Польска—савецкая вайна. Раздзел Беларусі

17 лютага 1919 г. дайшло да першых польска—савецкіх сутычак. У сакавіку польскае войска апынулася на лініі рэк Піна— Ясельда, а 21 красавіка пасля трохдзённых баёў была занята Вільня. Дзень пазней была абвешчана адозва Галоўнакамандуючага польскімі войскамі Юзафа Пілсудскага “Да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага”. “Польскае войска нясе Вам усім вольнасць і свабоду”, — запэўніваў Ю. Пілсудскі. Галоўнакамандуючы дэклараваў таксама, што створыць магчымасць вырашаць нацыянальныя і канфесійныя пытанні без ніякага гвалту і націску з боку Польшчы. Апрача Ю. Пілсудскага свае адозвы і загады на польскай і беларускай мовах выдалі генералы Эдвард РыдзСміглы і Станіслаў Шаптыцкі. З загаду Э. РыдзаСміглага вынікае, што афіцыйнай мовай мела быць польская, а ўсе распараджэнні ўлад мелі перакладацца на беларускую мову. У кантактах з уладамі дапускалася ўжыванне беларускай мовы. У сітуацыі далейшай канфрантацыі з Савецкай Расіяй польскія ўлады імкнуліся здабыць прыхільнасць таксама і з боку беларусаў. Для часткі палітыкаў, якія стваралі структуры БНР, Юзаф Пілсудскі, вядомы прыхільнік федэралізму, уяўляўся магчымым саюзнікам беларускай незалежнасці.

8 жніўня польскія войскі заваявалі Мінск, у верасні апанавалі лінію Любань—Барысаў—Полацк—Дзвінск. Большасць беларускіх зямель апынулася пад польскім кантролем. Беларускі друк у Мінску і Вільні, асабліва рэдагаваны Янкам Купалам “Звон”, пісаў аб гістарычнай супольнасці палякаў і беларусаў, дзякаваў за вызваленне Беларусі з—пад расійскага імперыялізму, выказваў спадзяванні на дапамогу Ю. Пілсудскага ў пабудове незалежнай беларускай дзяржавы. Старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску Кузьма Цярэшчанка, вітаючы начальніка Польскай дзяржавы і дзякуючы яму за вызваленне Гродна, Вільні і Мінска прыгадаў, што ў няволі застаюцца прыналежныя Беларускай Народнай Рэспубліцы гарады — Віцебск, Магілёў, Смаленск. Пілсудскі ў Мінску, так як раней у Вільні, запэўніваў, што “зямлі гэтай нічога гвалтам навязана не будзе”. Пасля некалькіх месяцаў дачыненняў з бальшавікамі, запэўніванні начальніка Польскай дзяржавы выклікалі сярод беларускіх дзеячаў эйфарыю. Многія паверылі, што незалежнасць можа быць прыпаднесена ў падарунку. 20 верасня 1919 г. Канвент старэйшын Рады БНР паслаў ліст Ю. Пілсудскаму, у якім інфармаваў аб аднаўленні дзейнасці органаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ад ліпеня дзейнічала ў Вільні Беларуская вайсковая камісія, якая чакала дазволу польскага камандавання на стваранне беларускага войска. У Парыжы 1 ліпеня 1919 г. прэм’ер урада БНР Антон Луцкевіч і прэм’ер польскага ўрада Ігнацы Падарэўскі ўзгоднілі новы праект федэратыўнага пагаднення абедзвюх дзяржаў, якія мелі мець супольную замежную палітыку і супольнае камандаванне ўзброенымі сіламі.

Поспехі польскага войска ўлетку 1919 г., а асабліва федэратыўныя дэкларацыі Пілсудскага, якія так энтузіястычна ўспрымаліся ў Мінску і Вільні, занепакоілі савецкі ўрад. Выклікана гэта было рэальным шансам узнікнення федэрацыі народаў пад эгідай Польшчы, здольнай супрацьпаставіцца расійскаму і нямецкаму імперыялізму. Менавіта таму бальшавікі спешна ліквідавалі ЛітоўскаБеларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і прапанавалі палякам мір “з вечнай граніцай на Дзвіне, Уле і Бярэзіне”. Ленін аддаваў амаль усю Беларусь узамен за спыненне ваенных дзеянняў. Прапановы гэтыя не раз выносіліся падчас мірных перагавораў восенню 1919 г. у Мікашэвічах. Адначасна савецкія ўлады падтрымоўвалі ўсялякія дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі на тылах польскага войска. Восенню 1919 г. у Смаленску была падпісана дамова паміж Беларускай партыяй сацыялістаўрэвалюцыянераў і Расійскай камуністычнай партыяй (бальшавікоў) у справе арганізавання беларускіх паўстанчых атрадаў на занятых палякамі тэрыторыях. Дамова прадугледжвала, што ў выпадку апанавання Беларусі Чырвонай Арміяй будзе створана беларуская савецкая дзяржаўнасць, а ўлада будзе перададзена эсэрам і мясцовым камуністам.

Польская палітыка ў Беларусі аблягчала эсэрам выкананне гэтай дамовы. Энтузіязм, выкліканы дэкларацыямі Юзафа Пілсудскага, хутка патух з прычыны дзеянняў польскага войска і адміністрацыі Цывільнага кіраўніцтва Усходніх зямель (ЦКУЗ). Рэчаіснасць у Беларусі пад польскім панаваннем у 1919—1920 гадах часам нямнога рознілася ад вобразу маляванага бальшавіцкай прапагандай. Паводле ацэнкі ІІ Аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага, першапачатковы беларускі энтузіязм хутка пераходзіў у антыпатыю, ажно ўрэшце пераўтвараўся ў нянавісць да ўсяго польскага. Камісар ЦКУЗ Ежы Асмалоўскі на пасады ва ўсіх установах прызначыў мясцовых польскіх памешчыкаў, якія ўладу выкарыстоўвалі перш за ўсё для расправы над сялянамі і такім чынам адрэагоўвалі на рэзультаты савецкай акупацыі. Павятовымі старастамі прынцыпова былі памешчыкі, войтамі ў гмінах назначаліся выключна палякі і католікі; часта былі гэта асобы, якіх ненавідзела мясцовае беларускае насельніцтва. Насілле і рэквізіцыі, якім падвяргаліся жыхары вёсак з боку вайсковых падраздзяленняў, жандармерыі і паліцыі згладжвалі адмоўныя ўражанні, вынесеныя з перыяду савецкага панавання. Грабеж маёмасці, тэрор і расстрэлы падазроных у камунізме прыдавалі польскай прысутнасці рысы акупацыйнай улады. Ачагамі камунізму лічыліся праваслаўныя цэрквы і яўрэйскія сінагогі. Паспешліва і безумоўна перадаваліся католікам храмы, якія больш за сто гадоў знаходзіліся ва ўладанні праваслаўных. Працягвалася гэта таксама ў тых мясцовасцях, дзе палякі складалі нязначны працэнт ад агульнага ліку жыхароў. Беларускую інтэлігенцыю адпіхала нішчэнне ўсіх праяваў адраджэння нацыянальнага жыцця. Рэквізіцыям і судам падвяргаліся незалежныя беларускія газеты, у Мінску забаронена было ставіць на сцэне п’есы папулярных беларускіх пісьменнікаў — Янкі Купалы і Каруся Каганца. Прапаганда на старонках часопіса “Страж крэсова”, якой займаўся Камітэт абароны крэсаў, развеяла ілюзіі нават найбольшых прыхільнікаў саюза з Польшчай. “Федэратыўная канцэпцыя, — пісаў польскі гісторык Юзаф Левандоўскі, — мела на сваім баку ўвесь бельведэрскі лагер і падтрымку Юзафа Пілсудскага, але ў войску, якое фарміравалася як нацыянальная армія, разуменне гэтых імкненняў было нязначнае. Войска спантанна і на кожным кроку праводзіла палітыку, якая адпавядала канцэпцыі інкарпарацыі”.

Адносіны да Польшчы і палякаў раз’ядналі беларускіх палітыкаў. Паводзіны войска і адміністрацыі ажыўлялі ідэю заходнерусізму. У Радзе БНР рашуча антыпольскія пазіцыі займалі дзеячы БПСР і БПСФ. Частка палітыкаў гэтых партый, асабліва федэралісты, не былі таксама прыхільнікамі паразумення з саветамі, але ў склаўшайся сітуацыі аднолькавым злом яны лічылі заключэнне якіх—небудзь пагадненняў з любым змагаючымся бокам, бачачы ў дзеяннях кожнага з іх ажыццяўленне сваіх імперыяльных памкненняў.

Аднак паразумення з палякамі шукалі дзеячы, згуртаваныя вакол прэм’ера ўрада БНР Антона Луцкевіча. Не давяралі яны бальшавікам і спадзяваліся ў выпадку перамогі Польшчы на выкананне абяцанняў начальніка Польскай дзяржавы дадзеных у Вільні і Мінску. 20 лістапада падчас сустрэчы А. Луцкевіча з Ю. Пілсудскім было ўзгоднена, што Рада БНР пераўтворыцца ў Нацыянальную беларускую раду, што абазначала б замену яе статусу з дзяржаўнага прадстаўніцтва на нацыянальнае. Гэтая дамоўленасць была адкінута большасцю членаў Рады. Прыхільнікі захавання незалежнасці Беларусі — Вацлаў Ластоўскі, Пётр Крачэўскі, Васіль Захарка, Аляксандр Цвікевіч, кс. Адам Станкевіч, Тамаш Грыб — рашылі адклікаць з паста прэм’ерміністра Антона Луцкевіча і такім чынам пазбавіць яго паўнамоцтваў выступаць ад імя Рады БНР. Прыхільнікі Луцкевіча з Паўлам Алексюком на чале прапанавалі стварэнне “Дырэкторыі”, якая выконвала б ролю нацыянальнага прадстаўніцтва, і далейшае вядзенне перагавораў з палякамі. 13 снежня 1919 г. большасць членаў Рады новым прэм’ерміністрам абрала Вацлава Ластоўскага і абвясціла сябе Народнай Радай БНР, старшынёй якой стаў Пётр Крачэўскі. Астатнія, прыхільнікі супрацоўніцтва з Польшчай, абвясцілі сябе Найвышэйшай Радай БНР і на пасадзе прэм’ерміністра пакінулі Антона Луцкевіча. Старшынёй Найвышэйшай Рады стаў Іван Серада. Некалькі дзён у Мінску існавалі два беларускія ўрады і дзве рады, якія выступалі ад імя беларускага народа. Неўзабаве ўрад В. Ластоўскага і частка членаў Народнай Рады былі палякамі арыштаваны. Пасля вызвалення з турмы большая частка іх падалася ў Коўна, дзе атрымалі статус эміграцыйнага ўрада і сродкі на вядзенне канспіратыўнай дзейнасці на тэрыторыі Польшчы. Антон Луцкевіч і большасць членаў Найвышэйшай Рады пераехалі ў Вільню. Быў гэта заадно канец надзеі на вырашэнне беларускіх праблем пры падтрымцы Польшчы. Папраўдзе яшчэ 24 сакавіка Вацлаў Іваноўскі, у якога былі паўнамоцтвы Найвышэйшай Рады, заключыў з Леанам Васілеўскім, які прадстаўляў начальніка Польскай дзяржавы, пагадненне ў справе ўрэгулявання польскабеларускага жыцця на Міншчыне, але ўжо не было адпаведнай атмасферы і — як выявілася — часу на ажыццяўленне падпісаных абавязацельстваў. “У ідэі польскабеларускага супрацоўніцтва, — пісаў Юры Туронак, — былі аднак па абодвух баках многія праціўнікі. Была яна новай з’явай і па гэтай прычыне мала зразумелай. Рашучая большасць памешчыкаў у Беларусі патрабавала не канфедэрацыі, але яе інкарпарацыі ў склад Польшчы, згаджалася з магчымасцю пайсці ў будучым на пэўныя культурныя ўступкі беларусам, аднак абуралася з прычыны трактавання іх як палітычнага партнёра. (...) Гэтай ідэі супрацьстаўлялася таксама прараганда беларускіх эсэраў, якія не раз выкарыстоўвалі скандальныя і безадказныя паводзіны войска і польскай адміністрацыі і, спасылаючыся на лозунг незалежнасці краіны, абвінавачвалі абаронцаў гэтага супрацоўніцтва ў згодніцтве перад Польшчай і здрадзе нацыянальным інтарэсам”.

У ліпені 1920 г. Беларусь паўторна была занята Чырвонай Арміяй. 12 ліпеня бальшавікі падпісалі пагадненне з літоўскім урадам, у адпаведнасці з якім Віленшчына і Гродзеншчына былі перададзены Літве. Гэты дагавор гарантаваў нейтралітэт Літвы ў ходзе савецкапольскай вайны, а ў выніку — бяспеку правага фланга войскаў Заходняга фронту, якія наступалі ў напрамку Варшавы. Адначасна амаль мільённая маса беларусаў у межах Літвы стварала Савецкай Расіі перспектыву ўплываць на ўнутраную сітуацыю ў гэтай краіне.

31 ліпеня існуючы яшчэ Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі паўторна абвясціў незалежнасць Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Утвораны ў тым жа часе Ваеннарэвалюцыйны камітэт (у складзе: Аляксандр Чарвякоў, Вільгельм Кнорын, Язэп Адамовіч) выконваў функцыі беларускага савецкага ўрада. У дэкларацыі ЦК КП(б)ЛіБ аб абвяшчэнні “незалежнай БССР” гаварылася, што граніцы Беларусі з буржуазнымі дзяржавамі будуць устаноўлены па этнаграфічным крытэрыі, а з сацыялістычнай Расіяй і Украінай — “згодна з воляй беларускага народа”. У склад створанай у адпаведнасці з гэтым дакументам дзяржавы ўваходзіла толькі 18 паветаў. Яе тэрыторыя ў невялікай ступені выходзіла паза межы Міншчыны. У кастрычніку 1920 г. большая частка тэрыторыі Беларусі разам з Мінскам была паўторна занята польскім войскам. Пасля падпісання прэлімінарнага дагавору ў Рызе, 12 паветаў, якія ўваходзілі ў састаў БССР, апынуліся ў межах Рэчы Паспалітай. На савецкім баку засталася мікраскапічная рэспубліка з 6 паветаў колішняй Мінскай губерні.

У час польска—савецкай вайны значная частка беларускіх палітыкаў, ведаючы з уласнага вопыту бальшавіцкае панаванне ў 1919 г., не спяшалася заключаць якія—небудзь пагадненні з А. Чарвяковым і В. Кнорыным. Разам з польскай арміяй адышлі ў горад Лодзь Беларуская вайсковая камісія і падначаленыя ёй падраздзяленні. Незалежна ад БВК, ад імя беларускага ўрада Антона Луцкевіча, на польскім баку змагаўся атрад пад камандаваннем ген. Станіслава БулакБалаховіча. 12 кастрычніка Павел Аляксюк, які выконваў абавязкі старшыні Беларускага палітычнага камітэта, заключыў пагадненне з ген. БулакБалаховічам, у адпаведнасці з якім Камітэт меў весці вярбовачную акцыю ў беларускае войска. Яго камандзірам меў быць БулакБалаховіч. Узамен меў ён дапамагчы дзейнічаючаму ад імя ўрада А. Луцкевіча Камітэту пераймаць цывільную ўладу на занятых ягоным войскам абшарах Беларусі.

Генарал Булак-Балаховіч разам са сваім атрадам, паралізуючы тылы Чырвонай Арміі, выдатна пасадзейнічаў польскім войскам у контрнаступленні ў верасні 1920 г. Прабаваў ён, згодна сакрэтнай дамоўленасці з Ю. Пілсудскім, ваяваць з Савецкай Расіяй яшчэ пасля перамір’я на польска—савецкім фронце ў кастрычніку 1920 г. Восенню армія ген. БулакБалаховіча налічвала амаль 15 тыс. салдат. 10 лістапада ягоныя атрады заваявалі Мазыр і рыхтаваліся да наступлення на Мінск і Гомель. У Мазыры С. БулакБалаховіч пракламаваў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, сябе абвясціў Галоўнакамандуючым, а Беларускі палітычны камітэт — урадам БНР, адмаўляючыся такім чынам падпарадкавацца існуючым ужо цэнтрам улады — урадам А. Луцкевіча ў Варшаве і В. Ластоўскага ў Коўне. Прэм’ерміністрам новага ўрада стаў Вячаслаў Адамовіч. Ад імя свайго кабінета выдаў ён маніфест да беларускага народа, у якім апавяшчалася далейшая барацьба за незалежнасць Беларусі ў саюзе з Польшчай, правядзенне аграрнай рэформы, уключна з адчужэннем вялікай зямельнай уласнасці і скліканне нацыянальнага прадстаўніцтва дзеля акрэслення дзяржаўнага строю. Пасля баёў, якія цягнуліся некалькі дзён, атрады ген. С. БулакБалаховіча былі Чырвонай Арміяй разбіты і прымушаны адступіць на тэрыторыю Польшчы, дзе і былі інтэрніраваны.

У той жа час за незалежнасць Беларусі прабавалі змагацца таксама афіцэры, які выводзіліся са Слуцкага павета. У палове лістапада адбыўся З’езд Случчыны. Прадстаўнікі палітычных партый, сялянскіх саветаў, грамадскакультурных арганізацый прызналі Случчыну часткай Беларускай Народнай Рэспублікі і вырашылі змагацца за яе незалежнасць. Спадзяваліся яны, што іх змаганне будзе пачаткам акцыі, якая ахопіць усю Беларусь. На працягу двух дзён жыхарам Случчыны ўдалося сфарміраваць два стралковыя палкі. Далучыўся да іх беларускі батальён з Беласточчыны пад камандаваннем Міколы Дзямідава. На гэтай аснове была створана Слуцкая брыгада, якая налічвала каля 4 тыс. салдат. 30 лістапада пачаліся баі з атрадамі Чырвонай Арміі, вынік якіх, па прычыне перавагі расіян, быў загадзя вядомы. Аднак ваенныя дзеянні, галоўным чынам партызанскага характару, доўжыліся амаль да канца снежня 1920 г. Слуцкія паўстанцы, так як раней армія ген. С. БулакБалаховіча, адышлі на тэрыторыю Польшчы, дзе таксама былі інтэрніраваны.

У канцы 1920 г. у прыфрантавой паласе, па абодвух баках дэмаркацыйнай лініі, дзейнічала больш за дзесяць беларускіх партызанскіх атрадаў, якія выступалі пад супольнай назвай “Зялёны дуб”. Са згоды і пры падтрымцы польскай разведкі партызаны ўчынялі напады на кантралявавную савецкім войскам тэрыторыю, а ў выпадку небяспекі адыходзілі ў Польшчу. І хаця лозунгам “Зялёнага дуба” была барацьба за незалежную Беларусь у этнаграфічных граніцах, аднак, здаецца, мела яна ўсяго прапагандысцкае значэнне. Многія беларускія афіцэры, якія ўдзельнічалі ў вайне з бальшавікамі на пачатку 1921 г., перамір’е на польска—савецкай граніцы лічылі часовым становішчам. У гэтым перакананні праўдападобна ўмацоўвалі іх прадстаўнікі польскай разведкі, якія дастаўлялі ім зброю і сродкі на ўтрыманне атрадаў. Пасля падпісання 18 сакавіка 1921 г. Рыжскага мірнага дагавора частка камандзіраў “Зялёнага дуба” прызнала беларускі эміграцыйны ўрад Вацлава Ластоўскага адзіным прадстаўніцтвам беларускага народа. Многія памянялі фронт, спынілі антысавецкую партызанскую дзейнасць, далучыліся да руху, які арганізаваўся ковенскім цэнтрам на тэрыторыі Гродзеншчыны і Віленшчыны.

Летам 1921 г. польскія ўлады, у адпаведнасці з рашэннямі Рыжскага мірнага дагавора, забаранілі беларусам весці якія—небудзь дзеянні супраць СССР з тэрыторыі Польшчы. У рамках ліквідацыі антысавецкіх цэнтраў у межах польскай дзяржавы на Гродзеншчыне забаронена было выдаваць газеты на беларускай мове і закрыты былі беларускія школы.

У кастрычніку 1920 г. польскае войска пад камандаваннем ген. Люцыяна Жалігоўскага заняло Віленшчыну, якая з ліпеня знаходзілася ў межах Літвы. Пераможаныя літоўцы, зацікаўленыя ў аслабленні Польшчы, сталі тады прыхільнікамі беларускага незалежніцкага руху.

На тэрыторыі пракламаванай ген. Л. Жалігоўскім г.зв. Сярэдняй Літвы Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч атрымалі высокія пасады ў польскай адміністрацыі — Часовай упраўляючай камісіі. Аднак віленскі Беларускі нацыянальны камітэт не аказаў падтрымкі іхнай місіі. Паза тэрыторыяй Сярэдняй Літвы, усюды там, дзе вярталася польская адміністрацыя, закрываліся беларускія школы. На тэрыторыі Віленшчыны беларускае школьніцтва існавала да той пары, пакуль у складзе Часовай упраўляючай камісіі былі В. Іваноўскі і Б. Тарашкевіч.

13 лістапада 1920 г. урад БНР Вацлава Ластоўскага падпісаў з урадам Літвы пагадненне аб узаемнай падтрымцы дзеля “стрымання польскага імперыялізму”. Узамен за фінансавую дапамогу і падтрымку на міжнароднай арэне урад Ластоўскага абавязаўся перадаць у распараджэнне літоўскага галоўнага камандавання ўсе беларускія вайсковыя часці, якія знаходзіліся на тэрыторыі Літвы. Паабяцаў ён таксама паўплываць на беларусаў, каб у выпадку аб’яўлення рэферэндуму ў справе дзяржаўнай прыналежнасці гэтай тэрыторыі галасавалі яны за карыснае для Літвы вырашэнне. Урад В. Ластоўскага атрымаў таксама 40 млн. марак крэдыту ад Нямеччыны на фінансавую падтрымку партызанскіх атрадаў, якія мелі змагацца з Польшчай у выпадку яе вайны з Літвой.

Падчас канчаючых польска—савецкую вайну мірных перагавораў, якія вяліся ў Рызе з восені 1920 г., беларусаў не прадстаўляў ніводзін палітычны цэнтр. Лёс Беларусі вырашаўся без беларусаў. Паводле ўдзельніка перагавораў з польскага боку Уладзіслава Грабскага, савецкі ўрад, узамен за ўступкі на тэрыторыі Украіны, прапанаваў Польшчы большую частку Беларусі разам з усёй Міншчынай. Баючыся залішне вялікай колькасці праваслаўнага насельніцтва ў межах Рэчы Паспалітай, Уладзіслаў Грабскі, прадстаўляючы эндэцкую (нацыяналдэмакратычную) палітычную думку, фарсіраваў граніцу ўздоўж Дзвіны, ад латышска—савецкай мяжы ў напрамку сярэдняга цячэння Прыпяці. Такі выгляд граніцы з СССР выключаў, нават пры добрай волі польскага боку, ажыццяўленне якіх—небудзь федэратыўных планаў, спрыяў эндэцкай канцэпцыі інкарпарацыйнай палітыкі.

Рыжскі мірны дагавор нанёс вялікі ўдар па беларускіх палітыках Найвышэйшай Рады БНР і Беларускага палітычнага камітэта, якія паслядоўна выказваліся за аб’яднанне беларускіх зямель і стварэнне федэрацыі з Польшчай. Акцыя ген. С. БулакБалаховіча ў Мазыры і Слуцкае паўстанне не змянілі стаўлення польскага ўрада і парламента да выканання пагадненняў, заключаных з бальшавікамі ў кастрычніку 1920 г. і пацверджаных Рыжскім мірным дагаворам. Гэты дагавор, які падзяліў Беларусь, ніколі не быў адобраны ніводным важнейшым беларускім цэнтрам у Польшчы, ствараў сітуацыю супярэчнасці польскабеларускіх інтарэсаў і вялікія магчымасці ўздзеяння на гэтыя суадносіны з боку Масквы.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: