Тэорыі канфлікту

Асноўны недахоп усіх разгледжаных вышэй тэорый у тым, што яны не здолелі растлумачыць прыроду канфлікту. Да другой сусветнай вайны антраполагі арыентаваліся на больш упарадкаваную мадэль грамадства і адмаўляліся ўключаць у яе такія з'явы, як канкурэнцыя і канфлікты. Магчыма, гэта тлумачылася жаданнем прадставіць стваральнікаў культуры не як агрэсіўных дзікуноў, а як людзей з разумным і ўпарадкаваным існаваннем. Часцей за ўсё антраполагі з'яўляліся ў краіне пасля таго, як яна трапляла пад каланіяльны ўціск, так што ім даводзілася даследаваць народы пры грамадскім парадку, створаным для іх прымусова. Toe, што антраполагаў запрашала на працу каланіяльная адміністрацыя, вымагала ад іх ігнаравання тых бакоў жыцця каланізаваных народаў, якія маглі б у неспрыяльным святле выставіць дзеянні ўрадаў гэтых калоній. Другая сусветная вайна і пасляваенная барацьба за незалежнасць каланіяльных народаў у Афрыцы, Азіі і на іншых кантынентах радыкальна змянілі сітуацыю. Канфлікты былі паўсюль, і антраполагі ўжо не маглі больш закрываць на іх вочы. Адны з іх прытрымліваліся думкі, што канкурэнцыя і канфлікты, сведкамі якіх яны з'яўляліся, ёсць вынік унікальных пасляваенных умоў, a значыць, перыяду нераўнавагі або цалкам новай сітуацыі, іншыя лічылі, што канфлікт — непазбежная частка чалавечай культуры.

НЕАФУНКЦЫЯНАЛІЗМ.

Адным з першых антраполагаў, які паспрабаваў перагледзець ідэі функцыяналізму ў святле пасляваенных умоў, быў Макс Глюкман (1911-1975), ураджэнец Паўднёвай Афрыкі (пазней эміграваў у Англію). Яго падыход вядомы пад назвай неафункцыяналізму. Глюкман крытыкаваў Маліноўскага за тое, што апошні не здолеў разгледзець канфлікт як "складовы кампанент структуры грамадства". На яго думку, варожасць, адчужанасць у сем'ях, абвінавачванні ў вядзьмарстве, супрацьурадавыя выступы і іншыя негатыўныя з'явы былі нармальнымі праявамі сацыяльнага жыцця. Ён сцвярджаў, што сацыяльная раўнавага захоўваецца насуперак канфлікту, а часам і дзякуючы яму. У сваім даследаванні "Звычаі і канфлікты ў Афрыцы " Глюкман паказаў, што сацыяльны парадак падтрымліваецца праз баланс узаемазалежнасці. У кантэксце аднаго віду залежнасці людзі могуць сварыцца, але яны абмежаваны іншымі формамі залежнасці. Ворагі ў адной сітуацыі, яны могуць стаць саюзнікамі пры іншых абставінах. Так, скажам, варожыя ў адносінах адзін да аднаго стрыечныя браты могуць аб'яднаць свае сілы ў барацьбе з іншай сваяцкай групай. Менавіта дзякуючы такой сістэме сувязяў і функцыяніруе грамадскі лад. Глюкман не бачыў пагрозы гэтаму ладу нават з боку паўстанцаў. Паўстанцы, паколькі яны дзейнічаюць у рэчышчы агульнапрынятых нормаў і паводзінаў, здольныя хутчэй замацаваць, а не пахіснуць традыцыйны парадак. Таму іх дзеянні можна было б назваць "рытуалам паўстання". Заслуга Глюкмана ў далучэнні канфлікту да ліку нармальных праяў жыцця, але ён не пераставаў падкрэсліваць прынцыповую нязменнасць сацыяльнага парадку. У гэтым плане ён не здолеў аб'ектыўна разгледзець пытанне структурных зменаў: якім жа чынам трансфармуецца ці бурыцца той ці іншы грамадскі лад? Акрамя таго, сам грамадскі лад разглядаўся ім як нешта нязменнае, статычнае, а не як з'ява, што мусіць быць вытлумачана.

МАРКСІСЦКАЯ АНТРАПАЛОГІЯ.

Яшчэ адна група антраполагаў, якую натхнялі ідэі Карла Маркса (1818-1883), таксама бачыла ў канфлікце натуральную з'яву чалавечай культуры. Аднак у адрозненне ад Глюкмана антраполагі-марксісты маюць справу пераважна з трансфармацыяй грамадскага ладу і сувяззю канфлікту і культурнай эвалюцыі. Сам Маркс у сваіх ранніх працах і шэраг іншых навукоўцаў- марксістаў выпрацавалі адналінейную мадэль сацыяльнай эвалюцыі — ад "прымітыўнага" да "буржуазнага" грамадства. Аднак у больш позніх працах Маркс адзначаў, што змены ў грамадстве — куды больш складаная з'ява. Апошнім часам некаторыя марксісты прызнаюць існаванне некалькіх, а не адзінага універсальнага шляху эвалюцыі. Асноўны метад марксістаў-антраполагаў — даследаванне такіх зменаў у структуры грамадства, якія вядуць да рост напружанасці і канфліктнасці ў працэсе ўсталявання новых формаў сацыяльнай і эканамічнай арганізацыі. Тлумачачы перадумовы грамадскіх зменаў, Маркс акцэнтаваў увагу на сістэмах эксплуатацыі, у той час як функцыяналісты — на гарманічнай прыродзе сацыяльных сувязяў. Марксісты сцвярджалі, што пераважная большасць грамадстваў характарызуецца неаднолькавым размеркаваннем рэсурсаў і ўлады. Такі дысбаланс заўсёды выклікае канфлікт паміж багатымі і беднымі. Культурная эвалюцыя, згодна з марксістамі, характарызуецца пераразмеркаваннем сродкаў вытворчасці і спажывання. Рэдка калі такая трансфармацыя грамадства адбываецца бяскроўна, пра што сведчаць Французская рэвалюцыя канца XVIII ст., а таксама Расійская на пачатку XX ст., бо заўсёды існуюць тыя, хто меў добрае жыццё пры старым ладзе і не хоча яго губляць, і тыя, хто імкнецца ўсталяваць новы лад. Марксісцкая думка прыйшла ў сучасную антрапалогію з Францыі напрыканцы 60-х гадоў XX ст., калі такія навукоўцы, як Марыс Гадэлье Клод Мейясу, паспрабавалі прааналізаваць структуру племянных і сялянскіх супольнасцяў перш за ўсё праз эканамічны базіс сацыяльнай арганізацыі гэтых грамадстваў. У хуткім часе антраполагі англамоўнага свету таксама пачалі выкарыстоўваць марксісцкія канцэпцыі, больш увагі надаючы гістарычнаму развіццю і ўсведамляючы неабходнасць даследавання ўсёй сусветнай сістэмы — з тым, каб лепш разумець умовы існавання дробных сацыяльных адзінак.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: