Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры і характару людзей, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.
Існаванне Вялікага княства Літоўскага стварала новыя ўмовы для далейшага фарміравання беларускай народнасці. Гэтаму садзейнічала мноства фактараў.
Першая група – палітычныя фактары. Неабходнасць барацьбы са знешняй агрэсіяй, уваходжанне беларускіх зямель у склад ВКЛ садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах ВКЛ было арганізавана адзінае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складанні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.
Аднак палітычнае аб’яднанне поўнасцю не знішчыла лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Увогуле, у грамадска-палітычным жыцці ВКЛ наглядалася як аб’яднальная, так і сепаратысцкая тэндэнцыі, што ўскладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.
|
|
Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явілася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, замена двухполля парнай зерневай сістэмай трохполля, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю. Вырастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель.
Паступова ў ВКЛ усталёўвалася адзіная грашовая сістэма гандлёва-вымяральных стандартаў.
Разам з тым ва ўмовах феадальнага спосабу вытворчасці з яго натуральнай сістэмай гаспадарання аб’яднальныя працэсы абмяжоўваліся рэгіянальнымі, а не агульна-дзяржаўнымі сувязямі, стварэннем лакальных рынкаў вакол гарадоў і мястэчкаў.
З папярэднімі фактарамі цесна звязаны і сацыяльныя ўмовы. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае зацвярджэнне прыгоннага права садзейнічала кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх.
Разам з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі пэўную ролю адыгрываў і канфесійны фактар. Канфесійныя антаганізмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба народа з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.
Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.
|
|
Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. На этнічнай тэрыторыі беларусаў адбыліся значныя змены ў мове ўсходне-славянскага насельніцтва. На працягу XIV–XV ст. на аснове старажытнарускай мовы развіваліся спецыфічныя рысы беларускай гаворкі. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі.
Матэрыяльная і духоўная культура новага ўсходнеславянскага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе састаўной часткай былі новаўвядзенні, якія закранулі сямейны і абшчынны быт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя з суседніх народаў. У XV–XVI стст. на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шэраг новых тыпаў пасяленяў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла аграрная рэформа 1557 г., калі было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзіны рад.
Асноўнымі прыладамі сельскагаспадарчай працы з’яўляліся літоўская саха, драўляная частапляцёная барана, сукаватка, матыка, серп, цэп і інш.
На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, яркія безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі. Менавіта ў той час узнік новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні.
Першым тэатральным відовішчам былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохаў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнікае таксама народны лялечны тэатр “Батлейка”, дзе разам са свецкімі сюжэтамі выкарыстоўваліся і хрысціянскія міфалагічныя тэмы. У XVI ст. з’яўляюцца новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.
Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць беларусаў. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Аднак значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазіла працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў.