Беларуская культура ў 1920–1930 гг. ХХ ст. развівалася ва ўмовах падзелу тэрыторыі Беларусі паміж рознымі дзяржавамі, ва ўмовах як беларусізацыі, так і палітычных рэпрэсій.
У комплексе праблем культурнага будаўніцтва важнае месца займала ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці насельніцтва рэспублікі. З гэтай мэтай у гарадах і вёсках Беларусі ствараліся і працавалі школы і пункты па ліквідацыі непісьменнасці, школы рабочай моладзі, группы індывідуальнага навучання. У 1926 г. у БССР аформілася таварыства “Прэч непісьменнасць”, якое ўзначаліў старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў.
13 красавіка 1939 г. Саўнаркам БССР прыняў пастанову “Аб ходзе ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў БССР”. Ставілася задача аб канчатковай ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў рэспубліцы. Гэта работа працягвалася да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Цэнтральнай праблемай нацыянальнага культурнага будаўніцтва ў Беларусі з’яўлялася ўвядзенне ўсеагульнага абавязковага навучання. У 1930–1931 навучальным годзе ў БССР было ў асноўным уведзена ўсеагульнае абавязковае навучанне дзяцей 8–10 гадовага ўзросту, а таксама пераросткаў ва ўзросце 11–15 гадоў, і пачалася работа па ажыццяўленню ўсенавуча ў аб’ёме сямігадовай школы. Значна вырас кантынгент у старэйшых класах няпоўнай сярэдняй і сярэдняй школы. У 1937–1938 гг. у гэтых школах вучыліся 278454 вучні.
|
|
20-я гады сталі часам нараджэння нацыянальнай беларускай навукі. 30 кастрычніка 1921 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё БДУ. Яго першым рэктарам быў прызначаны вядомы рускі вучоны, гісторык-славіст, прафесар У.І. Пічэта. У складзе універсітэта ў 1922–1923 гг. дзейнічалі факультэты: рабочы, грамадскіх навук, педагагічны, меды-цынскі, права і гаспадаркі. 30 студзеня 1922 г. быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго ўзначаліў вядомы вучоны-філолаг С.М. Некрашэвіч. Акрамя БДУ у БССР дзейнічалі 3 вышэйшыя навучальныя установы: Камуністычны універсітэт у Мінску, Беларускі ветэрынарны інстытут у Віцебску і Беларуская сельска-гаспадарчая акадэмія ў Горках. Акрамя таго, у рэспубліцы налічвалася 23 тэхнікумы, 20 прафтэхшкол і 20 іншых спецыяльных навучальных устаноў. У 20-я гг. у рэспубліку прыехалі вядомыя вучоныя І. Замоцін, М. Нікольскі, У. Перцаў, М. Шчакаціхін і інш. Нязменным сакратаром Інбелкульта ў 1926–1928 гг. з’яўляўся вядомы навуковы і грамадскі дзеяч В. Ластоўскі. Важную ролю ў навуковым жыцці рэспублікі адыграла адкрыццё ў 1921 г. бібліятэкі БДУ (пазней – Дзяржаўная бібліятэка БССР).
1 студзеня 1929 г. Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук (1936 – АН БССР). У 1932 г. у яе складзе налічвалася 14 навукова-даследчых інстытутаў, працавалі 22 сапраўдныя члены акадэміі і 150 навуковых супрацоўнікаў. У гэты час вучоныя Беларускай акадэміі навук праводзілі даследаванні ў галіне прыкладных навук, па праблемах сельскай гаспадаркі (лесаводства, флоры і фауны). Эфектыўна развіваліся даследаванні ў галіне хіміі, біялогіі, а таксама гуманітарных навук.
|
|
20-я гг. – час росквіту беларускай літаратуры. Менавіта тады фарміруюцца і дзейнічаюць першыя літаратурныя аб'яднанні пісьменнікаў: беларускія ("Маладняк, "Узвышша", "Полымя"), рускія ("Зве-нья", "Минский перевал"), яўрэйскія ("Юнгер арбайтер"). Іх узнікненне было выклікана пошукамі новых шляхоў у мастацтве. З "Маладняка" (1923–1928 гг.) выйшлі такія таленавітыя пісьменнікі, як К. Крапіва, М. Зарэцкі, М. Лынькоў, М. Лужанін і іншыя. З яго асяроддзя ўзняліся стваральнікі новага літаратурна-творчага аб'яднання "Полымя", у якое ўваходзілі як старэйшыя беларускія літаратары (Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, К. Чорны), так і маладыя літаратурныя сілы (М. Чарот, А. Александровіч, А. Дудар, А. Вольны).
Менавіта ў 20-я гг. вызначаюцца сваімі асаблівымі нацыянальнымі рысамі і атрымліваюць дзяржаўную падтрымку беларускія драматургія, тэатр і кіно. Пад кіраўніцтвам выдатнага рэжысёра Е. Міровіча з 1921 па 1931 гг. адбывалася станаўленне Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра ў Мінску. У 1930 гг. створаны рускі драматычны тэатр і тэатр юнага гледача. У 1933 г. заснаваны тэатр оперы і балета.
Значнае развіццё ў гэты час атрымала і музычнае мастацтва рэспублікі. У 1932 г. была заснавана Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, дзе пачалі плённую дзейнасць кампазітары В. Залатароў, А. Багатыроў, П. Падкавыраў, У. Алоўнікаў.
Даволі плённа працавалі ў гэты час беларускія жывапісцы, скульптары і архітэктары. Беларускія жывапісцы імкнуліся распрацоўваць вытворчую тэму (Г. Віер, Я. Кругер, А. Шаўчэнка). У жанры пейзажа па-ранейшаму вядучае месца належыла В. Бялыніцкаму-Бірулі, а ў жанры партрэта – В. Волкаву, М. Філіповічу, І. Ахрэмчыку. Глыбокі след у беларускай скульптуры пакінулі А. Грубы, А. Бразер, З. Азгур, А. Глебаў.
Шматлікія дасягненні мелі месца і ў архітэктурнай творчасці: Дом урада (Мінск, 1929–1933 гг.), архітэктар І. Лангбард, першая клінічная бальніца (Мінск, 1928–1931 гг.), архітэктар Г. Лаўроў і інш.
У складаных умовах развівалася культурнае жыццё ў гэты час на тэрыторыіі Заходняй Беларусі. У 20-я гг. Таварыства беларускай школы стала самай масавай беларускай арганізацыяй. У 1928–1929 гг. польскія ўлады пад націскам грамадскага руху вымушаны былі даць дазвол на адкрыццё новых беларускіх і польска-беларускіх школ, амаль у 100 школах увесці беларускую мову як прадмет. У 1923–1924 гг. у Заходняй Беларусі налічвалася каля 20 дзяржаўных школ і 4 прыватныя беларускія школы, а таксама больш за 40 польска-беларускіх – гэта быў толькі кароткачасовы перыяд. У 1937 г. дзейнасць ТБШ была забаронена, пачаўся курс на ліквідацыю беларускай нацыянальнай школы. У канцы 30-х гг. беларуская школа ў Заходняй Беларусі ўжо фактычна не існавала, што з'яўлялася вынікам палітыкі Польшчы, накіраванай на асіміляцыю беларускага насельніцтва.
Асноўным жанрам у заходнебеларускай літаратуры з’яўляўся паэтычны, які дазваляў хутка і эмацыянальна рэагаваць на грамадска-палітычныя падзеі. Найбольш плённа працавалі ў галіне літаратуры У. Жылка, Л. Радзевіч, Г. Леўчык, Я. Скурко (Танк), В. Таўлай і інш.
У 20–30-я гг. у Заходняй Беларусі працавалі і выдатныя беларускія мастакі. У 20-я гг. вызначыўся сваім патрыятычным пафасам, нацыянальным каларытам Я. Драздовіч. У залаты фонд беларускага жывапісу ўвайшлі таксама карціны П. Сергіевіча, М. Сеўрука. Жывапіс Заходняй Беларусі захаваў пэўную свежасць, нацыянальны каларыт, адметнасць.
|
|
Такім чынам, нягледзячы на падзел Беларусі паміж рознымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, яе культура захавала пэўную адметнасць. У развіцці культуры рэспублікі выразна акрэсліваюцца два этапы – 20-я і 30-я гг. Першы вызначаецца беларусізацыяй у БССР і масавым рухам за нацыянальную школу ў Заходняй Беларусі. Асноўнымі рысамі дру-гога этапа становяцца пачатак русіфікацыі і ідэалагізацыі культурнага жыцця ў БССР, паланізацыі – у Заходняй Беларусі. Спыніць развіццё культуры адзначаныя перашкоды не змаглі. Аднак справе нацыянальнага характару гэтага развіцця, справе нацыянальна-культурнага адраджэння былі нанесены вялікія страты.
Храналогія падзей
30 студзеня 1922 г. – заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).
Красавік 1926 г. – пастанова ЦВК і СНК БССР аб увядзенні ў рэспубліцы ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў.
1 студзеня 1929 г. – Інбелкульт рэарганізаваны у Беларускую акадэмію навук. (з 1936 г. – АН БССР).
30 кастрычніка 1921 г. – адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт.
4 жніўня 1932 г. – Саўнарком БССР прыняў пастанову "Аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання для малапісьменных".
5 мая 1934 г. – пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) "Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР". 3 гэтага часу былі ўстаноўлены адзіныя для ўсёй краіны тыпы агульнаадукацыйнай школы – пачатковая, няпоўная сярэдняя і сярэдняя. Вучэбныя групы сталі называцца класамі.
13 красавіка 1939 г. – Саўнарком БССР прыняў пастанову "Аб ходзе ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў БССР".
Пытанні для самаправеркі
1. Вызначце характэрныя рысы развіцця культуры Беларусі ў 20–30-я гг.
2. Назавіце найбольш выдатных прадстаунікоў беларускай нацыянальнай культуры ў галіне навукі, літаратуры, мастацтва, жывапісу, архітэктуры і скульптуры.
3. Ахарактарызуйце развіццё розных жанраў літаратуры і мастацтва ў Заходняй Беларусі ў 20–30-я гг.