Гісторыя як вучэбная дысцыпліна: прадмет, функцыі, метады і задачы

Гісторыя (грэч. historia – апавяданне аб мінулых падзеях, аб тым, што пазнана, даследавана) ці гістарычная навука – навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусветна-гістарычнага працэсу як раўнадзейнных унутрыструктурных і міжструктурных узаемадзеянняў этнапалітычных супольнасцей, якія з’яўляюцца носьбітамі своеасаблівасці гэтага развіцця.

Аб’ект гісторычнага аналізу – уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства, гэта эканамічныя, сацыяльныя, культурныя мадэлі ці тыпы, у якія арганізуецца дзейнасць людзей, механізмы функцыянавання, узаемадзеяння і ўзаемаўздзеяння гэтых сістэм. Гістарычная навука ў параўнанні з іншымі грамадска-гуманітарнымі навукамі выступае як навука комплексная, інтэгральная.

Гісторыя Беларусі – навука маладая. Станаўленне гістарычных ведаў на Беларусі на ўзроўні навуковага асэнсавання адбылося ў XIX ст. Станаўленне гісторыі Беларусі звязана ў першую чаргу з імёнамі прафесараў Віленскага ўніверсітэта М.К.Баброўскага, І.М.Даніловіча, а так сама іншых навукоўцаў – Я.П. і К.П. Тышкевічаў, А.К.Кіркора, А.П.Сапунова, М.В.Доўнар-Запольскага. У 1930-1980-я гады ў савецкай гістарычнай навуцы панаваў дагматычны марксізм-ленінізм, што прывяло да палітызаванасці гісторыі. Пераважнае месца ў навуковых распрацоўках і выкладанні мела гісторыя ўсёй савецкай джзяржавы – СССР. З набыццём Беларусью незалежнасці вырасла цікавасць менавіта да нацыянальнай гісторыі. А ў апошні час развіццё ведаў па гісторыі Беларусі дазволілі пазбегнуць празмерна рэзкіх і канфрантацыйных ацэнак тых ці іншых гістарычных падзей, якія панавалі як у савецкія часы, так і ў пачатку 90-х гадоў. Гісторыя як навука выконвае цэлы шэраг функцый, сярод іх можна вылучыць прагматычную, цэнасную, культурную, фундаментальную і светапоглядную.

Прагматычная функцыя ўключае ў сябе акумуляцыю, прапаганду і практычную перадачу вопыту гістарычнага развіцця. Крытычнае ўспрыманне мінулага вопыту дапамагае даследчыку зразумець і асэнсаваць, якія матэрыяльныя і маральна-этычныя нормы мінулага перайшлі ў сучаснае, у якіх выпадках страчаная сувязь павінна быць адноўлена і ад якіх элементаў грамадскіх адносін трэба адмовіцца. Дадзеная функцыя дазваляе даследаваць розныя, іншы раз і супрацьлеглыя шляхі развіцця грамадства ў перспектыве.

Каштоўнасная функцыя заключаецца ў аналізе і тэарэтычным абагульненні фактаў з улікам маральнай ацэнкі мэт, шляхоў, сродкаў і вынікаў грамадскага развіцця з боку даследчыка. З дапамогай гэтай функцыі ў чалавека фарміруюцца грамадзянскія якасці, ен можа ўбачыць хібы грамадства, суаднесці класавыя і сацыяльныя інтарэсы з агульначалавечымі.

Культурная функцыя вызначаецца сацыяльнай памяццю. Гэта дазваляе зберагчы пераемнасць у гістарычным працэсе. Назапашванне ў сацыяльнай памяці гістарычных ведаў робіць агульным здабыткам метады і інструменты грамадскага развіцця, знаёміць з альтэрнатыўнымі формамі і мадэлямі грамадскага ладу. Менавіта на гістарычнай непісьменнасці шырокага кола людзей заўсёды спекулявалі прыхільнікі догмаў аб грамадстве.

Фундаментальная функцыя ўключае ў сябе акумуляцыю, аналіз і першасную тэарэтычную апрацоўку шматбаковай гістарычнай інфармацыі. Новыя гістарычныя веды спрыяюць навуковаму абгрунтаванню новых і канструктыўнай крытыцы існуючых гістарычных тэорый.

Светапоглядная функцыя. Сутнасць гэтай функцыі ў тым, што гісторыя ў спалучэнні з гістарычнымі тэорыямі ўяўляе сабой філасофію гістарычнага развіцця, а на аснове гістарычных ведаў фарміруецца логіка і стыль мыслення канкрэтнай асобы.

Сутнасць метадалогіі гісторыі – гэта вырашэнне пытання аб прыродзе гістарычнага тлумачэння. Метадалогія раскрывае асноўныя паняцці навукі і паказвае іх ролю ў працэсе пазнання. Адна з задач метадалогіі – удасканаленне паняційнага апарату. Да яе асноўных паняццяў адносяцца катэгорыі і прынцыпы.

Катэгорыі – гэта найбольш агульныя паняцці, якія канцэнтруюць веды аб важнейшых адносінах, уласцівасцях і сувязях навакольнага свету (гістарычны час, гістарычны факт, гістарычнае месца і інш.).

Прынцыпы – зыходныя паняцці навукі, што вызначаюць асноўныя спосабы вырашэння навуковай праблемы. Прынцып гістарызму патрабуе ад даследчыка ўлічваць зменлівасць і развіццё рэчаіснасці ў часе. Прынцып аб’ектыўнасці патрабуе ад даследвання ўсебаковыга ахопу вывучаемай з’явы, апоры на дасягнуты ўзровень навуковых ведаў з улікам усіх поглядаў на дадзенную праблему, выкарыстоўвання ўсёй сукупнасці метадаў даследавання. Прынцып каштоўнаснага падыходу патрабуе выяўлення і ацэнкі індывідуальна значнага для канкрэтнай асобы ў вывучаемым аб’екце, але пры захаванні прынцыпаў гістарызму і аб’ектыўнасці.

Сродкам пазнавальнай дзейнасці з’яўляюцца метады. Метад – гэта сукупнасць прыёмаў і аперацый, што рэгулююць дзейнасць даследчыка і забяспечваюць вырашэнне даследчыцкай задачы. Да больш важкіх, арганічна звязаных з курсам гісторыі можна аднесці наступныя групы метадаў дасле­давання: метады агульнанавуковыя (гістарычны, лагічны і метад класіфікацыі і інш.) – лагічная аснова ўсялякага даследавання. Так, гістарычны метад дазваляе ўстанавіць гістарычную паслядоўнасць працэсу генезісу вывучаемай з’явы, яе генетычныя вытокі; спецыяльна-гістарычныя метады, у тым ліку:

· метад класавага падыходу трактуе гістарычны працэс праз прызму наяўнасці розных класаў. Як развіццё класавага метаду – марксісцкі падыход, які прапагандаваў наяўнасць класавай барацбы;

· гісторыка-генетычны метад дазваляе вывучаць з’явы ў працэсе іх развіцця, ад зараджэння да гібелі ці сучаснага стану;

· гісторыка-параўнальны ці кампаратыўны метад дазваляе параўноўваць гістарычныя аб’екты ў прасторы і часе, выяўляць падабенствы і адрозненні паміж імі;

· гісторыка-тыпалагічны дазваляе выяўляць агульныя рысы ў прасторавых групах гістарычных падзей і з’яў і вылучаць аднародныя стадыі ў іх развіцці;

· гісторыка-сістэмны метад дазваляе праводзіць паглыблены аналіз сацыяльна-гістарычных сістэм і раскрываць ўнутраныя механізмы іх функцыянавання;

· дыяхранічны метад дазваляе даследчыку будаваць у часе разнастайныя па прыродзе гістарычныя працэсы;

· рэтраспектыўны метад дазваляе праводзіць паслядоўнае пранікненне ў гістарычнае мінулае з мэтай выяўлення прычыны дадзенай падзеі.

Задачы вывучэння гісторыі Беларусі:

· Праводзіць даследаванні па праблеме альтэрнатыўных шляхоў гістарычнага развіцця Беларусі. Гэтага патрабуе суверэнны статус нашай дзяржавы;

· праводзіць параўнальна-гістарычнае даследаванне ўсіх грамадскіх і гаспадарчых укладаў, што існавалі і існуюць у гісторыі Беларусі, вылучаць найбольш эфектыўныя з іх;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці эканомікі і палітыкі;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці ў развіцці грамадства, гаспадаркі і дэмаграфічнай сітуацыі на Беларусі;

· вывучаць праблемы развіцця беларускага грамадства і эканомікі ва ўмовах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці ў развіцці грамадства і гаспадаркі і стане навакольнага асяроддзя;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці эканамічнай, палітычнай, духоўнай і інтэлектуальнай сфер жыцця грамадства;

· вывучаць праблемы ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці стану адукацыі і ступені развіцця краіны.

Такім чынам, гісторыя Беларусі:

· дае паняцце аб месцы незалежнай Беларусі ў свеце;

· дае паняцце аб стане нацыянальнай гаспадаркі;

· дае паняцце аб перспектывах развіцця беларускай дзяржавы і нацыі;

дае паняцце аб спосабах і шляхах больш эфектыўнага развіцця Беларусі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: