double arrow

Разлажэнне феадальна-прыгонніцкага ладу і фарміраванне капіталістычных адносін ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў першай палове XIX ст

Расія, нягледзячы на свае гаспадарчыя поспехі ў першай чвэрці ХІХ ст., значна адставала ад еўрапейскіх дзяржаў, у якіх феадальны парадак быў ужо скасаваны. Новыя капіталістычныя формы эканамічнага жыцця ў прыгонніцкай Расіі праяўляліся ўсё больш яскрава, але працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін ішоў марудна. У пачатку стагоддзя большасць насельніцтва Расіі існавала за кошт сельскагаспадарчай працы. Сельская гаспадарка па-ранейшаму заставалася вядучай галіной яе эканомікі.

Беларусь у першай палове ХІХ ст. з'яўлялася выключна аграрным рэгіёнам Расійскай імперыі. Яе сельская гаспадарка мела ў целым экстэнсіўны характар. У ёй пераважала трохпольная сістэма: ярына — азімыя — папар, а дзе-нідзе яшчэ захавалася аблогавае карыстанне зямлёй.

Нярэдкай з'явай у прыгонніцкай вёсцы былi неўраджаі і голад. Напрыклад, у Віцебскай губерні з 1814 г. по 1826 г. на працягу дванаццаці гадоў запар трымаліся "поўныя неўраджаі", а затым з 1847 г. неўраджайныя гады паўтараліся зноў. У Гродзенскай губерні 1845, 1853, 1854 і 1855 гг. характарызуюцца "поўнымі неўраджаямі". Трэба адзначыць, што і ў астатніх губернях Беларусі ўраджайныя гады былі вельмі рэдкай з'явай.

Нізкая ўраджайнасць была непазбежным спадарожнікам прыгонніцкай сістэмы з яе прымітыўнай тэхнікай земляробства і невысокай прадукцыйнасцю прыгонніцкай працы, боль таго, у першай палове XIX ст. яна набыла нават некаторую стабiльнасць. Сiстэма прыгонніцкіх адносін ператварылася ў моцны тормаз для далейшага развіцця сельскай гаспадаркі. Гэта разумелі і прадстаўнікі ўлады. Адной з прычын нізкай ураджайнасці была прымітыўная тэхніка земляробства. У першай палове ХІХ ст. асноўнымі сельскагаспадарчымі прыладамі па-ранейшаму заставаліся саха (драўляная бярозавая палка з двума жалезнымі разцамі, якую цягнулі два валы або адзін конь) і драўляная барана, якая складалася з двух драўляных дуг, да якіх тонкай лазой прымацоўваліся два дубовыя вострыя зубы. Праўда, часам на цвёрдых глебах выкарыстоўваліся жалезныя бароны Сярод сельскагаспадарчых культур, якія апрацоўваліся, перажавалі так званыя "шэрыя" хлябы: жыта, ячмень. З 40-х гадоў ХІХ ст. пасшыраюцца пасевы бульбы, якая з агародняй культуры становіцца палявой. Хутка бульба стала другім хлебам для сялян і важнай тэхнічнай сыравінай для пераапрацоўчай прамысловасці, галоўным чынам для вінакурнай. На поўдні Магілёўскай губерні істотна павялічыліся пасевы цукровых буракоў, якія ішлі на цукровыя заводы і вінакурэнне.

Вайна 1812 г. прывяла народную гаспадарку Беларусі ў стан сур'ёзнага заняпаду. Велізарныя рэквізыцыі і разбурэнні пры адступленні войскаў спусташалі сельскае насельніцтва. Сяляне страцілі амаль усю жывёлу і коней. Значна скарацілася плошча пасеваў. Асабліва цяжкімі былі неўраджайныя 1820—1822 гг. Голад прывёў да скарачэння насельніцтва Беларусі Прыгонная сельская гаспадарка як памешчыцкая, так і сялянская, на працягу другой чвэрці ХІХ ст. паступова губляла спецыфічныя для яе рысы. Трапляючы ў сферу ўплыву рынка, сельская гаспадарка набывала таварны характар.

Адной з прычын росту таварнасці сельскай гаспадаркі з'яўлялася наяўнасць значнай колькасці "спажывецкага" насельніцтва. Росту таварнасці сельскай гаспадаркі садзейнічала павялічэнне вывазу сельскагаспадарчых прадуктаў у прамысловыя губерні Расіі і за мяжу. Развіццю таварна-грашовых адносін спрыялi разгалінаваныя сістэмы рэк, якiя звязвалi Беларусь з гарадамі Расіі, Украіны і Польшчы, а праз балтыйскія порты з краінамі Заходняй Еўропы.

У першай палове ХІХ ст. на Беларусі пачалася спецыялізацыя асобных рэгіёнаў. У прыватнасці, у Віцебскай губерні штогод выраблялася да 500 тыс. пудоў ільновалакна. Лён засяваўся і ў іншых губернях Беларусі, але ў меншых памерах. У Магілёўскай губерні вырошчвалiся каноплi. У Мінскай губерні шырокае распаўсюджванне атрымалі пасевы бульбы, якая потым пераганялася ў спірт. Па вытворчасці спірту з бульбы Мінская губерня займала першае месца сярод усіх губерняу Расійскай імперыі. У паўднёвых раёнах Магілёўскай і Мінскай губерняў з канца 30-х гадоў некаторыя памешчыкі сталі істотна пашыраць вытворчасць цукровых буракоў, пераапрацоўваючы іх на сваіх цукровых заводах.

З другой чвэрці ХІХ ст. у сельскай гаспадарцы Гродзенскай губерні шырокае развiццё атрымала танкарунная авечкагадоўля. Асновай прыгонніцкай гаспадаркі Беларусі з'яўлялася феадальная ўласнасць на зямлю. Памешчыкі манапольна валодалі амаль усёй ворнай зямельнай плошчай. Самая вялікая колькасць буйных латыфундый была ў Магілёўскай губерні, а самая меншая — у Віленскай. На працягу першай паловы ХІХ ст. у памешчыцкай гаспадарцы Беларусі адбываліся змены, якія сведчылі пра разлажэнне феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Памешчыцкая гаспадарка паступова ператваралася ў гаспадарку, якая працавала для рынку. Галоўнымі прадметамі вывазу з Беларусі былі —лён, ільняны алей, пянька, воск, лес, каноплi, скура і інш. З 20-х гадоў ХІХ ст. пашыраецца вываз збожжа. Галоўным пастаўшчыком таварнага збожжа былі памешчыкі. Але і сяляне, якім патрэбны былі грошы для выплаты дзяржаўных падаткаў і набыцця розных прадметаў, таксама прадавалі частку свайго хлеба.

Росту таварнай вытворчасці спрыяла выгадная рыначная кан'юнктура — высокія цэны на хлеб у 1840—1850-х гг. Развіццё таварна-грашовых адносін падштурхоўвала памешчыкаў прыстасаваць сваю гаспадарку да патрэб унутранага і знешняга рынкаў, павысіць даходнасць маёнткаў. Гэта імкненне ажыццяўлялася двума шляхамі: ажыццяуленнем некаторых рацыяналізатарскіх мерапрыемстваў у сваёй гаспадарцы і шляхам узмацнення прыгонніцкай эксплуатацыі сялян.

Для ўдасканалення памешчыцкай гаспадаркі ў 1826 г. было арганізавана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства. Таварыства прызначала ўзнагароды за "… увядзенне новай сістэмы гаспадаркі…, за вынаходніцтва і ўдасканаленне спосабаў, якія вялі б да паляпшэння ўсіх галін гаспадаркі ў Беларусі — земляробства, жывёлагадоўлі, рукадзелля і сельскай прамысловасці". Члены таварыства павінны былі ў сваіх гаспадарках выпрабоўваць новыя сельскагаспадарчыя прылады, ствараць узорныя фермы, прымяняць мінеральныя ўгнаенні дзеля павышэння ўрадлівасці глебы. Спачатку гэта рэкамендавалася для Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1848 г. у маёнтку Горы-Горкі Магілёўскай губерні быў адкрыты адзін з першых ў Еўропе земляробчы інстытут.

Частка памешчыкаў пачынае ўводзіць у сваіх маёнтках лепшае насенне, новыя сарты збожжавых культур, пашыраць пасевы льну і бульбы. Гродзенскі губернатар у справаздачы за 1859 г. паведамляў, што ў большай частцы маёнткаў "працягваюць весці гаспадарку старымі метадамі, але ў некаторых маёнтках ужо ўводзяцца сучасныя метады" — пачынаюць сеяць кармавыя травы і выкарыстоўваць земляробчыя машыны. Аднак у першай палове ХІХ ст. некаторыя памешчыкі ўжо прымянялі і наёмную працу батракоў. Памешчык Магілёўскай губерні Дзярабін расказваў графу Румянцаву, што дзесяць рабочых замяняюць трыццаць прыгонных сялян і каштуюць на 88 руб. танней. Выгаду вольнанаёмнай працы разумелі многія памешчыкі, але выкарыстоўвалі яе адзінкі.

У мэтах павышэння прыбыткаў памешчыкі пачынаюць займацца прадпрымальнiцтвам. Яны адкрываюць у сваіх маёнтках прыгонніцкія мануфактуры: лесапільныя заводы, вінакурні. У пачатку ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 5 215 вінакурняў, што складала 20% ад іх агульнай колькасці ў Расіі. Між тым развіццё прадпрымальніцтва мела абмежаваны характар. Намаганні памешчыкаў павялічыць прыбытковасць маёнткаў суправаджалiся пашырэннем панскай ворнай зямлі за кошт скарачэння сялянскіх надзелаў. Памешчыцкая зямля падзялялася на ўласна панскую і на сялянскую, якую сяляне атрымлівалі ў карыстанне. Суадносіны часта мяняліся. Паказальны ў гэтых адносінах Гомельскі маёнтак графа І. Паскевіча-Эрыванскага. За 20 годоу (з 1814 па 1834 гг.) панская ворная зямля павялічылася амаль у два разы, сенажаць памешчыка ўзрасла амаль у тры разы. У сялянскім землекарыстанні павялічылася колькасць зямель, ворная зямля і сенажаць засталіся амаль без змен. З улікам павялічэння сельскага насельніцтва ў маёнтках у 1834 г. на кожную рэвізскую душу прыходзілася 3 дзесяціны зямлі (у 1814 — 3,76).

Паміж барскім і сялянскім заворваннем не было дакладна ўстаноўленых меж, зямля была раскідана церазпалосна. На працягу доўгага часу захоўвалася сумеснае карыстанне зямельнымі ўгодзямі, сенажацямі. Распаўсюджаны быў пашавы сэрвітут, калі сяляне пускалі сваю жывёлу на палі памешчыка пасля ўборкі ўраджаю.

Памешчыкі імкнуліся да пашырэння свайго заворвання, таму часта пазбаўлялі сялян магчымасці карыстацца зямельнымі надзеламі. Напярэдадні рэформы 1861 г. у Беларусі налічвалася 68 717 беззямельных сялян-агароднікаў, батракоў і бабылёў.

Вялікую колькасць беззямельных сялян складалi так званыя "месячнікі" ("адзiнарнікі"), якія замест зямельнага надзела атрымлівалі мізэрнае месячнае ўтрыманне за працу на двары памешчыка.

Прыгонныя сяляне Беларусі неслі на карысць памешчыкаў павіннасці ў выглядзе паншчыны або аброку. Сяляне, якія выконвалі паншчыну складалі 92,4% ад агульнай колькасці прыгонных, аброк — 7,6%.

Выдадзены Паўлам І у 1797 г. Маніфест аб трохдзённай паншчыне на тэрыторыі Беларусі па сутнасці не выконваўся. Памешчыкі даводзілі паншчыну да 5-6 дзён у тыдзень. У сялян не заставалася часу для працы ў сваёй гаспадарцы. Дэградацыя сялянскай гаспадаркі адбівалася на агульным стане гаспадаркі краіны. Даўгі памешчыка ўзрасталі і да 1857 г. склалі 39 597 тыс. руб.

Памешчыкі, якія пазаблытваліся ў даўгах, закладвалі свае маёнткі і прыгонных. Амаль ва ўсіх справаздачах губернатараў беларускіх губерняў за 1850—1860 гг. паведамлялася аб павелічэннi колькасці закладзеных і перазакладзеных маёнткаў. Запазычанасць памешчыкаў, адсутнасць у іх капіталаў, нізкая вытворчасць працы, рабілі маруднным пераход гаспадаркі на капіталістычны шлях. Толькі адмена прыгоннага права магла даць прастору для эканамічнага развіцця краiны.

Гаспадарка сялян была вельмі прымітыўнай. Жывёлы не хапала, глеба ўгнойвалася дрэнна, ураджаі былі нізкімі. У пошуках выхаду з гэтага становiшча частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі.

Дзяржаўныя сяляне Віцебскай губерні займаліся вырабам і продажам лёну, які выраблялі не толькі ў асабістых гаспадарках, але і скуплялі ў іншых сялян. На мясцовых рынках прадаваліся і вырабы хатніх промыслаў сялян. На продаж паступалі жывёла-маладняк, сала, аўчына, палатно, бульба, ягады і інш.

Гандлёвыя сувязі сялянскай гаспадаркі з рынкам мелі аднабаковы характар. Сяляне больш прадавалі, чым куплялі. Амаль усе выручаныя грошы шлі на выплату дзяржаўных падаткаў.

У першай палове ХІХ ст. сярод сялян беларускіх губерняў адбывалася маёмаснае расслаенне. У вёсцы з'яўляюцца заможныя сем'і. Па даных П.М. Шпілеўскага, у некаторых сялян Мінскай губерні было па дзесяць і болей коней, кароў, стада авечак і баранаў. Яны выкарыстоўвалі наёмную працу. Частка заможных сялян займалася гандлем, падрадамі, арэндавала млыны, карчмы. Праўда, колькасць такіх сялян была нязначнай. У Мінскай губерні ў 30—40-я гады ў асабістай уласнасці мелі зямлю не болей 50 сялян.

К 40-м гадам працэс разлажэння феадальнай прыгоннай гаспадаркі паглыбіўся, перарос у агульны крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. У Беларускіх губернях крызіс праявіўся ў паніжэнні ўраджайнасці, памяншэнні пагалоўя жывёлы, зніжэнні прыбытку памешчыцкіх маёнткаў, росце недоімак. Урад вымушаны быў прызнаць факт цяжкага эканамічнага становішча беларускіх губерняў, пра гэта сведчыць уласнаручная прыпіска Мікалая І, якая была зроблена ім на дакладзе беларускага генерал-губернатара: "У Камітэт Міністраў з тым, каб усе гг. міністры прачыталі і пераканаліся, у якім страшным становішчы губерні знаходзяцца, што аднымі законнымі мерамі край не толькі не ўзнімецца, але і канчаткова прападзе; патрэбны экстранныя і крутыя меры".


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: