Індустрыяльнае будаўніцтва ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. адбывалася шпаркімі тэмпамі. На 1986 г. у БССР налічвалася 1490 прамысловых прадпрыемстваў. Агульны аб’ём прадукцыі беларускай прамысловасці ў 1985 г. перавысіў узровень 1940 г. у 38 разоў.
Карэнным чынам змянілася структура прамысловасці БССР. Асноўнымі яе галінамі сталі наступныя:
- хімічная прамысловасць, вытворчасць мінеральных угнаенняў і хімічных валокнаў; буйнейшыя прадпрыемствы: калійныя камбінаты вытворчага аб’яднання “Беларуськалій” у Салігорску, азотна-тукавы завод “Азот” у Гродне, Магілёўскі камбінат “Хімвалакно”, Наваполацкі завод “Палімір”, Гомельскі хімічны завод, Светлагорскі завод штучнага валакна, Бабруйскі шынны завод, Лідскі лакафарбавы завод і інш.;
- нафтахімічная прамысловасць; буйнейшыя прадпрыемствы: Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы; у 1964 г. пачалася здабыча нафты ў раёне Рэчыцы;
- машынабудаўнічая і металаапрацоўчая прамысловасць; буйнейшыя прадпрыемствы: Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі мотавелазавод, Мінскі завод аўтаматычыных ліній, Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіне, Беларускі металургічны завод у Жлобіне, Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання “Гомсельмаш”;
|
|
- электратэхнічная прамысловасць; буйнейшыя прадпрыемствы: завод “Вымяральнік” у Наваполацку, Мінскі завод тэлевізараў “Гарызонт”, электралямпавы завод у Брэсце.
Таксама развіваліся і іншыя галіны прамысловасці: лёгкая, дрэваапрацоўчая, будаўнічых матэрыялаў, гадзіннікавая, харчовая, гарбарная і інш. У той жа час назіраліся дыспрапорцыі ў развіцці галін цяжкай прамысловасці і галін, якія забяспечвалі вытворчасць тавараў масавага спажывання. Так, за 1970–1985 гг. вытворчасць прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўчай прамысловасці ўзрасла ў 5,4 раза, галін па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны – 1,9 раза.
Захоўваўся пастаянны штогадовы рост аб’ёмаў прамысловай прадукцыі. У другой палове 1950-х – першай палове 1970-х гг. тэмпы росту вытворчасці складалі каля 10-12% штогод. Толькі з сярэдзіны 1970-х гг. назіраецца паступовае зніжэнне тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасці (у першай палове 1980-х гг. яны склалі 5,4% у год). Тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці і прадукцыйнасці працы ў БССР былі вышэйшымі, чым у цэлым у СССР.
У другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. значна ўзмацнілася паліўна-энергетычная база прамысловасці БССР. Пабудаваны новыя магутныя электрастанцыі: Васілевіцкая ДРЭС, Лукомская ДРЭС, Бярозаўская ДРЭС і інш. У паліўным балансе прамысловай вытворчасці значна ўзрасла доля найбольш эканамічных відаў паліва – нафты і газа.
|
|
У разглядаемы перыяд склалася спецыялізацыя БССР у сістэме агульнасаюзнага падзелу працы. Так, на 1976 г. удзельная вага БССР у агульнасаюзнай вытворчасці мінеральных угнаенняў складала 12,4%, у тым ліку калійных – 42,8%, хімічных валокнаў – 15,7%, трактароў – 15,4%, металарэзных станкоў – 14,1%, падшыпнікаў – 13,9%, гадзіннікаў – 12,6%, ільняных тканін – 10,7%, тэлевізараў – 7,6%, грузавых аўтамабіляў – 5,2%. За прамысловасцю БССР замацаваўся статус “зборачнага цэха” савецкай індустрыі. Спецыялізацыя прамысловасці БССР абумовіла інтэнсіфікацыю вытворчых сувязяў беларускіх прадпрыемстваў у межах СССР. У працэсе ўнутрысаюзнага пераразмеркавання БССР атрымлівала з Расіі, Украіны і іншых рэспублік СССР прамысловае абсталяванне, сталь, чугун, каштоўныя металы, бавоўну і г.д. Асабліва вялікай была залежнасць ад паставак энерганосьбітаў – нафты, газу, вугалю.
Адбываўся рост і знешнеэканамічных сувязяў беларускіх прадпрыемстваў. Калі ў 1956 г. падобныя сувязі мелі звыш 100 прамысловых прадпрыемстваў, то ў 1985 г. – каля 300. На экспарт накіроўваліся перш за ўсё трактары, грузавыя аўтамабілі, камбайны, калійныя ўгнаенні. Імпартавалася галоўным чынам прамысловае абсталяванне. Асноўнымі знешнегандлёвымі партнёрамі выступалі краіны т.зв. “ сацыялістычнага лагеру ” (Польшча, ГДР, Чэхаславакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя). Аднак у цэлым знешнеэканамічная дзейнасць прамысловых прадпрыемстваў БССР развівалася даволі павольна. Гэта было абумоўлена тым, што дадзеная дзейнасць ажыццяўлялася і рэгламентавалася адпаведнымі саюзнымі ведамствамі, самі прадпрыемствы атрымлівалі нязначныя адлічэнні ад знешнегандлёвых аперацый.
Развіццё прамысловасці і вытворчых сувязяў стымулявала таксама развіццё транспарту. Галоўнымі відамі транспарту заставаліся чыгуначны, аўтамабільны, водны і паветраны. Адбывалася тэхнічнае ўдасканаленне чыгуначнага транспарту: электрыфікацыя асноўнай чыгуначнай лініі Брэст – Масква і некаторых іншых участкаў, замена паравозаў цеплавозамі і электравозамі. Аб’ём чыгуначных перавозак за 1960 – 1985 гг. узрос амаль у 3 разы, пасажырскіх – у 4 разы. Імкліва развіваўся аўтамабільны транспарт: за перыяд 1960 – 1985 гг. агульны аб’ём перавозак узрос у 6 разоў. Істотна пашырыліся перавозкі пасажыраў аўтобусамі агульнага карыстання. На ўнутрыгарадскіх перавозках выкарыстоўваліся трамваі. З 1960 г. у Мінску, а затым і ў шэрагу іншых гарадоў з’явіліся тралейбусы; з 1984 г. у Мінску пачало дзейнічаць метро. Паступова пашыраліся перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам; авіяцыя выкарыстоўвалася ў авіяхімічных работах у сельскай і лясной гаспадарцы.
З 1960 г. у БССР з’яўляецца новы від транспарту – трубаправодны. Будуецца сетка газа- і нафтапровадаў, якія забяспечваюць адпаведнымі відамі паліва гарады і прадпрыемствы Беларусі, пастаўляюць сыравіну для нафтахімічных прадпрыемстваў, звязваюць радовішчы энерганосьбітаў СССР з краінамі Еўропы (“Дружба” і інш.).
У найбольш эканамічна развітых краінах свету з сярэдзіны 20 ст. хутка развіваецца навукова-тэхнічная рэвалюцыя, г.зн. карэнная, якасная перабудова вытворчых сіл на аснове ператварэння навукі ў вядучы фактар развіцця вытворчасці. У развіцці навукова-тэхнічнай рэвалюцыі можна вылучыць некалькі напрамкаў:
- комплексная аўтаматызацыя вытворчасці, а таксама кантролю і кіравання ёю;
- адкрыццё і выкарыстанне новых відаў энергіі;
- стварэнне і прымяненне новых матэрыялаў з загадзя вызначанымі ўласцівасцямі;
- стварэнне і развіццё інфармацыйных тэхналогій (з 1980-х гг. гэты напрамак становіцца вядучым).
Спецыфікай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў БССР, як і ў цэлым у СССР, з’яўлялася тое, што яна пачалася тады, калі яшчэ працягвалася індустрыялізацыя. У гэтым умовах ажыцяўляюцца крокі, накіраваныя на комплексную механізацыю і аўтаматызацыю прамысловай вытворчасці. З’явіліся станкі з лікавым праграмным кіраваннем, станкі-аўтаматы, робататэхніка, пачынаюць укараняцца электронна-вылічальныя машыны. Аднак у той жа час комплексная механізацыя і аўтаматызацыя ахоплівалі ўсяго 10-15% прадпрыемстваў БССР; удзельная вага ручной працы ў прамысловасці складала 35 – 40%, у будаўніцтве – 50–55%. Гэта прыводзіла да якаснага адставання прамысловай прадукцыі БССР і СССР у цэлым ад перадавых краін Захаду. Прычынамі такой сітуацыі з’яўляліся:
|
|
- панаванне цэнтралізаванай камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай, якая перашкаджала хуткаму ўкараненню тэхналагічных інавацый;
- арыентацыя агульнасаюзнай эканомікі перадусім на атрыманне даходаў ад экспарту сыравіны (асабліва ў 1970-я гг. ва ўмовах значнага росту цэн на нафту і газ на сусветным рынку), у сувязі з чым недаацэньвалася значэнне тэхнічнай мадэрнізацыі прамысловасці;
- недастатковае фінансаванне навукі (у 1958 г. доля асігнаванняў на навуку ў БССР складала толькі 2,2% нацыянальнага даходу), што не садзейнічала цеснаму ўзаемадзеянню навукі і вытворчасці.
У другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. некалькі разоў праводзіліся рэформы, накіраваныя на ўдасканаленне дадзенай сістэмы.
У 1957 г. была зроблена спроба пераходу ад галіновага да тэрытарыяльнага кіравання прамысловасцю. Былі скасаваны створаныя ў часы сталінізму большасць агульнасаюзных міністэрстваў, якія кіравалі асобнымі галінамі прамысловасці, а замест іх у буйных адміністрацыйных раёнах створаны саветы народнай гаспадаркі (саўнаргасы). У Беларусі быў утвораны Савет народнай гаспадаркі БССР. Гэта прывяло да павелічэння гаспадарчай самастойнасці БССР у межах СССР.
Аднак разам з тым дзяржаўныя ведамствы працягвалі дробязна кантраляваць працэс вытворчасці і размеркавання прамысловай прадукцыі. Такая празмерная цэнтралізацыя прывяла да пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў 1962-1965 гг., што адлюстравалася ў зніжэнні тэмпаў росту прамысловай прадукцыі, рэнтабельнасці прадпрыемтваў, росце цэн на тавары масавага ўжытку. Дадзеная сітуацыя ў значнай ступені абумовіла адхіленне ад улады М. Хрушчова.
|
|
Новае палітычнае кіраўніцтва пачало ажыццяўленне эканамічнай рэформы 1965 г., якая атрымала назву касыгінскай (ад імя старшыні міністраў СССР А. Касыгіна). Яна прадугледжвала наступныя мерапрыемствы:
- змена сістэмы планавання ў прамысловасці: калі раней прамысловыя прадпрыемствы былі абавязаны выконваць звыш 100 вызначаных дзяржаўнымі ўстановамі планавых паказчыкаў, то ў выніку рэформы толькі 8 (у першую чаргу аб’ём рэалізаванай прадукцыі), а астатнія паказчыкі прадпрыемствы маглі планаваць самастойна;
- увядзенне гаспадарчага разліку: прадпрыемствам дазвалялася права свабодна распараджацца часткай прыбытку, ствараць грашовыя фонды для развіцця вытворчасці, матэрыяльнага заахвочвання і сацыяльнай сферы;
- змены ў арганізацыі кіравання прамысловасцю: былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены агульнасаюзныя міністэрствы па галінах прамысловасці.
Касыгінская эканамічная рэформа пашырыла гаспадарчую самастойнасць прамысловых прадпрыемстваў. Яна прывяла да значнага павелічэння тэмпаў росту аб’ёмаў прамысловай прадукцыі ў другой палове 1960-х – першай палове 1970-х гг. Аднак да сярэдзіны 1970-х гг. у ажыццяўленне рэформы былі ўведзены шматлікія карэкціроўкі, у выніку якіх адбыўся ў пэўнай ступені зварот да дарэформеннай звышцэнтралізаванай сістэмы кіравання эканомікай. У выніку з канца 1970-х гг. назіраецца прыкметнае зніжэнне тэмпаў росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці.