Тэма, праблема, ідэя

Улас­на змястоўны пласт мастацкага твора, яго «субстан­цыя» ха­рак­та­рызуецца ў першую чаргу з дапамогай такіх паняццяў-тэрмі­наў, як тэ­ма, праблема, ідэя.

Тэма (ад ст.-грэч. thema — літаральна тое, што пакладзена ў ас­но­ву) — гэта тыя факты, падзеі, учынкі, душэўныя зрухі, пера­жы­ван­ні і г. д., што сталі прадметам мастацкага ўзнаўлення ў творы. Нао­гул, гэта «тая рэч ці справа, аб якой у творы пішацца» [80].

Зазначым, што гэта найбольш распаўсюджанае ў сучасным усход­не­сла­вянскім літаратуразнаўстве разуменне тэрміна «тэма», якое ідзе яшчэ з ХІХ ст. Побач з ім ужываюцца часам і іншыя: по­гляд на тэму як на га­лоў­ную думку твора, г. зн. атаясамліванне тэмы з ідэяй; разуменне тэмы як галоўнага, вядучага матыву (у літа­ра­ту­ра­знаўстве для абазначэння менавіта такой якасці паняцця «матыў» іс­нуе тэрмін лейтматыў) твора, г. зн. таго, на чым адносна рэ­гу­ляр­на акцэнтуецца ўвага з боку аўтара; тэ­ма як «найбольш істотныя кам­паненты мастацкай структуры, аспекты фор­мы, апорныя пры­ё­мы» [81] (такая трактоўка тэмы характарызуе прад­стаў­нікоў рускай «фар­мальнай школы», і ў першую чаргу лі­та­ра­ту­ра­знаў­чыя канцэп­цыі В. Жырмунскага і Б. Тамашэўскага).

Побач са словам-тэрмінам «тэма» ў літаратуразнаўчых дас­ле­да­­ван­нях даволі часта фігуруе тэрмін «тэматыка», які ўказвае на на­яў­насць у мас­тацкім творы побач з цэнтральнай, галоўнай тэмай роз­ных пабочных тэ­матычных ліній. Чым маштабней твор, шырэй у ім ахоп жыццёвага ма­тэ­рыялу, тым больш у яго складзе тэма­тыч­ных ліній, часам даволі ад­да­ле­ных адна ад другой, але, як правіла, у кан­чатковым выпадку «пра­цу­ю­чых» на цэнтральную, галоўную тэ­му. Акрамя таго, дадзены тэрмін мо­жа служыць для абазначэння су­куп­насці тэм асобнага мастацкага твора, а так­сама тэматычнага дыя­пазону ўсёй творчасці пісьменніка ці нават асоб­най на­цыя­наль­най літаратуры альбо літаратуры рэгіёна, кантынента на пэў­ным эта­пе развіцця. І, урэшце, словам «тэматыка» вучоныя-літа­ра­ту­­ра­знаў­цы аперыруюць пры вызначэнні ўстойлівых і паўтаральных у тво­­рах сусветнай літаратуры тыпаў тэм (маюцца на ўвазе асноўныя раз­на­віднасці літаратурна-мастацкай тэматыкі) [82].

Праблема (ад ст.-грэч. problema — нешта, кінутае наперад, г. зн. вы­дзе­ленае з іншых бакоў жыцця) — тэрмін, які часта су­стра­ка­ецца ў дас­ле­даваннях пры аналізе змястоўнага пласту твора, але дэ­фініцыя (вы­зна­чэн­не) яго пададзена толькі ў некаторых слоў­ні­кава-даведачных працах і ву­чэбных дапаможніках па лі­тара­ту­ра­знаў­ству. Дарэчы, асобнага ар­ты­ку­ла, прысвечанага паняццю-тэр­мі­ну «прабле­ма», няма і ў ЛЭС.

Як зазначаюць М. Лазарук і А. Ленсу, «паняцце праблемы вель­­мі бліз­кае да паняцця тэмы. Праблема ўваходзіць у тэму як га­лоў­ная яе сут­насць; гэта вострае грамадскае пытанне, якое за­ці­ка­ві­ла аўтара і пад­штурх­нула яго да адлюстравання пэўнай з’явы» [83]. Прык­ладна гэтак жа вы­тлумачвае паняцце «праблема» і В. Рагойша, але зноў жа, заўважым, не ў асобным артыкуле, а пры разглядзе па­няцця-тэрміна «тэма» [84].

А вось як трактуе змястоўнае напаўненне тэрміна «праблема» М. Ме­шчаракова: гэта «складанае пытанне, пастаўленае ў літара­тур­ным тво­ры (можа атрымаць адказ альбо застацца нявы­ра­ша­ным); той бок жыц­ця, які асабліва цікавіць пісьменніка. Адна і тая ж тэ­ма можа па­слу­жыць асновай для пастаноўкі розных праблем (тэ­ма прыгоннага пра­ва — праблема ўнутранай несвабоды прыгон­на­га, праблема ўзаемнага раз­бэшчвання, калечання прыгонных і пры­гон­­нікаў, праблема са­цы­яль­най несправядлівасці)» [85].

Даволі цікавую трактоўку тэрміна-паняцця «праблема» дае А. Фя­до­таў, робячы пры гэтым акцэнт на тым, што ў ёй «нярэдка ўтрымліваецца, ак­рамя аб’ектыўнай канстатацыі таго альбо іншага жыццёвага факта, і суб’ек­тыўна, асабова афарбаваныя адносіны да яго пісьменніка, г. зн. ней­кі водбліск ідэі» [86].

Як і ў выпадку з тэмай, побач з тэрмінам «праблема» часта ўжы­вац­ца тэрмін «праблематыка», які ўяўляе сабой «пералік (су­куп­насць) праб­лем, якія закрануты ў творы (яны могуць насіць да­дат­ковы характар і пад­начальвацца галоўнай праблеме). Калі га­лоў­ная праблема пад­на­чаль­вае сабе астатнія, можна гаварыць аб са­цы­яльна-палітычнай, ма­раль­на-этычнай, нораваапісальнай, нацыя­нальна-гістарычнай, фі­ла­соф­скай і інш. праблематыцы, якая да­мі­нуе ў творы альбо ў творчасці пісь­менніка» [87].

Пад ідэяй (ад ст.-грэч. idea — першавобраз, ідэал) падразу­мя­ва­ецца асноўны сэнс мастацкага твора. Гэта «галоўная думка, той по­гляд, які да­во­дзіцца аўтарам у творы» [88]. Ідэя мае звычайна ацэ­нач­ны характар. Хоць ідэя твора і можа быць сфармулявана сцісла, у выг­лядзе аднаго-двух ска­заў ці нават фраз, яна ўсё-такі вынікае з усёй сістэмы вобразаў і карцін. У буй­ных творах можа вылучацца асноўная, скразная ідэя, а по­бач з ёю — шэраг другарадных, пэўным чынам каменціруючых, да­паў­ня­ю­чых і развіваючых гэтую асноўную ідэю.

Паняцці «тэма», «праблема», «ідэя» хоць і вылучаюцца як асоб­ныя адзін­кі-катэгорыі ў складзе змястоўнага пласту літара­турна-мастацкага тво­ра, аднак пры гэтым знаходзяцца ў любым тво­ры ў надзвычай цеснай ар­ганічнай сувязі, у непарыўным адзінстве, у ста­не рэгулярнага ўза­е­ма­да­паўнення і ўзаемахарактарыстыкі, аб чым, дарэчы гавораць даволі час­та ўжывальныя пры аналізе ву­чо­ны­мі і крытыкамі тэрміны-сло­ва­злу­чэн­ні «ідэйна-тэматычная ас­но­ва», «ідэйна-тэматычнае адзінства».


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: