Тэорыя літаратуры на заключным этапе літаратурнай адукацыі

Заключны этап прыпадае на Х-ХІ класы, фактычна пачатак прынцыпаў гэтай адукацыі пачаўся ў апошні год базавай школы.

У Х класе працягваецца вывучэнне беларускай літаратуры на гісторыка-храналагічнай аснове, пры гэтым захоўваецца пераемнасць у паглыбленні папярэдне набытых і засваенні новых тэарэтыка-літаратурных ведаў (уводзіцца паняцце “літаратурны працэс”, мадэрнізм). Неабходна адзначыць, што навучанне патрабуе ад настаўніка дасведчанасці не толькі ў тэорыі літаратуры, але ва ўсіх галінах мастацтва, таму што неабходна пры невялікай колькасці гадзін даць вялікую колькасць матэрыялу.

Асобнай увагі вымагае ўвядзенне паняцця пра літаратурны працэс, а таксама развіццё ўяўленняў пра спецыфіку адлюстравання свету ў літаратуры розных эпох.

Вучні ў папярэдніх класах ужо знаёміліся з важнейшымі асаблівасцямі светапогляду, культуры, мастацтва (у тым ліку славеснага) Адраджэння, асветніцтва, рамантызму, рэалізму. У Х класе іх веды пра гістарычную дынаміку літаратурных эпох і метадаў канкрэтызуюцца і дапаўняюцца пасля засваення агульных паняццяў пра рэалізм, мадэрнізм і яго плыні. Настаўнік павінен звярнуць увагу на сувязь паміж развіццём літаратуры і грамадска-палітычным жыццём, адзначыць, што літаратура адлюстроўвае духоўны стан грамадства на кожным з этапаў развіцця чалавецтва, дазваляе глыбей зразумець працэсы развіцця думкі.

Так, пры вывучэнні твораў першай паловы ХХ стагоддзя паглыбляюцца паняцці пра рэалістычнае ўзнаўленне жыцця і вобраз апавядальніка. Аналіз апавяданняў Максіма Гарэцкага “Роднае карэнне”, “Літоўскі хутарок” дазваляюць сфарміраваць уяўленні пра псіхалагізм у рэалістычным творы, якія пашыраюцца падчас вывучэння рамана Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”.

У гэтым класе праграмай прадугледжана і сістэматызацыя (з далейшым паглыбленнем) ведаў пра родава-жанравую спецыфіку літаратуры. Напрыклад, на матэрыяле творчасці Змітрака Бядулі засвойваюцца асаблівасці абразка, лірычнай мініяцюры і прыпавесці як жанраў малой прозы (вобразная асацыятыўнасць, метафарычнасць, маналагічнасць формы, алегарычнасць, іншасказальнасць і інш.). Удакладняюцца жанравыя межы апавядання, навелы, аповесці — падчас вывучэння твораў Стэфана Цвейга, Міхася Зарэцкага, Янкі Брыля.

Разам з тым, у дзесяцікласнікаў павінны сфарміравацца ўяўленні і пра больш складаныя формы, што сінтэзуюць адзнакі розных відаў і жанраў у межах аднаго літаратурнага роду (трагікамедыя, сатырычная камедыя). Цікава прасачыць камічнае і сатырычнае ў розных літаратурных жанрах. Так, спачатку вывучаюцца байкі і камедыя “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы, а затым сатырычны раман “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя.

Акрамя родава-жанравай спецыфікі вывучаемых твораў, вучні дэталізуюць уяўленні пра будову і структуру твора: паглыбляюцца паняцці пра тэму, ідэю, лейтматыў, праблематыку твора; пра сюжэт і яго элементы (пралог, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка, эпілог), а таксама пра пазасюжэтныя кампаненты (пейзаж, партрэт, апісанні, аўтарскія адступленні, устаўныя эпізоды). Працягваецца сістэматызацыя ведаў пра сродкі і спосабы стварэння вобразаў-персанажаў у мастацкіх тэкстах розных відаў і жанраў; высвятляюцца суадносіны паняццяў “літаратурны герой”, “апавядальнік”, “аўтар” (напрыклад, зварот да творчасці Івана Мележа канкрэтызуе аўтарскую канцэпцыю жыцця і асобы). Пашыраюцца ўяўленні пра палітру вобразна-выяўленчых сродкаў (падчас назіранняў за мовай персанажаў у п’есах А. Макаёнка і інш.).

Відавочна, што пры вывучэнні любога твора ажыццяўляецца рух ад мастацкага вобраза да паняцця. Асабліва выразна гэта выяўляецца на матэрыяле аналізу лірычных твораў. Даследуючы спецыфіку пазнання лірыкі, З.Я. Рэз прыходзіць да высновы, што “працэс спасціжэння паэзіі арганізуецца як рух ад адзінкавага і канкрэтнага — да абагуленага: ад твора да паэта, ад паэта ў канкрэтным вершы — да яго творчасці ўвогуле, да яго паэтычнага свету, ад творчасці паэта — да разумення паэзіі, спецыфікі, яе ролі ў жыцці” [12, с. 137]. Так, паглыбляючы паняцце пра верлібр і асацыятыўны вобраз падчас аналізу вершаў Максіма Танка, настаўнік фарміруе ў вучняў абагуленае ўяўленне пра шырыню дыяпазону ранняй паэзіі творцы, яе наватарскі характар, шматграннасць паэтыкі. Аналіз аповесцяў і рамана Уладзіміра Караткевіча дазваляе пашырыць разуменне кола сутнасных, спецыфічных адрозненняў рамантычнага і рэалістычнага адлюстравання жыцця ў літаратуры.

Тэарэтыка-літаратурны матэрыял, які ўтрымлівае праграма для вывучэння беларускай літаратуры ў Х класе, у структурным і змястоўным планах суадносіцца з адпаведным матэрыялам, паглыбляюцца ўжо вядомыя і ўводзяцца новыя паняцці, якія характарызуюць родава-жанравую прыналежнасць твораў (аповесць, шэраг “малых” празаічных жанраў, лірычных (актава), ліра-эпічных (байка, паэма-споведзь і інш.), драматычных, узбагачаюць уяўленні пра сістэму вобразаў у творы, вобразна-выяўленчыя сродкі (тропіка), вершаскладанне (верлібр). Удакладняюцца ў дачыненні да літаратуры агульнаэстэтычныя катэгорыі трагічнага і камічнага.

ХІ клас завяршае вывучэнне тэарэтыка-літаратурных паняццяў, паглыбляецца паняцце аповесці, увага засяроджваецца на адрозненні аповесці і апвядання. На прыкладзе твораў Івана Шамякіна прасочваюцца асаблівасці аповесці як жанра, прычым узгадваецца гісторыя напісання, асаблівасці творчай манеры аўтара, разбіраюцца сюжэтныя лініі, змест і інш., што спрыяе больш свядомаму засваенню матэрыяла.

Аналізуючы аповесці Васіля Быкава, навучэнцы паглыбляюць паняцце аўтарскай пазіцыі ў творы, разумення аўтарскай канцэпцыі жыцця і асобы, гераічнага і трагічнага ў літаратуры. Параўноўваючы вобразы Сотнікава і Рыбака (“Сотнікаў”), адзінацацікласнікі выяўляюць пазіцыю жыццця самаго аўтара, яго разуменне асобы, разважаюць, што першасна духоўнае ці фізічнае ў характары чалавека; знакі бяды – вобразы-сімвалы, рассыпаныя па ўсёй аповесці “Знак бяды”, акрэсліваюць трагічнае, ролю мастацкіх дэталяў у творы.

Уводзячы паняцце “унутраны маналог”, настаўнік звяртае ўвагу на асаблівасць творчай манеры Міхася Стральцова, мэтазгодна таксама аднавіць паняцці “аўтар-апавядальнік”, “кампазіцыя твора”, асаблівасць творчай манеры.
Паглыбляецца паняцце “сюжэт” на прыкладзе апавяданняў Івана Навуменкі, якія маюць завязку, развіццё дзеяння, кульмінацыю, развязку і адначасова шырока прадстаўлены пейзажныя і партрэтныя замалёўкі, аўтарскія апісанні, узгадваюцца мінулыя падзеі (рэтраспекцыя), якія дапамагаюць раскрыць характары герояў.

У ХІ класе працягваецца вывучэнне жанраў, пра раман ў вершах настаўнік распавядае на прыкладзе “Родных дзяцей” Ніла Гілевіча, звяртае увагу на спалучэнне традыцыйнага і наватарскага ў галіне паэзіі, фальклорныя матывы, шырокі тэматычны змест. Паняцце “гістарычная драма” дэманструецца на творчасці Аляксея Дудурава, падкрэсліваецца наватарскае адлюстраванне мінулага, спалучэнне рэальнага і ўмоўна-фантастычнага планаў.

Такім чынам, вучні ХІ класа, знаёмячыся з канкрэтнымі творамі або творчасцю асобных пісьменнікаў, авалодваюць цэлым комплексам ведаў з гісторыі і тэорыі літаратуры: літаратурны працэс, сувязь літаратуры з грамадскім жыццём, літаратурныя напрамкі і стылі, развіццё жанраў, традыцыі і наватарства, нацыянальная своеасаблівасць беларускай літаратуры, літаратура і культура, іншыя віды мастацтва.

Пры вывучэнні тэмы “Беларуская літаратура на сучасным этапе” літаратурна-тэарытычныя веды аднаўляюцца і замацоўваюцца пра знаёмстве з творамі розных жанраў і родаў.

У канцэнтры ІХ—Х класаў паглыбляюцца ўяўленні вучняў пра суадносіны і стасункі міфалогіі, літаратуры і фальклору; абагульняюцца і сістэматызуюцца веды пра мастацкі твор (тэма, ідэя, сюжэт, кампазіцыя, сістэма вобразаў, канфлікт, выяўленчыя сродкі), яго родава-жанравую прыналежнасць; пра вершаскладанне. Акрамя таго, вучні павінны засвоіць пачатковыя паняцці стылю пісьменніка, творчага метаду і інш., засвоіць ўяўленні пра рэалізацыю шэрагу агульных мастацка-эстэтычных катэгорый і паняццяў у літаратурным творы (камічнае, іранічнае, узвышанае, трагічнае; “вечны вобраз”).

Курс беларускай літаратуры на заключным этапе будуецца на гісторыка-літаратурнай аснове. Вывучаючы беларускую літаратуру на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, старшакласнікі не толькі ўзбагачаюць атрыманыя раней тэарэтыка-літаратурныя веды, але і сістэматызуюць згаданые веды. Вышэй акцэнтавалася ўвага на тым, што спасцігаючы літаратуру, вучні рухаюцца ад вобраза да паняцця падчас аналізу праблематыкі, кампазіцыі, паэтыкі таго ці іншага твора, пасля зноў вяртаюцца да “вобразнай рэальнасці” твора на больш высокім узроўні яго спасціжэння. Такім чынам, у аснове сістэмнага, канцэптуальнага навучання літаратуры знаходзіцца паглыбленне сувязей паміж непасрэдным асобасным успрыманнем твора, яго вывучэннем — і авалоданнем сістэмай тэарэтыка-літаратурных паняццяў, бо “толькі ў сістэме паняцце можа набыць усвядомленасць і адвольнасць” [5, с. 248].

Пры засваенні новых тэарэтычных паняццяў неабходна ўлічваць пераемнасць паміж этапамі літаратурнага навучання, якая грунтуецца на прынцыпах паступовага паглыблення “апорных” тэарэтыка-літаратурных катэгорый, пастаянага замацавання атрыманых ведаў, развіцці вучнёўскіх практычных уменняў і навыкаў, абавязковым іх прымяненні падчас аналізу мастацкіх твораў.

На заключным этапе літаратурнай адукацыі відавочна ўскладняюцца структура і змест тэарэтыка-літаратурных паняццяў. Яны адбіраюцца не толькі з улікам мастацкай спецыфікі твора, яго родавай і жанравай прыналежнасці, прыярытэтнай функцыянальнай ролі пэўнага тэарэтычнага паняцця ў засваенні канкрэтнага літаратурнага матэрыялу, значнасці таго або іншага паняцця ў фарміраванні чытацкіх уменняў, успрымання, аналізу і ацэнкі твораў; даступнасці тэарэтыка-літаратурнага паняцця для вучняў пэўнай узроставай групы і г.д., але і з улікам выкарыстання тэрмінаў у роднасных літаратуры відах мастацтваў (музыка, жывапіс, скульптура, тэатр, тэле- і кінамастацтва і інш.).

Зарыентаванасць праграм на вывучэнне беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай пашырае ўяўленні пра шляхі развіцця літаратуры, узмацняе культуралагічны характар навучання прадмету. Школьнікі павінны мець уяўленне пра своеасаблівасць развіцця нацыянальнай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя на фоне сусветнага літаратурнага працэсу. Канцэптуальнасць навучання беларускай літаратуры забяспечваецца гісторыка-літаратурным падыходам, што дае магчымасць прасачыць дынаміку асноўных эпох нацыянальнага і сусветнага мастацтва. Асновы падобнага падыходу закладваліся на папярэднім этапе, пачынаючы з ІХ класа, пашыраюцца набытыя веды, узрастае роля тэарэтычнага кампаненту ў іх паглыбленні. У Х і ХІ паглыбляецца разуменне паняццяў, якія звязаны з фарміраваннем уяўленняў аб развіцці і станаўленні мастацкага слова. Варта адзначыць, што канцэпцыя сучаснай літаратурнай адукацыі дае настаўнікам магчымасць дыферэнцыраваць тэарэтычны матэрыял у залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі класа.

Паглыбляецца ўяўленне вучняў пра шматзначнасць і шматфункцыянальнасць мастацкага слова ў розных кантэкстах. Яно асэнсоўваецца ў складанай сістэме вобразных, тэматычных, жанрава-стылёвых сувязей — з дапамогай паняццяў, якія раскрываюць гістарычную пераемнасць літаратурнага развіцця, дапамагаюць засвоіць веды пра асноўныя літаратурныя напрамкі ў іх тыпалагічнай і нацыянальна-гістарычнай своеасаблівасці на прыкладзе творчасці найбольш выдатных прадстаўнікоў нацыянальнай і замежнай літаратуры.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: