Беларусь у перадваенныя гады

Эканамічнае і палітычнае развіццё Беларусі ў міжваенны перыяд мелі шэраг асаблівасцей, якія аказалі значны ўплыў на ўмацаванне яе абароназдольнасць. Да 1932 г. цэнтральныя і ўсходнія раёны ўваходзілі ў склад БССР і тут быў узяты курс на пабудову сацыялізму, правядзенне індустрыялізацыі і калектывізацыі, развіццё культуры з улікам нацыянальных асаблівасцей.

Заходняя Беларусь па Рыжскаму дагавору 1921 г. уваходзіла ў склад ІІ Рэчы Паспалітай і разглядалася польскімі ўладамі і буржуазна-памешчыцкімі коламі як усходняя ўскраіна (крэсы) сваёй дзяржавы, якую неабходна вырваць з-пад расійскага ўплыву і ўключыць у палітычную і эканамічную сістэму Польшчы, распаўсюдзіць тут сваю дзяржаўную ідэалогію і маральныя прынцыпы заснаваныя па сістэме каштоўнасцей каталіцкай рэлігіі. На пачатак 1941 г. ў Заходняй Беларусі налічвалася 446 касцёлаў у якіх працавалі 617 ксяндзоў, існавалі каля 15 назваў розных сектанскіх арганізацый. Такім чынам, беларускі народ аказаўся ў дзвюх дзяржавах з розным сацыяльна-палітычным ладам дыяметральна супрацьлеглымі ідэалогіямі.

Па сваім геапалітычным становішчы БССР і Заходняя Беларусь былі памежнымі тэрыторыямі і разглядаліся дзяржаўным і палітычным кіраўніцтвам СССР і Польшчы як магчымая тэрыторыя баявых дзеянняў у выпадку ваеннага канфлікту паміж імі.

23 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да дагавора быў прыкладзены “Сакрэтны дадатковы пратакол”, які размяжоўваў “сферы інтарэсаў” абодвух бакоў на лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. СССР фактычна атрымліваў акрамя Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, частку Польшчы да Варшавы. Сферай яго ўплыву прызнавалася і Прыбалтыка. Пазней у дадатковы пратакол былі ўнесены некаторыя змены.

Можна пагадзіцца, што савецка-германскі дагавор у пэўнай ступені з’яўляецца вымушаным крокам, што Савецкі Саюз пазбегнуў вайны на два франты, атрымаў 2 гады для ўмацавання сваёй абароназдольнасці. Разам з тым ён нанёс страты міжнароднаму прэстыжу СССР, які ўспрымаўся народамі Еўропы як паслядоўны і непрымірымы барацьбіт з фашызмам. Савецка-германскі дагавор былі прыняты ў абыход законаў СССР. Парушаў дагаворныя абавязацельствы перад трэцімі краінамі, адлюстроўваў грэбаванне нормамі міжнароднага права і маралі як з боку А.Гітлера, так і І.Сталіна. Быў дэззаарыентаваны савецкі народ, у тым ліку асабовы склад Чырвонай Арміі, якія лічылі фашызм сваім лютым ворагам.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. 3 верасня 1939 г. Англія і Францыя, якія мелі з Польшчай Саюзныя дагаворы, аб’явілі вайну Германіі. Пачалася другая сусветная вайна.

17 верасня 1939 г. войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу і да 25 верасня цалкам занялі тэрыторыю Заходняй Беларусі. 28—30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі, які прыняў дэкларацыі аб устанаўленні савецкай улады, нацыяналізацыі прамысловасці, канфіскацыі памешчыцкай зямлі і перадачы яе ў рукі сялянскіх камітэтаў. 2 лістапада 1939 г. Нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР, а 12 лістапада Нечарговая ІІІ сесія Вярхоўнага Савета БССР прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічвалася са 125,6 тыс. кв км да 225,6 тыс. кв. км, а насельніцтва з 56 млн. 562 тыс. чалавек да 10 млн. 239 тысяч. Дзяржаўная мяжа адсоўвалася на некалькі соцень кілометраў.

Безумоўна, усё гэта стварала спрыяльныя ўмовы для ўмацавання абароназдольнасці СССР і БССР, аднак мяжа пралягала ўжо не з адносна слабой у эканамічным і ваенным значэнні Польскай дзяржавай, а з фашысцкай Германіяй, якая ўжо захапіла палову Еўропы, а лідэры яе імкнуліся да сусветнага панавання і галоўнай перашкодай на гэтым шляху бачылі менавіта СССР.

На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі быў ліквідаваны ранейшы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на ваяводствы, паветы і гміны, створана 5 абласцей (Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая), якія падзяляліся на раёны і сельсаветы Кіраўніцтва ўсімі галінамі эканомікі і сацыяльнай сферы пераходзіла ў веданне адпаведных народных камісарыятаў СССР і БССР.

Разгледзем ў агульных рысах эканамічную і сацыяльна-палітычную сітуацыі, якія склаліся ў БССР і Заходняй Беларусі напярэдадні і пасля іх уз’яднання.

БССР з’яўлялася пагранічнай рэспублікай, таму будаўніцтва буйных прамысловых прадпрыемстваў вялося толькі ва ўсходнім рэгіёне. За гады індустрыялізацыі тут былі пабудаваны Аршанскі льнокамбінат, Гомельскі завод сельскагаспадарчых машын (Гомсельмаш), БелДРЭС, швейныя фабрыкі “Сцяг індустрыя” і “КІМ” у Віцебску, Крычаўскі цэментна-шыферны завод, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Магілёўскі трубаліцейны завод былі пабудаваны і рэканструяваны некаторыя прадпрыемствы ў Мінску. Акрамя Мінска, Віцебска, Магілёва, Гомеля буйнымі прамысловымі цэнтрамі сталі Бабруйск, Барысаў, Орша, Рэчыца. Цаной вялікай і напружанай працы беларускага народа ў 1929—1940 гг. у БССР было ўведзена ў дзеянне і рэканструявана 1893 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% прадукцыі. Створаная структура прамысловасці, якая працавала ў асноўным на мясцовай сыравіне, была скіравана на задавальненне ўнутры рэспубліканскіх патрэб. Некаторыя колькасці прамысловай прадукцыі: шарсцяныя тканіны, фанера, штучная аліфа, запалкі і некаторыя іншыя тавары вывозіліся ў рэспублікі СССР і за яго мяжу.

БССР ператварылася ў індустрыяльна развітую рэспубліку. К 1940 г. 80% усёй прадукцыі народнай гаспадаркі прыходзілася на долю прамысловасці. У апошнія перадваенныя гады кіраўніцтва СССР і БССР асаблівую ўвагу надавалі будаўніцтву ў Мінску, Магілёве авіяцыйных прадпрыемстваў, а ў Віцебску і Баранавічах — танкарамонтных заводаў. Але здзейсніць намечаныя планы не хапіла часу.

У Заходняй Беларусі ў другой палове 1930-х гадоў дзейнічалі прыкладна 2 тыс. прадпрыемстваў, на 80% іх працавала ад 5 да 20 чалавек. Яна была аграрнай ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту для яе прамысловасці, пры гэтым рынак сбыту ствараўся прымусова, шляхам увядзення дзяржаўнай манаполіі на мыла, запалкі, тытунь, газу і іншыя тавары першай неабходнасці. Парушэнне манаполіі каралася вялікімі штрафамі і нават пазбаўленнем волі.

Сельская гаспадарка БССР уяўляла сабой сістэму калгасаў, саўгасаў і невялікіх ад 0,3 да 0,5 га прысядзібных надзелаў. На пачатак 1939 г. у БССР налічвалася прыкладна 9,6 тыс. калгасаў, якія аб’ядноўвалі больш за 90% сялянскіх гаспадарак. Асноўная ўвага была засяроджана на вырошчванні збожжавых культур.

У 1940 г. пасяўная плошча калгасаў складала 2810,3 тыс. га у тым ліку збожжавых 1888,3 тыс. га, было сабрана каля 1 300 тыс т. зерня. Ураджайнасць склала 6,9 ц. з га. Удзельная вага калгасаў, саўгасаў і іншых дзяржаўных гаспадарак у вытворчасці збожжавых культур складала 88%, у іншых відах яна была значна меншай — у вытворчасці мяса — 28%, малака — 23%, бульбы — 35%. Гэтыя прадукты нарыхтоўваліся ў насельніцтва шляхам устанаўлення высокіх норм абавязковага продажу іх дзяржаве па фіксаваных цэнах, значна ніжэйшых за рыначныя і цэны ў дзяржаўным гандлі. Фактычна дзяржава выступала як спекулянт прадуктамі счялянскай працы не толькі на калгаснай зямлі, але і на прысядзібных гаспадарках.

У заходнебеларускіх ваяводствах Польшчы больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Панавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Захоўваліся шматлікія рэшткі феадалізму (адпраўкі, арэнда з долі ўраджаю, натуральныя павіннасці і інш.). У сярэднім на памешчыцкі маёнтак прыпадала 500 га, а на сялянскі двор менш за 7 га зямлі, пражытачны мінімум складаў 8,7 га на чалавека. У Заходняй Беларусі было каля 700 тыс. чалавек залішней рабочай сілы, што складала каля 50% усіх працаздольных.

Аграрная рэформа, якая праводзілася з 1925 да 1938 і ўключала парцэляцыю (продаж часткі дзяржаўнай і памешчыцкай зямлі невялікімі падзеламі), камісацыю (ліквідацыю цераспалосіцы), добраахвотнае ці прымусовае высяленне на хутары (з 1923 па 1938 г у Вілейскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах на хутары было выселена 259,3 тыс. сялянскіх гаспадарак, або 43%), некалькі змягчылі вастрыню, але не вырашылі аграрнага пытання.

Пасля ўз’яднання БССР і Заходняй Беларусі беззямельным і малазямельным сялянам было раздадзена звыш 1 млн. га зямлі. Вялася работа па стварэнні кааператываў, калгасаў і саўгасаў. Аднак беларускія сяляне адносіліся да стварэння калгасаў у большасці насцярожана, яны ўжо ведалі аб становішчы калгаснікаў у БССР, бо польская прапаганда даволі праўдзіва асвятляла яго, а польскія асаднікі і кулакі з адкрытай варожасцю. Усяго ў БССР да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, было створана 11 115 калгасаў, у якіх аб’ядноўваліся 93,4% сялянскіх гаспадарак. Недаверам да беларускага сялянства, імкненнем да больш цэнтралізаванага кіраўніцтва яго гаспадарчай дзейнасцю і больш пільнага ідэалагічнага ім палітычнага кантролю стала ссяленне хутарскіх гаспадарак у калгасныя цэнтры. У БССР у 1939—1940 гадах было ліквідавана звыш 160 тыс. хутароў. Безумоўна большасць хутаран была незадаволена такой палітыкай савецкай улады.

Доўгі час у савецкай гістарычнай і асабліва партыйнай літаратуры, друку, на прапагандысцкіх мерапрыемствах сцвярджалася, што ў выніку індустрыялізацыі і калектывізацыі значна павысіўся дабрабыт працоўных. Прыводзяцца даныя аб паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання, развіцці жыллёвага будаўніцтва. Безумоўна, у параўнанні з перыядам Грамадзянскай вайны і першых гадоў аднаўлення народнай гаспадаркі жыхары гарадоў сталі лепш харчавацца і апранацца, у сем’ях высокакваліфікаваных рабочых і інтэлігенцыі дзе-нідзе з’явіліся веласіпеды, радыёпрыёмнікі. Але жыццё большасці працоўных заставалася даволі цяжкім. Рост гарадскога насельніцтва значна апераджаў павелічэнне жыллёвага фонду. У дзяржаўных кватэрах у кожным пакоі жыла адна, а калі родзічы – то і дзве сям’і. Большасць прышлых у горад з вёскі рабочых жыла ў інтэрнатах барачнага тыпу, перапоўненых і малаўпарадкаваных.

У 1940 г. сярэдняя заработная плата на прамысловых прадпрыемствах складала прыкладна 34 руб., у рабочых саўгасаў – 22, у калгасах — 12 руб. З 1928 па 1940 гг. Рэальная заработная плата ўзрасла толькі на 11%, а цана хлеба павялічылася ў 11 разоў. Зніжалася пакупная здольнасць рубля. Аснову харчавання большасці сямей рабочых складалі бульба, хлеб, алей. Ім дапамагалі, чым маглі, родзічы ў вёсцы.

Чыста прапагандысцкім заставаўся лозунг, вылучаны І. Сталіным у сярэдзіне 1930-х гадоў: “Зробім калгасы багатымі, а калгаснікаў заможнымі”. Калгаснік мог разлічваць толькі на сваю прысядзібную гаспадарку, якая да таго ж абкладалася вялікімі падаткамі.

Асабліва істотнымі былі сацыялістычныя пераўтварэнні ў Беларусі ў міжваенны перыяд у навуцы, адукацыі і культуры. У Заходняй Беларусі не было ніводнай навуковай і толькі адна вышэйшая навучальная установа — Віленскі універсітэт. Былі практычна ліквідаваны школьная беларускамоўная адукацыя і беларускі друк. Каля 35% насельніцтва было непісьменным. Беларуская культура знізілася да пабытовага ўзроўню, і пачала адраджацца толькі пасля ўз’яднання з БССР.

Вядучым навуковым цэнтрам БССР была Акадэмія навук, дзейнічала 51 навуковая установа. У 1939–1940 навучальным годзе ва ўсходніх абласцях БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя і 102 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, у якіх займалася 40 тыс. студэнтаў. На 1 студзеня 1941 г. у БССР працавала 27,7 тыс. спецыялістаў з вышэйшай і каля 60 тыс. з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Разгалінаваная сетка школ розных тыпаў ахоплівала практычна ўсіх дзяцей школьнага ўзросту. Завяршалася ліквідацыя непісьменнасці насельніцтва ўзростм да 50 гадоў. Пачаўся пераход да абавязковай 7-класнай адукацыі. Заняткі ў большасці школ вяліся на беларускай мове, хоць колькасць іх у гарадах пачынае змяншацца.

У складаных умовах знаходзілася беларуская культура. У літаратуры і драматургіі плённа працавалі Я.Колас, Я.Купала, П.Броўка, З.Бядуля, В.Вольскі, П.Глебка, К.Крапіва, М.Лужанін, Э.Самуйлёнак і інш.

Сваім артыстычным майтэрствам захаплялі гледачоў не толькі ў Беларусі, але і іншых рэспубліках СССР Л.Александроўская, П.Бароўскі, Р.Млодак, С.Станюта. І сёння вядомы створаныя ў перадваенны час оперы “Кветка шчасця” А. Туранкова, “У пушчах Палесся” А. Багатырова, “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага.

Плённа працавалі беларускія скульптары З.Азгур, А.Грубэ, А.Бразер, А.Глебаў, архітэктары І.Лангбард, А.Воінаў і многія іншыя, развівалася народная творчасць.

Непапраўны страты беларускай навуцы і культуры нанеслі палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў, калі былі фізічна знішчаны або высланы за межы БССР сотні прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Неабходна ўлічваць і спецыфіку культурнага развіцця ва ўмовах таталітарнай сістэмы. З аднаго боку, на яго ўздзейнічала самаадданая праца народа, большасць якога шчыра верыла ў ідэі пабудовы сацыялізму і правільнасць курса, па якому вядуць СССР камуністычная партыя і правадыр усіх працоўных свету І.Сталін. З другога боку, палітычныя ўмовы падганялі творчасць пад абмежаваныя, строга акрэсленыя партыйнай і афіцыйнай дзяржаўнай цэнзурай схемы, падпарадкоўвалі яе ідэалагічным мэтам усхвалення сталінскай дыктатуры і яго асабіста. З недаверам адносіліся партыйныя органы і да прадстаўнікоў беларускай культуры, якія раней працавалі ў Заходняй Беларусі.

Адной са спецыфічных праяў палітычнага жыцця ў БССР ў перадваенны перыяд з’явіліся дэпартацыі палякаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі. Яна праводзілася ў 4 этапы. Першы – 5 снежня 1939 г., другі – 13 красавіка 1940 г., трэці – у канцы чэрвеня 1940 г., чацвёрты – у ноч на 20 чэрвеня 1941 г. Усяго было рэпрэсіравана 135 тыс. чалавек, з іх больш за 120 тыс. вывезена ў Сібір, Казахстан, раёны Крайняй Поўначы, на Урал і іншыя аддаленыя раёны СССР.

Пэўнае непаразуменне не толькі сярод беларускай інтэлігенцыі, але і партыйных і дзяржаўных дзеячаў БССР выклікала перадача ў кастрычніку 1939 г. Вільні і Віленшчыны ў склад Літоўскай рэспублікі, а ў жніўні 1940 г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, ёй былі перададзены Відзаўскі і часткова тэрыторыі Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў, а ў лістападзе 1940 г. Свянцяны (зараз Швянцоніс), Сяленчыкі (Шаленчынкай), а таксама курорт Друскенікі (Друскенінкай), які спрадвеку знаходзіўся ў Гродзенскай губерні. І. Сталін дзейнічаў па сваіх меркаваннях. Думка беларусаў, ні партыйцаў, ні простых людзей яго не цікавіла, галоўнымі былі палітычныя інтарэсы.

Ва ўмовах абвастрэння міжнароднай сітуацыі ў Еўропе ў другой палове 1930-х гадоў у стратэгічных планах І. Сталіна адносна Польшчы вялікая роля адводзілася Заходняй асобай ваеннай акрузе (ЗахАВА). Яна вядзе сваю гісторыю ад Мінскай ваеннай акругі, створанай загадам Рэўваенсавета РСФСР 28 лістапада 1918 г. У красавіку 1924 г. пасля шматлікіх рэарганізацый ствараецца Заходняя ваенная акруга (ЗахВА) са штабам у Смаленску. У кастрычніку яна была перайменавана ў Беларускую ваенную акругу (БВА). У другой палове 1920-х – першай палове 1930-х гадоў падрыхтоўка рэзерваў праз тэрытарыяльныя часці, войскі БВА атрымлівалі новую зброю і ваенную тэхніку. Былі створаны злучэнні і часці аўтабронетанкавых і механізаваных войск, авіяцыйныя часці і часці супрацьпаветранай абароны.

У 1928—1939 гг. былі пабудаваны 61-ы Полацкі, 63-і Мінскі, 65-ы Мазырскі, 67-ы Слуцкі ўмацаваныя раёны (УРы). Сістэма абаронных умацаванняў уздоўж савецка-польскай граніцы атрымала назву “лініі Сталіна”. На тэрыторыі БВА пачынаючы з 1925 г. штогод праводзіліся буйныя вучэнні і манеўры. БВА з’яўлялася свайго рода вопытнай базай, дзе адпрацоўваліся новыя тактычныя прыёмы і спосабы баявых дзеянняў. Найбольш паказальнымі былі вялікія манеўры войск БВА ў 1936 г. Вынікі іх пацвердзілі жыццёвасць перадавой на той час тэорыі глыбокага бою і глыбокай наступальнай аперацыі. Зробленыя вывады знайшлі адлюстраванне ў Часовым палявым уставе РСЧА, уведзеным у 1936 г. Спосабы абароны ў міжваенны перыяд не адпрацоўваліся. Вораг павінен быць разгромлены “малай крывёю, магутным ударам, калі загад нам дасць таварыш Сталін і першы маршал у бой нас павядзе”, як спявалі тады ў песнях. У чэрвені 1938 г. акруга была перайменавана ў Беларускую асобую ваенную акругу (БАВА). Павялічылася колькасць яе войск, узбраення і ваеннай тэхнікі. Штаб быў пераведзены са Смаленска ў Мінск.

Аднак у выніку рэпрэсій 1937 – 1938 гадоў камандныя кадры БАВА былі значна аслаблены. Перад вайной 62,5% камандзіраў карпусоў мелі стаж кіраўніцтва меней за год, 31,2% меней за 2 гады і толькі 6,3% больш за 2 гады. Сярод камандзіраў дывізій стаж меней за адзін год мелі 63,5%, 28,8% да 2 гадоў, 7,7% — 2 гады і больш.

У 1920 – першай палове 1930-х гадоў войскамі акругі камандавалі У.М.Гіціс (1919 – 1920), М.М.Тухачэўскі (1920 – 1921, 1922 – 1924), П.З.Захараў (1921), А.І.Ягораў (1921 – 1922, 1927 – 1931), А.І.Кук (1924), А.І.Корк (1924 – 1927), Е.П.Убарэвіч (1931 – 1937), І.П.Бялоў (1937). Многія з камандуючых БАВА таксама былі рэпрэсіраваны.

У 1938 г. камандаванне войскамі БАВА было ўскладзена на 42-гадовага камандарма 2-га ранга М.П. Кавалёва. Пад яго каманаваннем быў здзейснены паход у Заходнюю Беларусь. 11 верасня 1939 г. (у многіх выданнях, нават энцыклапедычных, памылкова ўказваецца, што 26 верасня) на базе войск БАВА быў створаны Беларускі фронт. У склад яго ўвайшлі арміі: 3-я (камандуючы камкор В.І. Кузняцоў), 4-я (камдзіў В.І. Чуйкоў), 10-я (камкор І.Р. Захаркін), 11-я (камдзіў Н.В. Мядзведзеў); Дзяржынская франтавая конна-механізаваная група (камкор І.В. Болдзін), 23-і асобны стралковы корпус (у яго складзе 52-я стралковая дывізія) і Дняпроўская ваенная флатылія. У складзе гэтых фарміраванняў налічваліся 200 802 салдаты і афіцэры. Паводле даных польскіх даследчыкаў, войскам Беларускага фронту супрацьстаялі 45 тыс. польскіх салдат і афіцэраў, з якіх прыкладна палову складалі прызваныя рэзервісты, якія не былі ўзброены і зведзены ў вайсковыя падраздзяленні. Уздоўж савецка-польскай мяжы размяшчаліся нешматлікія часці Корпуса пагранічнай аховы (8 тыс. чалавек), каля 2 тыс. асабовага складу мела Пінская рачная флатылія. Такім чынам, сур’ёзнай ваеннай сілы, якая б магла супрацьстаяць войскам Беларускага фронту, на тэрыторыі Заходняй Беларусі не было.

Савецкія войскі перайшлі дзяржаўную мяжу ў 5 гадзін 40 хвілін 17 верасня. Фармальна вайна не аб’яўлялася. Урад Польшчы таксама заявіў, што стану вайны з СССР няма. У сваім загадзе польскім войскам міністр абароны маршал Э. Рыдз-Сміглы 17 верасня адзначаў: “З Саветамі не ваяваць, толькі ў выпадку націску з іх боку, ці спроб разбраення нашых часцей... Войскі, да якіх падышлі Саветы, павінны ўступаць з імі ў перамовы з мэтай вываду гарнізонаў у Румынію ці Венгрыю”.

Згодна з польскімі крыніцамі зафіксавана каля 40 выпадкаў супраціўлення пагранічных патрулёў і асобных груп жандармаў і паліцэйскіх. Баі адбыліся толькі пад Кобрынам, Вільнюсам Сапоцкім, і найбольш упартыя 20 – 21 верасня ў Гродна. Тут супраціўляліся рэшткі войскаў 85-га і 77-га пяхотных палкоў 29-й пяхотнай дывізіі, 29-га артылерыйскага і 5-га авіяцыйнага палкоў, атрады сфарміраваныя з жандармаў, паліцэйскіх і добраахвотнікаў, галоўным чынам гімназістаў і членаў ваенна-абароннай арганізацыі “Стралец”. У баях за Гродна войскі 15-га танкавага корпуса, якія наступалі на горад, страцілі 47 чалавек забітымі, 156 параненымі, 4 танкі і адна бронемашына былі спалены гранатамі і бутылкамі з гаручай сумессю. 12 танкаў і 2 бронемашыны былі падбіты. Палякі страцілі забітымі 644, было ўзятыў палон 1543 чалавекі. Большасць абаронцаў горада па загаду генерала брыгады ў адстаўцы Пшэзьдзецкага пакінула горад.

22 верасня а 13 гадзіне 29 танкавая брыгада 4-й арміі ўвайшла ў Брэст, ужо заняты нямецкімі танкавымі войскамі генерала Г. Гудэрыяна. Адбыўся імправізаваны марш-парад савецкіх і нямецкіх воінскіх часцей.

Ваенны паход у Заходнюю Беларусь закончыўся фармальна 25 верасня, хоць невялікія сутычкі адбываліся да 28 верасня. У ходзе яго войскі Заходняга фронту страцілі 316 чалавек забітымі і 642 параненымі, 3 вайскоўцы прапалі без вестак. У перыяд з 17 па 30 верасня было інтэрніравана і разброена 60 202 польскіх вайскоўцаў, сярод іх 2066 афіцэраў, большасць з якіх былі растраляны ў 1940 г. у Катыні. Гэты факт савецкае партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва адмаўляла да красавіка 1990 года.

Неабходна адзначыць і яшчэ адзін аспект гэтага паходу – маральна-псіхалагічны. Пад ўздзеяннем актыўнай палітычнай прапаганды, якая вялася камісарамі ў войсках фронту, чырвонаармейцы меркавалі, што ўбачаць забітых, цёмных, напаўгалодных сялян. Аднак беларусы, большасць якіх з радасцю сустракала войскі Чырвонай Арміі, выглядалі зусім інакш. Па ўспамінах удзельнікаў паходу, большасць з іх паходзілі з усходніх раёнаў БССР. Гэта былі радавыя, добраапранутыя людзі, якія гасцінна частавалі чырвонаармейцаў выдатнымі мяснымі стравамі ўласнага прыгатавання, якія не ішлі ні ў якае параўнанне з харчаваннем іх бацькоў – савецкіх рабочых і калгаснікаў. У крамах і на складах было шмат самых разнастайных тавараў. Як адзначалася ў данясеннях армейскіх палітработнікаў і службоўцаў НКУС, гэта выклікала сумрачныя настроі сярод савецкіх байцоў і камандзіраў.

У той жа час у насельніцтва Заходняй Беларусі значнае расчараванне выклікала ўзбраенне і экіпіроўка Чырвонай Арміі. Так, у часцях 121-й стралковай дывізіі многія байцы з ліку прызваных рэзервістаў з усходніх раёнаў БССР выступілі ў паход у лапцях, нават босымі, ў цывільнай вопратцы.

11 лістапада 1939 г.

Беларускі фронт быў скасаваны, зноў аднаўлялася Беларуская ваенная акруга. Войскі пераходзілі да планавай баявой вучобы, Вераснёўская ваенная кампанія выявіла слабую тактычную падрыхтоўку каманднага складу, а таксама многія адмоўныя моманты ў ваенна-тэхнічнай падрыхтоўцы: недасканаласць асобных відаў узбраення ў параўнанні з германскімі, слабая забяспечанасць сродкамі сувязі, транспартам, харчаваннем, абмундзіраваннем і інш. На працягу кастрычніка – лістапада былі выдадзены загады Наркама абароны СССР маршала К.Я. Варашылава аб ліквідацыі выяўленых недахопаў, якія сведчылі, што войскі Беларускай асобай ваеннай акругі не гатовы да правядзення буйнамаштабных наступальных аперацый. Таму вельмі спрэчным з’яўляецца тэзіс аб падрыхтоўцы Чырвонай Арміі да ваеннага паходу ў Заходнюю Еўропу, які быў у свой час распаўсюджаны гітлераўцамі і шырока прапагандаваўся ў зарубежнай гістарыяграфіі (кнігі В.Суворава (В.Рэзуна), “Дзень Х”, “Ледакол” і інш.). Гэты тэзіс падтрыманы і некаторымі сучаснымі расійскімі і беларускімі гісторыкамі, якія сцвярджаюць яго са спасылкамі на заявы І.Сталіна падчас выступлення на сустрэчы з выпускнікамі ваенных акадэмій у маі 1941 г., вядуць разважанні наконт размяшчэння войск для наступальнай аперацыі з мэтай папярэджваючага ўдара па Германіі і інш. Варта падкрэсліць, што ў Генеральны штаб Чырвонай арміі, як і вышэйшыя штабы ўсіх дзяржаў заўсёды мелі і зараз маюць планы баявых дзеянняў з суседнімі дзяржавамі, калі няма магчымасці, або жадання вырашаць адносіны з імі мірнымі сродкамі.

Практычна адразу ж пасля выхаду на новыя дзяржаўныя межы пачалося іх абсталяванне, былі вызначаны месцы будаўніцтва новых умацаваных раёнаў 61-га Брэсцкага, 64-га Замбраўскага, 66-га Асавецкага, 68-га Гродзенскага, але да вайны зроблена было мала. Разам з тым вялікай памылкай быў дэмантаж Ураў на “лініі Сталіна”.

Некаторыя падраздзяленні і камандзіры Беларускай асобай ваеннай акругі прынялі ўдзел і ў савецка-фінляндскай вайне. Варта нагадаць, што 14 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны, а з 31 снежня ўступіў у сілу Юр’еўскі мірны дагавор паміж РСФСР і Фінляндыяй. У адпаведнасці з ім дзяржаўная мяжа на Карэльскім напрамку пралягала ў 32 км ад Ленінграда, другога пасля Масквы палітычнага і эканамічнага цэнтра СССР. У другой палове 1930-х гадоў тут выраблялася каля 30 – 35% ваеннай прадукцыі. Практычна Ленінград быў дасягальным для артылерыйскага абстрэлу з тэрыторыі Фінляндыі. Адзіная база Балтыйскага флоту – Кранштат – знаходзілася ў 15 км ад фінскага берага, тэарэтычна яго магла абстрэльваць не толькі магутная берагавая артылерыя, але нават корпусная артылерыя фінскай арміі. У 1939 г. было завершана будаўніцтва сістэмы моцных доўгатэрміновых фартыфікацыйных збудаванняў уздоўж мяжы на Карэльскім перашыйку, якая атрымала назву “лінія Манергейма”.

Перагаворы, якія вяліся паміж урадамі СССР і Фінляндыі з пачатку 1939 г. аб абмене тэрыторыямі з мэтай адсунуць на 20 – 25 км дзяржаўную мяжу, закончыліся безвынікова. 25 лістапада савецкія войскі, якія размяшчаліся каля вёскі Майніла, былі абстраляны артылерыйскім агнём, загінулі 4 чалавекі, 9 чалавек былі паранены. Пачалося “высвятленне адносін” па дыпламатычных каналах, а 28 лістапада распачаліся ваенныя дзеянні, хаця вайну фармальна на СССР ні Фінляндыя не аб’явілі. Камандуючым асноўнымі сіламі, якія павінны былі па-сталінску “малой крывёю і магутным ударам” зламаць лінію Манергейма, быў прызначаны камандуючы Ленінградскай ваеннай акругі (ЛенВА) камандарм 2-га рангу К.А. Мерацкоў, службовы лёс якога ў пэўнай ступені звязаны з Беларускай ваеннай акругай.

Першы этап ваенных дзеянняў, які працягваўся да 12 снежня 1939 г., закончыўся фактычна правалам. Удалося толькі пераадолець прадполле, не прарваць, як планавалася, а толькі выйсці да асноўных умацаванняў.

Страты войск Чырвонай Арміі былі вельмі вялікія. Калі раней меркавалася, што фінскую кампанію удасца вырашыць войскамі ЛенВА, то цяпер выявілася, што неабходна падцягваць войскі з іншых ваенных акруг. У склад дзеючых войск былі накіраваны 4-я, 8-я, 113-я, 164-я дывізіі БАВА, аднак не ўсе іх падраздзяленні прынялі ўдзел у баях. На савецка-фінляндскі фронт быў накіраваны і камандуючы БАВА М.П. Кавалёў, аднак яго дзеянні, як адзначаў пазней І. Сталін, былі недастаткова рашучымі і эфектыўнымі. 12 сакавіка 1940 г. быў падпісаны дагавор паміж СССР і Фінляндыяй, і з 13 сакавіка спынены ваенныя дзеянні.

Тэрытарыяльныя прэтэнзіі СССР былі ў асноўным задаволены, аднак вырашыць галоўную палітычную задачу – прывесці да ўлады прасавецкі “Народны урад Фінляндыі” на чале з О.Кусіненам, які быў створаны на савецкай тэрыторыі ў пасёлку Тарыокі ўжо 1 снежня 1939 г., і з якім нават быў падпісаны ў прысутнасці І.Сталіна і іншых членаў Палітбюро ЦК УКП(б) дагавор аб супрацоўніцтве паміж СССР і Фінляндыяй не ўдалося. За некалькі дзён да заканчэння вайны ён спыніў сваё існаванне.

Перамога ў вайне з Фінляндыяй была ў літаральным сэнсе “піравай перамогай”. Паводле даных, якія доўгі час з’яўляліся сакрэтнымі і былі апублікаваны толькі ў 1993 г. беззваротныя страты (загінулі, памерлі ад ран і хвароб, замерзлі, прапалі без вестак) склалі 126875 чалавек. Фіны страцілі 48243 забітымі і 43 тыс. чалавек параненымі.

Вялікія недахопы ў кіраванні войскамі, іх баявой падрыхтоўцы, тэхнічным і матэрыяльным забяспячэнні, нізкія баявыя якасці тэхнікі, асабліва танкаў Т-26 і БТ-7 былі прааналізаны ў Генеральным штабе і на ваеннай нарадзе пры ЦК УКП(б), якая адбылася 14—17 красавіка 1940 г. з удзелам І.Сталіна, вышэйшага камандавання РСЧА, удзельнікаў савецка-фінляндскай вайны. Былі зроблены і кадравыя перастаноўкі. 7 мая 1940 г. маршал К.Я.Варашылаў быў пазбаўлены пасады наркама абароны і па яго месца прызначаны С.К.Цімашэнка, у будучым маршал Савецкага Саюза.

Адбыліся змены і ў кіраўніцтве БАВА. У чэрвені 1940 г. замест М.П.Кавалёва камандуючым яе (з 11 ліпеня 1940 г. перайменавана ў Заходнюю асобую ваенную акругу, Зах. АВА) быў прызначаны 42-х гадовы генерал-палкоўнік (з 1941 г. генерал арміі) Дзмітрый Рыгоравіч Паўлаў. Ён нарадзіўся 23 кастрычніка (4 лістапада) 1897 г. у в. Ванюх (цяпер Паўлава Кастрамской вобл., Расія). Удзельнічаў у першай сусветнай і грамадзянскай войнах. У 1922 г. закончыў Омскую вышэйшую кавалерыйскую школу, у 1928 г. — Ваенную акадэмію, а ў 1931 г. — акадэмічныя курсы пры Ваенна-тэхнічнай акадэміі.

А затым хуткая і бліскучая ваенная кар’ера. З 1931 г. ён камандзір механізаванага палка ў Гомелі, у 1934—1936 гг. — асобнай механізаванай брыгадай у Бабруйску. З 1937 г. начальнік бронетанкавага ўпраўлення РСЧА, многа ўвагі надае распрацоўцы і выпрабаванням танка Т-34. Дз.Р.Паўлаў добра праявіў свае камандзірскія і валявыя якасці падчас вайны ў Іспаніі (1936—1939 гг.), у 1937 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ён прымаў удзел у баях з японцамі на рацэ Халхін-Гол у 1939 г. і ў савецка-фінляндскай вайне. Аднак ён не меў вопыту камандавання нават і дывізіяй. Дз.Паўлава добра ведаў і цаніў І.Сталін, які спадзяваўся, што яго вылучэнец здолее на больш высокім узроўні арганізаваць баявую падрыхтоўку войск, больш хуткае і эфектыўнае асваенне новых тыпаў танкаў і самалётаў, паскорыць будаўніцтва Ураў на новай мяжы, што будзе спрыяць павышэнню баяздольнасці Заходняй асобай ваеннай акругі.

Неабходна адзначыць, што генерал-палкоўнік Дз.Р.Паўлаў, а з 1941 г. генерал арміі (самы малады на той час) ўсяляк імкнуўся апраўдваць спадзяванні яго начальнікаў. У Зах АВА больш хуткімі, чым у іншых акругах, тэмпамі праводзілася удасканаленне арганізацыйнай структуры войск. Былі заменены многія камандзіры штаба акругі, усе камандуючыя 3-й, 4-й, 10-й армій, многіх дывізій і палкоў вялікая ўвага надавалася падрыхтоўцы маладых камандзіраў і баявой вучобе войскаў. У стралковыя дывізіі былі уключаны танкавыя падраздзяленні, дывізіённая артылерыя, якая папоўнілася гарматамі вялікіх калібраў, супрацьтанкавай і зенітнай артылерый. Замест асобных танкавых і бранявых брыгад пачынаецца фарміраванне 9 танкавых карпусоў. Аднак быў сфарміраваны толькі адзін корпус. Новых тыпаў танкаў і самалётаў было мала і яны толькі пачыналі асвойвацца ў войсках.

Сумесна з камісіяй ЦК КП(б)Б былі распрацаваны мерапрыемствы па павышэнні пільнасці і мабілізацыйнай гатоўнасці ў прыгранічных абласцях, якія былі зацверджаны Бюро ЦК КП(б)Б 17 мая 1941 г., але для ажыццяўлення іх часу ўжо не было.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Чырвонай Арміі налічвалася 303 дывізіі, ў тым ліку 61 танкавая і 31 матарызаваная. Аднак больш чвэрці з іх знаходзілася ў стадыі фарміравання, і амаль толькі што закончылі яго, але фактычна яшчэ не прыступілі да баявой вучобы і асваення новай тэхнікі.

У склад першага эшэлона войск Заходняй асобай акругі, якія прыкрывалі дзяржаўную мяжу працягласцю 470 км, уваходзілі 3-я (камандуючы генерал-лейтэнант В.І.Кузняцоў), 4-я (генерал-маёр А.А. Карабкоў), 10-я (генерал-маёр К.Дз. Голубеў). У іх тыле размяшчалася 13 армія (генерал-лейтэнант П.М. Філатаў). Усяго ў акрузе дыслацыраваліся 44 дывізіі, у тым ліку 12 танкавых, 6 матарызаваных і 2 кавалерыйскія, а таксама асобныя часці і падраздзяленні. Многія з іх яшчэ знаходзіліся ў стадыі фарміравання, мелі мала, або нават зусім не мелі тэхнікі новых тыпаў.

Аднак як паказалі падзеі першых дзён вайны, размяшчэнне войск было няўдалым. Найбольш укамплектаваныя і баяздольныя часці (10-я армія) знаходзіліся на так званым “Беластоцкім выступе”, што прывяло да трагічных наступстваў.

Такім чынам, можна зрабіць вывад, што ў міжваенны перыяд, дзякуючы гераічным намаганням працоўных усіх саюзных рэспублік СССР была створана магутная індустрыяльная база, дзяржаўныя запасы харчавання і прамысловай сыравіны, што дазволіла забяспечыць высокую абароназдольнасць краіны. Была праведзена карэнная рэарганізацыя структуры ўзброеных сіл, яны пачалі папаўняцца маладымі каманднымі кадрамі, забяспечвацца новымі відамі баявой тэхнікі. Краіна фактычна пераходзіла да мілітарызацыі эканомікі, палітычнага і сацыяльнага жыцця. Аднак закончыць намечаныя планы па ўмацаванню яе абароны планавалася толькі ў 1942—1943 гадах. Такога тэрміну гісторыя савецкім людзям не адвяла.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: