Глава 20. Знакі прыпынку пры простай мове і цытатах

§ 63. Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры простай мове і цытатах

ГЛАВА 21. СПАЛУЧЭННЕ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ

§ 64. Правілы пастаноўкі спалучэнняў знакаў прыпынку

ГЛАВА 22. ПАСЛЯДОЎНАСЦЬ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ

ПРЫ СПАСЫЛКАХ

§ 65. Правілы паслядоўнасці знакаў прыпынку пры спасылках

РАЗДЗЕЛ І

АРФАГРАФІЯ

ГЛАВА 1

§* 1. Галосныя літары

________________________

*У гэтых Правілах параграфы (§) з’яўляюцца асноўнымі структурнымі элементамі, абазначаюцца арабскімі лічбамі з кропкай і маюць скразную нумерацыю. Параграфы аб’ядноўваюцца ў главы і падзяляюцца на пункты або абзацы (у выпадку, калі параграф складаецца з аднаго пункта). Глава можа складацца з аднаго параграфа.

1. У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.

2. Літары а, о, э, у пішуцца ў пачатку слова і пасля цвёрдых зычных для абазначэння адпаведных галосных гукаў. Галосная літара і пішацца ў пачатку слова, пасля зычных пішацца ы або і ў залежнасці ад цвёрдасці або мяккасці зычных. Літары е, ё, ю, я ў пачатку слова, у сярэдзіне слова пасля галосных і раздзяляльных знакаў абазначаюць на пісьме спалучэнні зычнага гука [й] з галоснымі [э], [о], [у], [а]: елка – [йэ]лка, яма – [йа]ма, юны – [йу]ны; мая – ма[йа], паёк – па[йо]к, паехаў – па[йэ]хаў, саюз –са[йу]з; сям'я – сям[йа], ён – [йо]н, аб'езд – аб[йэ]зд, льеш – л[йэ]ш, б'ю – б[йу].

3. Літара і абазначае спалучэнне гукаў [йі] толькі пасля галосных, апострафа, раздзяляльнага мяккага знака і [ў]: краіна – кра[йі]на, кроіць – кро[йі]ць, батарэі – батарэ[йі], круіз – кру[йі]з, аб'інець – аб[йі]нець, вераб'іны – вераб[йі]ны, куп'істы – куп[йі]сты, салаўіны – салаў[йі]ны. У пачатку слова яна можа абазначаць спалучэнне гукаў [йі], у іншых пазіцыях – галосны [і]: іней – [йі]ней, іх – [йі]х, але: імчаць –[і]мчаць, іржышча – [і]ржышча, іголка – [і]голка, Ірына – [і]рына, Ігнат – [і]гнат, іржаць – [і]ржаць.

4. Літары я, ё, е, ю, і пасля зычных абазначаюць мяккасць зычных і адпаведныя галосныя гукі [а], [о], [э], [у], [і]: сяду – [с'а]ду, мёд – [м'о]д, лета – [л'э]та, вязу – [в'а]зу, люты – [л'у]ты.

5. Кропкі над літарай ё абавязковыя. Кропка над літарай і малой абавязковая, над І вялікай у друкаваных тэкстах – не ставіцца, у рукапісных тэкстах кропка абавязковая.

§ 2. Літары о, ё

1. Літара о пішацца толькі пад націскам: год, кот, скрозь, шоўк, колас, мова, доўга, посуд, арол, шолах, плячо, дарога, разгортваць, дапамога, дадаткова, жніво, дэпо, водар, оканне, ода, оптам, ордэн, офіс, опера, Об, Одар, Орша, Омск, Обнінск, Осла, Оксфард, Орск, Токіа, Ватэрлоа, партфоліа.

2. Літара ё пішацца пад націскам: біёлаг, сацыёлаг, трыёд, шпіён, іён.

Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапірын, ётацыя, ётаванне.

3. Літара ё пішацца ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляецца радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна.

Калі першая частка складанага слова ўтворана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з'яўляецца злучальнай галоснай: радыебіялогія, радыеактыўнасць, радыеметрычны, радыеізатоп і пад. У першым складзе перад націскам у гэтым выпадку пішацца я: радыяметрыя, радыяхімія, радыялогія, радыяграфія.

4. Спалучэнні галосных іо пад націскам і іа не пад націскам у сярэдзіне слоў іншамоўнага паходжання перадаюцца як іё (ыё), ія (ыя): біялогія, сацыялогія, шпіянаж, аўдыявізуальны, варыяскапічны, варыяфільм, медыя, а таксама радыё; але: эфіоп, ніобій, ніобіевы, дыоптрыя, Іосіф, Іоў, Іона, Іасафат.

У слове дыета пішацца спалучэнне галосных ые. На стыку прыстаўкі і кораня захоўваецца ыэ: дыэтан, дыэлектрык.

§ 3. Літары э, е

1. Літара э пішацца:

у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх;

пасля прыстаўнога г у слове гэты і вытворных ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй і назвах літар (бэ, вэ і пад.);

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц]: жэрдка, жэмчуг, шэры, нашэсце, чэрствы, чэк, нараджэнне, абуджэнне, рэкі, рэзаць, халадэча, сардэчны, пустэча, мястэчка, цэны, у руцэ.

2. У словах іншамоўнага паходжання літары э, е як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем:

у пачатку слова: эра, эсэ, эўрыка, эпас, этыка, Эўклід, Эўрыпід, Эліста; але егер, ерась, ерэтык, Еўропа, еўрапейскі, Еўпаторыя, еўпатарыйскі, Ерэван, ерэванец, Еўфрат;

у канцы нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, кабернэ, фрыкасэ, плісэ, каратэ, дэкальтэ; Струвэ, Мерымэ, Эйвэ, Хасэ, Морзэ, Табідзэ, Брыгвадзэ, Каба-Вэрдэ, Душанбэ, Сан-Тамэ, але: камюніке, сальта-мартале, філе, піке.

3. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, пэйджар, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс, пішуцца з э, а медаль, нерв, менеджар, парламент, перспектыва, газета, сервіз – з літарай е.

§ 4. Перадача акання на пісьме

1. Галосныя гукі [о], [э] ў ненаціскным становішчы чаргуюцца з [а]: дом – дамы, мова – маўленне, цэгла – цагляны, шэпт – шаптаць.

2. Незалежна ад паходжання слова гук [о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а], што перадаецца на пісьме: гара, вада, баранаванне, колас, холад, балота, Бандарэнка, Коханава, Кунцава, Гамер, Сакрат, арганізацыя, педагагічны, электарат, харэаграфія, заалогія.

Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, ло, якія чаргуюцца з ры, лы: кроў – крыві – крывавы, дровы – дрывотня, крошка – крышыць, бровы – брыво, гром – грымоты – грымець, брод – брысці, глотка – глытаць, блохі – блыха.

3. У словах славянскага паходжання і запазычаннях, цалкам адаптаваных у беларускай мове, галосны [э] ва ўсіх ненаціскных складах чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: стрэхі – страха, шэры – шарэць, чэргі – чарга, крэмль – крамлёўскі, жэмчуг – жамчужына, арэнда – арандаваць, майстэрня – майстар.

Ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання – пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно, Чарапавец, Жамчужнікаў, Чарнышэўскі, Шаўчэнка, Чалюскін, літара, транслітара-цыя.

4. Перадача на пісьме [э] ў іншых словах іншамоўнага паходжання ў ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі:

у пачатку слова [э] перадаецца на пісьме літарай э ў адпаведнасці з беларускім вымаўленнем: эканомія, экзамен, экватар, этажэрка, элемент. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменаваць, трохэлементны, квінтэсэнцыя;

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц] пішацца э: жэтон, Жэнева, Жэрар, жэлацін, чэкмень, рэспубліка, рэформа, Рэмарк, рэклама, рэактар, рэвізія, агрэгат, рэжым, рэкорд, рэестр, рэвалюцыя, цэнтралізм, цэвіта, дэталь, гардэроб, Дэтройт, Дэфо, дэлегат, дэманстрацыя, ордэн, тэорыя, тэатр, тэлеграф, тэлефон, ветэран, катэт, тэрмометр, тэарэма.

5. У запазычаных словах напісанне э і а пасля іншых зычных рэгулюецца слоўнікам: панэль, але: шынель; сэнсарны, але: сектанцкі.

6. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп'ютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсвітар.

§ 5. Правапіс літар о, э, а ў складаных словах

1. У складаных словах можа быць адзін націск, два і больш (асноўны і адзін або некалькі пабочных). Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: асно̀вапалажэнне, баво̀ўнапрадзільны, во̀гнетрывалы, во̀даразмеркаваль-нік, ваго̀нарамонтны, во̀̀стракамбінацыйны, высо̀каідэйны, гало̀ўнакаман-дуючы, ко̀рманарыхтоўка, ко̀негадоўля.

2. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзей, скараход, салявар, дабраякасны, галаваломка, вадасховішча, малатабоец, бамбасховішча, раўнапраўе.

Літара о захоўваецца, калі першай часткай складанага слова з’яўляюцца слова-, што-: словатворчасць, штодзённы, штомесяц, штогод.

3. О пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца на ў (у нескладовае): марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка.

4. Лічэбнікі ад 200 да 900 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх скланяецца і першая частка. Літары э, о, е, я пішуцца ў гэтых словах у залежнасці ад месца асноўнага і пабочнага націску ў склонавых формах.

Напрыклад*:

Н. дзвéсце трыста чатырыста пяцьсот

Р. двухсóт тро̀хсот чатыро̀хсот пяцісот

Д. двумстáм тро̀мстам чатыро̀мстам пяцістам

В. дзвéсце трыста чатырыста пяцьсот

Т. двумастамі трымастамі чатырмастамі пяццюстамі

М. двухстах тро̀хстах чатыро̀хстах пяцістах

Н. шэ̀сцьсот сѐмсот во̀семсот дзевяцьсот

Р. шасцісот сямісот васьмісот дзевяцісот

Д. шасцістам сямістам васьмістам дзевяцістам

В. шэ̀сцьсот сѐмсот во̀семсот дзевяцьсот

Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі дзевяццюстамі

М. шасцістах сямістах васьмістах дзевяцістах

________________________

*Прыклады, якія прыводзяцца ў гэтых Правілах, не могуць разглядацца як падрадковыя заўвагі да пунктаў, часткі ці абзацы пунктаў.

5. Гук [э] ў першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.

6. У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і якога-небудзь іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасціствольны, шасцісоты, шасцідзёнка, сямігодка, сямікласнік, васьмігадовы, васьмісоты, дзевяціградусны, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы.

7. Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: паравозавагонарамонтны, авіяматорабудаванне, аэрафотапрыбор.

§ 6. Перадача якання на пісьме

1. Галосныя е, ё ў першым складзе перад націскам абазначаюцца на пісьме літарай я: землі – зямля, зелень – зялёны, сем'і – сям'я, сёлы – сяло, сёстры – сястра, вёслы – вясло, вёска – вясковы, елка – яліна, ездзіць – язда, ёмкі – ямчэй, ёрш – ярша, лён – лянок, мёд – мядок, дзень – дзянёк, лес – лясны, снег – снягі, вецер – вятры, сцены – сцяна, дзевяць – дзявяты, дзесяць – дзясяты, сем – сямнаццаць, восем – васямнаццаць, цецерукоў - цецярук, перанесці – перанясу.

У астатніх ненаціскных складах е захоўваецца: селянін, зеляніна, вестуны, леснікі, векавечны, верацяно, нерухомы, безупынны, возера, весела, восем, заедзь, высветліць, выехаць, восень, цемень, дзевятнаццаты, дзесятковы.

2. Літара я пішацца ў першым складзе перад націскам у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў: Бялынічы, Лемяшэвічы, Нява, Пячэнга, Аляксандр, Сярго, Бялінскі, Няхода, дзяжурства, каляндар, яфрэйтар, сяржант, Ялец, Яршоў, Яфім.

3. Літара е захоўваецца ў складаных лічэбніках сѐмсот, во̀семсот, паколькі кожная частка ў іх мае свой націск, параўн.: сѐмсот – сямісот, во̀семсот – васьмістам.

Заўсёды захоўваецца е ў першым складзе перад націскам пасля заднеязычных г, к, х: герой, Герасім, кераміка, Кетлінская, Херсон.

4. Не і без, калі яны стаяць асобна, заўсёды пішуцца з літарай е, напрыклад: не быў, не браў, не ідзе, без меры, без жартаў, не спыніць, без прычыны, не без вынікаў, не без работы.

Пры напісанні разам не і без становяцца часткай слова і падпарадкоўваюцца агульным правілам напісання галосных літар е, я ў беларускіх словах: няхай, нястомна, няштатны, бязмежны, бязлюдны, бясконца, але: непісьменны, безупынны, безапеляцыйны, бескарысны, беспаваротны.

5. Літара я пішацца ў некаторых каранях слоў нязменна: віцязь, сувязь, заяц, яравы, вязаць, повязь, мяккаваты, цягавіты, цяжкаваты, святкаваць, месяц, пояс, памяць, дзевяць, дзесяць, тысяча, завязь, Бесядзь, Прыпяць; япрук – япрука, япруковы; ядловец – ядлаўцоўка, ядлаўцовы.

6. Літара я пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (роўнядзь, боязь, дробязь) і дзеясловаў (лаяць, веяць, сеяць, кашляць, баяць, муляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (лаянка, веялка, сеялка).

§ 7. Правапіс е, ё, я ў складаных словах

1. У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім складзе націск у другой частцы: сенакасілка, серпадзюб, верхнеазёрскі, белабрысы, землетрасенне, светапогляд, свежавымыты, свежамарожаны, сенажаць.

2. Калі першай часткай складаных слоў з’яўляецца аснова велік- / вялік-, то напісанне літар е або я залежыць ад таго, які склад у другой частцы націскны: калі першы, то пішацца е, калі другі, то пішацца я: велікадушны, велікарускі, велікамучанік, велікасвецкі; Вялікабрытанія, вялікадзяржаўны, вялікагаловы.

3. У першай частцы складанага слова літара ё захоўваецца пры націску не на першым складзе другой часткі і замяняецца на е, калі націск на першым складзе другой часткі: лёгкаатлетычны, лёдадрабілка, мёртванароджаны, мёдаварэнне; ледарэз, медагонка, легкадумна.

4. У складаных словах злучальныя галосныя о, ё пішуцца толькі пад націскам, а – у любым ненаціскным складзе: ільновалакно, Вадохрышча, куродым, геліёграф, радыёметр, марозаўстойлівы, прыборабудаўнічы.

5. Злучальная галосная е ў складаных словах пераходзіць у я, калі націск на першым складзе другой часткі складанага слова: баяздольны, зерняўборачны, зернясховішча, земляроб, жыццярадасны, крывятворны, але: боепрыпасы, жыццеапісанне, землекарыстанне, зернебабовы.

Складанаскарочаныя словы пры напісанні звычайна разглядаюцца як простыя словы з адным націскам: зямфонд, лясгас, салякоп, кулямёт.

§ 8. Прыстаўныя галосныя і, а

1. Прыстаўная галосная і пішацца:

у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы;

у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першымі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці папярэдняга слова, што заканчваецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна; Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Я. Купала). Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (Я. Колас). Няхай наша дружба цвіце, каб сонцам ірдзелі пуціны (Я. Колас). Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара і не пішацца, напрыклад: Не чакай, што ржа з гадамі паесць ланцугі... (Я. Купала). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (Я. Колас).

2. У словах з каранёвым о можа з'яўляцца прыстаўная галосная а: імшара і амшара, іржаны і аржаны, іржышча і аржанішча.

3. Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і і а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, заржаць, зардзецца, замглёны, замшэлы, прымчацца, вакамгненна.

ГЛАВА 2 ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ

§ 9. Зычныя літары

1. Для абазначэння зычных гукаў у беларускай мове выкарыстоўваецца 21 літара: б, в, г, д, ж, з, й, к, л, м, н, п, р, с, т, ў, ф, х, ц, ч, ш.

2. Асобныя гукі не маюць спецыяльных літар: афрыкаты [дж], [дз] і [дз'] перадаюцца на пісьме адпаведна спалучэннямі літар д і ж, д і з: хаджу, ваджу, ксяндзы, пэндзаль, хадзіў, вадзіў, дзюны.

3. Гук [j] перадаецца або літарай й (на канцы склада пасля галосных: рэйка, май), або літарамі е, ё, і, ю, я, якія адпаведна абазначаюць спалучэнні гукаў [йэ], [йо], [йі], [йу], [йа] – у пачатку слова, пасля галосных, апострафа, раздзяляльнага мяккага знака і ў: яма, ёмкі, ехаць, іней, юшка; аб'ява, альянс, маянэз, пад'ём, медальён, маёр, пад'ехаць, уецца, салаўі, раз'юшаны, салью, уюн, саўю.

§ 10. Правапіс звонкіх і глухіх зычных

1. Чаргаванне звонкіх і глухіх зычных (акрамя прыставачнага з) на пісьме не адлюстроўваецца. Для праверкі правільнасці напісання звонкіх і глухіх зычных трэба змяніць слова ці падабраць іншае аднакарэннае слова, каб пасля зычнага, які патрабуе праверкі, быў галосны або зычныя р, л, м, н, в: рыбка – рыба, шапка – шапак, магчы – магу, кладка – кладак, даведка – даведацца, дзядзька – дзядзечка, хадзьба – хадзіць, важкі –важыць, казка – казаць, каска – касак, суткі – сутак, просьба – прасіць, касьба – касіць, носьбіт – насіць, малацьба – малаціць, рубчык – рубец, паўзці – паўзу, малодшы – малады, хлеб – хлеба, рог – рога, дзед – дзеда, поезд – поезда, роўнядзь – роўнядзі, сядзь – сядзі, нож – нажа, маж – мажаш, лістаж – лістажу, воз – воза, мазь – мазі, дождж – дажджу, плашч – плашча, рэж – рэжу, а таксама розаг – розгі, мозг – мазгі, лязг – лязгаць, грыб – грыбны, грыбніца, бег – беглы, бегма, загадка – загадны, загадваць, ножка – нажны, мок – мокры, намоклы, пах – пахнуць, прапахлы, выкуп – купляць, пакупнік, выйгрыш – выйгрышны. Словы лязг, лязгаць маюць варыянты ляск, ляскаць.

2. Правапіс уласнабеларускіх і запазычаных слоў, у якіх напісанне звонкіх і глухіх зычных нельга праверыць, вызначаецца па слоўніку: футбол, баскетбол, вакзал, айсберг, струбцына, экзамен, афшор.

§ 11. Зычныя д, т і дз, ц

1. Чаргаванне цвёрдых зычных гукаў [д], [т] з мяккімі [дз'], [ц'] (дзеканне і цеканне) адлюстроўваецца на пісьме: замест д, т перад е, ё, і, ю, я пішацца адпаведна дз, ц: гарады – у горадзе, народы – у народзе, сады – у садзе, іду – ідзём, вяду – вядзі, вада – вадзяны, грудны – грудзі, люду – людзі, варта – на варце, хата – у хаце, чысты – чысцюткі, выток – выцякаць, карта – на карце, катлы – кацёл, тру – церці, шосты – шэсць, пяты – пяць, латынь – лацінка.

2. Чаргаванне [д], [т] з [дз'], [ц'] адбываецца перад мяккім [в']: два – дзве, дзвесце, рута – руцвяны, мёртвы – мярцвяк, чатыры – чацвёрты, чэрствы – счарсцвелы.

Літара ц і дыграф дз перад мяккім [в'] пішуцца згодна з вымаўленнем у словах: дзверы, мядзведзь, бацвінне, цвёрды, цвярозы, цвік, цвілы, цвісці, цвід, цвіндэк, ліцвін, ліцвінка, яцвяг, Мацвей, Мацвеенка, Бацвіннік і інш. Выключэнне: твіст.

3. Гукі [д] у канцы прыстаўкі і [т] у складзе суфікса перад мяккім [в'] захоўваюцца нязменна і на пісьме перадаюцца адпаведна літарамі д і т: адвезці, у таварыстве, у агенцтве, у выдавецтве, аб прыродазнаўстве, у грамадстве, у братэрстве.

Гук [т] захоўваецца нязменна і на пісьме перадаецца літарай т перад мяккім [в'] у аддзеяслоўных назоўніках і ў словах, вытворных ад іх: бітва – у бітве, брытва – брытве, брытвенны, клятва – клятве, клятвенны, пітво – у пітве, паства – у пастве. Літары д і т захоўваюцца таксама ў некаторых іншых словах: мардва – мардве, мардвін, Мардвінаў, Літва – у Літве.

4. У словах іншамоўнага паходжання (а таксама ў вытворных ад іх) цвёрдыя д, т, як правіла, захоўваюцца нязменна: літаратура, майстар, рэйсфедар, дэлегат, дэманстрацыя, матэрыял, універсітэт, кватэра, тэхніка, медыцына, апладысменты, індык, тыраж, скептык, ерэтык, пластык, тэарэтык, авантура, дыктатура.

5. Перад суфіксамі і злучэннямі суфіксальнага паходжання -ін-, -ір-,

-ёр-, -еец, -ейск- у словах іншамоўнага паходжання, а таксама ў словах, вытворных ад іх (у тым ліку перад памяншальным суфіксам -ік-), [д] і [т] чаргуюцца з [дз'], [ц'], што і адлюстроўваецца на пісьме: сульфіды – сульфідзін, камандаваць – камандзіроўка, камандзір, Індыя – індзеец, індзейскі (але: індыец, індыйскі, індыйцы), гвардыя – гвардзеец, гвардзейскі, мантаж – манцёр, манціроўка, манціровачны, акцёр –актрыса, білет – білецёр; эпізод – эпізодзік, жакет – жакецік, білет – білецік.

6. Дз, ц пішуцца ў некаторых словах, правапіс якіх вызначаецца па слоўніку: мундзір, гетэрадзін, дзюна, дзюшэс, бардзюр, арцель, арцішок, цір, цітр, эцюд, цюль, нацюрморт, уверцюра, накцюрн, цюркскі, цюльпан, каранцін, лацінскі (але: латынь).

7. Д, т або дз, ц пішуцца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем у імёнах уласных: Дадэ, Дэфо, дэ Бальзак, Дэтройт, Палесціна, Тэкля, Тэрэза, Тэвасян, Тэкерэй, Атэла, Шаптыцкі, Тэлаві, ”Юманітэ“, Дзяніс, Гарыбальдзі, Дзясна, Барадзіно, Уладзівасток, Градзянка, Дзвіна, Плоўдзіў, Хрысціна, Цютчаў, Кацюбінскі, Вучэціч, Целяханы, Цімкавічы, Ціхвін, Быцень, Церак, Цюмень, Цюрынгія, Поці, Таіці, Гаіці і інш. Правапіс такіх слоў вызначаецца па слоўніку.

§ 12. Некаторыя cпалучэнні зычных

1. У асобных словах адбылося спрашчэнне груп зычных: спалучэнні здн, згн, стн, скн, стл, рдн, лнц, рдц вымаўляюцца як зн, сн, нц, сл, рн, рц, што і адлюстроўваецца на пісьме:

здн – зн: праязны, выязны (параўн.: прыезд, выезд), позна, спазніцца, Познышаў;

згн – зн: бразнуць (параўн.: бразгаць), але ў слове абрызгнуць спалу- чэнне згн не спрасцілася;

лнц – нц: сонца, сонечны, Сонцаў (параўн.: сланечнік);

стн – сн: бязлітасны (параўн.: літасць), пачэсны (параўн.: чэсць), ненавісны (параўн.: нянавісць), існаваць (параўн.: істота), скарасны (параўн.: скорасць), колькасны (параўн.: колькасць), абласны (параўн.: вобласць), капусны (параўн.: капуста), посны (параўн.: пост), гуснуць (параўн.: густы, гусцець), абвесны (параўн.: абвестка, абвясціць), месны (параўн.: змястоўны, месца); тое ж у запазычаннях: кантрасны (параўн.: кантраст), кампосны (параўн.: кампост), фарпосны (параўн.: фарпост);

скн – сн: бліснуць (параўн.: бліскаць, бліскавіца, бляск), пырснуць (параўн.: пырскаць), пляснуць (параўн.: пляскаць), ляснуць (параўн.: ляскаць), трэснуць (параўн.: трэскаць), але: віскнуць, націскны;

стл – сл: жаласлівы (параўн.: жаласць), шчаслівы (параўн.: шчасце), карыслівы (параўн.: карысць), няўрымслівы (параўн.: урымсціцца), помслівы (параўн.: помста), паслаць (параўн.: пасцялю, пасцель);

рдн – рн: міласэрны, міласэрнасць (параўн.: сардэчны);

рдц – рц: сэрца, сэрцайка (параўн.: сардэчны).

2. Спалучэнні зычных [ск], [ст], [c'ц'] на канцы кораня слова, могуць чаргавацца з [шч], што і перадаецца на пісьме: воск – вашчыць, густы – гушчар, хрысціць – хрышчоны, Мінск – Міншчына, Віцебск – Віцебшчына, Глуск – Глушчына. Калі ж каранёвае с стаіць побач з суфіксальным к, якое можа чаргавацца з ч, то спалучэнне гукаў [с] і [ч] (у вымаўленні – [шч]) перадаецца як сч. Напісанне сч захоўваецца і ва ўсіх вытворных словах: пясчынка, пясчанік, супясчаны, супясчанік, брусчатка.

3. Спалучэнне зычных дт на канцы слоў іншамоўнага паходжання перадаецца праз т: Гумбальт, Кранштат, Брант, Рэмбрант, Шміт, Клот.

§ 13. Прыстаўныя і ўстаўныя зычныя

1. Прыстаўная літара в пішацца перад націскным о:

у пачатку слоў: возера, вольха, восень, воспа, вось, вокны, вотчына, войкаць, вобад, воблака, вобласць, востраў, Вогненная Зямля, Вольга і інш., у вытворных ад іх словах пасля прыставак: абвостраны, адворваць, павойкаць, увосень, але: окаць (і вытворныя ад яго), одум. Пры змене месца націску о пераходзіць у а, і прыстаўная в у гэтых словах не пішацца;

перад прыстаўкамі о-, об-, од- (от-): вокіс, вокісел, воклік, вокліч, вокрык, вопыт, вобземлю, вобмацкам, вобраз, вобыск, водгалас, водгук, воддаль, водзыў, вопіс, водпаведзь, водпуск, водсвет, водступ, вотруб'е і інш., а таксама навобмацак, наводдалек, паводле, наводшыбе і інш.;

у запазычаных словах: вохра, воцат і вытворных ад іх: вохрыць, павохрыць, воцатнакіслы і інш.

2. У формах слоў вока, востры, восем, вакол і вытворных ад іх прыстаўная в захоўваецца незалежна ад месца націску: вачэй, вачамі, завочны, увачавідкі, уваччу; вастрыць, вастрыня, завастрэнне; васьмёра, ваколіца, наваколле, ваколічны.

3. У сярэдзіне слова ў беларускіх уласных назвах перад націскным о пішацца ўстаўная літара в: Ларывон, Лявон, Лявончанка, Лявонаўка, Радзівон, Радзівонаў і інш.

4. Прыстаўное в не пішацца ў запазычаных словах перад пачатковым націскным [о]: опера, оперны, обер, ода, Оксфард, о̀мметр, ордэн, офіс, Оскар і інш.

5. Прыстаўная літара в пішацца:

перад націскным каранёвым у на пачатку слова: вугал, вуда, вугаль, вуж, вузел, вузы, вуліца, вунь, вус, вусны, вуха, вучань, а таксама ў формах такіх слоў і вытворных ад іх незалежна ад месца націску: абвуглены, камѐннавугольны, чатыро̀хвугольнік, завулак, навудзіць, вудзільна, вузлы, вузлаваты, вусаты, чарнавусы, вусач, вучыцца, навука, навучальны, педвучылішча, вушэй, вушамі, завушніцы, лапавухі, залатавуст і інш.;

перад прыстаўкамі у-, уз- (ус-): вусціш, вусцішна, вупраж, вусцілка.

6. Устаўная літара в пішацца:

перад націскным у ў сярэдзіне слоў: павук, цівун, каравул, есавул, а таксама ў формах такіх слоў і вытворных ад іх незалежна ад націску: павукі, павуцінне, павучок, цівуном, есавульскі, каравульны;

перад у ў сярэдзіне слова ў беларускіх уласных назвах: Матэвуш, Матэвушаў, Навум, Навуменка, Навумовіч, Навумчык, Навумаўка, Тадэвуш.

7. Прыстаўная літара в не пішацца перад націскным [у]:

у словах іншамоўнага паходжання: угра-фінскі, ультра, ультрафіялетавы, унтэр, унікум, унія, урна, але: вустрыца;

перад пачатковым [у] ва ўласных назвах: Ульяна, Ула, Умань, Уздзенскі раён, Узда, Урал, Узбекістан, Украіна, Ухань, Уэльс і інш.

8. Прыстаўная літара г пішацца ў займенніках гэты, гэтакі, гэтулькі і ў прыслоўях гэтак, гэтаксама, дагэтуль, адгэтуль.

З прыстаўной літарай г могуць пісацца выклічнікі: гэй! го! га! У словах іншамоўнага паходжання перад пачатковым і прыстаўное г не пішацца: іронія, істэрыя, Іспанія.

§ 14. Нескладовае ў

1. Нескладовае ў пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем пасля галосных:

пры чаргаванні [у] з [ў]:

на пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі ”ўра“ (крык ”ура“), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў);

на канцы склада: паў-за, маў-зер, каў-чук, аў-кцыён, аў-дыенцыя, аў-дыякасета, аў-ра;

пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны, коўзкі, маўляў, моўчкі, паўпрэд, паўметра, боўтаць, але: кол, вол, анёл, выстрал, скандал, вэрхал, палка, памылка, сеялка, алкаголь, Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай, Балгарыя;

пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві), любоў (любові), кароў (карова), гатоў (гатовы), аўчына, маўр, аўторак, каўбой, аўгур, Саўмін, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы стайні, але: краіна Влахія, краіна В’етнам, рэчка Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян.

2. Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да урны, Брэсцкая унія, піва ужгарадскае, жанчыны ульчы, групоўка ультра, норма і узус, насілі унты, чулася уханне, аул, баул, аукаць, выклічнікі у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!).

3. Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.

4. Гук [у] на пачатку ўласных назваў перадаецца вялікай літарай У без надрадковага значка: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), ва Украіне (за ўкраінцаў), пасля Указа Прэзідэнта (падпісаны ўказы), імёны Уладзімір, Уладзіслаў, Усяслаў.

§ 15. Нескладовае й

1. Гук [і] пасля прыставак на галосны чаргуецца з [й] і перадаецца на пісьме літарай й:

у словах з коранем іс-ці, ігр-аць, ім-я, інач-ай на месцы ненаціскнога пачатковага каранёвага [і]: зайсці, знайсці, прыйсці, пайшоў, выйду, увайсці, выйшаў, прыйшоў, выйграць, зайграць, перайграць, выйгрыш, перайменаваць, найменне, займенны, займеннік, пайменны, перайначыць, перайначванне;

у словах займаць, наймаць, пераймаць, перайманне, праймаць.

У астатніх выпадках пачатковы каранёвы [і] захоўваецца пасля прыставак на галосны: заіскрыцца, заікацца, заінець, праіснаваць, заінтрыгаваць, праілюстраваць, праінфармаваць, неістотны; Прыіртышша, Заішым'е, Заілійскі, праіранскі.

2. У словах, вытворных ад дзеясловаў ісці, іграць з прыстаўкамі на зычны (аб-, ад-, над-, раз-, уз- і інш.), [і] чаргуецца з [ы]: абышоў, узышоў, абысці, надысці, падысці, разысціся, падыграць, абыграць і інш.

3. У сярэдзіне запазычаных слоў, у тым ліку ва ўласных назвах, літара й пішацца толькі перад зычнымі: дызайн, Кландайк, Драйзер, Айні, лайнер, камбайн, але: фае, Мая.

У пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й] + галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Яганесбург, Якагама, Емен, еменец, ёркшырскі, маёр, маярат, маянэз, раён, Ёжэф, Нью-Ёрк.

§ 16. Падоўжаныя і падвоеныя зычныя

1. На пісьме падоўжаныя зычныя ж, з, л, н, с, ц, ч, ш, якія стаяць паміж галоснымі, абазначаюцца падвоеным напісаннем адпаведных літар: замужжа, Залужжа, раздарожжа, маззю, колле, наваколле, карэнне, вараннё, двукоссе, калоссе, суквецце, ноччу, зацішша, узвышша, мышшу, ружжо, рыззё, насенне, вяселле, жыццё, ламачча, піццё, мыццё, забыццё, адкрыццё, свацця, куцця, Уручча, пяццю, дзесяццю, пяццюдзесяццю, пятнаццаццю.

Падоўжаны гук [дз'] перадаецца спалучэннем літар ддз: суддзя, разводдзе, ладдзя, пападдзя.

2. У словах іншамоўнага паходжання і вытворных ад іх, у тым ліку і ва ўласных назвах, падвоеныя літары звычайна не пішуцца: граматыка, група, калектыў, калекцыя, сума, карэспандэнт, каса, касір, тэрыторыя; піца, саміт; Ала, Васа, Генадзь, Іна, Нона, Іпаліт, Кірыл, Адэса, Калькута, Марока, Ніца, але: бонна, донна, дурра (расліна), манна, панна, ванна; Ганна, Жанна, Мекка і інш. Напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку.

3. Ва ўласных назвах падоўжанае вымаўленне зычных адлюстроўваецца на пісьме: Аўгіння, Аксіння, Анісся, Аўдоцця, Наталля, Таццяна, Усціння, Фядосся, Траццякоўка; Краснаполле, Залессе, Закарпацце і інш., але: Ілья, Емяльян, Касьян, Ульян, Ульяна, Юльян, Юльяна, Традзьякоўскі і ўсе вытворныя ад іх: Ільін, Ільіч, Ільінскі, Ільічоўка, Ульянаў, Ульянаўск, ульянаўскі і інш.

ГЛАВА 3 ПРАВАПІС МЯККАГА ЗНАКА І АПОСТРАФА

§ 17. Змякчальны мяккі знак

1. Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д):

для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага на канцы слова: мядзведзь, дзень, соль, вось, чытаць, пісаць, стань, кінь, лезь, шэсць, дзесяць, штось, дзесь, кудысь, чагось, вішань, кухань, соцень, песень;

для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад цвёрдым зычным: дзядзька, бацька, касьба, барацьба, пісьмо, Вязьма, Кузьма, восьмы, цьма;

для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад наступным мяккім зычным тады, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго іншым словам таго ж кораня) гэты мяккі зычны становіцца цвёрдым, а папярэдні зычны захоўвае сваю мяккасць: барацьбе, барацьбіт (барацьба), пісьменнік (пісьмо), васьмі, васьмю (восьмы), цьмяны (цьма). Калі ж пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго іншым словам таго ж кораня) мяккасць папярэдняга зычнага не захоўваецца, то мяккасць гэтага зычнага мяккім знакам на пісьме не абазначаецца: дзве – два, шэсць – шосты, звінець – звон.

2. Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у дзеясловах загаднага ладу:

перад канчаткам першай асобы множнага ліку -ма: кіньма, сядзьма, станьма;

перад канчаткам другой асобы множнага ліку -це: будзьце, кіньце, сядзьце, станьце, намыльце;

перад зваротнай часціцай -ся: кінься, звесься.

3. Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у назоўніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: коньмі, людзьмі, грудзьмі, дзецьмі.

4. Мяккі знак пішацца:

у складаных лічэбніках: пяцьдзесят, шэсцьдзесят, пяцьсот, шэсцьсот, дзевяцьсот;

у часціцы -сьці, якая ўваходзіць у склад слова: штосьці, чагосьці, кудысьці, дзесьці, чамусьці, якісьці;

у слове ледзьве.

5. Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [л] перад зычнымі: пальцы, кольцы, відэльцы, сальца, вальцы, колькі, толькі, гульні, вельмі, Альф’еры, Мангальф’е, дар’яльскі (Дар’ял), венесуэльскі (Венесуэла), лепельскі (Лепель), лільскі (Ліль), бразільскі (Бразілія).

6. Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н]:

перад суфіксам -к-, а таксама перад суфіксам -чык- (калі слова без суфікса -чык- заканчваецца мяккім знакам): песенька, вішанька, нянька (і няньчыць); каменьчык (камень), праменьчык (прамень), карэньчык (корань), агеньчык (агонь);

перад суфіксам -ск- у прыметніках і ва ўласных назвах, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім н: студзеньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, снежаньскі; а таксама Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа;

у суфіксе -еньк- (-эньк-, -аньк-): маленькі, даражэнькі, прыгожанькі.

7. Мяккі знак не пішацца:

пасля шыпячых (ж, дж, ч, ш), р, ц (не з т мяккага) і д, т, а таксама пасля губных б, п, м, в, ф: дождж, ноч, мыш, цар, купец, д’ябал, голуб, п’едэстал, сям’я, В’етнам, верф;

пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі, калі пры змене формы таго ж слова або пры замене яго іншым словам таго ж кораня нельга паставіць гэтыя з, с, ц, дз перад цвёрдым зычным: песня – песні – песнямі, звер – зверам – звяроў, свет – свяціць – асвятленне, дзверы – дзвярэй, чацвер – чацвяргом, чацвёрты – чацвярціна – чацверыком, цвёрды – сцвярджаць; схіліцца, скінуць, ёсць, Дзвіна, Дзмітрый; але: носьбіт;

пры падаўжэнні зычных: насенне, ралля, галлё, калоссе, а таксама ззяць;

у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чаньчунскі (Чань-Чунь), цяньшанскі (Цянь-Шань).

§ 18. Раздзяляльны мяккі знак і апостраф

1. Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных л, с, ц (з мяккага т), дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён, більярд, дасье, пасьянс, разьянскі, Лавуазье, парцье, парцьера, ранцье, Фацьян, Тэнардзье, мадзьяры, кастаньеты, Тэньер, каньён, каньяк, павільён, Нью-Ёрк, Тасіньі, Авіньі, Сеньі, канферансье, манпансье, Дзьюі, Карбюзье.

2. Ва ўласных назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, с, ц, дз, н, з перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца мяккі знак: Васільеў, Васільевіч, Васільеўка, Васільеўскі востраў, Арсеньеў, Арсеньевіч, Афанасьевіч, Кандрацьеў, Кандрацьевіч, Аркадзьеў, Аркадзьевіч.

3. Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца і (ы): Георгіеў, Георгіевіч, Акакіевіч, Яўціхіеў, Яўціхіевіч, Іракліевіч, Яўлампіевіч, Ануфрыеў, Ануфрыевіч, Ануфрыеўка, Дзмітрыеў, Дзмітрыевіч; але: Вікенцьеў, Вікенцьевіч, Лаўрэнцьеў, Лаўрэнцьевіч, Кліменцьевіч і інш.

4. Апостраф пішацца пры раздзельным вымаўленні зычных з наступным галосным:

пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад'езд, аб'ём, аб'ява, аб'яднацца, пад'ёмны, раз'юшыцца, між'ярусны, аб'інець, уз'яднанне, ад'ютант, ін'екцыя, кан'юнктура;

у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, шыпячых ж, дж, ч, ш, зубных д, т і р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б'ецца, куп'ё, п'юць, сям'я, Дзям'ян, вераб'і, В'етнам, саф'ян, Лук'ян, К'ёга, Мантэг'ю, Х'юстан, Буш'е, Аж'е, Ч'япа, д'ябал, інтэрв'ю, куп'істы, Пракоф'еў, Пракоф'евіч, бар'ер, надвор'е, Мар'іна Горка, Грыгор'еў, Юр'еў, Д'еп, Камп'ен.

5. Апостраф не пішацца пасля ў (нескладовага) перад літарамі е, ё, і, ю, я: абаўецца, саўюць, салаўі; у складаных словах, у тым ліку, калі іх часткі пішуцца праз злучок: цэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва, трэд-юніёны.

ГЛАВА 4 Правапіс абрэвіятур

§ 19. Правапіс абрэвіятур

1. У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарсавет (гарадскі), прафсаюз (прафесійны), дзяржцырк (дзяржаўны), прамкамбінат (прамысловы), нарсуд (народны), галоўурач (галоўны), генплан (генеральны), Еўрасаюз (еўрапейскі), заапарк (заалагічны), музвучылішча (музычнае); Белдзяржпраект (беларускі, дзяржаўны), Беллітфонд (беларускі, літаратурны), райбудкантора (раённая, будаўнічая), Галоўбудмехмантаж (галоўны, будаўнічы, механізаваны); педфак (педагагічны факультэт), камбат (камандзір, батальён), Белгалоўсельбуд (беларускі, галоўны, сельскі, будаўнічы), Белдзяржпраект (беларускі, дзяржаўны), Гомсельмаш (Гомельскі, сельскі, машынабудаванне), ваенкамат (ваенны камісарыят), эсмінец (эскадраны мінаносец), рацыя (радыё, станцыя), райана (раённы аддзел народнай адукацыі), Цэнтрвыбаркам (цэнтральны выбарчы камісія), прафкам (прафсаюзны камітэт), ваенкам (ваенны камітэт), гарвыканкам (гарадскі выканаўчы камітэт), селькар (сельскі карэспандэнт), юнкар (юны карэспандэнт), член-кар. (член-карэспандэнт), газпрам (газавая прамысловасць), лясгас (лясная гаспадарка), рыбгас (рыбная гаспадарка), Беларусбанк (беларускі банк).

2. Літарныя, гукавыя і абрэвіятуры змешанага тыпу звычайна пішуцца вялікімі літарамі без кропак, злучкоў і апострафаў: АМАП (атрад міліцыі асобага прызначэння), БДУ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), ВНУ (вышэйшая навучальная ўстанова), ЗША (Злучаныя Штаты Амерыкі), ЗШБ (Злучаныя Штаты Бразіліі), РВУ (рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова), УА (установа адукацыі), ЖЭС (жыллёва-эксплуатацыйная служба), СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў), НАН (Нацыянальная акадэмія навук), ЗАТ (закрытае акцыянернае таварыства), СМІ (сродкі масавай інфармацыі), МАЗ (Мінскі аўтамабільны завод), ЦУМ (цэнтральны ўніверсальны магазін), УП (унітарнае прадпрыемства), ГА (грамадскае аб’яднанне), ТАА (таварыства з абмежаванай адказнасцю), ЗАГС (запіс актаў грамадзянскага стану), МТЗ (Мінскі трактарны завод), ВАЗ (Волжскі аўтамабільны завод), КВ (канверсуемая валюта).

Калі да абрэвіятуры дадаецца лічба, то яна пішацца праз злучок: ВАЗ-21, МАЗ-200, МТЗ-82.

Калі абрэвіятура скланяецца, канчаткі пішуцца разам малымі літарамі: у нашым ЖЭСе, працаваў на МАЗе, рамонт ЦУМа, дысертацыя ў ВАКу, вынікі НЭПа, даведка з ЗАГСа, затрыманы АМАПам.

Дапускаецца напісанне малымі літарамі агульнавядомых абрэвіятур, калі слова ўспрымаецца як простае: павёў у загс, заканчэнне нэпа, схадзіў у жэс, схаваліся ў дзот і інш.

Малыя літары могуць уваходзіць у камбінаваныя абрэвіятуры: ”ЛіМ“, БелЭКСПА, УП ”Белкніга“, БелНДВІ (Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут).

3. Напісанне няўласнабеларускіх (запазычаных) абрэвіятур вызначаецца слоўнікам; поўны сэнсавы беларускі адпаведнік перадае значэнне такіх запазычанняў, а не расшыфроўвае іх: МХАТ (Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр), заўгас (загадчык гаспадаркі), завуч (намеснік дырэктара па навучальнай рабоце), спецназ (атрад спецыяльнага прызначэння), АСУ (аўтаматычная сістэма кіравання), ГУМ (Дзяржаўны ўніверсальны магазін), ЮНЕСКА (Камісія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях асветы, навукі і культуры), ВГІК (Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі).

4. У некаторых абрэвіятурах напісанне можа не адлюстроўваць натуральнае вымаўленне: ТЮГ – Тэатр юнага гледача (вымаўляецца [ц’уг]), РІВШ – Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (вымаўляецца [рыўш]), БелДІПК – Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры (вымаўляецца [белдзіпк]).

5. Літарныя абрэвіятуры не трэба блытаць з умоўнымі графічнымі скарачэннямі, якія ўжываюцца на пісьме, але заўсёды чытаюцца поўнасцю.

Скарачэнне слоў рэгламентуецца наступнымі правіламі:

нельга скарачаць на галосную літару і на ь, на й і на ў;

пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай: насен. фонд;

пры збегу дзвюх або некалькіх зычных скарачэнне робіцца на апошнюю зычную: народн. творчасць;

калі імя або імя па бацьку пачынаюцца з дыграфа Дз, то ў якасці ініцыяла выступае толькі літара Д: Дзмітрый Дзмітрыевіч – Д.Д.

Пры графічных скарачэннях ставіцца кропка і захоўваюцца тыя ж знакі і пачатковыя літары, якія ўласцівы поўнаму напісанню: В.-Д. к. (Волга-Данскі канал), с.-д. партыя (сацыял-дэмакратычная партыя), чл.-кар. (член-карэспандэнт).

6. Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га (гектар), см (сантыметр), кг (кілаграм), км (кіламетр) і інш.

Ніжэй прыводзяцца агульнапрынятыя скарачэнні, якія не патрабуюць спецыяльнага тлумачэння:

акад. – акадэмік;

б. – былы;

бухг. – бухгалтэрыя;

в. – вёска;

в-аў – востраў;

п-аў – паўвостраў;

в.а. – выконваючы абавязкі;

вобл. – вобласць;

воз. – возера;

г. – год;

гг. – гады;

ст. – стагоддзе;

стст. – стагоддзі;

г.зн. – гэта значыць;

і г.д. – і гэтак далей;

і да т.п. – і да таго падобнае;

і інш. – і іншае;

і пад. – і падобнае;

гл. – глядзі;

параўн. – параўнай;

напр. – напрыклад;

т. – том;

тт. – тамы;

с. – старонка;

сс. – старонкі;

г. – горад;

гр. – грамадзянін;

дац. – дацэнт;

заг. – загадчык;

зб. – зборнік;

нам. – намеснік;

н.ст. – новы стыль;

н.э. – нашай эры;

праф. – прафесар;

р. – рака;

р-н – раён;

руб. – рубель;

с.-г. – сельскагаспадарчы;

с/с – сельскі савет;

ст.ст. – стары стыль;

тав. – таварыш;

т-ва – таварыства;

т.зв. – так званы.

ГЛАВА 5 ПРАВАПІС НЕКАТОРЫХ МАРФЕМ

§ 20. Аднамарфемныя прыназоўнікі

1. Прыназоўнікі аб, над, пад, перад пры спалучэнні з формамі асабовага займенніка я, што пачынаюцца збегам зычных, пішуцца з дадатковым а: аба мне, нада мной, перада мной. Прыназоўнік з замяняецца ў падобных выпадках на са: са мной (але: з мяне). Прыназоўнік у набывае форму ва ў спалучэннях са словамі з пачатковым у: ва ўніверсітэце, ва ўрачыстасцях, ва ўрочышчы.

2. Варыянт са прыназоўніка з згодна з вымаўленнем пішацца перад збегам зычных, калі першы з іх – шыпячы або свісцячы: са школы, са шкіперам, са сваякамі, са смеху, са зброяй, са старых часоў, са сваімі сябрамі, са звонам, са здымка, велічынёй са шраціну, са знічкай (але: з братам, з праўдай, з пляча, з грукатам, з цвіком, адно з двух).

§ 21. Прыстаўкі

1. Да прыставак аб-, ад-, над-, пад-, раз-(рас-), с-(з-), уз-(ус-) пры спалучэнні з наступнымі марфемамі, што пачынаюцца збегам зычных, далучаецца дадатковае а: абарваць (абрываць), абагнаць (абганяць), адаспаць (адсыпацца), адапхнуць (адпіхваць), сабраць (збяру), сарваць (зрываць), надагнуць (надгінаць), падаспець, сатлелы, абамлець. Дапускаецца напісанне ўстаўнога а (абапіць, абабіць, абабягаць, абаперціся) для раздзялення двух губных гукаў.

2. Прыстаўка су- пішацца ў назоўніках:

дзе су- вылучаецца толькі гістарычна: сусед, сувой, сувязь, супын, супынак, сутаргі, сумятня, супастат, супоня, суткі, сутокі, суцяга, сумёт, сустаў;

як правіла, у новых утварэннях, калі ёсць слова і без су-: суграмадзянін, супалімер, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, сучлен, суапякун, супрацоўнік, суродзіч, сунаймальнік, суспадчыннік, суадказчык, сузабудоўшчык, сувыканаўца і інш.;

у словах, якія без су- не ўжываюцца: суквецце, сузор'е, суладдзе, сугучча, суглінак, супесак, сукравіца, сузіральнік, сумежжа.

3. Прыстаўка су- пішацца:

у дзеясловах: суадносіць, супадпарадкоўваць, сумяшчаць, суіснаваць, сустракаць, сутыкацца, супярэчыць, супастаўляць, суадпавядаць, супадаць;

у прыметніках: сумежны, сувымерны, сувосевы, сукупны, суладны, сугучны, сучасны, сувымяральны, супольны, сумесны, суцэльны;

у прыслоўях: супраць (супроць).

4. Прыстаўка су- захоўваецца ў лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі, што маюць прыстаўку су-: сутачны (суткі), суцяжнічаць (суцяга), сурэдактарстваваць (сурэдактар), суапякунства (суапякун), сузіранне (сузіраць), сумяшчальнік (сумяшчаць), сустрэчны (сустрэча), супярэчлівасць (супярэчлівы), сумежнасць (сумежны), супольнасць (супольны), сумесна (сумесны), насуперак (супраць) і інш.

5. Прыстаўка са- пішацца:

у некаторых назоўніках, дзе прыстаўка выдзяляецца толькі гістарычна: сасуд, савет, сабор, саюз, саслоўе;

у запазычаннях і кальках (пераважна з рускай мовы): саіскальнік, сакурснік, садружнасць, сатрапезнік, сачыненне, састаў, саслужывец і інш.

6. Прыстаўка са- захоўваецца:

у лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі з прыстаўкай са-: саўдзел (саўдзельнік), саслоўны (саслоўе), састыкоўванне (састыкаваць), састаўляць (састаў), сашчэпка (сашчапіць), сапраўды (сапраўдны) і інш.;

у дзеясловах, калі са- з'яўляецца варыянтам с- (перад збегам зычных): садраць (параўн.: здзяру), сагнаць (параўн.: зганю), саскочыць, сажмурыць, сасмажыць, саслабець, сасватаць, састроіць, сашмаргнуць, сашпіліць, саштурхнуць, сасмягнуць, сагнуць, саграшыць, сашчыкнуць, сашчапіць і інш.;

у прыметніку сапраўдны і вытворных ад яго. Спрэчныя выпадкі напісання прыставак су- і са- вызначаюцца па слоўніку.

7. Калі апошняя зычная літара прыстаўкі і першая літара кораня супадаюць, то пішуцца абедзве літары: аддача, аддалены, Наддзвінне, наддаць, бяззорны, ззаду, ззелянелы, ссадзіць, ссівелы, бессардэчны, паддаўкі, паддопытны, рассыпаць, раззлавацца, рассаднік ’тое, што з’яўляецца крыніцай чаго-небудзь‘, уссаджваць, контрразведка, звышштатны, транссібірскі.

Словы-тэрміны іншамоўнага паходжання часткова падпарадкоў-ваюцца гэтаму ж правілу (асабліва тады, калі ёсць адпаведнае слова без прыстаўкі, а прыстаўка далучаецца і да іншых каранёў): сюррэалізм, аддукцыя (параўн.: рэалізм, індукцыя).

У значнай колькасці выпадкаў літары не падвойваюцца, бо слова ўспрымаецца як невытворнае ў беларускай мове: інавацыя, ірыгацыя, ірэальны, іміграцыя, акамадацыя, карэляцыя, аперцэпцыя, дысідэнт, імартэль, анігіляцыя, інервацыя, акорд, карэспандэнт. Напісанне такіх слоў-тэрмінаў вызначаецца па слоўніку.

У словах расол, расольнік, расада, расаднік ’месца, скрынка для вырошчвання расады‘ адбылося сцяжэнне гукаў, і таму яны пішуцца з адным с.

8. Да прыставак на з- адносяцца: з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз-, а таксама дыз- і дэз-. У пэўных пазіцыях літара з замяняецца літарай с.

У прыстаўках з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз- літара з пішацца перад звонкімі, санорнымі зычнымі і ётаванымі галоснымі (перад апострафам): збіць, здаць, знесці, ізноў, узняць, узбіцца, розгалас, бязмежны, небеззаганны, небязгрэшны, абезгалосець, абязгрошыць, празмерны, цераззерніца і пад.; раз'есці, раз'езд, абяз'ёдаваны, з'інець, раз'юшаны, без'языкі, бяз'ядзерны, з'ялчэць, з'явішча, уз'юрыцца. У слове разявіць і вытворных ад яго, а таксама ў словах узлаваць і ўзлавацца адбылося сцяжэнне [з] – прыстаўкі і [з] – кораня.

У гэтых жа прыстаўках замест літары з пішацца літара с перад глухімі зычнымі: скінуць, схапіць, іспыты, усхваляць, раскідаць, роспіс, беспадстаўны, небескарысны, абяскровіць, абясшкодзіць, цераспалосіца, росшукі, росчырк.

9. Калі пасля прыстаўкі з- ідзе няётаваная галосная, то напісанне з ці с вызначаецца па слоўніку: зараць, зарыентаваць, зыначыць, зымправізаваць, зэканоміць, зэканомлены, сахвоціцца, сыграць, сымшыць, сыскаць, сэкранізаваць.

10. У словах, утвораных ад дзеясловаў ісці, хадзіць, прыстаўкі на з- пішуцца ў залежнасці ад лексічнага значэння (па слоўніку): зысці – сысці, зысціся – сысціся, зыходзіць – сыходзіць, зыходзячы – сыходзячы, зыходны – сходны, сыходны, зыход – сход.

11. У прыстаўцы дыз- пішацца з перад галоснымі (у тым ліку ётаванымі) і с – перад зычнымі: дызасацыяцыя, дызартрыя, дыз'юнкцыя, дысгармонія, дыспрапорцыя, дыскваліфікаваць, дысфункцыя, дыскрэдытаваць, дыскамфорт.

12. Прыстаўка дэз- пішацца нязменна: дэзадарант, дэзактывацыя, дэзарыентацыя, дэзынфекцыя, дэзынтэграцыя, дэзурбанізацыя.

13. Спалучэнні літар сч, сш, сшч, зж, здж на стыку прыстаўкі і кораня перадаюцца нязменна (не па вымаўленні): расчахляць, расчэсваць, расчыніць, счысціць, счапіць, счэп, усчаць, счакацца, бесчалавечны, бясчулы; расчапіць, ’раз'яднаць‘, усчапіць ’павесіць‘, расшчапіць ’раскалоць‘, расшчапленне ’расколванне‘, расшчэп ’раскол‘ (не блытаць счапіць і шчапаць), расшчаміць ’разняць‘, расшчодрыцца, расшчоўкацца; расшыць, расшырэнне, сшытак, сшарэлы, расшумецца, расшпілены, бясшкодны, бясшлюбны; зжыцца, разжаць, разжаліць, разжаніць, разжыва, безжурботна, безжыццёвы; узжучыць, зджаліць.

Выключэнні: рашчыніць ’паставіць цеста‘, ушчуваць, нішчымны, а таксама вытворныя ад іх: рошчына, ушчуванне, ушчунак, нішчымніца.

14. Пры спалучэнні прыставак (аб-, ад-, раз-, над-, пад-, з-(с-), уз-, перад-, дэз-, суб-), прэфіксоідаў (звыш-, між-, сярод-, пан-, супер-, транс-, кантр-), частак слова ў складаных словах (паліт-, пед-, дзярж- і пад.), што заканчваюцца на цвёрды зычны, з коранем або іншай прыстаўкай, якія пачынаюцца на і згодна з вымаўленнем замест і пішацца ы: абыграць, абымшэлы, зымправізаваць, зыначаны, зысці, сысці, адыграць, адыменны, адыходзіць, сыграцца, сышчык, узыход, спадыспаду (спадысподу), падыспытны, падынтэграваць, падыход, разысціся, перадымперскі, перадыспытны, спадылба, субынспектар, дэзынтэгратар, дэзынфармацыя, дэзынфіцыраваць; звышымклівы, звышындустрыяльны, звышынфляцыя, міжырыгацыйны, міжынстыту-цкі, панысламізм, кантрыдэя, кантрыгра, суперынтэлект, трансындый-скі, педынстытут, дзяржынспектар, палітынфармацыя, санынструк-тар, цяжындустрыя, медынструменты, спецынструктаж, гарынспек-цыя, гасынвентар.

Прэфіксоід экс- пішацца праз злучок, і і не пераходзіць у ы: экс-інжынер, экс-імператар.

Некаторыя словы з коранем -ход- маюць варыянтныя формы: адыходлівы – адходлівы, адыходнае – адходнае, адыход – адходы, адыходнік – адходнік.

§ 22. Суфіксы

1. Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам -ава- (-ява-): дэградаваць, фальсіфікаваць, арыентаваць, прагназаваць, балансаваць, цытаваць, аналізаваць, іранізаваць, культываваць, кантактаваць, планаваць, групаваць, нацыяналізаваць, прыватызаваць, дэклараваць, ліквідаваць, акліматызаваць, перафразаваць, кваліфікаваць, інфармаваць, урбанізаваць, каталізаваць, функцыянаваць, ваенізаваць, кантраляваць, тыпізаваць, паразітаваць, фінансаваць, культываваць, тыражаваць, ігнараваць, рэагаваць, кансультаваць, прафіляваць, ангажаваць, нерваваць, абстрагаваць, імпартаваць, дэбатаваць, дэбютаваць, інспектаваць, экспартаваць, тэлеграфаваць, рэканструяваць, дыскутаваць, правакаваць, фінішаваць.

2. Дзеяслоўны суфікс -ірава- (-ырава-) ужываецца:

калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам -ава- (-ява-): буксіраваць – буксаваць, парадзіраваць – парадаваць, візіраваць – візаваць, будзіраваць – будаваць, газіраваць – газаваць, камандзіраваць – камандаваць, пазіраваць – пазаваць, пасіра-ваць – пасаваць, тушыраваць – тушаваць, парыраваць – параваць, плані- раваць – планаваць, паніраваць – панаваць, фарміраваць – фармаваць, апаніраваць – апанаваць;

калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, грасіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш.;

калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, пасівіраваць, аксідзіраваць, зандзіраваць, дэкаціраваць, сталіраваць, дэмпфіраваць, юзіраваць, юсціраваць, парафіраваць, дыфундзіраваць;

у некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: дэмаскіраваць – дэмаскаваць, акупіраваць – акупаваць, курсіраваць – курсаваць, калькіраваць – калькаваць, базіраваць – базаваць.

3. Суфікс -ава- (-ява-) пішацца ў неазначальнай форме і формах прошлага часу тых дзеясловаў, якія ў першай асобе адзіночнага ліку губляюць гэты суфікс і заканчваюцца на -ую (-юю): галасую – галасаваць, галасаваў, галасавала, галасавалі, начую – начаваць, чаргую – чаргаваць, малюю – маляваць, камандую – камандаваць, пакутую – пакутаваць, даследую – даследаваць, будую – будаваць, рэкамендую – рэкамендаваць, характарызую – характарызаваць.

4. Суфікс -іва- (-ыва-) пішацца ў неазначальнай, асабовых формах дзеяслова і ў формах прошлага часу незакончанага трывання пасля збегу зычных, апошні з якіх л, р або н: падкрэсліваць, падкрэсліваю, падкрэсліваў, падкрэслівалі; падтрымліваць, адыгрываць, выветрываць, запэўніваць.

5. Суфікс -ва- пішацца ў астатніх выпадках: выконваць, выконваю, выконваў, выконвалі; адказваць, вымешваць, адмерваць, заканчваць, загадваць, адорваць, разбэшчваць, падстрэльваць, раздумваць, заваёўваць, зацярушваць, дагульваць, размяркоўваць, забінтоўваць, распілоўваць.

У дзеясловах выйграваць і прайграваць пішацца суфікс -ава-.

6. Калі неазначальная форма дзеяслова закончанага трывання заканчваецца на -іць або -яць з папярэдняй галоснай, то ў незакончаным трыванні перад суфіксам -ва- пішацца й: утаіць – утойваць, супакоіць – супакойваць, засвоіць – засвойваць, узброіць – узбройваць, напаіць – напойваць, склеіць – склейваць, абнадзеіць – абнадзейваць; засеяць – засейваць, абсмяяць – абсмейваць, запаяць – запайваць, настаяць – настойваць.

7. Трэба адрозніваць суфікс дзеепрыметнікаў залежнага стану прошлага часу -ен- і спалучэнне галоснай я дзеяслоўнай асновы з суфіксам дзеепрыметнікаў -н-. Суфікс -ен- пішацца ў дзеепрыметніках, утвораных ад дзеясловаў на -іць, -ці: адчынены, выбелены, згублены, супакоены, споены, накормлены, куплены, спаганены, скрыўлены, запылены, дазволены, зроблены, пазнаёмлены, асілены, заклеены, спалены, схілены, разяўлены, прастрэлены, а таксама звезены, прынесены, растрэсены, заведзены, спрадзены, пакрадзены, аплецены, мецены.

8. Пры чаргаванні ў аснове дзеяслова [с'] – [ш], [з'] – [ж], [ц'] – [ч ], [дз'] – [дж] пішацца суфікс -ан-: насіць – ношаны, запрасіць – запрошаны, апярэдзіць – апярэджаны, круціць – кручаны, уразіць – уражаны.

9. Спалучэнне галоснай я дзеяслоўнай асновы з суфіксам дзеепрыметнікаў -н- пішацца ў тых дзеепрыметніках, якія ўтвораны ад дзеясловаў на -яць-: пасеяны, развеяны, змуляны, аблаяны, абсмяяны (не пад націскам) і спаяны, абстраляны, павыдумляны, абмяняны (ад абмяняць).

10. Суфікс -ец- (-ац-) пішацца ў назоўніках мужчынскага роду. Пры змяненні слова галосны выпадае: акраец, індыец, разец, ісцец (родны склон істца), плывец, мсцівец, вясковец, кармілец, удалец, баец, бельгіец, незнаёмец; канькабежац, аварац, запарожац.

11. Суфікс -іц- (-ыц-) пішацца ў назоўніках жаночага роду і беглага галоснага не мае: ваколіца, патыліца, спадарожніца, мсцівіца, карміліца, розніца, кірыліца, кніжыца.

12. Памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ічк- (-ычк-) пішацца ў назоўніках жаночага роду, якія ўтварыліся ад слоў з фіналлю, –іц- (-ыц-): лесвічка, крынічка, сунічка, завушнічка, запальнічка, палічка (ад паліца).

У астатніх выпадках пішацца памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ечк- (-ачк-): дзядзечка, бутэлечка, лялечка; цётачка, галовачка, булачка, палачка (ад палка), рэчачка, курачка (ад курка), качачка, божачка, вушачка; Сонечка, Волечка, Ванечка, Жэнечка, Сцёпачка, Наташачка, Ганначка.

13. Суфікс -ак- (-ек-) пішацца не пад націскам у назоўніках, якія ва ўскосных склонах губляюць суфіксальнае а ці е: сшытак – сшытка, пасынак – пасынка, каласочак – каласочка, дожджычак – дожджычку, прыцемак – прыцемку, аловак – алоўка, перашыек – перашыйка.

14. Суфіксы -ік- (-ык-), -нік-, -чык- пішуцца нязменна ва ўсіх формах слоў: конік – коніка, столік – століка, хлопчык – хлопчыка, дожджык – дожджыку, вожык – вожыка, тэарэтык, спадарожнік, каморнік, пернік, пеўнік, вагончык, любімчык, дарадчык.

15. Суфікс -ень- (-ань-) ва ўскосных склонах у адных назоўніках губляе галосны, у іншых галосны захоўваецца: чэрвень – чэрвеня, ліпень – ліпеня, кісцень – кісценя, вусень – вусеня, студзень – студзеня, але жнівень – жніўня, верасень – верасня, снежань – снежня, вучань – вучня, шчэбень – шчэбню, валасень – валасня. Часам дапускаюцца абедзве формы: кіпень – кіпеню і кіпню, промень – промені і промні.

16. Суфіксы -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-) ужываюцца пры ўтварэнні назоўнікаў, што называюць людзей паводле заняткаў.

Суфікс -чык- (-чыц-) пішацца:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на пярэднеязычныя д, т, з, с: аб'ездчык, дакладчык, дарадчыца, наладчык; ракетчык, пераплётчы-ца, лётчык; грузчык, возчык, рэзчык; перапісчык, перапісчыца (а таксама ў адпаведных прыметніках: дарадчыцкі, перапісчыцкі і пад.);

калі ў канцы ўтваральнай асновы адбываецца чаргаванне г – ж: перабягаць – перабежчык, перабежчыца, перабежчыцкі, нябога – ня- божчык, абцягваць – абцяжчыца.

17. Суфікс -шчык- (-шчыц-) пішацца:

калі аснова заканчваецца на санорныя р, л, м, н, й: зваршчык, наборшчыца, вугальшчык, мадэльшчык, прыбіральшчыца, атамшчык, паромшчык, бетоншчыца, згоншчык, мыйшчык, пайшчык, пайшчыца, забойшчык (а таксама ў адпаведных прыметніках: наборшчыцкі, пайшчыцкі і пад.);

пасля спалучэнняў тых жа санорных з наступнымі т, г утваральнай асновы: працэнт – працэнтшчыца, аліменты – аліментшчык, аліментшчыца, кобальт – кобальтшчык, цюбінг – цюбінгшчык;

калі ўтваральная аснова заканчваецца на губныя зычныя б, п, м, ф, ў (в): рубшчык, гардэробшчыца, апалубшчык, падкопшчык, скупшчык, скупшчыца, літаграфшчык, бунтаўшчык, нарыхтоўшчык, палясоўшчык, забудоўшчык, паромшчык.

18. З дапамогай суфіксаў -чын- і -шчын- утвараюцца дзве семантычна адрозныя групы імён: назоўнікі са значэннем пэўнай грамадскай з'явы і назоўнікі са значэннем рэгіёна, абшару. Суфікс -чын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на д – т, з – с, ж – ш, дж – ч: складчына (склад-), спадчына (спад-), азіятчына (азіят-), салдатчына (салдат-), братчына (брат-), старасветчына (-свет-), казаччына (казак-/казач-), рэкрутчына (рэкрут-); Валагодчына (валагод-), Брэстчына (брэст-), Навагрудчына (навагруд-), Ноўгарадчына (ноўгарад-), Суражчына (сураж-), Добрушчына (добруш-), нямеччына (нямец-/нямеч-), турэччына (турэц-/турэч-), Дабружчына (дабруж-), Глушчына (Глуск: глух-/глуш-), Грэшчына (Грэск: грэc-/грэш-), Полаччына (Полацк: полат-/полац-/полач-), Случчына (Слуцк: слуц-/случ-).

19. Суфікс -шчын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на губныя б, п, ф, в, м або санорныя н, р, л, й, а таксама ў (з в або л): скупшчына (скуп-), здзельшчына (здзель-), нелегальшчына (нелегаль-), партызаншчына (партызан-), мінуўшчына (мінул-/мінуў-), манілаўшчына (манілав-/манілаў-), суб'ектыўшчына (суб'ектыв-/суб'ектыў-), абломаўшчына (абломав-/абломаў-), літаратуршчына (літаратур-), ваеншчына (ваен-), кампанейшчына (кампаней-), тарабаршчына (тарабар-), татаршчына (татар-), канцыляршчына (канцыляр-), папоўшчына (папов-/папоў-), хаваншчына (хаван-), мітынгоўшчына (мітынгов-/мітынгоў-), цыганшчына (цыган-); Браслаўшчына (браслаў-), Гомельшчына (гомель-), Гуцульшчына (гуцуль-), Гродзеншчына (гродзен-), Смаленшчына (смален-), Міншчына (мін-), Бабруйшчына (бабруй-), Зэльвеншчына (зэльвен-), Магілёўшчына (магілёў-), Віцебшчына (віцеб-).

Суфікс -шчын- пішацца і тады, калі ўтваральная аснова заканчваецца зычным з папярэднім санорным: інтэлігентшчына (інтэлігент-), эмігрантшчына (эмігрант-), Самаркандшчына (самарканд-).

20. У прыметніках і прыслоўях з ласкальным значэннем:

пасля мяккіх зычных незалежна ад месца націску пішацца суфікс -еньк-: круценькі, маленькі, ціхенькі, нізенькі, ціхенька; паўнюсенькі, утульненькі, беленькі, борздзенькі, паўнюсенька, хуценька;

пасля цвёрдых зычных пад націскам пішацца суфікс -эньк-, а не пад націскам -аньк-: даражэнькі, старэнькі, харошанькі, свежанькі, добранькі, гарачанькі.

21. Падвоенае н пішацца ў суфіксальнай марфеме -энн- (-енн-) у прыметніках з павелічальным значэннем (страшэнны, здаравенны, таўсценны, худзенны, высачэнны), у прыметніках з якасна-адносным значэннем (дратвенны, брытвенны, дарэформенны, абедзенны, свяшчэнны, вогненны).

22. Падвоенае нн пішацца на стыку ўтваральнай асновы і суфікса паміж галоснымі:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з гэтай жа літары: дзённік, імяніннік, сяннік, маліннік, выгнаннік, дзянніца, абранніца, падаконнік, коннік, сасоннік; карцінны, дывізіённы, гартанны, конны, глыбінны, вінны, летуценны, паддонны, ваенны, вясенні, няспынны, бяссонны, айчынны, бязвінны, незаменны, прасцінны, дрэнны, дабрачынны, параённы;

калі аснова слова заканчваецца на нн, а суфікс пачынаецца на н: ванны (набор), манныя (крупы);

у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -мя: іменны, імянны, пайменны, племянны, страмянны, цемянны, семянны.

Выключэнне: палымяны.

23. Суфіксы -ск- і -ств- пішуцца:

калі ўтваральная аснова заканчваецца на с, то на пісьме спалучэнне сс перадаецца адной літарай: матроскі, рускі, беларускі, хакаскі, папуаскі, тунгускі, лаоскі, гандураскі, уэльскі, адэскі, арзамаскі, вільнюскі, чавускі, копыскі, палескі, залескі, прускі, тбіліскі, кутаіскі, туніскі, эскімоскі, індускі, пелапанескі;

калі ўтваральная аснова заканчваецца на д, з, то спалучэнне іх з суфіксальным с падаецца як дс, зс: горад – гарадскі, люд – людскі, грамада – грамадства, сусед – суседскі, параход – параходства, бяда – бедства, Бесядзь – бесядскі; француз – французскі, Каўказ – каўказскі, Сілезія – сілезскі;

у словах, вытворных ад асноў славянскага паходжання на к, спалучэнне к і суфіксальнага с на пісьме перадаецца як ц: лясніцтва, мастацтва, сваяцтва, спаборніцтва, гарняцкі, казацкі, крыжацкі, сакавіцкі, асветніцкі, наглядальніцкі, славацкі, гарадоцкі, беластоцкі, уладзівастоцкі, чашніцкі, па-славацку;

у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, захоўваецца на пісьме спалучэнне кс: арынокскі, нью-ёркскі, бангкокскі, бузулукскі, цюркскі, каракскі, каракалпакскі, квебекскі, таджыкскі, узбекскі;

у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў на -ка, -кі, зычны к у канцы слова перад суфіксам -ск- знікае, калі перад к ёсць іншы зычны: крупскі (Крупкі), дудзінскі (Дудзінка), церахоўскі (Церахоўка), ямайскі (Ямайка), вяцкі (Вятка), але: касабланкскі;

калі ўтваральны назоўнік заканчваецца на літары -ск, то суфікс -ск- зліваецца з імі: Пінск – пінскі, Глуск – глускі, Новасібірск – новасібірскі, Дамаск – дамаскі, этруск – этрускі, але: баск – баскскі;

калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на т, ц, ч, а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні тс, цс, чс на пісьме перадаюцца праз ц згодна з вымаўленнем: агенцтва, балцкі, брацкі, адвакацкі, салдацкі, лабаранцкі, парламенцкі, брэсцкі, бейруцкі, па-фармалісцку, па-інтэлігенцку, выдавецтва, кравецкі, івянецкі, прыпяцкі, суэцкі, па-спажывецку, па-купецку, ткацкі, баранавіцкі, парыцкі, грэцкі (арэх, мука, крупы), скрыпацкі, чытацкі, па-дзявоцку;

калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на ж, ш, х (у тым ліку і пры чаргаванні [г]-[ж], [х]-[ш]), а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні жс, шс у агульных назвах перадаюцца толькі адным с: прыгожы – прыгоства, таварыш – таварыства, харошы – хараство,


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: