Мастацтва ранняга сярэдневечча

Перыяд V—VIII стст. н.э. з’яўляецца вельмі важным у гісторыі насельніцтва, якое жыло на тэрыторыі Беларусі. Інтэнсіўны рост вытворчых сіл заўважна адлюстраваўся на развіцці вядучых накірункаў гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўлі, а таксама на розных рамёствах і гандлёвым абмене. Першабытны строй уступіў у стадыю завяршэння. На змену старой радавой абшчыне прыходзіць тэрытарыяльная суседская, у аснове якой знаходзіліся не кроўна-роднасныя, а эканамічныя сувязі. З’яўляецца і шырока развіваецца індывідуальная вытворчасць. Узмацняецца працэс сацыяльнай дыферэнцыяцыі, часцей адбываюцца сутычкі суседніх плямён і войны за захоп здабычы і багаццяў.

Значнае развіццё сацыяльна-эканамічных працэсаў на тэрыторыі Беларусі супаў па часу і з’явіўся вынікам узмацнення так званага Вялікага перасялення народаў (першая чвэрць 1-га тысячагоддзя н.э.). Гэта быў перыяд бесперапынных войн еўрапейскіх народаў з Рымскай імперыяй за тэрыторыі. Падзенне імперыі абумовіла выхад на шырокую гістарычную арэну еўрапейскіх этнасаў. Пачынаецца эпоха барацьбы за самасцвярджэнне і развіццё народаў Еўропы.

Розныя сацыяльна-эканамічныя змены паклалі пачатак фарміраванню раннесярэдневечных групіровак, якія пазней прывялі да стварэння фундамента для развіцця беларускага этнаса.

Археалагічныя культуры:

Банцараўская культура. Культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінская змяняюцца помнікамі банцараўскай культуры (VI—VIII стст.), якая размяшчалася ў Верхнем Падняпроўі, Верхнім Панямонні і Сярэднім Падзвінні.

Асноўным тыпам паселішчаў на раннім этапе былі селішчы. Пазней з’явіліся гарадзішчы, вакол якіх размяшчаліся селішчы. Жытлы насілі наземны і паўзямляначны характар слупавой ці зрубнай канструкцый. Плошча жытлаў складала ад 8 да 20 кв.м. Унутры ў дальнім куце размяшчаліся ачагі памерам 1-1,5 х 2 м круглай ці авальнай формы.

Культура ранніх доўгіх курганоў. Склалася ў V─VII стст. у Паўночнай Беларусі на правым беразе Заходняй Дзвіны. Доўгія курганы – валопадобныя насыпы з пахаваннямі па абраду трупаспальвання. Насельніцтва карысталася гладкасценнай керамікай і з расчосамі, прачэрчванні рабіліся касцяным грэбнем. Па форме сасуды падобны да керамікі банцараўскай культуры.

Культура ўсходнелітоўскіх курганоў. Помнікі гэтай культуры сустракаюцца ў вярхоўях ракі Віліі і на правым беразе Нёмана ўздоўж мяжы з Літвой (селішчы Засвір, Хведавічы, Кемяны). Культура была распаўсюджана ў IV— XII стст. З найбольш характэрных упрыгожванняў вядомы бронзавыя шыйныя грыўны розных тыпаў, фібулы, бранзалеты, спіральныя пярсцёнкі, падвескі.

Калочынская культура. Распаўсюджваецца ў V—VIII стст. н.э. Ахоплівала паўднёвую частку Беларускага Падняпроўя, басейн сярэдняй Дзясны. Асноўны тып паселішчаў – неўмацаваныя селішчы плошчай да 0,5—1 га, на якіх размяшчаліся 1—5 дамоў. З вялікімі пасяленнямі часам звязаны гарадзішчы, якія выконвалі функцыю сховішчаў і цэнтраў тэрытарыяльнай арганізацыі насельніцтва. Асноўны тып жытлаў – паглыбленыя ў грунт дамы з драўлянымі сценамі, частка дамоў мае апорны слуп і ачаг, частка – печ. Кераміка выраблялася ручным спосабам: кухонныя збаны, сасуды для захавання прадуктаў, міскі, патэльні. Асноўныя формы гаршкоў: шклянкавыя, цюльпанападобныя, рабрыстыя, цыліндраканічныя. Арнамент звычайна адсутнічае.

Пражская культура. Займала тэрыторыю паміж рэкамі Одэр на захадзе, Днепр на ўсходзе, Дунай на поўдні і Прыпяць на поўначы. Культура прадстаўлена селішчамі, бескурганнымі і курганнымі магільнікамі. Даціруюцца помнікі пражскай культуры V—VII стст. і належаць раннім славянам. На тэрыторыі Паўднёвай Беларусі зафіксавана каля 50 помнікаў пражскай культуры, якая прадстаўлена ў асноўным селішчамі, зафіксаваны тры гарадзішчы, грунтовыя пахаванні і адно падкурганнае пахаванне. Жытлы ўяўляюць сабой квадратныя ў плане зрубныя паўзямлянкі, якая атапліваліся ачагамі, складзенымі з камней, кавалкаў балотнай руды і металургічных шлакаў, а таксама глінабітна-каменнымі печамі. Увесь посуд ляпны і складаецца пераважна са збаноў.

Помнікі тыпу Лукі-Райковецкай. Наступным этапам у развіцці раннеславянскай культуры сталі помнікі VIII—X стст. тыпу Лукі-Райкавецкай, якія выяўлены на тэрыторыі Украіны, Малдовы, Румыніі, Балгарыі і Паўднёвай Беларусі. Яны сфарміраваліся на аснове старажытнасцей пражскай культуры, на Беларусі помнікі гэтай культуры распаўсюджаны на той жа тэрыторыі, што і пражская культура, выходзячы за яе межы толькі на поўначы. Культура прадстаўлена пераважна селішчамі, курганнымі могільнікамі і гарадамі-сховішчамі. Жытлы даследаваны на трох селішчах – Дружба на рацэ Лясной, Гарадзішча на Ясельдзе і Хатамель на Гарыні. Яны прадстаўлены паўзямлянкамі і наземнымі жытламі са зрубнай, слупавой і плятнёва-каркаснай канструкцыяй плошчай 12—30 кв.м.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: