Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ

Сялянскі двор – “ дым ” – гэта звычайная сям’я, радзей — некалькі сем’яў і іх уласнасць: пабудовы, жывёлу, прылады працы, зямлю, якою “дым” карыстаўся на падставе спадчыннага звычаёвага права. Дым з’яўляўся адзінкай падатка­аб­кладання.

Сялянская гаспадарка ў XVI ст. – гэта складаны гаспадарчы комплекс. Ен уключаў жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы – гумны, клеці, пуні, хлявы; неабходны для працы інвентар – бароны, калесы, косы, сані, сохі, сякеры і г.д. Зямля кожнай гаспадарке надавалася з боку феадала, уласніка зямлі, яна перадавалася па спадчыне. Сяляне не мелі права перадаваць зямлю ў пастаяннае ці часовае ўладанне, закладваць ці прадаваць яе іншым асобам без дазволу пана. У сярэднім на дым прыпадала 10,6 га розных угоддзяў.

Асноўныя формы сялянскіх угоддзяў – ворыва і сенакосы. Былі яшчэ і агульныя ўгоддзі, што належылі абшчыне: выганы, сенажаці, рыбныя ловы, лясныя ўваходы. У сялян гаспадарка мела комплексны характар: на першым месцы стаяла раслінаводства, з ім цесна звязана жывелагадоўля. Промысламі і хатнім рамеством займаліся ва ўсіх гаспадарках, але больш там, дзе панская гаспадарка развівалася больш марудна і не перайшла да стадыі фальварка (паўднева-ўсходні рэгіен).

Павіннасці сялян змяняліся па меры развіцця феадальных адносін. Даніна – найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты, што набыла форму натуральнага аброку. “ Дзякло ” – гэта даніна жытам, пшаніцай, аўсом, сенам; “ мезлева ” – гэта даніна мясам, яйкамі, прадуктамі бортніцтва і палявання. Паншчына ці адпрацовачная рэнта – асноўная форма павіннасці (з XV — XVI стст.). патрабавала замацавання селяніна на зямлі, з сярэдзіны XV ст. уводзіліся заканадаўчыя абмежаванні, а ў XVI ст. сяляне запрыгоньваюцца. Грашовы аброк шырока распаўсюдзіўся ў XV ст. – гэта чынш. Гэта было вынікам развіцця таварна-грашовых адносін, уцягваннем у іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў.

Акрамя абавязкаў у адносінах да свайго гаспадара сяляне павінны былі таксама працаваць на карысць дзяржавы: будаваць і рамантаваць замкі, дарогі, масты ("бярэма павозавае", "падарожчына", "згоны"), удзельнічаць у зборах грошай на ваенныя патрэбы і г.д. Такія абавязкі небылі пастаяннымі і рэгламентаванымі.

Па характару эканамічных адносін з феадалам сяляне падзяляліся на шэраг катэгорый: долнікаў, даннікаў, людзей цяглых, асадных, агароднікаў, слуг і інш.

Даннікі (людзі данныя) – сяляне, што выконвалі феадальную рэнту ў выглядзе даніны прадукцыяй асабістай гаспадаркі – збожжам, медам, футрам і інш. Адзінкай абкладання служыў дым. Дольнікі – асобная група даннікаў, што павінны былі выплочваць даніну памерам у 1/4 ураджаю. Яны ўдзельнічалі ў талоках, выконваюць шматлікія павіннасці, уносяць грашовы плацеж – баброўшчыну.

Людзі цяглыя асноўную павіннасць – паншчыну выконвалі на зямлі феадала. Яны павінны былі прымаць удзел ў сезонных рабо-
тах – талоках, гвалтах – сумесных работах па зборы ўраджаю, на сенажаці, будаўніцтве дарог, замкаў і інш. Цяглыя таксама плацілі натуральны аброк аўсом, сенам, хатняй птушкай і яйкамі, невялікі чынш, неслі фурманкавую (давалі падводы) і вартаўнічую (ахоўвалі маёмасць гаспадара) павіннасці.

Асаднае сялянства (кунічныя, чыншавікі) мела асноўную павіннасць – чынш да 30 літоўскіх грошаў, таксама адпрацоўвалі на працягу года 12 талок і гвалты.

Агароднікамі станавіліся збяднелыя сяляне ці былыя хатнія рабы, ад якіх гаспадар імкнуўся атрымаць большы даход і саджаў на невялікі кавалак зямлі, звычайна ў тры моргі (морг – зямельная мера, прыкладна 0,71 га). Агароднікі павінны былі выконваць паншчыну – адзін дзень у тыдзень, а іх жонкі – шэсць дзён летам.

Сяляне-слугі падзяляліся на тых, хто займаўся каняводствам (конюхі); промысламі (асочнікі, баброўнікі, бортнікі, рыбаловы, стральцы); рамяством (бондары, ганчары, кавалі, цесляры); выконваў адміністрацыйна-гаспадарчыя функцыі (гуменнікі, сотнікі, старцы); прыслужваў панам (кухары, аддзверныя); нес вайсковую ці кур’ерскую службу (баяры панцырныя, путныя, слугі-баяры).

На ніжэйшай ступені стаялі кутнікі, халупнікі, каморнікі, людзі лёзныя, гультаі. Халупнікі мелі хату-халупу, не мелі ворнай зямлі, нярэдка і агарода. Кутнікі і каморнікі жылі ў чужых хатах (здымалі кут ці камору). Яны жылі працай па найме ў сёлах і гарадах.

Па характару асабістай залежнасці сяляне на працягу доўгага часу падзяляліся на: людзей пахожых ці вольных; непахожых ці отчычаў; чэлядзь нявольную ці рабоў; закупаў. Асноўная прыкмета – наяўнасць ці адсутнасць волі.

Пахожыя сяляне маглі пераходзіць ад аднаго феадала да другога, толькі ўвосень, пасля заканчэння палявых работ, са згоды гаспадара і пасля таго, як будуць выкананы ўсе павіннасці. Магчымасць захоўвалася да XVI ст.

Непахожыя людзі жылі на адным месцы і выконвалі павіннасці па спадчыне (атчызныя людзі), а таксама тыя сяляне, якія дзесяць гадоў пражылі на зямлі ўладальніка маёнтка. Ім забаранялася права пераходу.

Чэлядзь нявольная знаходзілася ў поўнай асабістай уласнасці феадалаў. Гэта катэгорыя мела пачатак ад былога хатняга рабства. Зямельных надзелаў не мела, абслугоўвала дваровую гаспадарку. Маглі атрымаць волю ў тым выпадку, калі феадал у галодны год выганяў чаляднікаў (Статут ВКЛ 1588 г.).

Закупы (так сама і радовічы) знаходзіліся ў часовай няволі. Яны бралі пазыку (купу) у гаспадара ці заключалі з ім дагавор (рад). Гэтыя людзі страчвалі асабістую волю, калі не выконвалі дагавор ці не выплачвалі пазыку.

Вярхоўным уласнікам усіх зямель ВКЛ намінальна лічыўся вялікі князь. Але па сваей прыналежнасці землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. Дзяржаўныя землі былі двух катэгорый: воласці (ворныя землі былі ў асабістым карыстанні сялян, астатнія выкарыстоўваліся калектыўна) і гаспадарскія двары (належалі непасрэдна князю, кіраваліся яго адміністрацыяй і забяспечвалі княжацкі двор і казну ўсім неабходным). Дзяржаўныя землі пераважалі на ўсходзе.

Духоўнае землеўладанне развівалася ў выглядзе ўладанняў карпаратыўных феадалаў – манастыроў, епіскапстваў, капітулаў і інш. Асабліва хутка раслі ўладанні каталіцкай царквы.

Формы феадальнага землеўладання – вотчына, купля, залог. Шляхі росту феадальнага землеўладання ў XV-XVI стст.: вялікакняжацкія падараванні, падараванні з боку буйных феадалаў васалам ці царкве, купля-продаж, залога (застава) і інш.

Панская гаспадарка вялася пры “ дварах ” – адміністратыўна-гаспадарчых цэнтрах уладанняў. Да сярэдзіны XV ст. мела выключна натуральны характар. Асаблівасці: актыўнае выкарыстоўванне працы чэлядзі нявольнай, адносна невялікія зямельныя ўгоддзі пры двары. З другой паловы XVI ст., калі пашырыліся сувязі са знешнім рынкам, панская гаспадарка была рэарганізавана ў фальварак. Фальварак – арыентаваная на продаж прадукцыі шматгаліновая таварная гаспадарка, у якой вядучае месца належыла вытворчасці збожжа. З рэарганізацыяй панскай гаспадаркі значна пашырылася панская запашка, у асноўным за кошт сялянскіх надзелаў. Павялічылася доля паншчыны ў сялянскіх адработках, цяглавая сіла і інвентар выкарыстоўваліся сялянскія.

У XIII – першай палове XVII ст. у ВКЛ інтэнсіўна ішоў працэс урбанізацыі – засноўваліся новыя гарады, расло насельніцтва старых цэнтраў. З развіццем рынку ў XV ст. роля гарадоў расце. Як і ў Еўропе, адбываецца бурнае развіццё рамеснай вытворчасці. Прычынай гэтага быў рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчай працы і прыбавачнага прадукту, што дазваляла пракарміць значную частку насельніцтва, не звязаную з сельскагаспадарчай вытворчасцю; феадалы, а таксама заможныя сяляне імкнуліся купляць добра вырабленыя прылады працы, прадметы быту, што ў сваю чаргу спрыяла павялічэнню вытворчасці сельскагаспадарчай працы.

З другой паловы XVI ст. рамеснікі аб’ядноўваюцца ў цэхі (брацтвы). Цэхі аб’ядноўвалі рамеснікаў аднаго веравызнання. Яны прымалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх і іншагародніх рамеснікаў. Не прынятым у цэх “пакутнікам” ці “партачам” забаранялася займацца рамяством у горадзе. Звычайна гэта катэгорыя рамеснікаў вырабляла рэчы больш нізкай якасці, чым патрабавалася цэхам, прадавала іх больш танна. У склад цэха ўваходзіла каля 60-100 чалавек. На вышэйшай прыступцы стаялі майстры. Яны мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. З іх ліку на год выбіраўся кіраўнік цэха – стараста, ці цэхмістр. Чаляднікі ("таварышы", "пахолкі") працавалі ў якасці падручных у майстроў. Яны прайшлі курс навучання, але не мелі сваіх прылад працы і не атрымалі статусу майстра. Вучні майстроў зваліся хлопцамі, у доме майстра былі ў якасці прыслугі, бясплатных і бяспраўных работнікаў. У адзначаны час у буйнейшых гарадах колькасць цахоў хутка павялічвалася да некалькіх дзесяткаў. У Мінску на сярэдзіну XVII ст. было 9, у Слуцку – 17, у Магілеве – 21, у Брэсце – 14 цахоў.

Прыкметы развіцця гандлю да сярэдзіны XVII ст.:

1. Складваецца сістэма гандлевых устаноў. Наладжваецца пастаянны гандаль па гарадах у лавах і крамах. Кожны тыдзень у мястэчках і гарадах праходзілі таргі (пераважалі аптовыя і дробнааптовыя аперацыі) і ў буйных гарадах кожны год праводзіліся адна-дзве ярмаркі, дзе шырока былі прадстаўлены замежныя купцы і разам з гандлем у розніцу праводзіліся буйныя аптовыя аперацыя.

2. Ідзе працэсс аб’яднання гандлевага люду. Адначасова з рамеснікамі пачалі ствараць свае аб’яднанні (брацтвы ці гільдыі) купцы. Яны атрымлівалі гандлевыя прывілеі – іншагароднім купцам забаранялася весці разнічны гандаль і рабіць закупкі па навакольным вескам.

3. XVI ст. вызначаецца пераходам мясцовага гандлю на больш высокую прыступку. Рэгулярны мясцовы абмен горад-веска дапаўняецца рэгулярнымі адносінамі на ўзроўню розных рэгіёнаў краіны. Трывалымі гандлевымі сувязямі былі звязаны Смаленск, Віцебск, Полацак. Цесна былі звязаны гарады поўдню Беларусі, а так сама Пандяпроўе з Падзвіннем і центрам княства. Гэтыя адносіні стымулявалі будаўніцтва дарог-гасцінцаў. Самая вялікая звязвала Брэст, Мінск з Оршай і Смаленскам.

4. Садзейнічае ўнутраннаму гандлю выразная спецыялізацыя рэгіёнаў. Слуцк спецыялізуецца на металаапрацоўке, Магілеў – на скарняжным рамястве, Гродна – на мылаварэнні і г.д.

5. Пашыраліся аб’ёмы экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі за мяжу. Галоўныя прадукты экспарту – збожжа, сала, воск, лес, скуры, смала, дзёгаць, лён, хмель, попел, пянька, радзей – рамесніцкія вырабы. Імпарт складалі наступныя тавары: жалеза, медзь, волава, свінец, вырабы з металу, зброя, сукно, перац, віна, соль. У знешнім гандлі шырока ўдзельнічалі феадалы, яны мелі вызваленне ад мыта.

6. Значна пашырыўся пасрэдніцкі гандаль расійскімі тавара-
мі – воскам, футрам каштоўных жывёл.

У адзначаны перыяд вялікакняскія гарады атрымліваюць права на самакіраванне – Магдэбурскае права. Першым яго атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна – у 1391, Слуцк – у 1441, Полацк – у 1498, Мінск – у 1499, Віцебск – у 1597 і г.д. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі. Устанаўленне самакіравання, нягледзячы на яго абмежаванні, паляпшала ўмовы рамеснай і гандлёвай дзейнасці, аслабляла феадальную залежнасць гараджан, якія былі асабіста свабоднымі.

У XIV – першай палове XVI ст. феадальная сістэма грамадскіх адносін на Беларусі канчаткова замацоўваецца ў заканадаўчых актах. Галоўным сродкам вытворчасці і крыніцай грамадскага багацця становіцца зямля, галоўным вытворцам матэрыяльных благ – замацаваны за ёю селянін. Адначасова фарміруюцца пачаткі новых формаў грамадскіх адносін – таварна-грашовыя адносіны, паступова зараджаюцца элементы рынку. Перадумовамі новых працэсаў стала аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, гандлю ад рамяства. Усё гэта паступова рыхтавала падставы для складвання новых эканамічных адносін.

Пытанні для самакантролю:

1. Хто лічыцца стваральнікам Вялікага княства Літоўскага?

2. Як да стварэння славяна-літоўскай дзяржавы ставіліся феадалы Жамойціі?

3. Пры якіх князях і на якіх умовах у склад ВКЛ увайшлі Полацкае і Віцебскае княствы?

4. У чым была сутнасць Крэўскай уніі?

5. Якія змены ў кіраванні дзяржавай адбыліся пры вялікім князе Аляксандры?

6. У чым была прычына войнаў ВКЛ і Маскоўскага княства ў XIV-XVII стагоддзях?

7. У чым была сутнасць увядзення Магдэбурскага права ў беларускіх гарадах?

8. На якіх прынцыпах была пабудавана судовая сістэма ВКЛ?

9. Якія катэгорыі сялянства вы ведаеце?


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: