Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю

Наяўнасць абстрактных паняццяў і катэгорый у тэрміналогіі абумоўлівае шырокае выкарыстанне назоўнікаў з абстрактным значэннем з суфіксамі – нн-, –енн- (-энн), –анн-: абнародаванне, дазнанне, адкліканне, адчужэнне, акрэдытаванне, апазнанне, звальванне, накрыванне, забяганне, разгінанне і інш., а таксама з суфіксам – цыj-: асацыяцыя, датацыя, дэкларацыя і пад. У лексіцы спорту даволі часта сустракаюцца назоўнікі аддзеяслоўнага паходжання тыпу сед, дажым, разварот, высед, зачэп, абвіў, адхоп, адхват, падсад, нахілы, павароты, падвароты, прагіны, рыўкі, ныркі, пераходы, накаты, перакаты і пад.

Для навуковага выкладу характэрны назвы родавых, абагульняючых паняццяў, а таксама словазлучэнняў абагульняючага значэння, напрыклад: анкетуемы, інфармант, рэспандэнт; навуковыя прыборы начнога бачання, аб’екты знешняга асяроддзя, крыніцы лакальнага забруджвання; тэхнічныя прыёмы, болевыя прыёмы, спецыяльныя практыкаванні і інш.

Адметнай рысай навуковага стылю зяўляецца частае «нанізванне» роднага склону назоўнікаў. Напрыклад: Асновай педагагічнага метаду аднаўлення з’яўляецца рацыянальная структура трэніровачных нагрузак; Прымяненне болевых прыёмаў, захопаў за адзенне, падсечак у самба і дзюдо патрабуе надаваць больш увагі масажу звязачнага апарату верхніх і ніжніх канечнасцяў, кісцей і ступняў (В.І.); Дэвальвацыя адбываецца шляхам афіцыйнага паніжэння курса нацыянальнай валюты ў адносінах да золата, серабра, якой-небудзь замежнай валюты ў адпаведнасці з абясцэньваннем грашовых знакаў, якое адбылося, пры гэтым ранейшыя грашовыя знакі застаюцца ў абароце (скрытая дэвальвацыя); Расследаванне – заснаваная на законе дзейнасць следчага ці органаў дазнання па зборы і замацаванні доказаў, усебаковым даследаванні ўсіх акалічнасцей справы з мэтай выяўлення і раскрыцця злачынства, выкрыцця вінаватых і прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці, прыняцця мер да пакрыцця нанесенай злачынствам матэрыяльнай шкоды, папярэджання і выкаранення злачынстваў (С.К.).

Уласныя імёны часта сустракаюцца ў якасці залежнага кампанента словазлучэння ў назвах формул, методык, тэорый і пад. (напрыклад: люблінская унія, магдэбургскае права, полацкае права, кейнсіянская тэорыя, ластаўка аўэрбах і інш.). Уласныя назоўнікі ці прыметнікі страчваюць сваё значэнне прыналежнасці пэўнай асобе і пачынаюць перадаваць якасную характарыстыку паняцця, у склад якога яны ўваходзяць. Напрыклад: Магдэбургскае права – сукупнасць юрыдычных норм, што вызначалі саслоўна-прававое становішча гараджан ва ўмовах феадальнага грамадства (М.С.).

Тзхнічныя тэксты маюць сваю спецыфіку выкарыстання назоўнікаў: рэчыўныя назоўнікі ўжываюцца ў формах множнага ліку: мылы, смолы, гліны, солі, металы, маслы, бензіны, духі, зубы, чыгуны, пары, спірты, газы і інш.

Прыметнікі ў навуковых тэкстах уваходзяць у асноўным у склад тзрміналагічных словазлучэнняў і выконваюць інфармацыйную ці класіфікацыйную функцыю. Напрыклад: Кадастр – сістэматызаваны збор звестак; цана – грашовае выяўленне кошту адзінкі тавару (прадукцыі вырабаў, паслуг і інш.). Асноўныя віды цэн: адпускныя, закупачныя, рознічныя цэны. Цана можа быць свабодная, фіксаваная, дагаворная. Адрозніваюць таксама цэны: прэйскурантныя, намінальныя, пакупніка або прадаўца, зменныя, даўгачасныя, эластычныя і інш (БелЭн); Удасканаленне выбуховай сілы ажыццяўляецца метадамі: паўторным, спаборніцкім, ударным, кароткачасовых максімальных намаганняў, варыятыўным і кругавым (В.І.). Параўнаем: Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, маё беларускае, роднае, кроўнае, такое раптоўнае, такое чароўнае, такое ласкавае, цёплае, чыстае, як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае, як казка, быліна, як песня, жаданае, дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, гарачае слова ад шчырага сэрца – кахаю (Данута Бічэль-Загнетава).

Класіфікацыйная роля прыметніка абумоўлівае той факт, што ў тэкстах дакладных навук якасныя прыметнікі даволі часта не маюць ступеней параўнання і форм субектыўнай ацэнкі (параўн.: малы, маленькі, найменшы (кавалачак хлеба); вялікі, найбольшы, самы вялікі (кавалак хлеба) – але нельга сказаць аналагічна ў выпадку малады спецыяліст, малое прадпрыемства, вялікія дзяржавы, Вялікі Літоўскі трыбунал (трыбунал ВКЛ). Адзінкавыя выпадкі ўжывання прыметнікаў у форме найвышэйшай ступені параўнання знаходзім у тэрмінах найбольшае спрыянне, Вышэйшая атэстацыйная камісія, Вышэйшы гаспадарчы суд РБ, рэжым найбольшай спрыяльнасці, вышэйшая ліга, атлет найвышэйшага класа.

Для навуковай мовы характэрны субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі ў форме адзіночнага і множнага ліку тыпу непаўналетнія, непрацаздольныя, абвінавачаны, падсудны, падабаронны, атакуючы, атакаваны і пад.

Дзеепрыметнікі сустракаюцца пераважна ў складзе тэрміналагічных словазлучэнняў, напрыклад: крэдыт адтэрмінаваны, акрэдытыў непацверджаны, валюта неканверсуемая, попыт нерэгулюемы, колючая зброя, лятаючы лыжнік, колькасць забітых мячоў, колькасць страчаных ачкоў, колькасць выйграных партый і г.д.

Паколькі навуковы выклад грунтуецца на ісцінах. аксіёмах абектыўнага асяроддзя, ён абстрагаваны ад канкрэтнага, актыўнага дзеяння ці руху. Гэтым і абумоўліваецца шырокае ўжыванне дзеясловаў у3-й асобе цяперашняга часу. Напрыклад: Адзыўная грамата падпісваецца кіраўніком і замацоўваецца подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначыла дыпламатычнага прадстаўніка, і накіроўваецца кіраўніку той дзяржавы, пры якой ён акрэдытаваны (С.К.); У цэнтры ўвагі мікраэканомікі знаходзяцца вытворцы і спажыўцы, рыначныя паводзіны суб’ектаў, аналіз попыту і прапанавання на асобных рынках тавараў і паслуг, рабочай сілы і капіталу. На мікраўзроўні ажыццяўляецца непасрэднае выкарыстанне працоўных рэзерваў краіны, іх уклад у эканоміку ў якасці рэсурсу і фактару вытворчасці (БелЭн); Атакуючыя дзеянні выконваюцца для своечасовага контрпрыёму альбо актыўнай абароны. Тактыка звычайна будуецца ў залежнасці ад добра вывучанага прыёму, аднак болей эфектыўным спосабам будзе такі, калі з улікам выбранай тактыкі ўдасканальваюцца адпаведныя прыёмы (В.І.).

Дыялагічнасць навуковай мовы праяўляецца ў шырокім выкарыстанні дзеясловаў у форме будучага часу абвеснага ладу (са значэннем пазачасавасці) тыпу адзначым некалькі пунктаў, параўнаем версіі, параўнаем вынікі іінш.

У навуковым маўленні пашырана выкарыстанне таксама неазначальнай формы дзеяслова ў спалучэнні з мадальнымі і інш. словамі, якая мае значэнне неабходнасці і выступае як сродак выражэння прадпісання, рэкамендацыі, указанняў тыпу трэба адрозніваць, трэба мець на ўвазе, трэба ўспомніць, варта звярнуць увагу, неабходна запісаць, трэба ўзяць за аснову, можна (неабходна) выкарыстоўваць, належыць выконваць, трэба ўважліва сачыць за, трэба больш увагі надаваць, неабходна прытрымлівацца і інш. Напрыклад: Пры навучанні прыёмам трэба ўлічваць прасторавыя і часовыя характарыстыкі; Трэба мець на ўвазе, што пры вядзенні схваткі ўвесь час адбываюцца згінальныя і разгінальныя рухі (В.І.).


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: