Ваджэнне Маі

Ваджэнне Маі – характэрны для Палесся старажытны позневеснавы магічны абрад аграрна-жывёлагадоўчай скіраванасці. Узноўлены фальклорна-этнаграфічным гуртам «Палескія напевы» з в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці паводле ўспамінаў трох мясцовых жыхарак пажылога ўзросту. Абрад выконвалі маладыя дзяўчаты, а Маю ўвасабляла іх сяброўка ў зялёным убранні, зробленым выключна з папараці, і з прыгожым вянком на галаве, сплеценым з зялёных раслін і кветак. На сённяшні дзень вядомы толькі адзін узор майскай песні:

Девкі на Тройцу У чыёй хаті

За сілом ходілі. Мая танцуе,

За собою оны Овёс і ячмень

Маю воділі. Там колосуе.

У кого в дворэ На с’яту Тройцу

Маю воділі, Мая гуляла,

Грэчка й пшаніцы Нашым конікам

В того роділі. Грывы чэсала.

Трохступенчаты абходны абрад пачынаўся «за сілом», уключаў наведванне палёў, працягваўся «в дворэ», завяршаўся «ў хаті» і меў на мэце магічнае забеспячэнне ўраджаю. Мая лічылася апякункай выспявання палявых культур, сакральнае значэнне надавалася яе танцу і хаджэнню. Акрамя таго, Мая ўшаноўвалася як даглядчыца коней. Яна прадстаўляла жаночы полюс сферы міфалагічных апекуноў жывёлы, а мужчынскі – шэраг персанажаў ад язычніцкіх Вялеса і Юр’я-Юрылы да шматлікіх хрысціянскіх (Флор і Лаўр, Аўлас, св. Барыс, св. Мікола ды інш.). З культам Маі, якая «чэша коням грывы», суадносіцца палескі Конскі Вялікдзень, які адзначаўся пасля Тройцы, у аўторак.

Ушанаванне Маі, засведчанае Л. Галамбёўскім (1831), існавала таксама на Піншчыне і ў іншых мясцінах напачатку месяца пры ўстанаўленні так званага майскага дрэва, упрыгожанага рознакаляровымі стужкамі. Звычай шырока вядомы ў заходнееўрапейцаў, славян, зафіксаваны на Гомельшчыне. За вёскай, дзе закопвалася ў зямлю спецыяльна ссечанае дрэва, палешукі ладзілі масавае гулянне. Вакол дрэва вадзілі карагоды, спяваючы песні з рэфрэнам «О, Мая, Мая!» – у гонар вялікай багіні, як палічыў аўтар. На Тройцу ўрачыстасць паўтаралася, на яе завяршэнне дзяўчаты вадзілі вясковай вуліцай Маю, ролю якой выконвала ахутаная з галавы да ног у бярозавыя галінкі іх сяброўка. Пры гэтым яны танцавалі і спявалі адпаведныя песні, але ў якасці прыклада Л. Галамбёўскі прывёў песню «Каля таго да зялёнага Куста», прыналежную да абраду ваджэння Куста, што адбываўся ў панядзелак пасля Тройцы. Паступова майская абраднасць паглынулася куставай як больш значнай для палешукоў. Майскі абрад, прымеркаваны да траецкай нядзелі, пачаў усведамляцца як куставы, а Мая згубіла ўласнае імя. Арыгінальныя майскія песні ўвайшлі ў склад куставых. Аб іх існаванні сведчаць песенныя матывы цяперашніх куставых песень, звязаныя з дрэвам, весялосцю, танцамі: «Ой, пойду, где мне весёлэнько, // Шчо літо, зіма дерэво зелэненько», «Ой, у Чэнчыц да водыца лэліе, // А на ставочку дэрэво зэлэніе», «На горы да на новуй крэмэніцы // Танцовалі девкі, молодіцы» і да т. п. Заклік «Да не сечыце да зелёного гаю» суадносіцца якраз з рытуальным момантам ссякання майскага дрэва. Уласна майскія песні запісваліся ў 60-я гг. ХХ ст. на захадзе Смаленшчыны, этнічнай тэрыторыі беларусаў. Яны выконваліся пры абходзе палёў: «Девки, молодухи коло жита ходили», але постаць Маі адсутнічала, у прыпеве акцэнтаваўся мужчынскі складнік майскага абрадавага комплексу: «Ай, Маю, Маю, // Маю зеленой!» Ваджэнне Маі – частка сусветна вядомага культу містычнай творчай сілы, суаднесенай з жаночым і мужчынскім пачаткамі (мая – май). Для беларусаў увасабленнем Мая з’яўляецца траецкая зеляніна – май, ссечаныя маладыя дрэўцы і галінкі, якімі ўпрыгожваліся двары, хаты, будынкі (заходнія славяне, наадварот, з маем, маікам, гаікам, новым лецечкам, г. зн. невялічкім дрэўцам, абходзілі двары), а Маі – дзяўчына ў зялёным траецкім маі. Беларускія май і Мая суадносяцца з заходнееўрапейскімі абрадавымі парамі – Маяй і Маем, майскім жаніхом і нявестай, каралём і каралевай, лордам і лэдзі мая.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: