Ад К.С. Бацюшкавай (1909) з г. Віцебска

На уліцы арэлькі – калышацца дзеукі,

Гу-у-та-та, гу-у-лі-ля!*

Меня, маладзеньку, гукаюць, гукаюць.

Меня, маладзеньку, бусількі, бусількі (1)

Гуляць меня не пусцюць, не пусцюць.

А хоць пусцяць – познянько, познянько,

А ўсе дзевачкі – рознянькі, рознянькі.

А як выйду я – запою, запою,

Усіх дзевачэк собяру, собяру,

Скрыпкі і цымбалу подайму, подайму,

І буду гуляць до свету, до свету,

До познего обеду, обеду.

А дамой іцці боюся, боюся,

У дзевератанькі прошуся, прошуся:

– Дзевератанька, старшый брат, старшый брат,

Заведзі меня дадому, дадому,

Дам цябе кустку (2) шалкову, шалкову,

Тонку кашулю да долу, да долу.

– Пастой, шэльма, бок проб’ю, бок проб’ю,

Тонку кашулю сам сношу, сам сношу,

Шалкову кустку матке отдам, матке отдам.

*Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.

Заўвага! Бусількі – муж,

Кустка – хустка.

Запісала Л. Антук у 1990 г.

ПЕСНІ ПРАВОДЗІНАЎ МАСЛЕНІЦЫ

Асноўныя матывы песень – нараканні на Масленіцу за падман і кпіны з Масленіцы-палізухі. Масленіцу папракаюць, што замест сямі нядзелек яна працягнулася толькі сем дзянёчкаў. Творы лёгка трансфармуюцца ў песені-дакоры да Масленіцы-каўзуніцы, што тая хутка канчаецца.

Захавалася толькі адзіная песня, у якой адлюстравалася былое рытуальнае знішчэнне пудзіла Масленіцы: “А мы Масленіцу пракаталі, у пясок яе закапалі” (Віцебшчына). Новых варыянтаў названай песні пакуль што не зафіксавана.

ТЫ МАСЛІНКА-КАЎЗУХА...

Ад В.І. Дунаёвай (1900) з в. Юрцава Аршанскага раёна

– Ты маслінка-каўзуха, каўзуха,

Чаму не вялася да духа, да духа?

– Я ж бы вялася, вялася,

Каб я ўдалася, удалася.

Масленіца, масленіцу!

Запісала Т. Шабанава ў 1991 г.

НАША МАСЛЕНКА КАТЛІВА

Ад А.П. Казак (1942) з г. Бабруйска

Наша Масленка катліва,

Штось катліва, ой, катліва!

А мы Масленку пракацілі,

Пракацілі, ой, пракацілі.

А цяпер пойдзем хаваці!

Нашу Масленку хаваці,

У вагонь яе кідаці,

Ды на лета прыбіраці.

Запісала Ю.А. Ільіна ў 2000 г.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: