Вядомыя беларускія гісторыкі і гістарыяграфічныя школы

Гісторыяй нашай краіны людзі пачалі цікавіцца ўжо ў далёкім мінулым. Першыя звесткі аб нашых продках мы знаходзім у старажытных усходнеславянскіх летапісах. Напрыклад, "Аповесць мінулых часоў" дае нам інфармацыю аб рассяленні славянскіх плямён на тэрыторыі сучаснай Беларусі; аб першых палітычных утварэннях – Полацкім і Тураўскім княствах. Таксама шмат звестак аб старажытным насельніцтве нашых зямель знаходзіца ў Іпацьеўскім, Супрасльскім, Наўгародскім і інш летапісах. У больш позніх творах (Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, Летапісец вялікіх князёў літоўскіх) падрабязна апісвалася палітычная дзейнасць вялікіх князёў. У XVI ст. з’яўляюцца гістарычныя творы, у якіх ужо апрача простага пераказа падзей адбываецца нейкая апрацоўка гістарычнай інфармацыі, даюцца першыя вывады. Самай значнай з такіх прац была "Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі" (1582) М. Стрыйкоўскага (1547–1590).

Першай спробай зрабіць сістэмазаваны курс па гісторыі Вялікага княства Літоўскагабыла кніга "Гісторыя Літвы…" езуіта Альберта Войцеха Каяловіча (1609–1677). Але яна больш нагадвала белетрызаваную пераапрацоўку ранейшых хронік. Сістэматычнае, усебаковае вывучэнне гісторыі старажытнай беларускай дзяржаўнасці (Полацкага і Тураўскага княстваў) і Вялікага княства Літоўскага пачалося ў ХІХ ст. У гэты час адбываюцца падзелы Рэчы Паспалітай (далей у тэксце РП), і беларускія землі ўваходзяць ў склад Расійскай імперыі, якая лічыць іх сваімі спрадвечнымі, але на доўгі час страчанымі тэрыторыямі. Але ў цэлым у канцы XVIII і пачатку ХІХ ст. пытанні гісторыі Беларусі, асабліва мовы і быту яе насельніцтва, мала цікавілі шырокія колы рускага адукаванага грамадства.

Найбольш моцным генератарам і прапагандыстам прагрэсіўных грамадска-палітычных і гістарычных ідэй на Беларусі і Літве ў гэты час быў Віленскі універсітэт. У яго сценах вучыліся і працавалі многія знакамітыя людзі – заснавальнікі беларускай гістарыяграфіі. Найбуйнешым гісторыкам таго часу, выдатным знаўцам гісторыі Вялікага княства Літоўскага быў Ігнат Мікалаевіч Даніловіч (1787– 1843), прафесар права Віленскага універсітэта. Вядомым гісторыкам быў прафесар Віленскага універсітэта Іосіф Бенядзіктавіч Ярашэвіч (1793–1860), аўтар шматлікіх навуковых прац па гісторыі Беларусі і Літвы. Вершынёй яго дзейнасці з’яўляецца фундаментальнае даследаванне ў 3-х тамах "Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII ст." (1844–45), дзе ён упершыню вылучыў канцэпцыю існавання феадальнага строя ў Вялікім княстве Літоўскім.

У першай трэці ХІХ ст. вывучэнне гісторыі Беларусі акрамя Вільні праходзіла таксама ў Гомеле. Для стымулявання даследчых прац у гэтай галіне шмат зрабіў мецэнат граф Мікалай Пятровіч Румянцаў (1754–1826). У Гомеле ён сабраў каштоўныя рукапісы, этнаграфічную і нумізматычную калекцыі, велізарную бібліятэку. Бліжэйшым паплечнікам графа быў Іван Іванавіч Грыгаровіч (1790–1852), заснавальнік беларускай археаграфіі. Пры падтрымцы Румянцава Грыгаровіч сабраў і выдаў шмат дакументаў, якія датычацца палітычнай, царкоўнай і сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі. З буйнейшых яго твораў вылучаюцца "Беларускія іерархі", 4 тамы "Актаў, якія адносяцца да Заходняй Расіі" (1846–53), "Беларускі архіў старажытных грамат" і г. д.

У 30–50 гг. ХІХ ст. на Беларусі і Літве даволі бурнае развіццё атрымала гістарычная журналістыка ("Дзённік Віленскі", "Кур’ер Літоўскі", "Газета Лі­тоўска" і г. д.). Адным з самых яскравых журналістаў-выдаўцоў быў Адам Кар­лавіч Кіркор (1812–1886) – знакаміты этнограф, археолаг і гісторык. Ён выдаваў альманахі "Радэгаст" і "Разумовыя дзённікі", неперыядычны "Віленскі зборнік", а таксама галоўную газету літоўска-беларускага рэгіёна "Віленскі вестнік". Для работы ў сваіх выданнях Кіркор запрашаў самых лепшых дзеячаў культуры края: пісьменнікаў У.Сыракомлю, В. Дуніна-Марцінкевіча, гісторыкаў Т. Нарбута, Я. Тышкевіча, І. Крашэўскага і інш. У сваіх выданнях, асабліва ў "Віленскім зборніку", Кіркор аддаваў перавагу матэрыялу па гісторыі Беларусі і Літвы. Гэты "рэгіяналізм" Кіркора быў выкліканы ў першую чаргу жаданнем па­казать самабытнасць і асаблівасць культуры Беларусі і Літвы. Шмат зрабіў так­сама гісторык і археолаг Тэадор Нарбут (1784– 1864), які займаўся дас­ле­да­ваннем гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Адзін з першых на Беларусі ён вы­значыў, што курганы – гэта месцы старажытных пахаванняў. Адшукаў у Старым Быхаве і апублікаваў адну з першых хронік XVI ст. – Хроніку Быхаўца. Аўтар дзе­вяцітомнай "Гісторыі літоўскага народа", дзе апісаў падзеі да 1569 г., лічыў Вялікае княства Літоўскае XVI ст. залатым векам у гісторыі Беларусі і Літвы.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. вядома дзейнасць многіх славутых гісторыкаў, культурных дзеячаў і краязнаўцаў Беларусі. Найперш трэба прыгадаць такую цікавейшую асобу, як Яўхім Фёдаравіч Карскі (1861–1931) – заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, выдатнейшы этнограф і фалькларыст. Сапраўднай энцыклапедыяй белару­са­знаўства стала яго фундаментальная трохтомная праца "Беларусы", у якой упершыню была навукова абгрунтавана нацынальная самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа.

Яшчэ адной значнай фігурай на гістарычным небасхіле Беларусі таго часу быў Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (1867–1934). Гісторык, этнограф, фалькларыст і літаратуразнаўца, доктар гістарычных навук, прафесар. У 1888 г. у даследаванні "Беларускае мінулае" ўпершыню стварыў асноўнае ядро канцэпцыі гістарычнага развіцця беларускага народа, паставіў праблему неабходнасці нацыянальнага адраджэння беларусаў.

У 30-ягг. ХХ ст. са згортваннем НЭПа, з пачаткам усталявання тата­літарнага рэжыму змяняюцца адносіны да гісторыі Беларусі і яе вывучэння. Былі рэпрэсаваны многія даследчыкі (В. Пічэта, У. Ігнатоўскі, М.В. Доўнар-Запольскі і інш.). А тыя, што засталіся, былі абмежаваны вузкім колам тэм, якія яны маглі распрацоўваць. На доўгі час сацыяльна-эканамічныя пытанні, доказы аб прыгнечаннасці беларускага народа сталі асноўнай тэмай доследаў па гісторыі Беларусі.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны пачынаецца ўсебаковая распрацоўка тэм удзелу БССР у Вялікай Айчыннай вайне, барацьбы яе насельніцтва супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтаму спрыяла выданне вялікай колькасці дакументаў і матэрыялаў аб партызанскім і падпольным рухах ў Беларусі ў гады вайны. Вылучаюцца працы такіх даследчыкаў як М.К. Андрушчанка, Я.С. Паўлаў, Г.Дз. Кнацько і інш. Нягледзячы на заангажаванасць савецкай гістарычнай навукі, у пасляваенны час працавала шмат выдатных даследчыкаў гісторыі Беларусі: археолаг К. Палікарповіч, які знайшоў першыя стаянкі людзей на Беларусі; Я.Н. Мараш, даследчык дзейнасці каталіцкай царквы на Беларусі; С.А. Падокшын, даследчык развіцця філасофскай думкі на беларускіх землях; даследчыкі гісторыі Полацкай зямлі Л. Аляксееў, Г.В. Штыхаў і інш.

У лютым 1993 г. адбылася першая ўсебеларуская канферэнцыя гісторыкаў, на якой абвешчана аб стварэнні Беларускай асацыяцыі гісторыкаў. Вяртанню гістарычнай памяці народа "Беларуская мінуўшчына" і г. д. Вельмі важнае значэнне мае дзейнасць рэдакцыі Беларускай энцыклапедыі. Яе намаганнямі выпушчаны ўжо шмат тамоў "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі", энцыклапедычны даведнік "Археалогія і нумізматыка Беларусі" і інш.

4. Перыядызацыя сусветнай гісторыі. Асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі.

Гістарычная перыядызацыя – гэта форма колькаснага і якаснага абазна­чэння гістарычнага развіцця.

Першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі зрабілі еўрапейскія гуманісты XIV–XVI стагоддзяў, якія эпоху Адраджэння назвалі Новым часам у параўнанні з папярэднім перыядам гісторыі. У канцы XVII стагоддзя канчаткова склалася класічная трохчасткавая схема гісторыі: “Старажытны свет – Сярэднія вякі – Новы час”. Зараз гэтая перыядызацыя дапоўнена перыядам “Найноўшы час”.

У XIX ст. Карл Маркс распрацаваў фармацыйную тэорыю развіцця грамадства на падставе якой была складзена адпаведная перыядызацыя. Былі вылучаны тры фармацыі – пярвічная (архаічная); другасная (эканамічная); трацічная (камуністычная). У падмурак гэтага падзелу на фармацыі быў пакладзены прынцып панавання асноўнага спосабу вытворчасці ці тыпу маёмасці. Так, да другаснай фармацыі даследчык вылучаў азіяцкі, антычны, феадальны і сучасны спосабы вытворчасці. Гэтая канцэпцыя, дапрацаваная У. Леніным і І. Сталіным, была пануючай у гістарычнай навуцы СССР.

У наш час папулярнасць набыла цывілізацыйная канцэпцыя развіцця грамадства, пачатак якой пакладзены ў XIX ст. А. Тойнбі, І. Данілеўскім, О. Шпенглерам. Цывілізацыя – гэта «ўстойлівы, самаўзнаўляльны тып сацы­яльнай арганізацыі аднаго ці некалькіх грамадстваў, калі яны звязаны прыкладна аднолькавымі палітычнымі, эканамічнымі, сямейнымі, псіхалагічнымі і прававымі традыцыямі, якія могуць перадавацца ад адных этнасаў да другіх, што з’явіліся на гістарычнай арэне пазней». Згодна з цывілізацыйнай канцэпцыяй існавалі на працягу гісторыі лакальныя цывілізацыі (яны ахоплівалі кароткія гістарычныя цыклы) і сусветныя цывілізацыі (ахоплівалі больш працяглыя гістарычныя цыклы). Гэтыя цывілізацыі аб’ядноўваюць шэраг краін і тэрыторый, яны маюць свае спецыфічныя асаблівасці развіцця, але, змяняючы адна адну, яны захоўвалі паслядоўнасць і пераемнасць развіцця тэрыторый. Гісторыя такім чынам падаецца як адзіная плынь.

Гісторыя Беларусі вывучаецца на падставе розных перыядызацый. Выкарыстоўваюць еўропацэнтрысцкую, простую і ўніверсальную перыядызацыю. Згодна з ёй, гісторыя Беларусі падзяляецца на наступныя перыяды:

· старажытны (100 тыс. г. да н.э. – V ст. н.э.);

· сярэднія вякі (VI ст. н.э. – XV ст. н.э.);

· новы час (XVI ст. – пачатак XX ст.);

· навейшы час (з 1914 г. па сённяшні дзень).

Існуе так сама дзяржаўніцкі падыход да перыядызацыі, які аформіўся ў пачатку XX стагоддзя ў працах В.Ластоўскага і Ў.Ігнатоўскага. Вылучаліся перыяды беларускай гісторыі – полацкі, літоўска-беларускі, польскі, расійскі і савецкі. А ў сярэдзіне XX стагоддзя зацвердзілася фармацыйная канцэпцыя перыядызацыі, заснаваная на прынцыпах гістарычнага матэрыялізму. Нацыянальныя адметнасці і каштоўнасці рэгіёну гэты падыход не цікавіў.

Пытанні для самакантролю:

1. Што такое гісторыя? Што з’яўляецца аб’ектам даследвання ў гістарычнай навуцы?

2. З імёнамі якіх навукоўцаў звязана станаўленне гістарычнай навукі на Беларусі?

3. Пералічыце функцыі гістарычнай навукі і растлумачце іх сутнасць.

4. Што такое перыядызацыя гісторыі? Якія падыходы да перыядызацыі існуюць у гістарычнай навуцы?

5. Дайце тлумачэнне адрозненням, якія існуюць паміж фармацыйнай і цывілізацыйнай канцэпцыямі перыядызацыі гісторыі.

6. Якія існуюць перыядызацыі гісторыі Беларусі?

7. У чым заключаецца сутнасць метадалогіі гісторыі?

8. На падставе якіх крыніц вывучаецца гісторыя Беларусі?

Тэма 2. Цывілізацыйная спадчына старажытнага свету,
сярэдніх вякоў і Беларусь

Мэта:

Прааналізаваць асаблівасці развіцця беларускіх зямель у старажытны перыяд. Даць характарыстыку матэрыяльнай і духоўнай культуры першабытнага грамадства. Прасачыць працэс славянізацыі беларускіх зямель. Разгледзіць асноўныя этапы і напрамакі станаўлення дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі ў IX—першай полове XIII ст. Ахарактарызаваць духоўнае жыццё і культуру беларускіх зямель ў IX—першай полове XIII ст. Разгледзець працэс утварэння і ўмацавання Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага (др. пал. XIII – перш. пал. XVI ст.). Даць характарыстыку развіццю культурнага жыцця і этнічных працэсаў на беларускіх землях у XIII–XVI стст.

План:

1. Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.

2. Полацкае и Тураўскае княствы ў IX—першай полове XIII стст. Сацыяльна-эканамічнае развіццё раннефеадальных княстваў на тэрыторыі Беларусі. Асаблівасці станаўлення феадалізму на беларускіх землях.

3. Духоўнае жыццё і культура беларускіх зямель ў IX—першай полове XIII стст.

4. Перадумовы стварэння Вялікага княства Літоўскага.

5. Знешняя палітыка ВКЛ у XIII–XVI стст.

6. Дзяржаўны лад ВКЛ.

7. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ.

1. Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы. Каля 40 – 10 тыс. гадоў назад на тэрыторыі Беларусі з’явіліся людзі сучаснага фізічнага тыпу. Ім належаць стаянкі ля вёсак Юравічы (больш за 26 тыс. гадоў назад) і Бердыж (больш за 23 тыс. гадоў назад).

Найбольш характэрным паказчыкам узроўню развіцця чалавечай дзейнасці лічацца матэрыялы, з якіх вырабляліся прылады працы. На гэтай падставе вучоныя вылучаюць каменны век (да канца 3 тыс. да н. э.), век медзі і бронзы (канец 2 тыс. – пач. 1 тыс. да н. э.) і жалезны век (пач. 1 тыс. да н. э. – да VII-VIII стст. н. э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на палеаліт (старажытнакаменны – да адступлення ледавіка), мезаліт (сярэднякаменны – 9 – 5 тыс. да н. э.) і неаліт (4 – 3 тыс. да н.э.). Асноўным заняткам у эпоху палеаліту былі збіральніцтва, лоўля рыбы і паляванне. Толькі ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была заселена поўнасцю. Першыя паселішчы будаваліся ў асноўным на берагах рэк і азёр. Жытлы былі наземныя і паўзямлянкавыя. У кожным жытле мясцілася адна сям’я. Жыхары аднаго паселішча складалі сваяцкую абшчыну, якая была часткай буйнейшага аб’яднання – племені. Людзі таго часу карысталіся лукам, стрэламі, сякерамі і нажамі з крамянёвых пласцін. Тады ж з’явілася першая свойская жывёла – сабака. У неаліце пачалі актыўна выкарыстоўваць шліхтаваныя каменныя прылады працы, керамічны посуд, зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля.

Найбольш старажытныя назвы азёр, рэк і паселішчаў Беларусі сведчаць пра тое, што першымі людзьмі сучаснага тыпу былі фінамоўныя плямёны. Але ў канцы 3 тыс. да н. э. яны выціснуты балтамі, з прыходам якіх пачаўся век медзі і бронзы. Медзь і волава, з якіх вырабляецца бронза, не здабываліся на Беларусі. Іх завозілі з-за мяжы, таму металічныя прылады пакуль што заставаліся рэдкімі. У VIII – VII стст. да н. э. людзі навучыліся выплаўляць з балотнай руды жалеза.

У VI – VII стст. н. э. на тэрыторыю Беларусі з Вісла-Одэрскага міжрэчча пачалі прасоўвацца славянскія плямёны. Да IX ст. яны занялі большую частку Беларусі. Толькі на паўночным захадзе захаваліся балцкія плямёны літвы, латгалаў, яцвягаў і інш. Рух славян пачынаўся ў эпоху, якую гісторыкі называюць "вялікім перасяленнем народаў". Прычынамі перасялення маглі быць перанаселенасць месцаў першаснага пасялення, а таксама ваенныя сутыкненні з іншымі плямёнамі і народамі.

У раёнах свайго пасялення славяне часткова выціснулі балтаў, часткова знішчылі, астатнія рэшткі асімілявалі. Асіміляцыя магла ісьці праз шлюбы паміж славянамі-мужчынамі і захопленымі ў палон балцкімі жанчынамі. Менавіта жанчыны займаліся выхаваннем дзяцей і перадавалі ім у спадчыну рэшткі сваёй традыцыйнай культуры. Гэты працэс працягваўся даволі доўгі перыяд, асабліва на поўначы Беларусі. Такім чынам, балцкая культура таксама ўвайшла ў паўсядзённае жыццё мясцовых славян.

Славяне, падобна іх папярэднікам, жылі ў вялікіх сем’ях. Сем’і складалі сваяцкую абшчыну (род). Род распараджаўся зямлёй вакол паселішча і большасцю прыладаў працы. Абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Але меліся і значна большыя аб’яднанні – саюзы плямён: крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Крывічы (палачане) насялялі басейн Заходняй Дзвіны і верхняга Падняпроўя, радзімічы – Пасожжа, а дрыгавічы – Палессе і цэнтральную частку Беларусі.

Рэлігія славян гэтага перыяду ўяўляла сабой паганства (язычніцтва) – рэлігійныя вераванні, абрады і святы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў да з’яўлення манатэізму – веры ў адзінага Бога. Сярод багоў славянскага пантэона пераважалі звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй Пярун, Дажджбог, Грамніца, Вялес, Стрыбог, Цёця, Ярыла, Купала, Жыцень; увасабленні "культу продкаў" Род і Рожаніца, а таксама шматлікія духі (вадзянік, дамавік, лесавік, багнік і г. д.). Некаторым з багоў нават прыносіліся чалавечыя ахвяры. Пры пахаванні быў распаўсюджаны абрад трупаспальвання. Святы і абрады пераважна звязваліся з цыклам земляробчых работ.

2. Полацкае і Тураўскае княствы ў IX—першай полове XIII стст. Сацыяльна-эканамічнае развіццё раннефеадальных княстваў на тэрыторыі Беларусі. Асаблівасці станаўлення феадалізму на беларускіх землях.

Першая дзяржава, што ўтварылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі – гэта Полацкае княства. Любая дзяржава ўтвараецца пад уплывам розных фактараў – геаграфічных, этнічных, сацыяльна-эканамічных. Полацкае княства ўяўляла сабой адзіны геаграфічны рэгіён, што ляжаў у басейне галоўнай ракі Заходняй Дзвіны, насялялі княства адзіны народ – крывічы-палачане, ступень эканамічнага развіцця якога была роўнай і гаспадарчыя заняткі сходныя.

Крывічы рассяліліся на Падзвінні з усхода на захад, займалі гарадзішчы днепра-дзвінскай і банцараўскай балцкіх археалагічных культур да VIII стст., а ў VIII-X стст. на Падзвінні шлі дзяржаваўтваральныя працэсы. Крывічы ўзгадваліся ў старажытных летапісах пад 856, 862, 944, 980 – і да 1128 года. Тым часам полацкія ўладары зваліся крывіцкімі князямі. Першым гістарычна вядомым полацкім князем быў Рагвалод, які прыйшоў з-за мора (магчыма, як і Рурык, быў варагам). Менавіта ў час яго праўлення канчаткова сфарміраваліся межы княства, упарадкаваліся палітычная сістэма і гаспадарчыя адносіны, была вызначана сталіца – былое балцкае гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, названае крывічамі па рацэ Палаце (балцкі тапанім) Полацкам. Але гісторыя княства пачынаецца крыху раней. Упершыню Полацк узгадваецца пад 862 г. сярод іншых рускіх гарадоў, але ідылічных адносін з іншымі славянскімі плямёнамі не было. У 860-я гг. адбыўся паход кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра на Полацк. У 882 г. сталіцу крывічоў падпарадкаваў Кіеву вядомы старажытнарускі князь Алег. У 907 г. Полацк, як саюзнік Кіева, прымаў удзел у сумесным паходзе рускіх князёў на сталіцу Візантыйскай імперыі – Царград (Канстантынопаль).

Рагвалод, пачынальнік дынастыі полацкіх князёў, магчыма вывеў княства з-пад улады Кіева, бо ў барацьбе сыноў кіеўскага князя славутага Святаслава яны абодва – і Ўладзімір, і Яраполк дамагаліся падтрымкі Рагвалода. Згодна з прыгожай легендай, той, хто мог атрымаць падтрымку Рагвалода, вырашалася не па палітычных матывах, а па жаданні яго дачкі Рагнеды. Князь, які спадабаецца князёўне, атрымае і руку прыгажуні, і войска крывічоў. Выбар Рагнеды прыйшоўся на Яраполка, што сядзеў у Кіеве. Тады Ўладзімір сабраў у сваім Ноўгарадзе войска, з якім ён авалодаў Полацкам у 980 г. (Рагвалод і яго сыны былі забіты, а Рагнеда сілай узята ў жонкі) і крыху пазней – і Кіевам, пры гэтым быў падманам забіты Яраполк. Так Уладзімір стаў адзіным кіраўніком вялікай дзяржавы, якая аб’яднала Ноўгарад Вялікі, Полацак і Кіеў – тры галоўныя палітычныя цэнтры ўсходніх славян. Ад Рагнеды (а яна была не адна жонка ў Уладзіміра) ён меў сыноў – Ізяслава Полацкага, Яраслава Мудрага, Мсціслава Чарнігаўскага і Ўсевалада Ўладзіміра-Валынскага (усе яны былі выключнымі асобамі, пакінулі вялікі след у гісторыі Кіеўскай Русі).

Да гэтага часу Еўропа ўжо стала хрысціянскай, нават суседнія славянскія дзяржавы – Польша, Чэхія прынялі новую рэлігію як дзяржаўную. Каб не быць ізаляванымі, Уладзімір вырашае таксама прыняць хрысціянства. Бліжэйшы хрысціянскі цэнтр – Канстантынопаль – ён жа і галоўны палітычны ігрок у рэгіёне. Таму менавіта з Візантыі Уладзімір запрасіў місіянераў, а не з далёкага і аслабленага Рыму. Але прыняцце новай рэлігіі патрабавала адмовіцца ад некаторых паганскіх з’яў, у тым ліку мнагажэнства. Тым часам палітычны саюз з Візантыяй добра было падмацаваць шлюбным саюзам. Уладзімір адсылае сваіх жонак, прымае хрысціянства і бярэ шлюб з візантыйскай прынцэсай Ганнай. У тым жа годзе (988) Рагнеду пасля няўдалага замаху на жыццё мужа адсылаюць разам з малалетнім сынам Ізяславам у Полацкае княства. Ізяслаў, як прамы нашчадак Рагвалода, адраджае самастойную дынастыю полацкіх князёў, а Рагнеда прымае новую веру, пастрыгаецца ў манахіні і жыве да 1000 г. у пабудаваным для яе горадзе Заслаўлі, названым так у гонар яе сына.

Ізяслаў княжыў у Полацку прыкладна з 988? па 1001 гг. Гэта быў адукаваны князь, які клапаціўся аб распаўсюджанні хрысціянства і адукацыі ў сваім княстве, за гэта яго празвалі “князь-кніжнік”. Праз два гады пасля смерці бацькі на полацкі прастол узышоў малалетні. Брачыслаў Ізяслававіч (1003-1044 гг.). Менавіта пры гэтым князе Полацкая дзяржава пачала сваё хуткае ўзвышэнне і дасягнула найвялікшай палітычнай вагі. Але спачатку Брачыславу трэба было падрасці. У 1021 г. Брачыслаў выступае супраць свайго роднага дзядзькі, наўгародскага князя Яраслава Ўладзіміравіча (Мудрага), захоплівае Ноўгарад і выводзіць у Полацк мноства палонных з маёмасцю. Яраслаў у горадзе адсутнічаў, ён спяшаецца перахапіць Брачыслава і ў бітве на рацэ Судаміры вялікімі намаганнямі перамагае палачан. У той жа год (1021) было падпісана пагадненне паміж Яраславам і Брачыславам, згодна з якім да Полацкага княства адыходзілі Віцебск і Ўсвяты (гэтыя гарады кантралявалі валокі на галоўным адгалінаванні шляху з варагаў у грэкі), больш таго, кіраўніцтва Кіевам да 1026 г. ажыццяўлялі абодва князя праз сваіх намеснікаў. Калі ў 1026 г. Яраслаў Мудры стаў вялікім кіеўскім князем, Брачыслаў супраць не выступіў – кантроль над галоўнай гандлёвай артэрыяй усё роўна ажыццяўляў Полацк, і менавіта гэтае вызначала вядучае становішча Полацкай дзяржавы ў той час сярод усходніх славян.

Брачыслаў тым часам актыўна пашыраў межы княства ў паўднёвым і заходнім напрамках, у першую чаргу падпарадкоўваліся землі, што ляжалі уздоўж Заходняй Дзвіны. На захадзе княства межавалася з землямі балцкіх плямёнаў, якія не мелі яшчэ сваёй дзяржавы і гарадоў. Таму палачане засноўвалі на заходніх землях свае пасяленні.

Яшчэ ў 1029 г. у Брачыслава нарадзіўся сын – Усяслаў, пазней празваны Чарадзеем. З 1044 па 1101 гг. ён кіраваў Полацкім княствам. У спадчыну Ўсяславу дасталася моцная дзяржава і вялікія грашовыя сродкі, а так сама палітычны аўтарытэт кіраўніка магутнага княства.

У 1054 г. памірае Вялікі кіеўскі князь Яраслаў Мудры. Ён пакідае 7 нашчадкаў, а каб старэйшыя з іх не прыцяснялі малодшых, завяшчае полацкаму князю быць гарантам выконвання ўмоў свайго тэстаменту. Амаль 10 год працягвалася мірнае суіснаванне дзвюх старажытнарускіх дынастый – Рагвалодавічаў і Яраславічаў. Але ў 1065 г. пачынаецца барацьба Ўсяслава з Кіевам і Ноўгарадам, якімі валодалі старэйшыя Яраслававы сыны. Усяслаў спрабаваў захапіць Пскоў, але няўдала. У наступным годзе (1066) Усяслаў захапіў і разрабаваў Ноўгарад, вывез з наўгародскага Сафійскага сабору царкоўныя рэчы для пабудаванага раней ў Полацку трэцяга ва ўсходніх славян Сафійскага сабора.

Зімой наступнага 1067 г. кааліцыя Яраславічаў арганізавала паход на Полацкае княства. Быў спалены Мінск, каля яго на р.Нямізе адбылася галоўная бітва паміж Яраславічамі і Усяславам, дзе апошні быў разбіты. Каб перадухіліць разрабаванне сваёй зямлі, Усяслаў згадзіўся на перамовы. Але пад час іх ён быў узяты ў палон і вывезены з двума сынамі ў Кіеў. Неўзабаве ў Кіеве адбылося паўстанне гараджан, кіеўскі князь быў выгнаны, а Усяслаў вызвалены і пастаўлены на кіеўскі прастол. Толькі сем месяцаў ён быў кіеўскім князем. Да горада падступіў выгнаны Ізяслаў Яраславіч з войскам свайго цесця, польскага караля Баляслава. Усяслаў вымушаны быў адысці да Полацка, але Ізяслаў выгнаў яго і адтуль. З 1069 па 1071 гг. у Полацку сядзелі сыны Ізяслава Яраславіча – Мсціслаў і Святаполк. Усяслаў збіраў сілы на тэрыторыі прыбалтыйскага племені водь. Толькі ў 1071 г. ён аднавіў свой кантроль над Полацкай дзяржавай. Больш да самай смерці Усяслаў Чарадзей не прадпрымаў ваенных аперацый супраць Яраславічаў, і нашчадкі Яраслава таксама не турбавалі палачан. Гэтыя 30 год міру сталі перыядам упарадкавання дзяржаўнага ладу княства, перыядам гаспадарчага росквіту, росту гарадоў.

На прыканцы XI ст. адбылося некалькі з’ездаў усходнеславянскіх князёў (у Любечы, Увецічах, каля Долабаўскага возера), на якіх яны вырашылі – “кожны трымае вотчыну сваю”. Гэта стала пачаткам феадальнага драблення Кіеўскай Русі. Полацкія князі не прымалі ўдзелу ў з’ездах, бо яшчэ пры жыцці Усяслаў сам падзяліў сваё княства на ўдзелы паміж шасцю сынамі. Галоўны
ўдзел – Полацкі – дастаўся Рагвалоду (у хрышчэнні Барысу), Мінскі – Глебу. Апошні атрымаў ад бацькі не толькі Мінск, але і турботны характар. Глеб стаў праводзіць актыўную палітыку. У 1116 г. ён здзейсніў паход на Слуцк, што быў пад кантролем Кіева (уваходзіў у Тураўскае княства), адбіў паходы паўднёварускіх князёў на Мінск, Оршу і Копысь. У наступным годзе (1117) Глеб ваяваў са Смаленскам і Ноўгарадам. Як і ў выпадку з Усяславам, гэтая актыўнасць мінскага князя выклікала вялікі паход рускіх князёў на Мінск. У 1119 г. Мінск быў асаджаны, Глеб узяты ў палон, вывезены ў Кіеў і пасаджаны ў поруб, дзе і памёр пры загадкавых абставінах. Нягледячы на гэтую паказальную расправу, нашчадкі Усяслава (полацкая дынастыя) кожны раз падкрэслівалі сваю незалежнасць, у прыватнасці, адказваліся ўдзельнічаць у аб’яднаных паходах на полаўцаў, якія дапякалі паўднёварускім княствам.

У Полацку за дзесяцігоддзе з 1129 па 1139 гг. адбыліся значныя змены. У адсутнасць нашчадкаў Усяслава значна вырасла роля гарадскога веча – агульнага сходу палачан і жыхароў полацкай зямлі, што вырашалі розныя пытанні жыцця і кіравання дзяржавай. Так, ужо ў 1132 г. на полацкі трон вечам быў абраны Васілька, які належыў да полацкай дынастыі, але з 40-х гг. Полацкая зямля вярнулася да былых выгнаннікаў. Але веча таксама існавала і ўмацоўвала свае пазіцыі. Акрамя Полацка яно існавала і ва ўдзельных княствах Полацкай зямлі – Друцкім, Віцебскім, Менскім, Заслаўскім, Лагойскім. Вялікую палітычную ролю ў Полацку адыгрываў і епіскап – глава хрысціянскай епархіі.

Роля веча была вельмі значнай. Яно кантралявала дзейнасць князя, запрашала ці выганяла кіраўніка дзяржавы. Веча вырашала пытанні вайны і міру, ад яго імя заключаліся мірныя і гандлёвыя пагадненні, ажыццяўляўся вышэйшы суд (веча – апошняя апеляцыйная інстанцыя). Але і княжаская ўлада заставалася значнай. Князь кіраваў дружынай і гарадскім апалчэннем, забяспечваў абароназдольнасць дзяржавы. Князь узначальваў адміністратыўна-упраўленчы апарат дзяржавы а таксама ажыццяўляў суд. Полацкі князь мог раздаваць воласці іншым князям-васалам. Рэзідэнцыя князёў была вынесена за межы Полацка – ў Бельчыцы, дзе так сама быў заснаваны Барысаглебскі манастыр, пабудаваны вялікія княжаскія палаты.

У 1201 г. з дазволу полацкага князя Ўладзіміра біскупам Альбертам была пабудавана крэпасць Рыга. У наступным годзе (1202) біскуп разам з абатам Тэадорыкам заснавалі ваенна-манашаскі ордэн мечаносцаў, асноўнай мэтай яго існавання было абвешчана распаўсюджанне хрысціянства сярод латышоў, эстаў і куршаў і абарона лацінскага касцёла ў Прыбалтыцы. Але больш увагі мечаносцы ўдзялялі захопу новых тэрыторый, што ўжо належылі ці знаходзіліся ў залежнасці ад Полацка. Полацкі князь Уладзімір позна зразумеў сваю памылку. З 1203 г. па 1210 г. вялася барацьба Полацка і Рыгі, пад час якой Полацк страціў Кукейнос (1208 г.) і Герцыке (1209 г.), кантроль над Ніжнім Падзвіннем і перастаў атрымліваць даніну ад ліваў і латгалаў (дагаворы 1210 і 1212 гг. з крыжакамі). Тым не менш, Уладзімір арганізаваў вялікі сумесны паход палачан, літоўцаў і эстаў супраць ордэна, але ў дзень адпраўлення вялікага войска князь нечакана памёр, верагодна, быў атручаны крыжацкімі шпіёнамі. Паход праваліўся, а наступленне крыжакоў працягвалася. У 1224 г. выгнаны з Кукейнаса князь Вячка загінуў пры абароне эстонскага горада Юр’еў (зараз Тарту), яшчэ раней, у 1214 г., пасля смерці князя Усевалада, цалкам пад уладу Рыгі перайшоў Герціке. Полацк страчваў свае пазіцыі, і паскорыўся гэты працэс са з’яўленнем у Прыбалтыцы яшчэ аднаго ордэна – Тэўтонскага. Тэўтонцы былі выгнаны з Палесціны сарацынамі, і іх запрасіў да сябе адзін з польскіх князёў – Конрад Мазавецкі. Тэўтонцы аселі на землях балцкага племені прусаў (1230 г.). Хутка яны знішчылі прусаў і пачалі рабаваць польскія, літоўскія і беларускія землі.

Барацьба з мечаносцамі і тэўтонцамі вялася з пераменным поспехам. У 1236 г. літоўцы перамаглі мечаносцаў пад Шаўляем, у 1237 г. – Даніла Галіцкі перамог крыжакоў пад Драгічынам. Як вынік – у тым жа годзе (1237) адбылося аб’яднанне Тэўтонскага ордэна і ордэна мечаносцаў, апошні стаў называцца Лівонскім ордэнам. Аб’яднаныя сілы крыжакоў былі ўшчэнт разбітыя Аляксандрам Неўскім у 1242 г. у бітве на Чудскім возеры каля Пскова. Крыху раней малады наўгародскі князь Аляксандр перамог шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240 г.), дзе ў бітве прымалі ўдзел полацкія дружыны, асабліва вызначыўся Якаў Палачанін. Гэтыя перамогі прыпынілі актыўныя наступальныя мерапрыемствы крыжакоў, але не адвялі пагрозу рэгулярных наездаў крыжакоў на славянскія і балцкія землі з рабаўніцкімі мэтамі.

Калі на поўначы сучаснай Беларусі месцілася Полацкае княства, то паўднёвыя землі займала другое дзяржаўнае ўтварэнне на Белару-
сі – княства Тураўскае. Гэта княства месцілася на землях дрыгавічоў, у басейне ракі Прыпяць. Калі Заходняя Дзвіна – вялікі гандлёвы шлях з Балтыкі на поўдзень, то Прыпяць – бойкі гандлёвы шлях паміж Кіевам і Заходняй Еўропай. Да таго тут былі ўрадлівыя землі, спрыяльны мяккі клімат і лясы, багатыя на дзічыну і сыравіну. Усе гэта спрыяла больш хуткаму развіццю земляробства, аддзяленню рамяства і станаўленню ранняга феадальнага грамадства.

Першы галоўны горад княства – Тураў упершыню ўзгадваецца пад 980 г. у сувязі з князем Турам, які, як і Рагвалод Полацкі, быў з варагаў. Але хутка Тураў быў падпарадкаваны суседняму Кіеву, і тут склалася традыцыя – Тураў атрымліваў старэйшы сын Вялікага кіеўскага князя, які займаў потым бацькава месца ў Кіеве, а Тураў зноў атрымліваў старэйшы сын новага кіеўскага князя. Пачаў гэтую традыцыю Уладзімір Святаслававіч, у 988 г. ён перадаў Тураў старэйшаму сыну Святаполку, Яраслаў Мудры – Ізяславу і г.д. Знаходзячыся пад уплывам Кіева, Тураўскія князі прымалі ўдзел у паходах супраць Полацка ў 1127 г. Калі пачалася міжусобная барацьба за Кіеў (у XII ст.), Тураў таксама вельмі часта стаў пераходзіць з рук у рукі розных паўднёварускіх княжацкіх родаў. Толькі ў 50-я гг. 12 ст. Тураў вярнуўся да дынастыі Ізяславічаў, а тураўскім князем стаў Юры Яраславіч. У 1158 г. кааліцыя шасці рускіх князёў на чале з кіеўскім Ізяславам дзесяць тыдняў асаджала Тураў, мэтай Ізяслава было выгнаць Юрыя і аднавіць свой уплыў на тураўскія справы. Але горад меў добрыя ўмацаванні, Юры карыстаўся падтрымкай гараджан, і самая працяглая асада горада часоў Кіеўскай Русі скончылася безпаспяхова. Асаблівасці палітычнай гісторыі мелі вынікам асаблівасці палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. Вялікую ролю ў Тураве адыгрывала веча. Менавіта з яго згоды Кірыла Тураўскі быў абраны епіскапам Турава. У Тураве існавала некалькі адміністратыўных пасад, што выконвалі функцыі, блізкія да некаторых княжаскіх функцый. Так, тысяцкі ўзначальваў гарадское апалчэнне, яго абавязак – ваеннае кіраўніцтва. Акрамя таго, у Тураве дзейнічаў пасаднік – галоўны кіраўнік цывільнай адміністрацыі княства. Такая пасада яшчэ існавала толькі ў Ноўгарадзе Вялікім.

Калі Полацкае княства змагалася з крыжакамі, Тураўскае княства, разам з іншымі рускімі княствамі пазнала жорсткасць мангола-татарскай няволі. У 1240-1241 гг. Былі разрабаваны і спалены паўднёвабеларускія гарады, у тым ліку Гомель, Мазыр, Брэст.

Крыху пазней за Полацкае і Тураўскае княствы, на захадзе сучаснай Беларусі ўтвараліся невялікія ўдзельныя славянскія княствы. Адбывалася гэта адначасова з асіміляцыяй славянамі мясцовага балцкага насельніцтва. Сярод княстваў Верхняга Панёмання трэба адзначыць найбольш старажытныя і важныя – Наваградскае, Ваўкавыскае і Гродзенскае. Пад 1116 г. ёсць паведамленне пра гродзенскага князя Усеваладка (памёр у 1141 г.), што стаў зяцем Уладзіміра Манамаха.

Протадзяржавы крывічоў і дрыгавічоў утварыліся дзякуючы поспехам у гаспадарчым развіцці гэтых протанародаў, развіццю раннекласавага грамадства.

У галіне апрацоўкі зямлі панавала ворнае земляробства, але адначасова ў лясных і паўднёвых раёнах шырока распаўсюджана была і падсека. Развівалася папарная сістэма земляробства – двухполле і простае трохполле. Зацвярджалася новая форма грамадскай арганізацыі – сельская суседская абшчына, у аснове існавання якой ляжалі не кроўна-родасныя, а тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі паміж яе членамі. Некалькі побач жывучых сем’яў складалі сяло ці весь. Недалека размешчаныя сёлы складалі абшчыну (мір, верв). Цэнтр такой абшчыны – самае вялікае з сёл, яно звалася пагост.

Аднародная маса сялян-абшчыннікаў перастала існаваць. Разам са свабоднымі сялянамі (зваліся людзі) ужо існавалі смерды – залежныя ад феадалаў, закупы – часовазалежныя, да моманту звароту займаных грошай ці прадуктаў (“купы”), радовічы – часовазалежныя, звязаныя з феадалам нейкімі дагаварнымі абавязацельствамі (“рядам”). Была і катэгорыя хатніх рабоў – халопы, чэлядзь. Залежныя сяляне выконвалі павіннасці на карысць феадалаў – натуральны аброк – даніну (прадукцыяй раслінаводства – дзякло, прадукцыяй жывелагадоўлі – мезлева) і адпрацоўвалі паншчыну на зямлі феадала.

Крыніц з’яўлення феадалаў было некалькі. Самы галоўны феадал – гэта кіраўнік дзяржавы – князь. Ён лічыўся ўладаром усёй зямлі дзяржавы. Спачатку князь сам збіраў з насельніцтва княства даніну (палюддзе). Але потым права збору даніны было перададзена самым давераным асобам з дружыны князя – мужам, і гэта атрымала назву “ кармленне ” (права збору даходаў з воласці). Такім чынам, галоўная крыніца станаўлення класа феадалаў – гэта княжацкая дружына. Другая крыніца – гэта вылучэнне і ўзбагачэнне абшчыннай вярхушкі. Феадалы пасяляліся асобна ад сялян, іх умацаваныя рэзідэнцыі зваліся двор, дом, град. У гэты перыяд пачалі складвацца асноўныя формы феадальнага землеўладання – вотчынная і памесная. Валоданне зямлёй на правах вотчыны давала права ўладальніку прадаваць, дзяліць, падараваць, перадаваць па спадчыне зямлю разам з сялянамі, што жывуць на ёй. Памесная форма землеўладання прадугледжвала толькі права карыстання маёнткам за службу князю. Продаж, падзел, перадача па спадчыне не дазваляліся. Адначасова развіваліся пераходныя формы землеўладання. Найбольш буйнымі землеўладальнікамі на Беларусі ў той час быў князь, яго дружыннікі – феадалы-баяры і хрысціянская царква (з канца X ст.).

Значныя ўдасканаленні на той час адбыліся ў галіне хатніх промыслаў. Удасканальваецца домніца і сырадутны метад атрымання жалеза, на Беларусі з’яўляецца ганчарнае кола і будуюцца спецыяльныя печы па абпальванню керамікі. Гэта ўсё садзейнічала таму, што чалавек павінен быў больш часу выдзяляць менавіта рамесніцкім заняткам, а ўдасканаліўшы сваю тэхніку, перайсці выключна на вытворчасць рамесніцкай прадукцыі для продажу ці абмену. Адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі ў сваю чаргу вызвала развіццё пастаяннага ўнутранага гандлю – з’явіліся спецыяльныя месцы, дзе вёўся гандаль – рынкі, таргі. Развіццё гандлёвых адносін з іншымі тэрыторыямі прывяло да з’яўлення на нашай тэрыторыі вялікай колькасці манет. Перыяд IX – X стст. – гэта час распаўсюджвання на Беларусі куфіцкага дырхема (сярэбраная манета Арабскага халіфата). Выкарыстоўваліся ў гандлі як цэлыя манеты, так і часткі (галоўным чынам на мясцовым рынку). Сярэбраныя грошы былі вельмі шырока распаўсюджаны на нашай тэрыторыі. Праз беларускія землі праходзіў “ шлях з вараг у грэкі ”, што звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам. У непасрэднай блізкасці ад яго ў 1973 г. быў адкрыты Казьянкаўскі манетны скарб (схаваны каля 940-х гг.), што ўключаў 7588 сярэбраных манет агульнай вагай каля 20 кг.

У выніку збяднення радовішчаў срэбра на Усходзе галоўнае месца ў грашовай сістэме на беларускіх землях заняў заходнееўрапейскі дынарый (канец X – першая палова XI стст.), але і ён хутка знік з прычыны феадальнага драблення дзяржаў Заходняй Еўропы. У так званы безманетны перыяд (другая палова XI – XIII стст.) у гандлёвых аперацыях выкарыстоўвалі плацёжныя зліткі з серабра (грыўны) ці іх вагавыя часткі.

Менавіта на працягу X – XIII стст. на Беларусі ўтварылася асноўная колькасць нашых старажытнейшых гарадоў. Горад выконваў функцыі: адміністратыўную (ён быў цэнтрам княства ці воласці, там месцілася адміністрацыя); рамесную (у горадзе канцэнтраваліся вытворцы, больш таго, з’явіліся першыя аб’яднанні рамеснікаў – брацтвы); гандлёвую (менавіта ў гарадах знаходзіліся гандлёвыя рынкі – таргі); рэлігійна-культурную (саборы і цэрквы будаваліся ў гарадах, тут засноўвалі манастыры, а пры іх – скрыпторыі па перапісцы кніг і школы); абарончую (дзякуючы моцным абарончым збудаванням, у гарадах хавалася насельніцтва навакольных сёл у час небяспекі). Гарады ўзнікалі на месцы родавых цэнтраў, маглі вырасці з феадальнага замка ці сяла (пры ўмове спрыяльнага геаграфічнага іх знаходжання), ці быць заснаванымі на новым месцы па волі князя. Самым старажытным горадам Беларусі з’яўляецца Полацак – старажытная сталіца крывічоў. Ён упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 год. Іншыя нашы гарады ўпершыню ўзгадваюцца: Віцебск – 974 г., Тураў – 980 г., Заслаўль – 988 г., Брэст – 1019 г., Браслаў – 1065 г., Мінск – 1067 г., Друцк – 1078 г., Барысаў – 1102 г., Гародня і Слуцк – 1116 г., Навагрудак – 1117 г.

Старажытныя беларускія гарады мелі ўсталяваўшуюся структуру. Галоўнай часткай горада з’яўляўся дзяцінец – умацаваны цэнтр горада, дзе знаходзілася рэзідэнцыя князя ці яго намесніка. Пад сценамі дзяцінца знаходзілася пасяленне рамеснікаў, гандляроў і іншых гараджан – пасад. Яго маглі таксама абнесці сценамі. Акрамя адміністратыўнага цэнтра – дзяцінца – існаваў і грамадскі цэнтр горада – торг ці рынак. Менавіта тут збіралася веча – агульны сход дарослых мужчын горада і акругі, што вырашаў важныя пытанні.

Такім чынам, на працягу X – XIII стст. у межах шматукладнага грамадства (спалучаліся рысы першабытнаабшчыннага, рабаўладальніцкага і феадальнага грамадстваў) адбылася перамога феадальных адносін. Узнікла феадальная зямельная маёмасць і клас залежных сялян. Адбылося адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, у выніку чаго значны штуршок у развіцці атрымаў гандаль, хутка сталі ўзнікаць гарады. Поспехі ў развіцці гаспадаркі спрыялі ўтварэнню першых дзяржаў на нашай тэрыторыі.

3. Духоўнае жыццё і культура беларускіх зямель у IX—першай полове XIII стст.

Увядзенне хрысціянства садзейнічала развіццю культуры на беларускіх землях. Вышэйшым узорам старажытнарускай культуры з’яўляецца манументальная архітэктура. У Х – ХІІІ стст. у архітэктуры Еўропы дамінаваў раманскі стыль. Грамадзянскія і культавыя раманскія пабудовы вызначаліся масіўнасцю, суровай манументальнасцю і крапаснымі рысамі. У муроўцы абавязкова ўжы­ваўся часаны і прыродны камень, часам разам з цэглай. Рысы раманскага стылю ёсць у многіх помніках беларускага дойлідства.

З прыняццем хрысціянства бярэ пачатак каменна-цаглянае будаўніцтва, узвядзенне манументальных культавых пабудоў. На пачатковым этапе рускія дойліды пераймалі візантыйскія архітэктурныя формы, потым іх пераасэнсавалі ў адпаведнасці са сваімі мастацкімі густамі, традыцыямі. Будаўніцтву сабораў на Русі надавалася дзяржаўнае і палітычнае значэнне. Цэрквы былі не толькі культавымі ўстановамі, але і важнейшымі цэнтрамі інфармацыі аб палітычных, рэлігійных і грамадскіх справах і падзеях. У іх захоўваліся казна, бібліятэкі, архівы. Каля сцен цэркваў праходзілі сходы гараджан. Пры храмах і манастырах навучалі грамаце, тут пісаліся славутыя рускія летапісы.

У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку, следам за Кіевам і Ноўгарадам, быў пабудаваны старажытнейшы з вядомых на тэрыторыі Беларусі мураваны Сафійскі сабор (Сафія – гэта ўвасабленне Слова Божага, другога твару Троіцы). Сцены ўнутры сабора былі распісаны фрэскамі і ўпрыгожаны мазаікай. Сабор неаднаразова перабудоўваўся, апошні раз – у ХVІІІ ст. у стылі віленскага барока.

У ХІІ ст. у Віцебску была пабудавана Благавешчанская царква, якая моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны і канчаткова разбурана ў 1961 г. Храм аднаапсідны, трохнефавы, шасціслупавы. У хрысціянскіх храмах апсіда – алтарны выступ. Царква мела багаты фрэскавы роспіс: фігуры святых, ілюстрацыі да біблейскіх сказанняў. Не выключана, што грэчаскіх майстроў-будаўнікоў храма прывезлі з сабой полацкія князі, калі вярталіся ў 1140 г. з візантыйскай ссылкі.

У сярэдзіне ХІІ ст. у Полацку быў пабудаваны Спаса-Праабражэнскі (Спаса-Ефрасіннеўскі) сабор, які захаваўся амаль цалкам. Храм лічыцца вяршыняй полацкай архітэктуры. Ён уяўляе сабой вежападобны, выцягнуты ў плане шасціслуповы будынак з адной паўкруглай апсідай. У прыгарадзе Полацка – Бельчыцах, якія магчыма былі загараднай рэзідэнцыяй полацкіх князёў, у ХІІ – ХІІІ стст. былі пабудаваны Вялікі сабор, Пятніцкая і Барысаглебская цэрквы.

З пабудоў ХІІ ст. трэба адзначыць трохапсідную, чатырохслуповую Барысаглебскую царкву ў Новагародку (на рэштках старажытнай мураванай пабудовы ў ХVІ ст. узведзена новая) і царкву ў Тураве, якая была пабудавана з плінфы спосабам роўнаслойнай муроўкі на растворы з дамешкай цамянкі (дробна тоўчанай цэглы). У 1949 г. у раскопках Мінскага Замчышча знойдзены падмурак старажытнай каменнай царквы, якая па невядомых прычынах не была дабудавана.

Яскравай і самабытнай з’яўлялася гродзенская архітэктурная школа. У ХІІ ст. былі пабудаваны царква Барыса і Глеба на Каложы на ўскраіне старажытнага Гродна, Крэпасныя вежы, Ніжняя царква на тэрыторыі гродзенскага дзядзінца, гродзенская Прачысценская царква, а таксама храм, заложаны на Ваўкавыскім Замчышчы. Спалучэнне чырвонага фону цаглянай кладкі з умураванымі разнакаляровымі керамічнымі маёлікавымі пліткамі і паліраванымі камянямі надавалі архітэктурным ансамблям маляўнічасць і непаўторнасць. Для паляпшэння акустыкі ў сцены ўмуроўвалі збаны-галаснікі. У ХІІІ ст. у манументальным будаўніцтве пачынаюць пераважаць абарончыя збудаванні, што звязана з узмацненнем ваеннай пагрозы з боку крыжакоў і татара-манголаў. У апошняй чвэрці ХІІІ ст. у Камянцы (каля Брэста) была ўзведзена 30-метровая вежа абарончага значэння – Белая вежа, якая захавалася да нашага часу. Маюцца звесткі пра тое, што такія ж вежы былі ў Гродне, Тураве і, магчыма, у Полацку.

Састаўной часткай культуры беларускіх зямель з’яўлялася вусная народная творчасць: песні, быліны, легенды, прымаўкі, казкі, плачы-галашэнні, загадкі. Глыбокімі і каларытнымі былі песенныя цыклы, якія выконваліся на вяселлях, пахаваннях і каляндарных святах. Усе гістарычныя быліны прасякнуты пачуццём патрыятызму, гордасці за сваіх герояў, клопатам аб лёсе ўсіх рускіх зямель. У былінах полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч паказваецца храбрым і справядлівым воінам, здольным да пераўвасаблення то ў ляснога сокала, то ў шэрага ваўка, то ў гнядога тура. Некаторыя народныя паданні пазней былі ўнесены ў летапіс. Такім паданнем, напэўна, было апавяданне пра лёс гордай палачанкі Рагнеды. З хрысціянствам звязана ўвядзенне і пашырэнне пісьменнасці. З’явіліся богаслужэбныя кнігі, перакладная літаратура, філасофскія трактаты. З грэчаскай мовы запазычаліся некаторыя словы (напрыклад “тетрадь”, “лампа”), рускім людзям даваліся грэчаскія імёны – Андрэй, Аляксандр, Георгій, Соф’я. Русь пераймала грэчаскія кнігі, многія з якіх перакладаліся на рускую мову. Былі сярод іх сачыненні пра стварэнне свету, пра біблейскіх герояў, аб рымскіх палкаводцах, “жыцці святых” і г. д.

У адрозненне ад каталіцкіх краін Захаду ў культуры і справаводстве Русі прымянялася родная мова. Разам з перакладнымі кнігамі з’яўляюцца і арыгінальныя сачыненні, у тым ліку рускія летапісы. Маюцца звесткі аб тым, што летапісанне вялося ў Полацку, Тураве, Новагародку. Вакол царквы і манастыроў групаваліся адукаваныя людзі, у іх ці пры іх існавалі школы, пісаліся і перапісваліся кнігі, збіраліся бібліятэкі. Узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца: вядомае Тураўскае Евангелле (ХІ ст.), Рэймскае Евангелле (ХІ ст. – названае так па месцу знаходжання ў муніцыпальнай бібліятэцы г. Рэймса ў Германіі), служэбнік Валаама Худынскага (канец ХІІ – пачатак ХІІІ стст.), Аршанскае Евангелле (ХІІІ ст.) і некаторыя іншыя. З прадстаўнікоў кніжнай асветы старажытнага перыяду нашай гісторыі мы павінны адзначыць: у Смаленску – Клімента Смаляціча, у Тураве – Кірылу Тураўскага, у Полацку – князёўну Прадславу-Ефрасінню.

Пра высокае мастацкае майстэрства тагачасных умельцаў гавораць прадметы хрысціянскага культу. Сярод іх вылучаюцца найтанчэйшай мастацкай разьбой абразкі з шэрага шыферу, знойдзеныя ў час раскопак на гарадзішчы Мінска. Для стварэння прадметаў хатняга побыту, зброі, прылад працы і ўпрыгожванняў выкарыстоўваліся розныя металы: жалеза, бронза, медзь, срэбра, золата. Тэхніка іх апрацоўкі ў ХІ – ХІІІ стст. дасягнула высокага ўзроўню. У беларускіх гарадах былі распаўсюджаны амаль усе вядомыя ў Еўропе тэхнічныя спосабы апрацоўкі металаў: плаўка, ліццё, коўка, залачэнне дроту, гравіраванне, упрыгожванне металічных вырабаў эмаллю, чарненнем. Такім чынам, багатая, яскравая і шматгранная культура беларускіх зямель у ІХ – ХІІІ стст. стаяла ў шэрагу перадавых культур свайго часу, была часткай усходнеславянскай культуры.

4. Перадумовы стварэння Вялікага княства Літоўскага.

Сярод мноства фактараў, якія садзейнічалі ўзнікненню новай дзяржавы, можна выдзеліць наступныя:

1. Развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рамяства, гандлю, рост гарадоў. Усё гэта спрыяла ўзбагачэнню мясцовай эліты, якая і стала ініцыятарам утварэння новай дзяржавы, каб абараніць сваю маёмасць і статус. Акрамя таго, назапашаныя і новыя рэсурсы дазвалялі арганізаваць абарону і пашырэнне дзяржавы.

2. Паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства, сацыяльных супярэчнасцей паміж саслоўямі. Сацыяльныя супярэчнасці і сілавыя спосабы іх вырашэння выклікалі патрэбу ў грамадскім парадку. У самім саслоўі феадалаў таксама абвастрылася барацьба за панаванне. Усё гэта выклікала грамадскую патрэбу ва ўтварэнні дзяржавы, якая б заканадаўча абмежавала грамадска небяспечныя разбуральныя працэсы, якія праяўляліся ў знішчэнні людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.

3. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай. Такая небяспека зыходзіла найперш ад мангола-татараў і крыжакоў, а таксама галіцка-валынскіх і польскіх князёў.

Утварэнне Вялікага княства Літоўскага было звязана з новым цэнтрам, Навагрудкам, які падчас супрацьстаяння рускіх зямель крыжакам і татара-манголам быў адносна бяспечнай тэрыторыяй.

Першым літоўскім князем лічыцца Міндоўг (1230–1263), які па запрашэнні навагрудскіх баяр стаў княжыць у Навагрудку. У 1251 г. Міндоўг ахрысціўся ў каталіцкім абрадзе, а ў 1253 адбылася яго каранацыя. Веў барацьбу з Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі, у 1260 г. разбіў іх войскі каля воз. Дурбе. Аб’яднальніцкую справу Міндоўга прадоўжылі Войшалк (1264– 1267), які ў 1264 г. Заваяваў Нальшаны і Дзяволтву (тэрыторыя сучаснай Літвы) і пашырыў тэрыторыю ВКЛ і Трайдзень (1270–1283) — у 1277 г. каля Гародні і Слоніма разбіў войскі татараў і рускіх князеў, у 1278 г. разбіў лівонскіх рыцараў, ваяваў з Польшчай.

Новы перыяд тэрытарыяльнага пашырэння і ўмацавання дзяржавы звязаны з князем Віценем (1293–1316). У час яго княжання абвастрылася барацьба з крыжакамі. У канцы ХІІІ – пач. ХІV стст. адбылося непрацяглае ўсталяванне немцаў у Полацку. Палачане звярнуліся за дапамагой да князя Віценя, які ў 1307 г. вызваліў Полаччыну ад немцау і далучыў яе да свайго княства. Лічыцца, што менавіта Віцень увеў у ВКЛ княжацкі герб “Пагоня”, сімвалізуючы абарону дзяржавы ад заваёўнікаў (з 1348 г. – дзяржаўны герб ВКЛ).

Княжанне Гедыміна (1316–1341) адзначаецца большай унутрыпалітычнай стабільнасцю і тэрытарыяльным ростам дзяржавы. Межы княства пашырыліся амаль на ўсю беларускую тэрыторыю. У склад ВКЛ увайшлі Берасцейская зямля (1315), Віцебскае княства (1320), каля 1326 – Мінская і Пінская землі і, праз шлюб Любарта (Дзмітрыя) Гедымінавіча з дачкою валынскага князя, – уся Валынь. Гедымін змагаўся супраць маскоўскага князя Івана Каліты за ўплыў на Пскоў і Ноўгарад. У 1323 г. перанёс сталіцу ВКЛ з Навагрудка. Вільня хутка зрабілася моцным эканамічным і палітычным цэнтрам дзяржавы. Пасля смерці Гедыміна ў Вільні застаўся княжыць яго малодшы сын Яўнут. Але тое, што Віленскі пасад заняў не старэйшы з Гедымінавічаў, выклікала разлад сярод братоў. У 1345 г. браты Альгерд і Кейстут ажыццявілі дзяржаўны пераварот. Яўнут быў змешчаны з вялікакняжацкага пасаду і высланы ў Заслаўскае княства.

З гэтага часу пачаўся перыяд дыярхіі, панавання двух – Альгерда і Кейстута. Браты падзялілі тэрыторыю дзяржавы на 2 часткі: Кейстут атрымаў заходнюю палову – Жамойць, Гародню; Альгерд – усходнія землі. У час княжання Альгерда (1345–1377) па-ранейшаму галоўная небяспека заставалася з боку крыжакоў. Альгерд і Кейстут для барацьбы з імі нярэдка аб’ядноўвалі сілы, але іншы раз стрымаць крыжакоў не ўдавалася. Так, у 1348 г. у бітве каля ракі Стрэва (прыток Нёмана) нямецкія рыцары разграмілі войска Альгерда і Кейстута. Паспяховай пры Альгердзе была ўсходняя палітыка. Выступіўшы з антытатарскай праграмай збірання земляў Русі, ён здолеў хутка распаўсюдзіць свой уплыў да ўладанняў Масквы і да нізоўяў Дняпра. Зрабіў тры паходы на Маскву (1368, 1370, 1372 гг.) З беларускіх земляў у к. 40–50-х гг. XIV ст. Альгерду падпарадкаваліся Бабруйск, Рэчыца, Чачэрск і Прапойск. У выніку паспяховай бітвы з татарамі на р. Сінія Воды (1362 г.) да ВКЛ была далучана тэрыторыя Украіны. Увогуле пры Альгердзе тэрыторыя дзяржавы ўзрасла ўдвая, а беларускія землі былі амаль усе аб’яднаны. Беларуская мова набыла статус дзяржаўнай.

Пасля сябе Альгерд пакінуў 12 сыноў ад двух шлюбаў. Найбольш здольнымі з іх былі Андрэй Полацкі ад першага шлюбу з віцебскай князёўнай Марыяй і Ягайла – першы сын ад шлюбу з цвярской князёўнай Уллянай. У дзяржаве зноў пачаліся міжусобіцы: паміж Андрэем Полацкім, Ягайлам і Кейстутам вялася дынастычная барацьба за вялікакняжацкі трон. У выніку князь Андрэй Полацкі вымушаны быў пакінуць Полацк і заключыць саюз з Маскоўскім князем Дзмітрыям Данскім, з якiм у 1380 г. удзельнiчау ў Кулiкоўскай бiтве супраць татара-манголаў. Іншых удзельнікаў гэтай барацьбы Ягайла таксама вераломна нейтралізаваў. Па яго загаду быў забіты князь Кейстут.

У 1385 г. у Крэўскім замку (цяпер вёска Крэва ў Смаргонскім раёне Гродзенскай губерні) адбылося падпісанне акта пра аб’яднанне Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Ягайлу кракаўскія паслы афіцыйна прапанавалі заняць польскі каралеўскі пасад і ажаніцца з 12-гадовай каралевай Ядзвігай. Пры гэтым ён павінен быў выканаць наступныя ўмовы: прыняць каталіцтва і перавесці ў гэтую веру сваіх яшчэ не ахрышчаных братоў, вярнуць землі, страчаныя Літвой і Польшчай, і, нарэшце, “назаўсёды далучыць свае Літоўскія і Рускія землі да каралеўства Польскага”. Ягайла выдаў Прывілей, па якім феадальная знаць каталіцкага веравызнання атрымала неабмежаванае права валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад выканання шэрагу дзяржаўных павіннасцей. На праваласлаўных феадалаў, што вялi сваю радаслоўную з беларускiх, украiнскiх, рускiх зямель, гэты прывiлей не распа­ўсю­джваўся. Другiм актам, такiя ж прывiлеi, дыскрымiнацыйныя для праваслаўнай царквы, атрымаў i каталiцкi касцёл у Лiтве. Гэтыя акты мелi значныя адмоўныя наступствы для ўсёй гiсторыіВКЛ. У той час яны выклiкалi рэзкае незадавальненне з боку праваслаўнай знацi Лiтвы i Русi, якое скарыстаў Вiтаўт. Пры падтрымцы апазiцыйнага праваслаўнага баярства, а таксама Ордэна, Вiтаўт захапiў Гародню i Навагрудак, неаднойчы пагражаў Вiльнi. Падзеi паказалi Ягайле неабходнасць кампрамiсу, каб не страцiць наогул уладу над землямi Лiтвы i Русi. Ён вымушаны быў пайсцi на пагадненне (1392 г. Востраўскае пагадненне, Востраў, недалёка ад Лiды), на падставе якога ўлада ў Вялiкiм Княстве пажыццёва перадавалася Вiтаўту як “Вялiкаму князю Лiтвы i дзедзячу Русi”. Ягайла намiнальна захоўваў тытул найвялiкшага князя Лiтоўскага, але Востраўскае пагадненне ў параўнаннi з Крэўскай унiяй давала дзяржаве пэўную самастойнасць. Атрымаўшы вялiкакняжацкую ўладу, Вiтаўт засяродзiўся на яе ўзмацненнi. Лiквiдуючы або замяняючы князёў найбольш аўтаномных удзелаў, ён зрабiў важныя крокi да палiтычнай цэнтралiзацыi дзяржавы. Ен наладжваў грандыёзны i дастаткова авантурны план пасадзіць на золатаардынскі пасад Тахтамыша, які знаходзіўся у Літве, і, згодна з летапiсам, заўчасна выдаў Вiтаўту ярлык на кiраванне ўсiмi рускiмi землямi (у тым лiку i Маскоўскiм вялiкiм княствам). Але вялiкае войска Вiтаўта было ўшчэнт разбiта татарамi ў 1399 г. на р. Воркле. Тым не менш у гэты час Вітаўт здолеў канчаткова ўключыць у ВКЛ Вязьму і Смаленск. І калі на нейкі час былі ўрэгуляваны дачыненні з Маскоўскай дзяржавай, Ноўгарадам і Псковам, стала магчымым пачаць барацьбу з Тэўтонскім Ордэнам. Вялікае Княства і Польшча супольна выступілі супраць Ордэна. Генеральная бітва адбылася каля прускай вёскі Грунвальд 15 ліпеня 1410 г. Разам з польскім войскам Ордэну супрацьстаялі 40 харугваў з земляў ВКЛ, у тым ліку 28 – з беларускіх земляў. У бітве, адной з буйнейшых у сярэднявечнай Еўропе, ордэнскае войка было разгромлена. Крыжацкая агрэсія скончылася падпісаннем Торуньскага міру 1411 г., паводле якога ўсе гарады, захопленыя па першым этапе вайны, Ордэн вяртаў саюзнікам-пераможцам і выплочваў грашовую кантрыбуцыю. Жамойць пажыццёва перадавалася Вітаўту. У другой палове свайго доўгага княжання Вітаўт дамогся найбольшых знешнепалітычных поспехаў. Ён безупынна намагаўся замацаваць незалежнасць ВКЛ ад Польшчы. У 1420-я гг. у арбіце яго уплываў знаходзіліся Крымская і Заволжская арды. У саюзе з ім былі Маскоўскае княства, Пскоў, Ноўгарад, Цвярская і Разанская землі. Магутная балта-славянская дзяржава прасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мораў. У часы Вітаўта дзяржаўнае жыццё праходзіла ў беларускіх нацыянальных формах. Усе найважнейшыя пасады займалі выхадцы з Беларусі. Сам Вітаўт і шляхта размаўлялі па-беларуску, на беларускай мове вялося і справаводства. М. Гусоўскі назваў гэты час “залатым векам” ВКЛ.

Наступны пасля Вітаўта вялікі князь літоўскі Свідрыгайла (1430–1432) абапіраўся на беларускіх, рускіх і ўкраінскіх феадалаў праваслаўнага веравызнання. Гэта выклікала супраціў каталіцкай партыі грамадства. Пачалася грамадзянская вайна (1432–1439). Свідрыгайла страціў свой пасад і быў вымушаны бегчы ў Полацк. Пры падтрымцы Ягайлы ўладу атрымаў Жыгімонт Кейстутавіч (1432–1440), брат Вітаўта. Яго прызналі і Літва, і заходнебеларускія землі. Полацкая, Віцебская і іншыя ўсходнебеларускія землі, уся Украіна засталіся на баку Свідрыгайлы. Жыгімонту дапамагалі польскія аддзелы, Свідрыгайлу – ліфлянцкія рыцары. Дзяржава часова падзялілася на Літву і Русь. Пры гэтым на баку Свідрыгайлы было нямала католікоў (ды і сам ён быў католік), а на баку Жыгімонта – нямала праваслаўных. Гэта была барацьба не столькі нацыянальна-рэлігійная, колькі сацыяльная – змаганне княска-баярскіх партый за сваё дамінуючае становішча ў краіне. Маючы колькасную перавагу, Свідрыгайла не здолеў яе плённа выкарыстаць. Зыход барацьбы быў вырашаны Прывілеем, выдадзеным Жыгімонтам (Трокі, 1434). Гэтым актам эканамічныя правы каталікоў і праваслаўных урауноўваліся. Ураўняўшы правы ўсіх зямель дзяржавы, прывілей спрыяў кансалідацыі ўсяго баярства, аб’яднанню Літвы і Русі. Тым самым вялікая колькасць паплечнікаў Свідрыгайлы нейтралізавалася, выйшла з барацьбы. Разам з тым поўная супярэчнасцей палітыка Жыгімонта памножыла партыю яго праціўнікаў, і ў выніку змовы ён быў забіты. Смерцю Жыгімонта абрывалася на вялікакняскім пасадзе лінія Кейстутавага роду.

У 1440 г. паны-рада ВКЛ абвясціла вялікім князем 13-гадовага сына Ягайлы Казіміра (1440–1492). Гэта было зроблена без паразумення з палякамі. Палітыка Казіміра Ягайлавіча была выразна скіраваная на стабілізацыю ўнутранага жыцця, умацаванне цэнтральнай ўлады. Гэта дасягалася дастаткова гібкай тактыкай князя у адносінах з князямі і ўладамі на месцах, якая спрыяла кансалідацыі і цэнтралізацыі дзяржавы. Асабліва важным быў Прывілей 1447 г. (т. зв. Казіміраў). Ён больш поўна і грунтоўна гарантаваў князям, панам і нават дробнаму баярству новыя правы і свабоды, аб’ядноўваючы такім чынам вярхі і сярэднія сацыяльныя групы. Вялікае значэнне мела зацвярджэнне Судзебніка 1468 (Судзебнік Казіміра), які стаў першай спробай усталяваць на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства адзінства прававых нормаў, абмежаваць самавольства суддзяў, узмацніць прававую ахову феадальнай маёмасці і ўвесці жорсткія нормы пакарання злачынстваў.

У 1447 г. са згоды паноў рады ВКЛ Казімір пажыццёва прыняў таксама і польскую карону. Гэта адмоўна адбілася на знешняй палітыцы Вялікага Княства. Засяроджаны на справах польскай кароны, Казімір адмовіўся ад актыўнай ролі ВКЛ на сумежжы ўсходнеславянскіх земляў, што адпаведна пакідала іх ў сферы маскоўскага ўплыву.

Аляксандр — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1492—1506). Веў войны з Маскоўскай дзяржавай, у якіх пацярпеў паражэнне. Даў феадалам Прывілей 1492 г., у якім абяцаў не прымаць важных рашэнняў без згоды рады. Пры Аляксандры сойм прыняў у 1505 г. збор законаў, вядомы пад назвай Радамская канстытуцыя. Канстытуцыя зацвердзіла ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты і гэтым садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве.

Жыгімонт І Стары (1506—1548). Ваеннымі і фінансавымі рэформамі спрабаваў умацаваць дзяржаўную ўладу, што выклікала ўзброенае выступленне магнатаў і шляхты (1537 г.). Пры ім шляхта дамаглася роўных правоў з магнатамі, выбарнасці ў сойм. Быў уведзены Статут ВКЛ 1529 г. — збор законаў феадальнага права, напісаны на беларускай мове (адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў). Юрыдычна замацаваў асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы дзяржаўных і судовых устаноў, прывілеяванае становішча шляхты і абмежаванне правоў сялян. Спрыяў цэнтралізацыі дзяржавы, умацаванню законнасці і пэўнаму абмежаванню феадальнага самавольства. У аснове Статута закладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы, адзінства прва, прэярытэт пісанага права.

Жыгімонт ІІ Аўгуст — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1548—1572). Апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў.У час яго праўлення найбольшых поспехаў дасягнула Рэфармацыя ў ВКЛ, уведзены Статут 1566 г., напісаны на беларускай мове. У ім былі дапрацаваны нормы дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і грамадзянскага права. Абвяшчалася прэзумпцыя невінаватасці.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: