Варыянтнасць

Варыянтнасць – форма рэалізацыі працэсу варыятыўнасці ў народным мастацтве і фальклоры, існаванне твора як невылічальнай сукупнасці яго раўнапраўных варыянтаў, больш-менш блізкіх адзін да аднаго па форме і змесце. Напрыклад, прыказкавыя варыянты «Які бацька, такі сын», «Які дуб (цялеш, явар), такі і клін, які бацька, такі і сын» і інш. грунтуюцца на агульным змесце «адно падобнае другому». Фальклорныя творы ніколі не мелі нейкага першаснага ўзорнага тэксту, які потым у працэсе жывога бытавання стаў вар’іравацца. Яны заяўлялі пра сябе толькі праз канкрэтыку сваіх варыянтаў. Ступень адрознення варыянтаў паміж сабою не аднолькавая. Адны з іх могуць быць больш поўныя. Пар.: «Сава не ўродзіць сакала» і «Сава не прывядзе сакала, а такую саву, як сама». Другія ўтрымліваюць новыя дэталі: «Свіння не родзіць бабра, а сава не выседжвае арла». Але ўсе разам яны складаюць пульсуючае поле аднаго твора. Бытаванне варыянтаў можа ісці па лініі мастацкага ўдасканальвання тэкстаў і па лініі разбурэння (у выніку памылак памяці), таму ў эстэтычным плане яны нераўнацэнныя. Варыянтнасць – умова з’яўлення новых сэнсавых акцэнтаў у творы. Напрыклад, жніўная песня «Пайду я дарогаю» пададзена ў БНТ у 26 варыянтах, дзе да асноўнага матыву «няхай маці гатуе вячэру» далучаецца або існуе самастойна шэраг іншых: дачка падае голас, яе шкадуе маці або бацька, няроўнае стаўленне да роднага дзіцяці і нявесткі, просьба да бога аб добрым мужу, вячэра не міла, шырокая постаць, маленькае дзіця і г. д. Калі невядомы варыянты твора, то гэта наводзіць на думку, што ён сфарміраваўся не ў народным асяроддзі і хутчэй за ўсё мае аўтара. Запазычаныя літаратурныя творы пачынаюць фалькларызавацца, вар’іравацца ў дэталях, адрознівацца ад кананічнага тэксту. Варыянты фальклорнага твора або паглыбляюць яго ідэйны змест, або ўзбагачаюць мастацкі малюнак, або спалучаюць абедзве задачы. Напрыклад, у казцы пра курку-рабушку і разбітае яечка важны ідэйныя нюансы: дробная падзея можа застацца ў сваіх каардынатах, не заўважыцца вялікім светам або мець для свету катастрафічныя наступствы (а гэта ўжо філасофія). Матыў прыбранай галовачкі нявесты ў песні «Ой, куды ты, Манечка, ходыла, // Шчо ты свою головоньку вквэтыла?» развіваецца ў яе варыянтах то ў элегічным ключы – «цвіт ювпав», «вінчык став», але «нымае таточка на світы», то ў псіхалагічным – «цвіт <...> головку убылыв, <...> мамоньку розжалыв», то ў паэтычным – «цвіт-роса», «вся краса». Дзякуючы варыянтнай форме бытавання твораў, даследчыкі атрымоўваюць каштоўны матэрыял, важны для раскрыцця агульных заканамернасцей фальклорнага працэсу, усведамлення напрамкаў эвалюцыі асобных твораў, сюжэтаў, іх вобразнага выражэння, а выканаўцы і слухачы – магчымасць адчуць асалоду ад вытанчанай, дасканалай мастацкай вобразнасці.

ВАРЫЯТЫЎНАСЦЬ

Варыятыўнасць – адметная рыса творчага працэсу ў матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Асабліва выразна яна прадстаўлена ў народным мастацтве – музыцы, фальклоры, танцах, ткацтве, разьбе, вышыўцы, саломапляценні і г. д., дзе ў рамках традыцыі, якая гарантуе групе твораў ці вырабаў адносную ўстойлівасць, распазнавальнасць формы і зместу, увесь час, бясконца і бесперапынна, адбываюцца пэўныя змяненні. Зрухі ў форме і змесце заўважаюцца пры свядомым параўнанні вырабаў (аднатыпных посцілак, ручнікоў, саламяных лялек, гліняных свістулек і да т. п.), музычна-харэаграфічных малюнкаў асобнага танца (кадрылі, «Крыжачка», «Лявоніхі»), зместу аднаго абраду (прыкладам, сватання), карагода, гульні, тэкстаў казкі, прыказкі, загадкі і г. д. Працэс варыятыўнасці паўстае як сукупнасць шматвектарных творчых актаў, матэрыяльным увасабленнем якіх становіцца ўмоўны ланцуг падобных, звязаных паміж сабою твораў, напрыклад загадак пра грыб: 1. У лазе на адной назе. Сярод лесу стаіць на адной назе. У лазе стаіць казак на адной назе. У лазе на трапязе сядзіць каза на адной назе і інш. (агульная прыкмета – аднаногасць аб’екта); 2. Усю зямлю прайшоў, чорну шапачку знайшоў. Маленькі, удаленькі скрозь зямлю прайшоў, красную шапачку знайшоў і інш. (прыкмета – наяўнасць капялюшыка). Змяненні абумоўлены шэрагам прычын і акалічнасцей. Іх характар (творчы, механічны, камбінаваны) – вытворнае ад асобы, носьбіта традыцыі, ступені яе таленавітасці, майстэрства, індывідуальнай манеры, абставінаў і часу выканання, полаўзроставага складу слухачоў, патэнцыяльных спажыўцоў: вядома, напрыклад, што для дзяцей і дарослых адну і тую ж казку раскажуць па-рознаму. У адрозненне ад механізаванай вытворчасці, дзе вырабам папярэднічае стварэнне ўзору, штампа, лякала, і прафесійнага мастацтва, дзе канчатковы аўтарскі прадукт матэрыяльна зафіксаваны (кніга, ноты, схема танца), народнае мастацтва ведае толькі прамежкавыя ўзоры і вынікі: яно ўсё ў працэсе, і кожны творчы акт, у тым ліку папярэднія, кожнае новае выкананне твору ўтрымлівае варыятыўны момант як сродак адаптацыі да новых умоў і эстэтычных патрабаванняў. Варыятыўнасць звязана з імправізацыяй і паўстае ў выглядзе варыянтнасці. Дыяпазон варыятыўнасці надзвычай шырокі – ад вельмі нязначных розначытанняў да якасных зрухаў, якія прыводзяць да стварэння новых версій твора і новых ліній варыятыўнасці. Варыятыўнасць у фальклоры абумоўлена яго вуснай прыродай, вуснасцю стварэння, бытавання, распаўсюджання твораў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: