Знешняя палітыка ВКЛ у ХІІІ – сярэдзіне ХVІ стст

Знешняя палітыка ВКЛ ХІІІ – сярэдзіны ХVІ стст. была цесна ўзаемазвязана з палітыкай унутранай і мела тры асноўныя напрамкі: заходні, усходні і паўднёвы. На заходнім накірунку унія з Польшчай, нягледзячы на складаныя ўнутраныя вынікі, умацавала міжнародныя пазіцыі княства, забяспечыла адносны спакой на яго заходняй мяжы, дазволіла аб’яднаць сілы абедзвюх дзяржаў супраць агульных знешніх ворагаў.

У ХІV – першай палове ХV ст. галоўнымі ворагамі, з якімі ВКЛ даводзілася весці напружаную барацьбу, былі крыжакі. У 1409 г. пачалася так званая “Вялікая вайна” (1409–1411 гг.) паміж Польшчай і ВКЛ, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам, з другога. Менавіта антыкрыжацкі польска-літоўскі саюз дазволіў 15 ліпеня 1410 г. нанесці сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму ордэну ў Грунвальдскай бітве і спыніць крыжацкую экспансію на славянскія землі.

На паўднёвым напрамку княства кантактавала з татарскімі ордамі. У 1362 г. у бітве на р. Сінія Воды (Падолле) вялікі князь Альгерд ушчэнт разбіў татара-мангольскае войска. Пасля гэтай бітвы была вызвалена і далучана да ВКЛ большая частка Украіны (Кіеўшчана, Падолле). Бітва на р. Ворскла 12 жніўня 1399 г. кааліцыйнае войска Вітаўта і Тахтамыша было разгромлена войскамі Цімура.

У ХV ст. Залатая Арда распалася на некалькі частак: Вялікую, Перакопскую (Крымскае ханства), Казанскую, Астраханскую і Нагайскую орды. У сярэдзіне ХV ст. набегі Вялікай Арды на тэрыторыю ВКЛ практычна спыніліся. З другой паловы ХV ст. ускладніліся адносіны ВКЛ з Крымскім ханствам, якое ў 1480 г. заключыла антылітоўскі саюз з Вялікім княствам Маскоўскім. Штогод адбываліся набегі татар на тэрыторыю сучаснай Украіны. Часам яны даходзілі і далей, да беларускіх зямель. Іх актывізацыя назіралася на мяжы ХV – ХVІ стст., падчас маскоўска-літоўскіх войн. Падлічана, што за перыяд з 1500 г. да 1569 г. крымчакі наведаліся на беларускія землі 45 разоў.

Інтэнсіўнасць нападаў некалькі аслабла пасля іх разгрому войскам ВКЛ на чале з князем Міхаілам Глінскім пад Клецкам у жніўні 1506 г. Наступнае буйнае паражэнне крымчакам было нанесена ў 1527 г. у бітве пад Каневам. Пазней іх набегі спыняліся наладжанай сістэмай аховы паўднёвых рубяжоў дзяржавы, у т. л. стварэннем атрадаў казакаў на Украіне.

З канца ХV ст. найбольш прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі ВКЛ стаў усходні — канфлікт з Вялікім княствам Маскоўкім. Пачала нарастаць канфрантацыя паміж Вільняй і Масквой як двума цэнтрамі аб’яднання старажытнарускіх зямель. Масква прад’яўляла прэтэнзіі не толькі на тыя рускія княствы, якія пакуль яшчэ заставаліся самастойнымі, але і на землі ВКЛ, населеныя праваслаўным насельніцтвам. Літоўская ж дыпламатыя імкнулася ўбіць клін у аб’яднаўчыя працэсы ў Маскоўскай дзяржаве і прадтрымлівала апошнія самастойныя княствы Русі. Акрамя таго, пачынаючы з канца ХV ст., маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ абвясціў сябе абаронцам інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, умешваючыся тым самым ва ўнутраныя справы заходняга суседа. З 1487 да 1492 г. на памежжы фактычна ішла неаб’яўленая вайна. А з 1492 па 1494 г. доўжылася ўжо першая маскоўска-літоўская вайна. У выніку яе да Маскоўскай дзяржавы адышлі Вяземскае княства і землі ў вярхоўях Акі. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Пскоў, Ноўгарад, Цвер. Мірная дамова 1494 г. была замацавана шлюбам вялікага князя Аляксандра з Аленай, дачкой вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. У 1500 г. пачалася чарговая маскоўска-літоўская вайна, якая доўжылася да 1503 г., калі было абвешчана 6-гадовае перамір’е і вызначаны новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышла прыкладна трэцяя частка тэрыторыі ВКЛ з 19 буйнымі гарадамі, у т. л. Гомелем, Бранскам, Чарнігавам, Ноўгарад-Северскім, Старадубам і г.д.

Пры Жыгімонце Старым войны з Маскоўскай дзяржавай аднавіліся. Вайна 1507–1508 гг. нікому не прынесла поспеху (ВКЛ вярнула толькі Любеч і пяць смаленскіх валасцей) і скончылася т. зв. “вечным мірам”, які доўжыўся толькі 4 гады. У 1512 г. вайна аднавілася. Яна цягнулася 10 гадоў. У ходзе яе 31 ліпеня 1514 г. быў страчаны Смаленск, а 8 верасня 1514 г. адбылася знакамітая бітва пад Оршай, у якой гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі дашчэнту разбіў больш чым удвая пераважаючае маскоўскае войска. У 1522 г. было падпісана 5-гадовае перамір’е, па ўмовах якога Смаленская зямля засталася за Масквой, шматлікі “маскоўскі палон” – за ВКЛ.

У 1534 г. пачалася чарговая вайна, якая доўжылася да 1537 г. У выніку яе ВКЛ вярнула Гомель, аднак страціла шэраг тэрыторый на поўначы. У сярэдзіне ХVІ ст. ВКЛ сустрэлася з дамаганнямі Івана ІV ужо на сучасныя беларускія і ўкраінскія землі. Гэта сведчыла аб пагрозе існаванню ВКЛ. З 1559 г. ВКЛ аказалася ўцягнутым у чарговы ваенны канфлікт, які меў самыя страшныя наступствы для яго далейшага лёсу (Лівонская вайна 1558—1583 гг.).

Такім чынам, у канцы ХV – пачатку ХVІ ст. у знешняй палітыцы ВКЛ адбылася пераарыентацыя і найбольш прыярытэтным напрамкам стаў усходні, дзе разгарнулася барацьба з Вялікім княствам Маскоўскім за так званую “спадчыну Рурыкавічаў”. Барацьба гэта прывяла да значных тэрыторыяльных страт і прымушала ВКЛ шукаць лепшага паразумення са сваім партнёрам па уніі – Польшчай.

6. Дзяржаўны лад ВКЛ.

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае было феадальнай манархіяй, дзе феадалам было забяспечана права валодання залежным насельніцтвам – сялянамі. Насельніцтва княства падзялялася на дзве вялікія групы – феадалаў-землеўласнікаў і феадальна-залежнае насельніцтва. Насельніцтва падзялялася на саслоўі – шляхту, мяшчан, духавенства і сялян.

Цэнтральныя органы ўлады

Вялікі князь (гаспадар, кароль) – кіраўнік дзяржавы, кіраўнік выканаўча-распараджальнай дзейнасцю вышэйшых дзяржаўных органаў, кіраўнік дзяр­жаўнай адміністрацыі, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі княства. За яго под­пісам і дзяржаўнай пячаткай выдаваліся заканадаўчыя акты княства. Згодна склаў­шайся традыцыі, выбіраўся феадаламі княства, спачатку выбары праходзілі ў ме­жах Рады (паны-рада), пазней, з XVI ст. на агульнадзяржаўным сейме. Галоў­нымі абавязкамі гаспадара былі: абарона дзяржавы, падтрымка парадку ўнутры дзяр­жавы, ажыццяўленне вышэйшага суда, кіраўніцтва адміністратыўным апара­там дзяр­жавы, ажыццяўленне міжнародных стасункаў, распрацоўка і выданне законаў.

Для забеспячэння патрэб гаспадара існавалі асабістыя княскія двары і маёнткі, якімі распараджаўся сам гаспадар і дзяржаўныя эканоміі, даходы з якіх гаспадар накіроўваў па згодзе з Радай. Такое становішча ўзнікла пасля 1492 г., калі вялікі князь вымушаны быў падзяліцца часткай паўнамоцтваў з панамі-радай, без згоды якіх ён не меў права прынімаць рашэнні і выдаваць законы. У той жа час Рада ў адсутнасць гаспадара магла вырашаць любое пытанне. Калі ўлічваць, што вялікія князі сумяшчалі яшчэ і пасаду караля польскага, то яны часта адсутнічалі ў княстве. Таму роля Рады ў кіраванні была вельмі значнай.

Рада ВКЛ (паны-рада) – спачатку дапаможны орган пры вялікім князе (князь мог не параіцца і прыняць рашэнне), а з 1492 г. – вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВКЛ. Склад Рады не быў вызначаны строга, у яе ўваходзіла 30-40 важнейшых асоб княства. Сярод іх – усе каталіцкія біскупы, вышэйшыя дзяржаўныя чыны, усе ваяводы і каштэляны, некаторыя старасты і асобныя феадалы з роду Альгердавічаў ці Рурыкавічаў. На паседжанні Рады маглі запрашацца іншыя асобы – ураджэнцы ВКЛ хрысціянскага веравызнання. У поўным складзе Рада збіралася рэдка, часцей за ўсё пытанні вырашалісь старэйшымі раднымі панамі – вышэйшымі дзяржаўнымі чынамі, ваяводай Віленскім і Трокскім, біскупам Віленскім. Пытанні, што належылі кампетэнцыі Рады: выбары гаспадара ВКЛ, кантроль дзейнасці гаспадара, ажыццяўленне міжнародных адносін, кіраўніцтва вышэйшымі мясцовымі і дзяржаўнымі органамі кіравання, прызначэнне на дзяржаўныя пасады, абмеркаванне і прыняцце законаў, ажыццяўлення вышэйшага суда. Апошнія функцыі Рада ажыццяўляла разам з вялікім князем, а так сама па ўсім пытанням яна магла склікаць сейм.

Сейм (сойм) – з’езд прывілеяванага саслоўя – шляхты ВКЛ. Мог збірацца па рапараджэнню вялікага князя ці Рады. На сеймавых паседжаннях маглі прымаць удзел вялікі князь, Рада ўсім складам, усе службовыя асобы дзяржаўнага і мясцовага кіравання, каталіцкія і праваслаўныя (з 1596 г. – уніяцкія) епіскапы і настаяцелі манастыроў, а так сама кожны шляхціц. Апошнія не вельмі шанавалі сеймавыя паседжанні, таму ў 1512 г. Жыгімонт І Стары выдаў загад, па якому кожны павет абавязаны быў выбіраць 2 дэлегатаў – “паслоў” ад мясцовай шляхты. Збіраліся сеймы па меры патрэбы, а з сярэдзіны XVI ст. – раз у два гады. Былі вызначаны гарады, дзе збіраліся сеймы – Вільня, Гродна, Слонім, Бярэсце. Пытанні, што датычыліся кампетэнцыі сейма, строга вызначыны не былі. Гэта залежыла ад таго, якую праграму рыхтаваў гаспадар ці Рада, яны рыхтавалі і праекты рашэнняў сейма – ухвалы, статуты, а з XVII ст. – канстытуцыі. Часцей за ўсё сеймы вырашалі наступныя пытанні: выбары князя (элекцыйныя і каранацыйныя сеймы), пытанні аб вайне ці міры, збор і памер падаткаў на ваенныя патрэбы, вырашалі міжнародныя справы, прымалі законы, ажыццяўлялі суд па крымінальнай справе – дзяржаўнай здрадзе, прымалі хадайніцтвы павятовай шляхты.

Маршалак земскі з’яўляўся ахоўнікам этыкету і парадку пры двары гаспадара. Меў важныя функцыі: старшынстваваў на сеймавых паседжаннях і ў Радзе, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады. Ён жа кіраваў прыёмам паслоў, прасіцеляў са скаргамі, судзіў за злачынствы, здзейсненые пад час правядзення сеймаў. Меў намесніка – маршалка дворнага.

Гетман найвышэйшы кіраваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы. У ваенных абставінах і пад час паходаў меў шырокія паўнамоцтвы – нават мог пакараць падначаленых смерцю без суда. Меў намеснікаў – гетмана дворнага і гетмана польнага, што ўзначальвалі частку войска.

Канцлер у ВКЛ кіраваў дзяржаўнай канцылярыей, наглядаў за дакладнасцю вядзення Метрыкі – дзяржаўнага архіва, храніў дзяржаўную пячатку ВКЛ і ставіў подпіс пад законамі, без гэтага законы не мелі моцы. Намеснік канцлера – падканцлер – прымаў удзел у падрыхтоўке законаў, кіраваў юрыдычнай службай канцылярыі.

Падскарбі земскі – хавальнік дзяржаўнай казны (скарба). Заведаваў даходамі і расходамі дзяржавы; захоўваў дзяржаўныя рэгаліі – скіпетр, меч, сцяг, шапку Гедыміна; распараджаўся ваеннымі прыпасамі (арсеналам ВКЛ), а з сярэдзіны XVI ст. займаўся кіраваннем дзяржаўнай зямельнай маёмасцю. Яго намеснік – падскарбі дворны – захоўваў дварцовую казну вялікага князя, яго асабістыя каштоўнасці і грошы. Дапамагалі падскарбіям шматлікія служачые – скарбнікі, ключнікі, мытнікі, дзяржаўцы, цівуны.

Вялікае княства Літоўскае было федэратыўнай дзяржавай, розныя часткі яе мелі розную ступень падпарадкаванасці цэнтру. Так, Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы мелі спецыяльные граматы, дзе агаворваліся значныя правы на самактраванне. Таму наглядалася разнастайнасць у правах і абавязках некаторых пасад, асабліва на ўзроўне ваяводства.

Ваявода – кіраўнік адміністрацыйных, гаспадарчых, ваенных і часткі судовых органаў на тэрыторыі ваяводства. Прызначаўся князем і Радай (у Полацкім і Віцебскім ваяводствах – са згоды мясцовага баярства) пажыццёва. Усе ваяводы былі членамі Рады і Сейма, дзе абаранялі інтарэсы ваяводства. Абавязкі ваяводы: падтрыманне парадку; кіраванне дзяржаўнай і вялікікняскай маёмасцю ў ваяводстве (наглядаў за зборам падаткаў); арганізацыя ўзброеных сіл ваяводства; ажыццяўленне суда ў гродскім (замкавым) судзе. У Полацку і Віцебску ваявода абавязаны быў раіцца з мясцовымі феадаламі.

Другоў па рангу асобай ў ваяводстве быў кашталян – камандуючы ўзброенымі сіламі замка ваяводы і апалчэння ваеннаабавязаных ваяводства. Ён так сама быў членам Рады і Сейма. Намеснікам ваяводы быў падваявода. Ён кіраваў канцылярыяй, сведчыў дакументы, старшынстваваў у гродскім (замкавым) судзе. На ніжэйшай ступені стаялі ключнік (збор падаткаў), канюшы (гадоўля коней для войска), гараднічы (камендант замка). Усе гэтыя пасады мелі права займаць толькі феадалы і толькі ўраджэнцы княства, а ў некаторых ваяводствах і паветах (Віцебскае і Полацкае) – толькі з мясцовай знаці.

На чале адміністрацыі павета стаяў стараста, абавязкі яго былі падобныя на абавязкі ваяводы. Прызначаўся ён князем і Радай пажыццёва, з цягам часу гэта пасада стала больш ганаровай, была крыніцай даходу для яе ўладальніка. Непасрэднае кіраўніцтва павятовай адміністрацыяў праводзіў падстараста. Дапамагалі старасце і падстарасце павятовы маршалак, ён старшынстваваў на павятовых сейміках і кіраваў павятовым апалчэннем. Сцяганосцам павятовага апалчэння быў харужы. На ніжэйшай ступені знаходзіліся дзяржаўцы (раней зваліся цівунамі), што кіравалі асобнымі дзяржаўнымі маёнткамі.

У ваяводствах і паветах праводзіліся мясцовыя (ваяводскія ці павятовыя) сеймікі, што маглі вырашаць розныя пытанні з жыцця ваяводства ці павета. На сейміках прысутнічалі ўсе кіруючыя асобы і ўсе жадаючыя шляхцічы тэрытарыяльнай адзінкі. Галоўная роля сеймікаў – гэта выбар 2-ух паслоў на агульнадзяржаўны (вальны) сейм і выпрацоўка для іх інструкцый і хадайніцтваў перад урадам. На сойміках слухалі справаздачы послоў аб сеймах, выбіралі судзей і прызначалі на пасады мясцовага кіравання.

У XIV–XVIII стст. на Беларусі стала пашырацца так званае Магдэбурскае права – права на самакіраванне гарадоў. Гэта было вынікам развіцця гараской гаспадаркі і жаданнем вялікіх князей мець гарады ў саюзніках у супрацьстаянні з феадаламі княства. Кожны горад атрымліваў сваю грамату. Ступень свабод, што прадастаўляліся гарадам, была розная. Агульным было: мяшчане вызваляліся з-пад адміністратыўнай і судовай улады ваявод і стараст, замест феадальных павіннасцяў уводзіўся адзіны дзяржаўны грашовы падатак на горад. У горадзе ствараліся органы самакіравання і суды.

На чале гарадской адміністрацыі і суда стаяў войт. Яго прызначаў гаспадар з Радай з ліку феадалаў ці знатных гараджан. Функцыі войта: падтрыманне парадку ў горадзе; вызначэнне правілаў гандлю; адстойванне інтарэсаў гараджан перад урадам і феадаламі; збор падаткаў; ажыццяўленне правасуддзя разам з іншымі членамі самакіравання. Дапамагаў войту яго намеснік, лен-войт.

Памошнікі войта – бурмістры – маглі выбірацца гараджанамі, прызначацца войтам. Бурмістры вырашалі бягучыя пытанні гарадскога жыцця – наглядалі за гандлем, рамеснікамі, займаліся добраўпарадкаваннем горада, гарадскімі ўмацаваннямі, вартавай службай, ажыццяўлялі правасуддзе па дробных справах.

Гарадская рада (магістрат) выбіралася мяшчанамі ці прызначалася войтам. Яна вызначала агульны напрамак развіцця гарадской гаспадаркі, займалася добраўпарадкаваннем, абарончымі збудаваннямі, зборам падаткаў з насельніцтва, кантралявала гарадскія расходы, ажыццяўляла суд з войтам і бурмістрамі.

Войтаўска-лаўнічы суд (лава) займалася разглядам крымінальных і грамадзянскіх спаў гараджан. Складаўся з войта, лен-войта, лаўнікаў – асоб, выбраных з мяшчан.

У ВКЛ да XVI ст. склаліся дзве судовыя сістэмы. Адна – гэта агульныя суды для ўсяго насельніцтва княства, што абапіраліся на нормы звычаёвага права і новыя законы. Другая сістэма – гэта суды для асобных груп насельніцтва – суды саслоўныя (толькі для шляхты), суды царкоўныя, асобныя для сялян, татар, яўрэяў і інш. Вышэшым суддзёй у дзяржаве быў вялікі князь, вышэйшай судовай інстанцыяй – вялікакняжаскі ці гаспадарскі суд. Паступова ён зліўся з судом Рады, а з 1581 г. – паўнамоцтвы вышэйшага суда перададзены Галоўнаму Трыбуналу ВКЛ. У кампетэнцыі гаспадарскага суда былі дзяржаўныя злачынствы, скаргі на вышэйшых асоб дзяржавы, іскі інтарэсаў казны, пытанні прыналежнасці да шляхты, справыз замежнымі гасцямі. Зясядацелямі былі гаспадар і радныя паны, у залежнасці ад справы – ад 2 да 20.
У адсутнасць князя паўнамоцтвы суда не пераглядаліся. Да вышэйшых судовых устаноў адносіўся соймавы суд у складзе гаспадара, радных паноў і 8 дэпутатаў сейма. Разглядаліся злачынствы, здзейсненыя пад час правядзення сейма.

Вышэйшай судовай установай быў камісарскі суд, што разглядаў спрэчкі аб межах феадальных і дзяржаўных зямельных уладанняў. Справы разглядаліся на месцы камісарамі, якіх прызначаў вялікі князь з Радай.

Пасля Люблінскай уніі, з мэтай ўмацаваць дзяржаўны суверэнітэт княства, у 1581 г. быў арганізаваны Галоўны Трыбунал ВКЛ – вышэйшая апеляцыйная судовая ўстанова княства. У склад Трыбунала ўваходзілі выбарныя суддзі з ліку шляхціцаў, ураджэнцаў княства, валодаўшых зямельнымі ўладаннямі, меўшых адукацыю і знаёмых з мясцовым звычаёвым правам. Судовыя сесіі праходзілі ў Вільне, Мінску і Навагрудку. Рашэнні Трыбунала перагляду не падлягалі.

Усесаслоўным судом у ваяводстве, павеце ці старастве быў гродскі (замкавы) суд. Ен разглядаў самае шырокае кола пытанняў, што датычыліся як феадалаў, так і сялян, мяшчан. У склад суда ўваходзілі кіраўнік тэрытарыяльнай адзінкі, члены мясцовай рады, суддзі і пісары. Рашэнні суда заносілі ў спецыяльныя актавыя кнігі.

Земскі павятовы суд створаны ў першай палове XVI ст., аформлены канчаткова Статутам 1588 г. Разглядаў справы ад праве ўладання маёнткамі. У склад суда ўваходзілі выбарныя суддзі, абраныя з мясцовых шляхціцаў, адукаваных, што валодалі маёмасцю і ведалі права. Так упершыню суд быў аддзелены ад органаў дзяржаўнага кіравання. Гэта стала пачаткам падзелу ўлад.

Падкаморскі суд разглядаў справы аб межах феадальных землеўладанняў у павеце. Галоўны суддзя – падкаморы прызначаўся гаспадаром з ліку кандыдатаў, абраных на павятовых сейміках. Гэты суд так сама дзейнічаў незалежна ад органаў мясцовай ўлады.

Разам з новымі ўстановамі працягвалі дзейнічаць старажытныя суды. Простыя людзі – сяляне – маглі сабраць копны суд. У склад суда ўваходзілі копныя мужы і копныя старцы (домаўладальнікі) і прадстаўнік дзяржавы. Копны суд захаваўся са старажытных часоў і арыентаваўся на звычаёвае права. Кампетэнцыя яго не была акрэслена, ён мог разглядаць любыя справы, што датычыліся простых людзей, пры гэтым суд быў і следчай і судовай установай. Па гарачых слядах вінаватага маглі пакараць смерцю. Пастановы суда не абскарджваліся.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: