўшы права на самакiраванне, выз­ва­лялiся ад феадальных павiннасцей, улады i суда дзяржаўнай адмiнiстрацыi. Гэта давала iм магчымасць больш часу займацца непасрэдна сваёй прафесiйнай дзейнасцю. Павiннасцi па рамонту замка, абарончых умацаванняў былi заменены грашовымi падаткамi – прыкладна 30 грошаў лiтоўскiх з пляца, як гэта мела месца ў Нясвiжы ў 1529 г. За гэтыя грошы гарадскiя ўлады наймалi спецыяльных землякопаў, валмейсцераў, каменшчыкаў i iншых рабочых, якiя пастаянна сачылi за станам гарадскiх умацаванняў. Толькi ў выпадку неабходнасцi аднесцi "паркан" (замкавую сцяну) на новае месца цi пры прарыве дамбы ("грэблi") ўсе жыхары горада павiнны былi з'яўляцца як на "гвалт". Пры зборах падаткаў бедным i жабракам рабiлася скiдка: яны выплачвалi свой узнос у растэрмiноўку.

Такiм чынам, сiстэма гарадскога самакiравання, якая склалася на Беларусi ў XIV – першай палове XVII ст., паходзiла з саслоўна-карпаратыўнай сiстэмы, народжанай у выніку развiцця феадальнага грамадства.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: