Палітыка царызму на Беларусі (1772 – 1812)

Адміністрацыйны падзел Беларусі. У жніўні 1772 г. знясіленая феадальнай анархіяй Рэч Паспалітая стала ахвярай змовы сваіх агрэсіўных суседзяў – Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія дамовіліся аб частковым падзеле яе тэрыторыі. Ніякага супраціўлення яны пры ажыццяўленні гэтай разбойніцкай акцыі не сустрэлі. Прусія захапіла паўночна-заходнюю частку ўласна польскіх зямель, Аўстрыя – паўднёвую Польшчу і частку Заходняй Украіны з горадам Львовам, Расія – Інфлянцкае ваяводства (Латгалію), большую частку Полацкага ваяводства (на правым беразе Заходняй Дзвіны), амаль усё Віцебскае і ўсё Магілёўскае ваяводства, а таксама ўсходнюю частку Рэчыцкага павета (з Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем) Мінскага ваяводства. Агульная плошча далучанай да Расіі тэрыторыі дасягала 86 тыс. кв. км, а колькасць насельніцтва перавышала 1 млн 225 тыс. чалавек.

Паводле першапачатковага адміністрацыйнага падзелу 1772 г. паўночная (прыдзвінская) частка далучаных да Расіі зямель увайшла ў Пскоўскую, а паўднёвая (прыдняпроўская) – у Магілеўскую губерню. 3 гэтых дзвюх губерняў было ўтворана Беларускае генерал-губернатарства. Першым беларускім генерал-губернатарам Кацярына II прызначыла графа, віцэ-прэзідэнта ваеннай калегіі 3ахара Чарнышова.

У 1776 г. з беларускіх і латгальскіх паветаў, якія да таго знаходзіліся ў Пскоўскай губерні, была ўтворана Полацкая губерня.

Уся ўлада на далучанай тэрыторыі перайшла да генерал-губернатара і губернатараў, якія абапіраліся на вайсковыя сілы і безагаворачна выконвалі волю расійскай імператрыцы. Па расійскамў ўзору ствараліся новыя адміністрацыйныя ўстановы – губернскія праўленні, казённыя палаты, і інш.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў пачатку 1793 г. Прусія заняла Гданьск, Торунь і Вялікую Польшчу, Расія – рэшткі Полацкага і Віцебскага, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў, Браслаўскі і Ашмянскі паветы з агульнай колькасцю насельніцтва 974 тыс. чалавек. У красавіку 1793 г. на азначанай тэрыторыі была ўтворана Мінская губерня.

Трэці падзел, у выніку якога Рэч Паспалітая як дзяржава перастала існаваць, адбыўся ў 1795 г. Расія захапіла Берасцейшчыну, Гродзеншчыну і Віленшчыну. На гэтых землях у канцы 1795 г. былі ўтвораны Слонімская і Віленская губерні.

У 1796 – 1797 гг. тут была праведзена адміністрацыйная рэформа, паводле якой у Беларусі ствараліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй. Агульная колькасць насельніцтва губерняў – Беларускай, Мінскай і Літоўска – дасягала амаль 4 млн чалавек.

У выніку новага адміністрацыйнага падзелу Расіі у 1802 г. Беларуская губерня падзялілася на Магілёўскую і Віцебскую. Яны ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Літоўская губерня падзялілася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае генерал-губернатарства. 3 некаторымі зменамі ў складзе паветаў гэтыя пяць губерняў праіснавалі да 1915 – 1917 гг.

Генерал-губернатары з’яўляліся даверанымі асобамі імператара і надзяляліся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Выканаўчая ўлада ў губернях была перададзена губернатарам. Яны кіравалі праз канцылярыі, у якія ўваходзілі віцэ-губернатар, саветнікі, пракурор, сакратары, іншыя чыноўнікі. Звычайна склад вышэйшых чыноў набіраўся з рускіх саноўнікаў і чыноўнікаў.

Спробы апраўдання падзелаў Рэчы Паспалітай. Апраўдваючы падзелы Рэчы Паспалітай, Кацярына II спасылалася на прыгнёт, які цярпелі ў польскай рэспубліцы «земли и грады, к Российской империи прилеглые, некогда ее сущим достоянием бывшие и единоплеменниками населенные, созданные и православною христианскою верою просвещённые и по сне время оную исповедующие». У маніфесце да жыхароў усіх далучаных да Расіі ў 1793 г. абласцей (украінскіх, беларускіх, літоўскіх, латвійскіх) абвяшчалася «поўная і нічым не абмежаваная свабода ў публічным адпраўленні іх веры», валоданні і распараджэнні сваёй маёмасцю, гаварылася аб узнагароджанні іх «у поўнай меры і без усялякага выключэння ўсімі тымі правамі, вольнасцямі і перавагамі», якімі карысталіся «старажытныя яе падданыя». Кацярына II не саромелася пры гэтым сцвярджаць відавочную хлусню, быццам беларускія землі і гарады некалі з'яўляліся «сущим достоянием» Расійскай імперыі, ці, напрыклад, тое, што вернападданыя яе жыхары беларускія, далучаныя да Расіі ў 1772 г., жылі «в полном спокойствии и изобилии под мудрым и кротким ее царствованием». I ўвогуле перад народамі далучаных да Расіі абласцей, па словах маніфеста Кацярыны II ад 13 красавіка 1793 г.. адкрывалася перспектыва «достигнуть до совокупления под единою державою с единоплеменным им российским народом и соделаться соучастниками блаженства, славы и величия, которыми ныне монархия наша, в мире процветая, наслаждается».

У гэтым маніфесце пацвярджаліся гарантыі аховы асабістай і маёмаснай бяспекі новых падданых імперыі і заяўлялася аб вызваленні іх на два гады ад дзяржаўных падаткаў. Рэальнай прычынай дадзенай манаршай «міласці» з'яўлялася незвычайна цяжкае эканамічнае становішча ў краі, разбураным і разрабаваным у выніку феадальнай анархіі і шматлікіх паходаў на Беларусь рускіх войскаў па закліку розных шляхецкіх канфедэрацый.

Адносіны да шляхты, гараджан, сялян, канфесій. Расія, у складзе якой аказалася Беларусь, па форме дзяржаўнага. ладу была абсалютнай манархіяй. Беларусь дагэтуль развівалася ва ўмовах дзяржавы, для якой былі характэрны палітычная анархія і вялікая самастойнасць месцаў.

Саслоўная структура насельніцтва Беларусі зацвердзіла падзел саслоўяў на прывілеяваныя і падатковыя. Вышэйшымі прывілеяванымі саслоўямі былі дваранства, духавенства, купецтва і нешматлікая група ганаровых грамадзян (з 1832 г.). Усе яны пазбаўляліся рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і іншых дзяржаўных павіннасцей.

Асноўную масу падатковага саслоўя і ўсяго насельніцтва Беларусі (53,5%) складалі прыгонныя сяляне, якія падзяляліся на дзве асноўныя групы – памешчыцкія і дзяржаўныя. Другім падатковым саслоўем былі мяшчане – асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў, якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну і выконваць іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці. У першай палове XIX ст. у Беларусі ўтвараецца новая для яе непадатковая, але і не прывілеяваная група насельніцтва – разначынцы, г.зн. выхадцы з «розных чыноў і званняў».

У эканамічным і палітычным развіцці Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. меліся пэўныя адрозненні. Рускія памешчыкі раней, чым у Рэчы Паспалітай, пачалі пераводзіць сялян на больш прагрэсіўную форму рэнты – грашовы чынш. Разам з тым дваранская зямельная ўласнасць у Рэчы Паспалітай раней, чым у Расіі, згубіла свой умоўны характар. Яшчэ ў пачатку XVIII ст. «паспалітае рушэнне», служба ў якім лічылася неабходнай умовай для валодання шляхтай землямі, ужо не склікалася. У Расіі толькі маніфест Пятра III ад 1762 г. вызваліў дваранства ад нясення дзяржаўнай службы.

Былі адрозненні і ў формах дваранскага землеўладання, і ў прававым статусе дваранства Расіі і Рэчы Паспалітай. Расія не ведала землеўладання такой сацыяльнай групы, як дробная шляхта. У Беларусі дробная шляхта па свайму прававому становішчу практычна не адрознівалася ад магнатаў. Яна не прывыкла да бясспрэчнага паслухмянства дзяржаўнай уладзе. Традыцыя гэта ўзыходзіла яшчэ да эпохі “залатых вольнасцей шляхецтва”. Улада манарха ў Рэчы Паспалітай была вельмі слабай. Ён быў пазбаўлены заканадаўчых паўнамоцтваў і з’яўляўся ўсяго толькі вярхоўнай выканаўчай уладай. Дзейнасць вышэйшага заканадаўчага органа ў краіне – Сойма – была паралізавана. Традыцыі ж палітычнага жыцця ў Расіі былі зусім іншыя. Таму палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі спачатку вызначалася надзвычайнай асцярожнасцю.

Па загаду Кацярыны II у верасні 1772 г. усё насельніцтва Беларускага генерал-губернатарства, за выключэннем сялянства, на працягу месяца прыводзілася да прысягі. Тыя, хто не жадаў прысягаць, павінны былі ў трохмесячны тэрмін выехаць за мяжу. Ім давалася права на працягу гэтага часу прадаць сваю нерухомую маёмасць. Калі рэалізаваць яе не ўдавалася, маёнткі секвестраваліся ' – аб’яўляліся ўласнасцю казны. Вядома, шляхта і магнаты Беларусі ў абсалютнай большасці далі прысягу на вернасць расійскай імператрыцы і дзяржаве. (Секвестр – забарона ці абмежаванне, якое накладваецца дзяржавай на карыстакке якой-небудзь маёмасцю)

Тым, хто прыняў прысягу, даваліся правы расійскага дваранства (пры захаванні многіх ранейшых правоў), маёнткі з сялянамі. Ухіліўся ад прысягі толькі шэраг буйных магнатаў: двое Радзівілаў (ваявода віленскі і староста рэчыцкі); трое Агінскіх (вялікі гетман літоўскі, кашталян віленскі і ваявода трокскі); Сапега (ваявода полацкі і гетман польскі і літоўскі); Салагуб (ваявода віцебскі); Пацей (вялікі стражнік літоўскі); Чартарыйскі (ваявода рускі). Разам з тым расійскі ўрад рашуча ліквідаваў бескантрольную самастойнасць фсадалаў. Шляхта згубіла правы на канфедэрацыі, на ўтрыманне свайго войска і ўласных крэпасцей.

Кацярына II абвясціла таксама, што «каждое состояние (сословие) из жителей присоединенных земель вступает с самого сего дня во все оному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской». Дваранству і купецтву беларускіх земель У пачатку 1773 г. Кацярына II задаволіла хадайніцтва генерал-губернатара Чарнышова аб дазволе дваранству і купецтву беларускіх губерняў і гарадоў выбраць сваіх дэпутатаў для выпрацоўкі праекта новага расійскага Улажэння. За шляхтай захоўвалася права на выбарнае саслоўнае самакіраванне. У 1777 г. былі праведзены выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваранскія сходы. Асноўная частка беларускай шляхты засталася задаволенай сваім новым становішчам.

На беларускія губерні распаўсюджвалася «Грамата на правы і выгады гарадам Расійскай імперыі» ад 21 красавіка 1785 г. Паводле яе гарадское насельніцтва па саслоўным і маёмасным стане, а таксама занятках падзялялася на 6 разрадаў:” імянітых грамадзян”, “купцоў”, “іншагародніх і замежных гасцей”, “цэхавых”, “абываталяў” і “пасадскіх”. Законам прадугледжвалася стварэнне выбарных органаў кіравання ў гарадах: распарадчага – гарадской думы і выканаўчага – шасцігласнай думы, у якую выбіраўся адзін прадстаўнік («гласны») ад кожнага разрада. Узначальваў думу выбарны гарадскі галава. У гарадах адмянялася панаванне свецкіх ці духоўных феадалаў – скасоўваліся юрыдыкі, скасоўвалася магдэбургскае права. Шматлікія прыватныя гарады і мястэчкі былі выкуплены ўрадам. Кіраванне гарадскім жыццём канцэнтравалася ў Думе – прадстаўнічым органе з гарадскіх саслоўяў. Купецтва атрымала права на арганізацыю гільдый, як гэта было ў Расіі.

У адносінах да каталіцкага касцёла царскім урадам таксама праводзілася даволі асцярожная палітыка. Кацярына II улічвала, што практычна ўсе беларускія магнаты і шляхта з'яўляліся католікамі. Там за католікамі захоўвалася права на свабоднае выкананне абрадаў, маёмасць каталіцкіх касцёлаў, кляштараў захоўвалася ў недатыкальнасш. У лютым 1774 г. была ўтворана Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве. Забаронены рымскім папам у 1773 г. ордэн езуітаў знайшоў сабе прытулак да 1820 г. на землях Усходняй Беларусі. Аднак каталіцкаму духавенству катэгарычна забаранялася схіляць да сваёй веры праваслаўных. Такая ж верацярпімасць была праяўлена і ў адносінах да уніятаў: мінскае і беларускае праваслаўныя епархіяльныя кіраўніцтвы былі папярэджаны аб тым, што нельга прымушаць уніятаў прымаць праваслаўную веру, а патрэбна «возбуждать добровольное желание». Святары, якія парушалі гэты ўказ, падлягалі адлучэнню ад сваіх прыходаў. Толькі ў 1794 г. пасля паўстання Т. Касцюшкі Кацярына II выдала ўказ, каб ніхто з шляхты, духоўных або ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе.

Зусім іншыя адносіны праявілі расійскія ўлады ў дачыненні да уніяцкай веры, якой у канцы XVIII ст. прытрымлівалася пераважная большасць (да 75 %) беларускага насельніцтва. Але паколькі гэта былі не буйныя памешчыкі, а «людзі простыя», у асноўнай масе – сяляне і часткова – гараджане, бяднейшая шляхта, то расійскі ўрад вы рашыў не цырымоніцца з імі: уніятаў у масавым парадку пачалі пераводзіць у праваслаўе.

Істотнай уступкай царызму мясцовым феадалам з'яўлялася захаванне на далучаных землях Беларусі ў якасці асноўнага кодэкса законаў III Статута Вялікага княства Літоўскага. Праўда, у сістэме судовых устаноў па расійскаму ўзору былі ўтвораныя палаты грамадзянскага і крымінальнага судоў, земскія суды, якім перадавалася частка спраў, што разглядаліся раней у падкаморскіх судах. Аднак у цэлым урад прытрымліваўся таго погляду, што «суд и расправа внутренние тех провинций в личных делах имеет производиться по тамошним правилам и обычаям» і «их языком».

Абяцанні Кацярыны II нічым не адрозніваць у правах і вольнасцях насельніцтва далучаных тэрыторый ад сваіх «старажытных падданых» не былі спраўджаны. Гэта выразна праявілася ў гвалтоўным пераводзе уніятаў у праваслаўе, а таксама ў адносінах да яўрэйскага населькіцтва. Указам ад 23 чэрвеня 1794 г. была ўстаноўлена «мяжа яўрэйскай аселасці», у якую ўключаліся прыбалтыйскія, беларускія і ўкраінскія губерні, а пазней – і тэрыторыі, далучаныя пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Указ пазбаўляў яўрэяў права на пастаяннае пражыванне за мяжой аселасці, г. зн. у расійскіх губернях і гарадах. Але і ў раёне аселасці ім забаранялася жыць за межамі гарадоў і мястэчак. 3 яўрэйскіх мяшчан, рамеснікаў, купцоў спаганяліся ўдвая большыя дзяржаўныя падаткі, чым з хрысціянскіх.

Яўрэйскае насельніцтва гарадоў і мястэчак да 1844 г. падпарадкоўвалася непасрэдна кіраўніцтву свайго кагала (абшчыны) па ўсіх гаспадарчых, грамадскіх і адміністрацыйных пытаннях. Кагал выступаў як прадстаўнічая арганізацыя ўсіх яўрэяў перад гарадскімі і дзяржаўнымі органамі ўлады, адказваў за выплату падаткаў, за выкананне рэкруцкай і іншых павіннасцей. Як сведчаць дакументы, яўрэйская бедната часта не магла выплаціць і палавіны таго, што патрабавалася. У такім разе адпаведныя сумы ў казну ўносілі купцы, заможныя рамеснікі, але, вядома, не ў парадку дабрачыннасці: такім чынам яны фактычна закабалялі бедных супляменнікаў – прымушалі іх бясплатна працаваць у майстэрнях, магазінах, лаўках, гандлёвых складах, у якасці хатняй прыслугі і г. д.

Адразу пасля ўказа на Беларусі пачалося прымусовае высяленне яўрэяў з вёсак і памешчыцкіх маёнткаў у гарады і мястэчкі. У некаторых выпадках, як, напрыклад, у 1796 г. у Мазырскім павеце, указ ажыццяўляўся з дапамогай вайсковых падраздзяленняў. Указам сената ад 19 кастрычніка 1807 г. быў устаноўлены трохгадовы тэрмін для перасялення яўрэяў з вёсак у гарады і мястэчкі. Займаўся гэтай справай спецыяльна створаны камітэт. У Мінскай губерні ў 1808 г. для перасялення было назначана 672, а ў 1809 г. – яшчэ 642 сям'і.

Сацыяльна-эканамічныя мерапрыемствы царскіх улад. Як бачым, у першы час пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўрад імкнуўся не выкарыстоўваць жорсткія меры ў адносінах да мясцовага насельніцтва, спрабуючы тым самым прыглушыць апазіцыйныя настроі.

Аднак, нягледзячы на памяркоўнасць палітыкі расійскага ўрада, значная частка апалячанай шляхты і каталіцкага духавенства, якая страціла сваё прывілеяванае становішча, засталася незадаволенай. Гэта прымусіла царскі ўрад неўзабаве стаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях.

Першым крокам у гэтым напрамку з'явілася ўвядзенне ў Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду.

У мэтах стварэння на далучанай тэрыторыі Беларусі надзейнай сацыяльнай апоры расійскаму самаўладству Кацярына II ужо ў 70-я гг. пачала тут шырокую раздачу зямель з прыгоннымі сялянамі рускім памешчыкам, найперш з ліку сваіх фаварытаў, военачальнікаў і буйных чыноўнікаў. Граф Завадоўскі атрымаў велізарную Магілёўскую эканомію (25 860 сялян), Пацёмкін – Крычаўскае староства (14 250 сялян), Зорыч – мястэчка Шклоў з ваколіцамі (11 800 сялян), Румянцаў-Задунайскі – Гомельскае староства (больш за 11 100 сялян), Чарнышоў – Чачэрскае староства (5100 сялян) і г. д. Толькі за тры гады (1777 – 1780) у Полацкай і Магілёўскай губернях з'явілася каля 200 рускіх памешчыкаў. Асноўная частка дзяржаўных зямель разам з сялянамі была раздадзена Кацярынай II у Беларусі рускім дваранам ды чыноўнікам, усяго 180 550 сялянскіх душ мужчынскага полу. Павел I падараваў памешчыкам яшчэ каля 28 тыс. сялянскіх душ. У выніку гэтых падараванняў плошча землеўладання рускіх памешчыкаў у Беларусі ў сярэдзіне XIX ст. складала ўжо 21,7 % пры іх 1 % у агульнай вазе ўсіх памешчыкаў. Пасля 1801 г., з-за моцнага супраціўлення дзяржаўных сялян пераводу іх у разрад памешчыцкіх, раздача маёнткаў у Беларусі ўрадам Аляксандра І была спынена.

У беларускіх губернях была ўведзена расійская падатковая сістэма. Ліквідаваліся існаваўшыя ў вялікай колькасці розныя дзяржаўныя зборы з насельніцтва. Для сялянства – асноўнай катэгорыі падаткаплацельшчыкаў – падымны падатак быў заменены больш цяжкім падушным. Акрамя таго, уводзіўся земскі збор. Але, улічваючы цяжкі стан беларускага насельніцтва, выяўлены ў час перапісу (пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), расійскі ўрад на два гады вызваліў яго ад выплаты дзяржаўных падаткаў. На працягу наступных 10 гадоў падушны падатак збіраўся ў палавінным памеры ў параўнанні з расійскімі падаткаплацельшчыкамі. Але неўзабаве насельніцтва беларускіх губерняў было падведзена пад агульны тып падатковага абкладання ва ўсёй імперыі. Больш за тое, дзяржаўныя падаткі збірапіся ў Беларусі да 1811 г. не асігнацыямі (папяровымі грашыма), як гэта было ў рускіх губернях, а манетай, рэальны курс якой быў нашмат вышэйшы. Штогадовы падушны падатак у канцы XVIII ст. даходзіў да аднаго рубля серабром.

Вядома, абавязковымі для сялян заставаліся ўсе іх павіннасці, звязаныя з карыстаннем памешчыцкай ці дзяржаўнай зямлёй (паншчына, чынш, натуральныя даніны і інш.). Колькасць прыгонных сялян прыкметна павялічылася за кошт далучэння да іх раней свабодных і паўсвабодных катэгорый сельскага насельніцтва. Новай і вельмі цяжкай павіннасцю для сялян і мяшчан Беларусі з'явіўся абавязак выдзяляць рэкрутаў на практычна бестэрміновую службу ў царскую армію. Асоб мужчынскага полу – прадстаўнікоў сялянскага і мяшчанскага саслоуяў сталі прызываць на 25-гадовую вайсковую службу ў расійскую армію па адным чалавеку ад пэўнай колькасці душ (з канца XVIII ст. – ад200, з 1820 г. – ад 125 душ мужчынскага полу)

Каб перавесці расійскае войска на самазабеспячэнне, міністр А А Аракчэеў стварыў у 1810 г. на базе Бабылецкага староства Клімавіцкага павета першае в аеннае пасяленне. Да жніўня 1818 г. ваенныя пасяленні ўзніклі ў шэрагу губерняў Расійскай імперыі, у тым ліку ў Віцебскай і Магілёўскай. Сялян вымушапі здымацца з абжытых месцаў і перасялялі у Новарасійскі край, а ў іх мясцовасці размяшчалі салдат пяхотных палкоў. Вёскі разбураліся, а на іх месцы з'яўляліся роўныя, як салдацкі строй, вуліцы з аднолькавымі хатамі. У гэтых пасёлках устанаўліваўся рэжым жорсткай вайсковай муштры, дробязная апека над сельскагаспадарчымі работамі і асабістым жыццём насельнікаў. Аднак стварэнне ваенных пасяленняў аказалася неэфектыўным. Салдаты былі не ў стане паспяхова сумяшчаць вайсковую службу з земляробчай працай.

Новыя тэрыторыі паводле маніфеста Кацярыны II ад 17 красавіка 1793 г. былі далучаны «на вечныя часы». Таму з самага пачатку прымаліся меры, каб цясней прывязаць іх да эканомікі Расіі. Былі скасаваны розныя ўнутраныя мытныя пошліны, а таксама пошлінны збор з сельскагаспадарчых і лясных тавараў, што вывозіліся ў Рыгу. Даволі шырока разгарнулася будаўніцтва паштовых дарог і станцый, дарэчы за кошт мясцовага насельніцтва, для якога быў устаноўлены спецыяльны паштовы збор з кожнай душы. У 1797 г. пачалося будаўніцтва Бярэзінскага канала з мэтай злучыць Днепр і Заходнюю Дзвіну, дзеля чаго было выдзелена каля 830 тыс. руб. Суднаходства па канале адкрылася ў 1806 г. У 1799 – 1803 гг. вялася рэканструкцыя Агінскага канала, што праз Ясельду і Шчару злучаў басейны Дняпра і Нёмана. Адзначаныя работы па паляпшэнню шляхоў зносін мелі не толькі гандлёва-эканамічнае, але і ваеннастратэгічнае значэнне.

Уключэнне Беларусі ў агульнарасійскую гаспадарчую сістэму вызначыла кірункі яе далейшай гаспадарчай спецыялізацыі на вытворчасці пэўнай прадукцыі. У хуткім часе ўзніклі новыя палатняныя, парусінавыя. Канатныя, суконныя мануфактуры. У Крычаве была заснава суднаверф, дзе будаваліся лёгкія судны для Чарнаморскага флоту. Павялічваліся пасяўныя плошчы, пераважна пад тэхнічныя культуры. Збыт сельскагаспадарчых прадуктаў падтрымліваўся адменай пошлін на іх продаж, ліквідаваліся ўнутраныя мытні.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: