У “Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы” значэнне тэрміна стандарт (англ. standard) падаецца як тыпавы ўзор, мадэль, якім павінна адпавядаць што-небудзь сваім памерам, формай, якасцю і пад.
Адукацыйны стандарт – гэта нарматыўны дакумент, які ўключае ў сябе сістэму патрабаванняў да асноўных параметраў адукацыі, устанаўлівае адпаведны ўзровень адукацыі, які прымаецца ў якасці дзяржаўнай нормы адукаванасці асобы. Згодна закона “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” створана сістэма адукацыйных стандартаў, у якую ўваходзяць стандарты дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
У структуру адукацыйнага стандарта агульнай сярэдняй адукацыі ўваходзяць адукацыйныя стандарты па прадметах.
Створаны на аснове адукацыйнага стандарта агульнай сярэдняй адукацыі і канцэпцыі прадмета “Беларуская літаратура”, адукацыйны стандарт прадмета “Беларуская літаратура” (І –ХІ класы) акрэслівае мэту і задачы вывучэння прадмета, вызначае змест літаратурнай адукацыі і патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў па беларускай літаратуры на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі.
|
|
Паводле названага стандарта, галоўнай мэтай навучання беларускай літаратуры з’яўляецца “далучэнне вучняў да набыткаў айчыннай мастацкай славеснасці (у кантэксце сусветнай), развіццё іх здольнасцей да эстэтычнага ўспрымання і ацэнкі з’яў літаратуры; фарміраванне эстэтычных густаў, інтарэсаў, грамадзянскай, духоўна-маральнай, камунікатыўнай культуры вучняў, выхаванне ўдумлівага чытача” [1, с. 96].
Беларуская літаратура як вучэбны прадмет вывучаецца з І па ХІ клас ва ўсіх агульнаадукацыйных установах з беларускай і рускай мовамі навучання.
У II–IV классах вывучэнне вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” вядзецца па вучэбнай праграме ”Літаратурнае чытанне”, а прадмета “Русская литература” па праграме – “Литературное чтение “.
Разам з тым, на І ступені (І – ІV класы) на вывучэнне беларускай літаратуры ва ўстановах адукацыі з беларускай мовай навучання адводзіцца 3 гадзіны ў тыдзень, а з рускай мовай навучання – толькі 1. З ўлікам гэтай розніцы стандартам вызначаны і неаднолькавая задачы вывучэння прадмета на І ступені адукацыі.
Перад настаўнікам І – ІV класаў з рускай мовай навучання ставяцца задачы, накіраваныя на выпрацоўку ў вучняў маўленчых навыкаў па-беларуску, развіццё цікавасці да беларускай кнігі і фарміраванне першапачатковых чытацкіх уменняў і ведаў, неабходных для належнага ўспрымання беларускай мастацкай літаратуры. У беларускамоўных адукацыйных установах у адпаведнасці са стандартам настаўнік павінен скіраваць сваю працу з вучнямі гэтага ж узросту на выкананне больш складаных задач, сярод якіх – пашырэнне кола чытання, фарміраванне вобразных уяўленняў, развіццё вобразнага і крытычнага мыслення, літаратурна-творчых здольнасцяў і інш.
|
|
Рознымі задачамі навучання на І ступені абумоўлены і адметны змест навучання (веды і ўяўленні пра літаратурныя з’явы, чытацкія ўменні).
У V – ХІ класах ва ўсіх агульнаадукацыйных установах з беларускай і рускай мовамі навучання вывучаецца сістэматычны курс беларускай літаратуры з аднолькавымі задачамі навучання, зместам, патрабаваннямі да літаратурнай падрыхтоўкі вучняў і аднолькавай колькасцю адведзенага для гэтай мэты вучэбнага часу.
Асноўнымі задачамі навучання беларускай літаратуры на другой ступені (V – ІХ класы) з’яўляецца развіццё дыферэнцыраванага ўспрымання літаратурных твораў, вывучэнне твораў айчыннай літаратуры ў кантэксце сусветнай, сістэматызацыя ведаў пра літаратуру як цэласнасць, фарміраванне культуралагічнай і камунікатыўнай кампетэнцый. На ІІІ ступені навучання (Х – ХІ класы) вызначаныя для папярэдняй ступені задачы ўскладняюцца і ставяцца новыя – фарміраванне ў вучняў ведаў і ўменняў, якія забяспечваюць самастойнае засваенне мастацка-эстэтычных каштоўнасцей, развіццё ўяўленняў пра літаратуру як сацыякультурны феномен і да т.п..
Змест адукацыі па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура” ў V –ІХ класах (ІІ ступень) складаюць фальклорныя творы, біблейскія казанні, мастацкія творы класічнай і сучаснай беларускай літаратуры, асобныя творы замежных аўтараў, а таксама некаторыя гісторыка-літаратурныя веды пра час напісання твора і час, адлюстраваны ў тэксце, вытокі мастацтва, найбольш характэрныя прыкметы літаратуры ў розныя гістарычныя эпохі, асноўныя факты жыцця пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна. Значнае месца на гэтым этапе навучання займаюць тэарэтыка-літаратурныя веды, гэта вусная народная творчасць і яе жанры, тэма і ідэя мастацкага твора, характар літаратурнага твора і сродкі яго раскрыцця, сюжэт і кампазіцыя мастацкага твора, вобразна-выяўленчыя сродкі мовы, проза і паэзія як два віды літаратурнай творчасці, вершаваныя памеры, літаратурныя роды і жанры, некаторыя эстэтычныя катэгорыі, пачатковае паняцце пра літаратурны працэс, мастацкія плыні і кірункі ў літаратуры, стыль пісьменніка.
За час навучання ў Х – ХІ класах (ІІІ ступень) вучні павінны прачытаць вызначаныя праграмай творы нацыянальнай класікі, сучаснай беларускай літаратуры, асобныя творы класічнай сусветнай літаратуры, а таксама атрымаць тэарэтыка-літаратурныя веды: этапы развіцця беларускай літаратуры, звесткі пра істотныя асаблівасці творчых напрамкаў (рамантызм, рэалізм, мадэрнізм), абагульненыя звесткі пра сутнасць мастацтва, уяўленні пра традыцыю і наватарства, асноўныя эстэтычныя катэгорыі (прыгожае, узвышанае, гераічнае, трагічнае, камічнае і інш.), асаблівасці родаў і жанраў літаратуры, асноўныя спосабы выяўлення аўтарскай пазіцыі, абагульненыя звесткі пры стыль пісьменніка. Акрамя гэтага ў змест навучання літаратуры на гэтай ступені ўключаны гісторыка-літаратурныя веды, у склад якіх уваходзяць звесткі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна, звесткі пра творчую гісторыю найбольш значных твораў, уяўленне пра літаратурны працэс як частку агульнакультурнага.
У заключным раздзеле стандарта сфармуляваны патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі вучняў (веды, уменні, навыкі) за перыяд навучання на ўзроўнях агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі.