Як крыніца па гісторыі Беларусі

Праблема вызначэння мемуараў XVI-XVIІI стст. з’яўляецца для крыніцазнаўцаў найбольш складанай, паколькі мемуарную літаратуру гэтага перыяду вельмі складана аддзяліць ад публіцыстыкі, эпісталярных твораў, а часам нават ад летапісу. Аб тым сведчаць спрэчкі наконт Баркалабаўскага летапісу, а таксама такога цікавага твора як “Дзеннікі паходаў Стэфана Баторыя на Расію”.

“Дзеннікі” складзены ў выглядзе пісьмаў, аднак апавядаюць не аб прыватных падзеях, а з’яўляюцца лаканічнымі запісамі хода баявых дзеянняў. Так “Дзеннік” апошняга паходу Стэфана Баторыя на Расію (асада Пскова) складзены ў перыяд з ліпеня 1581 па 1582 гг. адным з сакратароў каралеўскай канцэлярыі ксяндзом Станіславам Піятроўскім па даручэнню кароннага гетмана Андрэя Апалінскага. Арыгінал рукапісу утрымлівае шматлікія памылкі і пропускі. Але вінаватыя ў тым не перапісчыкі. Справа ў тым, што пераважная частка пісьмаў пісалася ў спешцы, у палатках, напярэдадні бою і гэта безумоўна адбілася на якасці тэкстаў. Аўтары, у значнай ступені імкнуліся (як і папярэднікі-летапісцы) бясстрасна дзень за днем паведамляць пра ход ваенных дзеянняў. Апошняе і складае асноўны змест гэтых твораў. Аднак часам аўтары робяць эмацыянальныя адступленні (“гледзячы на гэта і мы праслязіліся”), паведамляюць пра перамовы з Маскоўскай дзяржавай, пра місію А.Пасевіно аб дзейнасці іезуітаў у Полацку, змяшчаюць апісанні дыпламатычных прыемаў, правілаў ваеннага паходу і г.д.

Акрэсліваючы “пераходны” характар Баркалабаўскага летапісу, “Дзеннікаў” паходаў Стэфана Баторыя і Люблінскага сойму, большасць гісторыкаў лічыць самым раннім мемуарным помнікам з вядомых у сучасны момант “Гістарычныя запіскі”Федара Еўлашоўскага, напісаныя на беларускай мове ў 1603-1604 гг. У іх аснову, відаць, ляглі дзеннікавыя запісы аўтара за папярэднія 40 гадоў. Еўлашоўскі – ураджэнец Брэстчыны (1546-1619), дробнапамесны шляхціч, адукаваны чалавек і здольны юрыст, беларускі мемуарыст. Ен доўгі час служыў падсудкам (судовым абвінаваўцам, памочнікам суддзі) Навагрудскага павятовага суда, неаднаразова выбіраўся дэпутатам сейма Рэчы Паспалітай. Яму даводзілася весці справы высокапастаўленых асоб у судах розных інстанцый, што было звязана з частымі паездкамі па беларускіх і польскіх гарадах і давала багаты матэрыял для назіранняў. Ф.Еўлашоўскі быў доўгі час у блізкіх адносінах з Крыштафам Радзівілам Сіроткам, меў даволі блізкія адносіны са Стэфанам Баторыем, з’яўляўся сведкам заключэння Люблінскай уніі, членам камісіі па складанню “Трыбунала Вялікага княства Літоўскага” – статута вышэйшага дзяржаўнага суда. Таму ў дзенніку побач з адлюстраваннем свайго ўласнага жыцця ўтрымліваецца багаты матэрыял для вывучэння палітычнай гісторыі, культуры Беларусі XIII ст., светапогляду, побыту быту, адносін да падзей прадстаўнікоў розных класаў, найперш шляхты.

Арыгінал мемуараў захаваўся ў няпоўным аб’еме. Адсутнічае ўступная частка; не выключана, што запісы вяліся і пасля 1604 г., якім абрываюцца мемуары. Першая публікацыя крыніцы была ажыццеўлена Ф.Любамірскім з польскага перакладу. Крыху пазней, у 1886 г. твор Еўлашоўскага апублікаваў па львоўскай копіі украінскі гісторык У.Антановіч (назваўшы аўтара Ф.Еўлашэўскім).

Пэўную цікавасць як крыніца аб польска-літоўскай інтэрвенцыі ў Маскоўскую дзяржаву ўяўляе “Дыярыуш” Самуіла Маскевіча – непасрэднага ўдзельніка падзей. Галоўная ўвага ў ім прысвечана ваенным падзеям. “Дыярыуш” Маскевіча не з’яўляецца дзеннікам у поўным сэнсе гэтага слова. Толькі яго кароткія пачатковыя запісы (з 1594 -- па 1604 г.) сапраўды маюць характар дыярыуша. Пасля ж запісаў аб 1604 г. летапісная манера выкладання змяняецца. На змену сухой канстатацыі фактаў прыходзіць разгорнутае, эмацыянальна насычанае сюжэтнае апавяданне. Апісанне падзей і фактаў становіцца больш дэтальным; аўтар то забягае наперад, то вяртаецца да мінулага, істотна парушаючы храналагічную паслядоўнасць выкладання. Гэта сведчыць пра тое, што “Дыярыуш” Самуіла Маскевіча ствараўся не па свежых слядах падзей, а па ўспамінах аб мінулых часах. Таму і назва “дыярыуш” з’яўляецца умоўнай.

У сваім творы С.Маскевіч імкнецца аддаць належнае гераізму і сяброў і ворагаў (дарэчы такая ж рыса характэрна і аўтарам “Дзеннікаў” паходаў Ст.Баторыя). Аўтар паказвае Міхаіла Шэйна, арганізатара абароны Смаленска, як мужнага воіна і вопытнага палкаводца, і адначасова бяздарнасць Дзмітрыя Шуйскага, які ўцек з поля бою і даў магчымасць каралеўскім войскам бесперашкодна ўвайсці ў Маскву. Аўтар захапляецца прыгажосцю Масквы, якая па яго словах сапраўды нагадвала “Трэці Рым”. Працяглае знаходжанне ў Маскве, частае наведванне баяр у якасці ганаровага госця ці сябра дало магчымасць Маскевічу пазнаеміцца з іх бытам і звычаямі. Асабліва ўражвалі Маскевіча адсутнасць у маскавітаў еўрапейскай адукацыі, іх адносіны да жанчын, музыкі, танцаў, Кітай-горад, зброя. Значнае месца у “дыярыушы” займае паказ некаторых рыс жыцця рускага сялянства і яго адносіны да інтэрвентаў. Ен справядліва падкрэсліваў, што інтэрвенцыя уздымала просты люд на барацьбу. Народная помста ў адлюстраванні Маскевіча хоць і страшны, але заканамерны вынік вайны.

С.Маскевіч імкнуўся крытычна адносіцца не толькі да сваіх сяброў і ворагаў, але і да сябе. Вобраз самога мемуарыста займае ў творы значнае месца. Гэта небагаты шляхціц, яшчэ ў маладыя гады паступіў на воінскую службу ў спадзяванні выбіцца ў людзі, забяспечыць свой матэрыальны дабрабыт. Праслужыўшы каля 20 год, скалясіўшы усю Прыбалтыку, Масковію і Украіну, ен звольніўся у чыне палкоўніка. Нягледзячы на сваю сціплую адукацыю, Маскевіч з’яўляўся інтэлігентным чалавекам і ўмеў прыстасоўвацца да розных умоў. Адвага і разважлівасць, вяселы нораў і сяброўская прыязнасць да іншых садзейнічалі яго аўтарытэту не толькі сярод шляхты, але і магнатаў. Маскевіч быў чалавекам верацярпімым, якога не хвалявала рэлігія, а вырашэнне палітычных пытанняў ен лічыў прэрагатывай магнатаў. Магчыма гэтым і можна растлумачыць тую палітычную непрадузятасць, якая выяўляецца ў яго “Дыярыушы”.

Цікавым помнікам, які адлюстраваў падзеі нацыянальна-вызваленчай вайны пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, з’яўляецца “Дыярыуш” Багуслава Маскевіча, сына Самуіла Маскевіча. Багуслаў Маскевіч з’яўляўся удзельнікам карных экспедыцый напачатку у войску Іерэміі Вішнявецкага на Украіне, а пасля ў войску Януша Радзівіла на Беларусі. Дыярыуш пачынаецца з кароткіх аўтабіяграфічных запісаў за 1643 г. і абрываецца на звестках за 1649 г. (заключная частка твора ў рукапісу не захавалася). Значнае месца ў “Дыярыушы” Багуслава Маскевіча займае апісанне падзей, якія папярэднічалі паўстанню Багдана Хмяльніцкага, адлюстраванне жыцця магнатскага двара Іерэміі Вішнявецкага, але гэта з’яўляецца толькі пралогам да той асноўнай часткі твора, дзе распавядаецца аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе на Украіне і антыфеадальнай вайне на Беларусі. У спадчыну ад бацькі Самуіла Багуслаў узяў уменне не толькі назіраць, але дакладна і вобразна адлюстроўваць убачанае, пачутае і перажытае. Сведчаннем таму у “Дыярыушы” з’яўляецца апісанне Запарожскай Сечы, украінскага стэпу, падаўленне паўстання ў Мазыры і г.д. У яго “Дыярыушы” есць шмат выдатна выпісаных батальных сцэн, партрэтных і пейзажных замалевак, тонкіх назіранняў. Аўтар паказвае вайну са ўсей яе жорсткасцю, разбурэннямі і шматлікімі ахвярамі. Асабліва вобразна апісана пакаранне паўстанцаў ў Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы. Аднак сімпатыі Б.Маскевіча не на баку удзельнікаў паўстання, паколькі апошнія, па меркаванню мемуарыста, падрывалі адзінства Рэчы Паспалітай.

Вялікі гісторыка-пазнавальны інтарэс уяўляе “Дыярыуш” беларускага шляхціца Адама Каменскага-Длужыка, які трапіў у канцы 1657 г. у маскоўскі палон і вымераў сваімі крокамі ўсю Маскоўскую дзяржаву, на доўгім шляху у далекі Якуцк, а адтуль у Запаляр’е і Прымор’е ў якасці зборшчыка ясака (падатку) А.Каменскі-Длужык цікавіўся літаральна ўсім: адлегласцю паміж гарадамі і населенымі пунктамі, іх эканамічным становішчам і геаграфічным размяшчэннем, навакольнай флорай і фаунай, жыццем, бытам і звычаямі мясцовых жыхароў і г.д. Ен сімпатызуе абарыгенам, нягледзячы на іх язычніцкі вобраз жыцця і нізкі культурны ўзровень. “Дыярыуш” Адама Каменскага-Длужыка з’яўляецца бадай самым першым са ўсіх вядомых помнікам пра Сібір. “Дыярыуш” напісаны на польскай мове, але апошняя не адрозніваецца у Каменскага чысціней. У ей даволі выразна выяўляюцца як русізмы, так і беларусізмы, выкарыстанне якіх ніколі б не дазволіў сабе карэнны паляк. Можна меркаваць, што Каменскі-Длужык паходзіў з асяроддзя спаланізаванай шляхты, якая пераважала ў Заходняй частцы Беларусі. Мемуарыст не называе месца свайго нараджэння, нават тады, калі гэта выклікалася ходам самога апавядання. Ен толькі адзначае, што быў рэпатрыяваны з Масквы і дастаўлены ў сваю “пажаданую айчызну” -- Беларусь, дзе у хуткім часе, 27 студзеня 1667 г. ен памер і быў пахаваны ў Нясвіжы.

У сярэдзіне XVII ст. у развіцці мемуарнай літаратуры акрэсліваюцца пэўныя змены. Шматлікія войны, спусташэнні, голад і звязаныя з імі песімізм, апатыя, апалітычнасць акрэсліваюць паступовую і сваеасаблівую пераацэнку каштоўнасцей мемуарыстамі. На першы план паступова выходзіць апісанне ўласнага жыцця, а не грамадска-палітычных падзей. Такі паварот у бок эгацэнтрызму (што так ярка выявіўся ў мемуарнай літаратуры наступнага XVIII ст.) заўважны ўжо ў “Хроніцы” Яна Цадроўскага. Апошняя ўяўляе сабой сямейную хроніку, якая па форме (асабліва сваім пачаткам) нагадвае аўтабіяграфію. Ян Цадроўскі ў 1637 г. у свіце Багуслава Радзівіла наведаў Галандыю, Францыю, Англію, затым у 1641 г. ажыццявіў паўторнае, поўнае няўдач і прыгод падарожжа ў Галандыю. Так ці інакш гэтыя звесткі знайшлі свае адлюстраванне ва ўспамінах. Дарэчы, як і апавяданне аб тым, як інертны ў палітычных адносінах Цадроўскі быў уцягнуты ў шляхецкую змову ў Мінску супраць маскоўскага войска. Праўдзіва і вобразна апісаны ім пагром іезуітамі пратэстанцкай абшчыны ў Вільні. Не ў меньшай ступені адлюстраваны і старонкі сямейнага жыцця і смерць бацькі, нараджэнне дзяцей, уласнае вяселле і г.д. Мемуарыст сам дакладна акрэслівае эгацэнтрызм свайго апавядання, вызначаючы мэту ўспамінаў: “Каб дзеткі мае ведалі, як служыў я майму ваяводству і мілай айчыне”.

2.4. Мемуарная лiтаратура XVIII ст. [87]

2.5. Літаратура падарожжаў як гістарычная крыніца. Запіскі замежных дыпламатаў і падарожнікаў аб Беларусі XVI-XVIII стст.

Літаратуры падарожжаў заўсёды належала істотная роля ў працэсе знаёмства розных народаў. Безумоўна, падарожнікі за кароткі час маглі скласці толькі павярхоўнае ўражанне аб убачаным. Даволі часта яны свядома скажалі рэчаіснасць, рабілі вывады з выпадковых з'яў. Да чужакоў у эпоху сярэднявечча не толькі ў Маскоўскай дзяржаве ставіліся з недаверам, не спяшаліся ім раскрываць душу ў розных краінах. І ўсё ж запіскі падарожнікаў утрымліваюць свежы погляд з боку, з боку іншай культуры, іншых традыцый і каштоўнасцей.

Аналізуючы запіскі падарожнікаў неабходна не толькі вывучаць асобу падарожніка, але і мэту падарожжа, тыя задачы, якія ставіліся перад ім.

У дачыненні можна заўважыць. што ў XVI ст. праз Беларусь праязджалі тыя, каго не столькі жаданне. колькі справа (дыпламатычная і інш.), вымушала падарожнічаць. Бо XVI ст. – гэта новы этап узаемаадносін Усходу і Захаду. Краіны Паўночнай і Заходняй Еўропы, якія ўступілі на шлях развіцця капіталізму мелі патрэбу ў новых крыніцах узбагачэння і рынках збыту. Яны ўсе часцей звярталі ўвагу на дзяржавы Усходняй Еўропы і Азіі. Былі і іншыя прычыны для пільнай ўвагі да ўсходніх суседзяў, найперш Маскоўскай дзяржавы: турэцкая агрэсія вымушала шукаць новых саюзнікаў, а рэфармацыйныя рухі спарадзілі цікавасць новых сучаснікаў да навакольнага свету, найперш да суседніх народаў і краін. На хвалі гэтых розных і супярэчлівых інтарэсаў праз Беларусь, на Усход рушылі замежныя прадпрымальнікі, дыпламаты, гандляры, навукоўцы.

Адны з іх аб Беларусі пакінулі звестак няшмат. Яны былі захоплены сабой і сваімі ўласнымі справамі. Да ліку такіх можна аднесці Джэрома Гарсея – тыповага прадстаўніка англійскіх дзелавых колаў XVI ст. Ён пакінуў аж тры самастойных творы аб Расіі, але Беларусь, княства Літоўскае цікавіла яго толькі як шлях да Масквы, дзе ён знаходзіўся амаль два дзесяцігоддзі. Дарэчы ў Маскоўскай дзяржаве яго ахрысцілі Ерамеем, а ад Уільма – прозвішча Ульянаў – хто яго ведае, можа й пакінуў на Маскоўскай зямлі сваіх нашчадкаў. Ён апавядае толькі пра ўрачыстыя сустрэчы яго пры двары караля Рэчы Паспалітай, апісвае багацці літоўскіх магнатаў, найперш Радзівілаў і гасціннасць насельніцтва Беларусі. Яго "Запіскі" аб Расіі XVI – пачатку XVII стст. істотнага значэння для вывучэння гісторыі Беларусі, такім чынам, не маюць.

Як супрацьлегласць яму Рэйнгольд Гейдэнштэйн. Сакратар прускага князя, адукаванейшы чалавек – ён з 1582 г. на працягу 30 гадоў знаходзіўся на службе пры двары каралёў Рэчы Паспалітай Ст.Баторыя і Жыгімонта ІІІ Вазы. Не выпадкова, што яго праца "Запіскі пра Маскоўскую вайну" заснавана не толькі на ўласных назіраннях, але і на дакументах, якія Гейдэнштэйн трымаў руках. Да таго ж у рэдактаванні яе (а магчыма і ў напісанні) трымалі ўдзел С.Баторый і Я.Замойскі. Зразумела, што ў сваім апісанні Гейдэнштэйн абараняў іх палітыку і ставіўся да азначаных асоб з яўнай сімпатыяй. У пэўнай ступені – гэта не праца падарожніка, а сталага жыхара Рэчы Паспалітай, толькі іншаземнага паходжання.

У гэтым сэнсе большым іншаземцам з'яўляўся Сігізмунд Герберштэйн. Пасольства на чале з Сігізмундам Герберштэйнам 2 разы (ў 1516 і 1526 гг.) праязджала праз тэрыторыю Беларусі, накіроўваючыся да Маскоўскага цара ад аўстрыйскага імператара Максіміліяна. Па дарозе Сігізмунд Герберштэйн вёў дзеннік, які, вярнуўшыся на радзіму, апрацаваў і апублікаваў свае нататкі ў 1549 г. пад назваю "Запіскі аб маскавітскіх справах". Але, акрамя маскавітскіх спраў тут шмат звестак аб Беларусі і ВКЛ увогуле.

Даволі падрабязныя звесткі аб беларускіх землях маюцца ў запісках венецыянскага пасла Фоскарыно, які быў у Беларусі ў 1537 г., англічаніна Флетчэра (1584 г.), немца Петрэя, што пражыў у Расіі 4 гады (1616-1620 гг.), аўстрыйскага пасла Мейерберга (1661 г.), чэха Таннера (1678 г.), сакратара аўстрыйскага пасольства І.Корба (1698, 1699) і многіх іншых.

Аналізуючы запіскі замежных дыпламатаў і падарожнікаў неабходна імкнуцца аддзяліць убачанае і апісанае непасрэдна імі ад звестак з іншых рук, іх абагульненняў. Так, Антоніо Пассевіно карыстаўся звесткамі вядомага купца Джованіо Тэддальдзі (ён як спрактыкаваны дыпламат вывучаў звесткі аб краінах, куды ён павінен быў накіроўвацца). Пры гэтым істотнае значэнне мае вывучэнне факта валодання тым ці іншым аўтарам мовай тых народаў, тэрыторыю якіх ён праязджаў. Можна заўважыць, што мэты і задачы падарожнікаў шмат у чым вызначалі змест назіранняў.

На што ж, найперш, звярталі ўвагу іншаземцы, праязджаючы праз Беларусь? Па-першае, яны пакінулі шмат звестак аб геаграфічных і прыродных умовах, аб межах Беларусі[88]. Шмат каго ўжо ў XVI ст. цікавіла самая назва Белай Русі. У такім выпадку нараджаліся самыя неверагодныя версіі. Так, па меркаванню немца Петрэя назва "Белая" паходзіць ад таго, што мужчыны ў летні час носяць белыя шапкі, а жанчыны красяць і набельваюць твар.

Па-другое, вельмі шмат звестак аб прыродзе Беларусі. Безумоўна, што на характарыстыку апошняй істотна ўплываў пэўны сезон, калі іншаземец праязджаў праз Беларусь. Летам гэта былі "прыгожыя даліны", вясной і восенню – балоты, гразь. Побач з летапісамі, запіскі іншаземцаў з'яўляюцца цікавай крыніцай для вывучэння клімату Беларусі азначанага часу.

Падарожнікі адзначаюць суровыя, але ўсё ж спрыяльныя для гаспадаркі прыродна-геаграфічныя ўмовы (асабліва для жывёлагадоўлі, рыбнай лоўлі, палявання, бортніцтва). З культур, што вырошчвалі, адзначаюць збажыну, проса, грэчку, лён. У лясах вадзіліся туры і зубры. С.Герберштэйн іх адрозніваў і нават пакінуў замалёўкі.

Пераважная частка падарожнікаў пакінула звесткі аб шляхах зносін. Можна заўважыць, што яны праязджалі ў накірунку Вільня, Полацк, Ноўгарад, але часцей – праз Вільню ці Брэст і далей праз Мінск, Барысаў, Оршу. Зімою выкарыстоўвалі "рускія сані", летам – лёгкія фурманкі. Не самыя лепшыя эпітэты можа знайсці ў запісках падарожнікаў аб беларускіх дарогах.

Пытанні эканамічнага жыцця гарадоў і мястэчак Беларусі асвятляліся павярхоўна, няпоўна ці зусім не асвятляліся. Больш падрабязна – геаграфічнае становішча гарадоў, знешні выгляд, абарончыя збудаванні, прыводзіліся дадзеныя аб колькасці цэркваў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: