Сучасны стан беларускай тэрміналогіі

З прыняццем у пачатку 1990 года Закону “Аб мовах у Беларускай ССР” тэр­мі­на­ла­гічная работа на Беларусі ажывілася. За некалькі наступных гадоў выйшлі з друку разнастайныя вуз­кагаліновыя слоўнікі ў асноўным перакладнога тыпу: “Русско-белорусский словарь электро­технических терминов” (аўтары Н.П. Краеўская, Б.В. Грынберг, В.П. Красней, Мінск, 1993), “Русско-белорусский словарь по теплотехнике и санитарной технике” (аў­та­ры В.М. Капко, Б.М. Хрусталёў, Мінск, 1995), “Руска-беларускі слоўнік наф­та- і газаздабычы” (аўтар У.В. Люшцік, Мінск, 1997), “Русско-белорусский по­литехнический словарь” (пад рэдак­цы­яй І.Л. Бурак, Мінск, 1997 — 1998), “Русско-белорусский тер­ми­но­ло­ги­ческий словарь по металлургическому производству” (аўтары А.П. Лас­каў­нёў, Н.М. Нямковіч, А.Ц. Валочка, Мінск, 1998) і шмат іншых. Усе яны ствараліся ў паскораным тэмпе, час­та без уліку традыцыі, якая ўжо існавала ў Беларусі. Увогуле 90-я гады ХХ ст. характарызуюцца асаблівай увагай да актывізацыі лексічных, словаўтваральных сродкаў беларускай мовы, што тлумачыцца даволі значным уплывам рус­кай мовы ў папярэдні перыяд развіцця ва ўмовах СССР і тымі зменамі, якія адбы­ва­ліся ў нашым грамадстве: распад СССР, набыццё Беларуссю статусу незалежнай дзяр­жавы, прыняцце Закону “Аб мовах у Беларускай ССР” — усе гэтыя фак­та­ры моцна паўплывалі на ход развіцця мовы. А паколькі тэрміналогія з’яўляецца яе неад’емнай часткай, якая жыве і развіваецца па моўных законах, то яна таксама ад­чу­ла гэты ўплыў.

У друку ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст. усё часцей і часцей з’яўляюцца публікацыі, прысвечаныя мо­ва­знаў­чай праблематыцы ў тэрміналогіі: правапісу, словаўтварэнню і інш. Нягледзячы на тое, што ў асяроддзі тэрмінолагаў няма адзінага погляду на некаторыя пытанні, боль­шасць даследчыкаў асноўнымі прыёмамі тэрмінатворчасці называе тэрміналагізацыю, тэр­мінаўтварэнне, у тым ліку і калькаванне, запазычванне тэрміна з іншых моў. Так, част­ку навукова-тэхнічных тэрмінаў можна знайсці ў слоўніках беларускай мовы агуль­нага карыстання: разрадка, расклёпка, расплаў, святло, струмень, сту­пень, сумесь, сушка, сцяна, таўшчыня, хвост (імпульсу), цвёр­ды, цячэнне, чарцёж, чорны, шво, шкло, шы­ра­та, шыццё (дротам), іншыя выпрацоўваліся аўта­ра­мі самастойна шляхам калькавання адпаведных тэрмінаў рускай мовы: газо­­очисти­тель — газаачыш­чальнік, газопро­ница­емость — газа­­пра­­ні­каль­­насць, газо­распре­де­литель — газа­размер­каваль­нік, фото­­преоб­разователь — фо­та­­пераўтва­раль­­нік, элект­ро­­­дви­га­тель — электра­­руха­вік і інш.

Безумоўна, у сучасныя слоўнікі ўключаны і шматлікія запазычанні з іншых моў: вальфрамавая руда, іанізацыя, ізалятар, індукцыя, мадуляцыя, электрон, эмісія і інш.

Значнае месца аўтары адводзяць уласнай тэрмінатворчасці: адлюстраванне (прасторавае), беспаветраны, біццё, буйнасць, буйны, выбіўка, выплаўка, выпрацоўка, выяўленне (няс­праў­нас­цей), галіна (трубаправода), дапальванне, дапрацоўка, даробка, за­­пальнік, засцерагальная (зона), засце­ра­галь­ны (болт), уключэнне, успышка, утул­ка (калектарная), уціс­канне і інш. Аналіз паказвае, што ўсе гэтыя прыё­мы выкарыстоўваюцца ў сучасных вузкагаліновых слоўніках.

На жаль, аўтары не заўсёды абапіраліся на тыя традыцыі, якія ўжо існавалі ў бела­рускай мове і былі закладзены ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Як адзначае В.П. Красней, у 20 — 30-я гады тэхнічная тэрміналогія абапіралася на ўласнамоўную гле­бу, яна “…фарміравалася 1) шляхам увядзення ў склад той ці іншай тэрміналогіі агуль­наўжывальных слоў…; 2) шляхам утварэння шматлікіх неалагізмаў…; 3) шляхам вы­ка­рыстання дыялектных слоў…”*. Відавочна, што крыніцы тэр­мі­на­ло­гіі, якія выкарыстоўваліся ў перыяд стварэння тэрміналагічных слоўнікаў у 20 — 30‑я гады, зараз недастатковыя, бо любая галіна тэхнікі патрабуе соцень тысяч тэрмінаў.

Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што многія тэрміны, якія былі створаны ў 20 — 30-я гады на ўласнабеларускай аснове, аказваліся няўстойлівымі ў часе і пас­ту­по­ва замяняліся іншымі. У прыватнасці, беларуская тэхнічная тэрмі­налогія пастаянна ад­чувала моцны ўплыў з боку рускай мовы, і таму шмат тэрмінаў, утвораных на ас­но­ве дыялектызмаў, паступова выходзілі з ужытку і замяняліся іншымі тэрмінамі: ася­ро­дзішча — асярод­дзе, злуч­во — злучэнне, кру­цёл­ка — вяр­туш­ка, курадым і куро­дым — сажа, кут — ву­гал, ма­зі­ва —змазка, плеш­ка — галоўка (сці­ран­ня), по­чап­ка — пад­вес­ка, ска­ру­пі­на — кор­ка, сцяж­ніца — сцяж­ка, хібіна — складка. Ін­шыя замя­ня­лі­ся запа­зы­чан­ня­мі: знач­нік — кер­нер, падвалак — пад­шып­нік, па­­ды­­мач — дамкрат, свярдлілка, браз­­­готка — свердзел, стру­мант — інстру­мент і інш.

Страта тэрмінаў на ўласнабеларускай аснове абумоўлена таксама і тым, што ў вус­най форме часцей ужываліся тэрміны з рускай мовы ў сувязі з невы­ка­рыс­тан­нем беларускай у вышэйшых тэхнічных навучальных установах і ПТВ, невялікай коль­касцю навукова-тэхнічнай літаратуры на нацыянальнай мове.

Разам з названымі вышэй агульнымі прычынамі знешнелінгвістычнага харак­та­ру на змяншэнне тэрмінаў на ўласнабеларускай аснове дзейнічалі і чыста лінгвіс­тыч­ныя фактары. У 20-я гады ХХ ст. у тэрмінатворчасці назіралася тэндэнцыя да пурызму — імкнен­не ачысціць мову ад іншамоўных слоў і выразаў, не дапусціць у яе запа­зы­ча­ную лексіку. Пурызм у тэрміналогіі 20-х гадоў адзначалі многія даследчыкі. У 90-я гады ХХ ст. аўтары тэрміналагічных слоўнікаў таксама пачалі ўводзіць у склад тэрміналогіі вузкадыялектныя словы, ствараць штучныя неалагізмы. Толькі калі ў 20-я годы вучоныя імкнуліся надаць мове навукі і тэхнікі своеасаблівы, на­цыя­наль­ны характар, праўда, не зусім апраўдана, то цяпер пурыстычная тэндэнцыя прая­ві­лася галоўным чынам у тым, што з тэрмінасістэм выключаліся тэрміны, агульныя для беларускай і рускай моў: назіраецца адмежаванне ад рускай мовы, якая ў Беларусі па­нуе ў навукова-тэхнічнай сферы. Гэта словы: датчик — надайнік, короч­ка — ска­­рын­ка, угореть — учадзець, фактар — чын­­нік, явление — выявішча і інш.

Практычная работа над слоўнікамі розных галін ведаў паказвае, што аб’ектыўных моўных перашкод для распрацоўкі беларускай тэрміналогіі не існуе, аб чым сведчаць і паспяховыя спробы падрыхтоўкі слоўнікаў па асобных галінах тэхнічных ведаў. У той жа час існуючая практыка выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі сведчыць аб тым, што хоць патэнцыяльна гэтая тэрміналогія, як і тэрмінасістэмы іншых галін ведаў, здольна перадаць усю сістэму навукова-тэхнічных паняццяў на сучасным сусветным узроўні, аднак яна патрабуе значнай работы ў напрамку ўпарадкавання і сістэматызацыі.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Якія гістарычныя фактары негатыўна паўплывалі на фарміраванне старабеларускай тэрміналогіі?

2. Што ляжыць у аснове тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы?

3. Як паўплывала ўзнікненне і развіццё пісьменнасці на Беларусі на фарміраванне тэрміналагічнай лексікі?

4. Якія фактары садзейнічалі фарміраванню старабеларускай тэрміналогіі ў ХІV — ХVІІ стагоддзях?

5. Якія галіны тэрміналогіі ў ХІV — ХVІІ стагоддзях былі найбольш развітымі? Чаму?

6. Якія тэрміналагічныя слоўнікі выйшлі ў 90-я гады ХХ стагоддзя?

7. Якімі прычынамі абумоўлена актывізацыя работы ў галіне тэрміналогіі ў 90-я гады ХХ стагоддзях?

8. Назавіце асноўныя прыёмы тэрмінатворчасці, якія выкарыстоўваюцца ў наш час? Абгрунтуйце свой адказ.

9. Якімі, на вашу думку, прычынамі абумоўлена змяншэнне тэрмінаў на ўласнабеларускай аснове?

10. Якія традыцыі тэрмінатворчасці 20 — 30-х гадоў ХХ ст. выкарыс­тоў­ваюц­ца ў наш час?

11. Якую ролю адыграла ў распрацоўцы тэрміналогіі Навукова-тэрміналагічная камісія?

12. Якія фактары ў пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя паспрыялі фарміраванню тэхнічнай тэрміналогіі?

13. Якія прынцыпы стварэння новых тэрмінаў былі распрацаваны Навукова-тэрміналагічнай камісіяй?

14.Чым характарызуецца тэрміналогія, распрацаваная Навукова-тэрміналагічнай камісіяй?

15. Які ўклад унеслі ў распрацоўку беларускай тэрміналогіі народныя пісьменнікі Якуб Колас і Янка Купала?

16. Чым абумоўлена наяўнасць варыятыўнасці ў тэрміналогіі 50 — 70 га­доў ХХ ст.?

Заданне 1. Прааналізуйце тэрміны, якія былі прапанаваны Тэрміналагічнай камісіяй у пачатку 20-х гадоў ХХ ст. Чаму яны не замацаваліся ў тэрмінасістэмах?

Старчак — перпендыкуляр, ускосіна — дыяганаль, канцавоссе — полюс, выяданне — эрозія, таўкачык — песцік.

Заданне 2. Параўнайце значэнні слоў, ужытых у “Статуце Вялікага княства Літоўскага” 1529 года, з іх значэннямі ў сучаснай беларускай мове.

Вживати — карыстацца, выконваць свае абавязкі, вчынак — дзеянне, господар — вялікі князь літоўскі, госци — іназемныя купцы, дбати — клапаціцца, звяртаць увагу, згуба — страта, выдаткі, поведати — заявіць.

Заданне 3. Прааналізуйце вытрымкі з руска-беларускага слоўніка “Тэхнічная тэр­мі­налогія” (Вып. 1. Мінск, 1932) пад рэдакцыяй А. Гурло.

Оснастка — рыш­ту­­­­нак, петля — прарэшак, пог­­реш­ность — хі­ба, пот­­ре­би­тель — ужыт­коў­нік, рвань — лахманы, рызманы, ре­зерв — выз­­бытак, ры­чаг — пад­важнік, све­тильник — свя­ціль­ня, серьга — по­чап­ка, содер­жи­мое — змес­ці­ва, угар — чад.

Заданне 4. Выпішыце з тэксту тэрміны. Вызначце, да якой галіны навукі яны адносяцца.

Калійная соль

Калійныя солі — асадкавыя горныя пароды, складзеныя з лёгкарастваральных солей калію, звычайна разам з натрыем і магніем і інш. Асноўныя мінералы сільвін, карналіт, радзей каініт, лангбейніт, шэніт, палігаліт. Калійныя солі — асноўная сыравіна, з якой атрымліваюць калійныя ўгнаенні, металічны калій і яго злучэнні.

Утварэнне калійных солей адбываецца пры выпарэнні ці ахалоджванні расолаў, насычаных каліем, у ізаляваных бассейнах, дзе выпарэнне пераважае над паступленнем вады. Паклады калійнай солі звычайна прымеркаваны да верхніх частак разрэзаў галагенных фармацый… (БелСЭ)

Заданне 5. Выпішыце з тэксту тэхнічныя тэрміны. Карыстаючыся слоўнікам, растлумачце іх значэнне.

Друкарскі цэх

Гудзе друкарскі цэх.

Суцэльным гулам ракочуць вялізныя ратацыённыя машыны — камбайны друкарскай справы. Сіпяць і ляскаюць маладыя руплівыя “амерыканкі”. Да суму аднастайнымі раскатамі гудуць машыны, што называюцца плоскімі. Іх шум нагадвае марскі прыбой. Не толькі шум! Гледзячы ўздоўж лініі дзесятка гэтых машын на тое, як з-пад вальцаў узад ды наперад з мерным грукатам раскачваюцца талеры, — зрокам памяці бачыш, як кішыць на пяску пена, як неспакойна варушыцца галька, як пырскаюць угару ўсплёскі хваль, у бяссільнай злосці штурмуючы валуны…

Думы і вобразы заключаны ў маталёвыя радкі набора. Палосы — старонкі будучай кнігі — таксама строга і стройна заключаны ў форму. Па спускавой дошцы на барабан спаўзаюць белыя аркушы. Чорныя вальцы раз-пораз убіраюць пад сябе нагружаны наборам талер. З барабана на доўгія лучыны “пальцаў” сплываюць аддрукаваныя аркушы. Побач з машынай няспынна расце стапа паперы. (Я. Брыль)

Заданне 6. Прачытайце тэрміны, людзі якой прафесіі імі карыстаюцца?

Абзац, акустыка, азот, балада, баланс, бюджэт, вадарод, гіпатэнуза, гранкі, док, зодчы, ізумруд, ікс, іск, карэктура, карабін, кісларод, лакатар, мензурка, оптыка, прыстань, рампа, раман, суфікс, тарпеда, флюс, электрон, юнга, якар.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: