Захоп тэрыторыі Беларусі войскамі Польшчы. Савецка-польская вайна

У першай палове лютага 1919 г. Польшча з дапамогай Антанты пачала ваенныя дзеянні супраць Савецкай Расіі. І першай ахвярай на шляху польскіх войск была Беларусь. Сутнасць палітыкі Польшчы ў адносінах да Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва “Стражы крэсавай” – арганізацыі, якая ў 1919–1920 гг. абараняла інтарэсы польскіх памешчыкаў, вяла барацьбу за далучэнне да Польшчы т. зв. “крэсаў”, г. зн. беларускіх, літоўскіх, украінскіх зямель. Ужо да сярэдзіны сакавіка 1919 г. былі захоплены Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідаль, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірным шляхам урэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Адначасова быў арганізаваны адпор ворагу, створаны Заходні фронт, а Літоўска-Беларуская Савецкая рэспубліка аб’яўлена на ваенным становішчы. Быў сфарміраваны Савет абароны, праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы.

Вялікае значэнне для арганізацыі адпору інтэрвентам мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі, прынятыя ў маі 1919 г. аб неабходнасці ваенна-палітычнага саюза. На аснове гэтых пастаноў ЦВК Расіі прыняў 1 чэрвеня 1919 г. пастанову аб аб’яднанні ваенных сіл савецкіх рэспублік.

Аднак становішча на фронце не палепшылася. У канцы ліпеня польскім войскам удалося прарваць лінію абароны і захапіць Заслаўе, Сёмкаў Гарадок. 8 жніўня 1919 г. Праціўнік уварваўся ў Мінск. Працягваючы наступленне, інтэрвенты ў жніўні–верасні 1919 г. захапілі Ігумен, Нова-Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў.

Не прыняўшы неаднаразовых савецкіх прапаноў аб мірных перагаворах, кіруючыя колы Польшчы пайшлі на разгортванне ваенных дзеянняў. 5 сакавіка 1920 г. яны распачалі наступальную аперацыю ў раёне Рэчыцы, Мазыра і Калінкавіч. У выніку гэтыя гарады былі захоплены праціўнікам.

25 красавіка 1920 г. войскі Польшчы перайшлі ў наступленне на Украіне. Войскі Паўднёва-Заходняга фронту гераічна абараняліся, але, несучы вялікія страты, былі вымушаны адступіць. Адчувалася перавага сіл праціўніка.

У перыяд польскага наступлення ЦК РКП(б), савецкі ўрад шмат увагі ўдзялялі пытанням тактыкі барацьбы з польскімі інтэрвентамі. 28 красавіка 1920 г. Палітбюро ЦК РКП(б) зацвердзіла распрацаваны галоўным камандаваннем план баявых дзеянняў. Асноўны ўдар павінны былі нанесці войскі Заходняга фронту на Беларусі. Дапаможны ўдар планаваўся на Паўднёва-Заходнім фронце ў напрамку на Брэст 29 красавіка 1920 г. галоўнакамандуючым Заходнім фронтам быў прызначаны М. Тухачэўскі. 14 мая 1920 г. войскі Заходняга фронту пачалі наступленне. У выніку жорсткіх баёў польскія войскі захапілі ініцыятыву.

Майскае наступленне Заходняга фронту не змагло забяспечыць выкананне пастаўленых перад ім задач. Пачалася інтэнсіўная работа па далейшым умацаванні абароны краіны.

4 ліпеня 1920 г. пачалося агульнае наступленне войск Заходняга фронту, якое ў цэлым развівалася паспяхова. Войскі імкліва рухаліся наперад, праходзячы па 30–40 км за суткі.

Польскія войскі адступалі на захад. 11 ліпеня 1920 г. быў вызвалены Мінск. У выніку наступлення войск Заходняга фронту ў ліпені 1920 г. уся тэрыторыя Беларусі была ачышчана ад акупантаў.

На вызваленай тэрыторыі Беларусі пачалося аднаўленне савецкай улады. Часова ўзяўшы ўсю ўладу, Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з А. Чарвяковым адмяніў пастановы і загады акупантаў і абвясціў пра ўступленне ў сілу законаў савецкай улады.

Тым часам Чырвоная Армія працягвала свой паход на захад. У канцы ліпеня 1920 г. яна ўступіла на тэрыторыю Польшчы. Пад яе ўздзеяннем значна ўзмацніўся рэвалюцыйны рух польскага пралетарыяту. У населеных пунктах, занятых Чырвонай Армі яй, ствараліся рэвалюцыйныя камітэты. 30 ліпеня 1920 г. у Беластоку польскімі рэвалюцыянерамі быў створаны Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы (Польрэўком).

У гэтых умовах ЦК РКП(б), савецкі ўрад далі ўказанне прадоўжыць наступленне Чырвонай Арміі. Аднак, плануючы далейшыя баявыя дзеянні, савецкае камандаванне ў сваіх разліках недаацаніла здольнасць польскай арміі абараняцца і перабольшыла наступальныя магчымасці Чырвонай Арміі. Сілы Заходняга фронту значна аслаблі. 13 жніўня 1920 г. Чырвоная Армія аднавіла наступленне, але няўдала. 16 жніўня польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне і авалодалі ініцыятывай. 17 жніўня Чырвоная Армія пачала адступаць. Пры адыходзе войскі фронту неслі значныя страты.

18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай. Згодна з дагаворам, заходнія землі Беларусі, тэрыторыі сучасных Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, частка Мінскай вобласці (без Мінска) і Віцебскай адышлі да Польшчы. Тэрыторыя склала больш за 100 тыс. кв. км, на ёй жыло звыш 4 млн чалавек. Акупацыя гэтых тэрыторый Польшчай працягвалася да 17 верасня 1939 г.

§ 2. Барацьба беларускага народа супраць польскіх інтэрвентаў. Беларускі нацы янальны рух

На захопленай тэрыторыі польскія інтэрвенты ліквідавалі савецкую ўладу і аднавілі ўладу памешчыкаў і капіталістаў. Была адноўлена і прыватная ўласнасць на сродкі вытворчасці, былым гаспадарам вернуты нацыяналізаваныя савецкай уладай прамысловыя прадпрыемствы і зямля. Для кіраўніцтва захопленымі раёнамі ўрад Польшчы яшчэ ў лютым 1919 г. стварыў генеральны камісарыят, які загадам ад 25 жніўня 1919 г. адмяніў у гэтых раёнах дэкрэты савецкай улады, забараніў дзейнасць савецкіх устаноў.

Акупанты ўстанавілі на захопленай тэрыторыі дэспатычны рэжым. Толькі ў Мінску імі было арыштавана больш за 1000 жыхароў, з якіх 100 чалавек расстралялі па прыгаворах ваенна-палявых судоў. Тысячы сумленных грамадзян, якія не жадалі падпарадкавацца акупантам, былі кінуты ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Беларускі народ не схіліў галавы перад інтэрвентамі. Амаль ва ўсіх гарадах рэспублікі былі створаны падпольныя партыйныя арганізацыі, якія ўзначалілі барацьбу працоўных за сваё вызваленне. У тыле ворага ўзнікла разгалінаваная сетка партызанскіх атрадаў. Партызаны разбуралі камунікацыі, узрывалі вайсковыя эшалоны, грамілі гарнізоны, праводзілі вялікую разведвальную работу ў тыле ворага. Партызанскія атрады ўзаемадзейнічалі з чырвонаармейскімі часцямі Заходняга фронту. Штаб фронту каардынаваў іх дзеянні, дапамагаў ім набываць узбраенне, распрацоўваць планы баявых аперацый.

28 студзеня 1920 г. у в. Гатава Мінскага павета адбыўся першы з’езд партызан. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць паляпшаць баявое ўзаемадзеянне партызан, іх аб’яднанне для правядзення буйных аперацый. 5 красавіка 1920 г. у в. Міханавічы (каля Мінска) адбыўся другі з’езд партызан. На з’ездзе адзначалася, што барацьба ў тыле акупантаў набыла шырокі размах, што блізкі час прыходу Чырвонай Арміі.

У гады польскай акупацыі тэрыторыі Беларусі вызначалася сутнасць кожнай партыі, арганізацыі і іх кіраўнікоў. Суровая рэчаіснасць прымушала іх выявіць свае адносіны да акупацыйных улад, распрацаваць сваю стратэгію і тактыку ў гэтых складаных умовах.

Партыя бальшавікоў, якая з 5 сакавіка 1919 г. да 5 верасня 1920 г. дзейнічала як аб’яднаная з літоўскай партыяй бальшавікоў, ужо ў пачатку акупацыі тэрыторыі Беларусі польскімі войскамі ўзначаліла барацьбу працоўных супраць акупантаў.

19 мая 1919 г. аб’яднаны ЦК КП(б) ЛіБ абмеркаваў пытанні аб становішчы за дэмакрацыйнай лініяй, звярнуўся да салдат польскай арміі з адозвай аб спыненні братазабойчай вайны.

Лідэры нацыянальна-дэмакратычных партый у пачатку вайны паверылі абяцанням Ю. Пілсудскага, разлічвалі, што ён дапаможа здзейсніць ідэю незалежнасці Беларусі. Беларускія сацыял-дэмакраты, сацыялісты-федэралісты, эсэры спачатку пагадзіліся супрацоўнічаць з ім. Перагаворы з Пілсудскім аб перадачы грамадзянскай улады Радзе БНР вялі кіраўнікі беларускіх сацыялістаў-федэралістаў. Таго ж праз Польскую сацыялістычную партыю дабіваліся і дэлегацыя беларускіх эсэраў у Варшаве.

Але ўсе гэтыя намаганні былі дарэмныя. Адначасова закрываліся на захопленай тэрыторыі беларускія школы, культурна-асветныя ўстановы, газеты. У Гродне былі раззброены 1-ы і 2-і беларускія пяхотныя палкі і кавалерыйскі эскадрон, падпарадкаваныя Радзе БНР.

Жорсткі акупацыйны рэжым і ўзброеная барацьба працоўных Беларусі супраць польскіх акупантаў аказалі значны ўплыў на тактыку беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партый. Яны арыентаваліся на Раду БНР, а яе дзейнасць была поўнасцю паралізавана. Таму накірунак гэтых партый рэзка змяніўся. Беларускія эсэры і сацыялісты-федэралісты выказаліся за ўтварэнне літоўска-беларускай дзяржавы ў межах былога Вялікага княства Літоўскага.

Адмаўляючы савецкую ўладу, як непрыдатную форму для дзяржавы працоўных, беларускія эсэры меркавалі, што найбольш адпаведнай інтарэсам усяго беларускага народа формай улады будзе беларуская працоўная рэспубліка (дыктатура ўсіх працоўных, а не толькі пралетарыяту).

Галоўнымі напрамкамі палітыкі Рады БНР і яе ўрада ва ўмовах польскай акупацыі былі: 1) па-ранейшаму дамагацца ад сусветнай дзяржаўнасці (і ад Польшчы) афіцыйнага прызнання незалежнасці БНР; 2) устанаўленне федэратыўных адносін з Польшчай; 3) перадача ўсёй грамадзянскай улады на Беларусі Радзе БНР.

Перагаворы з польскай уладай завяршыліся тым, што Рада БНР была распушчана. Аднак потым яна згадзіліся на скліканне Рады БНР і стварэнне беларускага войска за абяцанне А. Луцкевіча, што гэта Рада правядзе рашэнні на карысць Польшчы (Ю. Пілсудскі спадзяваўся, што яна прыме рашэнне аб уніі з Польшчай).

Пайсці такім шляхам не згадзіліся сацыялісты-федэралісты і сацыялісты-рэвалюцыянеры. 13 снежня 1919 г. яны ўтварылі новую Народную Раду, якая пацвердзіла акт 25 сакавіка 1918 г. аб незалежнасці Беларусі. У адказ польскія ўлады арыштавалі найбольш актыўных дзеячаў партыі эсэраў і ўтварылі Найвышэйшую Раду, па-сутнасці, марыянетку польскай улады.

Напярэдадні вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі беларускія эсэры вялі перагаворы з кіраўніцтвам Саветскай Расіі аб прызнанні створанага Радай урада Беларусі, аднак ЦК РКП(б) не збіраўся дзяліць уладу з нацыянальнымі партыямі.

Такім чынам, беларускі нацыянальны рух у перыяд польскай акупацыі быў накіраваны на аб’яднанне ўсіх працоўных у іх барацьбе супраць інтэрвентаў і вызваленне Беларусі ад іншаземных захопнікаў.

§ 3. Аднаўленне Беларускай ССР

Пасля паспяховага ліпеньскага (1920) наступлення Чырвонай Арміі, калі ўся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад польскіх захопнікаў, практычна пыўстала пытанне пра аднаўленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Але сярод кіраўніцтва Літбела па-ранейшаму не было адзінай думкі па гэтым пытанні. Члены ЦК КП(б) ЛіБ В. Кнорын, М. Калмановіч, Р. Пікель, І. Рэйнгольд і іншыя, якія ў 1918 г. падзялялі пазіцыю А. Мяснікова, і цяпер не лічылі неабходным ствараць суверэнную Беларускую Савецкую Рэспубліку. Яны абмяжоўваліся наданнем беларусам культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах Мінскай губерні, якая павінна была ўвайсці ў склад РСФСР як адміністрацыйная адзінка. Яны не ўлічвалі настрою беларускага народа, які хацеў аднавіць сваю дзяржаўнасць. Па-ранейшаму рашэнне “беларускага пытання” яны ставілі ў залежнасць ад вынікаў сусветнай рэвалюцыі. Гэтай ідэяй кіраваліся тады многія партыйныя дзеячы.

Другая частка членаў ЦК КП(б) ЛіБ на чале з А. Чарвяковым настойліва патрабавала ад ЦК РКП(б) тэрмінова разгледзець беларускае пытанне. У маі 1920 г. па ініцыятыве А. Чарвякова, які ўзначальваў савецкі аддзел Рэўваенсавета Заходняга фронту, праходзілі нарады камуністаў-беларусаў з абмеркаваннем аднаго і таго ж пытання: “Аб аднаўленні савецкай улады і самавызначэнні Беларусі”.

Нарэшце, улічваючы настрой працоўных мас, ЦК КП(б) ЛіБ 6 ліпеня 1920 г., калі Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, выказаўся за аднаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Тым часам Чырвоная Армія працягвала наступленне.

12 ліпеня 1920 г. у Маскве быў падпісаны дагавор паміж Літвой (сталіца – г. Коўна) і РСФСР. Разлічваючы на перамогу савецкай улады ў Літве і яе магчымыя сутыкненні з Польшчай, урад РСФСР пайшоў на тое, каб уключыць частку тэрыторый з гарадамі Гродна, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў у межы Літвы. Віленскі край з Вільняй таксама быў прызнаны часткай Літвы. У сувязі з падпісаннем гэтага дагавора юрыдычна перастала існаваць Літоўска-Беларуская ССР. Пачалася практычная работа па аднаўленні беларускай дзяржаўнасці. 30 ліпеня 1920 г. замест Мінскага губрэўкома быў створаны Ваенрэўком Беларускай Рэспублікі. У яго ўвайшлі А. Чарвякоў – старшыня, В. Кнорын – намеснік старшыні, І. Адамовіч – намеснік старшыні па ваенных справах. Членамі рэўкома таксама з’яўляліся У. Ігнатоўскі, А. Вайнштэйн і інш. Белваенрэўком з’яўляўся часовым органам улады на вызваленай ад інтэрвентаў тэрыторыі Беларусі.

Вельмі складаным было тэрытарыяльнае пытанне адноўленай рэспублікі. Канкрэтна яе межы не былі вызначаны. І зрабіць гэта было вельмі цяжка.

У ліпені 1920 г., калі Чырвоная Армія паступова прасоўвалася на захад, з’явілася рэальная магчымасць аднавіць рэспубліку ў тых межах, якія былі вызначаны камісіяй І з’езда КП(б)Б. Але і ў дадзеным выпадку зрабіць гэта было немагчыма. У выніку вельмі цяжкіх унутраных і знешнепалітычных абставін, паражэння Чырвонай Арміі на Заходнім фронце Беларуская Рэспубліка аднаўлялася ў межах адной Мінскай губерні, а дакладней, толькі 6 яе паветаў. На іх тэрыторыі налічвалася 1 млн 635 тыс. жыхароў. Беларускія эсэры адмовіліся падпісаць “Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”, хоць спачатку выказаліся ў яе падтрымку. Яны прапанавалі пашырыць тэрыторыю рэспублікі да яе этнаграфічных межаў. Акрамя таго, яны патрабавалі склікаць Усебеларускі працоўны кангрэс для вырашэння пытання аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі, сфарміраваць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў усіх партый нацыянальнай дэмакратыі, утварыць беларускае войска, забяспечыць поўную незалежнасць Беларусі ад Расіі, абвясціць беларускую мову дзяржаўнай. ЦК КП(б) ЛіБ адхіліў гэтыя патрабаванні. Тады ЦК БПС-Р вывеў сваіх прадстаўнікоў з Белваенрэўкома і заявіў, што партыя эсэраў абараняе інтарэсы сялянства і працоўнай беларускай інтэлігенцыі і не падзяляе бальшавіцкую пазіцыю па праблеме дзяржаўнай улады на Беларусі.

У лістападзе–снежні 1920 г. на Беларусі прайшлі выбары ў сельскія, валасныя, павятовыя і гарадскія Саветы. Рэўкомы былі скасаваны. У склад Саветаў увайшлі ў асноўным бальшавікі. Пры Саветах утварыліся камісіі, якія пад кіраўніцтвам партыйных арганізацый праводзілі чыстку савецкіх устаноў ад “класава-варожых элементаў”. 13–17 снежня 1920 г. адбыўся ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў. З’езд абраў ЦВК БССР і звярнуўся да працоўных Беларусі з заклікам накіраваць усе сілы на аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі.

§ 4. Гаспадарчае і культурнае будаўніцтва ў 1919–1920 гг.

У гады іншаземнай інтэрвенцыі на Беларусі панавалі разруха і голад. Не працавалі многія прамысловыя прадпрыемствы. Быў разбураны транспарт. Надзвычай цяжка было з харчаваннем, асабліва ў гарадах. Усё гэта патрабавала ўзмацнення работы па мабілізацыі працоўных на барацьбу з гаспадарчай разрухай. 12 лютага 1919 г. Савет народнай гаспадаркі Беларусі (СНГБ) прыняў пастанову аб нацыяналізацыі ўсіх фабрык і заводаў і іншых прамысловых прадпрыемстваў. Да ліпеня 1919 г. на Беларусі было нацыяналізавана 182 прадпрыемствы – гэта больш палавіны ўсіх дзейнічаючых фабрык і заводаў.

Ва 045Eмовах вайны і гаспадарчай разрухі галоўным было харчовае пытанне. Каб выратаваць рабочых ад голаду, забяспечыць харчовымі прадуктамі Чырвоную Армію, савецкая ўлада была вымушана пайсці на надзвычайную меру – увядзенне харчовай развёрсткі. Яна з’явілася галоўным элементам эканамічнай палітыкі, якая атрымала назву “ваенны камунізм”.

Аднак становішча на Беларусі ў гэты час заставалася вельмі цяжкім. Польскія інтэрвенты нанеслі гаспадарцы Беларусі велізарныя страты. Паводле звестак камісіі па вызначэнні страт, нанесеных войскамі Польшчы беларускаму народу, агульныя страты дасягнулі 52 029 281 рубля ў даваеннай залатой валюце (9 034 208 319 савецкіх рублёў паводле курсу 1940 г.). Ад тэрору, грабяжоў і гвалтаў акупантаў Беларусь страціла звыш 158 тыс. мірных жыхароў.

Аднаўленне народнай гаспадаркі пачалося з нацыяналізацыі прамысловасці. Да канца 1920 г. на Беларусі (у межах да 1939 г.) удзельная вага дзяржаўнага сектара ў буйной прамысловасці складала 94,2 % (345 прадпрыемстваў), у дробнай прамысловасці – 47,4 % (828 прадпрыемстваў), у дробных і рамесніцкіх майстэрнях – 2,5 % (10837 майстэрань). Такім чынам, камандныя пазіцыі ў прамысловасці Беларусі былі поўнасцю сканцэнтраваны ў руках дзяржавы. Да канца 1920 г. у Мінскай губерні пачалі даваць прадукцыю некалькі рамонтных майстэрань, дрожджа-вінакурных і смалакурных заводаў, тры канатныя фабрыкі і г.д. Пачалі будавацца новыя прадпрыемствы – панчошна-трыкатажная фабрыка ў Віцебску, лесапільны завод у Гомелі і інш. Але гэта былі толькі першыя і пакуль невялікія дасягненні.

У цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка. Значна скараціліся зямельныя плошчы, пагалоўе жывёлы.

Найбольш перспектыўнай формай калектыўнага земляробства лічылася сельскагаспадарчая арцель. 19 мая 1919 г. Наркамзем РСФСР зацвердзіў “Прыкладны статут працоўнай земляробчай арцелі”, у якім вызначыў прынцыпы яе арганізацыі. Статут прадугледжваў абавязковую здачу зямлі ў агульнае карыстанне і разам з тым дапускаў вядзенне членамі арцелі сваёй індывідуальнай гаспадаркі. Меркавалася, што такое спалучэнне грамадскіх і асабістых інтарэсаў будзе з’яўляцца важнай умовай росту прадукцыйнасці працы і развіцця грамадскай гаспадаркі. Аднак першыя сельскагаспадарчыя арцелі, утвораныя на Беларусі, паказалі, што спалучыць асабістыя і грамадскія інтарэсы сялян у тых умовах было вельмі складана.

Вельмі цяжкім было матэрыяльнае становішча працоўных Беларусі. Ва ўмовах грамадзянскай вайны савецкім урадам былі праведзены тэрміновыя мерапрыемствы, каб выратаваць рабочых ад голаду. З мэтай павелічэння харчовых пайкаў рабочым і служачым з ліку мясцовых рэсурсаў ствараліся новыя і пашыраліся падсобныя гаспадаркі прадпрыемстваў. У гарадах і мястэчках былі адкрыты рабочыя сталовыя. Абеды выдаваліся бясплатна. Размеркаванне пайкоў, работу сталовых кантралявалі рабочыя камісіі. Толькі ў Мінску ў кастрычніку 1920 г. была адкрыта 21 такая сталовая на 6 тыс. абедаў, большую частку якіх атрымлівалі беспрацоўныя. Акрамя таго, працавалі 22 дзіцячыя і 18 школьных сталовых. У Гомельскай губерні грамадскім харчаваннем карысталася каля 100 тыс. чалавек, у тым ліку каля 30 тыс. дзяцей, у Віцебскай губерні – 93,3 тыс. чалавек. Такія сталовыя былі адкрыты таксама ў Магілёве, Барысаве, Оршы, Слуцку і іншых гарадах і мястэчках Беларусі.

Ва ўмовах іншаземнай інтэрвенцыі, гаспадарчай разрухі вельмі складанае становішча было ў галіне культуры, народнай адукацыі. На захопленай Польшчай тэрыторыі Беларусі праводзіўся курс на апалячванне беларускага народа. Акупацыйныя ўлады прымушалі насельніцтва размаўляць толькі на польскай мове. Ужыванне рускай і беларускай моў было забаронена. Рабочыя і служачыя, якія не валодалі польскай мовай, пазбаўляліся працы. Толькі ў Мінску з гэтай прычыны было звольнена 8 тыс. рабочых і служачых.

Большасць насельніцтва была непісьменнай. У пачатку 1919 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях быў праведзены перапіс дзяцей школьнага ўзросту, які паказаў, што многія дзеці, асабліва ў вёсцы, не наведвалі школы. У Віцебскай губерні, напрыклад, у ліпені 1919 г. было зарэгістравана 13 668 дзяцей 8–13 гадоў, наведвалі школу толькі 8423 вучні. У Клімавіцкім павеце Гомельскай губерні восенню 1919 г. змаглі пайсці ў школу толькі 20 505 з 42 000 узятых на ўлік дзяцей школьнага ўзросту.

У 1919–1920 гг. былі зроблены адпаведныя захады, каб палепшыць школьную справу.

Важнейшай справай культурнага будаўніцтва на Беларусі ў 1919–1920 гг. з’явілася стварэнне вышэйшай і сярэдняй спецыяльай школы. Першай вышэйшай навучальнай установай на Беларусі быў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, адноўлены 7 красавіка 1919 г. У жніўні 1920 г. Наркамасветы РСФСР прызнаў неабходным адкрыць на Беларусі універсітэт, і пачалася падрыхтоўка да яго ўтварэння. У снежні 1920 г. пачаў працаваць Беларускі дзяржаўны палітэхнікум.

Часткай культурнага будаўніцтва было мастацкае выхаванне працоўных. У 1919–1920 гг. у многіх гарадах, мястэчках, вёсках Беларусі былі адкрыты клубы, бібліятэкі, музеі, музычныя школы, мастацкія майстэрні.

Плённа працавалі ў гэты час такія таленавітыя дзеячы беларускай літаратуры, як Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, М. Чарот, А. Гурло і інш.

У верасні 1920 г. у Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (БДТ), які адыграў вялікую ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага тэатра. У яго склад уваходзіла значная частка артыстаў Першага Беларускага аб’яднання драмы і камедыі, якая была арганізавана яшчэ ў красавіку 1917 г. у Мінску, а таксама таленавітая моладзь з самадзейнасці і некаторыя артысты рускай сцэны.


АДНАЎЛЕННЕ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ. ПРАВЯДЗЕННЕ ПАЛІТЫКІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ІНДУСТРЫЯЛІЗАЦЫІ. КАЛЕКТЫВІЗАЦЫЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ НА БЕЛАРУСІ

· § 1. Пачатак мірнага будаўніцтва. Новая эканамічная палітыка, яе сутнасць і вынікі

· § 2. Курс на сацыялістычную індустрыялізацыю. Асаблівасці яе правядзення ў рэспубліцы

· § 3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі

·

§ 1. Пачатак мірнага будаўніцтва. Новая эканамічная палітыка, яе сутнасць і вынікі

Пераход ад вайны да мірнага будаўніцтва паставіў перад беларускім народам шмат цяжкіх і складаных для вырашэння задач. Небходна было як мага хутчэй аднавіць разбураную гаспадарку, вызначыць шляхі будаўніцтва сацыялістычнага грамадства. З’яўляючыся на працягу 7 гадоў арэнай ваенных дзейнняў, Беларусь панесла велізарныя страты. Больш за палову фабрык і заводаў былі знішчаны, колькасць рабочых зменшылася ўдвая. З 715 прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці ўсходніх раёнаў рэспублікі не працавала 480. Агульны аб’ём валавай вытворчасці усёй прамысловасці складаў каля 15–20 % ад узроўню 1913 г., а сельскай гаспадаркі менш палавіны даваеннай. Амаль поўнасцю быў разбураны транспарт, не хапала сыравінна-паліўных сродкаў, колькасць рабочых зменшылася ўдвая. Сістэма харчразвёрсткі не стымулявала развіцця сялянскай гаспадаркі. Сяляне мелі вялікую патрэбу ў прамысловых таварах і прыладах працы, а прамысловасць не магла задаволіць нават мінімальныя іх запатрабаванні. Тавараабмен паміж горадам і вёскай амаль спыніўся. З заканчэннем грамадзянскай вайны, аслабленнем міжнароднай напружанасці, знікненнем пагрозы “белай” рэстаўрацыі сяляне сталі патрабаваць права распараджацца зямлёй і атрыманай прадукцыяй, адмеы палітыкі “ваеннага камунізму”.

Разбурэнні, беспрацоўе, неабдуманае ўсеагульнае адзяржаўленне сродкаў вытворчасці, харчразвёрстка выклікалі незадаволенасць народа, асабліва сялянства. Кульмінацыяй гэтай незадаволенасці стала ўзброенае выступленне ў лютым – сакавіку 1921 г. маракоў Кранштата.

Прычынай цяжкага эканамічнага і палітычнага крызісу на рубяжы 1920–1921 гг. было разбалансаванне палітычных і эканамічных інтарэсаў, захаванне ранейшых “ваенна-камуністычных” метадаў дзяржаўнага кіравання пры новых палітычных і эканамічных абставінах. Тэрміновы перагляд метадаў кіраўніцтва грамадствам стаў неабходным. Даводзілася вырашаць, якой павінна быць эканоміка не ў надзвычайных, а ў звычайных умовах.

Адказам на гэтыя пытанні з’явілася новая эканамічная палітыка (нэп), распрацаваная У. Леніным і прынятая Х з’ездам РКП(б) у сакавіку 1921 г. У. Ленін лічыў, што нэп – гэта першы крок да перамены “усяго пункту гледжання нашага на сацыялізм”. Пераход да нэпа быў спробай сумясціць сацыялістычныя прынцыпы кіравання адзяржаўленай эканомікай, у першую чаргу прамысловасцю і транспартам, з эканамічнымі законамі капіталізма, выкарыстаць прыватны капітал у інтарэсах сацыялістычнага будаўніцтва. Сутнасць нэпа зводзілася да максімальнага пад’ёму вытворчых сіл і паляпшэння становішча рабочых і сялян дзеля захавання савецкай улады. Новая эканамічная палітыка адкрывала перспектыву паступовага рэфарміравання грамадства на сацыялістычнай аснове.

Галоўнай мэтай нэпа стала замена харчразвёрсткі харчовым падаткам. Падатак быў меншы за харчразвёрстку і ўстанаўліваўся да пачатку палявых работ. Спярша ён складаў прыкладна 20 % ад атрыманага селянінам чыстага прадукту: патрэбна было здаваць хлеба амаль у два разы менш, чым па харчразвёрстцы. Затым падатак быў зніжаны да 10 %, а з 1 студзеня 1924 г. браўся толькі чырвонцамі ў памеры каля 5 % прыбытку з гаспадаркі. Падатак дыферэнцыраваўся з улікам наяўнасці жывёлы, урадлівасці зямлі. Для гаспадарак, якія павялічвалі пасевы найбольш важных культур, прадугледжваліся некаторыя льготы. Ільготы мелі таксама сем’і чырвонаармейцаў, інвалідаў грамадзянскай вайны і інш.

Селянін атрымаў свабоду выбару формы арганізацыі апрацоўкі зямлі і гарантыю землеўладання. Аднолькава законнымі прызнаваліся сялянскія арцель, абшчына, аднаасобныя ўладанні ў выглядзе адрубоў або хутароў і інш.

Дазвалялася здаваць зямлю ў арэнду і выкарыстоўваць наёмную працу пры ўмове, што члены сям’і наймальніка таксама працуюць. Тэрмін арэнды абмяжоўваўся, заахвочвалася развіццё кааперацыі. Усё гэта стварала матэрыяльную зацікаўленасць у развіцці дробнатаварнай сялянскай гаспадаркі, расшырэнні і пад’ёме вытворчасці. Усе лішкі, якія заставаліся ў селяніна пасля выплаты падаткаў, ён мог свабодна абменьваць і прадаваць на рынку. Гэтым самым вяртаўся прыватны гандаль.

Спачатку лішкі дазвалялася толькі абменьваць на прадукты фабрычна-заводскай і саматужнай прамысловасці цераз кааператыўныя арганізацыі, на рынках або кірмашах. Аднак спроба абмежаваць прыватны абмен мясцовымі рынкамі, натуральным абменам не дала патрэбных вынікаў, а таму з мая 1921 г. грамадзяне і кааператывы атрымалі права абменьваць, купляць і прадаваць сельгаспрадукты, якія засталіся ў іх пасля выплаты падаткаў.

У гады нэпа ажыццяўляліся тры віды гандлю: прыватны, кааператыўны і дзяржаўны. Паміж імі існавала адкрытая канкурэнцыя. У рознічным гандлі найбольш актыўным быў прыватны прадавец, дзяржаўны гандаль лідзіраваў у аптовай сферы, кааператывы ж займаліся і аптовым і рознічным гандлем.

У галіне фінансаў вялікае значэнне надавалася стабілізацыі рубля, які амаль абясцэніўся. З гэтай мэтай была праведзена грашовая рэформа. Першым практычным крокам з’явілася ажыццяўленне дзвюх дэнамінацый (змяненне намінавальнай вартасці грашовых знакаў з абменам у вызначаных суадносінах старых знакаў на новыя) грашовых знакаў. У 1922 г. выпушчаны новыя дзяржаўныя знакі, т. зв. саўзнакі. Адзін новы рубель адпавядаў 10 тысячам дарэформенных. Другая дэнамінацыя адбылася ў наступным годзе. Адзін рубель узору 1923 г. раўняўся 1 млн дарэформенных рублёў, або 100 рублям узору 1922 г. Аднак і такія меры не змаглі стрымаць падзення агульнага курсу грошай.

Улічваючы гэта, Дзяржбанк ужо ў канцы 1922 г. выпусціў новыя грашовыя знакі – чырвонцы, якія абменьваліся на золата (1 чырвонец раўняўся 10 дарэвалюцыйным залатым рублям, або 7,74 г чыстага золата) Такім чынам, у краіне ўтварыліся дзве грашовыя сістэмы: абясцэненыя саўзнакі выпуску 1922–1923 гг. і “цвёрды” чырвонец, які абменьваўся на золата.

У лютым 1924 г. грашовая рэформа завяршылася. Былі выпушчаны новыя казначэйскія білеты вартасцю 1, 3, 5 рублёў, забяспечаныя золатам, разменныя сярэбраная і медная манеты. Быў праведзены абавязковы абмен старых грошай – саўзнакаў на новыя.

Быў збалансаваны бюджэт і забаронена грашовая эмісія для пакрыцця расходаў дзяржавы. У 1921 г. адноўлены Дзяржбанк, а таксама створаны спецыялізаваныя банкі (акцыянерныя, камерцыйныя і інш.).

Былі адменены ўсе абмежаванні на сумы ўкладаў, якія маглі захоўваць грамадзяне і арганізацыі ў ашчадных банках. Уклады ў ашчадных касах не маглі быць канфіскаваны і павінны былі выплачвацца трымальнікам па іх патрабаванні. Гарантавалася тайна ўкладаў.

У прамысловасці таксама адбыліся карэнныя змены. Дзяржава стала падтрымліваць дробныя і сярэднія прыватныя і кааператыўныя прадпрыемствы, адмяніла дэкрэты, што абмяжоўвалі іх свабоду дзеянняў і паўнамоцтвы. Прамысловыя кааператывы атрымалі правы юрыдычных асоб, маглі выкарыстоўваць наёмную працу, атрымліваць крэдыты. Здаваліся ў арэнду нацыяналізаваныя прамысловыя прадпрыемствы, якія ў дзяржаўным сектары аказаліся нерэнтабельнымі. Перавага пры перадачы ў арэнду аддавалася кааператывам, хоць не выключалася здача і прыватным асобам. Тэрмін арэнды звычайна складаў ад 2 да 5 гадоў, а арэндная плата бралася натурай у выглядзе працэнта (долі) вырабляемай прадукцыі. У гады нэпа прыватны сектар даваў ад 1/5 да 1/4 прамысловай прадукцыі.

Дазвалялася арэнда прамысловых прадпрыемстваў іншаземнымі фірмамі ў форме канцэсій.

Радыкальныя змены адбыліся ў кіраванні дзяржаўнай прамысловасцю. Глаўкі былі ліквідаваны, замест іх створаны трэсты – аб’яднанні аднародных або ўзаемазвязаных паміж сабой прадпрыемстваў. Прадпрыемствы атрымлівалі поўны гаспадарчы разлік і фінансавую незалежнасць, нават права выпуску каштоўных папер па доўгатэрміновых аблігацыйных пазыках. Ні Усесаюзны савет народнай гаспадаркі (УСНГ), ні СНГ Беларусі не мелі права ўмешвацца ў бягучую дзейнасць трэстаў. СНГ Беларусі ператварыўся ў каардынацыйны цэнтр. Ён ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва 16 гаспадарчаразліковымі групавымі ўпраўленнямі і 15 заводаўпраўленнямі.

Сталі стварацца сіндыкаты – аб’яднанні трэстаў на пачатках кааперацыі. Сіндыкаты займаліся збытам, забеспячэннем, крэдытаваннем, знешнегандлёвымі аперацыямі. Такім чынам яны манапалізавалі ўвесь гандлёвы аппарат кожнай асобна ўзятай галіны прамысловасці, сканцэнтравалі ў сваіх руках асноўную частку аптовага гандлю.

Узнаўлялася грашовая аплата працы. У той жа час ажыццяўляўся пераход да новай тарыфнай палітыкі, якая грунтавалася на прынцыпе здзельнай аплаты працы, здымаліся абмежаванні на павышэнне заробкаў пры росце выпрацоўкі. Былі ліквідаваны абавязковая працоўная павіннасць і некаторыя абмежаванні на перамену месца работы. Такім чынам, арганізацыя працы будавалася на прынцыпах матэрыяльнага стымулявання.

Пераход да нэпа азначаў пераход ад “адміністрацыйнага” да “гасразліковага” сацыялізму, выкарыстанне таварна-грашовых, рыначных адносін для будаўніцтва сацыялістычнага грамадства.

Заняпаўшая ў гады вайны і рэвалюцыйных пераўтварэнняў эканоміка Беларусі з пераходам да нэпа пачала адраджацца. Ужо ў 1926 г. адноўлены дарэвалюцыйны аб’ём вытворчасці.

Тэмпы развіцця прамысловасці рэспублікі былі намнога вышэйшымі, чым у РСФСР. Хутчэй за іншыя галіны дасягнулі даваеннага ўзроўню дрэваапрацоўчая, металаапрацоўчая і гарбарная прамысловасці. Аднак адставанне некаторых галін (будматэрыялаў, тэкстыльнай, хімічнай) прывяло да таго, што ў цэлым даваенны ўзровень у прамысловасці быў дасягнуты толькі ў 1927 г. Да таго ж даваенны ўзровень, на які выйшла наша эканоміка, з’яўляўся паказчыкам адсталасці краіны. Вядучыя галіны прамысловасці (харчовая, дрэваапрацоўчая, папяровая, гарбарна-абутковая і інш.) спецыялізаваліся ў асноўным на перапрацоўцы лясной сыравіны і прадукцыі сельскай гаспадаркі.

У 1921/22 гаспадарчым годзе ўведзены ў строй мінскія заводы “Метал”, “Вулкан”, запалкавая фабрыка “Бярэзіна” ў Барысаве і інш. У 1922 г. у Беларусі ўжо дзейнічала 277 прамысловых прадпрыемстваў.

Перанаселенасць вёскі, нізкая землезабяспечанасць сялянскай гаспадаркі, беспрацоўе ў мястэчках і гарадах спрыялі развіццю саматужнага рамесніцтва, дробнай прамысловасці і гандлю. Дзяржава ў адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17 мая 1921 г. падтрымлівала прыватніка. У выніку ў рэспубліцы паявілася мноства швейных, слясарных, дрэваапрацоўчых майстэрняў, пякарняў, лавак і інш.

Аднаўленне прамысловасці Беларусі адбывалася пры дапамозе іншых савецкіх рэспублік. Асаблівае значэнне мелі эканамічныя сувязі з РСФСР. Беларусь атрымлівала абсталяванне, станкі, электраматоры, металічныя вырабы, з Украіны – сыравіну, метал, паліва, кокс і інш.

Аднак поспехі першых гадоў нэпа прынеслі і вялікія эканамічныя праблемы. Яны былі выкліканы крызісам збыту, які ўзнік у выніку няправільнай цэнавай палітыкі дзяржавы, вялікай розніцы паміж коштам прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў. У 1923 г. цэны на прамысловыя тавары ў Беларусі выраслі ў параўнанні з сельскагаспадарчымі больш чым у 5 разоў. Такімі мерамі дзяржава разлічвала атрымаць за кошт сялянства неабходныя сродкі для аднаўлення буйной прамысловасці.

Разыходжанне ў цэнах прывяло да таго, што селянін за прададзеную прадукцыю мог набыць прамтавараў у параўнанні з даваенным часам у 7 разоў менш. З прычыны такой дарагавізны сяляне амаль перасталі купляць вырабы фабрычна-заводскай вытворчасці.

Крызіс збыту абвастрыў фінансавую праблему. Перажываючы востры недахоп грошай, прадпрыемствы не маглі нарыхтоўваць сыравіну і паліва, своечасова выплачваць заработную плату, што нярэдка прыводзіла да канфліктаў і забастовак. Многія прадпрыемствы вымушаны былі скарачаць вытворчасць і нават зачыняцца. У выніку расла армія беспрацоўных. У БССР у 1923 г. іх колькасць вагалася ад 5 да 9 тыс.

У ходзе пераадолення крызісу прымаліся меры па зніжэнні сабекошту прамысловай прадукцыі, цэн на тавары, скарачэнні накладных расходаў, удасканальвалася дзейнасць кіруючага апарату і інш.

У выніку павысілася рэнтабельнасць прадпрыемстваў, узніклі ўмовы для зніжэння цэн на прамысловыя тавары. 29 лютага 1924 г. Савет Працы і Абароны СССР зацвердзіў пастанову “Аб зніжэнні цэн”. Каб павялічыць таварнасць сялянскай гаспадаркі, у 1923/24 гаспадарчым годзе дзяржава перайшла ад натуральнага да грашовага падатку, пашыраліся арэнда зямлі і наём рабочай сілы, аднавіўся вываз збожжа за мяжу.

1923/24 гаспадарчы год стаў пераломным у рабоце прамысловасці Беларусі. У паляпшэнні яе дзейнасці важнейшае значэнне мелі захады, накіраваныя на паскарэнне тэмпаў росту прадукцыйнасці працы і рэгуляванне заработнай платы.

Усяго за гады аднаўлення было пабудавана 106 новых прадпрыемстваў. У выніку колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці павялічылася да 347, а іх валавая прадукцыя вырасла амаль у 5 разоў.

Аднак пераважную большасць, як і раней, складалі дробныя прадпрыемствы. Па даных перапісу 1926 г., у рэспубліцы налічвалася 60 178 дробных прадпрыемстваў (занята больш за 100 тыс. чалавек), з іх прыватных – 58 034 (10 295 наёмных работнікаў).

Хуткаму аднаўленню прамысловай вытворчасці садзейнічала не толькі новая эканамічная палітыка, але і творчая ініцыятыва рабочых, укараненне прагрэсіўных метадаў працы. Узнік рух рацыяналізатараў і вынаходнікаў.

Для развіцця працоўнага энтузіязму адначасова з матэрыяльнай зацікаўленасцю пашыралася маральнае заахвочванне.

Па меры аднаўлення прамысловасці і сельскай гаспадаркі павышаўся матэрыяльны дабрабыт працоўных Беларусі. У канцы 1921 г. у рэспубліцы была адменена картачная сістэма забеспячэння. Паляпшаліся жыллёвыя ўмовы працоўных. У Мінскуу ў маі – жніўні 1921 г. забяспечаны жыллём 4650 чалавек. Рабочыя і служачыя пачалі атрымліваць чарговыя адпачынкі. Былі забаронены звышурочныя і начныя работы без папярэдняга дазволу на тое аддзела аховы працы.

Да канца аднаўленчага перыяду павялічылася колькасць устаноў аховы здароўя, палепшылася медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. У студзені 1926 г. у рэспубліцы налічвалася 216 урачэбных участкаў, 163 фельчарскіх і акушэрскіх пункты, 148 бальніц.

Дзякуючы павышэнню матэрыяльнага дабрабыту, паляпшэнню медыцынскага абслугоўвання, умоў працы вырасла нараджальнасць і зменшылася смяротнасць.

Правядзенне ў жыццё новай эканамічнай палітыкі дазволіла ў кароткі тэрмін аднавіць прамысловасць, стабілізаваць эканоміку, узняць матэрыяльнае становішча насельніцтва. Гэта стварыла добрыя ўмовы для здзяйснення новых, больш важных крокаў у развіцці прамысловасці, ажыццяўленні індустрыялізацыі рэспублікі.

Пераломным для дзейнасці прыватнага сектара стаў 1926/27 гаспадарчы год. 8 верасня 1926 г. СНК СССР пастанавіў “максімальна ўзмацніць абкладанне прыватнага капіталу”, перайсці да адзяржаўлення дробнай вытворчасці і гандлю, што фактычна азначала адмаўленне ад нэпа. У сувязі з гэтым рашэннем рэзка скарачалася крэдытаванне прыватніка, скасоўваліся арэндныя дагаворы, павялічваліся падаткі і г.д.

Такая палітыка прывяла да згортвання дзейнасці прыватных прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў. Доля прыватніка ў валавой прамысловай прадукцыі з 1925 да 1927 г. у БССР зменшылася з 49,2 да 28,6 %. Удзельная вага прыватніцкай вытворчасці ў агульным аб’ёме тавараабароту скарацілася за гэты час з 40,2 да 29,6 %.

У тых умовах, умовах таварнага голаду, адсутнасці адладжанага тавараразмеркавання, вострай нястачы фінансавых сродкаў, выцясненне прыватніка было адной з памылак у справе кіраўніцтва эканомікай краіны.

§ 2. Курс на сацыялістычную індустрыялізацыю. Асаблівасці яе правядзення ў рэспубліцы

Лічыцца, што аднаўлене народнай гаспадаркі да пачатку 1926 г. у асноўным завяршылася. Аднак дасягнуты даваенны ўзровень вытворчасці не мог задаволіць патрэбы дзяржавы. СССР па аб’ёму прамысловай прадукцыі на душу насельніцтва ў 5–6 разоў адставаў ад развітых капіталістычных краін. Яшчэ горшым было становішча ў Беларусі. Яна па-ранейшаму заставалася слабаразвітай у прамысловых адносінах рэспублікай. Займаючы 0,6 % тэрыторыі (3,4 % насельніцтва) СССР, Беларусь давала ўсяго 1,6 % прамысловай прадукцыі краіны. Доля прамысловай прадукцыі ва ўсёй народнай гаспадарцы рэспублікі складала толькі 23,5 % (у СССР – 39,1 %). Не адбылося значных змен і ў структуры прамысловасці. Аснову яе складалі харчовая, дрэваапрацоўчая, папяровая, гарбарная галіны, на долю якіх прыпадала асноўная частка агульнага аб’ёму валавой прадукцыі. Прамысловасць Беларусі па-ранейшаму заставалася дробнай і кустарнай.

Вельмі востра стаяла ў рэспубліцы праблема інжынерна-тэхнічных кадраў, кваліфікаваных рабочых. У 1927 г. удзельная вага інжынераў і тэхнікаў складала 2 % ад агульнай колькасці работнікаў, занятых у прамысловасці. Большасць спецыялістаў складалі практыкі. У той жа час і культурны ўзровень асноўнай масы насельніцтва заставаўся яшчэ нізкім.

Усё гэта, разам узятае, перашкаджала развіццю народнай гаспадаркі рэспублікі. У той жа час магчымасці далейшага значнага павелічэння вытворчасці на старой базе аказаліся вычарпанымі. Пераадолець тэхніка-эканамічную адсталасць магчыма было толькі на базе шырокага разгортвання рэканструкцыі старых прадпрыемстваў і новага капітальнага будаўніцтва. Краіне трэба было перш за ўсё вырашыць задачу індустрыялізацыі.

Сацыялістычная індустрыялізацыя – гэта палітыка Камуністычнай партыі і савецкага ўрада, якая мела галоўнай мэтай стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыялізму, пераўтварэнне СССР у эканамічна незалежную дзяржаву з магутным эканоміка-вытворчым, навукова-тэхнічным і абаронным патэнцыялам, забеспячэнне росту прадукцыйнасці працы і на гэтай аснове няўхільнае павышэнне матэрыяльнага дабрабыту і культурнага ўзроўню працоўных.

Сутнасць індустрыялізацыі, як адзначалася ў рашэннях XIV з’езда ВКП(б), заключалася ў наступным: “весці эканамічнае будаўніцтва пад такім вуглом гледжання, каб СССР з краіны, якая ўвозіць машыны і абсталяванне, ператварыць у краіну, якая выпускае машыны і абсталяванне”. Дзеля таго, каб забяспечыць пераўзбраенне народнай гаспадаркі, падняцце яе на новы тэхнічны ўзровень, аб’яўлялася пераважным развіццё цяжкай індустрыі, асабліва тых яе галін, што выраблялі сродкі вытворчасці. З’езд заклікаў развіваць “сацыялістычную прамысловасць на аснове павышанага тэхнічнага ўзроўню, аднак у строгай адпаведнасці як з ёмістасцю рынку, так і фінансавымі магчымасцямі дзяржавы”. Пры гэтым падкрэслівалася, што поспех індустрыялізацыі будзе залежаць ад умацавання “змычкі” рабочага класа і сялянства, г. зн. удзелу вёскі ў фінансаванні прамысловасці цераз збалансаваную палітыку ў вобласці падаткаў і цэн як на сельскагаспадарчую, так і на прамысловую прадукцыю.

Гэтыя палажэнні з’езда не адпавядалі поглядам Р. Зіноўева, Л. Каменева, Л. Троцкага. Яны настойвалі на звышіндустрыялізацыі за кошт сродкаў сялянскіх гаспадарак. “Новая апазіцыя” на чале з Р. Зіноўевым і Л. Каменевым дамагалася пашырэння вывазу збожжа за мяжу за кошт наступлення на “заможныя элементы” на сяле. Такіх жа поглядаў прытрымліваўся і Л. Троцкі, які настойваў на ўзмацненні падатковага абкладання сялянства і павышэнні цэн на прамысловыя тавары.

Погляды “новай апазіцыі” і трацікістаў на метады правядзення індустрыялізацыі атрымалі неабходны адпор з боку з’ездаў і ўсёй партыі. Катэгарычна па гэтым пытанні выказаўся XV з’езд партыі (снежань 1927 г.).

Па сваёй прыродзе індустрыялізацыя ў СССР не магла абмежавацца ні маштабамі асобных галін, ні тэрыторыяй асобных рэспублік ці раёнаў. Эканоміка Савецкай Беларусі была неад’емнай, арганічнай часткай эканомікі Савецкага Саюза, і індустрыялізацыя рэспублікі праходзіла як састаўная частка адзінага працэсу індустрыялізацыі ўсёй краіны.

Разам з тым на Беларусі меліся і свае асаблівасці, і свае цяжкасці. Адрозненні ў тэрмінах і тэмпах індустрыялізацыі, галіновых і структурных прапорцыях былі абумоўлены:

- геапалітычным становішчам Беларусі ў міжваенны перыяд (прымежнае знаходжанне, адсюль немэтазгоднасць развіцця цяжкай прамысловасці, прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу);

- адсутнасцю разведаных радовішчаў нафты, газа, каменнага вугалю, руд чорных і каляровых металаў, сыравіннай базы будаўнічых матэрыялаў;

- арыентацый прамысловасці на мясцовую сыравіну, першачарговым развіццём лёгкай і харчовай прамысловасці;

- недахопам кваліфікаваных кадраў і інш.

Шляхі і метады ажыццяўлення індустрыялізацыі, з улікам асаблівасцей Беларусі, намеціў Пленум ЦК КП(б)Б, які адбыўся 27–29 красавіка 1926 г. Плануючы стварэнне прамысловасці па вырабу сродкаў вытворчасці, пленум прызнаў неабходным і хуткае развіццё галін, якія базіраваліся на перапрацоўцы мясцовай сыравіны: керамічнай, шкляной, запалкавай, дрэваапрацоўчай, ільнопрадзільнай, папяровай, гарбарнай, харчовай і інш. Курс на развіццё гэтых галін адпавядаў структуры прамысловасці рэспублікі, што склалася гістарычна, яе эканамічным і фінансавым магчымасцям, сыравінным і працоўным рэсурсам. Як і ў даваенны час, перапрацоўка прадукцыі сельскай гаспадаркі займала вядучае месца ў прамысловасці БССР. У 1927/28 гаспадарчым годзе на яе долю прыпадала 56,6 % агульнай прамысловай вытворчасці.

Правядзенне індустрыялізацыі патрабавала вялікіх сродкаў. На дапамогу ці крэдыты іншых дзяржаў разлічваць не даводзілася, усе надзеі ўскладаліся толькі на ўнутраныя крыніцы.

Асноўнай крыніцай накаплення з’яўлялася сама прамысловасць. Мэта была дасягнута шляхам пастаяннага скарачэння накладных расходаў, зніжэння сабекошту прадукцыі, паскарэння абарачальнасці сродкаў, шырокай рацыяналізацыі прамысловасці, укаранення найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі, павышэння прадукцыйнасці працы, умацавання працоўнай дысцыпліны. Дадатковыя сродкі на індустрыялізацыю атрымліваліся за кошт эканоміі і павышэння рэнтабельнасці вытворчасці.

У прамысловасць накіроўвалася частка сродкаў, атрыманых ад сельскай гаспадаркі. Значную колькасць станкоў і абсталявання куплялі ў замежных краінах за валюту, атрыманую ад экспарту сельгаспрадуктаў, які толькі ў 1926/27 гаспадарчым годзе склаў каля 5,5 млн рублёў.

Важнай крыніцай атрымання сродкаў для індустрыялізацыі з’явіліся зберажэнні працоўных. Масавы характар атрымала падпіска на дзяржаўныя пазыкі.

Сродкі, неабходныя для індустрыялізацыі, дзяржава атрымлівала і за кошт удасканальвання структуры дзяржапарату.

Значныя асігнаванні выдзяляліся народнай гаспадарцы Беларусі з агульнасаюзнага бюджэту. За тры гады, пачынаючы з 1926/27 гаспадарчага года, яны склалі больш за 19 млн рублёў. Усяго за 1925–1927 гг. у прамысловасць Беларусі было ўкладзена 40 млн рублёў. Асноўныя капіталаўкладанні накіроўваліся ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую, гарбарную, харчовую галіны прамысловасці.

Важныя змены адбываліся ў структуры капітальнага будаўніцтва. Калі ў гады аднаўлення большая частка капіталаўкладанняў накіроўвалася на рамонтныя работы, то ў сувязі з індустрыялізацыяй павялічыўся аб’ём сродкаў на новае будаўніцтва і рэканструкцыю прадпрыемстваў. У 1925/26 гаспадарчым годзе на ўзвядзенне новых фабрык і заводаў было выдаткавана 12,1 % усёй сумы капіталаўкладанняў у прамысловасць, у 1927/28 гаспадарчым годзе – 50 %. За тры гады індустрыялізацыі ў рэспубліцы было пабудавана 150 прамысловых прадпрыемстваў.

Вынікі, дасягнутыя прамысловасцю БССР у першыя гады індустрыялізацыі, стварылі неабходныя перадумовы для далейшага развіцця прамысловых галін. Першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР (1928–1932) быў зацверджаны ІХ з’ездам Саветаў рэспублікі ў маі 1929 г. Асноўная задача плана фарміравалася як “фарсіраваны тэмп індустрыялізацыі Беларускай ССР, павышэнне ўдзельнай вагі прамысловасці ў народнай гаспадарцы”. Асаблівая ўвага звярталася на развіццё такіх галін прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, харчовая, гарбарная, ільняная, швейная. Адначасова планавалася развіццё машынабудавання для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці будматэрыялаў.

Аднак Беларуская ССР уласнымі сродкамі не магла забяспечыць неабходнае фінансаванне капітальнага будаўніцтва. Таму ў стварэнні буйной прамысловасці рэспубліка абапіралася на дапамогу СССР.

У выніку ў рэспубліцы штогод уводзіліся ў строй новыя фабрыкі і заводы. За гады першай пяцігодкі пабудавана 78 буйных і 460 дробных і сярэдніх прадпрыемстваў. Сярод іх швейныя фабрыкі “Сцяг індустрыялізацыі” ў Віцебску, імя Камінтэрна – у Гомелі, імя Валадарскага – у Магілёве, імя Дзяржынскага – у Бабруйску, панчошна-трыкатажная фабрыка імя КІМ у Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Гомсельмаш, буйнейшая ў рэспубліцы БелДРЭС паблізу Оршы і інш.

Увядзенне ў строй новых прадпрыемстваў значна знізіла ўдзельную вагу дробнай прамысловасці, якая ў канцы пяцігодкі дала ўсяго 17,3 % прамысловай прадукцыі БССР.

Дасягненні ў правядзенні індустрыялізацыі краіны нараджалі ілюзію небывалых магчымасцей. З гэтым было звязана абвяшчэнне Сталіным лозунга “Пяцігодку – за чатыры гады”, спроба ажыццявіць звышіндустрыялізацыю, “вялікі скачок” у развіцці СССР. Ужо ў другой палове 1929 г. план першай пяцігодкі быў перагледжаны і навязаны новыя, павышаныя заданні. Гэта прывяло да цяжкасцей у фінансавым і матэрыяльным забеспячэнні вытворчасці, зніжэння тэмпаў росту прадукцыі. Адмоўныя вынікі выявіліся хутка. У 1931 г. планавыя паказчыкі прамысловасцю БССР не былі дасягнуты.

Фактараў, якія стрымлівалі выкананне заданняў, было шмат. Адзін з іх – зрыў паставак многіх відаў сыравіны і матэрыялаў з іншых рэспублік. Эканамічныя рэсурсы Беларусі не маглі забяспечыць па-валюнтарысцку завышаныя праграмы індустрыялізацыі.

Калі ў працэсе фарміравання плана ўпор рабіўся на эканамічныя стымулы і гаспадарчаразліковыя метады, то ў ходзе яго рэалізацыі вядучымі сталі метады каманднай эканомікі. У 1932 г. XVII партканферэнцыя ВКП(б) канчаткова адмовілася ад новай эканамічнай палітыкі, адзначыўшы яе “поўную несумяшчальнасць з палітыкай партыі і інтарэсамі рабочага класа, з буржуазна-нэпманскімі скажэннямі прынцыпу гаспадарчага разліку, якія праявіліся ў разбазарванні агульнанародных дзяржаўных рэсурсаў і, значыць, у зрыве ўстаноўленых гаспадарчых планаў”. Такім чынам, на змену гаспадарчаму разліку ў эканоміцы прыйшла камандна-адміністрацыйная сістэма.

На падставе рашэння ЦВК СССР ад 5 студзеня 1932 г. саўнаргас Беларусі быў пераўтвораны ў Наркамат лёгкай прамысловасці БССР, а прадпрыемствы цяжкай і лясной прамысловасці БССР, якія яму падпарадкоўваліся, перададзены адпаведным саюзным наркаматам. Фактычна ўсталёўвалася жорсткая цэнтралізаваная сістэма кіравання прамысловасцю часоў “ваеннага камунізму”.

Тым не менш у выніку прымянення камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання індустрыялізацыя ішла хутка, прамысловасць рэспублікі як у першай, так у другой і трэцяй пяцігодках развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Да канца другой пяцігодкі рэспубліка давала ўжо 2,2 % усёй валавой прадукцыі прамысловасці СССР.

Паспяховае ажыццяўленне індустрыялізацыі, эфектыўнае функцыяніраванне прадпрыемстваў патрабавалі кваліфікаваных інжынерна-тэхнічных і рабочых кадраў, якія добра ведалі б вытворчасць, маглі кіраваць навейшай тэхнікай, рацыянальна яе выкарыстоўваць.

Падрыхтоўка кваліфікаваных рабочых кадраў ажыццяўлялася перш за ўсё праз сетку прафесійных навучальных устаноў: вучэбна-практычныя майстэрні, школы фабрычна-заводскага навучання і прафесійна-тэхнічныя. У 1930 г. у сістэме прафтэхадукацыі рэспублікі было 96 навучальных устаноў.

Рабочыя кадры для прамысловасці рыхтаваліся таксама шляхам брыгаднага і індывідуальнага вучнёўства.

Рабочы клас Беларусі разгарнуў спаборніцтва за авалоданне новай тэхнікай, уздым тэхнічнай пісьменнасці.

Нягледзячы на працоўны ўздым і высокія тэмпы індустрыялізацыі, заданні другой і першых гадоў трэцяй пяцігодак таксама не былі выкананы. Па тэмпах развіцця БССР адставала ад СССР у цэлым. Для індустрыялізацыі Беларусі, як адзначалася ў дакументах ХІІ з’езда КП(б)Б, было характэрна пашырэнне “прамысловай вытворчасці, заснаванай галоўным чынам на мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіне, а таксама шляхам размяшчэня ў Беларусі прамысловых прадпрыемстваў, заснаваных на транспартабельнай прывазной сыравіне, паўфабрыкатах”. Паколькі прамысловасць Беларусі развівалася ў асноўным на базе мясцовых рэсурсаў, яна ўсё больш выходзіла за рамкі старых гарадоў, набліжалася да крыніц сыравіны. У індустрыяльную працу ўцягвалася сельскае насельніцтва. Больш рацыянальна сталі выкарыстоўвацца працоўныя рэсурсы.

Паслядоўнае ажыццяўленне лініі на развіццё вытворчасці сродкаў вытворчасці змяніла галіновую структуру прамысловасці. За гады даваенных пяцігодак у рэспубліцы створаны новыя галіны буйной прамысловасці: торфаздабыўная, машынабудаванне, станкабудаванне, вытворчасць штучнага валакна, цэментная, трыкатажная, ільноапрацоўчая, тлушчавая і інш. Была створана новая энергетычная і паліўная база.

У агульным комплексе эканамічнага развіцця Беларусі важная роля належала развіццю і рэканструкцыі транспарту. Было пракладзена 70 км чыгунак.

Важнае значэнне ў гаспадарчым жыцці набываў новы від транспарту – аўтамабільны. Аўтамабільная гаспадарка рэспублікі да канца другой пяцігодкі мела прыкладна 8 тыс. аўтамашын. Пачаў уводзіцца аўтобусны рух для перавозкі пасажыраў.

У 1935 г. адкрыта першая ў рэспубліцы авіялінія Мінск–Масква. У Мінску быў пабудаваны аэрапорт. Пачата перавозка пошты і пасажыраў у аддалёныя раёны БССР.

У рэспубліцы ўсё больш укаранялася тэлефонная і тэлеграфная сувязь.

Адным са станоўчых вынікаў індустрыялізацыі з’явілася істотнае змяненне сацыяльнай структуры грамадства. Гэта ў першую чаргу было звязана з колькасным ростам рабочага класа. Як сведчаць даныя Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1939 г., яго доля ў складзе насельніцтва БССР дасягнула 21,9 %.

Індустрыялізацыя абумовіла развіццё адукацыі, сістэмы вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, навукі і культуры народа. Доля інтэлігенцыі, паводле вынікаў гэтага ж перапісу, узрасла да 14,5 %.

Адбыліся некаторыя станоўчыя змены і ў матэрыяльным становішчы насельніцтва. Амаль удвая павысіўся сярэдні заробак рабочых і служачых. Неаднаразова зніжаліся цэны на харчовыя і прамысловыя тавары. З 1 студзеня 1936 г. адмяняліся карткі на непрадуктовыя тавары і інш.

Узровень жыцця людзей хаця і павышаўся, але ўсё яшчэ заставаўся нізкім, як у іншых рэспубліках СССР. Нягледзячы на гэта, XVIII з’езд партыі (сакавік 1939 г.) заявіў, што “пастаўленая другім пяцігадовым планам задача павышэння ўзроўню народнага спажывання ў два разы і болей… выканана”. Скажэнне рэчаіснасці, замоўчванне цаны і сродкаў дасягненняў садзейнічалі ўмацаванню дырэктыўнага механізма кіравання і гаспадарання, развіццю культу асобы Сталіна.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: