Беларусь ў складзе Расійскай імперыі. Тэрыторыя і адміністрацыйна-тэрытарыяльныя пераўтварэнні. Насельніцтва і яго саслоўная структура

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад паўночна-заходняга рэгіёну Расійскай імперыі. Згодна адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу 1802 года, Беларусь была ў складзе пяці губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай.

3 1772 па 1856 гг. Віцебская і Магілёўская губерні знаходзіліся ў складзе Беларускага генерал-губернатарства; Віленская, Мінская і Гродзенская з 1794 па 1912 гг. — у складзе Віленскага генерал-губернатарства. У час польскага нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гг. Мінская губерня да 1834 г. атрымала статус генерал-губернатарства.

Тэрыторыя Беларусі ў пачатку ХІХ ст. складала каля 207 тыс. кв. км. Па фізічнаму саставу землi былі пераважна гліністыя або пясчаныя ці супясчаныя, месцамі камяністыя, якія патрабавалі стараннай апрацоўкі і добрага ўгнаення. Не выпадкова вядомы рускі эканаміст сярэдзіны XIX ст. Л.В. Тэнгаборскі па якасці глебы адносіў Віленскую і Віцебскую губерні да раёна з "пасрэднай" глебай, а Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую да "часткова пладароднай". Значная частка тэрыторыі Беларусі была пакрыта вялікімі лясамі, шматлікімі азёрамі і балотамі. У прыватнасці, у Мінскай і Віленскай губернях лясы складалі 40—45% ад агульнай тэрыторыі. І толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губернях апрацаваныя землі складалі адпаведна 41,6 і 39,0%. На ўсёй астатняй тэрыторыі яны займалі, як правіла, крыху больш 1/3 ад усёй плошчы Беларусі.

Насельніцтва Беларусі у пачатку XIX ст. налічвала 3,3 млн. чалавек. Большую яго частку складалі беларусы. Выключэннем была Віленская губерня, у якой пераважала літоўскае насельніцтва — 48% ад агульнай колькасці насельніцтва губерні, а беларусы складалi 20% і жылi пераважна у Віленскім, Дзісненскім і Свянцянскім паветах. Жылі на тэрыторыі беларускіх губерняў таксама рускія, украiнцы, латышы, палякі, татары і яўрэі.

Саслоўная структура насельніцтва Беларусі, у сваю чаргу, падзялiла саслоў'i на прывілеяваныя і падатковыя. Вышэйшым прывілеяваным саслоў'ем было дваранства, якое налічвала трохі менш за 100 тыс. чалавек мужчынскага полу і падзялялася на радавое і асабістае. Асаблівасцю дваранскага саслоў'я Беларусі была перавага "сапраўднага" (радавога) дваранства і нізкая ўдзельная вага асабістага (служылагага) дваранства, што тлумачыцца адсутнасцю ў былой Рэчы Паспалітай падараванняў "высокароднасці" за службу, як гэта практыкавалася ў Расіі па пятроўскім табелі аб рангах. Другой асаблівасцю дваранскага саслоў'я Беларусі была пераважная наяўнасць дробнапамеснага і безпамеснага дваранства.

Канфесіянальная прыналежнасць дваранства размяркоўвалася наступным чынам: католікі складалі каля 87%, праваслаўныя — 6%, пратэстанты — 0,7%, мусульмане — 0,9%. Па свайму нацыянальнаму складу вышэйшае саслоў'е беларускіх губерняў у асноўным складалася з палякаў і беларусаў — 95%. Рускае і ўкраінскае дваране складалі не больш за 2% ад агульнай колькасці. Каля 2% дваран былі татарамі, менш 1% — нямецкага і французскага паходжання.

Другім прывілеяваным саслоў'ем з'яўлялася духавенства. Сярод яго пераважную большасць складала хрысціянскае духавенства. Яно было прадстаўлена праваслаўным, уніяцкім (да 1839 г.), рымска-каталіцкім і пратэстанцкім напрамкамі. Праваслаўнае і уніяцкае духавенства складалася з двух катэгорый: чорнага (манаства) і белага (прыходскага). Унутры уніяцкага духавенства з сярэдзіны ХVIII ст. ішла ўпартая барацьба, якая была выклікана лацінізацыяй уніі і непадпарадкаваннем базіліян уніяцкай іерархіі. Акрамя хрысціянскага духавенства існавала іўдзейскае і мусульманскае.

Сярод прывілеяванага насельніцтва Беларусі патрэбна таксама выдзеліць адносна нешматлікую групу паважаных гараджан (радавых і асабістых), якая была створана ў Расіі ў 1832 г. У разрад радавых паважаных гараджан пападалі купцы першай гільдыі, вучоныя, мастакі, дзеці асабістых дваран і дзеці духавенства, якія мелі адукацыйны цэнз. Паважаныя гараджане мелі шэраг прывілеяў: яны пазбаўляліся рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і iншых дзяржаўных павіннасцяў.

У першай палове XIX ст. у Беларусі болmш як у два разы павялічылася купецкае саслоў'е, якое складалася з трох гільдый, у залежнасці ад сумы абвешчанага капіталу. Пераважная большасць беларускага купецтва належыла да ІІІ гільдыі. Агульная колькасць усіх трох гільдый у 1861 г. складала каля 7 000 чалавек. Купецтва вызвалялася ад падушнага падатку і цялесных пакаранняў, а купцы І—II-й гільдый - і ад рэкрутчыны. Саслоўны статус купца поўнасцю залежыў ад яго маёмаснага стану: ў выпадку банкруцтва і разарэння купец выпадаў са свайго саслоў'я.

Асноўную масу падатковых саслоў'яў і ўсяго насельніцтва Беларусі складалі сяляне. Па даных Х рэвізіі з 4 410 849 жыхароў 2 381 513 былі прыгоннымі і складалі 53,5% (І859 г.) ад усёй колькасці жыхароў. Прыгонныя сяляне падзяляліся на дзве асноўныя групы — памешчыцкія і дзяржаўныя. Пераважную большасць прыгонных складалі памешчыцкія сяляне — 2 369 050 мужчын і жанчын. Памешчыцкія сяляне падзяляліся на дзве групы: паселеных сялян і дваровых. Паселеныя сяляне атрымалі ў карыстанне зямельны надзел, які юрыдычна належыў памешчыку і займаліся сельскай гаспадаркай. Дваровыя былі пазбаўлены сродкаў вытворчасці і абслугоўвалі памешчыка і яго сядзібу.

Значную частку сялян Беларусі складалі агароднікі, якія былі пазбаўлены ворнай зямлі і мелі толькі сядзібу з агародам. Да большасцi прыгонных аднасiлiся бабылі або кутнікі — беззямельныя і бяздомныя сяляне, якія здымалі куток у цяглавых сялян і наймаліся да іх батракамі.

Дзяржаўныя сяляне Беларусі ўтварыліся з розных катэгорый сельскага насельніцтва Рэчы Паспалітай і былі прадстаўлены рознымі групамі: ленныя (І8 098), паезуіцкія (40 021), сяляне розных тыпаў арэндных маёнткаў (2 207). Больш блізкія былі да іх па свайму становішчу "панцырныя баяры " (3 420), велікарускія стараабрадцы (12 000 ), вольныя людзі і інш.

Прыгонныя сяляне знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад сваіх уладальнікаў, якія адвольна назначалі віды і памеры феадальных павіннасцяў. Памешчык меў правы без чаргі здаваць у рэкруты непажаданага яму селяніна, мог адняць у прыгонных увесь іх скарб, падвергнуць цялесным пакаранням. Сяляне Беларусі былі прыгнечаны цяжкімі павіннасцямі, якія падзяляліся на галоўныя і дадатковыя. Да галоўных адносіліся баршчына ці аброк, а таксама згоны (гвалты). Акрамя гэтага сяляне былі абкладзены i дадатковымi павіннасцямi: шарваркі (будаўнічыя работы), вартаўніцтва (начны дазор) і падводная павіннасць. Усё гэта яны выконвалі за прадастаўленне ім права лавіць рыбу, займацца ляснымі промысламі, здабычай вапны і г. д. Па патрабаванню памешчыка сяляне прыносілі ўсялякія "даніны" ягадамі, грыбамі, мёдам, пражай, палатном і інш.

У сувязі з развіццём прадпрымальніцтва памешчыкаў эксплуатацыя сялянства прыняла яшчэ больш цяжкія формы. Нароўнi з палявымi работамi на барскай ворыўнай зямлі прыгонныя вымушаны былi яшчэ працаваць ад цямна да цямна на мануфактурах памешчыкаў. Звычайна сяляне нават не ведалі сумы сваіх заробкаў, бо з імі не праводзілі разлікаў.

Становішча дзяржаўных сялян было крыху лепшае за памещыцкiх. Яны належылі казне і афіцыйна называліся "свабоднымі сялянскімі абывацелямі". У адрозненне ад сялян унутраных расійскіх губерняў, якія знаходзіліся на "аброчным становішчы", беларускія дзяржаўныя сяляне засталіся на "гаспадарчым становішчы". Яно заключалася ў тым, што казённыя маёнткі ў асноўным здаваліся ў арэнду, часцей на кароткі тэрмін памешчыкам з ліку мясцовых землеўладальнікаў ці буйным чыноўнікам.

Як правіла, сяляне адбывалі баршчыну. Часовыя арандатары і ўладальнікі падвяргалі сялян эксплуатацыі больш вытанчанай, чым памешчыцкіх. “...Уменне прыгнятаць сялян работамі абярнулася на Беларусі ў найтанчэйшае жудаснае для чалавецтва мастацтва," — адзначалася ў ананімнай запісцы, якая была дадана да матэрыялаў рэвізіі 1836—І840 гг. з нагоды становішча дзяржаўных сялян.

Другім падатковым саслоў’ем былі мяшчане — асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў, якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну і іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці. Аднак не ўсе мяшчане жылі ў горадзе. Звычайна заможныя сяляне, якія сталі вольнымі і перайшлі ў саслоўе мяшчан,"прыпісваліся" да таго ці іншага горада, але працягвалі жыць у сваёй весцы, дзе ў іх была наладжана прадпрымальніцкая справа.

У першай палове ХІХ ст. на Беларусі афіцыйна афармляецца асобая непадатковая, але і не прывілеяваная група насельніцтва — разначынцы, г. зн. выхадцы з "розных чыноў і званняў". Гэта была асабіста свабодная, служылая катэгорыя насельніцтва, болей ці меней аднародная па характару сваіх заняткаў, па свайму становішчу ў грамадстве, у тым ліку і прававому. Як правіла, разначынец— нязначны чыноўнік, настаўнік гімназіі, дзеяч навукі, літаратуры і мастацтва. У першую чаргу разначынцамі з'яўляліся адукаваныя інтэлігенты, выхадцы з сялянства, мяшчанства, купецтва, духавенства, збяднелага дваранства. Агульны іх лік і ўдзельная вага сярод насельніцтва Беларусі не вызначаны.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: