Літаратура. 1. Рагойша, В.П. “Назваслоўе” Максіма Гарэцкага / В.П

1. Рагойша, В.П. “Назваслоўе” Максіма Гарэцкага / В.П. Рагойша // Гарэцкія чытанні: Матэр. дакл. і паведамл. першых міжнар. чытанняў. Мінск, 23 – 24 красавіка 1996. Мінск, 1997. – С. 156 – 164.

2. Методыка выкладання беларускай літаратуры: вучэб дапам. / Л.В. Асташонак, Г.С. Гарадко, Г.М. Ішчанка [і інш.]; пад рэд. В.Я. Ляшук). – Мінск: ТАА “Асар”, 2002.

3. Літаратурная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь

3.1. Асноўныя палажэнні Канцэпцыі літаратурнай адукацыі

Канцэпцыя літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, дакладней канцэпцыя яе рэфармавання, распрацаваная супрацоўнікамі Нацыянальнага інстытута адукацыі сумесна з навукоўцамі Інстытута літаратуры НАН Беларусі і выкладчыкамі ВНУ, была прынята ў 1996 г. [2]. Асноўныя палажэнні канцэпцыі застаюцца актуальнымі і метадалагічна абгрунтаванымі для сучасных агульнаадукацыйных і вышэйшых навучальных устаноў.

Мастацкая літаратура ў сучаснай школе разглядаецца як форма грамадскай свядомасці і як від мастацтва, а таксама як навуковая дысцыпліна. З гэтай прычыны, паводле канцэпцыі, вызначаюцца спецыфічныя мэты і задачы літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Найважнейшай яе мэтай з’яўляецца арыентацыя навучэнцаў на далучэнне іх да прызнаных каштоўнасцей нацыянальнай і сусветнай літаратуры. У лік галоўных задач літаратурнай адукацыі уваходзяць: развіццё цікавасці вучняў як да літаратуры, так і да мастацтва ў цэлым; арганізацыя чытання літаратурных твораў; атрыманне ведаў і ўменняў, якія даюць магчымасць навучэнцам успрымаць, разумець і засвойваць з’явы мастацкай літаратуры; далучэнне школьнікаў да самастойнай творчай дзейнасці; развіццё моўнай культуры.

Умовы, якія склаліся ў Рэспубліцы Беларусь пасля набыцця ёю суверэнітэту, запатрабавалі абнаўлення метадалогіі ў сістэме літаратурнай адукацыі – не толькі пераасэнсавання агульнавядомых дыдактычных прынцыпаў (даступнасці, сістэмнасці, нагляднасці, паслядоўнасці, пераемнасці), але і замацавання новых – дэмакратызацыі і гуманізацыі, арыентацыі на агульначалавечыя і нацыянальныя духоўныя каштоўнасці, творчага характару навучання, дыферэнцаванага і індывідуальна-асабовага падыходу да навучэнцаў, бесперапыннасці і пераемнасці працэсу навучання.

Прынцып дэмакратызацыі і гуманізацыі прадугледжвае новыя падыходы да ролі вучня ў адукацыйным працэсе, паварот навучання да “чалавечага ў чалавеку”. Гэты прынцып патрабуе бачыць у вучню найперш асобу, якая мае свае погляды на з’явы рэчаіснасці і імкнецца да самасцвярджэння ў самых разнастайных відах дзейнасці.

Прынцып арыентацыі на агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці робіць прыярытэтным агульначалавечае. Разам з тым гэты прынцып не адхіляе народнае, нацыянальнае, беларускае, не ставіць яго на другі план, а наадварот ўздымае нацыянальнае на больш высокі ўзровень: менавіта праз нацыянальнае праяўляецца агульначалавечае. Нацыянальнае і агульначалавечае цесна ўзаемазвязаны, і таму беларуская літаратура павінна вывучацца як частка нацыянальнай і агульначалавечай культуры.

Прынцып творчага навучання літаратуры прадугледжвае фарміраванне ў вучняў уменняў і навыкаў не толькі адэкватна ўспрымаць і інтэрпрэтаваць літаратурныя з'явы, але і праяўляць элементы даследавання, развіваць здольнасці ўласнай мастацкай творчасці.

Прынцып пераемнасці і бесперапыннасці забяспечвае адзінства літаратурнай адукацыі на ўсіх яе ступенях – ад дзіцячага сада да выпускнога класа і далей падрыхтоўка настаўнікаў у ВНУ і іх перападрыхтоўка ва ўстановах паслядыпломнай адукацыі.

Прынцып дэмакратызацыі і гуманізацыі арыентуе на цэласнасць літаратурнай адукацыі. Пад цэласнасцю разумецца вывучэнне беларускай літаратуры не адасоблена, а ў агульналітаратурным кантэксце, што прадугледжвае асабліва ў старшых класах своеасаблівую інтэграцыю літаратуры як вучэбнага прадмета (пераемнасць літаратурных эпох, кірункаў, мастацкіх стыляў, сінхронная падача гісторыка-тэарэтычных ведаў у курсе беларускай і рускай літаратур).

Да матэрыялу з іншых літаратур пры вывучэнні беларускага славеснага мастацтва настаўнік, як правіла, звяртаецца ў час працы над аглядавымі і манаграфічнымі тэмамі, пры ўвядзенні новых тэарэтыка-літаратурных паняццяў, на факультатыўных і пазакласных занятках. Канцэпцыя прадугледжвае і тэкстуальнае вывучэнне асобных твораў замежнай класікі ў перакладзе на беларускую мову. Для выяўлення літаратурных узаемасувязей можа быць выкарыстаны параўнальна-тыпалагічны падыход да адпаведных з’яў у літаратуры. Творы замежнай класікі на ўроках беларускай літаратуры абавязкова павінны паслужыць паглыбленню ведаў вучняў у галіне літаратуразнаўства. Разам з тым, прыярытэт у гэтай цэласнасці застаецца за беларускай літаратурай “як карэннай першаасновай”, а зварот да твораў літаратуры народаў свету можа выкарыстоўвацца толькі як фон пры вывучэнні нацыянальнай літаратуры.

Паводле канцэпцыі, адным з галоўных прынцыпаў адукацыі павінна стаць апора на нацыянальна-культурную аснову, што патрабуе больш цесных кантактаў урокаў беларускай літаратуры з іншымі прадметамі мастацка-эстэтычнага цыкла і грамадазнаўчымі дысцыплінамі. Правільна арганізаваная рэалізацыя міжпрадметных сувязяў, такім чынам, будзе спрыяць паглыбленню разумення вучнямі спецыфікі вобразнага адлюстравання жыцця ў мастацтве і асвятленню гісторыі культуры ў шырокім значэнні.

У канцэпцыі вызначаны асноўныя метады і формы літаратурнага навучання, найважнейшымі патрабаваннямі да якіх з’яўляюцца з’арыентаванасць на мастацкую спецыфіку літаратуры і ўзроставыя асаблівасці вучняў, іх жыццёвы і чытацкі вопыт. У сувязі з гэтым ў сярэдніх класах прапаноўваецца звяртацца да тых метадаў і прыёмаў, якія стымулююць працу па засваенні тэксту з улікам жанравых і стылёвых асаблівасцей твора на эмацыянальна-вобразным узроўні, спрыяюць развіццю творчай фантазіі, актывізуюць маўленчую дзейнасць вучняў (чытанне, услухоўванне, каменціраванне прачытанага тэксту на даступным ўзроўні, творчасць і сатворчасць з пісьменнікам).

У старшых класах рэкамендуецца выкарыстоўваць пераважна літаратуразнаўчыя падыходы, якія дазваляюць асэнсаваць твор на навуковай аснове ў адзінстве зместу і формы і на канцэптуальным узроўні. У настаўніка абавязкова павінна быць літаратуразнаўчая канцэпцыя канкрэтнай тэмы, на аснове якой ствараецца канцэпцыя метадычная. Галоўнымі становяцца метады, якія маюць эўрыстычную або даследчую скіраванасць (эўрыстычная гутарка, дыспут, самастойная праца).

Асноўнай формай па-ранейшаму застаецца ўрок. У сваю чаргу канцэпцыя важнае значэнне надае факультатыўным заняткам, мэта якіх у сярэдніх класах – абудзіць цікавасць вучняў да мастацтва слова, фарміраваць у іх эстэтычны густ, развіваць творчыя здольнасці, у старшых – у першую чаргу паглыбіць і пашырыць асноўны курс літаратуры. Не абыдзена ўвагай і пазакласная праца па літаратуры, асноўнымі формамі якой з’яўляюцца гурткі, аб’яднанні, літаратурна-краязнаўчыя музеі, гасцёўні і нш.

У адпаведнасці прынцыпу бесперапыннасці ў канцэпцыі былі вызначаны этапы літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь: дашкольны перыяд, этап базавага школьнага навучання, поўная сярэдняя адукацыя ва ўстановах розных тыпаў, вышэйшая адукацыя, перападрыхтоўка і самаадукацыя. Школьны перыяд навучання літаратуры ў базавай школе складаўся з некалькіх ступеняў: пачатковая (І – ІУ класы), сярэдняя ступень (У – УІІІ класы), старэйшая ступень (ІХ– Х класы). Канцэпцыя прадугледжвала таксама шматузроўневасць літаратурнай адукацыі (базавы, павышаны і паглыблены ўзроўні), чым была абумоўлена неабходнасць падрыхтоўкі розных варыянтаў праграм, вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў. Такая структура літаратурнага навучання ў школе поўнасцю адпавядала канцэпцыі рэформы агульнай сярэдняй адукацыі, якая праводзілася ў краіне з канца 90-х па 2008 год і ставіла за мэту пераход на 12-гадовы тэрмін атрымання агульнай сярэдняй адукацыі.

Перыяд рэфармавання агульнаадукацыйнай школы атрымаўся супярэчлівым і складаным. Скрупулёзны аналіз на розных узроўнях вынікаў рэформы агульнай адукацыі, якая набліжалася да свайго завяршэння, выявіў шэраг недахопаў і пралікаў. У выніку быў выдадзены Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 15 ад 17 ліпеня 2008 г. “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі”, які ўстанавіў 9-гадовы тэрмін атрымання базавай адукацыі і 11-гадовы – сярэдняй. У адпаведнасці з названым дакументам у цяперашні час агульная сярэдняя адукацыя Беларусі з’яўляецца трохступеневай (І ступень – 4 гады, ІІ – 5, ІІІ – 2). Адначасова “ў мэтах забеспячэння для ўсіх грамадзян роўных магчымасцей атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, якая адпавядае сучасным умовам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь”[1, с.1] вывучэнне вучэбных прадметаў ва ўсіх агульнаадукацыйных установах ажыццяўляецца на базавым узроўні. Вывучаць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні вучні могуць на факультатыўных занятках.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: