Ад верша метрычнага да танічнага

На пачатку чалавечай цывілізацыі паэзія не існавала самастойна, асобна ад іншых відаў мастацтва – музыкі, спеваў, танца. Калі, напрыклад, нашы продкі з каменнага веку забівалі маманта і пачыналі весяліцца з гэтага выпадку, то ў старажытным ігрышчы ядналіся разам і рытуальны танец, і спевы, і розныя выгукі, словы – усе яны былі падначалены аднаму нейкаму рытму. Пазней з гэтага сінкрэтычнага (злітнага, з’яднанага) мастацтва выдзеліліся асобна музыка, харэаграфія, паэзія, спевы. Музыка як мастацтва гукаў і паэзія як слоўнае мастацтва ў іх адзінстве існуюць да нашага часу – у песнях. Аднак сённяшняя паэзія, як мы добра ведаем, пры яе ўспрыманні не патрабуе спецыяльнага музычнага суправаджэння. Ды і словы песень спачатку былі, за невялікім выключэннем, проста вершамі, напісанымі для звычайнага чытання ці слухання, а потым ужо кампазітары паклалі іх на музыку.

Што датычыць самых даўніх форм еўрапейскай, у тым ліку беларускай, паэзіі, то яны існавалі толькі ў цеснай садружнасці з музыкай. Так, рускія быліны або ўкраінскія думы не проста чыталіся, як мы цяпер чытаем іх, разгарнуўшы фальклорныя зборнікі, а выконваліся нараспеў, спяваліся ў суправаджэнні якога-небудзь музычнага інструмента (гусляў, ліры, кобзы). Таксама і беларускія народныя песні (гістарычныя, каляндарна-абрадавыя, інтымныя), як і іншыя жанры народнай лірыкі (замовы, галашэнні і г. д.), паядноўвалі ў сабе слова і мелодыю, сэнс і гук. Таму калі гаварыць пра самую раннюю форму народнага вершавання, то яе трэба назваць музычна-моўнай. У ёй вялікую ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі вершаванага радка – у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення (спявання) першаснай рытмічнай адзінкі – склада.

Найдаўнейшая з вядомых нам пісьмовых еўрапейскіх сістэм вершавання – метрычная. Паколькі яна шырока ўжывалася ў антычнай літаратуры (узнікла ў VІІІ ст. да н. э. у Старажытнай Грэцыі, з ІІІ ст. да н. э. перайшла ў Рым), то яе падчас называюць антычнай. У аснове рытму метрычнай (антычнай) сістэмы вершавання ляжыць раўнамернае чаргаванне доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Зразумела, такая сістэма магла і можа ўжывацца толькі ў мовах, у якіх адрозніваюцца галосныя (а значыць, і склады) па працягласці гучання. Да такіх моў адносяцца арабская, персідская, сербахарвацкая, большасць індыйскіх моў. Да іх належалі і старажытнагрэчаская мова, а таксама даўняя латынь.

Метрычны літаратурны верш, як і фальклорны народна-песенны, узнік і развіваўся ў еднасці з мелодыяй. Старажытнага грэчаскага або рымскага паэта можна было пазнаць па ліры ў руцэ – пад яе акампанемент ён выконваў свае творы (адсюль сённяшняя назва паэтычнай творчасці – лірыка). Такім чынам, антычны паэт выступаў у дзвюх асобах – і як складальнік вершаў, і як спявак, іх музычны інтэрпрэтатар.

У антычным вершы асноўным рытмастваральным элементам з’яўлялася стапа, у якой у належнай паслядоўнасці ядналіся доўгія і кароткія склады. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада, называлася мора. У доўгім складзе былі дзве моры. Паўтарэнне пэўнай колькасці стопаў, аднолькавых па працягласці гучання, утварала памер. З антычных памераў самым распаўсюджаным быў гекзаметр (Гк) – шасцістопны памер, у якім спалучаліся пяць дактылічных стопаў і адна (апошняя) харэічная. Прычым у першых чатырох стопах дактылі маглі замяняцца спандэямі – працягласць гучання радка ад гэтага не мянялася, бо колькасць мораў у ім заставалася той самай. Радкі Гк цэзура дзяліла на дзве часткі. Яна звычайна стаяла пасля доўгага склада трэцяй стапы, часамі – пасля доўгага склада чацвёртай стапы.

У старажытнасці не было, як вядома, магнітафонаў ці нейкіх іншых сродкаў запісу чалавечага голасу, таму мы не можам даведацца, як дакладна гучаў гекзаметр Гамера або Авідзія, Сафокла або Вергілія. Сучасныя пераклады толькі прыблізна могуць узнавіць гэта гучанне, бо і мова наша не мае адрознення ў працягласці вымаўлення галосных гукаў, і вершы ў тыя далёкія часы не вымаўляліся, а спяваліся. Перакладчыкі, узнаўляючы антычных аўтараў, перадаюць Гк, замяняючы доўгія склады націскнымі, кароткія – ненаціскнымі. Вось як, напрыклад, гучыць сёння ўрывак з “Іліяды” Гамера ў перакладзе Б. Тарашкевіча:

Так, як дракон, што ў горнай нары чалавека чакае,

зелля благога нажоршыся, з ярасцю й злосцю страшною,

ўецца у логаве толькі й страшэнна ў бакі паглядае, –

гэтак і Гектар у злосці нястрымнай трымаўся на месцы,

шчыт абапёршы бліскучы аб выступ высокае вежы…

Другім распаўсюджаным вершаваным памерам метрычнай сістэмы вершавання быў пентаметр (Пт),які складаўся з чатырох дактылічных стопаў і двух доўгіх складоў. Першы з гэтых складоў стаяў перад цэзурай, другі – у канцы радка. Разам яны, па сутнасці, утваралі яшчэ адну, пятую стапу. Метрычная схема Пт такая:

--΄ -- -- --΄ -- -- --΄ // --΄ -- -- --΄ -- -- --΄

Пентаметр, як правіла, спалучаўся з гекзаметрам, утвараючы асобую двухрадковую страфу – элегічны двуверш (Э.д.):

Хіліцца к вечару дзень, і даўжэйшымі робяцца цені;

З болем пад захад жыцця ўспомніш пра гэтае ты.

У гэтай Багдановічавай імітацыі старажытнага Э.д. першы радок – Гк, другі – Пт.

Няцяжка заўважыць, што і ў беларускім перакладзе “Іліяды” Гамера, і ў Э.д. Багдановіча адсутнічаюць рыфмы. Сапраўды, антычныя аўтары не ведалі рыфмы (яна ўзнікла пазней). Аднак тагачасныя паэты строга прытрымліваліся чаргавання аднатыпных клаўзулаў. Дзякуючы клаўзулам, а таксама вершаваным памерам асобныя радкі ядналіся ў строфы. Старажытная паэзія карысталася мноствам простых і складаных форм страфічнай арганізацыі верша.

Такім чынам, метрычная сістэма вершавання, нягледзячы на тое, што яна была першай з літаратурных еўрапейскіх вершаваных сістэм, надзвычай багатая, тэарэтычна распрацаваная. І хоць у большасці нацыянальных еўрапейскіх версіфікацый, што карысталіся і карыстаюцца мовамі, у якіх галосныя гукі адрозніваліся не па працягласці гучання, а па моцы вымаўлення (націску), яна ніколі не ўжывалася і не магла ўжывацца1, тым не менш прыкметна паўплывала на ўвесь еўрапейскі верш. Яна значна актывізавала развіццё верша, распрацоўку тэарэтычных пытанняў вершазнаўства ў розных народаў свету. Што датычыць сілаба-танічнай сістэмы вершавання, то яна ад сваёй антычнай суродзічкі пераняла прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы і вершаванага радка, паставіўшы толькі на месца доўгіх складоў націскныя, на месца кароткіх – ненаціскныя. З антычнай паэзіі былі запазычаны структура і назвы многіх строфаў, памераў, некаторыя жанры і г. д. Так, у сучаснай паэзіі мы можам сустрэць “беларускія” або “рускія” Гк, Пт і інш. Асабліва прыкметны ўплыў выявіўся ў галіне тэрміналогіі. Па сутнасці, амаль усе вершазнаўчыя тэрміны, якія шырока ўжываюцца зараз у беларускім і рускім літаратураўзнаўстве, прыйшлі да нас з антычнай паэтыкі. Так, беларускае слова “верш” паходзіць ад лацінскага versus – вершаваны радок (ад verso – паварочваць, кружыць), рускае “стих” – ад грэчаскага stichos (радок, лінія, ланцуг).

Тым не менш у гісторыі літаратуры Беларусі антычная сістэма вершавання мела і пэўнае непасрэднае пашырэнне. Справа ў тым, што ў сярэдневяковай Беларусі, якая разам з землямі сённяшняй Літвы і часткай Украіны ўтварала Вялікае княства Літоўскае, апрача дзяржаўнай старабеларускай літаратурнай мовы шырока, як і ва ўсёй тагачаснай Еўропе, ужывалася лацінская мова. На ёй вялося выкладанне ў асобных навучальных установах, пісаліся некаторыя дакументы, яна выкарыстоўвалася ў дыпламатычных зносінах, часта – у літаратурнай творчасці і г. д. Беларускія паэты-лаціністы (Мікола Гусоўскі, Андрэй Рымша, Ян з Вісліцы і інш.), якія карысталіся часткова ці выключна лацінскай мовай, выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці і метрычнае вершаванне.

Побач з метрычнымі вершамі (на лацінскай мове) у Сярэднія вякі існавала багатая народная паэзія на жывой беларускай мове. Гэта паэзія, таксама як і антычная, карысталася музычна-моўным вершаваннем. Народны верш узнікаў, суадносячыся з мелодыяй, напевам, разам з напевам ён выконваўся – спяваўся або прамаўляўся рэчытатывам. У выніку гэтага слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася свайго граматычнага націску, дапускала перастаноўку гэтага націску з аднаго склада на другі (пераакцэнтуацыя), у вершаваных радках з’яўляліся лішнія склады, асобныя склады “расцягваліся”, іншыя, наадварот, “сцягваліся” (дыярэзы, сінярэзы) і г. д. Арганізуючым рытмічным пачаткам народнага верша стаў моцны (або апорны) націск, які нібы магнітам прыцягваў да сябе націскі некаторых суседніх слоў, і не толькі дапаможных, але і самастойных. Чаргаванне пэўнай колькасці такіх моцных (апорных) націскаў у радках і стварала рытм танічнага (ад грэчаскага tonos – націск) народнага верша.

Вядомы даследчык беларускагага фальклору І. Насовіч у прадмове да свайго зборніка “Беларускія песні” (1874) слушна падкрэсліваў: “Ва ўсіх беларускіх песнях, і асабліва старажытных, пануе танічнае вершаванне, у якіх націск галоўнага па сэнсу слова падпарадкоўвае сабе ўсе астатнія склады і націскі… Тэмп вершаў бывае незалежны ад колькасці складоў, або а) у адзін тэмп…,б) у два тэмпы…, в) у тры тэмпы…. Тэкст у тры тэмпы больш распаўсюджаны ў старажытных песнях”. Цікава, што тры апорныя націскі (тры тэмпы) характэрныя і для найбольш старажытнага жанру рускага фальклору – былін.

Народны танічны верш аказаў і аказвае вялікі ўплыў на рытміку літаратурнага верша. З другога боку, разам з шырокім развіццём паэзіі пісьмовай ён сам зазнаў пэўныя змены пад яе уплывам. У літаратуры ў чыстым выглядзе ён сустракаецца хіба што ў наўмысных (колькасна нешматлікіх) перайманнях фальклорных узораў. Вось адзін з такіх вершаў “пад фальклор” М. Багдановіча:

Як прыйшла я / на ток / малаціць –

У задуменні / застаялася

Ды знянацку / рассмяялася.

Нават сорам / на хатніх / зірнуць:

Ці не ўцямілі, / хвароба на іх,

Ад чаго / мой тварык / смяецца,

Ад чаго / маё сэрцайка / б’ецца.

Як бачым, ва ўсіх радках верша – па тры ці два моцныя (апорныя) націскі. І хаця тут няма, як у сілаба-тоніцы, раўнамернасці паўтарэння націскных і ненаціскных складоў, няма і аднолькавай колькасці складоў у радках, усё ж паўтарэнне прыблізна аднолькавай колькасці моцных націскаў надае вершу выразную мернасць, рытмічнасць.

Народны танічны верш – спрадвечны верш усходніх славян. Ён – самы старажытны ў нас, найбольш пастаянны. З’явіўшыся разам з узнікненнем народнай паэзіі, ён дайшоў да нашага часу.

У пачатку XVI ст. узнікае беларуская пісьмовая паэзія. Пачынальнікам яе лічыцца выдатнейшы гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння, першадрукар Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551). Наш літаратурны верш, у адрозненне ад танічнага, адразу становіцца сілабічным (ад грэчаскага sillabē – склад). У аснову рытму ён кладзе ўжо не націск, а склад. Рытм сілабічнага верша ствараецца чаргаваннем аднолькавай колькасці складоў у вершаваных радках. Для беларускага сілабічнага верша, апрача гэтага, звычайна (але не заўсёды) характэрна яшчэ наяўнасць цэзур, а таксама жаночых рыфмаў і парнай рыфмоўкі.

У асобных мовах націск мае сталае месца ў слове. Так, у французскай мове ён заўсёды пáдае на апошні склад, у чэшскай – на першы, у польскай – на перадапошні, у італьянскай і іспанскай мовах націскным можа быць адзін з трох апошніх складоў, але часцей за ўсё ён бывае перадапошнім, і г. д. Сілабічная сістэма вершавання спачатку якраз і з’явілася ў мовах з пастаянным месцам націску ў словах. Сваёй дасканаласці яна дасягнула ў французскай і італьянскай паэзіі ХІ--ХІІ ст., адтуль перайшла (у XV ст.) у польскую. З польскай, у сваю чаргу, сілабіка трапіла ў беларускую і ўкраінскую літаратуры.

Пасля Ф. Скарыны сілабічныя вершы ў беларускай літаратуры пісалі паэты XVI – XVII ст. А. Рымша, А. Філіповіч, Я. К. Пашкевіч, Сімяон Полацкі (у беларускі перыяд яго творчасці) і інш. Пераехаўшы ў 1664 г. з Беларусі ў Маскву, Сімяон Полацкі (1629 – 1680) паклаў пачатак і рускаму вершаванню, таксама сілабічнаму. Наогул, сілабічны верш існаваў у беларускай літаратуры ажно тры з паловай стагоддзі. Яшчэ ў ХІХ ст. ім часткова карысталіся Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, Янка Лучына і інш. Што да рускай паэзіі, то сілабіка ў ёй выкарыстоўвалася намнога менш. Яшчэ ў 1735 г. “Новый и краткий способ сложения стихов российских”, г. зн. правілы карыстання сілаба-тонікай, усенародна абвясціў рускі вучоны-філолаг і пісьменнік В. Традзьякоўскі. Праца Традзьякоўскага паклала пачатак тэарэтычнаму асэнсаванню будучага, надзвычай плённага шляху ўсёй усходнеславянскай паэзіі. Праўда, рэформа спачатку была вельмі асцярожнай. Пісьменнік дапускаў у паэзію толькі адну стапу – харэічную, прычым рэкамендаваў ужываць яе ў доўгіх – 11 – 13-складовых -- памерах. Тэарэтычныя палажэнні Традзьякоўскі ілюстраваў прыкладамі – сваімі ж творамі. Асцярожнасць і непаслядоўнасць Традзьякоўскага ва ўвядзенні ў рускую паэзію сілаба-танічнага вершавання пераадолеў М. Ламаносаў. Ужо ў 1739 г. ён піша ямбам “Оду на взятие Хотина”, пазней – іншыя творы. Разам з тым ён тэарэтычна даказвае правамернасць ужывання ў рускай паэзіі ўсіх пяці стопаў сілабічнага верша. Пад уплывам Ламаносава і яго твораў Традзьякоўскі перапрацоўвае і ў 1752 г. выдае ў новай рэдакцыі названую працу. Хаця ў сваёй творчай практыцы ён і надалей застаецца прыхільнікам адной стапы – харэя, усё ж адчыняе дзверы ў рускую паэзію і ямбу, і трохскладовым стопам: дактылю, анапесту, амфібрахію. Ён ужо не стаіць за тое, каб кароткія вершы пісаліся па старынцы – толькі сілабікай. Так, дзякуючы празорлівасці Традзьякоўскага і асабліва творчай рашучасці, навуковай грунтоўнасці разваг Ламаносава, узнік і замацаваўся ў рускай паэзіі новы тып арганізацыі вершаванага радка – сілаба-танічны. Сама ж рэформа рускага сілабічнага верша атрымала назву рэформы Традзьякоўскага – Ламаносава.

Такім чынам, праіснаваўшы менш чым сто гадоў, сілабічны верш у рускай літаратуры ўступіў месца сілаба-танічнаму. У беларускай жа паэзіі ён трымаўся пасля таго яшчэ доўга. Аднак, калі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. Беларусь поўнасцю была далучана да Расіі і на яе літаратуру пачало непасрэдна ўплываць рускае пісьменства, сілаба-танічны верш пачынае пашырацца і ў нас. Ужо ў творах канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. (ананімныя “Песня беларускіх жаўнераў”, “Уваскрэсенне Хрыстова”, “Энеіда навыварат” В. Равінскага, “Тарас на Парнасе” К. Вераніцына і інш.) відаць, пры роўнай колькасці складоў у радках, больш-менш раўнамернае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў. У канцы ж ХІХ ст. у беларускамоўнай творчасці Янкі Лучыны і Ф. Багушэвіча сілабічны верш поўнасцю здае свае пазіцыі, а з пачатку ХХ ст. перастае ўжывацца зусім. Пачынае панаваць сілаба-тоніка.

Аднак у сённяшняй беларускай паэзіі свае функцыі гаспадыні сілаба-тоніка выконвае не адна. У яе ёсць два надзейныя памочнікі – літаратурны танічны верш і свабодны верш (верлібр).

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Раскажыце пра выдзяленне паэзіі з сінкрэтычнага мастацтва, пра самую раннюю, музычна-моўную, сістэму вершавання. 2. Раскрыйце сутнасць метрычнай (антычнай) сістэмы вершавання, назавіце яе асноўныя рытмастваральныя кампаненты, стопы і памеры. 3. У чым выявіўся ўплыў антычнага верша на пазнейшыя еўрапейскія сістэмы вершавання і вершазнаўства? 4. Што ўяўляе сабою народны верш? 5. Што характэрна для беларускай сілабікі і што ўплывае на рытм сілабічнага верша? 6. Раскажыце пра гісторыю сілабікі ў беларускай і рускай паэзіі. 7. Раскрыйце сутнасць рэформы Традзьякоўскага -- Ламаносава. Якім чынам яна паўплывала на беларускае вершаванне?


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: