Распаўсюджванне і прывілеі каталiцызму ў ВКЛ

Спробы крыжакоў усталяваць каталiцызм на лiтоўскiх землях у XIIІ – сярэдзiне XIV ст. поспеху не мелi. Каб выбiць у iх рэ­лiгiйную зброю, якой прыкрывалася агрэсiя, згадзiўся прыняць каталiцтва Мiндоўг i ва ўзнагароду за гэта ў 1253 г. атрымаў ад Папы Рымскага карону. Але саюз з Рымам не спраўдзiў надзей лiтоўскага караля, i ён адрокся ад хрыс­цiянства наогул. Гедымiн у надзеi спынiць крыжацкi нацiск абяцаў Папе хрысцiць Лiтву па заходняму абраду. Такiя захады былi рызыкоўнымi, бо маглi вык­лiкаць апазiцыю прыхiльнiкаў язычнiцтва i праваслаўных "русi­наў". Гэта i здарылася пры Гедымiне.

У канцы XIV ст. пад нацiскам Ватыкана, якi баяўся ператварэння княства ў магутны праваслаўны бастыён Усходняй Еўропы i страты сваёй патэнцыяльнай паствы, Польшча аддала Ягайлу каралеўскую карону ў абмен на акаталiчванне Лiтвы, а ў перспектыве – i ўсходнеславянскiх зямель. Калi непрыманне хрышчэння з рук крыжакоў было справай прынцыпу, то каталiцызм з Польшчы, здавалася, не хаваў у сабе небяспекi. Крэўская унiя рэзка змянiла рэлiгiйную сiтуацыю ў ВКЛ. Яна пакiнула насельнiцтву Беларусi свабоду належаць да сваёй веры, але ў праваслаўнай царквы на тэрыторыі княства з'явiўся сур'ёзны канкурэнт.

Гэта форма хрысцiянскай рэлiгii падыходзiла кiруючым колам княства ва ўмовах узмацнення сувязей з Польшчай. Яна праду­хiляла асiмiляцыю лiтоўскай знацi ў масiве праваслаўнай Русi, садзейнiчала яе кансалiдацыi.Дзяржава, усе гаспадары якой, пачынаючы з Ягайлы, былi католiкамi, перадае заходняй царкве вялiкiя надзелы зямлi, спрыяе заснаванню манаскiх ордэнаў, касцёлаў i кляштараў, стымулюе пераход у гэту веру лiтоўскiх i славянскiх феадалаў.

У 1387 г. былі ўтвораны Вiленская епархiя, улада якой ахапiла амаль усю Беларусь, i сем каталiцкiх парафiй, у тым лiку тры – на тэрыторыi Беларусi: у Крэве (цяпер Смаргонскi раён), Абольцах (Талачынскi раён), Гайне (Лагойскi раён). Спачатку епархiя падпарадкоўвалася Папе, а з 1415 г. – прымасу польскай каталiцкай царквы – архiепiскапу гнёзненскаму. У канцы XIV ст. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм iснавала 12 касцёлаў, з iх шэсць – на Беларусi (у Быстрыцы, Гароднi, Лiдзе, Навагародку i iнш.), у 1430 г. – 27 касцёлаў, у тым лiку 12 – на Беларусi.

У XIV–XV стст. заснаваны ўсяго чатыры каталiцкiя бiс­куп­ствы: Кiеўскае, Луцкае, у якое ўваходзiла i Берасцейская зямля), Жмудскае i Вiлен­скае. Епархii падзялялiся на дэканаты, апошнiя – на парафii. Бiскупаў выбiралi капiтулы (саветы вышэйшага духавенства) епархii. Першымi бiскупамi былi палякi, з пачатку XVI ст. усе бiскупы – прадстаўнiкi вышэйшай знацi Вялiкага княства Лiтоў­скага. Магнацкае паходжанне давала iм магчымасць дадаткова ўплываць на дзяржаўныя справы. У каталiцкай царкве княства ў XVI ст. служылi выключна мясцовыя ўраджэнцы. Па сацыяльных матывах пазiцыi магнатаў i вярхоў каталiцкай царквы ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм супадалi.

Вялiкiя лiтоўскiя князi (з 1386 г. католiкi) апякалi каталiцкую царкву. Дзяржаўныя ўлады стваралi для яе прывiлеяванае стано­вiшча. Паводле прывiлея Ягайлы ад 22 лютага 1387 г. каталiцкая царква атрымала поўны iмунiтэт у сваiх маёнтках у фiнансавых i судовых пытаннях, вызвалялася ад дзяржаўных падаткаў i па­вiннасцяў, а насельнiцтва маёнткаў трапляла ў поўную залежнасць ад царквы. Дыскрымiнацыйныя артыкулы Гарадзельскага прывiлея 1413 г. стваралi ў феадалаў зацiкаўленасць у пераходзе ў ката­лiцтва. Пры актыўным садзейнiчаннi вярхоўнай улады на бела­рускiх землях замацавалiся манастыры каталiцкага Ордэна францысканцаў (Лiда, Навагародак, Ашмяны – канец XIV ст.), бер­нардзiнцаў (Гародня – 1494 г., Полацк – 1498 г., Браслаў – 1504 г.), аўгусцiнцаў (Быстрыца – 1390 г., Бярэсце – пачатак XV ст.).

Да сярэдзiны XV ст. Вiленскай епархii належала 285 вёсак i 16 мястэчак, у якiх пражывала каля 40 тысяч жыхароў, што складала 1,5 % усяго насельнiцтва дзяржавы. 2/3 гэтай латыфундыi было на Беларусi. За 1387–1550 гг. на тэрыторыi епархii было заснавана 259 касцёлаў, у тым лiку 176 – на беларускiх землях. Касцёлы раз­мяшчалiся пераважна на захадзе Беларусi па лiнii Браслаў – Вi­лейка – Менск – Нясвiж – Пiнск, на ўсход ад яе былi толькi ў Полацку, Вiцебску, Абольцах i Слуцку. Такiм чынам, да сярэдзiны XVI ст. каталiцкая царква пры падтрымцы вялiкiх князёў i феадалаў-като­лiкаў замацавалася на сучасных паўночна-заходнiх бела­рускiх землях i ў Лiтве. 19 каталiцкiх парафiй у той час iснавалi ў Гарадзенскiм павеце, 20 – у Навагародскiм, 16 – у Менскiм, 15 – у Ваўкавыскiм, 7 – у Слонiмскiм. Гэта сiла разгарнула актыўную дзейнасць па акаталiчванню паганцаў, а таксама праваслаўнага насельнiцтва Бела­русi. Яна прыўносiла ў Вялiкае княства Лiтоўскае элементы польскай i пераважна заходнееўрапейскай культуры. Такi ўплыў адыграў пэўную ролю ў развiццi грамадска-палiтычнай думкi, культавага i абароннага дойлiдства, музыкi, у пашырэннi асветы.

Каталiцкае хрышчэнне лiтоўцаў, пазбавiўшае праваслаўе надзеi на ролю пануючай рэлiгii ў княстве, не ўшчамляла правоў праваслаўнага насельнiцтва i царквы. Аднак, паколькi феадалы-католiкi атрымалi дадатковыя прывiлеi, то ў параўнаннi з iмi становiшча iх праваслаўных братоў адносна пагоршылася. Асаблiвы сацыяльна-палiтычны статус касцёла, ператварэнне яго ў буйнога зем­леў­ласнiка, закраналi iнтарэсы беларускага сялянства, мяшчанства, праваслаўнай духоўнай iерархii. Прыняцце правячымi коламi ката­лiцызму як дзяржаўнай рэлiгii абвастрыла этнарэлiгiйныя ад­но­сiны, паколькi большасць усходнеславянскага насельнiцтва спавядала праваслаўе. Дыск­рымiнацыя праваслаўных з канца XIV ст. пачала раздзiраць унутранае адзiнства княства i стала крынiцай шэрагу канфлiктаў: грамадзянскай вайны 30-х гадоў XV ст., выступлення М. Глiнскага, прамаскоўскiх настрояў часткi феадалаў. Ягай­ла, Вiтаўт, Свiдрыгайла, Аляксандр хацелi залагодзiць ан­таганiзм памiж праваслаўным i каталiцкiм насельнiцтвам пры дапамозе унii. Аднак праваслаўныя княствы не падтрымалi Фла­рэнцiйскай унii 1439 г.

Пракаталiцкая рэлiгiйная палiтыка аказалася недальнабачнай i пацярпела крах. Урад уносiць у яе iстотныя карэктывы. У 1432 i 1434 гг. ён здымае эканамiчныя абмежаваннi для праваслаўнай знацi, з канца XV ст. пачынае ўцягваць яе ў палiтычную элiту дзяржавы, а ў 1563 г. поўнасцю ўраўноўвае ў правах праваслаўную шляхту з каталiцкай.

Праваслаўная царква ў першай палове XVI ст. па-ранейшаму займала трывалыя пазiцыi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, на ўсёй тэрыторыi Беларусi, а ўсходнiя раёны заставалiся сферай яе манапольнага ўплыву. У канцы XV – першай палове XVI ст. быў прыняты шэраг дзяржаўных актаў, якiя замацоўвалi яе правы i ранейшыя прывiлеi. У XVI ст. князь абвясцiў аб склiканнi царкоўных сабораў. Вялiкакняжацкая ўлада ўмешвалася ва ўзаема­ад­но­сiны царквы i праваслаўных феадалаў, рэгулюючы гэтыя адносiны на карысць першай. У супрацьстаяннi праваслаўя i каталiцтва на землях Вялiкага княства Лiтоўскага ў першай палове XVI ст. склалася раўнавага сiл.

Значнае месца ў рэлiгiйнай палiтыцы вялiкакняжацкай улады адводзi­лася планам унii праваслаўнай i каталiцкай цэркваў пад эгiдай рымскай курыi. Пытанне гэта ўзнiмалася Ягайлам, Вiтаўтам, Свiдрыгайлам. Нарэшце, у 1439 г. на Фларэнцiйскiм саборы царкоўна-рэлiгiйная унiя была аб'яўлена. Аднак падтрымкi з боку праваслаўнага насельнiцтва княства яна не атрымала i была фактычна правалена. У канцы XV – пачатку XVI ст. вялiкiм князем Аляксандрам з дапамогай смаленскага епiскапа Iосiфа Балгарыновiча, якi ў 1500 г. заняў кафедру мiтрапалiта, былi зроблены спробы ўзнавiць унiю. Але яны аказалiся няўдалымi. Аж да стварэння Рэчы Паспалiтай вялiкакняжацкi ўрад не ўзнiмаў больш пытання аб царкоўна-рэлiгiйнай унii.

Неаднастайнасць рэлiгiйнага складу насельнiцтва Вялiкага княства Лiтоўскага i неабходнасць лiчыцца з мясцовымi феадаламi i рознымi царкоўнымi арганiзацыямi вызначылі верацярпiмую па­лiтыку вярхоўнай улады. Пераемнiкi Аляксандра Жыгiмонт I Стары i Жыгiмонт II Аўгуст, калi апынуліся ў цяжкiм унутры- i знешнепалiтычным становiшчы, пайшлi на стварэнне рэлiгiйнай талерантнасцi ў Вялiкiм княстве Лiтоў­скiм. Пры Жыгiмонце I у дзяpжаве з'явiлася каля 90 новых праваслаўных храмаў. У Вiльнi дзейнічала 15 цэркваў i 14 касцёлаў, у Навагародку на адзiн касцёл прыходзiлася 10 цэркваў, у Полацкiм i Вiцебскiм паветах было толькi па адным касцёле. У 1563 г. Жыгiмонт II выдаў у Вiльнi прывiлей (пацверджаны на Гарадзенскiм сойме 1568 г.), якi адмяняў усе абмежаваннi на рэлiгiйнай глебе Гарадзельскага прывiлея i тым самым замацаваў "шляхецкую" талерантнасць у пэўных сацыяльных межах.

Такiм чынам, 20–60-я гады XVI ст. адрознiваліся ад папярэдняга стагоддзя сваёй рэлiгiйнай верацяр­пiмасцю (як напрамкам дзяржаўнай палiтыкi). Сюды сцякалiся ад рэлiгiйных ганенняў каталiцкай i праваслаўнай цэркваў многiя вальнадумцы з iншых краiн: рускiя ерацiкi Феадосiй Касой, Арцемiй, Васiян i iх паплечнiкi, вядомыя прагрэсiўнымi поглядамi медыкi-iтальянцы Д. Бляндрата i С. Сiмонi, швейцарац I. Гаслер i iнш. Верацярпiмасць стварыла спрыяльную глебу для распаўсюджвання гуманiстычных ідэй i для Рэ­фаpмацыi, якая часткова аслабiла i каталiцтва, i пpаваслаўе.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: