double arrow

Вярбіцкая В.І

(Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, г.Мінск)


Пачынаючы з Сярэдневечча на беларускіх землях паралельна суіснавалі два ўзроўні культуры: элітарная і народная. Першая характарызавалася імкненнем да пастаяннага запазычання здабыткаў іншых культурных традыцый – як усходніх, так і заходніх, а народная, што генетычна ўсходзіла да старажытнаславянскай традыцыйнай культуры, захоўвалася і ўзбагачалася за кошт творчага патэнцыялу сялянства. Запазычанні з хрысціянскай рэлігійнай філасофіі і культурных традыцый суседніх усходнеславянскіх народаў не закраналі асноўнай сутнасці язычніцкай свядомасці, а арганічна ўпляталіся ў яе. Такі двухузроўневы стан беларускай культуры і нязменнасць земляробчага сялянскага ладу жыцця, з аднаго боку, не дазвалялі традыцыйнай культуры пайсці па шляху эвалюцыі і разлажэння і сфарміраваць свецкі, буржуазны тып культуры амаль да ХХ стагоддзя, а з другога, захавалі традыцыйныя каштоўнасныя арыентацыі нязменнымі на працягу стагоддзяў. Якуб Колас, які на працягу многіх гадоў збіраў, вывучаў вусную народную творчасць і этнаграфічныя матэрыялы, шырока выкарыстоўвае элементы традыцыйнай культуры у сваіх літаратурных творах. Асабліва ў гэтым плане вызначаецца раман Коласа “На ростанях”. Літаратуразнаўцы яго па праву лічаць асновай эпічнай беларускай прозы. Сваей народнасцю, гістарызмам і глыбокім веданнем народнай культуры гэты твор добратворна ўплываў на станаўленне беларускай эпічнай прозы. У трылогіі праўдзіва адлюстраваны найбольш значныя з’явы і падзеі, якія адбываліся ў пачатку ХХ стагоддзя на Усходнебеларускім Палессі. Паставіўшы ў цэнтр мастацкага твора праблему народа і інтэлегенцыі, пісьменнік канцэнтруе ўвагу на паказе каштоўнасных арыентацый народа, пераважна сялянства і розных катэгорый інтэлігенцыі.

У першых дзвюх частках трылогіі “У палескай глушы” і “У глыбі Палесся” праз вобразы старожкі Мар’і, паляшука Сцяпана Рылкі, Аксена Каля, Бязручкі, Цімоха Жыгі і іншых сялян весак Цельшына, Высокае і Выганы Я.Колас паказвае адносіны народа да каштоўнасцей, норм і ідэалаў усходнеславянскай традыцыйнай культуры.

Празаік адзначае, што аксіялагічнымі дамінантамі народнай культуры з”яўляюцца жыцце чалавека як носьбіта звычаю, абшчына, сям”я, зямля, праца, дабрабыт, справядлівасць. Сялян і інтэлігенцыю аднолькава хвалюць як вечнасць і бясконцае абнаўленне жыцця, так і кароткі чалавечы век. Я. Колас вуснамі свайго героя Андрэя Лабановіча сцвярджае: “Што ні кажы, а жыцце, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар” [2, с.10]. Героі рамана імкнуцца адшукаць мэту, сэнс дадзенага ім жыцця. Лабановіч, Турсевіч, Андросава не раз спрачаліся па гэтай праблеме. Настаўнікі спрабуюць атрымаць адказ на гэтае пытанне і ад сялян. Не аднойчы размову на гэты конт заводзіў Лабановіч з бабкай Мар’яй, Аксенам Калем і іншымі паляшукамі. Сялянская рэфлексія больш простая, ясная: “Жывем, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыдзе смерць, тады пахаваюць”[2, с. 8]. Такая філасофія не задавальняе Андрэя Лабановіча. Па перакананню настаўніка, сэнс жыцця заўсёды індывідуальны,паколькі ўяўляе сабой цэнтральны мэтапалягаючы матыў, зыходзячы з якога асоба вызначае самастойна, кіруючыся голасам сумлення і ўнутраннай адказнасці, свае ўчынкі і лінію паводзін. Адказ на пытанне, у чым сэнс жыцця, неабходны Я. Коласу і яго героям перш за ўсё таму, што, атрымаўшы яго, чалавек набывае новую псіхалагічную энергію, жыццёва важную для яго ў крызіснай сітуацыі. Пасля доўгіх пакутлівых разважанняў, спрэчак, назіранняў за жыццём народа Лабановіч і шэраг яго калег прыходзяць да высновы, што сэнс жыцця як найвялікшай каштоўнасці заключаецца ў тым, каб “... жыць дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых...” [2, с. 71]. Менавіта імкненне Андрэя Лабановіча і перадавой інтэлігенцыі надаць сэнс свайму індывідуальнаму існаванню прыводзяць іх да рэвалюцыйнай дзейнасці.

Глыбока аналізуецца ў трылогіі каштоўнаснае асэнсаванне беларусамі прыроднага асяроддзя. Прырода ў творы – гэта непрачытанная кніга, неразгаданая тайна, і арэна працоўнай дзейнасці чалавека, і сфера эстэтычнага. Сузіранне Лабановічам яе шматколернасці, бязмежнасці сусвету выклікае не толькі захапленне, святое трапятанне сэрца, але прыносіць самотнай душы настаўніка заспакаенне, дае жыватворныя сілы. Раман “На ростанях” прасякнуты абагаўляючым стаўленнем Я. Коласа да прыроды Палесся. Празаік заўважае: “Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё, яго глыбокі сэнс і хараство – чалавек і прырода” [2, с. 10]. Вобразы роднай прыроды з’яўляюцца для герояў мастацкага твора не далекай абстракцыяй – яны непарыўна звязаны з паўсядзённым жыццём. Крыніцай існавання чалавека з’яўляецца зямля, таму менавіта яна лічылася ва ўсходнепалескай традыцыйнай культуры адной з найгалоўнейшых каштоўнасцей. Я. Колас паказвае суб”ект-суб”ектны характар адносінаў палешукоў да зямлі. Сяляне ўспрымалі яе як жывую і родную істоту, за якую не шкада было аддаць і жыцце. Дванаццаць гадоў судзіліся сяляне вескі Высокае з панам Скірмунтам за затокі. Не дабіўшыся падтрымкі ў судзе, сяляне вырашылі сілай вярнуць іх былыя затокі.

Важнейшай каштоўнасцю традыцыйнай культуры, сцвярджае Я. Колас, з”яўляецца праца. Сутнасць земляробчай працы, сіла любові селяніна да зямлі-карміцелькі раскрываецца ў трылогіі на шматлікіх вобразах паляшукоў. Так, у вобразе дзеда Мікіты Я. Колас як удумлівы пісьменнік-рэаліст паказаў канкрэтна-гістарычнага паляшука, працавітага, разважлівага, дасведчанага ў земляробстве. Аўтар рамана адзначае, што такія сяляне, як дзед Мікіта, былі самавукамі-аграномамі. Яны дакладна” ведалі, у якую нават часіну трэба выязджаць з сахою на поле, пры якіх умовах трэба сеяць тую ці іншую збажыну” [2, с.94]. Фізічнай працай на сваей гаспадарцы займаюцца не толькі сяляне, але і прадстаўнікі іншых сацыяльных груп. Напрыклад, настаўнікі Саханюк, Грынько, Шырокі, нават айцец Мікалай з задавальненнем апрацоўвалі свае палеткі. У настаўніка Грынько было “... дзесяцін тры агароду, столькі ж сенакосу, была карова, свінні, на дварэ хадзіла рознае птаства пад пільным і дбалым наглядам гаспадыні” [2, с.155].

У трылогіі ўсебакова раскрываецца сутнасць інтэлектуальнай працы лепшых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, напружаная работа думкі, няспыннасць пошуку. Андрэй Лабановія, Янка Тукала, Алесь Садовіч паўстаюць перад чытачом працавітымі, сціплымі, якія бяруцца за пашырэнне асветы не толькі сярод дзяцей, але і сярод дарослых, імкнуцца абудзіць у людзей крытычную думку, прымусіць іх больш уважліва і асэнсавана аднесціся да саміх сябе, да свайго становішча. Так, Лабановіч пашырае рамкі сваей работы, выносіць яе за межы чыста школьных пытанняў. Цэлыя вечары ён праседжваў у сялянскіх хатах, праводзіў гутаркі з сялянамі аб розных справах, вучыў грамаце асобных сялян, безкарысна рыхтаваў найбольш здольных вучняў да паступлення ў розныя навучальныя ўстановы.

Адной з галоўных каштоўнасцей і мар суб”ектаў усходнепалескай традыцыйнай культуры былі справядлівасць і сумленнасць. Увасабленню гэтых аксіялагічных дамінант Я. Колас надае шмат увагі на старонках трылогіі. У творы пісьменнік паказвае тое жахлівае становішча, у якім знаходзіліся паляшукі, іх талент, культура. Лабановіча абураюць неаб”ектыўныя ўяўленні аб беларускім народзе, яго бацькаўшчыне. З хваляваннем перадае настаўнік свае патрыятычныя думкі Турсевічу. Несправядліва, кажа Лабановіч, называць Беларусь заходняй акраінай Расіі. “Чым яна слаўная? Нічым. Вось балоты есць, ды яшчэ на ўвесь свет вядомая хвароба – каўтун” [2, с.73]. Настаўнік заклікае Турсевіча не адмяжоўвацца ад свайго этнаса, ганарыцца прыналежнасцю да сваей нацыі. “Кожны народ - піша Я. Колас, - мае свой гонар. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару” [2, с.74]. Абуджанае пачуцце справядлівасці, гонару за свой народ становіцца не толькі важным момантам светапогляду шэрагу герояў трылогіі, але і моцным узбуджальнікам актыўнай дзейнасці іх на карысць беларускага народа. Імкненнямі Андрэя Лабановіча, Вольгі Андросавай, Янкі Тукала, Алеся Садовіча дасягнуць справядлівасці можна патлумачыць іх удзел у рэвалюцыйнай дзейнасці. Прага да справядлівасці, праўды выклікала ў Аксена Каля і яго аднасяльчан адкрыты бунт супраць афіцыйнай улады, які быў ей жорстка задушаны.

Псіхалагічна праўдзіва раскрыта ў трылогіі такая аксіялагічная катэгорыя, як веды, якія, па меркаванню Я. Коласа, адыграваюць вялізарную ролю ў духоўным узбагачэнні і выхаванні асобы. Веды ў традыцыйным грамадстве паляшукі, як і ўсе беларусы, атрымлівалі сродкамі персанальнай іх трансляцыі ад бацькоў дзецям, ад майстра да вучня, ад святара да прыхажаніна і г.д. Крыніцай пэўнага культурнага вопыту быў соцыум, у якім жыў індывід. Ва ўмовах складвання індустрыяльнага грамадства гэтых традыцйных каналаў атрымання ведаў было недастаткова. На дадзеным этапе грамадскага развіцця ўзрастае роля адукацыі як канала трансляцыі ведаў, паняццяў, сацыякультурных норм і іншай сацыяльна значнай інфармацыі шырокім масам насельніцтва. Гэтую акалічнасць Я. Колас адзначае ў гутарцы Лабановіча з паляшуком Сцяпанам Рылькам. “Так, дзядзька Сцяпан: жыцце не стаіць на месцы, і ўсе на свеце змяняецца. Вось у вас чыгунку правялі, заработкаў прыбавілася, гандаль шпарчэй пайшоў, новыя людзі з’явіліся. Яшчэ тры гады таму назад у вас і школкі не было, цяпер пабудавалі школу, вашы дзеці вучыцца будуць, граматнымі стануць, будуць кнігі,часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсе ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе [2, с.15-16]. У рамане “На ростанях“ намалявана аб”ектыўная карціна тагачаснай школьнай адукацыі на Палессі, якая не задавальняла патрэбы грамадства. Нягледзячы на абмежаванасць школьных праграм, Лабановіч і іншыя сумленныя настаўнікі імкнуцца “абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факту яны падыходзілі з пытаннямі – як выніклі? у чым іх прычыны? І, наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома” [2, с.32]. Такім чынам, асвета ў разуменні Лабановіча - каштоўнасць сацыяльная, глыбока дэмакратычная, бо ўключае ў сябе патрабаванні не толькі шырокай адукацыі народа, але і грамадскай яго актывізацыі.

Пэўнымі абуджальнымі стымуламі для дасягнення пастаўленых мэт выступаюць у трылогіі не толькі вышэй азначаныя сацыяльныя каштоўнасці. Рэгулятарам паводзін Андрэя Лабановіча ў шэрагу абставін выступае і такая духоўная каштоўнасць традыцыйнай культуры, як каханне. Так, глыбокія пачуцці настаўніка да Ядвісі акрылілі яго, яны абудзілі ў ім новыя сілы, клікалі наперад, да жыцця нязведанага, але змястоўнага і прывабнага. Адносіны Лабановіча да жанчыны ўзнеслыя, высакародныя. Ён нават у думках не дазваляў сабе зняважыць жанчыну. “Адно слова “дзяўчына”, адзначае пісьменнік, выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалек” [2, с.17 ]. У рамане паказаны і супрацьлеглыя погляды на сутнасць кахання. Паводзіны Сухаварава, Мітрафана Васільевіча у адносінах да жанчын не адпавядаюць маральным нормам традыцыйнай культуры, што сурова асуджаецца Андрэям Лабановічам.

У рэалістычным плане адлюстравана і такая сацыяльная каштоўнасць усходнепалескай традыцыйнай культуры, як сям”я. Яна, на думку Я. Коласа, прызначана не толькі выконваць функцыю біялагічнага ўзнаўлення суб”ектаў соцыума, але садзейнічаць сацыялізацыі і інкультурацыі іх. На старонках трылогіі даецца замалеўка сялянскіх, настаўніцкіх, чыноўніцкіх сем”яў, Не абыходзіць Я. Колас увагай і сем”і святароў. Большасць сем”яў у творы характарызуюцца глыбокай інтымнасцю, даверлівасцю, эмацыянальнай прывязаннасцю мужа і жонкі. Такой, напрыклад, з”яўляецца сям”я настаўніка Тараса Іванавіча Шырокага. У негатыўным плане падаюцца адносіны у сям”ях пана падлоўчага Баранкевіча і пісара Васількевіча, якія зневажаюць сваіх жонак, не лічацца з іх думкамі, нават дазваляюць сабе рукапрыкладства. Але такія ўзаемаадносіны, як бачым, уласцівы прадстаўнікам элітарнай, а не народнай культуры.

У трылогіі “На ростанях” Я.Коласам увасоблены і іншыя каштоўнасці усходнепалескай традыцыйнай культуры. Так, Лабановіч балюча перажывае ганенне на беларускую мову з боку афіцыйных улад. Мова з’яўляецца неад’емнай часткай народнай культуры і найбольш адэкватным аналагам яе цэласнасці. Разумеючы гэта, былы настаўнік прымае актыўны ўдзел у рабоце першай беларускай газеты ў Вільні. Менавіта праз газету, на мове свайго народа, ен спадзяваўся весці размову з народам, дапамагаць яму ў змаганні за лепшую долю. Усебакова пісьменнік раскрывае сутнасць такіх каштоўнасцей, як праўда, гонар, гасціннасць, сціпласць, якія ўласцівы палешукам.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: