Мастацтва Новага царства Архаічнага Егіпта

Прыблізна ў 1700 г. да н.э. Егіпет, упершыню ў гісторыі, заваявалі ваяўнічыя плямёны качэўнікаў з Аравіі – гіксосаў, якія называлі сябе “каралямі пастухоў”. Яны захапілі паўночную частку Егіпта – там, дзе знаходзіцца Дэльта. На астатняй тэрыторыі краіны панавала ранейшая дынастыя, у якой змянілася ідэалогія. Раней у Егіпта не было ворагаў, таму тут не рыхтаваліся да вайны. Цяпер, ва ўмовах акупацыі, моладзь пачалі выхоўваць у ваяўнічым духу, і за менш чым два стагоддзі вырасцілі зусім іншае пакаленне – актыўнае, пасіянарнае. Прычым у яго выхаванні, увогуле ў фармаванні новай ідэалогіі, вялікую ролю, акрамя жрацоў, адыгралі жанчыны царскага паходжання. У 1580 г. да н.э. егіпцяне выгналі захопнікаў або ператварылі іх у рабоў і аднавілі ранейшую цэласнасць краіны. Менавіта з гэтага года пачалося Новае царства. [Толькі неабходна ўлічыць, што перыядызацыя гісторыі Егіпта ў айчыннай і замежнай навуцы часам не супадае – адрозніваецца на 10-50 гадоў].

Калі не лічыць час будаўніцтва пірамід, якое адбылося невядома калі, Новае царства – самая бліскучая эпоха ў гісторыі культуры Егіпта.

Асаблівасць Егіпта – інцэст у манархічных дынастыях: фараоны лічыліся сынамі бога, таму не маглі жаніцца з простымі жанчынамі, а бралі шлюб выключна з родзічамі – сёстрамі і нават дочкамі. Так і фараон Тутмес ІІ, сын Яхмеса, які якраз вызваляў краіну ад захопнікаў, меў жонкаю сваю родную сястру – Хатшэпсут. У іх было дзве дачкі, якія лічыліся законнымі. Быў у фараона і незаконны сын, ад каханкі, – будучы Тутмес ІІІ. Тутмес ІІ рана памёр, і ўзнікла праблема яго спадкаемцы. Фармальна ім лічыўся малы Тутмес ІІІ, але фактычна на чале дзяржавы ўстала Хатшэпсут, якая карысталася поўнай падтрымкай жрацоў Егіпта.

22 гады праўлення Хатшэпсут – асабліва плённы перыяд у гісторыі культуры Егіпта, што гаворыць, між іншым, на карысць жаночага кіравання (пры ўмове, што жанчына – разумная, як і было з Хатшэпсут). Дасягненні яе праўлення наступныя:

1. Не было войнаў. Стабільнасць прынесла дабрабыт народу.

2. Адноўлены ўсе храмы, палацы, каналы, гарады, пашкоджаныя гіксосамі. Хатшэпсут зрабіла краіну дагледжанай, цывілізаванай, утульнай.

3. Адпраўлена экспедыцыя ў краіну Пунт (вакол Афрыкі) на 5 караблях. Экспедыцыя мела эканамічнае і навуковае значэнне, зрабіла шмат адкрыццяў на тэрыторыі цяперашняй Аравіі, Эфіопіі, Самалі, прывезла мноства рарытэтаў.

4. Зроблены падрабязны запіс пра падарожжа – першая кніга ў адпаведным жанры.

5. Пабудаваны храм-пахавальня Хатшэпсут – выдатнае збудаванне егіпецкага дойлідства (архітэктар Сенмут, ён жа – галоўны жрэц краіны, ён жа – каханы царыцы). На сценах храма якраз і выбіта аповесць пра падарожжа ў краіну Пунт. Храм, які размешчаны на платформах і часткова ўнутры гары, выдатна захаваўся. [Пры прэзідэнце Егіпта Хосні Мубараку ў другой палове ХХ і пачатку ХХІ ст. тут праходзілі штогадовыя міжнародныя оперныя фестывалі. Сёння традыцыя перапынена з-за нестабільнасці абстаноўкі ў Егіпце].

Пасля смерці царыцы Хатшэпсут да ўлады прыйшоў Тутмес ІІІ, які быў не толькі яе пасынкам, але і зяцем. Бастарды (незаконныя дзеці) так і рабіліся законнымі ўладарамі – праз шлюб з законнымі дочкамі фараонаў, якія адначасова былі іх сёстрамі па бацьку. Тутмес ІІІ праславіўся як самы ваяўнічы з ўсіх фараонаў. Ён пастаянна ўдзельнічаў у ваенных паходах, даходзіў ледзь не да Каўказа. Пры ім Егіпет стаў велізарнай імперыяй і меў самыя большыя за сваю гісторыю граніцы. Натуральна, краіна багацела.

Наступны выдатны цар – адзін з нашчадкаў Хатшэпсут (хутчэй за ўсё праўнук) – фараон Эхнатон (“любімы Атонам”). Пры ім змяніўся стыль у мастацтве – з умоўнага на рэалістычны. Але галоўнае, цар праславіўся сваёй рэлігійнай рэформай: ён адмяніў 2000 егіпецкіх багоў (часта ў выглядзе жывёл) і ўвёў ушанаванне толькі аднаго бога – Атона, які сімвалізаваў энергію сонца, яго цяпло (Бог Ра сімвалізаваў святло сонца). Эхнатон пазакрываў храмы ўсіх багоў, пакінуўшы толькі храмы бога Сонца. Такім чынам, ён увёў монатэізм. Гэта, між іншым, прывяло да заняпаду гаспадарку Егіпта, паколькі яе ў значнай ступені рэгулявалі мудрыя і ўмелыя жрацы шматлікіх храмаў. Затое Эхнатон пабудаваў новую сталіцу – горад Ахетатон, дзе былі выкарыстаны зусім новыя прынцыпы дойлідства, чым у папярэдняй сталіцы – Фівах. Сёння горад Ахетатон (сучаснае паселішча Амарна) часткова раскапаны. Уражвае ў ім тое, што тут упершыню ў гісторыі (і відаць, увогуле адзін раз у гісторыі) жылыя дамы людзей мастацтва былі большыя і прыгажэйшыя, чым дамы чыноўнікаў. Усе катэджы, палацы, храмы будаваліся за кошт фараона і па яго ўласных праектах. Тут жа знойдзена майстэрня скульптара Тутмеса (магчыма, родзіча фараонаў), у якой аказаліся шматлікія скульптуры. Так, звяртаюць на сябе ўвагу бюсты дачок фараона (іх у яго было 6): дзяўчаты надзвычай прыгожыя, але з дзіўным разрэзам вачэй (які на стагоддзі ў егіпцянак стаў модай – вочы падводзіліся тушшу) і выцягнутымі гарызантальна чарапамі (тое ж у іх муміях, якія захаваліся). Сам Эхнатон быў непрыгожы, з чэрапам, выцягнутым вертыкальна. Але выключнай прыгажосцю адрознівалася яго жонка – царыца Неферціці. З моманту адкрыцця яе бюстаў (у пачатку ХХ ст.) яна лічыцца эталонам жаночай прыгажосці. Першы бюст – галоўка маладой царыцы, з тонкімі рысамі твару, пяшчотным яго авалам; другі – самы вядомы – Неферціці ў сіняй шапцы, з лебядзінай шыяй (бюст у 1912 г. вывезены ў Германію і цяпер знаходзіцца ў Берлінскім нацыянальным музеі); трэці – з выявай пакуты на твары: магчыма, у гэты час Эхнатон ажаніўся з іншай жанчынай, пра якую існуюць самыя супярэчлівыя звесткі (ці тое маці, ці тое адна з дачок фараона).

Эхнатон цараваў усяго 14 гадоў. Мумій ні яго, ні Неферціці не захавалася. Яшчэ пры яго жыцці адна з дачок, якой было 9 гадоў, была выдадзена замуж за сына Эхнатона ад каханкі – Тутанхамона (яму было 8 гадоў). Неўзабаве дзеці засталіся сіротамі, і Тутанхамон стаў фараонам. Пры ім жрацы тут жа вярнуліся да старых парадкаў. Такім чынам, рэформа Эхнатона правалілася: немагчыма мазгі людзей адразу павярнуць у супрацьлеглы, чым яны прывыклі, бок [хоць з савецкімі людзьмі дзякуючы самаму кашмарнаму ў свеце расійскаму тэлебачанню гэта адбылося]. Але ў гістарычнай і метагістарычнай перспектыве рэформа фараона мела каласальнае значэнне: праз два стагоддзі монатэізм увёў у асяродку свайго народа, яўрэяў, Маісей (які сам быў егіпецкім жрацом). Монатэізм, у сваю чаргу, стаў адной з умоў з’яўлення менавіта ў Палесціне Бога ў чалавечым вобліку – Хрыста.

Тутанхамон рана памёр – у 18 ці 19 гадоў. На сённяшні дзень ён – самы вядомы з цароў Егіпта, таму што менавіта яго пахавальня аказалася неразрабаванай. Яе адкрыў у 1922 г. англійскі археолаг Говард Картэр. Шматлікія рэчы, якімі былі літаральна забітыя пяць пакояў грабніцы, навукоўцы апісвалі цэлых пяць гадоў. Цяпер яны запаўняюць увесь другі паверх Егіпецкага нацыянальнага музея ў Каіры. Найперш звяртае на сябе ўвагу цяжкі каменны саркафаг, у якім знаходзілася мумія, укладзеная ў сем абалонак – драўляных пазалачоных і адну залатую. Твар муміі і часткова грудзі пакрывалі некалькі залатых масак – шэдэўраў ювелірнага мастацтва. Сёння залатая маска Тутанхамона – галоўны сімвал, брэнд Егіпта. У пахавальні, акрамя таго, знаходзіліся скульптуры, якія аднаўлялі воблік цара ў розныя перыяды яго жыцця. Ад падлогі да столі грабніца была запоўнена рэчамі, якімі карыстаўся фараон пры жыцці і якія яму маглі спатрэбіцца ў іншасвеце (ён называўся Дуат). Гэта калясніцы, мэбля, посуд, ювелірныя ўпрыгожанні, арыгінальныя лямпы. Звяртае на сябе ўвагу тое, што віды мэблі ўжо тады былі тыя ж, што і ў наш час: шафы, куфры, крэслы, сталы, ложкі, у тым ліку паходныя. Іншая справа, што яны ўсе – з каштоўных металаў, часта залатыя, або з тонка вырабленай расфарбаванай скуры – саф’яну. На многіх рэчах жывапісна ці спосабам чаканкі прадстаўлены сам фараон са сваёй маладой жонкай (дзяцей у іх не было). Сцэны вельмі кранальныя: відаць, што маладыя людзі кахалі адзін аднаго.

Тым не менш пасля раптоўнай смерці Тутанхамона яго ўдава тут жа патаемна ад ўсіх накіравала ліст цару хетаў (тады – магутная дзяржава на тэрыторыі сучаснай Турцыі) з прапановай сябе ў жонкі аднаму з сыноў цара. Яе ліст захаваўся. Цар хетаў надзвычай ахвотна адгукнуўся і накіраваў прынца са світай сватацца да царэўны. Але нейкім чынам жрацы Егіпта даведаліся аб акцыі фараоншы і перабілі жаніха і сватоў. Прыйшлося маладой удаве браць шлюб са старым вярхоўным жрацом Егіпта, братам яе бабулі. Натуральна, дзяцей у іх не было. Так закончылася дынастыя, якая дала выдатных дзеячаў, праслаўленых культурнымі дасягненнямі.

Пачалося праўленне новай дынастыі – Рамсесаў. Рамсесы найбольш клапаціліся аб упрыгожанні сваёй сталіцы – горада Фівы. Сёння на месцы сталіцы два невялікія гарадкі – Луксор і Карнак, заўсёды запоўненыя турыстамі.

Фівы сталі сталіцай яшчэ за паўтары тысячы гадоў да Рамсесаў, у эпоху Сярэдняга царства, але асабліва ўпрыгожваў горад Рамсес ІІ (ХІІІ ст. да н.э.), найбольш вядомы з усіх прадстаўнікоў дынастыі. Рамсес ІІ адбудоўваў храмы, прысвечаныя богу Сонца Амону-Ра (бачнаму Сонцу). Звяртае на сябе ўвагу брама храма ў Луксоры – пілон. Перад пілонам стаялі два абеліскі (сёння – адзін). Абеліск (стэла) – форма архітэктуры, якая ўзнікла менавіта ў Егіпце. Абеліск сімвалізуе сонечны прамень, таму сакральнае яго значэнне надзвычай вялікае. Некаторыя абеліскі, вывезеныя з Егіпта, устаноўлены ў знакавых месцах асобных, найбольш буйных, гарадоў свету: Рыма, Канстанцінопаля-Стамбула, Парыжа, Лондана, Нью-Ёрка. Якраз з Луксора адзін з абеліскаў вывезены Напалеонам у Парыж і з таго часу ўзвышаецца на самай прыгожай гарадской плошчы Згоды (Plas de la Concorde), на месцы, дзе ў час Французскай рэвалюцыя стаяла гільяціна.

За абеліскам і пілонам – шырокі двор храма са шматлікімі калонамі, паміж якімі стаяць каласальныя (па 20 м вышынёй) скульптуры Рамсеса ІІ. На сценах храма запісана панегірычная паэма, прысвечаная перамозе Рамсеса ІІ над Хетцкім царствам.

Паміж храмамі Луксора і Карнака знаходзіцца алея сфінксаў (з галовамі баранаў) даўжынёй у 3 км. Сам храм у Карнаку – велізарны. Тут варта ведаць хоць бы пра галоўную залу з 134 каласальнымі калонамі, пастаўленымі ў 16 радоў. Асабліва магутныя 12 калонаў па 10 м ахопам, вышынёй да 24 м. Многія памяшканні храма пабудаваныя яшчэ царыцай Хатшэпсут і яе зяцем Тутмесам ІІІ. Храм царыцы Хатшэпсут і пахавальні іншых фараонаў знаходзяцца насупраць Луксора і Карнака – на заходнім беразе Ніла, у так званай Даліне цароў.

На самым поўдні Егіпта, за Асуанскай плацінай, пабудаванай Савецкім Саюзам, знаходзіцца яшчэ адзін знакаміты храм, створаны Рамсесам ІІ, - Абу-Сімбел. Сам храм – унутры гары, а ўваход у яго ўпрыгожваюць 4 каласальныя скульптуры (24 м) самога Рамсеса ІІ. Дзве з іх добра захаваліся. Два разы на год (у лютым і кастрычніку) тут можна назіраць так званы “сонечны цуд”: а 6-й гадзіне раніцы сонечны прамень пранікае праз уваход у храм і асвячае на працягу 6 хвілін кожную з 20 каласальных скульптур галоўных багоў Егіпта, акрамя бога памерлых – Тота. Спецыялісты гавораць, што, каб разлічыць матэматычна і стварыць храм з “сонечным цудам”, неабходны надзвычай высокі ўзровень навукі. Ды і будаўнічая тэхніка егіпцян уражвае нават сёння (успомнім піраміды).

Скульптуры Рамсеса ІІ каласальнай велічыні стаяць у многіх месцах Егіпта. Ён таму здолеў так многа пабудаваць, што пражыў вельмі доўга. Лічыцца, што менавіта ў яго час адбыўся Зыход яўрэяў з Егіпта, хоць тут пакуль што шмат невядомага.

Абу-Сімбел – апошні ўзлёт егіпецкага генія. У далейшым амаль на тысячу гадоў культурнае развіццё перапынілася – Егіпет жыў ранейшымі дасягненнямі. І толькі ў эпоху элінізму, пры грэка-македонскай дынастыі Пталемеяў, зноў адбыўся росквіт культуры Егіпта.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: