Войны сярэдзіны XVII – пачатка XVIII стст

Вызваленчая вайна ўкраінскага народа пачалася вясной 1648 г. У бітвах каля Жоўтых Водаў і Корсуня казацкае войска пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага (яго бацькі паходзілі з Беларусі) перамаглі польскія арміі. Адначасова Хмяльніцкі, якога абралі гетманам, стаў засылаць агентаў і казацкія атрады – “ загоны ” на тэрыторыю паўднёвай Беларусі (тэрыторыя ВкЛ, у адрозненні ад Украіны – з 1569 г. тэрыторыі Польшчы) з мэтай распачаць і тут вялікую “вызваленчую” вайну. У адрозненні ад Украіны, на Беларусі не было польскіх паноў (Статут 1588 г. забараняў палякам набываць маёмасць у ВкЛ), таму распачаўшаяся ўнутраная вайна стала грамадзянскай. Беларусы – мяшчане і сялянене ваявалі супраць беларусаў – шляхціцаў. Да таго ж і казацкая вярхушка, акрамя пашырэння паўстання, мела і другі намер – далучыць паўднёвую Беларусь да Ўкраіны.

Летам 1648 г. на поўдзень Беларусі былі занесены першыя ачагі паўстання, якое адразу прыняло жорсткія формы, было накіравана на татальнае знішчэнне супраціўнікаў. Першыя казацкія “загоны” атрымалі падтрымку простага насельніцтва, сяляне далучаліся да казакаў і вынішчалі маёнткі шляхты, гараджане адчынялі брамы. Першы “загон” атамана Галавацкага разграбіў ваколіцы Брагіна, Лоева, Гомеля. Шляхта, каталіцкае духавенства і асабліва езуіты вынішчаліся. У чэрвені 1648 г. атрады Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Мікуліцкага, Няпаліча рассыпаліся па ўсяму Палессю і сталі захопліваць гарады – Рэчыцу, Мазыр, Кобрын, Бярэсце. Паплечнік Хмяльніцкага, беларус Сакалоўскі здолеў захапіць Бабруйск.

Кіраўніцтва ВкЛ вымушана было арганізаваць паспалітае рушэнне, але сабранае войска было разбіта ў верасні 1648 г. пад Кобрынам. Новую наёмную армію збіраў гетман Януш Радзівіл на асабістыя сродкі - грошы каталіцкай царквы. У гэты час выбухнула паўстанне ў Пінску. У кастрычніку 1648 г. мяшчане пад кіраўніцтвам рамесніка І.Шашэні вынішчылі езуітаў, шляхту ў горадзе і злучыліся з атрадам атаманаАнтона Нябабы. Першы ўрадавы атрад пад кіраўніцтвам пана Мірскага быў разбіты, але ў лістападзе 1648 г. падыйшлі галоўныя сілы на чале з Янушам Радзівілам. Горад быў узяты штурмам і ўвесь вынішчаны. Загінула каля 3 тыс. жыхароў. Радзівіл пачаў займаць паўднёвыя гарады і адразаць паўстанцаў і казакаў ад Украіны. Былі захоплены Тураў, Мазыр, Бабруйск. У Мазыры паўстанцы на чале з рамеснікам Іванам Сталяром і майстрам Седляром злучыліся з загонам атамана Міхненкі і запёрліся ў горадзе, адхіліўшы прапанову аб капітуляцыі. Штурм пачаўся 19 студзеня 1649 г., некалькі атак паўстанцы адбілі, але, схаваўшыся ў вазы з дравамі, атрады Радзівіла ўварваліся ў горад, разрабавалі яго, частку спалілі. У Бабруйску паўстанцы разам з казакамі атамана Паддубскага разбілі ўрадавы атрад пана Паца, тады горад у пачатку студзеня асадзіў атрад пана Ў.Валовіча. Чатыры тыдні асады не прынеслі поспеха Валовічу і на помач рушыў гетман Я.Радзівіл, тым не менш, сілаў на штурм не хапала. Радзівіл тайна пераманіў на свой бок заможных мяшчан і духавенства, і тыя ноччу 22 лютага адчынілі браму. Войска ўчыніла крывавую расправу, не пашчасціла і здраднікам. Кіраўнікі паўстання былі закатаваны страшнай смерцю. Так гетман Радзівіл выбіў казакаў з беларускіх гарадоў. Да вясны 1649 г. паўстанне пайшло на спад і Хмяльніцкі накіраваў новыя загоны на Беларусь. На тэрыторыю ВкЛ запарожцы перапраўляліся па бродах праз Днепр каля Лоева. Таму не выпадкова туды рушыў гетман ВкЛ Я.Радзівіл. Каля Лоева сканцэнтравалася вялікая казацкая сіла – атаманы і палкоўнікі Гаркуша, Падбайла, Міхаіл Крычэўскі (з беларусаў) з колькасцю казакаў каля 17 тыс. і сялян – 10 тыс. Паўстанцы 22 ліпеня атакавалі войскі Радзівіла, што збіраліся перайсці брод, але пацярпелі паражэнне. З гэтага часу дзеянні казакаў і паўстанцаў на Беларусі прынялі партызанскія формы. На Ўкраіне дзеянні супраць палякаў так сама перапыніліся, бо ў жніўні 1649 г. быў падпісаны Збораўскі мір. Апошні не задаволіў казакаў, і Хмяльніцкі рыхтаваўся да новай вайны. Тым часам Ян Казімір паабяцаў амністыю ўдзельнікам паўстання, якія зложаць зброю, таму паўстанне на Беларусі стала сціхаць. Януш Радзівіл тым часам рыхтаваў пад Бабруйскам вялікае войска, якое павінна будзе з поўначы ўвайсці на Ўкраіну. Калі ўлічваць антыпольскія настроі гетмана, то ён марыў аб вяртанні багатых украінскіх зямель у склад Вялікага княства, аднак мара не збылася.

У красавіку 1651 г. Хмяльніцкі аднавіў ваенныя дзеянні супраць палякаў, а на Беларусь паслаў заслон ад войск Радзівіла – загоны Нябабы і сына Юрыя. Казакі авалодалі Крычавам і на Дняпры зноў сустрэліся ў чэрвені з Радзівілам каля Лоеўскіх бродаў. Радзівіл зноў перамог казакаў і ўвайшоў на тэрыторыю Ўкраіны, а 8 жніўня 1651 г. заняў Кіеў. Хмяльніцкі вымушаны быў падпісаць у верасні 1651 г. у г.Белая царква мірныя пагадненні, значна горшыя за папярэднія Збораўскія. Галоўнае для ВкЛ – ён выводзіў з беларускіх зямель усе атрады. Новы мір не пратрымаўся доўга – з 1653 г. ваенныя дзеянні казакаў аднавіліся, але зараз Хмяльніцкі прасіў дапамогі ў Масквы і атрымаў яе. Масква пайшла на чарговую вайну з Рэчу Паспалітай, для Беларусі яна стала нацыянальнай катастрофай, “патопам”.

Вайна Масквы і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг., ці “патоп”. Хмяльніцкі прапанаваў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу Раманаву аб’яднаць з Расіяй Украіну і дапамагчы ў заваяванні Беларусі – так званай “спадчыны” рускіх цароў. На Земскім саборы ў Маскве 1 кастрычніка 1653 г. былі прыняты рашэнні аб прыняцці Ўкраіны ў склад Расіі (з правам пэўнай аўтаноміі) і вайне “супраць Польшчы”. Адначасова маскоўскі ўрад яшчэ раз спрабаваў вырашыць “ балтыйскае пытанне ” – атрымаць выхад да Балтыйскага мора. У студзені 1654 г. Пераслаўская рада згадзілася на злучэнне Ўкраіны з Расіяй.

У княстве ведалі пра набліжэнне вайны. Кіруючыя колы – гетман Януш Радзівіл рыхтаваў войска і крэпасці, наадварот, простае насельніцтва чакала прыходу “добрага цара”, да того ж аднаверца, праваслаўнага.

Да вясны 1654 г. рускія сканцэнтравалі тры арміі агульнай колькасцю каля 80 тыс. чалавек. З поўначы стаяў Шарамецеў з 20 тыс. (накірунак – Віцебск, Полацк, Падвінне); у цэнтры было 40 тыс. войска Чаркаскага, які павінен быў заняць Смаленск і ісці на Барысаў; на поўдні - 20 тыс. арміі Трубяцкога ў супрацоўніцтве з 20 тыс. казакаў Залатарэнкі павінны былі займаць беларускія гарады. Гэтай ардзе супрацьстаяла войска ВкЛ – 20 тыс наёмнікаў і 10 тыс. апалчэнцаў, так званае паспалітае рушэнне.

Ваенныя дзеянні пачаліся ў маі 1654 г. Рускія арміі хутка захапілі Падзвінне – частка гарадоў адчыняла брамы, частка - супраціўлялася. Гарады, якія прыходзілася браць штурмам, вынішчаліся (Мсціслаў), і наадварот, мяккія адносіны спачатку былі да гарадоў і дваран, што не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях. У гэты час шляхта паказала сваю карыслівасць – яно прысягала рускаму цару і нават складала асобныя атрады ў складзе рускай арміі (так званая прысяжная шляхта). Але каталіцкае і ўніяцкае духавенства вынішчалася, не жалавалі яўрэяў. Пасля працяглых асад капітулявалі Магілёў (26 жніўня), Смаленск (23 верасня) і Віцебск (18 лістапада). Здача Смаленска па меркаванню шляхты адбылася ў выніку здрады ваяводы Абуховіча (“Ліст да Абуховіча”), але што мог зрабіць ваявода без войска і прыпасаў у дрэнна ўмацаванай крэпасці, на ўтрыманне якой агульны сейм Рэчы Паспалітай не выдзяляў грошы? Тым часам рускія арміі прадвігаліся ўглыб княства, войска канцлера ВкЛ Я.Радзівіла і гетмана В.Гансеўскага не магло стрымаць націску і даць генеральны бой, бо значныя страты былі б нават у выніку перамогі над адной з рускіх армій, а заставаліся яшчэ дзве і адкрыты прастор для іх дзеянняў. На поўдні Беларусі казакі Залатарэнкі занялі Гомель, Рэчыцу, Чачэрск і прасоўваліся ў напрамку Магілёва.

У гэты час з дазволу рускага цара магілёўскі шляхціц Канстанцін Паклонскі, які прысягнуў на вернасць Маскве, пачынае збіраць беларускі полк. Гэты полк (6 тыс. чалавек) удзельнічаў у штурме Магілёва, але дзякуючы Паклонскаму з горадам абышліся міласціва, нават захавалі самакіраванне. Абапіраючыся на Магілёў, Паклонскі ўмацоўвае свой полк, і тут ён сутыкаецца з інтарэсамі казакаў у Падняпроўі. Да таго ж і маскоўскія ўлады беспардоннымі паводзінамі і насіллем над жыхарамі адбіваюць у беларускага палкоўніка жаданне служыць акупантам. Паклонскі ўваходзіць у тайныя зносіны з Радзівілам, які восенню 1654 – зімой 1655 г. распачаў наступленне на пазіцыі рускіх. Радзівіл і Гансеўскі знялі аблогу са Старога Быхава, вызвалілі Оршу, Копысь, Дуброўна і падышлі да Магілёва. Ноччу 6 лютага 1655 г. Паклонскі адчыніў вароты горада, аднак далей знешнягя землянога вала войска ВкЛ пранікнуць не змагло. Радзівіл разам з Паклонскім адышлі да Бярэзіны, але канцлер Радзівіл падцвердзіў “палкоўніцтва” Паклонскага і ўзяў яго ў сваё войска.

Вясной 1655 г. пачалося новае наступленне рускай арміі. Былі заняты Мінск, Столін, Слонім, Клецк. 26 ліпеня ў Ашмянскім павеце адбылася рашаючая бітва, ў якой войска Радзівіла было разбіта. 31 ліпеня была захоплена і спалена Вільня, у жніўні Коўна і Гродна таксама былі акупіраваны. Уся Беларусь за выключэннем Старога Быхава, Бярэсця, Слуцка і Пінска кантралявалася маскоўскім царом. Гэта дало падставу Аляксею Міхайлавічу дадаць да свайго тытула, што ён самадзержац не толькі Вялікай, але яшчэ Малай і Белай Русі. Фактычна было абвешчана аб анэксіі тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.

Але становішча рускіх войск у ВкЛ было не такім трывалым. У адказ на рабаўніцтва і насільны вывад насельніцтва ў Расію пачаліся народныя паўстанні супраць рускіх. Восенню 1655 г. абвастрыліся адносіны паміж рускімі і казакамі І.Залатарэнкі, якія пратандавалі на далучэнне паўднёвай Беларусі да Ўкраіны. У выніку сутычак, Залатарэнка быў забіты, і казакі адышлі да Хмяльніцкага. У тым жа 1655 г. шведы пачалі канцэнтраваць войскі ў Прыбалтыке – яны так сама распачалі вайну супраць Польшчы.

Кіраўніцтва ВкЛ у асобе канцлера Януша Радзівіла шукала выйсці з надзвычайна цяжкіх абставін. Выратаванне бачылася яму ў цесным саюзе са Швецыяй, нават у дзяржаўнай уніі з ёй. 17 жніўня 1655 г. было заключана Кейданскае пагадненне аб пераходзе ВкЛ пад пратэктарат Швецыі, аб’яўляўся саюз супраць агульнага ворага, Швецыя абавязалася вярнуць ВкЛ страчаныя тэрыторыі. Люблінская ўнія касавалася. Кейданскую ўнію падпісала каля паўтысячы шляхціцаў і паноў, але астатнія захавалі вернасць каралю Яну Казіміру. Тым не менш, шведы выбілі рускіх з Браслава, Друі і Дрысы. Адначасова шведская армія захапіла ўсю Польшчу разам з Варшавай і Кракавам (кароль Ян Казімір схаваўся ў Сілезіі). Рэч Паспалітая аказалася падзеленай паміж Расіяй і Швецыяй, але згоды паміж імі не было – па Кейданскаму дагавору Швецыя павінна была адваяваць у Расіі тэрыторыю ВкЛ. Гэтым скарысталіся верныя каралю Яну Казіміру дзяржаўныя дзеячы, якія падпісалі ў кастрычніку 1656 г. перамір’е з Расіяй і саюз супраць Швецыі. Распачалася руска-шведская вайна 1657-1660 гг. і працягвалася польска-шведская вайна 1655-1660 гг. У Польшчы паднялося народнае паўстанне, і шведы былі выгнаны, рускія з пераменным поспехам дзейнічалі ў Лівоніі. Шведы ў красавіку 1656 г. вымушаны былі пакінуць тэрыторыю ВкЛ, што азначала канец Кейданскай уніі. Да таго, большая частка шляхты і паноў пад кіраўніцтвам Сапегаў выступіла супраць Януша Радзівіла і шведаў.

У 1657 г. памёр Б.Хмяльніцкі і сітуацыя на Ўкраіне змянілася карэнным чынам. Новы гетман Іван Выгоўскі ў 1658 г. падпісаў з палякамі Гадзяцкі дагавор, па якому Ўкраіна пераходзіла на бок Рэчы Паспалітай, а на Беларусі атрад казацкага палкоўніка Івана Нячая пачаў ваяваць супраць рускіх войск. Аднак у канцы 1659 г. атрад Нячая быў разбіты рускімі, а на Ўкраіне гетмана Выгоўскага замянілі Юрыем Хмяльніцкім – сынам Багдана Хмяльніцкага. Ён аднавіў саюз з Масквой, але рэальнай помачы рускаму цару не аказваў. Тым часам з 1659 г. узнавіліся паходы рускіх войскаў на Беларусь, былі захоплены Гародня і Бярэсце. Зараз яны адкрыта рабавалі і вынішчалі гарады і вёскі, насельніцтва выводзілі ў палон, асабліва актыўна адшуквалі рамеснікаў і іскусных майстроў, якіх вывозілі ў Маскву. Аднак гэта былі апошнія поспехі акупантаў. Сярод іх – захоп 25 чэрвеня 1660 г. Пінска.

Вясной 1660 г. Рэч Паспалітая і Швецыя падпісалі Оліўскае пагадненне аб міры, па якому першая канчаткова адмаўлялася ад уладанняў у Прыбалтыке (Ліфляндыі). Тым жа годам (1660) Юры Хмяльніцкі так сама пайшоў на пагадненне з Польшчай, па якому ануляваліся рашэнні Пераслаўскай рады 1654 г. Рэч Паспалітая накіравала сілы супраць маскоўскіх войск. Руская армія на Ўкраіне капітулявала амаль адразу, у 1660 г. У чэрвені 1660 г. войскі ВкЛ пад кіраўніцтвам П.Сапегі і полькае войска пад камандаваннем С.Чарнецкага ў некалькіх пераможных бітвах разбілі рускую армію. 3 ліпеня 1660 г. быў вызвалены Мінск (на 1656 г. у ім лічылася толькі 156 жыхароў), рускія адступілі да Смаленска. У лютым 1661 г. супраць рускага гарнізона паўстаў Магілёў, па яго прыкладу адбыліся паўстанні ў Дзісне, Себежы, Гомелі і ншых гарадах. У пачатку лістапада пад Кушлікамі каля Дзісны была разбіта вялікая армія Хаванскага і Орды-Нашчокіна і другая армія каля Глыбокага, у выніку чаго была вызвалена 2 снежня сталіца ВкЛ Вільня. Далейшая барацьба прыняла зацяжны характар і доўжылася да 1667 г. У 1663 г. польская шляхта ў выніку мяцежа (“рокоша”) сарвала намер Яна Казіміра на генеральнае наступленне на Маскву, таму кароль пачаў перамовы, якія скончыліся 30 студзеня 1667 г. падпісаннем Андрусаўскага пагаднення аб перамір’і на 13,5 год. Згодна з яго ўмовамі, да Расіі адыходзіў Смаленск і Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам, так сама і левабярэжная Ўкраіна з Кіевам. Вялікі палон з беларусаў так сама заставаўся ў Маскве.

Для Беларусі вайна 1654-1667 гг. з’явілася нацыянальнай катастрофай. Калі ў 1650 г. у ёй было 2,9 млн. жыхароў, то ў 1673 засталося толькі 1,4 млн.! Больш паловы насельніцтва было вынішчана казакамі, рускімі, шведскімі ці польскімі войскамі. Шмат гараджан, асабліва рамеснікаў было насільна вывезена ў Расію, дзе яны працавалі на цара і баяр. Частка палонных беларусаў прадавалася на рабскіх рынках прычарнаморскіх гарадоў. Гаспадарка ляжала ў руінах, поўнасцю было вынішчана адукаванае беларускага мяшчанства, таму менавіта з гэтага часу беларуская культура і мова канчаткова перайшлі ў разрад другараднай, “сялянскай”, не здолелі канкураваць з “панскай” польскай культурай. Разам з культурай і мовай была страчана нацыянальная ідэя беларусаў і ВкЛ – як пераважна беларускай дзяржавы.

У Рэчы Паспалітай магнацкая анархія дасягнула піку развіцця. Менавіта ў 1655 г. упершыню было выкарыстана права “liberum veta”, а у 1663 г. мяцеж шляхты сарваў падрыхтаваны паход на Маскву. Вайна спрыяла ўзвышэнню ролі магнатаў у вырашэнні дзяржаўных спраў. Мелкая і сярэдняя шляхта канчаткова збяднела і ў гаспадарчым плане поўнасцю залежыла ад магнатаў, якія захавалі большую частку багаццяў і памесці якіх былі разбураны толькі часткова. Кароль Ян Казімір, які бачыў гэты разлад у дзяржаве, у 1668 г. адмовіўся ад кароны і выехаў у Францыю.

На элекцыйным сейме ў 1669 г. нечакана для многіх каралём выбралі маладога Міхаіла Карыбута Вішнявецкага (1669-1673 гг.), багацейшага магната Рэчы Паспалітай, які валодаў вялікімі латыфундыямі на Ўкраіне. Адразу пасля выбрання каралю прыйшлося ваяваць з Турцыяй, якая здолела захапіць Правябярэжную Ўкраіну (Левабярэжная Ўкраіна была ў складзе Расіі). Пад час вайны Вішнявецкі нечакана памёр у лістападзе 1673 г. На прастол Рэчы Паспалітай пратандавалі каля дзесяці кандыдатаў, але абраны быў каронны гетман Ян Сабескі (1674-1696 гг.), які вылучыўся перамогамі над туркамі. У знешняй палітыке галоўным напрамкам дзейнасці Сабескага быў паўднёвы. Кароль Рэчы Паспалітай скалочваў антытурэцкую кааліцыю з еўрапейскіх краін, у якую запрасілі і Расію. 12 верасня 1686 г. з Масквой быў заключаны “вечны мір”, умовы якога паўтаралі ўмовы Андрусаўскага перамір’я.

Ва ўнутрананых справах вялікі ўплыў атрымалі магнацкія групоўкі і каталіцкая царква. Пасля вайны з Расіяй апошнія праваслаўныя шляхціцы перайшлі ў каталіцтва, а на праваслаўе пачалося наступленне. У 1668, 1674 і 1677 гг. прынятымі пастановамі значна абмяжоўваліся правы праваслаўных, ім забаранялася займаць дзяржаўныя пасады, пакідаць межы дзяржавы, праводзіць набажэнства. У 1676 г. праваслаўныя брацтвы былі пазбаўлены права зносін з канстантынопальскім патрыярхам, у 1699 г. забаранялі праваслаўным займаць пасады ў магістраце. Адначасова прыніжалася роля ВкЛ у агульнай дзяржаве – Рэчы Паспалітай. Насуперак рашэнням Люблінскага сейму 1569 г. толькі кожны трэці сейм праходзіў у Гродна, але і гэта чаргаванне часта зрывалася. У 1696 г. беларуская мова была пазбаўлена статуса дзяржаўнай мовы ВкЛ на карысць польскай.

Свавольства магнатаў у ВкЛ асабліва выразным стала падчас новай элекцыі пасля смерці Яна Сабескага. Буйныя валоданні магнатаў – “ дзяржавы ” ўключалі сотні вёсак і гарадоў, у тым ліку былых дзяржаўных, перададзеных феадалам за ваенныя даўгі. У “дзяржавах” магнаты выдавалі асабістыя законы, трымалі прыватнае войска – “надворныя харугвы” з залежнай шляхты. Пакуль кіраваў Сабескі, пераважную ролю ў дзяржаўным жыцці ВкЛ мелі Сапегі. Радзівілы пасля Кейданскага дагавору са Швецыяй некаторы час вядучых роляў не займалі, але яны разам з Пацамі і Агінскімі былі вельмі незадаволены ўзвышэннем Сапегаў. Таму са смерцю Сабескага супраць іх выступілі астатнія магнаты княства. Пачатак грамадзянскай вайны супаў з выбраннем каралём Фрыдрыха Аўгуста ІІ Саксанскага (1697-1733 гг. з перарывам у 1706-1709 гг.), які атрымаў прозвішча Моцны. Аўгуст ІІ спрабаваў прымірыць бакі нават з дапамогай цара Пятра, але беспаспяхова. Надворныя харугвы магнатаў Агінскіх і Сапегаў палілі маёнткі адзін аднаго па ўсёй Беларусі. Толькі 18 лістапада 1700 г. варожыя бакі сышліся для бітвы пад Алькенікамі, у якой Сапегі былі разбіты і выгнаны з дзяржавы. Пры падтрымке Агінскіх Аўгуст ІІ стаў выношваць праект аб пераўтварэнні ВкЛ у самастойную спадчынную манархію, гэта не спадабалася шляхце і іншым магнатам, яны звярнуліся за дапамогай да рускага цара, нават паабяцалі яму права пратэктарату над княствам. Тым часам выгнаныя Сапегі падаліся да шведскага караля Карла XII – як раз пачыналася Паўночная вайна 1700-1721 гг.

Паўночны саюз, складзены па прапанове рускага цара Пятра з Даніі, Саксоніі, Рэчы Паспалітай і Расіі павінен быў пакласці канец панаванню Швецыі на Балтыке – амаль усё ўзбярэжжа знаходзілася ва ўладанні Стакгольма. Рэч Паспалітая жадала вярнуць страчаную Лівонію (ці Ліфляндыю) і хутка ўвайшла ў саюз з Расіяй. Аднак пачатак вайны быў катастрафічны для саюзнікаў. Адным рэйдам Карл XII вывеў з вайны Данію, другім – разбіў рускіх пад Нарвай, трэцім – саксонцаў і палякаў пад Рыгай – усё ў 1700 г. У пачатку 1702 г. шведы разам з Сапегамі ўступілі на тэрыторыю ВкЛ, разрабавалі Гродна і яго наваколле, захапілі Вільна і Коўна. Войскі ВкЛ і Польшчы не рашаліся на бой са шведскім каралём.. Пры падтрымцы Сапегаў і некаторых магнатаў, акупанты 13 ліпеня 1704 г. выбралі каралём Станіслава Ляшчынскага. Верная Аўгусту шляхта арганізавала ў тым жа 1704 г. Сандамірскую канфедэрацыю і запрасіла рускія войскі на дапамогу. Яшчэ раней, у 1703 г., гэта зрабіла Генеральная канфедэрацыя беларускай шляхты. Тэрыторыю краіны спусташалі не толькі шведскія інтэрвенты, але і свае феадалы рабавалі маёнткі сваіх жа суседзяў. Войскі Агінскага і Вішнявецкага цярпелі паразу за паразай ад шведскіх атрадаў. Хутка на Беларусі з’явілася яшчэ адна армія – руская. Восенню 1704 г. шасцідзесяцітысячная армія пад кіраўніцтвам Рапніна была ўжо на тэрыторыі ВкЛ. Разам з войскам некаторы час знаходзіўся і Пётр. Да канца лета 1705 г. уся тэрыторыя ВкЛ кантралявалася рускімі войскамі, але пасля некалькіх хуткіх удараў Карла XII рускія да 1706 г. былі выцяснены ў усходнюю Беларусь. Тым часам шведы ў 1706-1707 гг. спалілі Нясвіж, Клецк, Полацк, Наваградак і асадзілі Ляхавічы. У 1706 г. Карл XII прымусіў капітуляваць Аўгуста ІІ і падпісаць Альтранштацкі мір, па якому Аўгуст пазбаўляўся кароны Рэчы Паспалітай (захаваў толькі карону герцага саксонскага), разрываў саюз з Пятром, выплочваў значную кантрыбуцыю Швецыі. Але шляхта і магнаты Сандамірскай канфедэрацыі не прызналі гэты мір і працягвалі ваенныя дзеянні.

Пры адступленні руская армія спаліла Мсціслаў, Оршу, Віцебск, Магілёў. Таму галоўныя сілы шведаў накіраваліся на яшчэ неразрабаваную саюзную Ўкраіну (гетман Мазепа быў саюзнікам Карла XII). На Ўкраіну з Рыгі праз усю Беларусь накіраваўся вялізарны шведскі абоз з 7 тыс. павозак з ваеннай амуніцыяй пад аховай корпуса генерала Левенгаўпта. 28 верасня 1708 г. каля вёскі Лясная рускія войскі захапілі абоз, а шведскі корпус разбіты. Хутка пад Палтавай Пётр перамог у генеральнай бітве Карла XII, які збег у Турцыю. Беларусь была ачышчана ад шведаў і прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага. Ян Сапега прасіў амністыі ў Пятра і 11 лістапада 1709 г. капітуляваў са сваёй арміяй у 15 тыс. штыкоў. “Вялікі” Варшаўскі сейм 1710 г. аднавіў на каралеўстве Аўгуста ІІ Моцнага. Межы Рэчы Паспалітай не змяніліся, але ў гарадах стаялі расейскія гарнізоны, а непаспеўшая аднавіцца гаспадарка зноў ляжала ў руінах. Колькасць насельніцтва зменьшылася з 2,2 млн. Да 1,5 млн. – кожны трэці беларус загінуў пад час Паўночнай вайны і міжусобіц, што яе суправаджалі.

Пры падтрымке свайго сябра Пятра Аўгуст паспрабаваў узмацніць асабістую ўладу – у Еўропе ўсюды ўсталяваліся абсалютысцкія манархіі. Супраць гэтых намераў выступіў Людзвіг Пац і магнаты ВкЛ. 23 сакавіка 1716 г. была ўтворана антыкаралеўская Канфедэрацыя ліцтінскай шляхты, якая выступала супраць моцнай каралеўскай улады і за захаванне “ залатых шляхецкіх вольнасцяў ”. Пры ўмяшальніцтве Пятра ў 1717 г. адбыўся так званы “нямы” сейм, які працягваўся толькі 7 гадзін і зацвердзіў умовы прымірэння караля і шляхты. Па яму захоўваліся ўсе шляхецкія вольнасці, значна абмяжоўвалася ўлада вышэйшых дзяржаўных асоб, асабліва гетмана, значна скарачалася воўска ВкЛ – не больш 6 тыс. чалавек. Відавочнай стала поўная залежнасць Рэчы Паспалітай ад расійскай дзяржавы, якая разам з іншымі суседкамі Польшчы і ВкЛ змовілася падтрымліваць бязладдзе ў дзяржаве. У 1720 г. такую дамову падпісалі Расія і Аўстрыя, а ў 1726 г. да іх далучылася Прусія. Далейшае караляванне Аўгуста ІІ было адзначана наступленнем на праваслаўе і ўніяцтва. Згодна з умовамі ўніяцкага сабора, які быў скліканы ў Замосці (Польшча), уніяцкая царква прымала ўсе дагматы каталіцкай царквы, уводзіўся цэлібат, уняцкія святары павінны апранацца як і каталіцкія, храмы перабудоўваліся на кшталт касцёлаў. У 1732 г. на варшаўскім сейме ўзяліся за праваслаўных. Было забаронена выбіраць іх на сеймы і ў склад трыбуналаў, прымаць на працу ў ваяводствах, гарадах і замках. Святары маглі праводзіць абрады толькі з дазволу ксяндзоў. Дзеці ў змешаных браках прымусова запісваліся каталікамі.

Пасля смерці Аўгуста ІІ у барацьбе з былым каралём Станіславам Ляшчынскім за карону Рэчы Паспалітай перамог сын першага Аўгуст ІІІ (1733-1763 гг.). Адзінае, што вызначае гэта кіраванне – адсутнасць войнаў. Гэта зразумела. Моцныя суседзі – Расія, Аўстрыя і Прусія не жадалі разбурэння слабай дзяржавы, якая была бар’ерам паміж імі. Аднак ва ўнутраных справах кароль не меў ніякіх рычагоў уціску. Аўгуст ІІІ увесь час жыў у Дрэздэне, сталіцы свайго герцагства, дзе ён быў абсалютным уладаром, а Рэч Паспалітую наведваў пад час сеймаў і паляванняў. Пасля яго смерці ў тым жа Дрэздане карона пад уціскам Кацярыны ІІ, рускай імператрыцы, дасталася яе фаварыту Станіславу Аўгусту Панятоўскаму (1764-1795 гг.), які стаў апошнім каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем Літоўскім. Панятоўскі быў стаўленнікам Чартарыйскіх, якія ваявалі супраць Патоцкіх і іх кандыдата – Караля Радзівіла. Так, без міжусобіц не абыходзілася ні водная элекцыя – выбранне караля. Але на канвакацыйным і элекцыйным сеймах не дзейнічала права “liberum veto”, таму Чартарыйскія паспрабавалі правесці шэраг рэформ па ўмацаванні дзяржавы, якія шляхта правальвала на вальных сеймах. Перад выбраннем новага караля былі прыняты рашэнні: аб усталяванні рэгламенту сеймавых паседжанняў; аб адмене права “liberum veto” у вырашэнні гаспадарчых спраў; праведзены змены ў фінансавай і судовай сістэмах. Былі адменены ўнутраныя гандлёвыя пошліны, праведзена рэвізія дзяржаўных маёнткаў. На сейме 1766 г. шляхта адкрыта выступіла супраць гэтых рэформ, якія падрывалі “залатыя шляхецкія вольнасці” і запрасілі дапамогі ў Расіі. Рускі пасол Рапнін выставіў ультыматум – вярнуць “liberum veto” і ўраўняць праваслаўных у правах з католікамі. У падтрымку гэтых патрабаванняў у 1767 г. былі створаны Слуцкая канфедэрацыя праваслаўнай шляхты, Торуньская канфедэрацыя пратэстанцкай шляхты. Патрабаванні Расіі былі прынятыя ў 1768 г., а рэформы Чартарыйскіх праваліліся. Але шляхта, падбухторваемая каталіцкімі святарамі, рашуча выступіла супраць ураўнання праваслаўных у правах з каталікамі. У лютым 1768 г. Юрыем Пуласкім была сабраная Барская канфедэрацыя – супраць праваслаўя і Расіі. Канфедэраты былі разбітыя ўрадавымі польскімі і рускімі войскамі, але паспелі ўцягнуць Расію ў вайну з Турцыяй, якую першая бліскуча выйграла. Адначасова рускія войскі нанеслі шэраг паражэнняў войскам канфедэратаў, якімі кіравалі Міхаіл Пац, Іосіф Сапега, Міхаіл Казімір Агінскі. Апошні быў разбіты А.Суворавам у кастрычніку 1772 г. пад Сталовічамі каля сучасных Баранавіч. Па прапанове Фрыдрыха ІІ, караля Прусіі, Расія ўзнагароджвалася за перамогу над туркамі ўсходнімі землямі Рэчы Паспалітай, ды і Прусія, разам з далучыўшайся да яе Аўстрыяй, атрымлівалі пэўныя тэрыторыі. Згодна з Пецярбургскай дамовай ад 5 жніўня 1772 г., Расія атрымала ўсходнія і паўночныя беларускія землі з Полацкам, Віцебскам (Полацкая губерня), Оршай, Магілёвам, Гомелем (Магілёўская губерня) і захоўвала агульны пратэктарат над Рэччу Паспалітай. Гэта быў пачатак канца агульнай дзяржавы Польшчы і ВкЛ.

Раздзел дзяржавы астудзіў частку шляхты і магнатаў, і яны пайшлі на некаторыя рэформы. У 1773 г. маёмасць забароненага рымскім папай ордэна езуітаў была перададзена створанай па ініцыятыве Іаахіма Храптовіча Адукацыйнай камісіі – першаму ў Еўропе свецкаму міністэрству адукацыі. Камісія пачала праводзіць рэформу адукацыі. У тым жа годзе зноў абмежавалі “liberum veto” па гаспадарчых пытаннях; стварылі Скарбовую камісію, якая кіравала дзяржаўнымі фінансамі і выконвала судовыя функцыі па фінансавых справах і наглядала за гандлем. У 1775 г. была створана Пастаянная рада пры каралі з ліку 18 сенатараў. Яны вырашалі пытанні сазыву сеймаў, прызначалі на дзяржаўныя пасады, пякліся аб дзяржаўнай бяспеке. Акрамя таго, у 1775 г. была ўведзена адзіная Генеральная мытная пошліна, абавязковая для ўсіх, хто займаецца знешнім гандлем – у тым ліку і караля з феадаламі; была ўведзена адзіная працэнтная стаўка па пазыкам; шляхце дазвалялася адкрыта займацца гандлем, а мяшчанам набываць зямельную маёмасць. У чэрвені 1791 г. у Пінску была сабрана Генеральная кангрэгацыя іерархаў праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, якой дазволена было абраць трох епіскапаў, мітрапаліта. Царква была падначалена Канстантынопальскаму патрыярху. Гэтым праваслаўныя выводзіліся з падначалення рускаму Свяцейшаму Сіноду.

Найбольш паслядоўныя рэформы звязаны з дзейнасцю Чатырохгадовага сейма 1788-1792 гг. Сярод гэтых рэформ – адміністрацыйнага падзелу; утварэнне цывільна-ваенных камісій; але галоўная падзея сейма – прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Згодна з ёй: адмянялась выбарнасць караля – улада перадавалась па спадчыне; адмянялася права “liberum veto”; забараняліся шляхецкія канфедэрацыі; выканаўчая ўлада перадавалася каралю і Радзе, якая складалася з прымаса і пяці міністраў; захоўваліся ўсе прывілегіі шляхты, але на выбарах у сейм маглі ўдзельнічаць толькі землеўладальнікі; сейм стаў заканадаўчай уладай, у яго склад дапушчаліся прадстаўнікі мяшчанства, абвяшчалася свабода гарадоў; значна павялічвалася колькасць войска, ліквідаваліся прыватныя арміі; касавалася Вялікае княства Літоўскае – Рэч Паспалітая абвяшчалася ўнітарнай дзяржавай аднаго народа (вядома, польскага); забаранялася ўладальнікам забіваць сваіх сялян, яны браліся пад ахову дзяржавы. Так, разам з прагрэсійнымі рысамі канстытуцыя некаторых пытаннях была значна абмежаванай.

Магнаты і беззямельная шляхта рашуча выступілі супраць канстытуцыі, яны прызвалі на дапамогу Кацярыну ІІ. У маі 1792 г. у Таргавіцах абвешчаны акт канфедэрацыі супраць улады, канстытуцыі, за вяртанне шляхецкіх вольнасцяў. Адначасова з тымі ж мэтамі была ўтворана самастойная Генеральная канфедэрацыя ВкЛ. Пад абаронай рускіх вайскаў канфедэраты хутка забралі ўладу ў дзяржаве, да канфедэратаў далучыўся і кароль. Усе рэформы былі адменены, але расейскія войскі, заняўшы ўсю Беларусь, Падолле і Варшаву чакалі. Хутка паміж Расіяў і Прусіяй узнікла дамоўленасць аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Ён адбыўся ў 1793 г. паводле Пецярбургскага пагаднення да Расіі адышла цэнтральная Беларусь з Мінскам, Барысавам, Пінскам, Слуцкам (Мінская губерня), а таксама Правабярэжная Ўкраіна. Прусія забрала Торунь і Гданьск з прылеглымі тэрыторыямі. На “нямым” сейме ў Гродне ў 1793 г. акт падзелу пад рускімі штыкамі быў зацверджаны шляхтай. Сярод патрыятычнай шляхты дзеянні Расіі і Прусіі вызвала выбух недавольства. 24 сакавіка 1794 г. пачалося паўстанне, кіраўніцтва якім узяў Тадэвуш Касцюшка, беларускі шляхціц і вядомы дзеяч вайны за незалежнасць Паўночнай Амерыкі. “Кракаўскі акт паўстання” абяцаў вярнуць Канстытуцыю 3 мая 1791 г., вызваліць тэрыторыю дзяржавы ад іншаземных войскаў і замацаваць суверэнітэт Рэчы Паспалітай. Пасля перамогі паўстання ў Варшаве, 23 красавіка паўстала Вільня. Кіраваў паўстаннем у ВкЛ Якуб Ясінскі, прыхільнік рашучых радыкальных пераўтварэнняў у рэчышчы Французскай рэвалюцыі. Вільня была ачышчана ад рускіх войск, была створана Найвышэйшая літоўская рада – орган кіраўніцтва паўстаннем у ВкЛ. Паўстанцам спрыяў поспех – рускія войскі былі выціснуты за мяжу першага падзела, да войскаў Ясінскага далучыўся гетман ВкЛ Міхаіл Казімір Агінскі. Каб прыцягнуць на свой бок сялян, Касцюшка выдаў “ Паланецкі ўніверсал ”, згодна якому сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, вызваляліся ад прыгонніцтва. Каб вырашаць спрэчкі паміж панамі і сялянамі ўводзілася пасада дазорцаў. Аднак магнаты і паны сабатавалі выкананне палажэнняў універсала, а рускія ўлады паабяцалі сялянам землі канфіскаваных панскіх маёнткаў, таму сялян сярод паўстанцаў было меньш, чым разлічваў Касцюшка. Да таго сялянам не давалі ружжаў, яны былі ўзброены пераважна косамі, ад чаго іх празвалі касінеры. Магнаты так сама абвінавацілі паляка Якуба Ясінскага ў “літоўскім сепаратызме” і змясцілі яго з кіравання паўстаннем на тэрыторыі ВкЛ. Замест Найвышэйшай літоўскай рады была выбрана Цэнтральная дэпутацыя ВкЛ, ваенным кіраўніком прызначылі Вельгорскага. Аднак ён разам з Сапегам, Хлявінскім, Агінскім і іншымі не змаглі супрацьстаяць рэгулярнай рускай арміі. 4 верасня пад Любанью, 17 верасня ў Крупчыцкім баю (Сувораў-Серакоўскі), 10 кастрычніка ў Мацяевіцкай бітве (Сувораў-Касцюшка) паўстанцы былі разбітыя, 23 кастрычніка захоплена Варшава, а 16 лістапада апошнія паўстанцы рассеяны. Так барацьба “памяркоўнага” крыла з “радыкальным” паскорыла разгром паўстанцаў.

Па выніках ваенных дзеянняў, Прусія, Расія і Аўстрыя канчаткова ліквідавалі Рэч Паспалітую як дзяржаву. Расія забрала Заходнюю Беларусь з гарадамі Гродна і Брэст (Слонімская губерня) і частку сучаснай Літвы (Віленская губерня). Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адрокся ад кароны на карысць Кацярыны ІІ і праз некалькі год ціха скончыў жыццё ў Гродне.

Прычын падзелаў Рэчы Паспалітай было шмат. Найбольш значныя з іх:

· імкненне Прусіі атрымаць прамы выхад да Ўсходняй Прусіі;

· імкненне ўрадаў Расіі, Аўстрыі і Прусіі не дапусціць распаўсюджванне ідэй Французскай рэвалюцыі, якія найшлі адлюстраванне ў Канстытуцыі 3 мая 1791 г.;

· незадавальненне памкненнямі кіраючых колаў Рэчы Паспалітай узмацніць дзяржаву;

· прэтэндаванне Расіі на “спадчыну маскоўскіх князёў” – Беларусь і Ўкраіну;

· існаванне, так званага, “дысідэнцкага пытання” – непасрэднай зачэпкі для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Польшчы і ВкЛ.

Гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у другой палове XVI – першай палове XVII стст.

Станаўленне фальваркава-паншчынай гаспадаркі. Аграрная рэформа 1557 г. З канца XV ст. у Заходняй Еўропе з ростам насельніцтва, асабліва гарадскога і хуткім развіццем гаспадаркі ўзрос попыт на зерне і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Вялікае княства Літоўскае, гаспадарка якога была звязана з еўрапейскай, адрэагавала адпаведна попыту суседзяў. З мэтай атрымаць больш прадукцыі была праведзена рэарганізацыя сельскай гаспадаркі. Прычынамі рэарганізацыі былі рост попыту на зерне на міжнародным рынку; архаічная, стракатая сістэма абкладання павіннасцямі, што толькі прыблізна ўлічвала рэсурсы адзінкі падаткаабкладання; цяжкі фінансавы стан скарбу ВкЛ.

Каб павялічыць даходы з дзяржаўных зямель, вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст ажыццяўляе ў дзяржаўных маентках рэформу, якая атрымала назву " валочная памера ". Асноўны дакумент рэформы – інструкцыя "Ўставы на валокі", які датаваны 1 красавіка 1557 г. На яго падставе была праведзена суцэльная рэвізія дзяржаўных і вялікакняскіх уладанняў. У 1568 г. усе дзяржаўныя ўладанні заходняй часткі княства былі ахоплены рэформай.

Асноўныя прынцыпы рэформы:

· дакладны ўліку зямель;

· абкладанне сялян павіннасцямі прапарцыянальна занятай зямлі;

· вылучэнне адзінай пазямельнай меры – валокі;

· за карыстанне валокай вызначаліся пэўныя павіннасці.

Пад час рэформы ўся зямля ў маёнтку дзялілася на валокі, лепшыя з якіх адводзіліся пад вялікакняжацкія гаспадаркі – фальваркі. Астатнія раздаваліся сялянам у падворнае землекарыстанне. Суадносіны велічыні фальваркавага і сялянскага ворыва ў дзяржаўным маентку вызначаліся 1:7. Гэта значыць, апрацоўку адной фальваркавай валокі рабілі сем сялянскіх валок. Сялянская сям'я ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, магчымасцяў апрацоўкі (колькасці рабочых рук, цяглавай жывёлы, прылад працы) атрымлівала валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна ўстаноўленыя павіннасці. Сялянскі надзел падзяляўся на тры часткі. Гэта забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, што спрыяла росту ўраджайнасці. Рэформа спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.

Валочныя надзелы падзяляліся на цяглыя (паншчынныя), асадныя (чыншавыя), вольныя (для сялян-слуг, што вызваляліся ад спецыфічных павіннасцей сялян іншых катэгорый). Цяглыя сяляне абавязваліся адпрацоўваць паншчыну два дні на тыдзень, выходзіць на гвалты і талокі. Асадныя сяляне павінны былі плаціць чынш па 30 грошаў з кожнай валокі, адбываць за год 12 талок, або плаціць за іх 12 грошаў, замест гвалтоў даваць 10 грошаў. Кошт сялянскіх павіннасцяў з валокі сярэдняй якасці глебы складаў значную суму.

Пры правядзенні рэформы не было рэгламентацыі або абмежаваіняў у надзяленні сялян зямлёй. Сялянская гаспадарка магла ўзяць валоку ці яе частку. Валока складала 30 моргаў, ці 21,36 га. Па якасці глебы валокі былі “добрыя”, “сярэднія”, “дрэнныя” і “вельмі дрэнныя”. Агульны памер павіннасцяў упершыню быў абумоўлены памерам надзелу і якасцю глебы.

Вынікі правядзення рэформы:

1. сяляне страцілі правы на зямельныя ўчасткі, якія традыцыйна лічыліся ў іх спадчынным валоданні;

2. іх палеткі ў большасці сталі меншымі – сем’і не маглі выканаць усе павіннасці, якія прызначаліся з ранейшых надзелаў;

3. асноўнымі формамі павіннасці стала паншчына на захадзе, на ўсходзе – грашовы чынш;

4. з'явіліся пустыя валокі, якія ўтварылі рэзервовы зямельны фонд;

5. павялічыліся даходы дзяржаўнага скарбу;

6. прынцыпы рэфармавання былі пераняты прыватнымі землеўладальнікамі, у першую чаргу буйнымі;

7. на захадзе і ў цэнтры Беларусі, дзе імкліва ствараліся фальваркі, сялянская абшчына была разбурана, на ўсходзе яна захавалася, але была падпарадкавана феадалам.

Правядзенне рэформы, яе тэмпы былі розныя ў тых ці іншых рэгіёнах Беларусі. У цэнтры і на захадзе памешчыцкія гаспадаркі былі цесна звязаны з рынкам, яны актыўна выкарыстоўвалі сваё права бяспошліннага гандлю. Рэформа тут была завершана да канца XVI ст. На паўночным усходзе Беларусі, дзе ішла Лівонская вайна (1558-1583 гг.) і землі спусташаліся войскамі Івана Жахлівага, а таксама на ўсходзе, дзе Вялікае княства межавала з Маскоўскай дзяржавай, вялікі князь і феадалы не маглі ажыццяўляць пераўтварэнні так паслядоўна і актыўна, як на захадзе. Фальваркавая сістэма не стала тут пераважнай. Насельніцтва ў асноўным пераводзілася з даніны на чынш. Валочны надзел на ўсходзе шырока зацвердзіўся толькі ў першай палове XVII ст., рэформа зацягнулася больш чым на сто гадоў.

Правядзенне аграрнай рэформы і ўпарадкаванне павіннасцяў суправаджалася замацаваннем сялян за зямлёй, ператварэннем розных іх катэгорый у адзін клас-саслоўе – прыгоннае сялянства.

Прыгонны стан сялянства замацоўваўся заканадаўча на працягу некаторага часу:

Прывілей 1447 г., пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла ў значную залежнасць ад яго рашэнняў сялян.

Першы Статут ВкЛ 1529 г. адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на зямлю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала. "Уставай на валокі" (1557 г.) дзяржаўныя сяляне фактычна замацоўваліся за зямельнымі надзеламі.

Другі Статут ВкЛ 1566 г. замацоўваў 10-гадовы тэрмін пошуку беглых ці крадзеных сялян і адміністрацыйныя пакаранні супраць тых, хто іх хаваў. Забаранялася хаваць сялян у гарадах.

Трэці Статут ВкЛ (1588 г.) падоўжыў тэрмін пошуку беглых да 20 гадоў, канчаткова пазбаўляў сялян права пераходу ад феадала і залічваў у стан непахожых людзей тых, хто пражываў на зямлі феадала 10 гадоў. Тэарэтычна селянін мог адкупіцца, заплаціўшы 10 коп грошай, а таксама ўсе пазыкі і дапамогі, якія ён атрымаў ад пана, аднак выплаціць такія грошы было вельмі цяжка.

У канцы XVI – першай палове XVII ст. у ВкЛ канчаткова фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Селянін быў пазбаўлены права свабодна распараджацца сваёй спрадвечнай маёмасцю. Селянін стаў аб’ектам залогу, куплі-продажу як з зямлёй, так і без яе. Феадал мог судзіць селяніна.

Сістэма пазямельных адносін, якая стыхійна складвалася на працягу стагоддзяў, у ходзе аграрнай рэформы другой паловы XVI – першай паловы XVII ст. была ўпарадкавана. Адзінкай падаткаабкладання стала валока зямлі. Сялянскія сем’і замацоўваліся за валокай ці яе часткай, станавіліся як бы дадаткам да яе, часткай уласнасці землеўладальніка. Замест натуральнай панскай гаспадаркі ўтварылася таварная гаспадарка, арыентаваная на вытворчасць зерня для продажу. На Беларусі такая гаспадарка звалася фальваркава-паншчыннай, ад назвы панскага ці дзяржаўнага маёнтка і галоўнай формы павіннасці сялян.

Гарадское жыцце. У цэлым да сярэдзіны XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім налічвалася 757 гарадоў і мястэчак, з іх 467 былі на тэрыторыі Беларусі. Большасць гарадоў і каля палавіны мястэчак належалі вялікаму князю літоўскаму. Астатнія былі прыватнаўласніцкімі. Прыватнаму ўласніку магла належыць частка вольнага ці вялікакняжацкага горада з насельніцтвам. Гэтая частка мела статус юрыдыкі, яе насельніцтва не падпарадкоўвалася гарадскім ці княжацкім уладам, з іх не спаганяліся гарадскія падаткі. Юрыдыкі наносілі цяжкія страты гарадской гаспадарке, гараджане выступалі за іх ліквідацыю, але беспаспяхова.

Новая прыкмета гарадскога жыцця – з’яўленне мястэчак – невялікіх пасяленняў, насельніцтва якіх займалася рамествамі, гандлем і сялянскай працай. Мястэчкі ўзнікалі на тэрыторыях ранейшых вёсак, на важных сухапутных ці рачных гандлёвых шляхах.

Значнае развіцце атрымаў гандаль. Хутка развіваліся гандлёвыя адносіны ўнутры дзяржавы. Гэтаму паспрыяла пачаўшаяся спецыялізацыя рэгіёнаў Беларусі. Слуцк спецыялізаваўся на металаапрацоўке, Магілеў – на скарняжным рамястве, Гродна – на мылаварэнні і г.д. Гандлёвыя адносіны паміж рэгіёнамі стымулявалі будаўніцтва дарог-гасцінцаў. Хутка раслі абароты купцоў-госцяў, што гандлявалі з замежнымі краінамі. Пасля правядзення аграрнай рэформы ў ВкЛ значна вырасла колькасць сельскагаспадарчай прадукцыі, якая ішла на продаж за мяжу. На экспарт ішло жыта, лён, льняное семя, пянька сала, воск, лес, скуры, смала, дзегаць, хмель, попел. З-за мяжы прывозілі жалеза, медзь, волава, свінец, вырабы з металу, зброю, сукно, перац, віна, соль. Значна пашырыўся пасрэдніцкі гандаль расійскімі таварамі – воскам і асабліва футрам каштоўных жывел. У знешнім гандле пераважалі купцы-госці з Полацка і Магілёва. У мясцовым гандле купцы спецыялізаваліся на продажы асобных відаў тавару. Мелкім гандлем займаліся карабейнікі-шоты.

Антыфеадальная барацьба. Рост эксплуатацыі сялянства на працягу першай паловы XVI ст. прывяло да росту антыфеадальных выступленняў і супраціўленню сялян правядзенню аграрнай рэформы. Формамі супраціўленняў сялян былі скаргі на феадалаў і княжацкіх чыноўнікаў, адмова выконваць павіннасці, уцёкі ад феадала ці з дзяржаўнага маёнтка, нярэдка і разбой. Выступленні жорстка караліся – ад штрафавання да пакарання смерцю.

Вялікія памеры набыло антыфеадальнае казацка-сялянскае выступленне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі. У 1595 г. Налівайка ўзняў паўстанне казакаў і сялян у Правабярэжнай Украіне. Хутка ён перайшоў на тэрыторыю Беларусі, дзе да яго далучыліся мясцовыя сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Паўстанцы ўзялі Петрыкаў, Слуцк (6 лістапада), Магілёў (13 снежня). Пасля Буйніцкай бітвы каля Магілёва супраць значна большых урадавых войскаў, якія вымушаны былі адыйсці, узялі Давыд-Гарадок, Тураў, Пінск. Вясной 1596 г. Налівайка быў разбіты на Ўкраіне войскам гетмана С.Жалкеўскага і пакараны смерцю ў Варшаве. Паўстанне паказала ступень незадаволенасці, што склалася ў грамадстве на той час. Акрамя сацыяльнай напружанасці існавала і рэлігійная – было забаронена праваслаўе, панавала контррэфармацыя. Частка насельніцтва была незадаволена стратай незалежнасці Вялікім княствам, ростам уплыву палякаў на справы краіны. Гэтыя прычыны разам з эканамічнымі выклікалі некалькі паўстанняў гараджан на пачатку XVII ст. Сярод іх вылучаліся выступленні гараджан Магілёва ў 1606 і 1610 гг. супраць гарадскіх вярхоў у асобе магістрата. Пад час выступленняў нават было зменена кіраўніцтва ў горадзе з багатых на бедных.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: